Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XXIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXII Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XXIII
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XXIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел дваццаць трэці

Новыя жыхары вострава. — Прыбыццё англічан.

Калі мы ўсталявалі жыллё і пасялілі ў ім нашых гасцей, трэба было падумаць, чым іх накарміць.

Абед рабіў Пятніца. Ён засыпаў бульëн ячменем і рысам, і атрымаўся надзвычай добры спажыўны суп. Гатавалі заўсёды каля гайку, за знадворнай загарадкай (я ніколі не распальваў агню ў сярэдзіне крэпасці); таму самым зручным месцам было абедаць у новай палатцы. Мы накрылі там стол і паабедалі ўчатырох. Я старшынстваваў за сталом і займаў нашых гасцей гутаркай. Пятніца быў у мяне перакладчыкам, не толькі калі я размаўляў з яго бацькам, але і з іспанцам, бо той хоць і не мог размаўляць па-індзейску, але ўсё разумеў.

Калі мы папалуднавалі, ці, лепш сказаць, павячэралі, я загадаў Пятніцы ўзяць лодку і паехаць за нашымі стрэльбамі, якія мы пакінулі на полі бойкі; а на другі дзень я паслаў яго закапаць трупы забітых, каб не было непрыемнага паху, бо ён вельмі хутка распаўсюдзіцца пры тамашняй спякоце.

Я загадаў яму таксама закапаць жахлівыя рэшткі крывавага балявання, якіх было вельмі многа. Я без агіды нават падумаць не мог аб тым, каб закапаць іх самому: мне зрабілася-б моташна ад аднаго іхняга выгляду. Пятніца акуратна выканаў усё, што я яму загадаў: ён старанна знішчыў усе сляды наведвання дзікуноў, і калі я пасля таго прышоў на месца бойкі, я не адразу мог яго пазнаць; толькі па дрэвах на ўскрайку лесу, які падыходзіў да самага берагу, я ўбачыў, што гэта тое самае месца.

Я часта гутарыў пры дапамозе Пятніцы з маімі новымі сябрамі, бо мне хацелася шмат аб чым іх распытаць. Перш за ўсё я спытаў у бацькі Пятніцы, ці не баіцца ён, што дзікуны, якія ўцяклі, могуць вярнуцца на востраў з цэлай зграяй сваіх супляменнікаў, якіх нам будзе ўжо цяжка перамагчы. Стары індзеец адказаў, што, па яго думцы, уцекачы ніякім чынам не маглі грабсці ў такую буру, якая бушавала ў тую ноч, што яны напэўна ўсе патанулі, а калі і засталіся жывымі нейкім цудам, дык іх занесла на поўдзень і прыбіла к зямлі варожага племя, дзе яны ўсёроўна павінны былі загінуць ад рук сваіх ворагаў.

— Але калі нават яны і шчасліва даехалі дамоў, — казаў стары, — дык і тады яны не вернуцца. Так я думаю хоць, зразумела, брацца за гэта не магу. Яны былі страшэнна напалоханы вашым нечаканым нападам: ды яны-ж ніколі дагэтуль не чулі стрэлаў, і мусіць, засталіся ў поўнай упэўненасці, што таварышы іх загінулі не ад чалавечых рук, а былі забіты громам і маланкай. Вас-жа двух — цябе і Пятніцу — яны палічылі за разгневаных духаў, якія зляцелі з неба, каб іх знішчыць. Я сам чуў, як яны казалі аб гэтым адзін аднаму. Яны не могуць уявіць сабе, каб просты смяротны мог выпушчаць полымя, гаварыць громам і забіваць на далёкай адлегласці, нават не замахнуўшы рукой.

Стары казаў правільна. Пасля я даведаўся, што доўгі час аніводзін дзікун не паказваўся на маім востраве. Відаць, тыя чацвёра ўцекачоў, якіх мы лічылі загінуўшымі, вярнуліся на радзіму і сваімі расказамі напалохалі сваіх землякоў. Мажліва нават, што ў іхнім племені склалася паданне аб зачараваным востраве, як недаступны для смяротных, бо кожны, хто ступіць на бераг гэтага вострава, будзе спалены нябесным агнём.

Але ў той час я гэтага не ведаў і ўвесь час чакаў нападу дзікуноў. І я, і мая маленькая армія былі заўжды гатовы да бою: нас-жа цяпер было чацвёра, і хоць-бы з‘явіліся да нас сотня такіх слабых ворагаў, мы не пабаяліся-б памерацца з імі сіламі нават у адкрытым полі.

Аднак, бачачы, што дзікуны не з‘яўляюцца, я патрохі пачаў забывацца на свае страхі, а разам з тым усё часцей і часцей вяртаўся да сваіх даўнейшых мараў аб падарожжы на матэрык, тым больш, што, як запэўняў мяне бацька Пятніцы, я мог разлічваць у якасці іхняга агульнага дабрадзея на добры прыём у яго землякоў.

