Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XVI
← Раздзел XV | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XVI Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел XVII → |
Раздзел шаснаццаты
Нечаканая трывога. — Рабінзон умацоўвае сваё жыллё.
Аднаго разу каля поўдня я ішоў берагам, накіроўваючыся да сваёй лодкі, і раптам убачыў след голай чалавечай нагі, які выразна быў адбіты на пяску.
Гэта, як гром, уразіла мяне. Я спыніўся, як укапаны, быццам ўбачыўшы якую здань. Я прыслухоўваўся, азіраючыся навакол, але не чуў і не бачыў нічога падазронага. Я ўзбег уверх па берагавому спаду, каб лепш агледзець мясцовасць; зноў спусціўся да мора; прайшоў крыху ўдоўж берагу — нідзе нічога: ніякіх адзнак нядаўняй прысутнасці людзей, акрамя гэтага адзінага адбітка нагі. Я пайшоў яшчэ раз зірнуць на яго, каб упэўніцца, ці сапраўды гэта чалавечы след і ці не здалося гэта мне. Але не, я не памыліўся! Гэта быў, бясспрэчна, след нагі чалавека: я выразна бачыў пятку, пальцы, падашву… Як я сюды трапіў? Я губляўся ў здагадках і не мог спыніцца ні на адной.
У страшэннай трывозе пайшоў я дамоў, у сваю крэпасць. Я быў напалоханы да апошняй ступені.
Праз кожныя два-тры крокі я азіраўся, палохаўся кожнага куста, кожнага дрэва, і кожны пень, які паказваўся здалёк, я прымаў за чалавека. Вы не можаце сабе ўявіць, якія страшэнныя і нечаканыя формы прымалі ўсе прадметы ў маім узбуджаным выабражэнні, якія дзікія думкі праносіліся ў маёй галаве.
Дабраўшыся да майго замка (як я з таго дня пачаў называць сваё жыллё), я адразу апынуўся за агарожай. Я нават не помніў, ці пералез я цераз загарадку па прыстаўной лесніцы, як заўсёды, ці увайшоў праз дзверы, гэта значыць, праз знадворны ход, выкапаны ў гары; я і на другі дзень не мог гэтага прыгадаць.
Ніводзін заяц, ніводная ліса, ратуючыся ў вар’яцкім жаху ад сабак, не спяшаліся так схавацца ў сваім логаве, як я.
Усю ноч я не сплюшчыў вачэй; гэты жах быў яшчэ большым таму, што я не бачыў прадмета, які выклікаў яго. Якім чынам мог трапіць сюды чалавек?
Мусіць, гэта дзікуны з матэрыка, якія трапілі на востраў выпадкова: вышлі ў мора на сваёй пірозе, і іх прыгнала сюды цячэннем або ветрам; яны пабывалі на беразе, а потым зноў пайшлі ў мора, бо ў іх было такое-ж малае жаданне заставацца ў гэтай пустыні, як у мяне — мець іх сваімі суседзямі.
Бясспрэчна, яны нё заўважылі маёй лодкі, інакш здагадаліся-б, што на востраве жывуць людзі, і пачалі-б шукаць іх. Але тут мяне працяла жахлівая думка: «А што, калі яны бачылі маю лодку? Праўда, яны пайшлі зноў у мора, але гэта яшчэ нічога не даводзіць: яны вернуцца... абавязкова вернуцца з цэлай бандай сваіх супляменнікаў і тады знойдуць мяне і з’ядуць. А калі мяне не знойдуць, дык усёроўна ўбачаць мае палі і выганы, знішчуць увесь мой хлеб, пагоняць маіх коз, і я памру ад голаду».
Першыя трое сутак пасля той ліхой гадзіны, калі зрабіў сваё адкрыццё, я не высоўваў носа з сваёй крэпасці, аж пачаў нават галадаваць: я не трымаў у доме вялікіх запасаў прадуктаў, і на трэція суткі ў мяне засталіся толькі ячменныя коржыкі ды вада. Мяне мучыла таксама, што мае козы, якіх я звычайна даіў кожны вечар, застаюцца нядоенымі: я ведаў, што бедныя жывёлы ад гэтага пакутвалі, і акрамя таго баяўся, што ў іх можа страціцца малако. І тое, чаго я баяўся, збылося: шмат якія з коз захварэлі і амаль спынілі даваць малако.
