Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XXII
← Раздзел XXI | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XXII Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел XXIII → |
Раздзел дваццаць другі
Рабінзон і Пятніца будуюць лодку. — Бойка з дзікунамі.
Хутка мы зусім пасябравалі з Пятніцай. Ён не толькі навучыўся разумець амаль усё, што я гаварыў яму, але і сам пачаў даволі хутка, хаця і ламанай мовай, размаўляць па-англійску. Я пазнаёміў яго з гісторыяй маіх прыгодніцтваў. Я расказаў яму, як я трапіў на мой востраў, колькі год пражыў на ім, і як правёў гэтыя гады. Яшчэ раней я адкрыў яму сакрэт ужывання стрэльбы (бо для яго гэта было вялікай таямніцай): паказаў яму кулі, растлумачыў дзейнасць пораху і навучыў страляць. Я аддаў у поўнае яго распараджэнне адну з сваіх стрэльбаў. Акрамя стрэльбы, я даў яму нож, ад якога ён быў у вялікім захапленні. Я ўбраў яго ў самаробную партупею[1] накшталт тых, на якіх у нас у Англіі носяць корцікі; толькі замест корціка я ўзброіў яго сякерай, мяркуючы, што так яно будзе практычней, і сапраўды сякера не горш корціка як зброя, а разам з тым яна можа заўсёды спатрэбіцца, як рабочы інструмент.
Я многа расказваў Пятніцы аб еўрапейскіх краінах, асабліва пра Англію, растлумачыўшы, што я адтуль родам; апісаў наша жыццё, наш побыт, звычаі; расказаў, як мы гандлюем ва ўсіх частках свету і плаваем на вялікіх караблях. Я растлумачыў яму, як будуюцца вялікія ветразевыя судны, расказаў, дарэчы, пра сваю паездку на загінуўшы карабль і паказаў месца, дзе карабль наскочыў на камень; вядома, я мог паказаць яго толькі прыблізна, бо карабль даўно быў разбіты ў трэскі і ўсе абломкі знесла. Паказаў я яму таксама рэшткі лодкі з нашага карабля, у якой мы хацелі выратавацца і якую потым, як я ўжо казаў, выкінула на мой востраў. Я быў тады адзін, і ў мяне нехапіла сілы скрануць яе з месца, а за тыя гады, якія я пражыў на востраве, яна зусім раскідалася. Убачыўшы гэтую лодку, Пятніца задумаўся і доўга маўчаў. Я спытаў у яго, аб чым ён думае, і ён адказаў:
— Я бачыў лодку, як гэтую; яна плавала там, дзе жыве мой народ.
Я доўга не разумеў, што ён хацеў гэтым сказаць: ці тое, што ў іх месцах дзікуны плаваюць на такіх лодках, ці тое, што такая лодка прайшла міма іхніх берагоў.
Нарэшце пасля доўгіх выпытванняў высветлілася, што акурат такую лодку прыбіла да берагу ля той зямлі, дзе жыве яго племя. Я падумаў: «Мабыць, нейкі еўрапейскі карабль пацярпеў крушэнне каля тых берагоў, і гэтую лодку з яго сарвала хвалямі». Але чамусьці мне не прышло на розум, што лодка магла быць з людзьмі, і, працягваючы свае роспыты, я гаварыў толькі пра лодку.
Пятніца апісаў мне яе вельмі падрабязна і нарэшце дадаў:
— Белыя людзі не патанулі, мы іх выратавалі!
— А хіба ў лодцы былі белыя людзі? — паспешна спытаў я.
— Але, адказаў ён, — поўная лодка белых людзей!
— Колькі іх было?
Ён налічыў па пальцах семнаццаць.
— Дзе-ж яны? Што з імі сталася?
Ён адказаў:
— Яны жывыя. Жывуць у нашых.
Гэта навяло мяне на новую здагадку: ці не з таго самага карабля, што разбіўся на віду майго вострава, былі гэтыя семнаццаць белых людзей? Зусім магчыма, што калі карабль наскочыў на скалу і яны ўбачылі, што караблю пагражае немінучая пагібель, усе яны пакінулі яго і пераселі у шлюпку, а потым іх прыбіла к зямлі дзікуноў, дзе яны і засталіся. Я пачаў дапытвацца ў Пятніцы, ці сапраўды ён ведае, што белыя людзі жывыя. Ён са жвавасцю адказаў:
— Сапраўды, сапраўды!
І ён дадаў, што хутка будзе чатыры гады, як яны жывуць у яго землякоў, і што тыя не толькі не крыўдзяць, але нават кормяць іх.
На маё пытанне, як магло здарыцца, што дзікуны не забілі і не з‘елі белых людзей, ён адказаў:
— Белыя людзі сталі нам братамі. Нашы ядуць толькі палонных пасля боек…
Прайшло многа часу пасля гэтай размовы. Аднаго разу мы з Пятніцай зайшлі ва ўсходнюю частку вострава, і ён узышоў на вяршыню ўзгорка, адкуль, калі прыгадае чытач, я шмат гадоў назад убачыў паласу зямлі, якую палічыў за матэрык Паўднёвай Амерыкі.
Як і тады, дзень быў надзвычайна ясны.
Пятніца доўга ўзіраўся ўдалеч па тым кірунку і раптам ускрыкнуў ад радасці, заскакаў і пачаў крычаць мне, каб я падышоў. Я падышоў і спытаў:
— У чым справа? Чаму ты гэтак рады?
— Але, але! Я рады, я шчаслівы! — адказаў ён. — Вунь там, глядзі… адсюль відаць… там мая зямля, мой народ.
