Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XIII
← Раздзел XII | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XIII Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел XIV → |
Раздзел трынаццаты
Рабінзон будуе лодку і шые сабе новае адзенне.
Увесь гэты час я заўсёды ўспамінаў пра зямлю, якую бачыў з другога берагу майго вострава, і ў глыбіні душы не пакідаў шкадаваць аб тым, што пасяліўся не на тым беразе: мне ўсё здавалася, што, каб я жыў на віду матэрыка, ці наогул заселенай краіны, я як-небудзь знайшоў-бы магчымасць дабрацца туды, ці ва ўсякім выпадку вырвацца з маёй турмы.
Вось калі я не адзін раз успомніў свайго маленькага сябра Ксуры і мой парусны бот, на якім я прайшоў удоўж афрыканскіх берагоў больш як тысячу міль! Але што з гэтых успамінаў? Я рашыў пайсці зірнуць на карабельную шлюпку, якую яшчэ ў тую буру, калі мы пацярпелі крушэнне, выкінула на бераг за некалькі міль ад майго жылля. Шлюпка ляжала блізка ад таго месца, куды яе выкінула: яе перакуліў прыбой уверх дном і аднёс крыху вышэй, на пескавую водмель, куды ў звычайны час не дасягала вада.
Каб мне паправіць і спусціць на ваду гэтую шлюпку, я здолеў-бы без асаблівых цяжкасцей дабрацца да Бразіліі. Але для такой работы мала было адной пары рук. Я лёгка мог-бы сцяміць, што для мяне скрануць з месца гэтую шлюпку такая-ж задача, як скрануць з месца мой востраў. Але, не гледзячы ні на што, я захацеў паспрабаваць: пайшоў ў лес, насек тоўстых жэрдак, якія павінны былі служыць мне вагарамі, выцесаў з чурбакоў дзве качалкі і ўсё гэта перацягнуў да шлюпкі. «Абы толькі мне ўдалося перавярнуць яе на дно, — казаў я сабе, — а паправіць яе — справа няцяжкая. Выйдзе такая добрая лодка, што ў ёй смела можна будзе пусціцца ў мора».
І я не пашкадаваў сіл на гэтую бескарысную работу: я праваждаўся тыдні тры ці чатыры. Мала таго: калі я ўрэшце зразумеў, што не з маімі слабымі сіламі скрануць такую махіну, я прыдумаў новы план. Я ўзяўся адкідваць пясок ад аднаго борта шлюпкі, мяркуючы, што, страціўшы пункт апоры, яна сама павернецца і стане на дно; разам з тым я падкладываў пад яе кавалкі, каб накіраваць яе падзенне, куды мне было трэба.
Шлюпка, сапраўды стала на дно, але гэта ніяк не пасоўвала мяне да маёй мэты: я ўсёроўна не здолеў спусціць яе на ваду і ўрэшце быў прымушаны адмовіцца ад маіх вымудраў. Але гэтая няўдача не адбіла ў мяне ахвоты да далейшых спроб дабрацца да матэрыка; наадварот, па меры таго, як мэта маіх імкненняў здавалася мне больш і больш недасягаемай, маё жаданне дасягнуць яе ўсё расло.
Нарэшце мне прышло ў галаву: ці не паспрабаваць мне самому зрабіць лодку або, яшчэ лепш, пірогу, якія я бачыў у чырвонаскурых? «Каб зрабіць пірогу, — разважаў я, — не трэба амаль ніякіх інструментаў, бо яна выдзёўбваецца з суцэльнага камля дрэва; з такой работай можа справіцца і адзін чалавек». Словам, зрабіць пірогу здавалася мне не толькі магчымай, але самай лёгкай справай, і я з асалодай марыў аб тым часе, калі паплыву ў маёй пірозе. Мне нават здавалася, што мне будзе лягчэй выканаць гэтую задачу, чымся неграм або індзейцам.
Я не задаваў сабе пытання, як я спушчу сваю пірогу на ваду, калі яна будзе гатовая, а між тым гэтая перашкода была больш сур’ёзная, як нястача інструментаў.
Усе мае думкі былі да такой ступені паглынуты падарожжам, якое мелася быць, што я ні на секунду не спыніўся на гэтым пытанні, хаця было да смешнага відавочна, што непараўнаўча лягчэй правесці лодку сорак пяць міль па моры, чымсь працягнуць па зямлі на адлегласці сарака пяці крокаў, адлучаўшых яе ад вады.
Адным словам, у гісторыі з пірогай я паказаў сябе такім дурнем, якім толькі можа быць, калі захоча, чалавек са здаровым розумам.
