Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел IV Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел V
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел VI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел пяты

Рабінзон на нежылым востраве. — Ён здабывае рэчы з карабля і будуе сабе жыллё.

Калі я прачнуўся, быў ужо дзень; надвор‘е прасвятлілася, вецер сціх, мора супакоілася. Я быў вельмі здзіўлены, зірнуўшы на пакінуты намі карабль: ён апынуўся ў іншым месцы — куды бліжэй да берагу, амаль ля самай скалы, аб якую мяне так моцна стукнула напярэдадні. Мусіць, за ноч яго зняў з мелі прыліў ды прыгнаў сюды. Цяпер ён стаяў не далей мілі ад таго месца, дзе я правёў ноч, і таму, што ён стаяў амаль прама, я вырашыў пабыць на ім, каб дастаць ежы і ўзяць іншыя неабходныя рэчы.

Спусціўшыся з дрэва, я яшчэ раз азірнуўся навокал, і першае, што я ўбачыў, была наша шлюпка, якая ляжала мілі за дзве направа, на сухім беразе. Я пайшоў быў да яе, але высветлілася, што туды нельга прайсці простай дарогай: у бераг глыбока ўрэзвалася бухтачка шырынёю з поўмілі і загароджвала шлях. Я павярнуў назад, адклаўшы пакуль свой намер дабрацца да лодкі, бо мне больш важна было трапіць хутчэй на карабль.

Пасля поўдня хваляванне на моры зусім уляглося, і адліў быў такі вялікі, што тры чвэрткі дарогі да карабля я прайшоў па сухім месцы. Цяпер да яго заставалася толькі чвэртка мілі. Тут я зноў адчуў прыступ глыбокага гора: мне зрабілася ясна, што калі-б мы засталіся на караблі, мы ўсе былі-б жывыя; перачакаўшы шторм, мы ў добрым здароўі перабраліся-б на бераг, і я не быў-бы, як цяпер, няшчаснай істотай, адрэзанай ад свету. Гэтая думка зноў выклікала слёзы на вачах маіх, але ўспомніўшы, што слёзы гору не дапамогуць, я пайшоў далей. Распрануўшыся (день быў надта гарачы), я ўвайшоў у ваду і паплыў.

Але, калі я падплыў да карабля, з‘явіліся новыя цяжкасці: як на яго ўзлезці. Ён стаяў на мелкім месцы, таму ўвесь яго кузаў выступаў з вады, а зачапіцца не было за што. Раптам я ўбачыў вяроўку (здзіўляюся, як яна адразу не кінулася мне ў вочы). Яна звешвалася з бака, і канец яе быў так нізка над вадой, што мне ўдалося злавіць яго, хоць і з вялікай цяжкасцю, і я ўзлез на палубу па вяроўцы. Падводная частка карабля была, відаць, прабітая, бо ў труме стаяла вада. Але ён засеў кілем у пясчанай або, вярней, глеістай мяліне, вельмі нахіленай, і таму ён сам быў нахілены: карма была прыўзнята, а нос амаль датыкаўся вады. Такім чынам уся кармавая частка была без вады, і ўсё, што там было складзена, не падмокла. Я паспяшаўся ў гэтым упэўніцца, бо мне перш за ўсё хацелася даведацца, што з рэчаў было папсавана, і што засталося цэлым.

Выявілася, па-першае, што ўвесь запас харчу быў сухі, а як мяне мучыў голад, то я першым чынам накіраваўся ў кладоўку, набіў кішэні сухарамі і, працягваючы агляд карабля, еў нахаду, каб не траціць часу. У кают-кампаніі я знайшоў бутэльку рому і сербануў з яе некалькі добрых глыткоў, бо мне вельмі неабходна было падмацаваць сілы для далейшай работы.

Перш за ўсё мне патрэбна была лодка, каб перавесці на бераг тыя рэчы, якія маглі мне спатрэбіцца. Але лодкі не было адкуль узяць, а жадаць немагчымага бескарысна. Пільная патрэба выклікае вынаходлівасць, і я жвава прыняўся за работу. На караблі былі запасныя мачты, сценьгі і рэі. З гэтага матэрыялу я рашыў пабудаваць плыт.

Выбраўшы некалькі бярвенняў лягчэйшых, я перакінуў іх за борт, абвязаўшы загадзя кожнае бервяно вяроўкай, каб іх нікуды не знесла. Затым я спусціўся з карабля, прыцягнуў да сябе чатыры бервяны, моцна звязаў іх між сабой па абодвух канцах, замацаваў яшчэ зверху двума паложанымі накрыж кароценькімі дошкамі, і ў мяне вышла нешта накшталт плыта.

