Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XXV
← Раздзел XXIV | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XXV Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел дваццаць пяты
Капітан зноў робіцца камандзірам карабля. — Рабінзон пакідае свой востраў.
Такім чынам піраты палажылі зброю, просячы літасці.
Наш парламанцёр і яшчэ два чалавекі, па майму загаду, звязалі іх ўсіх, пасля чаго мая грозная армія ў пяцьдзесят чалавек (чытай — восем, з трыма палоннымі ўключна) абкружыла іх і заўладала шлюпкай.
Сам я аднак не паказваўся палонным па некаторых вышэйшых меркаваннях.
Першай нашай справай было паправіць лодку і падумаць, як дабрацца да карабля.
Капітан, які мог цяпер бесперашкодна размаўляць з бунтарамі, прачытаў ім даўгую натацыю з поваду зробленага імі злачынства.
Ён намагаўся прымусіць іх адчуць нізкасць іхняга ўчынку, казаў, што шлях злачынства ніколі не прыводзіць да дабра, што яны зганбілі сябе на ўсё жыццё, самі выкапалі сабе яму і павінны дзякаваць лёс, калі не трапяць на шыбельніцу.
Злачынцы каяліся, відаць, ад чыстага сэрца, і прасілі толькі аб адным, — каб іх не пакаралі смерцю.
На гэта капітан ім адказаў, што тут ён не мае ўлады, бо яны не яго палонныя, а ўладара вострава.
— Вы думалі, — сказаў ён у заключэнне, — што высадзілі нас на пустынны, бязлюдны бераг, але лёс накіраваў нас да населенага вострава, якім кіруе англічанін. Па свайму велікадушшу ён злітаваўся над вамі і, мусіць, адправіць вас у Англію, дзе з вамі абыдуцца па законах. Але Білу Аткінсу загадана рыхтавацца да смерці: заўтра раніцой ён будзе павешаны.
Усё гэта капітан, зразумела, выдумаў, але яго выдумка зрабіла жадаемае ўздзеянне. Аткінс упаў на калены, просячы капітана хадайнічаць за яго перад начальнікам вострава, астатнія таксама пачалі пакорліва прасіць, каб іх не адпраўлялі ў Англію.
Бачачы такую пакорлівасць гэтых людзей, прыціснутых страхам смерці, я сказаў сабе: «Вось калі прышоў час майго збавення. Гэтыя небаракі так напалоханы, што, напэўна, выканаюць кожнае наша патрабаванне: варта нам загадаць, і яны дапамогуць нам авалодаць караблём».
І, адышоўшы далей, пад дрэвы, каб яны не маглі разгледзець, які там начальнік, я крыкнуў:
— Паклікаць да мяне капітана!
Адзін з нашых людзей урачыста падышоў да капітана і сказаў:
— Капітан, вас кліча начальнік!
А капітан не менш урачыста адказаў:
— Перадайце начальніку, што я зараз з‘яўлюся.
Гэта зрабіла велізарны эфект: усе засталіся ў поўнай упэўненасці, што начальнік вострава дзесьці блізка з усёй сваёй арміяй у пяцьдзесят чалавек.
Калі капітан падышоў да мяне, я паведаміў яму свой намер авалодаць караблём пры дапамозе ваеннапалонных. Капітан быў у захапленні. Мы вырашылі прывесці гэты план у выкананне на другі-ж дзень.
— Але каб дзейнічаць напэўна, не баючыся за поспех, — сказаў я капітану, — нам трэба раз‘яднаць палонных. Аткінса з двума іншымі закаранелымі бандытамі мы засадзім ў мой склеп, дзе сядзяць двое. Хай Пятніца і ваш памочнік адвядуць іх туды. А для астатніх я знайду месца.
Так мы і зрабілі: трох пасадзілі ў склеп, які сапраўды быў падобны на даволі суровую турму, асабліва для людзей і без таго не памятаючых сябе ад страху, а астатніх я адправіў на сваю лясную дачу. Высокая агарожа рабіла яе таксама даволі надзейным месцам для зняволення, тым больш, што арыштаваныя былі звязаны і ведалі, што ад іхніх паводзін залежыць іхняя доля.