Але пасля адной сур‘ёзнай гутаркі з іспанцам я пачаў сумнявацца, ці варта прыводзіць у выкананне мой план. З гэтай гутаркі я даведаўся, што хоць дзікуны сапраўды прытулілі ў сябе семнаццаць чалавек іспанцаў і партугальцаў, якія выратаваліся ў лодцы з загінуўшага карабля, і не крыўдзяць іх, але ўсе гэтыя еўрапейцы церпяць крайнюю патрэбу ў самым неабходным, нярэдка нават галадаюць.

На мае роспыты аб падрабязнасцях няшчасця, якое адбылося з іхнім караблём, мой госць паведаміў мне, што карабль іхні быў іспанскі і ішоў з Рыо-дэ-ла-Платы ў Гавану, дзе павінен быў пакінуць свой груз, які складаўся галоўным чынам з футраў і зліткаў срэбра, і нагрузіцца еўрапейскімі таварамі.

Ён расказаў яшчэ, што па шляху ў Гавану яны падабралі пяцерых матросаў-партугальцаў з іншага карабля, які разбіўся раней, што пяць чалавек з іхняй каманды патанула адразу-ж пасля крушэння, а астатнія прамучыліся некалькі дзён, на працягу каторых яны не раз глядзелі смерці ў вочы. Нарэшце яны прысталі да карыбскага берагу і, высадзіўшыся, з хвіліны на хвіліну чакалі, што іх з‘ядуць дзікуны. У іх была з сабой агнястрэльная зброя, але яны не маглі ëю карыстацца, бо нехапала пораху і куляў: той порах, які яны ўзялі з сабой у лодку, амаль увесь падмок у дарозе, а што засталося, яны даўно патрацілі, бо першы час здабывалі сабе ежу толькі паляваннем.

Я спытаў у яго, якая, па яго думцы, чакае доля іх на зямлі дзікуноў і няўжо яны ніколі не спрабавалі выбрацца адтуль. Ён адказаў, што ў іх было вельмі многа нарад наконт гэтага, але ўсё скончылася слязмі і адчаем.

— Вы самі памяркуйце, — дадаў ён, — які выхад з нашага становішча маглі мы прыдумаць, не маючы ні судна, на якім можна-б рушыць у адкрытае мора, ні матэрыялаў, ні інструментаў для пабудовы судна і ніякіх запасаў?

Тады я сказаў яму:

— Я буду гаварыць з вамі проста. Як вы думаеце, ці згодзяцца вашы таварышы, калі я ім прапаную пераехаць сюды, на мой востраў. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлі-б спосаб дабрацца да якой-небудзь культурнай краіны. Адно толькі палохае мяне: запрашаючы іх сюды, я аддаю сябе ў іхнія рукі. Што, калі за маю гасціннасць яны мне адплоцяць здрадай? Удзячнасць, увогуле кажучы, не уласціва людзям. А гэта было-б, згадзіцеся, надта ужо крыўдна: выратаваць людзей з бяды толькі для таго, каб апынуцца іхнім палоннікам у Новай Іспаніі, дзе яшчэ не зносіў галавы ніводзін англічанін, якая-б няшчасная выпадковасць ні закінула яго туды. Ужо лепш быць з‘едзеным дзікунамі. Каб вашы таварышы прыехалі сюды, я упэўнен, што пры такой колькасці рабочых рук нам нічога не варта было-б пабудаваць вялікае судна, на якім мы маглі-б дабрацца да Бразіліі, да якіх-небудзь населеных еўрапейцамі астравоў ці да іспанскіх уладанняў. Але, бясспрэчна, калі за маë дабро, — калі я сам, можна сказаць, дам ім у рукі зброю, — яны накіруюць яе супроць мяне, калі, карыстаючыся большасцю сіл, яны пазбавяць мяне волі, тады я апынуся яшчэ ў горшым становішчы, як цяпер.

Іспанец адказаў з поўнай шчырасцю, што таварышы яго так страшэнна бядуюць і так добра ўсведамляюць усю безнадзейнасць свайго становішча, што ён не дапускае і думкі, каб яны маглі дрэннае зрабіць чалавеку, які працягаве ім руку дапамогі.

— Калі хочаце, — казаў ён, — я паеду да іх са старым індзейцам, перадам ім вашу прапанову і прывязу вам адказ. Калі яны згодзяцца на вашы ўмовы, я вазьму ў іх урачыстую клятву ў вернасці вам: я прымушу іх паклясціся, што яны пойдуць за вамі ў тую зямлю, якую вы ім самі пакажаце, і да прыбыцця на месца прызначэння будуць беспярэчна падпарадкавацца вам, як свайму правадыру і начальніку. Мы складзем пісьмовую ўмову за нашымі подпісамі, і я яе вам прывязу.

