Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XX
← Раздзел XIX | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XX Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел XXI → |
Раздзел дваццаты
Рабінзон выратоўвае аднаго дзікуна і дае яму імя Пятніца.
Уявіце-ж сабе маю радасць, калі аднаго разу, гады праз паўтары, раніцой, я ўбачыў на беразе па меншай меры пяць індзейскіх пірог. Усе яны стаялі пустыя; прыехаўшыя ў іх дзікуны некуды зніклі. Я ведаў, што дзікуны звычайна сядаюць па чатыры, па шэсць чалавек, а то і больш, у кожную лодку, і прызнаюся, мяне крыху трывожыла шматлікасць прыбыўшых гасцей. Я не ведаў, як мне аднаму здужаць два-тры дзесяткі дзікуноў.
Збянтэжаны, не ведаючы што рабіць, я засеў у сваёй крэпасці, але на кожны выпадак надзеў усю сваю зброю і быў гатоў дзейнічаць, каб надышла такая мажлівасць. Я доўга чакаў, прыслухоўваючыся, ці не набліжаецца вораг да маёй крэпасці, але нарэшце знудзіўся ад чакання, зняў з сябе абедзве стрэльбы, прыхінуў іх да падножжа скалы і палез наверх па сваіх прыстаўных лесніцах. Дабраўшыся да вяршыні, я стаў так, каб галава мая была не відаць з-за грэбня скалы, і пачаў назіраць у падзорную трубу. Дзікуны цяпер вярнуліся да сваіх лодак. Іх было не менш трыццаці чалавек. Яны расклалі на беразе касцёр і нешта варылі на агні. Я не мог разглядзець, што там такое смажылася ці варылася; бачыў толькі, што, скончыўшы яду, яны пусціліся ў скокі вакол кастра з недарэчнымі крыўляннямі і падскокамі, як звычайна скачуць дзікуны.
Раптам некалькі чалавек адлучыліся ад скачучых і пабеглі да сваіх лодак, а ўслед за тым я бачыў, што яны валакуць да кастра двух няшчасных, відаць, прызначаных для забойства. (Да гэтай хвіліны тыя, мусіць, ляжалі звязаныя ў лодках.) Аднаго з іх зараз-жа павалілі, ударыўшы яго па галаве нечым цяжкім (дубінай ці драўляным мячом, якія ўжываюць дзікуны), і цягнуўшыя яго людзі неадкладна ўзяліся за работу: распаролі яму жывот і пачалі яго патрашыць. Другі палонны стаяў тут-жа, чакаючы сваёй чаргі. Заняўшыся першай ахвярай, каты забыліся на яго. Няшчасны адчуў сябе на волі, і ў яго, відаць, мільганула надзея на выратунак: ён раптам ірвануўся і з незвычайнай шпаркасцю пусціўся бегчы. Ён бег удоўж берагу прама да мяне, — у той бок, дзе было маё жыллё.
Прызнаюся, я вельмі перапалохаўся, калі ўбачыў, што ён бяжыць да мяне, і асабліва, калі мне здалося, што ўся банда кінулася яго даганяць. Тым не менш я застаўся на сваім пасту і хутка ўпэўніўся, што за ўцекачом гоняцца толькі два ці тры чалавекі, а астатнія, прабегшы невялікую адлегласць, вярнуліся. Гэта мяне ўзбадзёрыла; але я зусім супакоіўся, калі ўбачыў, што ўцякач далёка выперадзіў сваіх ворагаў: было ясна, калі яму ўдасца пратрымацца яшчэ поўгадзіны, яны яго не зловяць.
Ад маёй крэпасці бегшыя былі аддзелены вузкай бухтачкай, пра якую я не раз гаварыў у пачатку апавядання, той самай, куды я прычальваў са сваімі плытамі, калі перавозіў рэчы з нашага карабля. «Што будзе рабіць гэты небарака — падумаў я, — калі дабяжыць да бухтачкі? Ён вымушан будзе пераплысці яе, іначай яму не ўцячы». Але я дарэмна баяўся: уцякач не задумваючыся, кінуўся ў ваду, шпарка пераплыў бухтачку, вылез на другі бераг і, не збаўляючы крокаў, пабег далей. З трох праследвальнікаў толькі двое кінуліся ў ваду, а трэці не адважыўся; ён пастаяў на тым беразе, паглядзеў услед іншым, потым павярнуўся і, не спяшаючыся, пайшоў назад да мора.