На другі дзень зранку я паслаў да іх капітана для перагавораў. Ён павінен быў даведацца і паведаміць мяне, наколькі можна давяраць гэтым людзям і ці не рызыкоўна будзе браць іх з сабой на карабль. Ён павёў справу вельмі асцярожна: паказаўшы ім, у якім сумным становішчы яны апынуліся па ўласнай віне, ён сказаў, што хоць начальнік вострава цяпер і пашкадаваў іх сваёй уладай, але, калі карабль прыдзе ў Англію, іх абавязкова будуць судзіць, як здраднікаў, і напэўна павесяць. — А калі вы, — скончыў ён сваю дыпламатычную прамову, — дапаможаце мне выручыць ад разбойнікаў мой карабль, тады начальнік вострава, прымаючы пад увагу, што вы добраахвотна далучыліся да законнай справы, пастараецца вас выратаваць.
Няцяжка здагадацца, як павінны былі ставіцца да такой прапановы людзі, якія амаль пакінулі ўсе надзеі на выратаванне.
Яны кінуліся да ног капітана і кляліся ў сваёй вернасці, кажучы, што будуць біцца за яго да апошняй кроплі крыві, што, калі ён выхадайнічае ім дараванне, яны будуць лічыць сябе ўсё сваё жыццё неаплатнымі яго даўжнікамі, будуць паважаць яго як бацьку і пойдуць за ім хоць на край свету.
— Добра, — сказаў ім капітан, — усё гэта я перадам начальніку і, з свайго боку, буду хадзейнічаць за вас перад ім. — Затым ён аддаў мне справаздачу аб выкананым ім даручэнні, дадаўшы, што, па яго шчыраму перакананню, мы можам не сумнявацца ў вернасці гэтых людзей.
Але я быў той думкі, што асцярожнасць ніколі не пашкодзіць, і таму сказаў капітану:
— Вось што мы зробім: мы возьмем пакуль толькі пяцярых. Не трэба, каб яны думалі, што мы маем патрэбу ў людзях. Вы так ім і скажыце, што хоць у нас хапае людзей, але хай яно ўжо так, мы возьмем, пяцярых на іспыты: астатніх-жа двух, разам з тымі трыма, што сядзяць у замку (гэта значыць у маім склепе), начальнік вострава пакідае ў сябе ў якасці заложнікаў, і, калі іхнія таварышы, што прымуць удзел у нашай экспедыцыі здрадзяць свайму слову, усе пяцёра заложнікаў будуць павешаны.
Захады былі радыкальныя. Калі капітан перадаў палонным мой адказ, яны зразумелі, што з начальнікам вострава жарты дрэнныя. Як-бы там ні было, ім не засталося іншага выбару, як прыняць мае ўмовы. Цяпер гэта была ўжо справа тых, што засталіся заложнікамі, угаварыць астатніх пяцярых, каб яны апраўдалі аказаную ім даверлівасць. Мы мелі цяпер наступныя баявыя сілы: 1) капітан, яго памочнік і пасажыр; 2) ваеннапалонныя: трое з першай партыі, якім, па хадатайніцтву капітана, які ручаўся за іх, я вярнуў волю і зброю; затым яшчэ двое, што сядзелі раней на дачы, цяпер былі вызвалены па просьбе капітана; нарэшце пяцёра з другой партыі, якіх мы рашылі ўзяць з сабой на карабль: такім чынам дзесяць чалавек, апрача тых пяцярых, што засталіся заложнікамі.
Я спытаў капітана, ці знаходзіць ён магчымым атакаваць карабль з такім складам войска. Што тычыцца мяне і Пятніцы, то нам ніяк не выпадала адлучыцца: у нас на руках заставалася сем чалавек, якіх трэба было вартаваць і карміць, і нам-бы толькі справіцца з гэтай справай.
Адносна пяцярых заложнікаў, пасаджаных у склеп, я пастанавіў не дапускаць ніякіх паслабленняў. Два разы на дзень Пятніца насіў ім яду і піццё і сам іх карміў, бо ім нават не развязалі рук. Астатнім-жа двум мы далі некаторую волю.