Затым ён сказаў, што гатоў неадкладна паклясціся мне ў вернасці за сябе ў тым, што ён не пакіне мяне, пакуль жывы або пакуль я сам не праганю яго, і што пры малейшай спробе з боку яго землякоў парушыць дадзеную мне клятву ён будзе біцца за мяне да апошняй кроплі крыві.

Упэўненасць, з якой мой госць ручаўся за сваіх землякоў, развеяла мае сумненні, і я рашыў паспрабаваць выратаваць гэтых людзей. Я сказаў іспанцу, што адпраўлю да іх яго і старога індзейца для папярэдніх перагавораў. Але, калі ўсё было ужо гатова да іхняга адплыцця, сам іспанец загаварыў аб тым, што, на яго думку, трэба яшчэ пачакаць.

— Перш чым выпісваць гасцей, нам, — сказаў ён, — трэба паклапаціцца аб тым, каб іх пракарміць.

Вось з чаго складаўся яго план. З майго дазволу, казаў ён, яны ўтрох пачнуць араць новы ўчастак зямлі і пасеюць усё зерне, якое я магу вылучыць для сяўбы; затым, дачакаўшыся ўраджаю, збяруць хлеб, і, калі яго будзе дастаткова для таго, каб пракарміць нас чацвярых і ўсіх яго таварышоў, тады ён і бацька Пятніцы паедуць за імі; іначай, перабраўшыся да часу на наш востраў, яны трапяць з агню ды ў полымя і наўрад ці падзякуюць нас за гэта.

Я не мог надзівіцца добрай прадбачлівасці майго госця і быў рады, што ён так адданы мне. Яго парада была такою добрай, што, паўтараю, я прыняў яе адразу.

Не адкладаючы надоўга сваіх спраў, мы ўчатырох узяліся араць новае поле. Работа ішла паспяхова (як паспяхова можа ісці такая работа пры драўляных прыладах), і праз месяц, калі надышоў час сяўбы, у нас быў вялікі ўчастак добра ўскапанай, распульхненай зямлі, на якім мы пасеялі дваццаць мерак ячменю і шаснаццаць рысу, гэта значыць усё, што я мог вылучыць на сяўбу. Для яды мы пакінулі сабе зерня ледзь на шэсць месяцаў.

Цяпер нас было чацьвёра, дзікуны маглі быць для нас страшнымі толькі ў тым выпадку, калі-б іх накінулася на нас надта ўжо многа. Але мы не баяліся дзікуноў і вольна шпацыравалі па сваім востраве. І таму, што ўсе жылі толькі адной надзеяй — каб хутчэй вызваліцца — то кожны з нас, прынамсі магу сказаць гэта пра сябе, не мог не думаць аб сродках для таго, каб надзея магла зрабіцца сапраўднасцю. Таму ў часе сваіх бадзянняў па востраву я адзначаў дрэвы на пабудову карабля, Пятніца з бацькам секлі гэтыя дрэвы, а іспанца я паставіў кіраваць іхняй работай. Я паказаў ім дошкі майго вырабу, якія я з такой вялікай затратай сіл выцëсваў сякерай з тоўстых камлёў, і распарадзіўся, каб нарыхтаваны быў новы запас такіх дошак. Мы нацясалі іх каля тузіна. Гэта былі моцныя дубовыя дошкі ў трыццаць пяць футаў даўжыні, два футы шырыні і ад двух да чатырох дзюймаў таўшчыні. Можаце сабе ўявіць, якая нечуваная колькасць працы была пакладзена на гэтую работу.

У той-жа час я стараўся па мажлівасці павялічыць свой статак. Дзеля гэтага двое з нас штодзённа хадзілі лавіць дзікіх казлянятак; Пятніца хадзіў кожны дзень, а мы з іспанцам чаргаваліся. Такім чынам наш статак павялічыўся на дваццаць галоў. Затым нам неабходна было зрабіць яшчэ адну важную справу: трэба было паклапаціцца аб нарыхтоўцы ізюму, бо вінаград ужо паспеў. Мы сабралі і насушылі яго ў велізарнай колькасці — я думаю, не менш шасцідзесяці скрынак. Хлеб ды ізюм складалі галоўны наш харч. Мы ўсе вельмі любілі ізюм. Я не ведаю больш смачнай, здаровай і спажыўнай стравы.

За ўсімі гэтымі справамі мы і не заўважылі, як надышоў час жніва.

