Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XIV Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XV
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел пятнаццаты

Рабінзон прыручае дзікіх коз

На адзінаццаты год майго зняволення, калі запас пораху пачаў змяншацца, я стаў сур’ёзна меркаваць, як-бы знайсці спосаб лавіць коз жыўцом. Больш за ўсё мне хацелася злавіць матку з казлянятамі.

Я пачаў з пастак. Я паставіў іх некалькі штук у розных месцах, і козы траплялі ў іх, толькі мне было ад гэтага мала карысці: не маючы дроту, я рабіў пасткі з старых вяровак, і кожны раз яны абрываліся, а прынада з’ядалася.

Тады я надумаў паспрабаваць воўчыя ямы. Ведаючы месцы, дзе часцей пасвіліся козы, я выкапаў у тых месцах тры глыбокія ямы, палажыў у іх каласы рысу і ячменю і на некалькі дзён пакінуў незакрытымі, каб прывабіць коз. Хутка я ўпэўніўся, што козы наведваюць мае ямы: каласы былі з’едзены, а навакол відаць былі сляды казіных ног. Я закрыў усё тры ямы загадзя падрыхтаванымі пляцёнкамі з прутоў, палажыў на кожную пляцёнку з аднаго боку па цяжкому камню, і на другі-ж дзень знайшоў у адной яме вялікага старога казла, а ў другой трох казлянят — аднаго самца і двух самак.

Старога казла я выпусціў на волю, бо не ведаў што з ім рабіць. Ён быў такі дзікі і злосны, што ўзяць яго жывым было нельга (я баяўся лезці да яго ў яму), а забіваць не варта было. Як толькі я прыўзняў пляцёнку, ён выскачыў з ямы і пусціўся бегчы з усіх ног. Але я не ведаў у той час, што голад уціхамірвае нават львоў. Каб я тады прымусіў майго казла пагаладаваць дні тры-чатыры, а потым прынёс-бы яму паесці і папіць, ён зрабіўся-б ціхім і свойскім не горш за казлянят. Козы ўвогуле вельмі кемлівыя жывёлы, і, калі з імі добра абыходзіцца, іх вельмі лёгка прыручыць.

Але, паўтараю, у той час я гэтага не ведаў. Выпусціўшы казла, я падышоў да той ямы, дзе сядзелі казляняты, вынуў усіх трох па адным: звязаў іх разам вяроўкай і з цяжкасцю прывалок дамоў.

Даволі доўга я не мог прымусіць іх есці, але, згаладаўшыся, яны ўсё-такі ўзяліся за ячмень. Патрохі яны звыкліся са мной і зрабіліся зусім свойскімі. З таго часу я пачаў разводзіць коз у надзеі, што з цягам часу ў мяне будзе цэлы статак. Бясспрэчна, гэта быў для мяне адзіны спосаб забяспечыць сябе мясам к таму часу, калі ў мяне выйдзе порах і шрот.

Гады праз паўтары ў мяне было штук дванаццаць коз, лічачы і казлянят, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я зрабіў пяць загароджаных выганаў; усе яны злучаліся між сабой варотцамі, каб можна было пераганяць коз з адной пашы на другую, а адзін выган меў яшчэ знадворную браму.

У мяне быў цяпер невычарпальны запас мяса, і не толькі мяса, але і малака. Апошняе для мяне было прыемным сюрпрызам, бо пачаўшы разводзіць коз, я не думаў пра малако, і толькі потым мне прышло ў галаву, што я магу іх даіць.

Самы сур’ёзны філасоф не стрымаў-бы ўхмылкі, каб убачыў мяне з маім сямействам за абедзеным сталом. Уласна кажучы, за сталом сядзеў толькі я, кароль і ўладар вострава, у руках якога было жыццё ўсіх падданых: я мог караць і мілаваць, дарыць і адбіраць волю і ніколі не рабіў нездаволеных. Як сапраўдны кароль, я палуднаваў адзін, абкружаны штатам прыдворных. Толькі Попку, як каралеўскаму любімцу, дазвалялася гутарыць са мной. Сабака, які даўно ўжо састарыўся, сядзеў заўсёды з правай рукі на падлозе, і на падлозе-ж, толькі злева, сядзелі дзве кошкі, не спускаючы з мяне вачэй у чаканні падачкі, як знаку асаблівай каралеўскай ласкі.

