Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XIX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XVIII Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XIX
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел дзевятнаццаты

Рабінзон зноў спрабуе пакінуць свой востраў.

Да канца майго жыцця на востраве я такі і не даведаўся, ці выратаваўся хто з загінуўшага карабля. Я толькі знайшоў адно нешта жахлівае: праз некалькі дзён пасля крушэння карабля я ўбачыў на беразе, супроць таго месца, дзе разбіўся карабль, тапельца, зусім яшчэ маладога чалавека. На ім былі кароткія палатняныя штаны, сіняя палатняная сарочка і матроская куртка. Ні па якіх адзнаках нельга было вызначыць яго нацыянальнасці: у кішэні ў яго не было нічога, акрамя двух залатых манет ды люлькі, і апошняя рэч мяне абрадвала куды больш, як першая.

Пасля буры ўстанавіўся поўны штыль, і мне вельмі хацелася паспрабаваць дабрацца на лодцы да карабля. Я быў упэўнены, што знайду там нямала такога, што можа мне спатрэбіцца: але, уласна кажучы, не гэта спакушала мяне, а надзея, што можа на караблі засталася якая жывая істота, якую я магу выратаваць ад смерці і такім чынам парадаваць сваё невясёлае жыццё.

Гэтая думка аўладала мной цалкам: я адчуваў, што ні ўдзень, ні ўначы не буду мець спакою, пакуль не паспрабую яе выканаць. І я сказаў сабе: «Хай там што будзе, а я паспрабую дабрацца туды. Чаго-б мне гэта ні каштавала, я павінен ехаць, калі не хачу, каб мяне замучыла сумленне».

З гэтым рашэннем я паспяшаўся вярнуцца ў свой замак і пачаў рыхтавацца да паездкі.

Я нарыхтаваў хлеба, вялікі збан прэснай вады, бутэльку рому (якога ў мяне застаўся досыць вялікі запас), кошык ізюму і компас. Навесіўшы на сябе ўсю гэтую паклажу, я адправіўся да таго берагу, дзе стаяла мая лодка. Я вычарпаў з яе ваду, палажыў у яе рэчы і вярнуўся дамоў за новым грузам. Новая партыя рэчаў складалася з вялікага мяшка рысу, другога збана з прэснай вадой, дзесяткаў двух невялікіх ячменных скібак або, лепш сказаць, перапечак, бутэлькі казінага малака, кавалка сыру і парасона. Усё гэта я з вялікай цяжкасцю — у поце, можна сказаць, перацягаў у лодку і адчаліў. Рызыка была вялікая. «Ісці, ці не?..» Трэба было на што-небудзь адважыцца. Я зірнуў на шпаркі струмень морскай плыні, абгінаўшай востраў на некаторай адлегласці ад берагу, прыгадаў сваю першую экскурсію, прыгадаў, у якую небяспеку я тады трапіў, і адвага пачала мяне пакідаць. Я ведаў, што, калі я траплю ў струмень плыні, мяне занясе ў мора. «Я магу згубіць з віду мой востраў, і што мяне чакае тады? — думаў я. — Варта падзьмуць свежаму ветру, каб маю лодачку заліла вадой, і тады я беззваротна загінуў».

Пад уплывам гэтых меркаванняў я ўжо гатоў быў адмовіцца ад сваіх намераў. Я прычаліў да берагу ў маленькай бухтачцы, вышаў з лодкі і сеў на ўзгорак, не ведаючы, што рабіць. Надышла ноч. Я пераначаваў у лодцы, накрыўшыся матроскай курткай, а раніцой вышаў у мора. Спачатку я ўзяў кірунак у адкрытае мора, пакуль не трапіў у струмень плыні, які накіроўваўся на ўсход. Мяне панесла вельмі шпарка, прама да карабля, і я дабраўся да яго менш як за дзве гадзіны. Сумнае відовішча прастаўляў гэты карабль (па тыпу — іспанскі). Ён ушчаміўся носам між двух рыфаў. Карма была знесена, мачты зрэзаны дашчэнту, але ўся насавая частка, якою карабль наскочыў на скалу, засталася цэлай. Калі я падышоў да борта, на палубе з‘явіўся сабака. Убачыўшы мяне, ён пачаў выць і скавытаць, а калі я паклікаў яго, ускочыў у ваду і падплыў да мяне. Я ўзяў яго ў лодку. Бедная жывёліна літаральна памірала ад голаду. Я даў яму хлеба, і ён накінуўся на яго, як згаладаўшы за зіму воўк. Калі ён наеўся, я паставіў перад ім ваду, і ён пачаў так прагна лізаць, што, мусіць, лопнуу-бы, каб даць яму ўдосыць.

Затым я падняўся на карабль. Першае, што я там убачыў, былі два трупы; яны ляжалі ля ўваходу ў рубку, моцна сашчапіўшыся рукамі. Відаць, калі карабль наскочыў на камень, яго ўвесь час залівала вадой, і гэтыя два чалавекі, баючыся, каб іх не змыла за борт, учапіліся адзін за аднаго, ды так і захлынуліся.

