Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XXIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXIII Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XXIV
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XXV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Раздзел дваццаць чацверты

Барацьба з піратамі.

Цяпер мне заставалася толькі шчыра пагутарыць з капітанам: расказаць яму пра сябе, распытаць аб яго справах, адным словам, узаемна высветліць наша становішча.

Я пачаў першым. Я расказаў яму ўсю гісторыю майго жыцця за апошнія дваццаць восем год. Ён слухаў з прагнай увагай і прыходзіў у невыказанае здзіўленне перад цудоўным злучэннем выпадкаў, якія далі мне мажлівасць назапасіць харч і зброю і такім чынам выратавацца ад немінучай смерці.

Пасля гэтага я запрасіў капітана і абодвух яго спадарожнікаў да сябе ў замак, куды мы ўвайшлі звычайным шляхам, гэта значыць па прыстаўной лесніцы. Я запрапанаваў маім гасцям падмацавацца ядой, а затым паказаў ім сваю хатнюю гаспадарку з усімі дасціпнымі прыстасаваннямі, якія былі зроблены мною за доўгія гады майго адзінокага жыцця.

Яны дзівіліся з усяго, што я ім паказваў, з усяго, што яны ад мяне даведаліся. Але капітана больш за ўсё ўразілі пабудаваныя мною ўмацаванні і тое, як дасканала было схавана маё жыллё ў гушчы дрэў. Сапраўды, дзякуючы незвычайнай сіле расліннасці, мой гаëк за дваццаць гадоў ператварыўся ў такі густы лес, што скрозь яго можна было прабрацца толькі па вузенькай звілістай сцежцы, якую я пакінуў знарок для таго пры пасадцы дрэў. Я растлумачыў маім новым знаёмым, што гэты замак — галоўная мая рэзідэнцыя, але як ва ўсіх уладарных асоб, у мяне ёсць і другая — загарадны палац, які я таксама часамі наведваю. Я абяцаў паказаць ім яго другім разам.

— Цяпер-жа, — сказаў я, — перад намі больш неадкладная справа: трэба падумаць, як выратаваць ваш карабль ад разбойнікаў.

Капітан зусім згадзіўся са мною, але дадаў, што ён зусім не разумее, як прыступіць да выканання гэтай задачы.

— На караблі, — сказаў ён, — засталося яшчэ дваццаць шэсць чалавек. Усе яны замешаны ў змове, гэта значыць у такім злачынстве, за якое па нашых законах належыць кара смерцю. Піратам добра вядома, што, калі яны здадуцца, яны адразу-ж, як толькі вернуцца ў Англію, будуць павешаны або, у лепшым выпадку, іх пашлюць на катаргу ў якую-небудзь калонію; ведаючы гэта, яны бясспрэчна будуць абараняцца да апошняй крайнасці, бо ім усёроўна няма чаго губляць. А пры такіх умовах нам, з нашымі слабымі сіламі, няма як уступаць з імі ў бой.

Словы капітана прымусілі мяне прызадумацца. Яго думкі здаваліся мне зусім падстаўнымі. А між тым трэба было на нешта адважыцца: кожная затрымка магла быць пагібельнай для нас. З карабля магла прысці новая партыя бунтароў і перарэзаць нас усіх. Лепш за ўсё было-б хітрасцю заманіць іх у пастку і нечакана напасці на іх. Але як гэта зрабіць?.. Яны маглі прыехаць з хвіліны на хвіліну. «Напэўна, — думаў я, — калі на караблі ўбачаць, што лодка не вяртаецца, там захочуць даведацца, што сталася з людзьмі, і адправяць на бераг другую лодку. Але ўжо, вядома, гэтым разам яны з‘явяцца ўзброеныя, і тады мы не здужаем іх».

Капітан зусім згадзіўся са мной.

