Аратаму (Чарот)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Аратаму
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1921


Прыйшла вясна… Хай згіне сон!
Бяры хутчэй сявеньку,
Выходзь на ўзораны загон,
Сей, братку, памаленьку.

Цябе чакае ўжо ралля
Прыгожай вольнай нівы, —
Няма асоту, ні былля…
Год будзе урадлівы.

Зямлі ты роднай гаспадар,
Не пасынак у маткі…
Крывавай працы шчодры дар
Не пойдзе на падаткі.

Ты працаваў… а крыўда, здзек
Над каркам панавалі…
Цябе за працу з веку ў век
Жывёлай абзывалі.

Слязамі, потам паліваў
Ты родныя абшары.
Жыцця ты вольнага чакаў,
І вось… збыліся мары.

Загінуў вораг — вечны кат.
Не прыйдзе ён ніколі…
Трымай жа моцна, родны брат,
Свой сцяг здабытай волі.

Вясною ранняю засей
Загон свой ярыною

І думкі сумныя развей
У полі за сахою.

Паслухай, жаўрык што звініць,
Што ён табе гавора:
Араты вольна будзе жыць,
Што сном было учора!

А сонца яснага прамень
Цябе як моцна грэе…
Цябе вітае новы дзень…
Глядзі! Усход бялее!

І новы дзень за працу дар
Нясе… О, дар багаты!
Зямлі і працы гаспадар,
У поле йдзі, араты!

1921