Ураджай быў нядрэнны, — не з самых раскошных, але ўсё-ткі настолькі вялікі, што мы маглі прыступіць да выканання задуманага плана. Мы атрымалі сам-дзесяць. Гэтай колькасці павінна было хапіць не толькі на пракармленне да наступнага жніва ўсёй нашай грамады (лічачы і чатырнаццаць новых членаў), але з такім запасам харчоў мы маглі смела пусціцца ў плаванне і дабрацца да любой з дзяржаў Паўднёвай Амерыкі.

Нарыхтаваўшы запас ізюму і хлеба, мы ўзяліся плесці кошыкі для іх захавання. Іспанец быў вялікім майстрам гэтай справы і зусім забракаваў кошыкі маёй работы.

Калі такім чынам харчы для гасцей, якіх мы чакалі, былі нарыхтаваны, я дазволіў іспанцу ехаць за імі, даўшы яму самыя дасканалыя інструкцыі наконт таго, як весці з імі перагаворы. Я сурова даў яму наказ не прывозіць аніводнага чалавека, не узяўшы ад яго ў прысутнасці старога індзейца клятвенага абяцання, што ён не толькі не зробіць мне ніякага зла, але будзе абараняць мяне супроць усялякіх падобных спроб і ва ўсім слухацца мяне. Усё гэта павінна было быць напісана на паперы і замацавана ўласнаручнымі подпісамі ўсіх, хто згодзіцца на мае ўмовы. Але, гаворачы аб пісьмовай умове, мы з маім госцем выпусцілі з-пад увагі толькі адно, а іменна, што ў яго таварышоў няма ні паперы, ні пëрак, ні чарніла.

З гэтымі інструкцыямі іспанец і стары індзеец адпраўляліся на той самай лодцы, на якой яны былі прывезены на мой востраў дзікунамі.

З якой радасцю я выпраўляў іх у дарогу! За дваццаць шэсць з лішкам гадоў майго зняволення гэта была з майго боку першая сур‘ёзная спроба вярнуць сабе волю. Я даў сваім паслам хлеба, ізюму на шмат дзён, не лічачы васьмідзённага запасу на чатырнацнаць чалавек, які я ім даў для нашых будучых гасцей. Нарэшце, надышоў дзень адплыцця. Я ўмовіўся з ад‘язджаючымі, што, вяртаючыся, яны паднімуць флаг, па якім я мог-бы здалёк пазнаць іхнюю лодку, пажадаў ім шчаслівай дарогі, і яны адчалілі.

Вышлі яны пры свежым ветры ў дзень поўнага месяца, у кастрычніку — па прыблізнаму майму разліку, бо, згубіўшы дасканалы лік дням і тыдням, я ўжо не мог яго аднавіць; я не быў нават упэўнен, ці правільна адзначаны гады на маім календары, хоць, праверыўшы яго пасля, пераканаўся, што я не памыліўся ў гадах.

Прайшло ўжо даволі многа часу пасля ад‘езду маіх падарожнікаў. Я чакаў іх з дня на дзень, калі здарылася непрадбачаная, беспрыкладная ў летапісах гісторыі падзея, пераблытаўшая ўсе мае планы.

Аднойчы раніцою, калі я яшчэ моцна спаў у сваім гамаку, да мяне прыбег Пятніца і гучна закрычаў:

— Едуць! Едуць!

Я мігам ускочыў, хутка апрануўся, пералез цераз загарадку і выбег у гаëк (які, дарэчы, так разросся, што цяпер яго можна было-б назваць ужо лесам). Гэтым разам я, супроць звычайнага, не ўзяў з сабой ніякай зброі. Я быў упэўнен, што гэта вяртаюцца нашы падарожнікі і не думаў, што мне можа пагражаць якая небяспека. Зірнуўшы на мора, я сапраўды ўбачыў мілі за дзве ад берагу лодку з трохкутным ветразем; яна трымала кірунак прама на востраў і, падганяемая ветрам, хутка набліжалася. Але ішла яна не з боку матэрыка, а ад паўднёвага канца вострава, і хутка я разгледзеў, што гэта не наша лодка. На кожны выпадак трэба было падрыхтавацца да абароны.

Перш за ўсё я загадаў Пятніцы схавацца ў ляску, а калі лодка прычаліць, уважліва прасачыць, што будуць рабіць яе пасажыры, і прысці да мяне з данясеннем. Затым вярнуўся дамоў, захапіў падзорную трубу, абедзве лесніцы і палез на гару для рэкагнасціроўкі мясцовасці, як я заўсёды гэта рабіў у тых выпадках, калі лічыў, што набліжаецца небяспека.

Падняўшыся наверх і накіраваўшы трубу на мора, я ўбачыў карабль. Ён стаяў на якары ля паўднёва-ўсходняга канца вострава, мілях у двух з паловай ад майго жылля, а ад берагу было мілі паўтары, карабль быў бясспрэчна англійскі, ды і лодка, як я мог разгледзець, была англійскім баркасам.