Тады я сказаў, што, на маю думку, нам перш за ўсё трэба паклапаціцца аб тым, каб разбойнікі не маглі ўвесці назад баркас, на якім прыехала першая партыя, а для гэтага трэба зрабіць яго нягодным для плавання, гэта значыць прабіць у ім дно. На тым мы і парашылі. У баркасе было шмат усякага дабра. Мы знайшлі там такую-сякую зброю, парахоўніцу, дзве бутэлькі — адну з гарэлкай, другую з ромам, мяшок з сухарамі, вялікі кавалак цукру (фунтаў пяць ці шэсць), загорнутага ў парусіну. Усё гэта было мне вельмі дарэчы, асабліва гарэлка ды цукар, ні таго, ні другога я не каштаваў ужо многа-многа год.

Выцягшы на бераг ўвесь гэты груз (вёслы, мачты, ветразі і стырно былі прыбраны раней, аб чым я ўжо казаў), мы прабілі ў дне баркаса вялікую дзірку. Такім чынам, каб нам і не удалося перамагчы ворага, ён прынамсі не мог-бы ўзяць ад нас сваёй шлюпкі. Сказаць па шчырасці, я не спадзяваўся, каб нам пашчасціла захапіць у свае рукі карабль, але што датычыцца баркаса, дык тут у мяне былі свае меркаванні. «Абы толькі яны пакінулі яго нам, — казаў я сабе: — паправіць яго нічога не варта, а на такім судне я лёгка дабяруся да Падветраных астравоў. Па дарозе магу нават завярнуць да майго іспанца». Як бачыце, я не забыў свайго сябра.

Калі мы агульнымі сіламі выцягнулі баркас на сухое месца, куды не даходзіў прыліў, мы прыселі адпачыць ды параіцца, што нам рабіць далей. Але не паспелі мы распачаць нарады, як з карабля пачуўся гарматны стрэл, і ўслед за тым на мачце ўзняўся флаг. Гэта быў, відаць, прызыўны сігнал для баркаса. Але баркас не паказваўся…

Крыху пачакаўшы, грымнуў другі стрэл, потым яшчэ і яшчэ. Таксама энергічна сігналізавалі флагамі, але ўсе гэтыя сігналы заставаліся без адказу: баркас не крануўся з месца. Нарэшце з карабля спусцілі шлюпку (усё гэта я вельмі добра бачыў праз падзорную трубу). Шлюпка накіравалася да берагу, і, калі яна падышла бліжэй, мы убачылі, што ў ëй было не менш дзесяці чалавек, і ўсе са стрэльбамі.

Ад карабля да берагу было паўтары мілі, таму мы мелі час разгледзець сядзеўшых у шлюпцы людзей. Мы адрознівалі нават твары, бо плынню шлюпку аднесла крыху на ўсход ад таго месца, куды мы выцягнулі баркас, а грабцам, відаць, хацелася прычаліць акурат да гэтага месца, і таму некаторы час ім прышлося ісці ўдоуж берагу.

Такім чынам, паўтараю, мы бачылі ў твар кожнага чалавека. Капітан усіх іх пазнаў і тут-жа ахарактарызаваў мне кожнага з іх. Па яго словах, між імі было тры добрых чалавекі; ён быў упэўнены, што іх уцягнулі ў злачынства супроць іхняй волі, напэўна, пагрозамі, але затое боцман — галоўны пачынальнік бунту — і ўсе астатнія былі пэўныя нягоднікі.

— Я вельмі баюся, — дадаў капітан, — што яны будуць люта абараняцца і здужаюць нас.

Я ухмыльнуўся і сказаў:

— У людзей, пастаўленых у такія ўмовы, як мы, не можа быць страху; што-б ні чакала нас у будучым, усё будзе лепшым за наша цяперашняе становішча, і, значыцца, кожны выхад з гэтага становішча — нават смерць — мы павінны лічыць збавеннем. Што вы думаеце, напрыклад, аб маім жыцці? Ці лёгка дваццаць сем гадоў быць адрэзаным ад свету? І няўжо вы не знаходзіце, што варта рызыкнуць жыццём дзеля свайго вызвалення. Што тычыцца мяне, то ў надыходзячай справе мяне блытае толькі адно.