Увесь твар яго змяніўся ад радасці: вочы блішчэлі; здавалася, ён так-бы і паляцеў туды, да сваіх. Гэтае назіранне навяло мяне на адну здагадку, вынікам якой было тое, што я пачаў ставіцца з меншай даверлівасцю да майго новага сябра. У мяне з‘явілася ўпэўненасць, што, калі ў яго будзе хоць якая мажлівасць вярнуцца на радзіму, ён, не задумваючыся, пакіне мяне. «А апынуўшыся ў старых, звыклых умовах, — разважаў я, — ён забудзе ўсё тое, чым ён мне абавязаны, і — хто ведае? можа нават аддасць мяне сваім супляменнікам: прывядзе іх сотню або дзве на мой востраў; яны заб‘юць мяне і з‘ядуць, і ён будзе баляваць разам з імі з такім лёгкім сэрцам, як раней, калі ўсе яны прыязджалі сюды святкаваць свае перамогі над дзікунамі варожых пляменняў».
Падазронасць мая з кожным днём узрастала, а зрабіўшыся асцярожнейшым, я, зразумела, пачаў цурацца майго таварыша і зрабіўся да яго халаднейшым.
Так працягвалася некалькі тыдняў.
Пакуль я падазрона ставіўся да яго, я вядома, пускаў у ход усю сваю дыпламатыю, каб выпытаць з яго тайныя думкі; але кожнае яго слова дыхала такой простадушнай шчырасцю, што мне зрабілася сорамна за маю падазронасць, я супакоіўся і вярнуў сваю даверлівасць майму другу. А ён нават не прыкмеціў майго часовага да яго ахаладжэння, і гэта было для мяне толькі лішнім доказам яго шчырасці.
Аднойчы, калі мы з Пятніцай зноў падняліся на ўзгорак (толькі на гэты раз на моры стаяў туман і берагоў матэрыка не было відаць), я спытаў яго:
— А што, Пятніца, ці хацелася-б табе вярнуцца на радзіму, да сваіх?
— Але, — адказаў ён, — я быў-бы вельмі рад вярнуцца да сваіх.
— Што-б ты там рабіў? — пытаў я далей. — Ператварыўся-б зноў у дзікуна і пачаў-бы, як раней, есці чалавечае мяса.
Твар яго зрабіўся сур‘ёзным, ён паматаў галавой і адказаў:
— Не, не, Пятніца сказаў-бы там усім: жывіце як трэба, ешце хлеб ад зерняў, малако, мяса жывёл, не ешце чалавека.
— Ну, калі ты ім так скажаш, яны цябе заб‘юць.
Ён зірнуў на мяне ўсё так-жа сур‘ёзна і сказаў:
— Не, не заб‘юць. Яны будуць рады павучыцца добраму.
Затым ён дадаў:
— Яны шмат вучыліся ад барадатых людзей, што прыехалі на лодцы.
— Дык табе хочацца вярнуцца дамоў? — паўтарыў я сваё пытанне.
Ён ухмыльнуўся і сказаў:
— Я не магу плысці так далёка.
Калі-ж я абяцаў даць яму лодку, ён адказаў, што з радасцю паедзе, калі я паеду з ім.
— Як-жа мне ехаць, — адказаў я. — Ды яны мяне з‘ядуць.
— Не не, не з‘ядуць, — сказаў ён з запалам. — Я зраблю так, што не з‘ядуць; я зраблю, што яны будуць цябе многа любіць.
Мой простадушны Пятніца хацеў сказаць, што ён раскажа сваім землякам, як я забіў яго ворагаў і выратаваў яму жыццё, і што за гэта яны палюбяць мяне. Пасля таго ён расказаў мне, з якой дабратой яны ставіліся да семнаццаці белых барадатых людзей, якіх прыбіла к берагу іхняй зямлі.
З таго часу, прызнаюся, у мяне засела думка паспрабаваць пераправіцца на матэрык і знайсці там барадатых людзей, аб якіх казаў Пятніца. Не магло быць ніякага сумнення, што гэта іспанцы або партугальцы — наогул еўрапейцы, і я быў упэўнены, што, калі толькі мне ўдасца далучыцца да іх, мы разам абмяркуем спосаб дабрацца да якой-небудзь цывілізаванай краіны. «Ва ўсякім выпадку, — думаў я, — на гэта будзе большая надзея, калі нас будзе восемнаццаць чалавек. А што магу я зрабіць адзін на маім востраве, за сорак міль ад бліжэйшага матэрыка?»
І вось праз некалькі дзён я зноў пачаў з Пятніцай тую-ж размову. Я сказаў, што дам яму лодку, каб ён мог вярнуцца на радзіму, і ў той-жа дзень павёў яго на супроцьлеглы канец вострава, да той бухтачкі, дзе была мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду (для большай аховы я наліў яе вадою), я падвёў яе да берагу і паказаў яму. Мы абодва селі ў ёй, каб выпрабаваць ход. Пятніца быў надзвычайным грабцом, лодка ішла ў яго так-жа шпарка, як у мяне. Калі мы адплылі ад берагу, я сказаў яму:
— Ну, дык што, Пятніца, паедзем тваіх зямлякоў?
Ён зірнуў на мяне сумным позіркам: відаць, лодка здалася яму вельмі маленькай для такога далёкага падарожжа. Тады я сказаў яму, што ў мяне ёсць другая, куды большая.
У наступны дзень мы з ім пайшлі ў лес на тое месца дзе, як, мабыць, памятае чытач, я пакінуў сваю першую лодку, якую не мог спусціць на ваду. Пятніца ўбачыў, што гэтая лодка даволі вялікая.
— Такая падыходзіць, падыходзіць, — цвярдзіў ён. — Тут можна многа класці хлеба, вады і ўсяго.
Але таму, што з дня пабудовы гэтай лодкі прайшло дваццаць тры гады, і ўвесь гэты час яна заставалася пад адкрытым небам, дзе яе прапякала сонцам і мачыла дажджом, уся яна рассохлася, і дрэва напалову струхлела.
Тым не менш маё рашэнне зрабіць паездку на матэрык было канчаткова прынята, і я сказаў Пятніцы:
— Нічога, не маркоцься! Мы пабудуем акурат такую-ж лодку, і ты паедзеш дамоў.
