Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XIII Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XIV
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел чатырнаццаты

Рабінзон робіць другую лодку меншых памераў, і прабуе аб’ехаць вакол вострава.

Наступныя пяць гадоў прайшлі, як гэта магу прыгадаць, без ніякіх асаблівых падзей. Жыццё маё ішло па-ранейшаму — ціха і мірна; я жыў на тым-жа месцы і па-ранейшаму падзяляў свой час на чытанне, працу і паляванне.

Галоўным маім заняткам, — вядома, апрача штогодніх работ па сяўбе і ўборцы збожжа і па збіранню вінаграду (збожжа я высяваў роўна столькі, каб хапала на год, і з такім-жа разлікам збіраў вінаград) і не лічачы штодзённых экскурсій са стрэльбай, — галоўным маім заняткам, кажу я, было будаванне новай лодкі. На гэты раз я не толькі зрабіў лодку, але і спусціў яе на ваду: я вывеў яе ў бухтачку па вузкаму каналу, які мне прышлося пракапаць без малага на поўмілі. Першую маю лодку, як ужо ведае чытач, я зрабіў такіх вялізных памераў, што вымушан быў пакінуць яе на месцы пабудовы, як помнік майго глупства, каб ён заўсёды нагадваў мне аб тым, што ў далейшым трэба быць разумнейшым. У наступны раз я быў больш практычным. Праўда, я і цяпер пабудаваў лодку бадай за поўмілі ад вады, бо бліжэй не знайшоў падыходзячага дрэва, але затое цяпер я дапасаваў яе велічыню і вагу да сваіх сіл. Бачачы, што мае намеры на гэты раз могуць быць выкананы, я цвёрда рашыў давесці іх да канца. Амаль два гады я праваждаўся з пабудовай лодкі, але я не шкадаваў аб гэтым: упэўненасць, што я ўрэшце буду мець магчымасць плаваць па моры, поўнасцю ўзнагароджвала мяне за маю працу.

Трэба аднак зазначыць, што мая новая пірога зусім не адпавядала першапачатковай маёй задачы, — той задачы, якую я ставіў, калі будаваў першую лодку. Яна была такой малой, што не было чаго і думаць пераплысці на ёй тыя сорак міль ці болей, якія аддзялялі мой востраў ад матэрыка. Такім чынам мне прышлося развітацца з гэтай марай. Але ў мяне з’явіўся новы план — аб’ехаць вакол вострава. Я пабываў ужо аднойчы на супроцьлеглым беразе, і адкрыцці, якія я зрабіў у тую экскурсію, так зацікавілі мяне, што мне яшчэ тады вельмі захацелася агледзець усё ўзбярэжжа вострава. І вось цяпер, калі ў мяне была лодка, я захацеў, што-б там ні было, аб’ехаць морам увесь востраў.

Прыступаючы да гэтага падарожжа, я дзейнічаў не абыяк, а з разлікам. Я зрабіў для сваёй лодачкі маленечкую мачту і пашыў такі-ж маленечкі ветразь з рэшткаў парусіны, якой у мяне быў досыць вялікі запас.

Калі такім чынам лодка была аснашчана, я паспрабаваў яе ход і ўпэўніўся, што ветразь дзейнічае вельмі добра. Тады я змайстраваў на карме і на носе невялікія шуфляды, каб прадукты, зарады і іншыя неабходныя рэчы, якія я буду браць у дарогу, не падмакалі ад дажджу і каб на іх не траплялі пырскі. Для стрэльбы я выдзеўбаў на дне лодкі вузкі жолаб. Затым я ўмацаваў на карме расчынены парасон, надаўшы яму такое палажэнне, каб ён быў над маёй галавой і абараняў мяне ад сонца.

6 лістапада, у шосты год майго царствавання ці знаходжання ў палоне, — называйце, як хочаце, — я адправіўся ў дарогу.