Акрамя сабакі, на караблі не засталося аніводнай жывой істоты. Большую частку рэчаў, відаць, таксама знесла ў мора, а тое, што засталося, падмокла. Я бачыў у труме нейкія бочкі, з віном ці з гарэлкай — не ведаю, але яны былі такія вялікія, што я іх не прабаваў скрануць. Было там яшчэ некалькі скрыняў, якія, мусіць, належалі матросам; дзве скрыні я перацягнуў у лодку, не адчыняючы. Каб замест насавой часткі засталася цэлая карма, я-б, напэўна, вярнуўся з багатай здабычай.

Акрамя скрыняў, я ўзяў яшчэ бачонак з нейкім спіртным піццём. Бачонак быў невялікі — каля двух вядзёр умяшчальнасцю, але ўсё-такі мне каштавала шмат працы перацягнуць яго ў лодку. У каюце я знайшоў некалькі стрэльбаў і фунты чатыры пораху ў парахоўніцы; стрэльбы я пакінуў, бо яны мне былі непатрэбныя, а порах узяў; узяў таксама лапатачку для вугалю і шчыпцы, у якіх меў вялікую патрэбу; затым два мядзяныя кацялкі і мядзяны кафейнік. З усім гэтым грузам і з сабакам я адчаліў ад карабля, бо пачынаўся ўжо прыліў, і ў той-жа дзень к гадзіне ночы вярнуўся на востраў, змораны да апошняй ступені.

Я рашыў перанесці сваю здабычу ў новы грот, бо туды было бліжэй. Ноч я зноў правëў у лодцы, а зранку, падмацаваўшыся ядой, выгрузіў на бераг прывезеныя рэчы і зрабіў ім падрабязны агляд. У бачонку аказаўся ром, які ўжываюць у Бразіліі; затое ў скрынях я знайшоў шмат карысных рэчаў.

У адной было некалькі зусім яшчэ моцных сарочак, якія былі для мяне вельмі прыемнай знаходкай; затым каля двух тузінаў белых палатняных насавых хустачак і столькі-ж каляровых шыйных; першыя мяне вельмі ўзрадвалі, калі я ўявіў сабе, як будзе

прыемна ў спякоту выціраць успацелы твар тонкай палатнянай хустачкай. На дне скрыні я знайшоў тры вялікія мяшкі з грашыма і некалькі невялікіх зліткаў золата, вагой, я лічу, каля фунта.

У другой скрыні было некалькі пар адзежы, але даволі зношанай, з таннага матэрыялу. Увогуле, я набыў нямнога каштоўных рэчаў. Праўда я узбагацеў на досыць значную суму грошай, але-ж грошы былі для мяне непатрэбным смеццем, і ўсе, колькі іх было ў мяне, я ахвотна аддаў-бы за тры-чатыры пары англійскіх ботаў, якія я не насіў ужо некалькі год.

Пераправіўшы у мой грот усе прывезеныя рэчы, я вярнуўся ў лодку, адвёў яе на месца ранейшай стаянкі і выцягнуў на бераг, а сам накіраваўся простай дарогай на сваё старое папялішча, дзе ўсё было ў поўным парадку. З гэтага часу я зажыў ранейшым мірным жыццём, спраўляючы пакрысе свае хатнія справы.

Так пражыў я амаль два гады, але ўсе гэтыя два гады ў маёй няшчаснай галаве варушыліся мары, як-бы мне выбрацца з майго вострава, і я ўпэўнены, каб быў у маім распараджэнні баркас, ну хоць-бы накшталт таго, на якім я ўцякаў ад маўраў, я рушыў-бы ў мора, нават не турбуючыся аб тым, куды мяне занясе.

Нарэшце я прышоў да пераканання, што мне ўдасца вырвацца з маёй турмы толькі ў тым выпадку, калі я захаплю каго з дзікуноў, наведваўшых мой востраў, лепш за ўсё было-б захапіць аднаго з тых няшчасных, на долю якіх выпадала быць з‘едзенымі, якіх прывозілі сюды ў якасці палонных. Але было адно важнае меркаванне, якое перашкаджала выканаць гэты план: для таго, каб захапіць патрэбнага мне дзікуна, я павінен быў напасці на ўсю зграю людаедаў і пазабіваць іх усіх да аднаго, а мая душа ўздрыгвалася пры думцы аб тым, што мне прыдзецца праліць столькі чалавечай крыві, хоць-бы і дзеля ўласнага збавення.

Доўга я змагаўся з сабой, але нарэшце прага да вызвалення перамагла ўсе довады сумлення і розуму. Я рашыў, чаго-б мне гэта ні каштавала, захапіць аднаго з дзікуноў у першы-ж раз, калі яны прыедуць на мой востраў.