Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XXI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XX Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XXI
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XXII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел дваццаць першы

Рабінзон гутарыць з Пятніцай і настаўляе яго.

Дні праз два або тры пасля таго, як мы з Пятніцай вярнуліся ў маю крэпасць, мне прышло ў галаву, што, калі я хачу адвучыць яго ад жахлівай звычкі есці чалавечае мяса, то неабходна адбіць у яго смак да гэтага роду мясной стравы, а для гэтага трэба карміць яго мясам жывёл. І вось аднойчы раніцой, накіроўваючыся ў лес, я забраў яго з сабой. Уласна кажучы, ішоў я з намерам зарэзаць казлянё з майго статка, але па дарозе ўбачыў пад дрэвам дзікую казу з парай казлянятак.

— Чакай! — сказаў я Пятніцы, схапіўшы яго за руку, і зрабіў яму знак не варушыцца; потым прыцэліўся, стрэліў і забіў аднаго з казлянят.

Мой бедны дзікун, не разумеючы, як можна забіць жывую істоту, не набліжаючыся да яе (хоць ён і бачыў раней, як я забіў яго ворага), быў зусім уражаны: ён задрыжэў, захістаўся, я думаў — ён зараз страціць прытомнасць. Ён не заўважыў забітага мною казлёнка і падумаў, што я хацеў забіць яго, Пятніцу. Небарака пачаў абмацваць сябе, прыўзняў нават палу сваёй курткі, каб паглядзець, ці не ранены ён, потым упаў перада мной на калены, пачаў абнімаць мае ногі і доўга гаварыў мне нешта на сваёй мове. Слоў я, вядома, не разумеў, але было ясна, што ён просіць мяне не забіваць яго.

Мне хутка ўдалося пераканаць яго, што я не маю ні малейшага намеру ўчыніць яму шкоды. Я ўзяў яго за руку, засмяяўся і загадаў яму збегаць па забітае казлянë. Ён выканаў мой загад. Пакуль ён важдаўся з казлянём, я зноў зарадзіў стрэльбу.

Крыху пачакаўшы, я ўбачыў на дрэве, на адлегласці стрэлу ад мяне, вялікую птушку, якую палічыў за каршака. Жадаючы азнаёміць Пятніцу са страляннем, я паклікаў яго да сябе, паказаў яму пальцам спачатку на птушку, потым на стрэльбу, потым на зямлю пад тым дрэвам, дзе сядзела птушка, нібыта кажучы: «Вось глядзі: зараз я зраблю так, што яна ўпадзе», і ўслед за тым стрэліў. Птушка ўпала, але была не каршаком, а вялікім папугаем. Пятніца і на гэты раз перапалохаўся, не гледзячы на ўсе мае тлумачэнні.

Тут толькі я зразумеў, што яго так дзівіла, калі я страляў: ён дагэтуль яшчэ ніводнага разу не бачыў, як я зараджаю стрэльбу, і, мабыць, думаў, што ў гэтай рэчынейкая цудадзейная руйнуючая сіла, якая прыносіць смерць на якой-бы ні было адлегласці чалавеку, зверу, птушцы, наогул усякай жывой істоце.

Яшчэ доўгі час пасля нашай сустрэчы яго дзівіў кожны мой стрэл. Мне здаецца, каб я толькі дазволіў яму, ён пачаў-бы пакланяцца, як богу, мне і маёй стрэльбе. Першы час ён не адважваўся дакрануцца да стрэльбы, але затое размаўляў з ёй, як з жывой істотай, калі думаў, што я не чую яго. Пасля я ад яго даведаўся, што гэта ён прасіў у стрэльбы не забіваць яго.

Калі Пятніца крыху апамятаўся ад спалоху, я загадаў яму прынесці мне забітую дзічыну. Ён адразу-ж пайшоў, але замарудзіўся, шукаючы птушку, бо, як потым высветлілася, я не забіў яе, а толькі раніў, і яна адляцела даволі далёка ад таго месца, дзе я яе падстрэліў. Урэшце ён усё-такі знайшоў яе і прынёс; я-ж скарыстаў яго адсутнасць, каб зноў зарадзіць стрэльбу, бо знайшоў

патрэбным да пэўнага часу лепш не паказваць яму, як гэта робіцца.

Я меркаваў, што мы натрапім яшчэ на якую-небудзь дзічыну, але больш нічога не траплялася, і мы вярнуліся дамоў. Я у той-жа вечар зняў скуру з забітага казлёнка і выпатрашыў яго; потым, расклаўшы касцёр і адрэзаўшы добры кавалак свежай казляціны, згатаваў яе ў гліняным гаршку. Паеўшы спачатку сам, я даў Пятніцы пакаштаваць маëй стравы. Вараная страва яму вельмі спадабалася, толькі ён здзівіўся, навошта я яе пасаліў. Ён пачаў паказваць што, па яго думцы, з соллю нясмачна. Узяўшы ў рот крышку солі, ён пачаў адплёўвацца і зрабіў выгляд, нібы яму дрэнна ад яе, а потым папаласкаў рот вадой. Тады і я, у сваю чаргу, палажыў у рот кавалачак без солі і пачаў пляваць, паказваючы, што мне брыдка есці без солі. Але гэта не зрабіла ніякага эфекта: я так і не мог прывучыць Пятніцу к солі. І толькі праз доўгі час ён пачаў прыпраўляць ёю яду, ды і то пакрысе.