Праездзіў я куды больш, як разлічваў. Справа ў тым, што хаця мой востраў сам па сабе і невялікі, але, калі я завярнуў да той часткі яго ўзбярэжжа, якая накіравана на ўсход, перада мной вырасла непераможная перашкода. У гэтым месцы ад берагу аддзяляўся вузкі рад скал, часткова падводных, часткова тырчэўшых над вадой, і выступаў міль на шэсць у адкрытае мора, а далей, за скаламі, яшчэ мілі на паўтары, цягнулася пясчаная водмель. Такім чынам, каб іх абагнуць, прыходзілася рабіць вялікі крук.

Спачатку я хацеў быў адмовіцца ад свайго плана і павярнуць назад: я не мог вызначыць дасканала, як далёка мне прыдзецца прайсці адкрытым морам, пакуль я абагну рад падводных скал, і баяўся рызыкаваць. Таму я кінуў якар (перад адпраўкай у дарогу я змайстраваў сабе нешта накшталт якара з абломку жалезнага крука, знойдзенага мною на караблі), узяў стрэльбу і зышоў на бераг. Выгледзеўшы непадалёк даволі высокую горку, я ўзняўся на яе, змераў на вока даўжыню рыфаў і водмелі, якія адсюль былі бачны на ўсёй сваёй адлегласці, і рашыў паспрабаваць іх абагнуць.

Але не паспеў я адысці ад берагу на даўжыню маёй лодкі, як апынуўся на страшэннай глыбіні, і ўслед затым трапіў у магутны струмень морскага цячэння. Мяне закруціла, як на млынным шлюзе, падхапіла і панесла. Аб тым, каб павярнуць да берагу ці звярнуць убок, не было чаго і думаць. Усё, што я здолеў зрабіць, — гэта трымацца з краю цячэння і намагацца не трапіць у сярэдзіну. Між тым мяне занасіла ўсё далей і далей удоўж рыфаў. Каб быў хоць невялікі вецер, я мог-бы паспрабаваць паставіць ветразь, але на моры стаяў поўны штыль; я працаваў вёсламі з усіх сіл, але не мог справіцца з цячэннем. Я ўжо развітваўся з жыццём: я ведаў, што праз некалькі міль тое цячэнне, у якое я трапіў, і другое, якое абгінае другі бок вострава, зліюцца ў адно, і калі да таго часу мне не ўдасца звярнуць убок, я беззваротна загінуў. А між тым я не бачыў ніякай магчымасці звярнуць.

Выйсця не было: мяне чакала пэўная смерць — і не ў хвалях морскіх, бо мора было спакойнае, а страшная галодная смерць. Праўда, на беразе я знайшоў чарапаху, такую вялікую, што ледзьве здолеў падняць яе, і ўзяў з сабой у лодку. Быў у мяне таксама добры запас прэснай вады (я ўзяў самы вялікі з маіх гліняных збаноў). Але што гэта значыла для няшчаснага падарожніка, які згубіўся ў пустыні бязбрэжнага акіяна, дзе можна прайсці тысячы міль, не ўбачыўшы і адзнак зямлі?

Аб сваім пустынным, нудным востраве я ўспамінаў цяпер, як аб зямным раі, і адзіным маім жаданнем было вярнуцца ў гэты рай. Нельга выказаць, у якой я быў роспачы, калі ўбачыў, што мяне заносіць прэч ад майго любага вострава — так, ён мне быў любы цяпер! — заносіць у бязмежную вадзяную далеч, і я павінен навекі развітацца з надзеяй зноў убачыць яго.

