Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XII
← Раздзел XI | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XII Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел XIII → |
Раздзел дванаццаты
Рабінзон вырабляе пасуду.
У тыя дні, калі ішоў дождж і я не мог выйсці з дому, я між справай вучыў свайго папугая гаварыць, і гэта вельмі забаўляла мяне. Пасля некаторых лекцый ён ужо ведаў сваё імя, а потым, хаця і не хутка, навучыўся даволі выразна выгаварваць яго. «Попка» было першае слова, якое я пачуў на маім востраве, можна сказаць, з чужых вуснаў. Але размовы з Попкам, як ужо сказана, былі для мяне не работай, а дапамогай у рабоце. У той час у мяне была на руках вельмі важная справа. Даўно ўжо я ламаў галаву, як знайсці спосаб рабіць гліняную пасуду, але нічога не мог прыдумаць. Галоўная затрымка была за матэрыялам, бо я не сумняваўся, што ўдасца вылепіць нешта накшталт гаршка ці міскі, калі толькі знайду добрай гліны. Што тычыцца абпальвання, то я лічыў, што ў гарачым клімаце для гэтага дастаткова сонечнага цяпла. «Ва ўсякім разе, — думаў я, — мая пасуда, прасохнуўшы на сонцы, будзе настолькі моцная, каб можна было браць яе ў рукі і трымаць у ёй зерне, муку і наогул усе сухія прадукты для захавання іх ад вільгаці». І я рашыў, як толькі знайду адпаведную гліну, вылепіць некалькі вялікіх банак для зерня. Пра такую гліняную пасуду, у якой можна было-б варыць, я пакуль яшчэ не думаў.
Уяўляю, як вы пасмяяліся-б з мяне, добры чытач (а можа і пашкадавалі-б мяне), каб я вам расказаў, як няўмела я прыступаў да гэтай работы, якія недарэчныя, нязграбныя пакалечаныя творы выходзілі ў мяне з-пад пальцаў, колькі маіх вырабаў раскідваліся ад таго, што гліна была вельмі пухкай і не вытрымлівала ўласнай вагі, колькі іншых патрэскалася ад таго, што я спяшаўся выставіць іх на сонца, і колькі рассыпалася на дробныя кавалкі пры першым дотыку да іх як да прасушкі, так і пасля прасушкі. Даволі сказаць, што пасля двухмесячнай няўтомнай працы, калі я нарэшце знайшоў гліну, накапаў яе, прынёс дамоў і пачаў працаваць, у мяне вышла нарэшце дзве вялікія нязграбныя гліняныя пасудзіны, бо банкамі іх, строга кажучы, нельга было назваць.
Гэта ўсё-такі было здабыткам! Калі мае банкі добра зацвярдзелі на сонцы, я асцярожна ўзяў іх адну за другой і паставіў у два вялікія кошыкі, якія я сплёў выключна для іх. Усе пустыя мясціны між кожнай банкай і кошыкам я для большай аховы шчыльна заткнуў рысавай і ячменнай саломай. Абедзве гэтыя першыя банкі прызначаліся пакуль што для хавання зерня, каб яно не магло папсавацца ад вільгаці, а з цягам часу, калі я прыдумаю спосаб малоць зерне, — пад муку.
Буйныя вырабы з гліны вышлі ў мяне няўдалымі. Куды лепш выходзіла ў мяне дробная пасуда: маленькія круглыя гаршэчкі, пляскатыя гарлачы, блюды, кубкі, міскі і іншыя дробныя рэчы. Яно і зразумела: дробныя рэчы лягчэй ляпіць: акрамя таго, яны раўней абпальваліся на сонцы і таму менш біліся.
Але ўсё гэта было не тое, што мне было трэба: мне патрэбна была такая пасуда, каб можна было ў ёй варыць, каб яна вытрымлівала агонь і не прапускала вады, а гэтага я і не мог дамагчыся. Але вось неяк раз я разводзіў агонь, каб потым спячы на вуголлі мяса. Калі мяса спяклося, я хацеў пагасіць вуголле і знайшоў у ім чарапок ад маёй разбітай глінянай банкі: чарапок распаліўся дачырвана і зацвярдзеў, як камень. Я быў прыемна здзіўлены гэтым адкрыццем. «Калі гліняны чарапок так зацвярдзеў ад агню, то, значыцца, з такім-жа поспехам можна абпальваць у агні і гліняную пасуду», сказаў я сабе.