Выходзячы з усіх гэтых меркаванняў, я на чацвертыя суткі набраўся храбрасці і вышаў. А тут хутка ў мяне з’явілася адна думка, якая канчаткова мяне ўзбадзёрыла. У самы разгар маіх страхаў, калі я вяртаўся ад здагадкі да здагадкі і ні на чым не мог спыніцца, мне раптам прышло на розум, ці не раздзьмуў я ўсю гэтую гісторыю з адбіткам чалавечай нагі і ці не мой гэта ўласны след, пакінуты, калі я ў перадапошні раз хадзіў глядзець сваю лодку і потым вяртаўся дахаты? Праўда, вяртаўся я звычайна другой дарогай, але хіба не магло здарыцца, што я змяніў свой шлях на гэты раз? Гэта было даўно, і ці мог я з упэўненасцю сцвярджаць, што ішоў іменна той, а не гэтай дарогай. Вядома, я пастараўся пераканаць сябе, што так яно і было, што гэта мой уласны след і што ў гэтым здарэнні я разыграў дурня, які напалохаўся страшнай казкі, якую сам стварыў.
Калі я ў гэтым добра ўпэўніўся, то пачаў зноў кожны дзень хадзіць на дачу даіць коз. Але каб вы бачылі, як нясмела я ішоў, з якім страхам азіраўся, як быў заўсёды напагатове ў любы момант кінуць свой кошык і паказаць пяткі...
Але прайшло яшчэ два дні, і я зрабіўся смялейшым. Я сапраўды пачынаў прыходзіць да заключэння, што сам навыдумляў сабе страхаў; але, каб ужо не заставалася аніякіх сумненняў, я рашыў яшчэ раз пайсці на той бераг і зверыць таемны след з адбіткам маёй нагі: каб абодва сляды былі аднолькавыя, я мог-бы пераканацца, што напалохаўшы мяне след быў мой уласны.
З гэтай надзеяй я адправіўся ў дарогу. Але калі я прышоў на тое месца, дзе быў таемны след, то для мяне, па-першае, зрабілася відавочным, што, калі я таго разу вышаў з лодкі і вяртаўся дамоў, я ніякім чынам не мог апынуцца ў гэтым месцы берагу, а па-другое, калі я для параўнання паставіў нагу на след, мая нага была значна меншай! І зноў мяне ахінуў панічны страх: я дрыжэў як у трасцы; віхор новых здагадак закружыўся ў маёй галаве. Я пайшоў дамоў з поўнай упэўненасцю, што на маім востраве не так даўно пабывалі людзі або, прынамсі, адзін чалавек. Я нават гатоў быў дапусціць, што востраў населены, толькі да гэтага часу я таго не заўважаў, а цяпер можна чакаць, што мяне кожную хвіліну могуць захапіць знянацку. Усё пытанне было цяпер у тым, як абараніць сябе ад гэтай небяспекі.
«Калі дзікуны, — разважаў я, — знойдуць маіх коз і ўбачаць мае палі з збожжам, яны будуць заўсёды вяртацца на востраў за новай здабычай, а калі яны ўбачаць маё жыллё, то абавязкова возьмуцца адшукваць яго жыхароў і дабяруцца да мяне». Таму першай маёй думкай было пераламаць загарадкі ўсіх маіх выганаў і выпусціць увесь мой скот, затым перакапаць абодва палі і такім чынам знішчыць рунь рысу і ячменю, нарэшце разбурыць шалаш і палатку, каб вораг не мог выкрыць ніякіх адзнак прысутнасці на востраве чалавека.
Гэты план склаўся ў мяне ў першую ноч, калі я вярнуўся з маёй толькі што апісанай экспедыцыі на той бераг, пад яшчэ незастылымі ўражаннямі зробленых мною новых адкрыццяў. Адчуванне небяспекі заўсёды бывае страшнейшым, чымся падышоўшая небяспека, і чаканне зла ў дзесяць тысяч разоў горш самаго зла.