Я пацяшаўся сваім мерапрыемствам, не клапоцячыся аб тым, ці магу я давесці яго да канца. Нельга сказаць, каб думка аб спуску на ваду зусім не прыходзіла мне ў галаву, — не, прыходзіла; але я не даваў ёй ходу, уціскаючы яе кожны раз дурнейшым довадам: «Перш зробім лодку, а там памяркуем ужо, як яе спусціць».
Глупства, недарэчнасць, што і сказаць! Але мая фантазія так разгулялася, што не давала мне супакою, і я ўзяўся за работу. Я высек велізарнейшы кедр, добры, выдатны кедр, які меў пяць футаў дзесяць дзюймаў у папярочніку ўнізе, у пачатку ствала, а ўверсе, на вышыні дваццаці двух футаў, — чатыры футы адзінаццаць дзюймаў; затым ствол паступова рабіўся танейшым і ўрэшце разгалініваўся.
Можаце ўявіць, колькі працы мне каштавала паваліць гэтае дрэва. Дваццаць дзён я сек самы ствол, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, ды яшчэ чатырнаццаць дзён мне спатрэбілася, каб абсячы бакавое сучча і аддзяліць велізарную, развесістую верхавіну. Цэлы месяц я апрацоўваў маю калоду знадворку, імкнучыся выцесаць хоць некаторае падабенства кіля, бо без кіля пірога не магла-б трымацца на вадзе проста. А там тры месяцы пайшло яшчэ на тое, каб выдзяўбсці яе ў сярэдзіне. На гэты раз я абышоўся без агню: усю гэтую егіпецкую работу я зрабіў стамескай ды малатком. У выніку ў мяне атрымалася адменная пірога, такая вялікая, што смела магла падняць дваццаць пяць чалавек, а значыцца і мяне з усім маім грузам.
Я быў у захапленні ад свайго твору: ніколі ў жыцці я не бачыў такой вялікай лодкі з цэльнага дрэва. Затое і дорага-ж яна мне абышлася!.. Як-бы там не было, палова справы была зроблена; засталося толькі спусціць лодку на ваду, і я не сумняваўся, што, каб гэта мне ўдалося, я пусціўся-б у самае вар’яцкае і самае безнадзейнае з усіх морскіх вандраванняў, якія толькі калі рабіліся на земным шары.
Але ўся мая праца, усе мае намаганні загінулі дарма: мая пірога засталася там, дзе была!
Ад лесу, дзе я яе пабудаваў, да вады, было не больш пяцідзесяці сажняў, але лес стаяў у лагчыне, і мясцовасць уздымалася к берагу ў гару, якая канчалася высокім абрывам ля самага мора. Гэта было першай перашкодай. Але я смела ўзяўся яе знішчыць, зняўшы ўсю лішнюю зямлю такім чынам, каб ад лесу да берагу ўтварыўся пакаты спуск. Страшна ўспомніць, колькі працы я патраціў на гэтую работу, але-ж ці шкадуеш працу, калі разлічваеш ёю купіць волю? Такім чынам, першая перашкода была знішчана: дарога для лодкі гатова. Але з гэтага нічога не вышла: колькі я ні намагаўся, я не мог скрануць з месца маю пірогу, як раней не мог скрануць карабельнай шлюпкі.
Тады я вымераў адлегласць, якая адлучала маю лодку ад мора, і рашыў выкапаць для яе канал: калі нельга было правесці лодку да вады, заставалася правесці ваду да лодкі. І я пачаў ужо было капаць; але калі добра абмеркаваў мінімальную глыбіню і шырыню будучага канала, калі падлічыў, колькі прыблізна часу патрэбна, каб такую работу зрабіў адзін чалавек, то высветлілася, што мне спатрэбіцца не менш дзесяці-дванаццаці гадоў, каб давесці яе да канца. Нічога не зробіш — прышлося, з болем у сэрцы, кінуць і гэтую выдумку.
Я быў засмучоны да глыбіні душы і тут толькі прыгадаў — крыху позна! — мудрую прыказку: сем разоў адмер, адзін адрэж.
За гэтай недарэчнай работай застала мяне чацвёртая гадавіна майго жыцця на востраве.
Я так даўно жыў на маім востраве, што шмат узятых з карабля рэчаў або зусім патрапаліся, або канчалі свой век, а карабельныя запасы рознастайных прадуктаў часткова зусім вышлі, часткова падыходзілі да канца.
Пасля чарніла ў мяне вышаў увесь запас хлеба, або вярней, не хлеба, а карабельных сухароў. Я эканоміў іх, як толькі мог (у апошнія паўтары гады я дазваляў сабе з’есці не больш аднаго сухара ў дзень), і ўсё-ткі да таго часу, пакуль я сабраў з свайго поля столькі збожжа, што можна было пачаць яго ўжываць, я сядзеў амаль год без кавалка хлеба.