Ён не адказаў ні слова, але зрабіўся нейкім дзіўным — ні то сумным, ні то незадаволеным. Калі я спытаў, што з ім, ён сказаў:
— Завошта Робін Крузо злуецца на Пятніцу? Што я зрабіў?
— З чаго ты бярэш, што я злуюся на цябе? Я ані трохі не злуюся, — сказаў я.
— Не злуюся, не злуюся! — паўтарыў ён злосна. — А навошта адсылаеш Пятніцу дамоў?
— Ды сам-жа ты казаў, што табе хочацца дамоў, — сказаў я.
— Так, хочацца, — адказаў ён, — але толькі каб абодвум. Робін не паедзе — Пятніца не паедзе: Пятніца не хоча без Робіна.
Адным словам, ён і слухаць не хацеў пра тое, каб пакінуць мяне.
— Але паслухай, Пятніца, — гаварыў я, — навошта я паеду туды? Што я там буду рабіць?
Ён жвава павярнуўся да мяне.
— Многа рабіць, добра рабіць: вучыць дзікіх людзей быць добрымі, разумнымі, рабіць ім новае жыццё.
— Дармо, мой друг! — уздыхнуу я. — Ты сам не ведаеш, што кажаш. Куды там гэткаму невуку, як я, вучыць дабру іншых!
— Няпраўда! — усклікнуў ён з запалам. — Мяне вучыў дабру, іх будзеш вучыць.
— Не, Пятніца, — сказаў я рашучым тонам, — едзь без мяне, а я застануся тут адзін і буду жыць, як жыў раней.
Ён зноў спахмурнеў; потым раптам падбег да ляжачай непадалёк сякеры, схапіў яе, прынёс і працягнуу мне.
— Навошта ты даеш мне сякеру? — спытаў я.
Ён адказаў:
— Забі Пятніцу!
— Навошта-ж мне цябе забіваць? — сказаў я. — Ты нічога мне не зрабіў.
— А навошта гоніш Пятніцу прэч? — накінуўся ён на мяне. — Забі Пятніцу, не гані яго прэч.
Ён быў сапраўды пакрыўджаны. Я заўважыў на вачах у яго слёзы. Словам, прывязанасць яго да мяне была такая пэўная, што мне, мусіць, не удалося-б пахіснуць яго рашэнне, каб я гэтага і сапраўды хацеў. Я тут-жа сказаў яму і часта паўтараў потым, што ніколі больш не буду гнаць яго прэч, пакуль ëн хоча заставацца са мной.
Такім чынам я канчаткова ўпэўніўся, што Пятніца навекі адданы мне, як ўпэўніўся і ў тым, што адзінай прычынай яго жадання вярнуцца на радзіму была гарачая любоў да сваіх супляменнікаў і надзея, што я паеду з ім і навучу іх дабру. Але, паколькі я не быў высокай думкі аб сваёй асобе, я не меў ні малейшага намеру брацца за такую цяжкую справу, як асвета дзікуноў. Аднак, жаданне маё вырвацца з майго зняволення было ад гэтага ані трошкі не меншым. Нарэшце я рашыў, не адкладаючы далей, узяцца за пабудову вялікай лодкі, у якой можна было-б рызыкнуць выйсці ў адкрытае мора.
Перш за ўсё неабходна было выбраць падыходзячае дрэва з даволі тоўстым ствалом. За гэтым не магло быць затрымкі: на востраве расло столькі будаўнічага лесу, што з яго можна было пабудаваць цэлую флатылію вялікіх караблёў, а не толькі лодку. Але я баяўся, як-бы не паўтарыць той памылкі, якую я зрабіў пры пабудове першай лодкі, і таму лічыў, што нам варта выбіраць з тых дрэў, якія раслі блізка к берагу, каб можна было без асаблівых цяжкасцей спусціць лодку на ваду.
Пасля доўгіх пошукаў Пятніца знайшоў даволі падыходзячы для нас экземпляр: вышла, што ён больш за мяне разумее ў гэтай справе. Я і да гэтага дня не ведаю, якой пароды было дрэва, з якога мы тады пабудавалі лодку. Пятніца стаяў за тое, каб выпаліць сярэдзіну калоды, як гэта робяць пры пабудове сваіх пірог дзікуны; але я сказаў яму, што будзе прасцей выдзяўбсці яе
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
долатам, і калі я паказаў яму, як гэта рабіць, ён згадзіўся, што мой спосаб больш практычны.
Мы жвава ўзяліся за справу, і праз месяц лодка была гатова. Мы абчасалі яе знадворку сякерамі (Пятніца адразу-ж навучыўся гэтай рабоце), і вышла вельмі прыгожа: гэта была сапраўдная морская лодка, з кілем і такой велічыні, што смела магла падняць дваццаць чалавек.
Але пасля таго мы патрацілі яшчэ каля двух тыдняў на тое, каб ссунуць нашу лодку ў ваду. Мы прыстасавалі для гэтага драўляныя колы, але лодка была такая цяжкая, а рабочых рук так мала, што і з гэтым прыстасаваннем работа пасоўвалася чарапашым крокам.
Калі лодка была спушчана на ваду, я здзівіўся, як спрытна кіруе ёю Пятніца, як шпарка ён прымушае яе паварочвацца і як добра грабе. Я спытаў, ці можна, па яго думцы, рушыць у мора у такой лодцы.
— О, так, — адказаў ён, — такой лодцы не страшна плысці нават у самы вялікі вецер.
Але перш чым пускацца ў дарогу, я меў намер зрабіць яшчэ адну рэч, аб якой Пятніца пакуль не ведаў, а іменна: паставіць на лодцы мачту з ветразем і змайстраваць для яе якар. Зрабіць мачту было няцяжка: на востраве расло шмат кедраў, прамых, як страла. Я выбраў адно маленькае дрэўца, якое расло непадалёк ад бухтачкі, дзе ў нас стаяла лодка, і загадаў Пятніцы ссячы яго. Затым ён пад маім кіраўніцтвам ачысціў ствол ад вецця і абчасаў яго. Такім чынам мачта была гатова.