Я з радасцю заўважыў, што два дзікуны, якія гналіся за уцекачом, плылі значна цішэй за яго. І тут я ўсёй істотай сваёй адчуў, што надышоў час дзейнічаць. Не трацячы часу, я збег па лесніцы к падножжу гары, узяў пакінутыя мною там стрэльбы, затым з такой-жа спрытнасцю ўлез зноў на гару, спусціўся з другога боку і пабег да мора напярэймы бегшым дзікунам. Але я крыху спазніўся: чалавек, які выратаваўся ад пагоні, паспеў прабегчы далей, такім чынам я апынуўся паміж ім і тымі, што гналіся за ім. Я гучна клікнуў яго. Ён азіраўся і ў першую хвіліну перапалохаўся мяне, здаецца, яшчэ больш, як сваіх ворагаў. Я зрабіў яму знак вяртацца, а сам пайшоў ціхім крокам насустрач двум бегшым дзікунам. Калі той, што быў наперадзе, параўняўся са мной, я нечакана кінуўся на яго і паваліў яго з ног ударам прыклада. Страляць я баяўся, каб не патрывожыць астатніх дзікуноў, хоць на такой вялікай адлегласці яны наўрад ці пачулі-б мой стрэл, а каб і пачулі, дык усёроўна не здагадаліся-б, што гэта азначае, бо не маглі-б убачыць дыму.
Калі пярэдні з бегшых упаў, яго таварыш спыніўся, відаць, перапалохаўшыся. Я тымчасам спакойна набліжаўся да яго. Але калі, падышоўшы бліжэй, я заўважыў, што ён трымае ў руках лук і стралу і цэліцца ў мяне, мне не засталося нічога больш, як стрэліць: я прыцэліўся, спусціў курок і палажыў яго адразу-ж. Няшчасны ўцякач, не гледзячы на тое, што я забіў абодвух яго ворагаў (у кожным разе так яму павінна было здавацца), быў так напалоханы агнём і грукатам стрэлу, што страціў здольнасць рухацца: ён стаяў, як прыбіты цвікамі, не ведаючы, на што адважыцца, і, відаць, ахвотна уцёк-бы, каб такая мажлівасць была. Я пачаў зноў крычаць яму і рабіць знакі, каб ён падышоў бліжэй. Ён зразумеў: зрабіў крокі два і спыніўся, потым зрабіў яшчэ некалькі крокаў і зноў стаў, як укапаны.
Тут я заўважыў, што ён дрыжыць, як у трасцы: небарака, відаць, баяўся, што, калі ён трапіць мне ў рукі, я зраблю з ім тое самае, што з двума іншымі. Я зноў паклікаў яго да сябе і наогул намагаўся ўзбадзёрыць яго, як умеў. Ён падыходзіў усё бліжэй і бліжэй; праз кожныя дзесяць-дванаццаць крокаў ён падаў на калены, жадаючы, відаць, выказаць мне сваю ўдзячнасць за тое, што я выратаваў яму жыццё. Я ласкава яму ўхмыляўся і рабіў знакі рукой. Нарэшце, падышоўшы зусім блізка, ён зноў упаў на калены, пацалаваў зямлю, прыціснуўся да яе тварам і, падняўшы маю нагу, паставіў яе сабе на галаву. Апошняе павінна было, мусіць, азначаць, што ён клянецца быць маім рабом да самай смерці. Я падняў яго, папляскаў па плячы і ўсялякім спосабам стараўся паказаць, што яму няма чаго баяцца мяне.
Але пачатая мною справа яшчэ не была даведзена да канца: дзікун, якога я паваліў ударам прыклада, быў не забіты, а толькі аглушаны, і я заўважыў, што да яго вяртаецца прытомнасць. Я паказаў на яго выратаванаму мною чалавеку: «вось, вораг твой жывы!»
У адказ ён сказаў мне некалькі слоў на сваёй мове, і хоць я нічога не зразумеў, але самыя гукі яго гаворкі былі для мяне салодкай музыкай: я-ж за дваццаць пяць з лішкам гадоў першы раз пачуў чалавечы голас!