Гэтым апошнім я нарэшце рашыў паказацца. Для гэтай цырамоніі я ўзяў з сабой капітана. Ён сказаў ім, што я — давераная асоба начальніка вострава, які даручыў мне нагляд за ваеннапалоннымі, што таму без майго дазволу яны не маюць права нікуды адлучацца і што пры першай-жа спробе не паслухацца іх закуюць у кайданы і пасадзяць у губернатарскі замак. Трэба зазначыць, што за ўвесь час я ні разу не паказваўся нашым палонным у якасці начальніка вострава, а заўсёды як яго давераная асоба, прычым кожны раз стараўся сказануць славечка аб строгасці начальніка, аб ягоным замку, аб нашым войску, — увогуле не выпускаў выпадку пусціць ім пыл у вочы.
Цяпер заставалася толькі падрыхтавацца да экспедыцыі: паправіць баркас, наладзіць яго і шлюпку ў дарогу, вызначыць каманду, назапасіць харчу і гэтак далей. Усе гэтыя клопаты я ўскладаў на капітана. Ён прызначыў камандзірам шлюпкі свайго пасажыра і даў яму пад каманду чатырох чалавек; сам-жа ён, яго памочнік і з ім пяць матросаў складалі экіпаж баркаса. Капітан сцвярджаў (і зусім правільна), што да карабля будзе больш зручна падысці ноччу, і ў бліжэйшую-ж ноч пусціўся ў дарогу. Калі на караблі пачулі плёск вёслаў і па морскаму звычаю аклікнулі шлюпку, капітан загадаў Джымі Рою, каб той падаў голас, а ўсім астатнім прыказаў маўчаць. Джымі Рой сказаў, што ён прывёз піратаў і што спазніўся таму, што давялося доўга іх шукаць, а затым пачаў падрабязна расказваць, як гэта здарылася.
Пакуль ён балбатаў такім чынам, стараючыся адцягнуць увагу каманды, абедзве шлюпкі прычалілі да борта.
Капітан з памочнікам першыя выбеглі на палубу і збілі з ног ударамі прыкладаў двух, стаяўшых бліжэй; высветлілася, што гэта быў другі капітанскі памочнік, які перайшоў на бок піратаў і карабельны цясляр. Такім чынам капітанскі атрад перахапіў усіх, што былі на палубе, а затым пачаў замыкаць люкі, каб затрымаць унізе астатніх. Тымчасам падаспелі камандзір і матросы другой шлюпкі; яны хутка занялі ўваход у карабельную кухню і ўзялі ў палон трох чалавек, што былі на кухні.
Ачысціўшы ад ворага палубу, капітан загадаў свайму памочніку ўзяць з каманды трох матросаў і ўламіцца ў каюту, дзе, пры першых-жа гуках трывогі, запёрся новы капітан, выбраны бунтарамі, а з імі два матросы і юнга. Яны паспелі захапіць з сабой зброю, і таму, калі капітанскі памочнік са сваімі людзь выламалі дзверы каюты, іх спаткалі стрэламі. Памочніку раструшчыла куляй руку, двое матросаў таксама былі ранены, але ніхто не быў забіты.
Памочнік капітана крыкнуў: «На дапамогу!» і, не зважаючы на сваю рану, уварваўся ў каюту з пісталетам у руцэ. Ён палажыў тут-жа новага капітана, прастрэліўшы яму галаву. Тады экіпаж увесь здаўся, і такім чынам карабль быў узяты без далейшых страт.
Калі ўсё было скончана, капітан загадаў даць сем гарматных стрэлаў. Гэта быў умоўны сігнал, якім ён паведамляў мяне аб паспяховым сканчэнні справы. Я прадзяжурыў на беразе да ночы, чакаючы гэтага сігналу. Можаце меркаваць, як я ўзрадваўся, пачуўшы яго.
Адлічыўшы сем стрэлаў, я з заспакоеным сэрцам вярнуўся дамоў, лёг і, змораны ад хваляванняў гэтага дня, зараз-жа заснуў.
Мяне пабудзіў новы стрэл. Я прыўскочыў у сваім гамаку і пачуў, што нехта кліча, мяне:
— Начальнік вострава!
