Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VI Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел VII
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел VIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел сёмы

Каляндар Рабінзона. — Рабінзон усталёўвае сваё жыллё.

Прайшло дзён дзесяць-дванаццаць майго жыцця на востраве, калі мне раптам прышло ў галаву, што я заблытаюся ў часе, калі не буду адзначаць яго нейкім чынам.

Дзеля гэтага я зрабіў вось што. Я выцесаў з дрэва два таўстыя чатырохкутныя брусы, злучыў іх у выглядзе крыжа, убіў гэты крыж у зямлю, на тым месцы берагу, куды мяне выкінула мора, і выразаў на ім буйнымі літарамі наступныя словы: «Тут я ўпершыню ўступіў на гэты востраў 30 верасня 1659 года».

З таго часу я кожны дзень рабіў на крыжы насечку ў выглядзе рыскі: праз шэсць рысачак я рабіў адну даўжэйшую — гэта азначала нядзелю; насечкі, якія азначалі першы дзень кожнага месяца, я рабіў яшчэ даўжэйшымі. Такім чынам я вёў мой каляндар, адзначаючы дні, тыдні, месяцы і гады.

Пералічваючы рэчы, перавезеныя мною з карабля, як ужо было сказана, у адзінаццаць прыёмаў, я не назваў шмат якіх дробных рэчаў, хаця і не надта каштоўных, але даўшых мне значную карысць. Так, напрыклад, у памяшканнях капітана і капітанскага памочніка я знайшоў чарніла, пер‘і і паперу, тры ці чатыры компасы, некаторыя астранамічныя прылады, падзорныя трубы, геаграфічныя карты і карабельны журнал. Усё гэта я склаў у адну скрыню на кожны выпадак, не ведаючы нават, ці спатрэбіцца мне што-небудзь з гэтых рэчаў. Затым мне трапілася некалькі кніжак на партугальскай мове. Я ўзяў і іх. Я павінен яшчэ памянуць, што ў нас на караблі былі две кошкі і сабака (я раскажу ў свой час цікавую гісторыю жыцця гэтых жывёл на востраве). Кошак я перавёз на бераг на плыце, сабака-ж, яшчэ ў час маёй першай паездкі на карабль, сам скакануў у ваду і паплыў за мной. Шмат гадоў ён быў мне верным слугой. Па меры свайго разумення ён служыў мне верай і праўдай. Ён амаль замяняў мне чалавечую грамаду, толькі не мог гаварыць. О, як дарага я даў-бы, каб ён загаварыў.

Як ужо сказана, я ўзяў з карабля ўсе пісьмовыя прылады. Я эканоміў іх да апошняй мажлівасці, але, пакуль у мяне было чарніла, я акуратнейшым чынам запісваў усё, што здаралася са мной; калі-ж яно вышла, мне прышлося спыніць мае запісы, бо я не ўмеў рабіць чарніла і не мог прыдумаць, чым яго замяніць.

Наогул, не гледзячы на тое, што ў мяне быў такі велізарны склад усякіх рэчаў, мне, акрамя чарніла, нехапала яшчэ шмат чаго; у мяне не было ні лапаты, ні рыдлёўкі, ні кіркі, — аніводнага інструмента для земляных работ; не было ні іголак, ні нітак. Не было ў мяне і бялізны, але я хутка навучыўся абходзіцца без бялізны, не адчуваючы вялікай бяды.

З прычыны таго, што нехапала інструментаў, работа ішла ў мяне вельмі марудна і давалася мне з вялікай цяжкасцю. Бадай не цэлы год спатрэбіўся, каб давесці да канца агарожу, якою я парашыў абнесці сваё жыллё. Насячы ў лесе тоўстых жардзей, выцесаць з іх колле, перацягнуць гэтае колле да маёй палаткі — на ўсё гэта патрэбен быў час. Колле было вельмі цяжкое, таму я мог падняць не больш аднаго кала за адзін раз, і часамі ў мяне ішло два дні толькі на тое, каб выцесаць кол і прынесці яго дамоў, а трэці дзень — на тое, каб убіць яго ў зямлю. Для гэтай апошняй работы я ўжываў спачатку важкую драўляную дубіну, а потым успомніў аб жалезных вагарах, прывезеных мною з карабля, і замяніў дубіну імі, хаця не скажу, каб гэта мне дапамагло. Наогул убіваць калы было для мяне адной з самых цяжкіх работ. Але ці мне было зважаць на гэта? Мне-ж не было куды дзяваць майго часу, ды і іншай справы ў мяне ўсёроўна не знайшлося-б, акрамя бадзяння па востраву ў пошуках дзічыны — работа якую я больш ці менш акуратна выконваў кожны дзень.

Я ўжо апісаў сваё жыллё. Гэта была палатка, пабудаваная на схіле гары і абнесеная моцнай двайной загарадкай. Але цяпер маю агарожу можна было назваць сцяной, бо знадворку шчыльна да яе я зрабіў земляны насып у сажань таўшчынёй. А праз некаторы час (як мне памятаецца, гады праз паўтары) я пралажыў ад насыпа кроквы, якія ўпіраліся у схіл гары, а зверху зрабіў насціл з веццяў і вялікіх лісцяў. Такім чынам мой дворык апынуўся пад страхой, і я мог не баяцца дажджоў, якія, як я ўжо казаў, у пэўны час года няспынна палівалі мой востраў.