Над ветразем мне прышлося папрацаваць самому. У мяне заставаліся яшчэ старыя ветразі ці, лепш сказаць, кавалкі парусіны; але гэтая парусіна ляжала больш за дваццаць шэсць гадоў, і таму, што я не вельмі клапаціўся аб тым, каб захаваць яе ў цэласці, не думаючы, што яна можа калі спатрэбіцца на ветразі, то быў упэўнены, што яна напалову згніла. І сапраўды, вялікая частка яе была гнілою; усё-ткі тое-сëе магло спатрэбіцца. Я выбраў два кавалкі мацнейшых і ўзяўся за шыццё. Шмат працы патраціў я на гэтую работу (гэта было не шыццё а нейкая маруда; у мяне нават іголак не было патрэбных), але нарэшце нешта зрабіў, па-першае, даволі няўдалае падабенства вялікага трохкутнага ветразя, якія ўжываюцца ў Англіі, па-другое, маленькі ветразь — так званы блінд. Гэтым ветразем я ўмеу кіраваць лепш за ўсё, бо такі-ж самы ветразь быў на тым баркасе, на якім я ўцякаў ад піратаў.
Каля двух месяцаў я праваждаўся з аснашчэннем нашага судна, але затое работа была зроблена чыста. Акрамя двух памянёных ветразяў, я змайстраваў яшчэ трэці, які ўмацаваў на носе і які меў сваім прызначэннем дапамагаць паварочваць лодку пры змене кірунку. Але галоўнае, я зрабіў і прымайстраваў стырно, што павінна было значна палягчыць кіраванне лодкай.
Я быў няўдалым карабельным цесляром; але, разумеючы усю карыснасць такога прыстасавання, як стырно, не пашкадаваў працы для гэтай работы. На адно гэтае стырно я патраціў столькі-ж часу, колькі на пабудову і аснашчэнне усёй лодкі.
Калі ўсё было гатова, я пачаў вучыць Пятніцу кіраваць маёй лодкай, бо хоць ён быў вельмі добрым грабцом, але ні пра стырно, ні пра ветразі ён не меў ніякага разумення. Яго вельмі ўразіла, калі ён убачыў, як я дзейнічаю стырном і як ветразь надзьмухваецца то з аднаго, то з другога боку ў залежнасці ад змены кірунку.
Тым не менш ён вельмі хутка зразумеў гэтую мудрасць і зрабіўся спрытным мараком. Аднаму толькі ён ніяк не мог навучыцца — ужыванню компаса: гэта было вышэй яго разумення. Але таму, што ў тых шыротах, калі не бывае дажджоў, амаль ніколі не бывае ні туманаў, ні пахмурных дзён, у компасе для нашай паездкі не было асаблівай патрэбы. Удзень мы маглі кіраваць на бераг, які быў відаць здалёк, а ноччу трымаць кірунак па зорках. Іншая справа ў дажджлівы сезон; але тады ўсёроўна нельга было ездзіць ні па моры, ні па зямлі.
Надышоў дваццаць сёмы год майго зняволення. Аднак, тры апошнія гады можна смела выкінуць з рахунку, бо з таго часу, як на востраве з‘явіўся мой любы Пятніца, у маё жыллё ўвайшла радасць і асвятліла маё журботнае жыццё.
Між тым набліжаўся дажджлівы сезон, калі я звычайна большую частку дня сядзеў дома. Нашу паездку прышлося адкласці, а пакуль неабходна было паклапаціцца аб новай лодцы. Мы прывялі яе ў тую бухтачку, куды я прычальваў са сваімі плытамі. Дачакаўшыся прыліву, я падцягнуў лодку да самага берагу. Такім чынам з надыходам адліву яна апынулася на сухім беразе. Тады па маёй прапанове Пятніца выкапаў на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволі глыбокую яму такой даўжыні і шырыні, што лодка змясцілася ў ёй як у доку. Ад мора мы адгарадзілі яе моцнай дамбай, пакінуўшы толькі вузкі праход для вады. Калі з наступным прылівам наш маленькі док напоўніўся вадой, мы наглуха замацавалі дамбу, і лодка засталася на вадзе, разам з тым абароненая ад мора. Для таго, каб схаваць яе ад дажджоў, мы накрылі яе тоўстым пластом веццяў, пад якімі яна стаяла, як пад страхой. Цяпер мы маглі спакойна перачакаць дажджлівы сезон з тым, каб у лістападзе ці ў снежні паспрабаваць выканаць наш план.
Як толькі спыніліся дажджы і надвор‘е ўсталявалася, я пачаў дзейна рыхтавацца да далейшага плавання. Я загадзя разлічыў, які запас прадуктаў нам можа спатрэбіцца, і нарыхтаваў усё, што патрэбна. Тыдні праз два я меркаваў вывесці лодку з дока.
Але нашай паездцы не суджана было адбыцца. Неяк раніцой, калі я, як звычайна. збіраўся ў дарогу, мне прышло ў галаву, што добра было-б, акрамя іншай яды, захапіць з сабой невялікі запас чарапашага мяса. Я гукнуў Пятніцу, загадаў яму пайсці к мору і злавіць чарапаху. (Мы палявалі на іх кожны тыдзень, бо абодва любілі іх мяса і яйкі). Пятніца пайшоў, але не прайшло і чвэрткі гадзіны, як ён прыбег назад.
Як вар‘ят, не чуючы пад сабой зямлі, ён літаральна пераляцеў да мяне за загарадку і, перш чым я паспеў спытаць яго, у чым справа, закрычаў:
— Бяда! Нядобра!