Накарміўшы такім чынам майго дзікуна варанай казляцінай і бульёнам, я рашыў пачаставаць яго на другі дзень той-жа казляцінай, толькі смажанай. Засмажыў я яе асаблівым спосабам, над кастром, як гэта робіцца часам у нас у Англіі. Па баках кастра я ўтыркнуў у зямлю дзве жэрдкі, умацаваў між імі папярочную, павесіў на яе вялікі кавалак мяса і паварочваў яго да таго часу, пакуль яно не сасмажылася.

Пятніца дзіву даўся ад маёй выдумкі; але задавальненню яго не было канца, калі ён пакаштаваў маю смажаніну; самымі красамоўнымі гэстамі ён даў мне зразумець, як яму падабаецца гэтая страва, і нарэшце абвясціў, што ніколі больш не будзе есці чалавечага мяса, і гэтаму я быў вельмі рады.

Наступным днём я пасадзіў яго за работу: прымусіў малаціць і веяць ячмень, паказаўшы спачатку, як я гэта раблю. Ён хутка зразумеў і пачаў працаваць вельмі старанна, асабліва калі даведаўся, для чаго гэта робіцца. А даведаўся ён аб гэтым у той-жа дзень. Калі зерне было абмалочана і адвеяна, я пры ім стоўк гэтае зерне ў муку, спëк хлеб і даў яму пакаштаваць. У хуткім часе ён навучыўся працаваць не горш за мяне і пачаў выконваць за мяне ўсе работы.

Як я цяпер павінен быў пракарміць двух чалавек, то павінен быў падумаць пра будучае. Перш за ўсё неабходна было павялічыць раллю, каб сеяць больш зерня. Я выбраў вялікі ўчастак зямлі і ўзяўся абгараджваць яго. Пятніца не толькі вельмі добрасумленна, але і з вялікай прыемнасцю дапамагаў мне ў гэтай рабоце. Я растлумачыў яму, як умеў, што гэта будзе новае поле для хлеба, бо нас цяпер удвух і хлеба трэба ўдвая больш. Яго вельмі кранула, што я гэтак клапачуся аб ім: ён усяляк намагаўся мне вытлумачыць, што ён разумее, як многа ў мяне павялічылася спраў цяпер, і прасіў, каб я дазволіў яму працаваць, бо ён не баіцца працы.

Гэта быў самы шчаслівы год майго жыцця на востраве. Пятніца навучыўся даволі ніштавата размаўляць па-англійску: ён ведаў назвы амаль усіх найбольш звычайных прадметаў і ўсіх месц, якія мне даводзілася наведваць, таму я мог пасылаць яго, куды мне было патрэбна, і ён вельмі добра выконваў мае даручэнні. Ён вельмі любіў размаўляць, і я мог цяпер поўнасцю ўзнагародзіць сябе за доўгія гады вымушанага маўчання. Але, акрамя асалоды, якую я атрымліваў ад нашых гутарак, самая прысутнасць гэтага добрага юнака была для мяне заўсёдашняй крыніцай радасці, да такой ступені ён быў мне па душы. З кожным днём мяне ўсё больш і больш вабілі яго чэснасць, добрасумленнасць, прастадушша. Паступова я ўсім сэрцам прывязаўся да яго, ды і ëн, з свайго боку, так мяне палюбіў, як, я думаю, не любіў ніколі нікога.

Неяк раз мне ўздумалася распытаць яго аб яго мінулым. Мне, галоўным чынам, хацелася ведаць, ці не сумуе ён па сваёй радзіме і аб чым ён наогул думае, калі застаецца адзін. У той час ён ужо так валодаў англійскай мовай, што мог адказаць амаль на ўсе мае пытанні. І вось я спытаў:

— А што, Пятніца, адважнае ваша племя? Ці здаралася, каб вы перамагалі ворагаў у бойках?

Ён ухмыльнуўся і адказаў:

— О, так, мы заўсёды лепш б‘емся, заўсёды перамагаем у бойках.

— Дык вы заўсёды лепш б‘ецеся, кажаш ты? А як-жа гэта сталася тады, што ты трапіў у палон?

— Дык што-ж? А нашыя ўсё-ткі пабілі тых, многа пабілі.

— Як-жа ты тады казаў, што яны пабілі вас? Яны-ж узялі ў палон цябе і тваіх таварышоў.

— У тым месцы, дзе я біўся, ворагаў было ў шмат разоў больш. Яны схапілі нас — адзін, два, тры і мяне. А нашы пабілі іх у другім месцы, дзе мяне не было; у тым месцы нашы схапілі іх — адзін, два, тры, многа тысяч.

— Чаму-ж вашы не прышлі вам на дапамогу? Не аднялі вас у ворагаў?