Аднак, у тую хвіліну мне было не да таго, каб аддавацца такім думкам: аглушаны мною дзікун ачуняў настолькі, што ўжо сядзеў на зямлі, і я заўважыў, што мой дзікун зноў пачынае баяцца. Жадаючы яго супакоіць, я прыцэліўся ў яго ворага з другой стрэльбы. Але тут ён пачаў паказваць знакамі, каб я даў яму шаблю, што вісела ў мяне за поясам. Я падаў яму шаблю. Ён схапіў яе, кінуўся да свайго ворага і адным махам адсек яму галаву. Такое умельства валодаць халоднай зброяй вельмі здзівіла мяне ў чалавеку, ніколі ў жыцці не бачыўшым ніякай зброі, акрамя драўляных мячоў. Пасля я аднак даведаўся, што тутэйшыя дзікуны выбіраюць для сваіх мячоў такое моцнае дрэва, што такім драўляным мячом можна адсячы галаву не горш, як жалезным. Зрабіўшы сваю справу, ён вярнуўся да мяне, трымаючы ў адной руцэ маю шаблю, а ў другой — галаву забітага ворага і, выканаўшы перада мной цэлы шэраг нейкіх рухаў, урачыста палажыў галаву і зброю на зямлю каля мяне.
Ён бачыў, як я застрэліў другога індзейца, і гэта вельмі яго ўразіла: ён не мог зразумець, якім чынам можна было забіць чалавека на такой вялікай адлегласці. Ён паказаў на забітага і знакамі прасіў дазволу пайсці зірнуць на яго. Я дазволіў, і ён зараз-жа пабег туды. Ён спыніўся над трупам у поўным недаўменні: пастаяў, паглядзеў, павярнуў яго на адзін бок, потым на другі, агледзеў рану. Куля трапіла проста ў сэрца, крыві было мала; але напэўна адбыліся ўнутраныя крывавыя выцёкі, бо смерць надышла раптам. Зняўшы з мерцвяка яго лук і калчан са стрэламі, мой дзікун вярнуўся да мяне. Тады я павярнуўся і пайшоў, запрашаючы яго ісці за мной і стараючыся растлумачыць яму знакамі, што заставацца тут небяспечна, бо за ім можа быць новая пагоня.
Ён адказаў мне, таксама знакамі, што варта было-б раней закапаць мерцвякоў, каб дзікуны не знайшлі іх, калі прыдуць на гэтае месца. Я выказаў сваю згоду, і ён зараз-жа ўзяўся за справу. За некалькі хвілін ён голымі рукамі выкапаў у пяску такую глыбокую яму, што ў ёй лёгка мог змясціцца адзін чалавек; затым ён перацягнуў у гэтую яму аднаго з забітых і засыпаў яго зямлёй. Так-жа спрытна пахаваў ён і другога мерцвяка; словам, уся працэдура пахавання заняла ў яго не больш поўгадзіны. Калі ён скончыў, я зноў зрабіў яму знак ісці за мной, і мы адправіліся ў дарогу. Але я павёў яго не ў крэпасць, а зусім у іншы бок — у дальнюю частку вострава, да майго новага грота.
Калі мы прышлі, я даў яму хлеба, галінку ізюму і напаіў яго вадой, у якой ён меў вялікую патрэбу пасля шпаркага бегу. Калі ён падмацаваў свае сілы, я паказаў яму кут пячоры, дзе ў мяне ляжалі подсцілка з рысавай саломы і коўдра, і даў зразумець яму знакамі, што ён можа легчы спаць. Небарака не прымушаў сябе доўга прасіць: ён лёг і адразу-ж заснуў.
Я выкарыстаў момант, каб лепш разгледзець яго знадворны выгляд. Гэта быў прыгожы малады чалавек, высокага росту і надзвычай добрага складу; на выгляд яму можна было даць гадоў дваццаць пяць, дваццаць шэсць. У яго твары не было нічога дзікага і жорсткага, гэта быў мужны, прыемны твар еўрапейца з выразам ласкі і дабрыні, асабліва калі ён ухмыляўся. Валасы ў яго былі чорныя даўгія і прамыя, не маючыя нічога агульнага з калматымі, як авечая поўсць, валасамі неграў; лоб высокі адкрыты; колер скуры не чорны, а цёмнакарычневы, але не таго брыдкага жоўтабурага адцення, як у бразільскіх тубыльцаў Амерыкі, а больш бронзавы, вельмі прыемны для вока. Авал твара яго круглы, нос невялікі, але зусім не прыплюшчаны. Да ўсяго гэтага ў яго былі быстрыя бліскучыя вочы, добры абрыс рота з тонкімі губамі і правільнай формы, белыя, як слановая косць, зубы.