Мой плыт вельмі добра вытрымліваў мой цяжар, але для вялікага грузу быў вельмі малы. Тады зноў узлез я на карабль, адшукаў пілу нашага карабельнага цесляра і распілаваў запасную мачту на тры бервяны, якімі і павялічыў мой плыт. Гэтая работа каштавала мне велізарных сіл, але жаданне назапасіць усё неабходнае для жыцця падтрымлівала мяне, і я зрабіў тое, на што пры звычайных абставінах у мяне нехапіла-б сілы.

Цяпер мой плыт мог вытрымаць даволі вялікі груз. Наступнай маёй справай было пагрузіць яго і паклапаціцца аб тым, каб зберагчы мой груз ад морскага прыбою. Я не траціў часу. Перш за ўсё я палажыў на плыт усе дошкі, якія знайшліся на караблі; на гэтыя дошкі я паставіў тры скрыні, належачыя нашым матросам, узламаўшы спачатку замкі і вынуўшы ўсё, што было ў скрынях. Затым, памеркаваўшы, што з рэчаў магло спатрэбіцца перш за ўсё, я падабраў гэтыя рэчы і напхаў імі ўсе тры скрыні. У адну я палажыў харчы: рыс, сухары, тры кругі галандскага сыру, пяць вялікіх кавалкаў сушанай казляціны, якая служыла нам галоўнай мясной стравай і рэшткі ячменю, які мы везлі з Еўропы для курэй, што былі на караблі; частка зерня засталася, бо курэй мы ўжо даўно з‘елі. Гэты ячмень быў перамешан з пшаніцай і вельмі мне спатрэбіўся-б, але, як потым высветлілася, ён быў папсаваны пацукамі. Акрамя таго, я знайшоў некалькі скрынак з віном і шэсць балонаў рысавай гарэлкі, якія належалі капітану. Усе гэтыя скрынкі я паставіў проста на плыт, бо ў скрынях яны не змясціліся-б.

Між тым, пакуль я быў заняты пагрузкай, пачаўся прыліў і, на вялікі мой жаль, я ўбачыў, што мой камзол, сарочку і жылетку, якія я пакінуў на беразе, знесла ў мора. Цяпер у мяне засталіся толькі панчохі ды штаны (палатняныя, кароткія, да кален), якіх я не здымаў. Гэта прымусіла мяне падумаць аб тым, каб набраць вопраткі. На караблі было даволі ўсякага адзення, але я ўзяў пакуль толькі адну пару, бо мяне куды больш цікавіла іншае і, перш за ўсё, рабочыя інструменты. Пасля доўгіх пошукаў я знайшоў скрынку нашага цесляра, і гэта была для мяне сапраўды каштоўная знаходка, якую я не аддаў-бы ў той час за цэлы транспарт залатога пяску. Я паставіў на плыт гэтую скрынку і нават не зазірнуў у яе, бо мне было прыблізна вядома, якія ў ёй інструменты.

Цяпер мне заставалася набраць зброі ды зарадаў. У каюце я знайшоў дзве добрыя стрэльбы і два пісталеты, якія я пераправіў на плыт разам з парахоўніцай, мяшэчкам шроту і двума старымі, заіржавелымі шпагамі. Я ведаў, што ў нас былі тры кадушачкі пораху, але не ведаў, дзе яны схаваны; аднак, пашукаўшы добра, я знайшоў іх. Адна з іх падмокла, а дзве былі зусім сухія, і я перацягнуў іх на плыт. Цяпер мой плыт быў дастаткова нагружан, і трэ‘ было адпраўляцца ў дарогу. Дабрацца да берагу на плыце без ветразяў, без стырна — нялёгкая задача: досыць было самага слабага парыва ветру, каб перакуліць усю маю пабудову.

Я выгледзеў маленечкую бухту, да якой і накіраваў свой плыт. З вялікай цяжкасцю правёў я яго поперак плыні і ўрэшце ўвайшоў у маленькую затоку, упёршыся ў дно вяслом, бо тут было мелка; як толькі пачаўся адліў, мой плыт з усім грузам апынуўся на сухім беразе.