— Што з табой, Пятніца? Што здарылася? — запытаў я ў трывозе.
— Там, каля берагу, адна, дзве, тры… адна, дзве, тры лодкі!
Ведаючы ягоную манеру лічыць, я падумаў, што ўсіх было шэсць лодак, але, як потым высветлілася, іх было толькі тры, а ён паўтарыў лік проста ад хвалявання.
— Ну што-ж такое, Пятніца? Чаму ты гэтак спалохаўся? — сказаў я, стараючыся яго падбадзёрыць.
Небарака быў страшэнна напалоханы. Мабыць ён уявіў сабе, што дзікуны прышлі за ім, што яны знойдуць яго і з‘ядуць. Ён так дрыжаў, што я не ведаў, што з ім рабіць. Я заспакойваў яго, як умеў: казаў, што ў кожным выпадку, я падлягаю такой-жа небяспецы, як і ён, што калі з‘ядуць яго, то і мяне разам з ім.
— Але мы абаронім сябе, мы не дамося ім у рукі жывымі, — дадаў я. — Ты-ж умееш страляць?
— Умею, — адказаў ён, — толькі іх шмат, вельмі многа.
— Нічога, — сказаў я, — адных мы заб‘ем, а астатнія спалохаюцца і ўцякуць. Я абяцаю табе, што не дам цябе ў крыўду, я буду смела абараняцца і абараняць цябе. Але ці абяцаеш ты, што не струсіш, а, галоўнае, будзеш рабіць усё, што я табе загадаю?
— Я памру, калі ты гэта загадаеш, Робін Крузо!
Пасля гэтага я прынёс са склепа рому і даў яму выпіць (я вельмі беражліва выдаткоўваў свой ром, таму ў мяне заставаўся яшчэ даволі вялікі запас). Затым мы пазбіралі ўсю нашу агнястрэльную зброю, прывялі яе ў парадак і зарадзілі. Акрамя таго, я надзеў, як заўсёды, шпагу без футляра, а Пятніцу ўзброіў сякерай.
Падрыхтаваўшыся такім чынам да бою, я ўзяў падзорную трубу і падняўся на гару для выведкі.
Накіраваўшы трубу на бераг мора, я неўзабаве ўбачыў дзікуноў: іх было дваццаць адзін чалавек, ды акрамя таго на беразе ляжала двое звязаных людзей, мабыць, прызначаных на з‘ядзенне ваеннапалонных. Было зразумела, што ўвесь гэты натоўп дзікуноў з‘явіўся на востраў з адзінай мэтай — адсвяткаваць сваю перамогу над ворагам. Я заўважыў таксама, што гэтым разам яны высадзіліся не там, дзе высаджваліся тры гады назад, у памятны дзень нашай першай сустрэчы з Пятніцай, а куды бліжэй да маëй бухтачкі. Тут берагі былі нізкія і амаль к самаму мору падступаў густы лес.
Спусціўшыся з гары, я абвясціў Пятніцы маё рашэнне напасці на гэтых звяроў і перабіць іх усіх да аднаго і яшчэ раз спытаў яго, ці будзе ён мне дапамагаць. Ён цяпер ужо зусім не пужаўся (можа таму, што яму часткова дапамог выпіты ім ром) і з бадзёрым выглядам паўтарыў, што гатоў памерці за мяне.
Не даўшы астынуць свайму гневу, я падзяліў паміж намі падрыхтаваную зброю, і мы пайшлі.
Пятніцы я даў адзін з пісталетаў, які ён засунуў сабе за пояс, і тры стрэльбы, а сам узяў усё астатняе. На кожны выпадак я захапіў у кішэню бутэльку рому, а Пятніцы я даў несці вялікі мяшок з запасным порахам і кулямі. Я загадаў яму ісці за мной, не адстаючы ні на крок, і сурова забараніў размаўляць са мной і страляць, пакуль я не загадаю. Нам прышлося зрабіць вялікі крук, каб абагнуць бухтачку і падысці да берагу з боку лесу, бо толькі з гэтага боку можна было непрыкметна падкрасціся да ворага на адлегласць стрэлу.
Падышоўшы да ўзлеску з таго краю, які быў бліжэй да берагу, так што толькі некалькі радоў дрэў аддзяляла нас ад дзікуноў, я спыніўся, ціханька паклікаў Пятніцу і, паказаўшы на тоўстае дрэва, загадаў стаць за ім і паглядзець, ці відаць адтуль дзікуны і што яны робяць. Ён выканаў мой загад, зараз-жа вярнуўся, каб апавясціць, што дзікуны сядзяць вакол кастра і ядуць мяса аднаго з прывезеных імі палонных, а другі ляжыць звязаны тут-жа, на пяску.
— Мусіць, потым яны з‘ядуць і гэтага! — дадаў Пятніца зусім спакойна.
Уся мая душа запалала гневам пры гэтай вестцы.
Пятніца сказаў мне, што другі палонны не індзеец, а адзін з тых белых людзей, якія прыехалі ў яго зямлю на лодцы. «Трэба дзейнічаць», рашыў я. Я схаваўся за дрэвам, дастаў падзорную трубу і сапраўды ўбачыў на беразе белага чалавека. Ён ляжаў нерухома, бо яго рукі і ногі былі звязаны гнуткім пруццем. На ім была вопратка, але не толькі па ëй, а і па твары нельга было не пазнаць у ім еўрапейца.
Сажняў на дваццаць пяць бліжэй да берагу, на ўзгорку, на адлегласці прыблізна паловы стрэлу ад дзікуноў, расло другое дрэва, да якога можна было падысці непрыкметна, бо ўся адлегласць паміж ім і тым месцам, дзе мы стаялі, была амаль уся пакрыта густым зараснікам нейкага хмызняку. Стрымліваючы свой шалёны гнеў, я ціханька прабраўся да гэтага дрэва і адтуль, як на далоні, убачыў тое, што вытваралася на беразе.
