Перайсці да зместу

Завіруха (1929)/Аратаму

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня Першага Мая Аратаму
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Ахвярую беларускаму хору Тэраўскага
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аратаму (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРАТАМУ

Прышла вясна… Хай згіне сон!
Бяры хутчэй сявеньку,
Выходзь на ўзораны загон,
Сей, братку, памаленьку.

Цябе чакае ўжо ральля
Прыгожай вольнай нівы, —
Няма асоту, ні быльля…
Год будзе урадлівы.

Зямлі ты роднай гаспадар,
Ня пасынак у маткі.
Крывавай працы шчодры дар
Ня пойдзе на падаткі.

Ты працаваў… а крыўда, зьдзек
Над каркам панавалі…
Цябе за працу з веку ў век
Жывёлай абзывалі.

Сьлязамі, потам паліваў
Ты родныя абшары.
Жыцьця ты вольнага чакаў,
І вось… збыліся мары.

Загінуў вораг — вечны кат.
Ня прыдзе ён ніколі…
Трымай-жа моцна, родны брат
Свой сьцяг здабытай волі.

Вясною раньняю засей
Загон свой ярыною,
І думкі сумныя разьвей
У полі за сахою,

Паслухай, жаўрык што зьвініць,
Што ён табе гавора:
Араты вольна будзе жыць,
Што сном было учора!

А сонца яснага прамень
Цябе як моцна грэе...
Цябе вітае новы дзень...
Глядзі! Усход бялее!

І новы дзень за працу дар
Нясе… О, дар багаты!
Зямлі і працы гаспадар
У поле йдзі, араты!

27-III 1921 г.