Цяпер мне трэ‘ было агледзець мясцовасць і выбраць сабе зручнае месца для жылля, такое, дзе-б я мог скласці сваю маёмасць і дзе-б яна была абаронена ад усялякіх выпадковасцей. Я ўсё яшчэ не ведаў, куды я трапіў: на матэрык ці на востраў, у заселеную ці нежылую краіну; не ведаў, ці пагражае мне небяспека з боку драпежных звяроў. За поўмілі ці крыху больш відаць быў узгорак круты і высокі. Я рашыў узысці на яго. Узяўшы стрэльбу, пісталет і парахоўніцу, я пайшоў на разведку. Калі я ўзлез на вяршыню ўзгорка (гэта каштавала мне нямалых сіл), я зразумеў, які горкі лёс выпаў мне на долю: я быў на востраве!

Навакол з усіх бакоў было мора, за якім нідзе не было відаць зямлі, калі не лічыць тырчэўшых здалёк некалькіх рыфаў ды двух маленькіх, менш за мой, астравоў, што ляжалі міль за дзевяць к захаду.

Я заўважыў яшчэ, што мой востраў быў даволі бедны на расліннасць і, відаць па ўсіх адзнаках, нежылы. Можа на ім і былі драпежныя зверы, але пакуль я ніводнага не бачыў. Затое птушак вадзілася шмат, але усе невядомых мне парод, і таму ў далейшым, калі мне даводзілася падстрэліць птушку, я ніколі не мог вызначыць па яе выгляду, ці можна есці яе мяса ці не. Спускаючыся з узгорка, я падстрэліў адну, вельмі вялікую, якая сядзела на дрэве на ўскраіне лесу. Я думаю, гэта быў першы стрэл, які раздаўся тут ад стварэння свету. Не паспеў я стрэліць, як над лесам узнялася хмара птушак і ўзняўся нястройны канцэрт птушыных галасоў; кожная крычала па-свойму, але ніводзін з гэтых крыкаў не быў падобны на крыкі знаёмых мне птушак. Што тычыцца той птушкі, якую я забіў, то, по-мойму, гэта была рознавіднасць нашага ястраба: яна вельмі нагадвала ястраба афарбоўкай пер‘яў ды формай дзюбы, толькі кіпці ў яе былі куды карацей. Яе мяса пахла падлай, і я не мог яго есці.

Здаволіўшыся на першы выпадак гэтымі вынаходніцтвамі, я вярнуўся да плыта і ўзяўся перацягваць рэчы на бераг. Гэта заняло ў мяне ўвесь астатні дзень. Я не ведаў, як і дзе мне прытуліцца нанач. Класціся проста на зямлі я баяўся. Што, калі мне будзе пагражаць напад якога-небудзь драпежніка? Таму, выбраўшы на беразе зручнае месца для начлегу, я загарадзіў яго з усіх бакоў скрынямі, а ў сярэдзіне гэтай агарожы зрабіў з дошак нешта накшталт шалаша.

Непакоіла мяне таксама пытанне, як я буду здабываць сабе ежу, калі ў мяне выйдуць запасы: акрамя птушак ды двух нейкіх звяркоў накшталт нашага зайца, якія выскачылі з лесу, пачуўшы гук майго стрэлу, ніякай жыўнасці я тут не бачыў.

Але цяпер я больш думаў аб іншым. Я прывёз з карабля далёка яшчэ не ўсё, што можна было ўзяць; там засталося шмат рэчаў, якія маглі-б мне спатрэбіцца, і перш за ўсё ветразі ды канаты. Таму я рашыў, калі нішто не перашкодзіць, зноў пабываць на караблі. Я ведаў, што пры першай-жа буры яго разаб‘е ў трэскі, таму і рашыў адкласці ўсе іншыя справы, пакуль не вывезу на бераг усяго да апошняга цвічка.

Прышоўшы да такога рашэння, я пачаў думаць, ці ехаць мне на плыце, ці паплысці, як у першы раз. Я рашыў, што лепш плысці. Толькі на гэты раз я распрануўся ў шалашы, застаўшыся ў адной ніжняй сарочцы, у палатняных штанах ды ў адкрытых чаравіках на босую нагу.

Як і ў першы раз, я ўзлез на карабль па вяроўцы; затым пабудаваў новы плыт і перавёз на ім шмат карысных рэчаў. Па-першае, усё, што знайшлося ў каморцы нашага цесляра, а менавіта: два ці тры мяшкі з цвікамі (вялікімі і дробнымі), адвёртку, дзесяткі са два сякер, а галоўнае, такую карысную рэч, як тачыла.