— А што? — спытаў ён.

— Ды тое, што, як вы кажаце, у ліку гэтых зладзеяў ёсць тры або чатыры добрых чалавекі, якіх варта пашкадаваць. Каб яны былі ўсе піратамі, я-б ні на секунду не меў сумнення, што я маю права расправіцца з імі. А што мы з імі расправімся, я зусім упэўнены, бо кожны, уступіўшы на гэты востраў, будзе ў нашай уладзе, і ад нас будзе залежыць, ці забіць яго ці дараваць яму жыццё.

Я гаварыў бадзёрым, рашучым голасам, з вясёлым тварам. Мая ўпэўненасць перадалася капітану, і мы энергічна ўзяліся за справу. Яшчэ раней, калі на караблі пачалі спускаць шлюпку, мы паклапаціліся добранька схаваць нашых палонных, каб тыя, што павінны былі прыбыць, не маглі іх знайсці. Двух, як самых ненадзейных (так, прынамсі, іх атэставаў капітан), я адправіў пад канвоем Пятніцы і капітанскага памочніка ў свой склеп. Гэта было дастаткова глухое месца, адкуль арыштантаў не маглі пачуць і адкуль было-б нялёгка ўцячы. Іх пасадзілі звязанымі, але пакінулі ім яды і сказалі, што калі яны будуць трымаць сябе ціха, то праз дзень або два іх вызваляць, але затое пры першай спробе ўцякаць заб‘юць без ніякай літасці. Яны абяцалі цярпліва пераносіць сваё зняволенне і вельмі дзякавалі за тое, што іх не пакінулі без ежы і святла (я і забыў сказаць, што Пятніца даў ім некалькі штук нашых самаробных свечак). Замкнуўшы за арыштантамі дзверы, Пятніца застаўся пільнаваць іх, чаго тыя, аднак, не ведалі.

З чатырма астатнімі палоннымі мы абышліся мякчэй. Праўда, двух мы пакінулі пакуль звязанымі, бо капітан за іх не ручаўся, але двух іншых я нават прыняў на службу па асабістай рэкамендацыі капітана. Абодва яны ўрачыста пакляліся мне ў вернасці. Такім чынам, лічачы гэтых двух і капітана з двума яго таварышамі, нас было цяпер сямёра добра ўзброеных людзей, і я не сумняваўся, што мы здолеем справіцца з тымі дзесяццю, якія павінны былі прыехаць, тым больш, што ў ліку іх, па словах капітана, было тры або чатыры добрых чалавекі, якіх мы маглі спадзявацца перацягнуць на свой бок.

Падышоўшы да вострава ў тым месцы, дзе мы пакінулі баркас, яны прычалілі, вышлі са шлюпкі, выцягнулі яе на бераг, чаму я быў вельмі рады. Шчыра кажучы, я баяўся, што яны дзеля асцярогі стануць на якар, не дайшоўшы да берагу, і што частка людзей застанецца пільнаваць шлюпку: тады мы не маглі-б яе захапіць.

Вышаўшы на бераг, яны перш за ўсё кінуліся да баркаса. Можаце сабе ўявіць іхняе здзіўленне, калі яны ўбачылі, што з яго ўзяты ўсе снасці, што ўвесь груз знік, а дно прадзіраўлена наскрозь.

Пагутарыўшы між сабой аб гэтым непрыемным сюрпрызе, яны пачалі галосна крычаць з надзеяй, што іх пачуюць прыбыўшыя ў баркасе. Доўга яны дралі сабе горла, але без ніякага выніку. Тады яны сталі ў кружок і па камандзе далі залп з усіх стрэльбаў. Па лесе раскацілася гулкае рэха, але і ад гэтага іхняя справа не пасунулася наперад: сядзеўшыя ў склепе нічога не маглі чуць; тыя-ж, што былі пры нас, хоць і чулі, але адгукнуцца не адважваліся.