Я адразу-ж пазнаў голас капітана. Ён стаў над маёй крэпасцю, на гары. Я схапіў лесніцу і жвава ўзняўся да яго. Ён узяў мяне ў абдымкі і сказаў, паказваючы на мора:
— Мой дарагі друг! Мой збавіцель! Вось ваш карабль. Ён ваш і ўсё, што на ім ёсць, таксама ваша! І карабль, і ўвесь яго экіпаж, пачынаючы з капітана, належыць вам.
Я глянуў у той бок, куды ён паказваў: карабль стаяў ўжо на іншым месцы, менш за поўмілі ад берагу. Гэта быў сюрпрыз, зроблены для мяне маім другам; пакончыўшы з піратамі, ён адразу-ж загадаў здымацца з якара і, карыстаючыся лёгкім папутным ветрыкам, падышоў да той бухтачкі, дзе я калісьці прычальваў са сваімі плытамі; затым, дачажаўшыся прыліву, ён на яліку ўвайшоў у бухтачку, высадзіўся і прыбег да мяне.
Убачыўшы карабль, можна сказаць, ля парога свайго дому, я ад такой нечаканай радасці ледзь не страціў прытомнасць.
Прышоў нарэшце час майго збавення. Я, калі можна так выказацца, ужо намацаў сваю волю. Усе перашкоды былі знішчаны. Для мяне было пададзена вялікае акіянскае судна, гатовае мяне завезці, куды я захачу. Ад хвалявання я не мог вымавіць ні слова.
Язык не слухаўся мяне. Каб капітан не падтрымаў мяне сваімі моцнымі рукамі, я ўпаў-бы на зямлю.
Капітан нагнуўся нада мной, выняў з кішэні бутэлечку з нейкім лякарствам, якое захапіў знарок для мяне, і даў мне выпіць глыток, затым асцярожна пасадзіў мяне на зямлю. Я крыху апрытомнеў, але доўга яшчэ не меў сілы гаварыць.
Небарака-капітан і сам не мог апамятацца ад радасці, хоць для яго яна ўжо не была такой нечаканай. Ён супакойваў мяне, як малое дзіцянё, выказваў сваю ўдзячнасць і нагаварыў тысячу самых пяшчотных і ласкавых слоў. Але я дрэнна разумеў, што ён казаў: мабыць, мой розум памутнеў ад шчасця. Нарэшце хваляванне выклікала слёзы, пасля чаго я ўжо мог гаварыць.
Я моцна абняў майго новага друга і ад усяго сэрца павіншаваў яго.
Калі мы з капітанам, выліўшы свае пачуцці, крыху заспакоіліся, ён сказаў мне, што прывёз для мяне такія-сякія рэчы, якіх, на шчасце, не паспелі ўкрасці зладзеі, што так доўга гаспадарылі на яго караблі.
— Мне здаецца, што гэтыя рэчы будуць не зусім бескарысныя для вас, — сказаў капітан.
Ён крыкнуў сваім матросам, якія засталіся ў лодцы:
— Гэй, цягніце сюды цюкі, што мы прывезлі для начальніка вострава.
Гэта быў сапраўды багаты падарунак: капітан прывёз мне так многа ўсялякага дабра, нібы я збіраўся заставацца на востраве да канца маіх дзён. У цюках было: дванаццаць вялізных кавалкаў саланіны, шэсць кавалкаў ветчыны, мяшок гароху, каля ста фунтаў сухароў, скрынка цукру, скрынка мукі, поўны мяшок лімонаў, дзве бутэлькі лімоннага соку і яшчэ шмат іншай яды і піцця. Але, галоўнае, мой друг паклапаціўся даставіць мне адзенне. Ён прывёз мне поўтузіны новых, зусім чыстых сарочак, шэсць вельмі добрых шыйных хустак, дзве пары пальчатак, капялюш, боты, панчохі і поўную пару зусім новага адзення са свайго пляча, — словам, апрануў мяне з галавы да ног.
Самым прыемным падарункам было для мяне, безумоўна, адзенне. Але вы не можаце сабе ўявіць, які нязграбны быў у мяне
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
выгляд, калі я надзеў мой новы гарнітур, і як мне было няёмка і нязручна ў ім першы час.
