Ведай, сьвет, што я сын мужыка-бедака,
Які доўга ў няволі стагнаў…
Ўзгадавала мяне яго чорна рука,
Акупала нядолі адвечнай рака,
Голад, холад мне ў твар пазіраў…
Дні ішлі… Ў беднай вёсцы пеў песьні народ,
Разганяў гэтай песьняй нуду…
Ў полі жыта ў снапох, нібы той акалот,
Хата згінуўшая ўся, хлеў стары без варот,
Вось якую я бачыў бяду…
Усе казалі, што й сын, як і бацька-мужык,
Перад панам свой горб будзе гнуць…
Што з другімі людзьмі ён ня пойдзе улік,
Запрацуе сабе лапці з ліпавых лык,
Вольнай песьні ня будзе ён чуць.
І запала тады іскра ў сэрца грудзей,
Запаліла там помсты пажар,
І з агнём тым у сьвет я пашоў да людзей,
Песьні сам пачаў пець я пра волю сьмялей,
Каб быў кожны сабе гаспадар.
Бач, ад песьні маёй скалыхнуўся ўвесь сьвет,
Сонны край я ураз разбудзіў…
І на тым кургане, дзе сьпяваў сумна дзед,
Дзе мінулай няволі ня змыт яшчэ сьлед,
Прамень шчасьця ужо засьвяціў.
Паўстаюць, як з зямлі, рвуцца к волі з цянёт,
Песьня ў сэрцы спаткала адгук!
Йдуць да сонца яны, йдуць к жыцьцю — напярод;
Абагрэцца хутчэй, асушыць кроў і пот,
Загаіць мазалі чорных рук…
Ведай сьвет, я вясковы, — мужычы сынок,
Я пяю, што пяе селянін…
А ты чуеш? іграе заводаў гудок,
У кузьні гучна зьвініць каваля малаток, —
Пра адно мы пяем, як адзін!
23-V 1921 г.
|