Тады новапрыбыўшыя, бачачы, што ніхто не адгукаецца на іхнія крыкі, страшэнна перапалохаліся і рашылі вяртацца на карабль з данясеннем, што ў баркасе прадзіраўлена дно, а людзі, прыбыўшыя на востраў, напэўна, усе перабіты, бо іх нельга дазвацца.

Капітан, які дагэтуль яшчэ спадзяваўся, што нам удасца захапіць карабль, цяпер зусім апусціў нос. Ён баяўся, што, калі на караблі даведаюцца аб знікненні каманды баркаса, новы капітан аддасць загад здымацца з якара, — і тады бывай усе яго надзеі.

Але хутка ў нас з‘явіўся новы повад для страху. Шлюпка з людзьмі не адышла ад берагу і дваццаці сажняў, як мы ўбачылі, што яна вяртаецца: мабыць, параіўшыся паміж сабой, яны прынялі якое-небудзь новае рашэнне. Мы з трывогай назіралі. Прыстаўшы да берагу, яны пакінулі ў шлюпцы трох чалавек, а астатнія сямёра вышлі і накіраваліся ў глыб вострава, відаць, на пошукі прапаўшых.

Справа прымала невыгодны для нас абарот. Каб нават нам удалося захапіць семярых, што вышлі на бераг, гэта не прынесла-б нам ніякай карысці, паколькі мы ўпусцілі-б шлюпку з трыма астатнімі: вярнуўшыся на карабль, яны ўсёроўна расказалі-б аб тым, што здарылася, а тады карабль ужо напэўна зняўся-б з якара і зноў-жа быў-бы страчаны для нас.

Як-бы яно ні было, нам не заставалася нічога больш, як цярпліва чакаць, чым усё гэта скончыцца. Выпусціўшы семярых чалавек, шлюпка з трыма астатнімі адышла на даволі далёкую адлегласць ад берагу і стала на якар, адрэзаўшы нам такім чынам усю мажлівасць дабрацца да яе.

Сямёра выведчыкаў, трымаючыся шчыльнай групкай, пачалі ўзбірацца на горку, пад якой было маё жыллё. Мы іх вельмі добра бачылі, але яны не маглі бачыць нас. Мы ўсё чакалі, ці не падыдуць яны бліжэй, каб мы маглі даць па іх залп, або ці не накіруюцца, прынамсі, да супроцьлеглага берагу вострава, бо, пакуль яны заставаліся на гэтым яе баку, нам нельга было высунуць носа з крэпасці.

Але, дабраўшыся да грэбня ўзгорка, адкуль адкрываўся від на ўсю паўночна-ўсходнюю частку вострава, што спускалася да мора адхоннымі лясістымі тэрасамі, яны спыніліся і зноў пачалі крычаць. Доўга крычалі яны і паасобку, і ўсе разам, нарэшце, не дачакаўшыся адказу і, мабыць, баючыся далёка адысці ад берагу, селі пад дрэвам і пачалі раіцца. Заставалася толькі, каб яны паснулі, як тыя, што прыехалі ў першай партыі, тады перамога была-б за намі. Але страх не дае заснуць, а гэтыя людзі, відаць, баяліся, хоць і не ведалі, якая ім пагражае небяспека і адкуль яна можа прысці.

Тут капітану прышла ў галаву даволі дасціпная думка. Ён сказаў:

— Каб яны рашылі яшчэ раз падаць сігнал стрэламі сваім прапаўшым таварышам, мы маглі-б кінуцца на іх і акурат у тую хвііну, калі яны стрэльнуць і калі, значыцца, іхнія стрэльбы будуць разраджаны. Тады ім нічога больш не застанецца, як здацца, і справа абыдзецца без кровапраліцця.