Як толькі скончыўся агляд падарункаў, я папрасіў аднесці іх у маю крэпасць і пачаў раіцца з капітанам адносна нашых палонных.
Пытанне было ў тым, ці не будзе рызыкоўна ўзяць іх з сабой у плаванне, асабліва двух, якіх капітан атэставаў, як невыправімых нягоднікаў. Паводле яго слоў, гэта былі такія разбойнікі, што каб ён адважыўся ўзяць іх на карабль, то няйначай, як у якасці арыштантаў, закаваных ў кайданы, і з тым разлікам, каб аддаць іх у рукі правасуддзя, у першай-жа англійскай калоніі, у якую давядзецца зайсці.
Словам, з усяго было відаць, што яму вельмі не хацелася браць іх з сабой.
Тады я сказаў яму, што, калі ён жадае, я магу так зрабіць, што гэтыя двое малайцоў пачнуць самі прасіцца ў нас, каб мы пакінулі іх на востраве.
— Калі ласка, зрабіце, я буду вельмі рады, — адказаў ён.
— Добра, — сказаў я. — Я зараз па іх пашлю і пагутару з імі па-свойску.
Затым, паклікаўшы да сябе Пятніцу і двух заложнікаў (якіх мы цяпер вызвалілі, бо таварышы іхнія стрымалі дадзенае слова), я загадаў ім перавесці пяць палонных са склепа на дачу (але ні ў якім разе не развязваючы ім рукі) і там чакаць мяне.
Пачакаўшы некаторы час для большай важнасці, мы з капітанам накіраваліся туды, — я ў сваім новым гарнітуры і на гэты раз ужо ў якасці начальніка вострава. Падышоўшы да маёй дачы, я патрабаваў да сябе арыштаваных і сказаў ім наступнае:
— Мне добра вядома ваша злачынства. Я ведаю, як бессумленна зарэзалі вы безабаронных пасажыраў. Ведаю і тое, што вы збіраліся зрабіцца піратамі і заняцца подлым рабаўніцтвам мірных, безабаронных караблёў. Але хай-жа будзе вам вядома, што па майму распараджэнню карабль звернут капітану і прыведзен на рэйд. Варта мне загадаць, і вас пакараюць як разбойнікаў, злоўленых на месцы злачынства. І таму, калі ў вас ёсць чаго сказаць для свайго апраўдання, — кажыце.
Адзін з іх адказаў за ўсіх, што ім няма чаго сказаць для свайго апраўдання, але што капітан абяцаў ім злітавацца над імі, і таму яны пакорліва просяць літасці — пакінуць жывымі.
— Не ведаю, якім чынам я магу злітавацца над вамі. Я рашыў пакінуць гэты востраў з усімі маімі людзьмі: мы едзем у Англію на вашым караблі. Што тычыцца вас, то, па словах капітана, ён абавязан закаваць вас у кайданы і па прыбыцці ў Англію перадаць суду за здраду і бунт. А вы самі ведаеце, чым вам гэта пагражае. Смерць на шыбеніцы — вось што чакае вас у Англіі. Такім чынам, наўрад ці будзеце вы рады, калі мы возьмем вас з сабой. Калі вы хочаце ведаць маю думку, то я параіў-бы вам застацца на востраве: толькі пры гэтай умове я магу выратаваць вас.
Яны з радасцю згадзіліся на гэта і вельмі дзякавалі мяне. — Вядома, лепш ужо жыць у пустыні, як быць павешаным на радзіме, — казалі яны.
Я загадаў развязаць іх і сказаў ім:
— Цяпер ідзіце ў лес — на тое самае месца, дзе мы вас перамаглі, і чакайце, пакуль за вамі прышлюць. Я загадаю пакінуць вам зброю, харчы і дам вам неабходныя ўказанні на першы час. Вы можаце вельмі нядрэнна пражыць тут, калі захочаце.
Вярнуўшыся дамоў пасля гэтых перагавораў, я пачаў збірацца ў дарогу. Я папярэдзіў капітана, што не магу быць гатовым раней наступнай раніцы, і папрасіў яго ехаць на карабль без мяне і рыхтавацца да адплыцця, а зранку прыслаць па мяне шлюпку.