Праспаўшы каля поўгадзіны — ніяк не больш, ён вышаў да мяне. Я ў гэты час даіў сваіх коз у загоне каля грота. Як толькі ён убачыў мяне, ён падбег да мяне і распластаўся перада мной, выказваючы ўсёй сваёй позай самую вялікую адданасць. Прыпаўшы тварам да зямлі, ён зноў паставіў сабе на галаву маю нагу, як ужо рабіў гэта раней, і ўвогуле ўсімі ўласцівымі яму спосабамі намагаўся давесці мне сваю бязмежную ўдзячнасць і даць мне зразумець, што з гэтага дня ён будзе мне служыць усё сваё жыццё.
Я зразумеў многа з таго, што ён хацеў мне сказаць, і ў сваю чаргу, пастараўся вытлумачыць яму, што я ім вельмі задаволен. З таго-ж дня я пачаў вучыць яго англійскім словам. Перш за ўсё я растлумачыў яму, што буду клікаць яго Пятніцай (я выбраў для яго гэтае імя ў адзнаку таго дня, калі выратаваў яму жыццё). Затым я навучыў яго вымаўляць маё імя: навучыў таксама адказваць «так» і «не» і растлумачыў значэнне гэтых слоў. Я прынёс яму малака ў гліняным збане і паказаў, як абмокваць у яго хлеб. Ён жвава пераняў і пачаў паказваць мне знакамі, што частаванне было яму да смаку.
Мы пераначавалі ў гроце, але, як толькі пачало світаць, я загадаў яму ісці за мной і павёў у сваю крэпасць. Я растлумачыў яму, што хачу яго апрануць, і гэтаму, відаць, ён быў вельмі рады. Калі мы праходзілі міма таго месца, дзе былі закапаны забітыя дзікуны, ён паказаў мне на адзнакі, якімі ён для памяці вызначыў магілы, і усяляк намагаўся мне вытлумачыць, што нам варта адкапаць абодва трупы, каб з‘есці іх потым. У адказ на гэта я, з свайго боку, пастараўся, як можна выразней, паказаць яму, як мне брыдка нават слухаць такія рэчы. Я зрабіў выгляд, што ад адной думкі аб гэтым мне робіцца моташна і нарэшце сурова загадаў яму адысці ад магіл, што ён і выканаў з вялікай пакорлівасцю.
Пасля гэтага мы з ім узышлі на ўзгорак, бо мне хацелася зірнуць, ці тут яшчэ дзікуны.
Я дастаў падзорную трубу і навёў яе на тое месца ўзбярэжжа, дзе бачыў іх напярэдадні. Але іх ужо не было: на беразе не было аніводнай лодкі. Не было ніякага сумнення, што яны паехалі, нават не патурбаваўшыся пашукаць сваіх згінуўшых землякоў.
Але я не здаволіўся гэтым: мне хацелася больш даведацца пра маіх някліканых гасцей. Прысутнасць Пятніцы надавала мне храбрасці, а разам з храбрасцю ў мяне з‘явілася і цікавасць. Мой дзікун не пакідаў свайго лука і стрэлаў, якімі, як я паспеў ужо пераканацца, ён валодаў па-майстэрску. Акрамя таго я ўзброіў яго маëй шабляй, даў яму адну з маіх стрэльбаў, а сам узяў дзве іншыя, і мы з ім крануліся ў дарогу. Калі мы прышлі на тое месца, дзе напярэдадні балявалі дзікуны, нашы вочы ўбачылі такую страшэнную карціну, што ў мяне замерла сэрца і кроў застыла ў жылах ад жаху. Але Пятніца, як кажуць, і вокам не міргнуў: такія карціны былі яму не ўпершыню.
Увесь бераг быў усеяны чалавечымі касцямі; зямля ў шмат якіх месцах была насычана крывёю; вакол валяліся недаедзеныя кавалкі смажанага чалавечага мяса і іншыя рэшткі крывавага балявання, якім гэтыя крыважэры адсвяткавалі сваю перамогу над ворагам.
Я налічыў тры чалавечыя чарапы, пяць рук; знайшоў у розных месцах косці ад трох або чатырох ног і мноства іншых частак шкілета.
Пятніца расказаў мне, як умеў, што дзікуны прывезлі з сабой чатырох палонных; трох яны з‘елі, а ён быў чацвертым.