Усю ноч я не мог заснуць. Затое пад раніцу, калі я аслабеў ад бяссонніцы, я заснуў моцным сном і прачнуўся такім свежым і бадзёрым, якім даўно ўжо не адчуваў сябе. Цяпер я пачаў разважаць больш спакойна і па спелых разважаннях вось да чаго прышоў. Мой востраў, багаты расліннасцю і ляжачы непадалёк ад матэрыка, быў, вядома, не да такой ступені закінуты людзьмі, як я ўяўляў сабе дагэтуль, і хоць сталых жыхароў на ім не было, але здавалася пэўным, што дзікуны з матэрыка пад’язджалі да яго часамі ў сваіх пірогах. Мажліва было і тое, што іх прыганяла сюды плынню або ветрам. У кожным разе яны маглі тут бываць. А што за пятнаццаць год, якія я пражыў на востраве, я да апошняга часу не выкрыў і сляда прысутнасці на ёй людзей, то гэта таму, што дзікуны, прыязджаючы сюды, ніколі не заставаліся доўга. А калі яны дагэтуль не палічылі патрэбным ці зручным заставацца тут больш-менш доўга, то трэба думаць, што так яно будзе і надалей. Адсюль вынікае: адзіная небяспека, якая магла мне пагражаць, была небяспека напароцца на іх у адзін з гэтых рэдкіх наездаў. Але магчымасць нашай сустрэчы была вельмі малая, бо, па-першае, дзікунам няма чаго было рабіць на маім востраве, і, наязджаючы сюды, яны кожны раз, мусіць, спяшаліся дамоў, па-другое, можна было з упэўненасцю сказаць, што яны заўсёды прычальваюць да супроцьлеглага ад мяне берагу, як бліжэйшага ад матэрыка; я-ж вельмі рэдка хадзіў на той бераг.
Значыцца, у мяне не было прычыны асабліва баяцца дзікуноў, хоць, вядома, варта ўсё-такі паклапаціцца пра надзейны прытулак на выпадак іх высадкі на востраве.
Мне прышлося цяпер пашкадаваць, што я пашырыў пячору за сваёй палаткай і вывеў з яе ход на знадворак. Трэба было так ці іначай выправіць гэтую памылку. І вось, памеркаваўшы, я рашыў пабудаваць вакол майго жылля яшчэ адну загарадку на такой адлегласці ад ранейшай сцяны, каб выйсце з пячоры было ў сярэдзіне ўмацавання. Ды мне нават і не трэба было будаваць новай сцяны: падвойны рад дрэў, якія я гадоў дванаццаць назад пасадзіў поўкругам удоўж старой загарадкі, быў ужо і сам надзейным аплотам, — так часта былі насаджаны дрэвы і так сільна яны разрасліся. Заставалася толькі пазабіваць коллем адлегласць паміж дрэвамі, каб ператварыць увесь гэты поўкруг у суцэльную, моцную сцяну. Гэтак я і зрабіў.
Цяпер мая крэпасць была абкружана двума сценамі. Але мая праца не скончылася на гэтым. Аграмадную плошчу за знадворнай сцяной я засадзіў тымі дрэўцамі, падобнымі на вярбу, якія так добра прымаліся і пра якія я ўжо казаў. Я лічу, што пасадзіў іх не менш дваццаці тысяч штук. Але паміж першымі дрэвамі і сцяной я пакінуў досыць значнае пустое месца, каб мне было лягчэй абараняцца ад ворага, які мог падкрасціся да яе пад прыкрыццем дрэў.
Праз два гады перад маім жыллём быў ужо малады гаёк, а яшчэ гадоў праз пяць-шэсць яго абступаў высокі лес, амаль непраходны, так часта былі насаджаны ў ім дрэвы і так густа яны разрасліся. Ніводная істота ў свеце не магла-б цяпер падумаць, што за гэтым лесам схавана чалавечае жыллё. Каб уваходзіць у маю крэпасць і выходзіць з яе (бо я не пакінуў выйсця ў знадворнай сцяне), я карыстаўся двума лесніцамі, прыстаўляючы папераменна да гары, якая ў абодва бакі (гэта значыць да майго жылля і ў адваротны бок) спускалася высокімі стромкімі ўступамі, і таму, калі абедзве лесніцы былі ўзняты, ніводзін жывы чалавек не мог трапіць да мяне, не зламаўшы сабе шыі.