Не магу выказаць, як я быў усхваляваны гэтым адкрыццем. Мая радасць, калі ўбачыў карабль, ды яшчэ англійскі, радасць блізкай сустрэчы з маімі землякамі была вышэй усякага апісання, а разам з тым нейкае патайнае прадчуванне, якога я нічым не мог растлумачыць, перасцерагала, стрымлівала мяне. Перш за ўсё мне здавалася дзіўным, што англійскі купецкі карабль зайшоў у гэтыя месцы, якія ляжалі, як было вядома, у баку ад усіх морскіх гандлёвых шляхоў англічан. Я ведаў, што яго не магло прыгнаць бурай, бо за апошні час не было бур. За якой-жа справай зайшоу ён сюды? Каб нават на ім былі сапраўды англічане, мне ўсё-ткі не варта да пэўнага часу паказвацца ім на вочы, бо магло быць, што яны з‘явіліся сюды не з дабрoм, і адкуль я мог ведаць, што, даверыўшыся гэтым зусім невядомым мне людзям, я не траплю ў рукі зладзеяў і забойцаў?

Стоячы на гары, я пільна сачыў за лодкай. Яна шпарка набліжалася да вострава, але раптам, крыху не дайшоўшы, зрабіла круты паварот і пайшла ўздоўж берагу да бухтачкі, дзе я калісьці прычальваў з плытамі: відаць, сядзеўшыя ў лодцы выглядалі, дзе зручней прычаліць. Але, на маё шчасце, яны не дайшілі да маёй бухтачкі, а прычалілі ў другім месцы, прыблізна за поўмілі ад яе; кажу — на шчасце, бо калі-б высадзіліся яны ў гэтай бухтачцы, яны апынуліся-б, можна сказаць, ля парога майго жылля, а ўбачыўшы жыллё, знайшлі-б, вядома, яго яго жыхара і каб нават пашкадавалі яго жыццë, то ўжо напэўна абабралі-б яго да ніткі.

Калі лодка прычаліла, і людзі вышлі на бераг, я мог добра іх разгледзець.

Гэта былі, бясспрэчна, англічане, у кожным разе большасць іх. Аднаго ці двух я, праўда, палічыў за галандцаў, але я памыліўся, як высветлілася потым. Усіх было адзінаццаць чалавек. Трое з іх былі, відаць, прывезены ў якасці палонных, бо у іх не было аніякай зброі, і мне здалося, што ў іх звязаны ногі: я бачыў, як пяць чалавек, выскачыўшых на бераг першымі, выцягвалі іх з лодкі. Адзін з палонных вельмі непакоіўся, нібы прасіў літасці: ён, відаць, быў у страшэнным адчаі. Двое іншых таксама гаварылі нешта, уздымаючы рукі ўгару, але ўвогуле былі больш стрыманымі. Я не ведаў, што думаць, гледзячы на гэтую сцэну. Раптам Пятніца крыкнуў мне на сваёй няўдалай англійскай мове:

— О, Робін Крузо! Глядзі: белыя чалавекі таксама ядуць чалавека, як дзікія.

— Ты звар‘яцеў, Пятніца! — сказаў я яму. — Няўжо ты лічыш, што яны іх з‘ядуць?

— Вядома, з‘ядуць! — адказаў ён з перакананнем.

— Не, не, ты памыляешся, — казаў я. — Баюся, праўда, што яны хочуць іх забіць, але можаш быць упэўнены, што есці іх яны не будуць.

Я быў сапраўды ў страшэннай трывозе, пазіраючы на незразумелую драму, якая разыгрывалася перада мной, і кожны момант чакаючы, што на маіх вачах адбудзецца крывавая справа.

Я ўздрыгваў ад жаху пры адной думцы аб гэтым. Мне нават здалося, што над галавой адной з ахвяр бліснула нейкая зброя — кінжал ці нож. Уся кроў застыла ў мяне ў жылах: я быў упэўнены, што небарака зараз паваліцца мёртвым. Як я шкадаваў у гэтую мінуту, што са мной няма майго іспанца і старога індзейца, бацькі Пятніцы! Я заўважыў, што ні ў каго з разбойнікаў не было з сабой стрэльбы. «Вось добра было-б, — падумаў я, — падкрасціся да іх і стрэліць ва ўпор». Але гэта было немагчыма. Неўзабаве аднак у мяне знайшоўся іншы выхад з майго цяжкога становішча. Разбойнікі, відаць, не мелі намеру забіваць сваіх палонных, а толькі хацелі іх напалохаць, бо хутка яны пакінулі іх і разбегліся па востраве, жадаючы, мабыць, агледзець мясцовасць. Палонных яны пакінулі пад наглядам двух сваіх таварышоў; але, мусіць, тыя былі п‘янымі, у кожным разе як толькі астатнія пайшлі, абодва яны забраліся ў лодку і адразу-ж паснулі. Такім чынам палонныя засталіся адны. Але замест таго, каб выкарыстаць дадзеную ім волю, яны сядзелі на пяску, азіраючыся па баках у адчаі.