План быў нядрэнны, але, каб выканаць яго, мы павінны быць на досыць блізкай адлегласці ад ворагаў у той момант, калі ён зробіць залп, і дабегчы да яго раней, чымся стрэльбы будуць зараджаны. Аднак, пытанне гэтае засталося адкрытым, бо вораг і не думаў страляць. Прайшло шмат часу. Мы ўсё сядзелі ў засадзе, не ведаючы, на што адважыцца. Нарэшце, я сказаў:

— На маю думку, нам няма чаго і думаць што-небудзь рабіць, пакуль не надыдзе ноч.

Калі да таго часу гэтыя сямёра не вернуцца ў лодку, тады мы ў цемнаце непрыкметна прабярэмся на бераг і можа нам удасца заманіць у засаду тых, якія засталіся ў лодцы.

Час цягнуўся страшна марудна. Нашы ворагі не краналіся з месца. Мы думалі, што нарадзе іхняй не будзе канца. Але можаце сабе ўявіць, як мы перапалохаліся, калі ўбачылі, што яны падняліся на ногі і рашучым крокам накіраваліся прама да мора. Мабыць, страх перад невядомай небяспекай быў мацней за таварыскія пачуцці: было ясна, што яны рашылі кінуць усе пошукі і вярнуцца на карабль.

Справа была дрэнная: відаць, нам прыходзілася назаўсёды развітацца з караблём. Калі я сказаў капітану пра гэтую небяспеку, ён ледзь не страціў прытомнасці ад роспачы. Але раптам у мяне мільгнула бліскучая думка: я прыдумаў, як прымусіць ворага вярнуцца. Хітрасць была не надта мудрая, але яна ўдалася як па пісанаму.

Паклікаўшы да сябе Пятніцу і памочніка капітана, я загадаў ім спусціцца да бухтачкі (той самай, праз якую калісьці пераплываў мой Пятніца і дзікуны, што гналіся за ім), затым, абагнуўшы яе, павярнуць к захаду мілі на паўтары, узысці на гару і крычаць з усіх сіл пакуль не пачуюць матросы, якія будуць вяртацца да лодкі; калі-ж тыя адгукнуцца, перабегчы на іншае месца і зноў крычаць, і такім чынам, няспынна мяняючы месцы, заманьваць ворагаў усё далей і далей у глыб вострава, пакуль яны не заблытаюцца ў лесе, а тады вакольнымі шляхамі вярнуцца назад.

Матросы ўжо сядалі ў лодку, калі з боку бухтачкі пачулася такое галоснае «го-го», што яго нельга было не пачуць.

Яны адразу-ж адгукнуліся і з усіх ног пабеглі ўдоўж берагу на голас, але, дабегшы да бухтачкі, прымушаны былі спыніцца, бо акурат быў час прыліву, і вада ў бухтачцы стаяла вельмі высока. Параіўшыся між сабой, яны крыкнулі застаўшымся ў шлюпцы, каб тыя пад‘ехалі і перавезлі іх на другі бераг. На гэта я і разлічваў.

Пераехаўшы цераз бухтачку, яны накіраваліся далей, узяўшы з сабой яшчэ аднаго чалавека. Такім чынам у шлюпцы засталося толькі двое. Я бачыў, як яны адвялі яе ў самы канец бухтачкі і прывязалі там да дрэва.

Усё складалася як найлепей для нас. Пакінуўшы Пятніцы і памочніку капітана рабіць сваю справу, я скамандаваў астатняму атраду ісці за мной.