З адзення я таксама сышоўся. У мяне былі толькі сарочкі ў клетку (каля трох тузінаў, якія я знайшоў у скрынях матросаў і бярог як уласнае вока, бо на маім востраве было часта так спякотна, што даводзілася хадзіць у адной сарочцы, ды і не ведаю, што я рабіў-бы без гэтага запасу.
Але была і іншая прычына, якая не дазваляла мне хадзіць голым: калі на мне было што-небудзь надзета, я лягчэй пераносіў сонечную спякоту. Гарачыя промні трапічнага сонца прапальвалі мне скуру да пузыроў, сарочка-ж ахоўвала яе ад сонца, і акрамя таго, мяне ахаладжаў рух паветра між сарочкай і целам. Ніколі не мог я таксама прызвычаіцца хадзіць на сонцы з непакрытай галавой; кожны раз, калі я выходзіў без шапкі, у мяне пачынала балець галава.
Маё адзенне адмаўлялася служыць. Трэба было прывесці ў парадак хоць тое рыззё, якое ў мяне яшчэ засталося і якое я называў сваім гарнітурам. Перш за ўсё мне патрэбна была жылетка (усе, што ў мяне былі, я знасіў); таму я і пачаў з жылетак. Я паспрабаваў перарабіць на жылеткі верхнія матроскія курткі, якія ў мяне ўсёроўна дарэмна ляжалі. І вось я пачаў шыць, або, вярней, крэмсаць і калупаць іголкай, бо, шчыра кажучы, я быў даволі-такі няўдалым краўцом. Як-бы там ні было, я з грахом папалам зрабіў дзве ці тры жылеткі, якіх, па майму разліку, павінна было хапіць надоўга. Пра першую маю спробу пашыць штаны лепш і не казаць, бо яна скойчылася вельмі канфузнай няўдачай; але хутка пасля таго я знайшоў новы спосаб апранацца і з таго часу не меў нястачы ў адзенні.
Я ўжо казаў, што ў мяне захаваліся скуркі ўсіх забітых мною жывёл. Кожную скурку я прасушваў на сонцы, распяўшы на жэрдках. Толькі спачатку я па нявопытнасці вельмі доўга трымаў іх на сонцы, таму першыя скуркі былі такімі жорсткімі, што яны наўрад ці маглі для чаго спатрэбіцца, але затое астатнія былі добрыя. З іх я першым чынам і пашыў сабе вялікую шапку поўсцю зверху, каб яна не баялася дажджу. Футровая шапка так добра ўдалася, што я захацеў, зрабіць сабе з такога-ж матэрыялу ўвесь гарнітур, гэта значыць куртку і штаны, Штаны пашыў я кароткія, да кален, і вельмі прасторныя; куртку таксама зрабіў шырэйшую, бо і тое, і другое было мне патрэбна больш для аховы ад сонца, чымся для цеплыні. Фасон і работа, трэба прызнацца, былі нікуды не вартымі; краўцом я быў вельмі дрэнным, а закройшчыкам і таго горш. Як-бы там ні было, мае кравецкія вырабы добра мне служылі, асабліва калі мне здаралася выйсці ў час дажджу: уся вада сцякала па даўгой поўсці, і я заставаўся сухім.
Пасля курткі і штаноў я задумаў змайстраваць сабе парасон. Я бачыў як іх робяць у Бразіліі: там ніхто не ходзіць без парасона з-за спякоты, а на маім востраве было ані трохі не халадней, нават гарачэй, бо ён бліжэй да экватара. Мне-ж неабходна было выходзіць ва ўсякае надвор’е, а іншы раз доўга бадзяцца і пад сонцам, і пад дажджом; словам, парасон быў мне абавязкова патрэбны. Шмат мне было клопату з гэтай работай, і шмат часу прайшло, перш чым мне ўдалося зрабіць нешта падобнае на парасон (разы два ці тры я выкідваў папсаваны матэрыял і пачынаў спачатку), але ў выніку я дамогся свайго і зрабіў досыць добры парасон. Справа ў тым, што я хацеў, каб ён расчыняўся і зачыняўся; у гэтым іменна і была галоўная цяжкасць. Вядома, зрабіць яго нерухомым было вельмі лёгка, але тады прышлося-б заўсёды насіць яго над галавой, а гэта было нязручна. Але, як ужо сказана, я
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
перамог гэтую цяжкасць, і мой парасон мог зачыняцца. Я абцягнуў яго казлінымі скурамі поўсцю ўверх: дажджавая вада сцякала па поўсці, як па нахіленай страсе, і самыя гарачыя сонечныя промні не прабівалі яго. З гэтым парасонам я не баяўся ніякага дажджу і не цярпеў ад гарачыні нават у самае спякотнае надвор’е; а калі ён быў мне не патрэбен, я зачыняў яго і нёс пад пахай.
Гэтак жыў я на маім востраве, спакойны і здаволены.