Гэта нагадала мне першы дзень майго прабывання на востраве. Акурат таксама і я сядзеў на беразе, дзіка азіраючыся навакол. Я таксама лічыў сябе загінуўшым. Якія жахі марыліся мне ў першую ноч, калі я ўзлез на дрэва, баючыся, каб не разарвалі драпежныя звяры! Так, я тады лічыў сябе загінуўшым. І як шчасліва пражыў я гэтыя гады!.. Але нічога гэтага я тады не прадбачыў. Таксама і гэтыя трое няшчасных прыходзілі ў адчай, не ведаючы, што збавенне блізка.

Пакуль разбойнікі вялі перагаворы з трыма палоннымі ды блукаліся па востраву, прайшло многа часу: пачаўся адліў, і лодка апынулася на мялі. У ёй, як ужо сказана, засталіся два чалавекі, якія хутка заснулі. Калі адзін з іх прачнуўся ды ўбачыў, што лодка стаіць на сухім беразе, ён паспрабаваў быў штурхнуць яе ў ваду, але не здолеў. Тады ён пачаў клікаць астатніх. Яны збегліся на яго крыкі і пачалі дапамагаць яму, але лодка была такая цяжкая, што ўсе іхнія намаганні спусціць яе на ваду ні да чаго не прывялі.

Тады яны, як сапраўдныя маракі, — а маракі, як вядома, самы лёгкадумны народ у свеце, — кінулі лодку і зноў разышліся па востраву. Я чуў, як адзін з іх, пайшоўшы, крыкнуў двум, што засталіся ў лодцы: „Джэк! Том! Ды кіньце вы яе! Чаго там важдацца! Усплыве з наступным прылівам“. Гэта было сказана па-англійску, так што цяпер не засталося ўжо ніякіх сумненняў, што гэтыя людзі — мае землякі.

Увесь гэты час я або стаяў на сваім назіральным пасту, на вяршыні гары, або сядзеў, стаіўшыся, у сваім замку, радуючыся, што так

добра яго ўмацаваў. Да пачатку прыліву засталося не менш дзесяці гадзін, к таму часу павінна было сцямнець. Тады я мог непрыкметна падкрасціся да зладзеяў і сачыць за кожным іхнім рухам, а можа нават падслухаць, што яны будуць гаварыць

Чакаючы вечара, я пачаў рыхтавацца да бою, толькі цяпер мая падрыхтоўка была складаней і дбайней, чымся тады, калі я збіраўся ваяваць з дзікунамі. Я ведаў, ште цяпер буду мець справу з больш небяспечным ворагам. Пятніцы, які зрабіўся ў мяне надзвычайным стралком, я таксама загадаў узброіцца. Яму я аддаў тры стрэльбы, а сабе ўзяў дзве. У калматай куртцы і шапцы, з голай шабляй ля бядра і з двума стрэльбамі за спіной, я меў сапраўды грозны выгляд.

Як ужо сказана, я было рашыў нічога не рабіць, пакуль не сцямнее. Такі быў мой першапачатковы план, але потым абставіны склаліся так, што я павінен быў яго змяніць. Стоячы на гары, я заўважыў, што ўся банда прыехаўшых галаварэзаў знікла ў лесе. Гэта было каля двух гадзін дня. Прайшло даволі многа часу, а яны не паказваліся. «Мусіць, паляглі спаць, пакуль спадзе спякота», падумаў я. Палонныя між тым зноў засталіся адны. Яны не спалі, — ім было не да сну. Усе трое сядзелі пад дрэвам не больш як за чвэрць мілі ад майго жылля.

Вось тут я і прыняў новае рашэнне: я рашыў падысці да няшчасных і распытаць іх, што яны за людзі і што з імі здарылася. Узброены з галавы да ног, як было апісана вышэй, я рушыў у паход. За мною на належнай адлегласці маршыраваў Пятніца. У яго таксама быў вельмі ваяўнічы выгляд, але прынамсі ён быу менш падобны на выхадца з таго свету.

Я падышоў да трох палонных зусім блізка (яны сядзелі да мяне спіной і не маглі мяне бачыць) і голасна спытаў іх па-іспанску:

— Хто вы такія?