Але гэта былі не тыя кошкі, якіх я прывёз з карабля: тыя даўно акалелі, і я ўласнай рукой пахаваў іх каля майго жылля. Адна з іх ужо на востраве акацілася: я пакінуў у сябе пару кацянят, і яны выраслі свойскімі, а астатнія збеглі ў лес і здзічэлі. Урэшце на востраве распладзілася такое мноства кошак, што не было ад іх ратунку: яны забіраліся да мяне ў кладоўку, цягалі прадукты і пакінулі мяне ў супакоі толькі тады, калі я застрэліў двух ці трох. Паўтараю, я жыў сапраўдным царком, маючы ўсё, што трэба; каля мяне заўсёды быў цэлы штат паслухмяных царадворцаў, — не было толькі людзей. Але хутка надышоў час, калі я пачаў баяцца, як-бы ў маіх уладаннях не з’явілася занадта многа людзей.

Хоць я цвёрда вырашыў ніколі больш не рабіць рызыкоўных марскіх падарожжаў, але ўсё-такі мне вельмі хацелася мець пад рукамі лодку для невялікіх экскурсій. Я часта думаў аб тым, як-бы мне перавесці яе на мой бок вострава, але, разумеючы, што зрабіць гэта цяжка, кожны раз супакойваў сябе тымі меркаваннямі, што мне добра і без лодкі.

Аднак, насуперак усім довадам розуму, мяне з кожным днём усё мацней і мацней цягнула схадзіць на тую горку, куды я ўзлазіў у апошнюю маю экскурсію, і яшчэ раз агледзець адтуль рыфы і морскае цячэнне. Аднойчы я не вытрымаў і пусціўся ў дарогу — на гэты раз пешшу, удоўж берагу.

Каб з’явілася ў нас у Англіі на вуліцах такое пудала, як я ў тагачасным маім убранні, уся публіка, я ўпэўнены, разбеглася-б ад спалоху ці пакацілася-б ад смеху: ды часта я і сам, гледзячы на сябе, мімаволі ўхмыляўся, уяўляючы сабе, як-бы я ў сваім адзенні вандраваў па Іоркшыру.

На галаве ў мяне была бясформенная шапка з казінай скуры з даўгім напатыльнікам, які боўтаўся на спіне, прыкрываючы маю шыю ад сонца, а ў час дажджу не даваў вадзе трапляць за каўнер.

У гарачым клімаце няма больш шкоднага, як хадзіць у мокрым адзенні, і я заўсёды баяўся тамашняга дажджу. Затым куртка з таго-ж матэрыялу, кароткая — толькі да бёдраў, і такія-ж кароткія, да кален, штаны, таксама футравыя, толькі са скуры вельмі старога казла з такой даўгой поўсцю, што яны закрывалі мне ногі да паловы ікраў. Панчох у мяне зусім не было, а заместа ботаў я зрабіў сабе... не ведаю, як і назваць... проста — сандаліі з зашпількамі па баках. На куртку я надзяваў шырокі пояс з казінай скуры, ачышчаны ад поўсці; пражку я замяніў двума раменнымі петлямі, на якія зацягваў пояс, а з бакоў прышыў да яго яшчэ па пятлі, але не для шпагі і кінжала, а для пілы і сякеры.

Акрамя таго, я насіў скураную перавязь цераз плячо, з такімі-ж зашпількамі, як на поясе, але крыху вузейшымі. Да гэтай перавязі я прырабіў дзве кішэні так, каб яны даводзіліся пад левай рукой: у адной порах, у другой быў шрот. На спіне ў мяне боўтаўся кошык, на плячы я трымаў стрэльбу, а над галавой — вялізны футравы парасон, вельмі нязграбны, але пасля стрэльбы, бадай, самы неабходны з майго дарожнага багажа.

Увогуле ў мяне самы варварскі выгляд. Але затое колерам твара я менш быў падобны на негра, як можна было чакай беручы пад увагу, што я жыў пад тропікамі. Бараду я адзін час адпусціў на поўаршына. Потым пагаліў яе, пакінуўшы толькі вусы: але затое вусы я адрасціў цудоўныя — сапраўдныя турэцкія; даўжыні яны былі такой незвычайнай, што ў Англіі пужалі-б народ. Але гэта між іншым: мала было на востраве гледачоў, каб любавацца маім тварам ды фігурай — дык ці не ўсёроўна, які яны мелі выгляд? Я загаварыў аб сваім знадворным выглядзе проста таму, што гэта было дарэчы, і больш ужо не буду вяртацца да гэтай тэмы.