Акрамя пералічаных рэчаў, я ўзяў на караблі ўсё адзенне, якое знайшоў, ды захапіў яшчэ запасныя ветразі, гамак і некалькі сеннікоў ды падушак. Усё гэта я пагрузіў на плыт і, к вялікаму майму задаваленню, шчасліва даставіў на бераг.

Пасля таго я ўзяўся за пабудову палаткі. Я зрабіў яе з ветразя і жэрдак, якіх я нарэзаў у лесе. У палатку я перанёс усё тое, што магло папсавацца ад сонца і дажджу, а навокал панастаўляў пустых скрыняў на выпадак нечаканага нападу людзей ці жывёл.

Уваход у палатку я ўмацаваў вялікай скрыняй, паставіўшы яе бокам, а з сярэдзіны загарадзіўся дошкамі. Затым, разаслаўшы на зямлі пасцель, пад галаву палажыў два пісталеты, побач — стрэльбу і лёг. Пасля караблекрушэння гэта была першая ноч, якую я правёў у пасцелі. Я спакойна праспаў да раніцы, і нядзіва, бо ў папярэднюю ноч спаў вельмі мала ды ўвесь той дзень працаваў, — спачатку грузіў рэчы з карабля на плыт, а потым перапраўляў іх на бераг.

Ні ў каго, я думаю, не было такога вялізнага склада рэчаў для асабістых патрэб, які быў цяпер у мяне. Але мне ўсё здавалася мала: пакуль карабль быў цэлы і стаяў на ранейшым месцы і пакуль на ім заставалася хоць адна рэч, якую я мог скарыстаць, я лічыў неабходным папаўняць свае запасы.

Трэцяя мая экскурсія была асабліва паспяховай. Я разабраў усе снасці і ўзяў з сабой усе вяроўкі. У гэты-ж раз я прывёз вялікі кавалак запасной парусіны, якая служыла ў нас для пачынкі ветразяў, і бочачку з падмоклым порахам, які я было пакінуў на караблі. Нарэшце я пераправіў на бераг усе ветразі да апошняга; толькі мне прышлося разрэзаць іх на кавалкі і перавозіць па частках, але гэта было няважна, бо ветразі былі мне не патрэбныя, і ўся іхняя каштоўнасць для мяне была ў матэрыяле.

Цяпер з карабля было ўзята выключна ўсё, што пад сілу падняць аднаму чалавеку. Засталіся толькі цяжкія рэчы, за якія я ўзяўся ў наступны рэйс. Я пачаў з канатаў. Кожны канат я разрэзаў на кавалкі такой велічыні, каб мне не было занадта цяжка справіцца з імі, і такім чынам, па частках, перавёз тры канаты; акрамя таго, я ўзяў з карабля ўсе жалезныя часткі, якія мог садраць пры дапамозе сякеры. Затым абсек рэі, пабудаваў з іх плыт большы, нагрузіў на яго ўсе гэтыя цяжкія рэчы і паехаў назад.

Але на гэты раз шчасце мне здрадзіла: мой плыт быў такім важкім, што кіраваць ім было вельмі нязручна. Калі, увайшоўшы ў бухтачку, я падыходзіў да берагу, дзе была выгружана мая астатняя маёмасць, плыт перакінуўся, і я ўпаў у ваду з усім маім грузам. Мне асабіста гэта не пагражала бядой, бо здарылася яно амаль ля самага берагу; але груз мой прапаў, прынамсі значная частка яго, галоўнае — жалеза, якое вельмі мне спатрэбілася-б і аб якім я асабліва шкадаваў. Праўда, калі пачаўся адліў, я выцягнуў на бераг амаль усе кавалкі каната і некалькі кавалкаў жалеза, але мне прыходзілася ныраць за кожным кавалкам, і гэта мяне вельмі змарыла.

Мае паездкі на карабль былі штодзённымі, і кожны раз я прывозіў новыя запасы.

Ужо трынаццаць дзён я жыў на востраве і за гэты час пабываў на караблі адзінаццаць разоў, перацягнуўшы на бераг абсалютна ўсё, што можа перацягнуць пара чалавечых рук. Каб ціхае надвор‘е пратрымалася далей, я ўпэўнены, што прывёз-бы па частках увесь карабль: але робячы падрыхтоўку да дванаццатага рэйса, я заўважыў, што пачынаецца вецер. Тым не менш, дачакаўшыся адліву, я ўсё-ж такі адправіўся на карабль. У першыя разы я так добра абшукаў нашу каюту, што мне здавалася, там ужо нічога нельга знайсці, але тут мне кінулася ў вочы шыфан‘ерка з двума шуфлядамі; у адной я знайшоў тры брытвы, вялікія нажніцы і каля дзесятка добрых відэльцаў і нажоў у другой былі грошы часткова еўрапейскай, часткова бразільскай сярэбранай і залатой манетай, усяго да трыццаці шасці фунтаў стэрлінгаў.