Ля кастра, збіўшыся ў шчыльную кучку, сядзела дзевятнаццаць дзікуноў.
За некалькі крокаў ад гэтай групы, каля распасцёртага на зямлі еўрапейца, стаялі двое і, схіліўшыся над ім, развязвалі яму ногі: відаць, іх толькі што паслалі за ім. Яшчэ хвіліна, і яны зарэзалі-б яго, як барана. Мне давялося-б быць сведкай, як гэтыя звяры разарвалі-б яго на кавалкі і пачалі-б смажыць… Часу траціць нельга было. Я павярнуўся да Пятніцы.
— Будзь напагатове, — сказаў я яму. Ён матнуў галавой. — Цяпер глядзі на мяне, і што я буду рабіць, тое рабі і ты.
З гэтымі словамі я палажыў на зямлю стрэльбы і нацэліўся ў дзікуноў. Пятніца таксама нацэліўся.
— Ці гатоў ты? — спытаў я яго.
— Так, — адказаў ён.
— Ну, дык страляй! — сказаў я і стрэліў.
Стрэл Пятніцы быў больш трапным за мой: ён забіў двух чалавек і раніў трох, я-ж толькі двух раніў і забіў аднаго. Лёгка сабе ўявіць, якога спалоху нарабілі нашы стрэлы ў натоўпе дзікуноў. Усе тыя, хто засталіся цэлымі, ускочылі на ногі і збянтэжаныя бегалі па беразе, не ведаючы куды кінуцца, у які бок бегчы. Небаракі разумелі, што ім пагражае смерць, але не бачылі, адкуль яна ідзе. Пятніца дасканальна выконваў мае загады і не зводзіў з мяне вачэй. Не даўшы дзікунам ачуняць пасля першых стрэлаў, я схапіў стрэльбу, навёў курок і зноў прыцэліўся. Пятніца акуратна паўтараў кожны мой рух.
— Ты гатоў? — запытаў я зноў.
— Гатоў.
— Дык страляй.
Двое стрэлаў грымнула амаль адначасова, але таму, што мы гэты раз стрэлілі са стрэльбаў, зараджаных шротам, то забітых было толькі двое (ва ўсякім разе двое ўпалі). Затое параненых было вельмі многа. Абліваючыся крывёю, бегалі яны па беразе з дзікімі крыкамі, як вар‘яты. Тры чалавека былі, відаць, цяжка паранены, бо яны неўзабаве ўпалі.
Я ўзяў стрэльбу, якая была яшчэ зараджана, і крыкнуў: «Пятніца, за мной!» і выбег з лесу на адкрытае месца. Мой адважны дзікун не адставаў ні на крок. Заўважыўшы, што дзікуны ўбачылі мяне, я з гучным крыкам (якога Пятніца — маё вернае рэха — не забыў паўтарыць) кінуўся наперад з yсёю шпаркасцю, з якой толькі здолелі несці мяне ногі (дарэчы, не асабліва шпарка, бо я быў нагружаны цяжкім узбраеннем).
Сэрца маё білася, калі я падбег да няшчаснага еўрапейца, які ляжаў, як ужо сказана, непадалёк ад кастра, крыху бліжэй да вады.
Абодва каты, ужо гатовыя расправіцца са сваёй ахвярай, пакінулі яе пры першых-жа гуках нашых стрэлаў.
У страшэнным спалоху яны кінуліся да мора, ускочылі ў лодку і пачалі адчальваць. У тую-ж лодку паспелі ускочыць яшчэ трое дзікуноў.
Я павярнуўся да Пятніцы і паказаў яму вачыма на лодку. Ён адразу-ж зразумеў маю думку і, прабегшы сажняў дваццаць да лодкі, каб быць бліжэй да ўцекачоў, стрэліў па іх.
Усе пяцёра ўпалі ў кучу на дно лодкі, таму я лічыў, што ўсе яны забітыя але двое зараз-жа падняліся: відаць, яны ўпалі проста ад страху. З трох астатніх двое былі забітымі напавал, а трэці быў так цяжка паранены, што ўжо не мог устаць.
Пакуль Пятніца распраўляўся з пяццю ўцекачамі, я дастаў свой ножык і перарэзаў путы, якімі былі звязаны рукі і ногі беднага палонніка. Я дапамог яму прыўзняцца і запытаў яго па-партугальску, хто ён такі. Ён адказаў:
— Эспан‘ёле (іспанец).
Неўзабаве ён зусім ачуняў і пачаў самымі красамоўнымі жэстамі выказваць падзяку за тое, што я выратаваў яму жыццё.
Паклікаўшы ў дапамогу ўсе мае веды ў іспанскай мове, я сказаў яму па-іспанску:
— Сён‘ёр, размаўляць мы будзем потым, а цяпер неабходна дзейнічаць. Калі вы маеце сілу весці бойку, дык вось вам шабля і пісталет: бярыце і ўдарым па ворагу.
Іспанец з удзячнасцю ўзяў тое і другое і, — дзіўная справа! — адчуўшы у руках зброю, ён нібыта зрабіўся іншым чалавекам. Адкуль і сілы ўзяліся! Як гураган, наляцеў ён на зладзеяў і ў адно імгненне рассек абодвух на кавалкі. Праўда, для такога ўчынку не патрабавалася асаблівай сілы: няшчасныя дзікуны, збянтэжаныя стрэламі і раптоўнасцю нападу, былі так перапалоханы, што не маглі ні бегчы, ні абараняцца. Шмат хто з іх пападалі проста ад страху, як тыя двое, што ўпалі на дно лодкі ад стрэлу Пятніцы, хоць нават не былі ранены.
Я трымаў зараджаную стрэльбу напагатове, але не страляў, захоўваючы зарад на выпадак крайняй патрэбы, таму што астатнюю сваю зброю я аддаў іспанцу. Успомніўшы, што нашы чатыры зараджаныя стрэльбы засталіся пад дрэвам на тым месцы, адкуль мы ў першы раз адкрылі агонь, я гукнуў Пятніцу і загадаў яму збегаць за імі.