Я думаю, ніводзін чалавек у свеце не адчуваў гэткай радасці ад такой нязначнай прычыны, якую адчуў я, калі зрабіў агнетрывалую пасуду. Я ледзьве дачакаўся, покуль мае гаршкі астынуць, каб можна было наліць у адзін з іх вады і зварыць у ім мяса. Гаршкі вышлі вельмі добрымі. Я зварыў сабе з казляціны добры бульён, хаця, безумоўна, каб палажыць у яго каранёў, ды заправіць соллю і аўсянай мукой, ён вышаў-бы яшчэ лепшым.
Наступным маім клопатам было прыдумаць, як зрабіць каменную ступку, каб размельваць, або, вярней, таўчы ў ёй зерне; аб такім складаным творы, як млын, не магло-ж быць і гутаркі: адной пары чалавечых рук было не пад сілу выканаць такую работу. Але зрабіць ступку было таксама не зусім ужо проста: у рамесніцтве каменацёса я нічога не разумеў, як і ва ўсіх іншых, і акрамя таго ў мяне не было інструментаў. Не адзін дзень патраціў я, каб знайсці адпаведны кавалак камня, г. зн. дастаткова цвёрды і такой велічыні, каб у ім можна было выдзяўбсці паглыбленне: але нічога не знайшоў. На маім востраве былі ўцёсы, але гэтыя ўцёсы былі з суцэльнага камня, ад якога пры ўсіх маіх намаганнях я не мог адкалоць адломку патрэбнай велічыні, бо для гэтага ў мяне не было аніякіх інструментаў. Ды і камень гэты для ступкі ўсёроўна не падыходзіў; гэта быў порысты камень з пароды пясчанікаў: пры таўчэнні цяжкім таўкачом ён пачаў-бы абавязкова крышыцца, і ў муку трапляў-бы пясок. Такім чынам, згубіўшы шмат часу на дарэмныя пошукі, я адмовіўся ад думкі пра каменную ступку і рашыў змайстраваць драўляную, для якой куды лягчэй было знайсці матэрыял. Сапраўды, я хутка вызначыў у лесе калоду вельмі цвёрдага дрэва і такую вялікую, што ледзь здолеў крануць яе з месца. Я абцясаў яе зверху сякерай, каб прыдаць ёй па мажлівасці правільную форму, а затым часткова выдзеўбаў, часткова выпаліў у ёй паглыбленне накшталт таго, як бразільскія чырвонаскурыя робяць лодкі. Няма чаго і казаць, што гэтая працэдура цягнулася страшэнна доўга і каштавала мне вялікай працы. Пакончыўшы са ступкай, я выцесаў вялікі важкі таўкач з так званага жалезнага дрэва. І ступку і таўкач я схаваў да наступнага жніва, калі, па маіх разліках, у мяне павінна была атрымацца дастатковая колькасць зерня, каб частку яго можна было аддзяліць для мукі.
Цяпер неабходна было падумаць аб тым, як я буду мясіць свой хлеб, калі падрыхтую муку. Перш за ўсё ў мяне не было дражджэй; аднак, гэтаму гору ўсёроўна дапамагчы не было як, і таму аб дражджах я не турбаваўся. Але печка... як абыйсціся без печкі? Гэта было сапраўды галаваломнае пытанне. Тым не менш я ўсё-такі прыдумаў, чым яе замяніць. Я вылепіў з гліны некалькі вялікіх буйных пасудзін накшталт блюд, вельмі шырокіх, але мелкіх: усе гэтыя блюды я добра прапаліў на агні. Я падрыхтаваў іх задоўга да пачатку жніва і пакуль схаваў у кладоўцы. Трэба зазначыць, што яшчэ раней у мяне быў збудаваны на зямлі ачаг — роўная пляцоўка з квадратных (хоць сапраўды далёка не квадратных) цаглін, таксама ўласнага вырабу і таксама добра абпаленых. Калі надышла пара пячы хлеб, я развёў на гэтым ачагу вялікі агонь. Дачакаўшыся, каб дровы перагарэлі, я разгарнуў вуголле па ўсяму ачагу і даў ім паляжаць некаторы час, пакуль ачаг не распаліцца. Тады я адгарнуў увесь вугаль убок, пасадзіў на ачаг свой хлеб, накрыў яго адным з нарыхтаваных мною гліняных блюдаў, перакуліў яго ўверх дном, а блюда залажыў гарачым вуголлем. І што-ж? Мой хлеб спёкся, як у самай лепшай печцы.
Наогул я за кароткі час зрабіўся вельмі добрым пекарам: не кажучы ўжо аб простым хлебе, я навучыўся пячы пудзінгі і аладкі з рысу; толькі пірагоў я не рабіў, ды і то толькі таму, што акрамя казляціны ды птушынага мяса, іх не было чым начыняць.