Але як я ні быў збянтэжаны, я гроб безупынна, да страты сіл, імкнучыся накіраваць лодку на поўнач з такім разлікам, каб перасячы плынь і абагнуць рыфы. Раптам каля палудня, калі сонца перайшло прама мне насустрач, падзьмуў ветрык. Гэта мяне ўзбадзёрыла. Але ўявіце маю радасць, калі ветрык шпарка пачаў свяжэць і праз поўгадзіны ператварыўся ў добры, моцны вецер. К гэтаму часу мяне загнала на далёкую адлегласць ад майго вострава. Каб узняўся ў тую пару туман, мне быў-бы канец: са мной не было компаса, і каб толькі я згубіў з віду мой востраў, я не ведаў-бы, куды кіраваць. Але на маё шчасце быў сонечны дзень і нішто не паказвала на туман. Я паставіў мачту, падняў ветразь і пачаў кіраваць на поўнач, імкнучыся выбіцца з плыні.

Як толькі мая лодка павярнула па ветру і пайшла наперарэз плыні, я заўважыў перамену: вада зрабілася значна святлейшай. Я зразумеў, што цячэнне па нейкай прычыне слабне, бо раней, калі яно было шпаркім, вада была ўвесь час мутнай. І сапраўды, хутка я ўбачыў направа ад сябе, на ўсходзе, групу ўцёсаў (іх можна было ўбачыць здалёк па белай пене ад хваляў, якія бурлілі вакол іх). Гэтыя ўцёсы і затрымлівалі плынь, загароджваючы ёй шлях. Але хутка я ўпэўніўся, што яны не толькі рабілі павольнай плынь, яшчэ разбівалі яе на два струмені, з якіх галоўны толькі злёгку адхіляўся да поўдня, пакідаючы ўцёсы злева, а другі крута зварочваў назад і накіроўваўся на паўночны захад.

Толькі тыя, хто ведае па вопыту, што значыць вызваліцца ад смерці, стоячы на эшафоце, ці выратавацца ад рабаўнікоў у апошні момант, калі нож прыстаўлены ўжо да горла, зразумеюць маю радасць пры гэтым адкрыцці. Сэрца маё білася ад радасці, калі я накіраваў сваю лодку ў адваротны струмень, падставіў ветразь папутнаму ветру, які яшчэ пасвяжэў, і весела паімчаўся назад.

Але спрыяльная плынь, што гнала мяне назад да майго вострава, праходзіла міль за шэсць на поўнач ад той плыні, якая мяне занесла ў мора, і таму, параўнаўшыся з востравам, я апынуўся супроць паўночнага яго берагу, гэта значыць, супроцьлеглага таму, ад якога я адчаліў. Прайшоўшы па майму разліку крыху больш трох міль, я па раптоўна павольнаму ходу лодкі заўважыў, што плынь спынілася. Але цяпер ужо я быў па-за небяспекай, бо знаходзіўся між двума неспрыяльнымі плынямі — паўднёвай, якая мяне занесла ў мора, і паўночнай, што праходзіла па другім баку, але значна далей таго струменя, якім мяне прыгнала назад. Карыстаючыся папутным ветрам, я пасоўваўся да вострава, хоць ужо і не так шпарка. Каля пятай гадзіны вечара я падышоў да берагу і, выбраўшы зручную мясціну, прычаліў.

К вечару я дабраўся да маёй лясной дачы, дзе было ўсё ў поўным парадку. Я пералез цераз агарожу, прылёг у цяньку і, адчуваючы страшэнную стомнасць, хутка заснуў.

Але ўявіце сабе, якое было маё здіўленне, калі я прачнуўся, таму што нейчы голас крычаў мне: «Робін, Робін, Робін Крузо! Небарака Робін Крузо! Куды ты трапіў? Як цябе сюды занесла?»

Змучаны доўгім веславаннем, я спаў такім моцным сном, што не адразу мог прачнуцца, і мне доўга здавалася, што я чую гэты голас у сне. Але калі настойліва паўтарыўся крык: «Робін Крузо, Робін Крузо» я нарэшце прачнуўся і страшэнна парапалохаўся. Я ўскочыў, дзіка азіраючыся навакол, і раптам, падняўшы галаву, убачыў на плоце свайго Попку. Вядома, я зараз-жа здагадаўся, што гэта ён мяне гукаў: такім самым жаласлівым тонам я часта гаварыў яму гэтую фразу, і ён вельмі добра яе завучыў. Сядзе бывала, мне на палец, прыціснецца галоўкай да майго твара і пачне: «Небарака Робін Крузо! Куды ты трапіў? Як цябе сюды занесла?» і гэтак далей.