Ён адразу-ж паляцеў туды. Я аддаў яму сваю стрэльбу, а сам пачаў зараджаць усе астатнія, сказаўшы абодвум сваім саюзнікам, каб яны, калі ім спатрэбіцца зброя, прыходзілі да мяне. Пакуль я даваў свае распараджэнні, іспанец напаў на аднаго з дзікуноў, і паміж імі разгарэлася заўзятая бойка.
Дзікун абараняўся вялізным драўляным мячом, акурат такім, якім яны забілі-б іспанца, каб я не падаспеў да яго на выратаванне. Я і не чакаў, што мой іспанец будзе такім харобрым чалавекам: не гледзячы на сваю слабасць, ён змагаўся, як леў, і нанёс ворагу сваёй шабляй два страшэнныя ўдары па галаве. Але раптам дзікун адкінуў свой меч, і яны схапіліся ў рукапашню. Дзікун быў высокі і дужы: ён хутка паваліў іспанца, наваліўся на яго і пачаў адбіраць шаблю. Тады іспанец выпусціў яе, выхапіў з-пад пояса пісталет і палажыў дзікуна на месцы, перш чым я паспеў на дапамогу.
Тымчасам Пятніца гнаўся за ўцекачамі.
Іспанец таксама не траціў часу дарма. Пакончыўшы з адным дзікуном, ён узяў у мяне стрэльбу і пусціўся за двума іншымі. Ён раніў, абодвух, але таму што бегчы доўга нехапіла сіл, дык абодва дзікуны паспелі схавацца ў лес. Пятніца пабег іх шукаць. Не гледзячы на свае раны, адзін з дзікуноў кінуўся ў мора і паплыў за лодкай з трыма яго землякамі, якія паспелі адчаліць ад берагу, і дагнаў яе.
Трое дзікуноў, якія знайшлі ратунак у лодцы, працавалі вёсламі ўсімі сіламі, намагаючыся хутчэй уцячы ад стрэлаў. Пятніца разы два ці тры стрэліў ім наўздагон, але, здаецца, не трапіў. Ён пачаў мяне угаварваць, каб пусціцца за імі наўздагон. Мяне і самога непакоіла, што яны ўцяклі: я баяўся, што калі яны раскажуць сваім землякам аб тым, што здарылася на востраве, тыя накінуцца на нас у непамернай колькасці, можа на двухстах ці трохстах лодках, і тады мы прападзем. Таму я не супярэчыў майму другу. Я пабег да лодак, загадаўшы яму бегчы за мной.
Але як я здзівіўся, калі, ўскочыўшы ў лодку, убачыў там чалавека. Гэта быў стары індзеец. Ён ляжаў на дне лодкі, звязаны па руках і нагах. Відаць, ён таксама быў прызначаны на з’ядзенне. Не разумеючы, што робіцца навакол (ён не мог нават глянуць з-за бартоў лодкі, так моцна скруцілі яго), небарака ледзь не памёр ад страху.
Я адразу-ж перарэзаў яго путы і хацеў дапамагчы яму ўстаць. Але ён не трымаўся на нагах; нават гаварыць не мог, а толькі жаласліва стагнаў: няшчасны, здаецца, думаў, што яго толькі для таго і развязалі, каб весці на забойства.
Калі Пятніца падышоў да нас, я сказаў яму, каб ён вытлумачыў гэтаму чалавеку, што ён вольны, і перадаў яму бутэльку з ромам. Радасная вестка, у злучэнні з дзеяннем рому, падбадзёрыла старога небараку: ён сеў і загаварыў.
Але трэба было бачыць, што зрабілася з Пятніцай, калі ён пачуў яго голас і ўбачыў яго твар. Ён кінуўся яго абнімаць, заплакаў, засмяяўся; потым пачаў скакаць вакол яго, заспяваў, закруціўся, потым зноў заплакаў, замахаў рукамі, пачаў біць сябе па галаве і па твары, — словам, ён быў падобны на вар‘ята. Я доўга не мог дамагчыся ад яго ніякіх тлумачэнняў, але калі ён нарэшце заспакоіўся, то сказаў мне, што стары — яго бацька.
Не магу выказаць, як я быў расчулены такой праявай любові сына!
Нельга было глядзець без слёз на гэту радасць грубага дзікуна, калі ён убачыў свайго любімага бацьку, выратаванага ад смерці.
Але ў той-жа час нельга было і не смяяцца з недарэчных выбрыкаў, якімі выяўлялася яго радасць і любоў. Разоў дваццаць ён ускочыў у лодку і зноў выскачыў з яе; то ён сядаў каля бацькі і, расхрыстаўшы сваю куртку, прыціскаў яго галаву да сваіх голых грудзей, то пачынаў церці яго застыўшыя рукі і ногі. Я параіў расцерці ромам, і гэта вельмі дапамагло.
Цяпер гнацца за тымі дзікунамі, што ўцяклі, не было чаго і думаць: яны амаль зніклі з вачэй. Такім чынам гнацца за імі нам не прышлося і, трэба зазначыць, на наша шчасце, бо праз гадзіны дзве задзьмуў моцны вецер, які бушаваў потым усю ноч. Ён дзьмуў з паўночнага захаду, акурат насусрач уцекачам, і, магчыма, што яны больш не убачылі роднай зямлі…
Але вернемся да Пятніцы. Ён быў так паглынуты сыноўімі клопатамі, што ў мяне нехапіла духу адарваць яго ад бацькі. Я даў яму час перажыць радасць і тады толькі гукнуў яго. Ён падышоў да мяне з прыскокамі, з радасным смехам, задаволены і шчаслівы. Я яго запытаў, ці даваў ён бацьку хлеба. Ён паматаў галавой.