Яны ўздрыгануліся ад нечаканасці і павярнуліся на голас, але, здаецца, яшчэ больш спалохаліся, убачыўшы, што да іх падыходзіць нейкая зверападобная істота. Ніводзін з іх не адказаў ні слова, і мне здалося, што яны збіраюцца ўцякаць. Тады я загаварыў з імі па-англійску.

— Сябры, — пачаў я, — не палохайцеся: быць можа, вы знойдзеце прыяцеля там, дзе менш за ўсё чакаеце сустрэць яго. Я — англічанін і хачу вам дапамагчы. Як бачыце, нас толькі двое: я і мой слуга; але у нас ёсць стрэльбы і зарады. Кажыце-ж проста, чым мы можам вам служыць. Якая бяда здарылася з вамі?

— Вельмі доўга расказываць усё, што было, — адказаў адзін з іх, — нашы зладзеі блізка. Але вось вам уся наша гісторыя ў кароткіх словах. Я — капітан карабля; мой экіпаж узбунтаваўся. Я заўсёды любіў маіх матросаў, і яны любілі мяне. Пад маёй камандай ім жылося надзвычай добра. Але іх збіла з толку банда нягоднікаў, якая завялася ў мяне на судне ў апошні час. Гэтыя падлюгі падбухторваюць іх зрабіцца піратамі, каб рабаваць караблі. Таварышы мае, якіх вы бачыце тут (адзін — мой памочнік, другі — пасажыр), ледзьве ўпрасілі гэтых людзей не забіваць нас, і нарэшце яны згадзіліся з той умовай, што высадзяць на бераг усіх нас трох у якім-небудзь пустынным месцы. Так яны і зрабілі. Мы былі ўпэўнены, што нас чакае тут галодная смерць, бо лічылі гэтую зямлю нежылой. Цяпер-жа мы надзвычай здзіўленыя… мы не ведаем, што нам і думаць.

— Дзе гэтыя звяры — вашы ворагі? — спытаў я. — У якім баку яны зніклі?

— Вунь яны… пад тымі дрэвамі. Здаецца, спяць. — І ён паказаў у бок лесу. — У мяне сэрца замірае ад страху, што яны прачнуцца, убачаць вас і пачуюць нашу размову, бо тады аніводнаму з нас не выратавацца ад ад іхніх рук.

— Ёсць у іх стрэльбы? — спытаў я.

— Толькі дзве, адна з іх пакінута ў лодцы.

— Вельмі добра! — сказаў я. — Усё астатняе я бяру на сябе. Здаецца, яны моцна паснулі, нам было-б няцяжка ўсіх іх перабіць, але ці не лепш захапіць іх жывымі?

На гэта капітан мне сказаў, што паміж гэтымі людзьмі ёсць двое заядлых нягоднікаў, якіх было-б небяспечна шкадаваць; але калі мы пазбавім іх мажлівасці дзейнічаць, астатнія, ён упэўнены, уціхамірацца. Я папрасіў яго паказаць мне гэтых двух, але ён сказаў, што не можа пазнаць іх на такой вялікай адлегласці, а затым дадаў, што ён і яго таварышы аддаюць сябе ў поўнае мае распараджэнне і выканаюць усё, што-б я ім ні загадаў.

— У такім разе, — сказаў я, — перш за ўсё адыдзем далей, каб яны як-небудзь не ўбачылі нас і не падслухалі нашай размовы, а там вырашым разам, як нам дзейнічаць.

Усе трое з поўнай гатоўнасцю пайшлі за мной. Калі мы зайшлі ў глыб лесу, я спыніўся і сказаў:

— Слухайце, сэр: я паспрабую выратаваць вас, але спачатку я вам пастаўлю дзве ўмовы…

Ён не даў мне скончыць.

— Я ўвесь у вашай уладзе, — сказаў ён паспешна. — Распараджайцеся мною, як вам захочацца, — і мною, і маім караблём, калі нам удасца адабраць яго ў разбойнікаў; калі-ж не, то даю вам слова, што, пакуль буду жыць, я буду вашым паслухмяным рабом, пайду ўсюды, куды-б вы мяне ні паслалі, і, калі трэба будзе, памру за вас.

Абодва яго таварышы абяцалі тое самае.

Калі так, дык вось мае ўмовы. Па-першае, пакуль вы ў мяне на востраве, вы будзеце дамагацца ўлады; вы дасцё мне слова, што не будзеце зламысліць ні супроць мяне, ні супроць жыхароў майго дома, будзеце падпарадкавацца ўсім маім распараджэнням і па першаму майму патрабаванню вернеце мне зброю, якую я вам дам. Па-другое, калі нам удасца авалодаць вашым караблём, вы дармова давязеце на ім у Англію мяне і майго друга.

Капітан запэўніў мяне ўсімі клятвамі, якія толькі можа прыдумаць чалавечае вынаходніцтва, што ён літаральна выканае мае патрабаванні.

