Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/VI
← Раздзел V | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел VI Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел VII → |
Раздзел шосты
Рабінзон перацягвае ўсю сваю маёмасць да сябе ў дом. — Каза і казлянё.
З вялікай цяжкасцю перацягнуў я ў сваю крэпасць усё маё багацце — харчы, зброю і ўсё астатняе. Затым я паставіў у ёй вялікую палатку. Каб захаваць сябе ад дажджоў, якія ў трапічных краінах у пэўны час года бываюць вельмі вялікімі, я зрабіў палатку падвойную, гэта значыць, спачатку зрабіў адну палатку меншую, а над ёй паставіў большую. Знадворную палатку я пакрыў яшчэ зверху брэзентам, што захапіў з карабля разам з ветразямі.
Цяпер я спаў ужо не на сенніку, кінутым проста на зямлю, а ў вельмі ўтульным гамаку, які належаў памочніку нашага капітана.
Я перанёс у палатку ўсе харчы, наогул усё тое, што магло папсавацца ад дажджу. Калі такім чынам усе рэчы былі ўнесены ў сярэдзіну агарожы, я наглуха забіў уваход і пачаў уваходзіць і выходзіць па прыстаўной лесніцы, якую кожны раз падымаў за сабой. Такім чынам я жыў, як у замку, абаронены ад усялякіх небяспек, і мог спаць спакойна.
Прывёўшы ў парадак агарожу, я ўзяўся капаць пячору, паглыбляючы прыродную западзіну ў гары. Выкапаныя каменні і зямлю я выцягнуў праз палатку ў дворык і складваў ля агарожы з унутранага боку. У выніку ўдоўж усёй агарожы ўтварылася нешта накшталт тэрасы фута паўтара вышынёй. Пячора знаходзілася якраз за палаткай і служыла мне склепам.
Патрабавалася шмат дзён і шмат энергіі, каб давесці да канца ўсе гэтыя работы. За гэты час многае іншае займала мае думкі і было некалькі здарэнняў, аб якіх я хачу расказаць. Неяк аднаго разу, пасля таго як я ўжо паставіў палатку і пачаў капаць пячору, набегла раптам чорная хмара, і лінуў праліўны дождж. Потым бліснула бліскавіца і грымнуў страшэнны гром. У гэтым, вядома, не было нічога незвычайнага, і мяне спалохала не столькі самая бліскавіца, колькі думка, шпарчэйшая за бліскавіцу, якая прамільгнула ў маім мазгу: «Мой порах!» У мяне замерла сэрца, калі я падумаў: «Адзін удар, і ўвесь мой порах загінуў! Прапаў не толькі сродак абароны, але і мажлівасць здабываць сабе страву». Мне нават у галаву не прышло, пад якой небяспекай у выпадку ўзрыву знаходзіўся я сам.
Гэты выпадак зрабіў на мяне такое моцнае ўражанне, што, як толькі навальніца спынілася, я адклаў часова ўсе работы па абсталяванню і замацаванню майго жылля і ўзяўся за сталярную работу ды шыццё: я шыў мяшэчкі і рабіў скрынкі для пораху. Я надумаў падзяліць мой порах на часткі і хаваць яго ў розных месцах, каб ён ні ў якім выпадку не мог загарэцца ўвесь адразу. На гэтую работу ў мяне пайшло амаль два тыдні. Усяго пораху ў мяне было да ста сарака фунтаў. Я расклаў яго ўвесь па мяшэчках і па скрынках, падзяліўшы прынамсі на сто частак. Мяшэчкі і скрыначкі я схаваў у шчылінах гары. У такіх месцах, куды ніякім чынам не магла трапіць вільгаць, і добра адзначыў кожнае месца. За кадушку з падмоклым порахам я не баяўся, таму паставіў яе, як яна была, у сваю «кухню», як я ў думках называў пячору.
У той-жа час я раз у дзень (а было і часцей) выходзіў з дому са стрэльбай, каб прабавіць час, а таксама для таго, каб азнаёміцца з мясцовай фаунай[1], і, калі ўдасца, падстрэліць якую дзічыну. У першы-ж раз, калі я пайшоў у такую экскурсію, я зрабіў адкрыццё, што на востраве водзяцца козы. Першым-жа стрэлам я забіў маладую казу, пры якой быў сасунок. Мне вельмі было шкода казлёнка. Калі матка ўпала, ён не пабег. Мала гэтага: калі я падышоў да забітай казы, ускінуў яе на плечы і панёс дамоў, казлянё пабегла за мной. Гэтак мы дайшлі да самага дома. Ля агарожы я палажыў казу на зямлю, узяў на рукі казлянё і перасадзіў яго цераз колле на двор. Я хацеў вырасціць яго і прыручыць, але яно яшчэ не ўмела есці, і я быў вымушан яго зарэзаць. Мне надоўга хапіла мяса ад гэтых двух жывёл. Еў я наогул эканомна, імкнучыся па магчымасці зберагчы свае запасы, асабліва хлеб.
Пасля таго, як я канчаткова абсталяваўся ў сваім новым жыллі, самым неадкладным, што трэ‘ было зрабіць, гэта пабудаваць печку ці наогул які-небудзь камінок; дзе можна было-б раскласці агонь. Неабходна было таксама назапасіць дроў. Аб тым, як я справіўся з гэтай задачай, а таксама як павялічыў свой склеп і як паступова зрабіў сабе некаторы камфорт, я падрабязна раскажу далей, але перш мне хацелася-б пагаварыць аб сабе, расказаць, якія думкі ў той час наведвалі мяне. А іх было нямала, і гэта зразумее кожны, хто прыме пад увагу тагочасныя ўмовы майго жыцця.
- ↑ Жывёлы данай мясцовасці.