Але нават упэўніўшыся, што гэта быў папугай, і разумеючы, што, акрамя папугая няма каму тут і быць, я яшчэ доўга не мог заспакоіцца. Я зусім не разумеў, па-першае, як ён трапіў на маю дачу, па-другое, чаму ён прыляцеў іменна сюды, а не ў іншае месца. Але як ў мяне не было аніякага сумнення ў тым, што гэта ён, мой верны Попка, то, не ламаючы галавы над гэтымі пытаннямі, я назваў яго па імені і працягнуў яму руку. Разумная птушка зараз-жа села мне на палец і завяла сваё: «Небарака Робін Крузо! Куды ты трапіў?» Яна нібы ўзрадавалася, што зноў бачыць мяне. Само сабой зразумела, што я ўзяў яе з сабой.

Непрыемныя прыгоды маёй морскай экспедыцыі надоўга адбілі ў мяне ахвоту плаваць па моры: я быў сыты аднымі ўспамінамі аб небяспеках, у якія я трапляў. Безумоўна, было-б добра, каб лодка была ў мяне на гэтым баку вострава, але я не ведаў, як яе прывесці. Аб усходнім узбярэжжы я не хацеў і думаць: я ні ў якім разе не рызыкнуў-бы абагнуць яго яшчэ раз: ад адной думкі пра гэта ў мяне сціскалася сэрца і стыгла кроў у жылах. Заходнія берагі вострава былі мне зусім незнаёмыя. Але што, калі плынь у тым баку была такая-ж моцная і быстрая, як і ў гэтым? І хіба я мог паручыцца, што мне ўдасца яе мінуць? Словам,

узяўшы ўсё пад увагу, я рашыў, што як ні дорага, у сэнсе часу і працы, каштавала мае мая лодка, але лепш застацца без лодкі, чымсьці рызыкаваць з-за яе галавой.

У той-жа год я ўдасканаліўся ва ўсіх ручных работах, якія вымагаліся ўмовамі майго жыцця. К канцу года мяне можна было-б палічыць зусім добрым цесляром, асабліва калі прыняць пад увагу як мала ў мяне было інструментаў. Я і ў ганчарнай справе зрабіў вялікі крок наперад: зрабіў станок з круціўшымся кругам, ад чаго мая работа шмат выйграла не толькі ў часе, але і ў якасці; цяпер замест нязграбных, грубых вырабаў, на якія было брыдка глядзець, у мяне атрымліваліся рэчы правільнай формы, якія мелі сапраўды прыгожы выгляд. Але ніколі я, здаецца, не быў так узрадаваны і не ганарыўся сваёй кемлівасцю, як у той дзень, калі мне ўдалося зрабіць люльку. Вядома, мая люлька была самага першабытнага тыпу — з простай абпаленай гліны, як і ўсе мае ганчарныя вырабы, — і вышла яна не надта прыгожай; але яна была дастаткова моцная і добра прапускала дым, а галоўнае — гэта была ўсё-такі люлька, аб якой я даўно марыў, бо прывык курыць амаль што з дзяцінства. На нашым караблі былі люлькі, але я не ведаў тады, што на востраве расце тытун, і рашыў, што не варта іх браць.

Мой запас пораху пачынаў прыкметна памяншацца. Гэта была такая страта, якую пры ўсім маім жаданні я не мог звярнуць, і мяне сур’ёзна пачало непакоіць, што я буду рабіць, калі ў мяне выйдзе ўвесь порах, і як я буду тады хадзіць на паляванне на коз.