— Яны схапілі адзін, два, тры і мяне і пасадзілі ў лодкі, а ў нашых у той час не было лодкі.

— А скажы мне, Пятніца, што робяць вашы з тымі людзьмі, якія трапляюць да іх у палон? Таксама куды-небудзь увозяць на лодках і з‘ядаюць потым, як тыя, чужыя?

— Але, нашы таксама ядуць людзей; усе ядуць.

— А куды яны іх увозяць, калі збіраюцца з‘есці?

— Розныя месцы, — куды ўздумаюць.

— А сюды яны прыязджаюць?

— І сюды прыязджаюць. Розныя месцы.

— А ты тут быў з імі?

— Быў. Там быў, — і ён паказаў на паўночна-заходні канец вострава, які служыў, мусіць месцам зборышчаў для яго супляменнікаў.

Такім чынам высветлілася, што Пятніца быў у ліку дзікуноў, наведваўшых дальнія берагі майго вострава, і прымаў удзел у баляваннях людаедаў. Калі праз некаторы час я набраўся смеласці і павёў яго на бераг (туды, дзе я знайшоў след чалавечай нагі на пяску), ён адразу-ж пазнаў мясцовасць і расказаў мне, што аднойчы, калі ён прыязджаў на мой востраў са сваімі, яны на гэтым самым месцы забілі і з‘елі дваццаць мужчын, двух жанчын і аднаго дзіця. Ён не ведаў, як сказаць па-англійску «дваццаць» і, каб растлумачыць мне колькі чалавек яны тады з‘елі, палажыў дваццаць каменьчыкаў адзін каля аднаго.

Усё гэта я расказаў для таго, каб чытачу былі больш зразумелы наступныя гутаркі мае з Пятніцай і тое, да чаго яны прывялі. Пасля апісанай размовы я спытаў яго, ці далёка да матэрыка ад майго вострава і ці часта гінуць іхнія лодкі, пераплываючы гэтую адлегласць. Выявілася, ён не ведае выпадку, каб хто-небудзь патануў на гэтым шляху, плаваць тут зусім бяспечна, непадалёк ад нашага вострава праходзіць морскае цячэнне: па раніцах яно накіроўваецца ў адзін бок, і заўсёды пры папутным ветры, а к вечару і вецер і цячэнне паварочваюць у процілеглы бок.

Спачатку я думаў, што цячэнне, пра якое казаў Пятніца, знаходзіцца ў залежнасці ад прыліву і адліву, але потым даведаўся, што яно складае працяг цячэння магутнай ракі Орыноко, якая ўпадае ў мора непадалёк ад майго вострава, які такім чынам знаходзіцца супроць яе вусця. Паласа-ж зямлі на паўночным захадзе ад майго вострава, якую я лічыў за матэрык, быў вялікі востраў Трынідад, які ляжаў у паўночнай частцы вусця той-жа ракі. Я засыпаў Пятніцу пытаннямі аб гэтай зямлі і яе жыхарах; пытаўся, ці небяспечныя тамашнія берагі, ці бурнае там мора, ці вельмі там дзікія і жорсткія людзі і хто іхнія суседзі. Ён з вялікай ахвотай расказаў усё, што ведаў.

Запытваў я таксама, як завуцца ўсялякія плямёны, якія жывуць у тых месцах, але вялікага толку не дамогся. Ён цвярдзіў толькі адно: «Карыб, карыб». Няцяжка было здагадацца, што ён гаворыць пра карыбаў, што жывуць іменна ў гэтай частцы Амерыкі, займаючы ўсю берагавую паласу ад вусця Орыноко да Гвіяны. Пятніца расказаў мне яшчэ, што далёка «за месяцам», гэта значыць у тым баку, дзе садзіцца месяц, ці, іншымі словамі, к захаду ад яго радзімы, жывуць такія-ж, як я, белыя барадатыя людзі (тут ён паказаў на маю даўгую бараду) і што гэтыя людзі «забілі многа людзі». Я зразумеў, што ён кажа аб іспанцах, якія праславіліся на ўвесь свет сваімі зверствамі ў Паўднёвай Амерыцы, дзе, мусіць, яшчэ доўга будуць пераходзіць ад бацькі да сына апавяданні аб іх зверскай жорсткасці.

На маё запытанне, ці не ведае ён, ці ёсць якая-небудзь мажлівасць пераправіцца да белых людзей з нашага вострава, ён адказаў:

— Так, так, гэта мажліва: трэба плыць на двух лодках.

Я доўга не разумеў, што ён хацеў сказаць сваімі «двума лодкамі», але нарэшце, хоць з вялікай цяжкасцю, здагадаўся, што на яго мове гэта азначае вялікае судна, — прынамсі, удвая больш звычайнай пірогі дзікуноў.

Гэтая размова вельмі ўсцешыла мяне: з таго дня у мяне з‘явілася ўпэўненасць, што рана ці позна я знайду мажлівасць выратавацца з майго зняволення і што вызваленнем я буду абавязан беднаму дзікуну.