— Няма хлеба: брыдкі сабака нічога не пакінуў, усё сам з‘еў.
І ён паказаў на сябе.
Тады я вынуў з сваёй торбачкі ўсё тое, што у мяне было з прадуктаў — невялікі кавалак хлеба і дзве галінкі ізюму — і даў яму. Убачыўшы, што ён дрыжыць ад хвалявання, я параіў яму падмацаваць свае сілы рэшткамі рому, але і ром ён панёс старому.
Не паспеў ён увайсці зноў у лодку, як бачу — бяжыць кудысьці мой Пятніца, нібы за ім бягуць ваўкі. Пятніца быў надзвычайна лёгкі на ногі і, перш чым я паспеў апамятацца, знік з маіх вачэй. Я крычаў яму, каб ён спыніўся — але не дапамагло. Ён знік. Гляджу — праз чвэрць гадзіны вяртаецца, але ўжо не так шпарка. Калі ён падышоў бліжэй, я ўбачыў, што ён штосьці нясе. Высветлілася, гэта быў збан з прэснай вадой, якую ён прынëс для бацькі. Ён збегаў дзеля гэтага дамоў, у нашу крэпасць, і за адным заходам захапіў з сабой дзве лусты хлеба. Хлеб ён аддаў мне, а ваду панёс старому, дазволіўшы адпіць некалькі глыткоў, бо мне вельмі хацелася піць. Вада ўзбадзёрыла старога лепш за ўсякі ром: ён аж паміраў ад смагі.
Калі ён напіўся, я гукнуў Пятніцу і спытаў, ці не засталося ў кубку вады. Ён адказаў, што засталося, і я сказаў яму, каб ён даў напіцца іспанцу, які меў у гэтым патрэбу не менш ягонага бацькі. Я паслаў іспанцу таксама лусту хлеба — адну з двух прынесеных Пятніцай.
Пасля часовага прыліву энергіі бедны іспанец зноў паслабеў: ён сядзеў на муражку пад дрэвам у поўнай знямозе. Людаеды яго так моцна звязалі, што цяпер у яго параспухалі рукі і ногі. Калі ён прагнаў смагу свежай вадой і паеў хлеба, я падышоў да яго і працягнуў яму галінку ізюму. Ён падняў галаву і зірнуў на мяне з бязмежнай удзячнасцю, потым хацеў было ўстаць, але не мог: разы два ці тры ён прабаваў падымацца, але кожны раз амаль падаў, — так балелі яго распухлыя ногі. Я параіў не прымушаць сябе дарэмна і загадаў Пятніцы расцерці яму ногі ромам.
Пакуль Пятніца выконваў мае загады, я ўвесь час назіраў за ім. Добры юнак штохвілінна паварочваўся, каб паглядзець, ці не патрэбна чаго бацьку і што ён робіць. Яму была відаць толькі галава старога, бо той сядзеў на дне лодкі. Раптам, азірнуўшыся, ён убачыў, што галава знікла; у той-жа момант ён быў на нагах і кінуўся да лодкі. Ён імчаўся як віхор; здавалася, ногі яго не краналі зямлі. Але калі, падбегшы, ён убачыў, што бацька яго спакойна ляжыць у лодцы, ён зараз-жа вярнуўся да
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
нас. Тады я сказаў іспанцу, што мой друг дапаможа яму падняцца і давядзе яго да лодкі, у якой мы давязем яго ў сваё жыллё, а там ужо паклапоцімся аб ім.
Але Пятніца, нядоўга думаючы, падняў яго, як пëрка, ускінуў сабе на спіну і панёс. Дайшоўшы да лодкі, ён асцярожна пасадзіў яго спачатку на борт, а потым на дно каля свайго бацькі. Потым вышаў на бераг, штурхнуў лодку ў ваду, зноў ускочыў у яе і ўзяўся за вёслы. Я пайшоў пешшу.
Пятніца гроб с такой сілай, лодка так шпарка неслася ўдоўж берагу, не гледзячы на моцны вецер, што я не мог за ëю паспець. Пятніца шчасліва прывёў яе ў нашу гавань і, пакінуўшы ў ёй абодвух гасцей, пабег за другой лодкай. Ён растлумачыў мне гэта на- бягу, сустрэўшы мяне на поўдарозе, і паімчаўся далей. Здавалася ніводзін конь не мог-бы дагнаць яго, так шпарка ён бег. І не паспеў я дайсці да бухтачкі, як ён ужо з‘явіўся туды з другой лодкай. Выскачыўшы на бераг, ён пачаў дапамагаць старому і іспанцу выйсці з лодкі, але ні той, ні другі не мелі сілы ісці. Небарака Пятніца зусім збянтэжыўся, не ведаючы, што з імі рабіць.
Але я прыдумаў выхад з гэтага становішча. Сказаўшы Пятніцы, каб ён пасадзіў пакуль нашых гасцей на беразе, я пайшоў да ляска і сказаў яму ісці за мной. Мы высеклі некалькі добрых жардзін і на скорую руку зрабілі насілкі, на якіх і прынеслі хворых да знадворнай сцяны нашай крэпасці. Але тут мы спыніліся, не ведаючы, што нам рабіць далей. Перацягнуць двух дарослых людзей цераз загарадку нам было немагчыма, а ламаць загарадку, я нізавошта не хацеў. Прышлося мне зноў пусціць у ход свае выдумкі, і нарэшце перашкоды былі знішчаны. Мы з Пятніцай узяліся за работу, і гадзіны праз дзве за знадворнай загарадкай, паміж ёю і ляском, у нас стаяла цудоўная парусінавая палатка, прыкрытая зверху галлём ад сонца і дажджу. У гэтай палатцы мы зрабілі дзве пасцелі з таго матэрыялу, які ў мяне быў, гэта значыць, з рысавай саломы і чатырох коўдраў.
- ↑ Партупея — рамень цераз плячо для нашэння шаблі.