Чытач ужо ведае, што ўсю сваю маёмасць я перанёс у крэпасць, — спачатку толькі ў агарожу, а потым і ў пячору, якую выкапаў ва ўзгорку за палаткай. Але я павінен зазначыць, што спачатку ў маёй гаспадарцы быў поўны хаос: рэчы былі звалены ў кучу, абыяк, і заграмаджалі ўвесь склеп. Тады я рашыў пашырыць маё падзямелле. На шчасце, гара мела пухкую пескавую глебу. Пасля таго як я наглуха забіў уваход у агарожу і, значыцца, мог не баяцца нападу драпежных

звяроў, я ўзяўся зноў капаць пячору. Пракапаўшы ўбок, а менавіта ўправа, колькі па майму разліку было патрэбна, я павярнуў яшчэ ўправа і зрабіў ход знадворку за агарожу, гэта значыць, па другі бок майго ўмацавання.

Гэты скразны падзямельны ход — чорны ход маёй кватэры — не толькі даваў мне мажлівасць вольна ўваходзіць з двара і вяртацца дамоў, але і значна павялічыў плошчу маёй кладоўкі.

Скончыўшы гэтую работу, я ўзяўся майстраваць сабе мэблю. Усяго больш патрэбны былі мне стол і крэсла: без стала і без крэсла я не мог скарыстаць нават тых маленькіх прыемнасцей, якія былі мне адпушчаны на зямлі, — нязручна было ні есці, ні чытаць, ні пісаць.

І вось я пачаў сталярыць. Аніразу ў жыцці дагэтуль я не браў у рукі сталярнага інструмента, і тым не менш, дзякуючы прыроднай кемлівасці і настойлівасці ў працы, я пакрысе так напрактыкаваўся, што мог рабіць усякую мэблю для маіх хатніх патрэб, — зразумела, каб у мяне былі патрэбныя інструменты.

Але нават і без інструментаў ці амаль без інструментаў, з адной толькі сякерай ды гэблікам, я зрабіў шмат рэчаў, хаця, мусіць, ніхто яшчэ не рабіў іх такім першабытным спосабам і не траціў пры гэтым столькі працы. Так, напрыклад, калі мне патрэбна была дошка, я павінен быў сячы дрэва, ачысціць ствол ад суччаў і, паставіўшы яго перад сабой, абцёсваць з абодвух бакоў да таго часу, пакуль ён не ператворыцца ў дошку. А потым дошку трэба было яшчэ выгабляваць. Спосаб быў не надта выгодным, бо з цэлага дрэва выходзіла толькі адна дошка, і, каб атрымаць гэтую дошку, прыходзілася траціць непамерную колькасць часу і працы. Але супроць гэтага ў мяне быў толькі адзін сродак — цярплівасць. Ды, акрамя таго, мой час і мая праца не дорага каштавалі; ці не ўсёроўна тады, куды і на што яны ішлі.

З мэблі я перш за ўсё зрабіў сабе стол і крэсла. Я ўжыў для гэтага кароткія дошкі, якія ўзяў з карабля. Калі-ж я потым начасаў даўгіх дошак сваім першабытным спосабам, то прымайстраваў у маім склепе, да адной з яго сцен, некалькі палічак адну над другой фута па паўтара шырынёй і склаў на іх свае інструменты, цвікі, жалеза і іншыя дробныя рэчы, — словам, расклаў усе рэчы на свае месцы, каб лёгка знайсці, калі трэба будзе, кожную рэч. Я панабіваў таксама колікаў па сценах склепа і развесіў на іх свае стрэльбы і наогул усё тое, што можна было павесіць.

Хто ўбачыў-бы пасля гэтага маю пячору, пэўна прыняў-бы яе за аптовы склад усялякіх патрэбных ў гаспадарцы рэчаў. І для мяне было вялікай пацехай заглядваць у гэты склад, — так многа было там усялякага дабра, у такім парадку былі рэчы, і кожная дробязь была ў мяне пад рукой.

Толькі з гэтага часу я пачаў весці свой дзённік, запісваючы ўсё, што я рабіў на працягу дня. Спачатку мне было не да запісаў: я быў вельмі заняты работай; акрамя таго, мяне тады хвалявалі такія пахмурныя думкі, што я баяўся, каб яны не адлюстраваліся ў маім дзённіку.

Але калі ўрэшце я ўзяў сябе ў рукі, калі пакінуў сябе цешыць бясплоднымі марамі і ўзяўся за наладжванне свайго жылля, прывёў у парадак маю хатнюю гаспадарку, змайстраваў сабе стол і крэсла, наогул абсталяваўся зручна ды ўтульна, — тады я ўзяўся за дзённік. Прывожу яго тут цалкам, хаця вялікая частка апісаных у ім фактаў ужо вядома чытачу з папярэдніх раздзелаў.

Паўтараю — я вёў яго акуратна, пакуль у мяне было чарніла.