— І не таму толькі, — дадаў ён, — што я прызнаю іх зусім падстаўнымі, але галоўнае, таму, што я абавязан вам жыццём і да самай смерці буду лічыць сябе вашым даўжніком.

— У такім выпадку не будзем марудзіць! — сказаў я. — Перш за ўсё вось вам тры стрэльбы, вось порах і кулі. А цяпер кажыце, што, па-вашаму, нам трэба рабіць.

Але капітан зноў пачаў выказваць сваю ўдзячнаць і абвясціў, што роля правадыра належыць па праву мне.

Тады я сказаў:

— На маю думку, нам трэба дзейнічаць рашуча. Падкрадземся да да іх, пакуль яны спяць, і дамо па іх залп, даўшы лёсу вырашыць, каму быць забітым нашымі стрэламі. Калі-ж тыя што застануцца, здадуцца, іх можна будзе пашкадаваць.

На гэта ён з баязлівасцю адказаў, што яму не хацелася-б праліваць столькі крыві і што, калі можна, лепш-бы ад гэтага ўхіліцца.

— З гэтых людзей, — дадаў ён, — толькі двое невыправімыя нягоднікі, гэта яны і былі пачынальнікамі бунту. Калі яны ад нас уцякуць і вернуцца на карабль, мы прапалі, бо яны рынуцца сюды з усім экіпажам і пераб‘юць нас усіх.

— Значыцца, тым больш падстаў прыняць маю параду, — сказаў я. — Вы самі бачыце, што жорсткія захады выклікаюцца неабходнасцю: для нас гэта адзіны сродак выратавацца.

Заўважыўшы, аднак, што ён усё-ткі хістаецца, я сказаў яму, каб ён з таварышамі ішоў уперад і распараджаўся, як ведае.

Між тым, пакуль у нас ішлі гэтыя перагаворы, піраты пачалі прачынацца. Я ўбачыў, што двое з іх падняліся, і спытаў капітана, ці не гэта пачынальнікі бунту.

— Не, — адказаў ён.

— Дык хай сабе ідуць з мірам: не будзем ім перашкаджаць, — сказаў я.

Капітан і абодва яго таварышы схапілі стрельбы, запхнулі за пояс пісталеты і пайшлі наперад. Адзін з двух прачнуўшыхся піратаў павярнуўся на шум іхніх крокаў і, убачыўшы ў іхніх руках зброю, узняў трывогу. Але было ўжо позна: у той самы момант, як ён закрычаў, грымнула два стрэлы — капітанскага памочніка і пасажыра; сам-жа капітан прадбачліва ўстрымаўся, прыберагаючы свой зарад. Страляўшыя не далі прамаху: адзін чалавек быў забіт напавал, другі цяжка паранены. Ён аднак ускочыў на ногі і пачаў клікаць на дапамогу. Але тут да яго падышоў капітан і сказаў:

— Позна ўсхапіўся: цяпер ніхто табе не дапаможа.

З гэтымі словамі ён падняў стрэльбу і так моцна ўдарыў раненага прыкладам па галаве, што той замоўк навекі.

Цяпер, не лічачы трох чалавек, якія, мусіць, зайшлі ў другую частку лесу, у нас засталася толькі тры супраціўніка, з якіх адзін быў лёгка ранены. У гэты час прышлі і мы з Пятніцай. Нягоднікі зразумелі, што супраціўляцца бескарысна, і пачалі прасіць літасці. Капітан адказаў, што ён гатоў зміласцівіцца, калі яны дадуць якую-небудзь гарантыю, у тым, што шчыра каюцца ў сваім здрадніцтве, і паклянуцца дапамагчы яму авалодаць караблём і адвесці яго назад у Ямайку. Яны пачалі клятвамі запэўняць у сваім шчырым раскаянні і абяцалі, што будуць беспярэчліва падпарадкавацца яму.

Капітан поўнасцю задаволіўся іхнімі абяцаннямі і, з свайго боку, абяцаў пакінуць іх у жывых. Я нічога не меў супроць гэтага, але толькі заявіў, што ўвесь час, які гэтыя людзі прабудуць на маім востраве, я буду вымушан трымаць іх звязанымі па руках і нагах.

Як толькі скончыліся ўсе гэтыя перагаворы, я накіраваў Пятніцу і памочніка капітана да баркаса і загадаў адвесці яго ў нашу бухтачку і зняць з яго ветразі і вёслы.

Тымчасам тры матросы, якія адсутнічалі, пачули нашы стрэлы і вярнуліся.

Калі яны ўбачылі, што іхні капітан з палоннага ператварыўся ў пераможцу, яны нават не спрабавалі супраціўляцца і пакорліва далі сябе звязаць.

Такім чынам перамога засталася за намі.