Калі капітан паехаў, я сказаў паклікаць да мяне пяцярых палонных і пачаў з імі сур‘ёзную размову аб іхнім становішчы. Паўтарыўшы, што па-мойму яны добра робяць, застаючыся на востраве, бо калі яны вернуцца на радзіму, іх абавязкова павесяць — я расказаў ім падрабязна: як трапіў на востраў, як паступова палепшыў свой быт, як збіраў вінаград, як пасеяў рыс і ячмень, як навучыўся пячы хлеб.
Я паказаў ім свае ўмацаванні, свае палі ды загоны, — словам, зрабіў усё, што ад мяне залежала для таго, каб яны маглі ўсталявацца, па мажлівасці, лепей.
Я пакінуў ім усю сваю зброю, даў падрабязныя інструкцыі, як даглядаць коз, як іх даіць і карміць, як рабіць масла і сыр.
Карацей кажучы, я перадаў ім у нямногіх словах усю доўгую гісторыю майго цяжкога адзінотнага жыцця на працягу дваццаці васьмі год.
Я таксама абяцаў ім, што папрашу капітана пакінуць ім яшчэ два бачонкі пораху і насення гародніны, чаго мне так неставала ў першыя часы. Мяшок з гарохам, які капітан прывёз мне ў падарунак, я таксама аддаў ім і пры гэтым параіў ужыць увесь гарох на сяўбу.
Развітаўшыся з выгнаннікамі, я пакончыў за дзень з усімі маімі справамі і на другі дзень раніцой пераехаў на карабль.
Хоць мы вельмі спяшаліся ехаць, але ўсё-такі не паспелі зняцца з якара ў той дзень. У наступны дзень, на досвітку, мы ўбачылі, што да карабля плывуць два чалавекі. Высветлілася, што гэта былі двое з пяцярых людзей, пакінутых намі на востраве. Горка скардзячыся на трох сваіх таварышоў, яны вельмі прасілі нас узяць іх з сабой, хоць-бы іх потым і павесілі, «таму што, — казалі яны, — нас усёроўна заб‘юць».
У адказ на іхнюю просьбу капітан сказаў, што ён не можа ўзяць іх без майго дазволу. Але нарэшце, прымусіўшы іх даць урачыстую клятву, што яны выправяцца і будуць трымаць сябе ціха, мы прынялі іх на карабль.
Дачакаўшыся прыліву, капітан адправіў на бераг шлюпку з рэчамі, якія мы абяцалі новым жыхарам вострава. Да гэтых рэчаў, па маёй просьбе, ён далучыў іхнія скрыні з адзеннем, за што яны былі вельмі ўдзячны. Я запамятаваў сказаць, што, развітваючыся з выгнаннікамі, я, жадаючы іх узбадзёрыць, абяцаў ім, што не забуду аб іх і, калі толькі ў якім-небудзь порце мы спаткаем карабль, шлях якога будзе ляжаць міма майго вострава, я папрашу капітана гэтага карабля зайсці за імі і ўзяць іх з сабой.
Развітаўшыся з востравам, я ўзяў з сабой на ўспамін зробленую мною вялікую шапку з казінай скуры, парасон і аднаго папугая. Не забыў я ўзяць і грошы, але яны так доўга ляжалі ў мяне без ужывання, што зусім пацямнелі і толькі пасля добрай чысткі зрабіліся зноў падобнымі на золата і срэбра; я захапіў таксама і манеты, знойдзеныя мною ў абломках іспанскага карабля.
Як потым высветлілася з карабельных запісаў, мой ад‘езд адбыўся 9 снежня 1686 года. Такім чынам я пражыў на востраве дваццаць восем год, два месяцы і дзевятнаццаць дзён.
Па дарозе я заехаў за іспанцамі і ўзяў іх з сабой на карабль. Яны былі вельмі ўзрадваныя і са слязьмі дзякавалі мяне.
Але, здаецца, больш за ўсіх быў шчаслівы Пятніца, бо яго стары бацька адправіўся ў далёкую дарогу разам з ім.