Як можна было зразумець ад яго тлумачэнняў, за некалькі дзён перад тым у дзікуноў адбылася крывавая бойка з суседнім племем, да якога належыў ён, Пятніца. Чужыя дзікуны перамаглі і забралі ў палон вельмі многа народу. Усіх палонных чакала з‘ядзенне, пераможцы падзялілі іх паміж сабой і павезлі ў розныя месцы, дзе і пакончылі з імі, як пакончыла з трыма сваімі палоннымі тая партыя дзікуноў, якая выбрала месцам для балявання адзін з берагоў майго вострава.
Я загадаў Пятніцы раскласці вялікі касцёр, затым пазбіраць усе косці, усе кавалкі мяса, кінуць іх у гэты касцёр ды спаліць. Я заўважыў, што яму вельмі хацелася пакаштаваць чалавечага мяса (ды яно не дзіва: ён-жа быў людаед). Аднак ён не адважыўся выказаць свайго жадання, памятаючы, мусіць, з якім абурэннем я ставіўся да першай яго падобнай заявы. Здаецца, я нават пагражаў яму тады, што заб‘ю яго, як сабаку, пры малейшай спробе з яго боку не паслухацца маёй забароны.
Знішчыўшы рэшткі крывавага балявання, мы з Пятніцай вярнуліся ў маю крэпасць, і я зараз-жа узяўся апранаць майго дзікуна.
Перш за ўсё я надзеў на яго штаны. У адной з скрыняў, узятых мною з загінуўшага карабля, знайшлася гатовая пара палатняных штаноў; іх прышлося толькі крыху пакараціць. Затым я пашыў яму куртку з казінай скуры, прылажыўшы ўсе свае здольнасці, каб куртка вышла ляпейшай (я быў у той час ужо даволі спрытным краўцом), і нарэшце змайстраваў шапку з заячых скурак, вельмі зручную і не зусім пазбаўленую фасона.
Такім чынам мой дзікун быў на першы час зусім адзеты і застаўся, відаць, вельмі задаволены тым, што ён апрануты амаль таксама добра, як і я. Праўда, спачатку было яму ніякавата і няёмка ва ўсім гэтым адзенні, асабліва перашкаджалі яму штаны. Скардзіўся ён і на куртку: казаў, што рукавы ціснуць яму пад пахамі і націраюць плечы, так што рукавы прышлося крыху перарабіць. Але хутка ён абцярпеўся і прызвычаіўся.
На другі дзень я пачаў думаць, дзе-б мне яго змясціць. З аднаго боку, мне хацелася яго ўсталяваць пазручней, а з другога, я быў яшчэ не зусім у ім упэўнены і баяўся змясціць яго з-сабой.
Нарэшце я здагадаўся паставіць яму маленькую палатку між двума сценамі маёй крэпасці — між унутранай і знадворнай.
Але ўсе гэтыя перасцярогі былі зусім лішнімі: ніколі яшчэ ніводзін чалавек не меў такога любячага, такога вернага і адданага друга, якога я меў у асобе майго Пятніцы. Ні раздражальнасці, ні ўпартасці, ні свавольства не дазваляў ён у дачыненні да мяне; заўсёды ласкавы і паслужлівы, ён ставіўся да мяне, як да роднага бацькі. Я ўпэўнены, што, каб спатрэбілася, ён з радасцю ахвяраваў-бы для мяне жыццё. Ён вельмі хутка паказаў на справе сваю адданасць, так што я не мог не прызнаць яго другам і зусім пакінуў сцерагчыся яго.
Прысутнасць Пятніцы рабіла мяне зусім шчаслівым. Я ўзяў на сябе абавязак навучыць яго ўсяму, што ўмеў рабіць сам, а галоўнае, размаўляць на мове маёй радзімы, каб мы маглі з ім разумець адзін аднаго. Ён быў такім здольным вучнем, што лепшага нельга было і жадаць. Але самае каштоўнае было ў ім тое, што ён вучыўся так старанна, з такой радаснай гатоўнасцю слухаў мяне, так быў задаволены, калі разумеў, чаго я ад яго хацеў, або калі яму ўдавалася вытлумачыць мне сваю думку, што для мяне было вялікай прыемнасцю займацца з ім. З таго часу, як ён быў са мной, мне жылося так лёгка і прыемна, што, каб толькі мне не пагражала небяспека ад іншых дзікуноў, я, здаецца, згадзіўся-б застацца на востраве да канца майго жыцця.