Я ўсміхнуўся, калі ўбачыў гэтыя грошы. «Непатрэбнае смецце, — прамовіў я, — навошта ты мне цяпер? Ты таго не варты, каб я нагнуўся ды падняў цябе з падлогі. Усю гэтую кучу золата я аддаў-бы за маленькі ножык. Мне няма куды цябе дзяваць: дык застанься-ж, дзе ляжыш, ды ідзі на дно морскае, цябе не варта ратаваць». Але, памеркаваўшы, я загарнуў усе грошы ў кавалак парусіны і палажыў у кішэню.

Усю ноч раўла бура, і, калі раніцой я выглянуў з палаткі, ад карабля ні засталося і следу.

Усе мае думкі былі цяпер паглынуты пытаннем, як абараніць сябе ад дзікуноў, калі яны з‘явяцца на беразе, і ад драпежных звяроў, калі яны водзяцца на востраве. Я доўга думаў, якое мне лепш пабудаваць жыллё. Ці выкапаць пячору, ці паставіць палатку і добра яе замацаваць. Нарэшце я вырашыў зрабіць і тое, і другое.

Я думаю, будзе не лішнім расказаць, як я працаваў, і апісаць маё жыллё ў канчатковым яго выглядзе.

Я хутка ўпэўніўся, што выбранае мною месца на беразе было нязручным, каб на ім пасяляцца; гэта было нізкае месца, ля самага мора, з балоцістай глебай і, як мне здавалася, нездаровае. Галоўнае, блізка не было прэснай вады. Выходзячы з усяго гэтага, я рашыў пашукаць іншае месца, больш здаровае і больш падыходзячае для жылля.

Я павінен быў пры гэтым прыняць пад увагу многія ўмовы, якія лічыў неабходнымі

для чалавека майго становішча. Па-першае, як ужо сказана, мне былі патрэбны здаровае месцазнаходжанне і блізкасць прэснай вады; затым, маё жыллё павінна быць захавана як ад сонечнай спякоты, так і ад драпежнікаў — жывёл і людзей; і ўрэшце я абавязкова хацеў, каб з майго дома было відаць мора. «Можа лёс пашле карабль для майго збавення, — казаў я сабе, — а калі я не буду бачыць мора, я магу прапусціць гэты выпадак выратавацца». Як бачыце, мне яшчэ не хацелася развітацца з надзеяй.

Пасля даволі доўгіх пошукаў, я знайшоў нарэшце добры куток для жылля. Гэта была невялікая роўная палянка на схіле высокага ўзгорка, які спускаўся да яе стромкім, як сцяна, абрывам, і таму я мог не баяцца нападу зверху. Ля самай палянкі было невялікае паглыбленне, нібы ўваход у пячору, але пячоры ніякай далей не было. Вось тут, супроць гэтага паглыблення, я і вырашыў пабудаваць сваю палатку.

Перш чым ставіць палатку, я ўзяў завостраны кій ды апісаў перад паглыбленнем у гары поўкруг ярдаў дзесяць у дыяметры, гэта значыць, па простай лініі ад аднаго канца да другога. Затым па ўсяму поўкругу я паўбіваў два рады моцных колляў, завостраных на верхніх канцах. Паміж двума радамі колляў я пакінуў прамежак не больш за шэсць дзюймаў. Увесь гэты прамежак я запоўніў да самага верху адрэзкамі канатаў, узятых з карабля, склаўшы іх радамі адзін на другі, а ў сярэдзіне замацаваў агарожу падпоркамі, для якіх я нарыхтаваў колле таўсцейшае і карацейшае (каля двух з паловай футаў даўжыні). Агарожа вышла ў мяне вельмі добрая: ні пралезці скрозь яе, ні пралезці цераз яе не мог ні чалавек, ні звер. Гэтая справа патрабавала вялікай працы, і прайшло шмат часу, пакуль я насек у лесе жэрдак, перанёс іх на месца пабудовы, абцясаў і ўбіў у зямлю колле.