Мы абагнулі бухтачку пад самым носам у ворага, які не мог нас бачыць за кустамі, і нечакана выраслі перад ім. Адзін матрос сядзеў у шлюпцы, другі ляжаў на беразе і драмаў. Убачыўшы нас за тры крокі ад сябе, ён зрабіў было рух, каб ускочыць, але капітан, які быў наперадзе, кінуўся на яго і раструшчыў яму галаву ўдарам прыклада. Затым, не даючы апамятацца другому матросу, ён крыкнуў:

— Здавайся, альбо смерць!

Не патрабуецца вялікай красамоўнасці, каб пераканаць чалавека здацца, калі ён бачыць, што ён адзін супроць пяцярых і калі да таго адзіны яго саюзнік толькі што загінуў у яго на вачах.

Апрача таго гэты матрос быў адным з трох, пра якіх капітан казаў, што яны далучыліся да змовы не па свёй ахвоце, а пад націскам большасці. Ён не толькі беспярэчліва палажыў зброю па першаму нашаму патрабаванню, але зараз-жа сам заявіў аб сваім жаданні, — відаць, зусім шчырым, — далучыцца да нашага атрада.

Тымчасам Пятніца з памочнікам капітана так чыста выканалі сваю справу, што лепш нельга было і жадаць. Аукаючы ды адклікаючыся на крыкі матросаў, яны вадзілі іх па ўсім востраве, ад узгорка да ўзгорка, ад гаю ў гай, пакуль не завялі ў такую непраглядную глуш, адкуль не было ніякай мажлівасці выбрацца на бераг да надыходу ночы. Аб тым, як яны вымучалі ворага можна было меркаваць па тым, што і самі яны вярнуліся дамоў, ледзьве цягнучы ногі.

Цяпер нам заставалася толькі падпільнаваць у змроку, калі выведчыкі будуць вяртацца і, ашаламіўшы іх нечаканым нападам, прымусіць здацца нам у палон.

Але прайшло некалькі гадзін з таго часу, як вярнуліся Пятніца і яго таварыш, а пра тых нічога не было чуваць. Нарэшце чуем: ідуць. Пярэдні крычыць заднім, каб паспяшаліся, а заднія адказваюць, што шпарчэй яны не могуць ісці, бо зусім збілі сабе ногі і падаюць ад знямогі. Апошняе было нам вельмі дарэчы.

Вось яны падышлі да бухтачкі. (Трэба адзначыць, што за гэтыя некалькі гадзін пачаўся адліў, і шлюпка, якая, як я ўжо казаў, была прывязана да дрэва, апынулася на беразе.) Немагчыма апісаць, што з імі сталася, калі яны ўбачылі, што шлюпка стаіць на мялі, а людзі зніклі. З крыкамі мітусіліся яны па беразе, праклінаючы свой лёс. Яны крычалі, што трапілі на зачараваны востраў, на якім жывуць або чэрці, або злыя чараўнікі, што з гэтага вострава аніводзін смяротны не выходзіць жывым. Некалькі разоў яны пачыналі гукаць сваіх таварышоў, называючы іх па імёнах, але, зразумела, не атрымлівалі адказу, у вячэрнім змроку нам было відаць, як яны то бегалі ламаючы рукі, то, змарыўшыся ад гэтай беганіны, кідаліся ў лодку ў безвыходнай роспачы, то зноў выскоквалі на бераг і зноў хадзілі ўзад і ўперад, і так без канца.

Мае людзі прасілі мяне дазволіць ім напасці на ворага, як толькі сцямнее. Але я лічыў патрэбным не праліваць крыві, калі толькі будзе хоць якая магчымасць гэтага ўнікнуць. Галоўнае-ж, ведаючы, як добра ўзброены нашы супраціўнікі, я не хацеў рызыкаваць жыццём нашых людзей. Я рашыў пачакаць, ці не падзеляцца сілы супраціўніка, а пакуль скамандаваў свайму войску быць напагатове. Пятніцу-ж і капітана я выслаў наперад з загадам як можна бліжэй падпаўзці да ворага.

Яны нядоўга прасядзелі ў засадзе. На іх амаль натыркнуліся, выпадкова адлучыўшыся ад астатніх, тры піраты і ў тым ліку боцман, які, як ужо сказана, быў галоўным пачынальнікам бунту, а цяпер трымаў сябе, як самы нікчэмны трус.

Як толькі капітан пачуў голас галоўнага вінавайцы сваіх няшчасцяў і зразумеў, што той у ягонай уладзе, ён прышоў у такі запал, што ўскочыў на ногі і стрэльнуў прама ў грудзі нягодніку. Тады, вядома, стрэліў і Пятніца.

Боцман быў забіты напавал, другі пірат быў ранены, трэці ўцёк.

Пачуўшы стрэлы, я зараз-жа рушыў наперад галоўны корпус сваёй арміі, колькасць якой, лічачы з авангардам, дасягала цяпер васьмі чалавек. Вось яе поўны склад: я — генералісімус, Пятніца — мой старшы ад‘ютант, затым капітан з двума афіцэрамі і тры ваеннапалонныя, якім мы даверыліся, залічыўшы іх у лік радавых і выдаўшы кожнаму з іх па стрэльбе.

Калі мы падышлі да ворага, было ўжо зусім цёмна, таму ён не мог разабраць колькі нас. Я паклікаў да сябе аднаго з ваеннапалонных (таго матроса, які незадоўга перад тым добраахвотна далучыўся да нас) і загадаў яму аклікнуць па імёнах яго былых таварышоў. Перш чым страляць, я хацеў паспрабаваць з імі перагаварыцца і, калі ўдасца, пакончыць справу згодай. Мае меркаванні ўдаліся, ды яно і зразумела: іхняе становішча было такое, што ім не заставалася іншага выхаду, як здацца.

Парламанцёр мой вышаў наперад і закрычаў на ўсё горла:

— Том Сміт! Том Сміт!

Том Сміт зараз-жа адгукнуўся.

— Хто мяне кліча? Ты, Джымі Рой?

Ён, мусіць, пазнаў парламанцёра па голасу.

Джымі Рой адказаў:

— Так, так, гэта я. Том Сміт, кідай стрэльбу ды здавайся, інакш вы прапалі.

— Ды каму-ж здавацца? Дзе яны там? — пракрычаў зноў Том Сміт.

— Тут! — адгукнуўся Джымі Рой. — Іх пяцьдзесят чалавек і з імі наш капітан. Вось ужо дзве гадзіны, як яны ганяюцца за вамі. Боцман забіт, Біл Фрэй ранены, а мяне ўзялі ў палон. Калі вы не здасцёся ў гэтую-ж хвіліну, развітайцеся з жыццём.

Тады Том Сміт заявіў:

— Калі над намі злітуюцца, мы, здамося, так ім і скажы.

— Добра, я скажу, — адказаў Джымі Рой.

Але тут распачаў перагаворы ўжо сам капітан.

— Гэй, Сміт, і ўсе вы там! — закрычаў ён. — Пазнаецё мой голас?.. Дык слухайце: калі вы зараз-жа пакладзеце зброю і здасцёся, я абяцаю вам літасць, — усім, акрамя Біла Аткінса.

— Капітан, злітуйцеся нада мной! — пачаў прасіць Біл Аткінс. — Чым я горш за іншых? Усе мы аднолькава вінаватыя.

Гэта была чысцейшая мана, таму што Біл Аткінс, закаранелы пірат, даўно падмаўляў матросаў заняцца морскім рабаўніцтвам, а калі пачаўся бунт, першы кінуўся на капітана і звязаў яму рукі, потым біў яго і абражаў лаянкай. Таму капітан сказаў яму, каб ён здаваўся без ніякіх умоў, а там хай ужо начальнік вострава вырашае, жыць яму ці паміраць. (Начальнік вострава — гэта я: так мяне цяпер усе называлі.) Білу Аткінсу прышлося згадзіцца.