Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел I Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел II
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел III

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел другі

Першыя прыгоды на моры. — Падарожжа ў Гвінею.

Не паспеў наш карабль выйсці з Гамбера, як з поўначы падзьмуў моцны вецер.

Я ніколі яшчэ не быў на моры, і мне зрабілася вельмі дрэнна.

Са спалохам глядзеў я на высокія хвалі, якія хадзілі па моры; і кожны раз, калі на наш карабль налятала вялікая хваля, мне здавалася, што мы зараз патонем.

Тысячу разоў я кляўся, што, калі застануся жывы, я вярнуся дамоў да бацькі і ніколі за ўсё жыццё не ўзыйду больш на палубу карабля. Гэтых разважлівых думак хапіла ў мяне на ўвесь час, пакуль працягвалася бура. Але вецер пачаў сцішацца, хваляванне ўляглося, і мне зрабілася куды лягчэй. Пакрысе я пачаў прызвычайвацца да мора. Праўда, яшчэ не зусім прайшла мая морская хвароба, але да канца дня надвор‘е прасвятлілася, вецер супыніўся, і надышоў ціхі, цудоўны вечар: сонца зайшло без адзінай хмаркі і ўстала на другі дзень такое-ж яснае. Ціхае мора, без ніякага ветру, усё аблітае ззяннем сонца, стварала такую дзіўную карціну, якой я ніколі не бачыў.

Усю ноч я праспаў моцным сном. Ад маёй морскай хваробы не засталося і сляда. Я быў вясёлы і са здзіўленнем глядзеў на мора, якое яшчэ ўчора здавалася такім жорсткім і грозным і ў такі кароткі час прыняло вельмі прывабны выгляд. А тут, як знарок, падыходзіць да мяне мой таварыш, што зацягнуў мяне ехаць разам з ім, пляскае мяне па плячу ды кажа:

— Ну, што, Боб, як ты сябе адчуваеш пасля ўчарашняга? Я ўпэўнен, што ты перапалохаўся. Прызнайся: ты-ж вельмі спалохаўся ўчора, калі задзьмуў ветрык.

— Ветрык? Добры ветрык! Я і ўявіць сабе не мог гэткай жахлівай буры.

— Буры? Ах, ты, дзівак! Дык па-твойму гэта бура? Гэта што! Глупства! Дай нам добрае судна і больш прастору, дык мы такога шквала і не заўважым. Ну, табе мора яшчэ гэта навіна: не дзіва, што ты перапалохаўся... Пойдзем-жа лепш вып‘ем па шклянцы віна і забудзем пра буру. Зірні, які цудоўны дзень.

Я напіўся п‘яным і забыў пра ўсё. Як толькі надышоў штыль, я перастаў баяцца, што хвалі паглынуць мяне, і ўсе мае клятвы, усе абяцанні, якія я даваў сабе ў хвіліны спалоху, выскачылі ў мяне з галавы.

На шосты дзень пасля выхаду ў мора, мы прышлі ў Ярмуцкую гавань. Надвор‘е было ціхае, вецер пасля буры быў сустрэчны, таму мы пасоўваліся няхутка. У Ярмуце мы былі вымушаны кінуць якар і прастаялі, чакаючы папутнага ветру, восем дзён. На працягу гэтага часу ў гавань прышло шмат караблёў. Мы, відаць, не прастаялі-б так доўга і ўвайшлі-б у раку з прылівам, але вецер быў вельмі свежы, а дзён праз пяць задзьмуў яшчэ мацней. Але якары і якарныя канаты ў нас былі моцныя і нашы матросы не трывожыліся і не чакалі бяды. Аднак на дзевяты дзень к ранню вецер яшчэ пахаладзеў, і хутка разгуляўся страшэнны шторм. Нават матросы былі вельмі ўстрывожаны. Я некалькі разоў чуў, як сам капітан, бесперастанку ходзячы па караблі, мармытаў напоўголас: «Мы прапалі! Мы прапалі!», што не перашкаджала яму аднак пільна назіраць за ходам работ, на караблі.

Нехта з нашых матросаў крыкнуў зверху, што карабль, які стаяў непадалёк ад нас наперадзе, пайшоў на дно. Яшчэ двое суднаў сарвалася з якараў і іх вынесла ў адкрытае мора. Што іх там чакала? Усе мачты былі збіты на іх гураганам.

Раптам сярод ночы адзін з матросаў, які спускаўся ў трум паглядзець ці ўсё там у парадку, закрычаў, што судна пачало цячы. Другі пасланы паведаміў, што вада ўзнялася на чатыры футы. Тады капітан даў каманду:

— Выкачвай ваду! Да помпаў![1]

Калі я пачуў гэтую каманду, у мяне замерла сэрца: мне здалося, што я паміраю, і я ўпаў ніцма на ложак. Але матросы расштурхалі мяне і патрабавалі, каб я не цураўся работы. Нічога не зробіш, я падышоў да помпы і пачаў старанна выкачваць ваду. У гэты час некалькі дробных грузавых суднаў, не маючы мажлівасці выстаяць супроць ветру, былі вымушаны падняць якары і выйсці ў адкрытае мора. Убачыўшы іх, як яны праходзілі міма нас, капітан загадаў стрэльнуць з гарматы, каб паведаміць іх аб нашым катастрафічным становішчы.

Пачуўшы гэты гарматны стрэл, я падумаў, што наша судна разбілася, і так спалохаўся, што страціў прытомнасць. На мяне не звярнулі ўвагі, і ніхто не пацікавіўся даведацца, што здарылася са мной. Другі стаў да помпы на маё месца, адсунуўшы мяне нагой. Усе былі ўпэўнены, што я памёр.

Ачуняўшы я зноў узяўся за работу, але вада падымалася ўсё вышэй. Было відаць, што судна павінна патануць, і хоць шторм пачынаў патрохі суцішацца, для нас не прадбачылася ніякай магчымасці пратрымацца на вадзе, пакуль мы ўжо ўвойдзем у гавань, і таму капітан усё страляў, просячы дапамогі.

Нарэшце бліжэйшае да нас судна рызыкнула спусціць шлюпку, каб падаць нам дапамогу. Шлюпку кожную хвіліну магло перакуліць, але яна ўсё-ж набліжалася да нас; дармо, — мы не маглі трапіць у яе, бо не было аніякай мажлівасці прычаліць да нашага карабля, хоць людзі граблі з усіх сіл, рызыкуючы жыццём. Нашы матросы кінулі ім канат. Пасля доўгіх дарэмных спроб ім удалося злавіць канец каната; мы прыцягнулі іх пад карму і ўсе да аднаго спусціліся ў шлюпку.

Мы сышлі з карабля. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як ён пачаў апускацца ў ваду.

Пакуль людзі ўзмоцнена працавалі вёсламі, каб накіраваць лодку да берагу, мы маглі бачыць, што на беразе сабраўся вялікі натоўп; усё мітусіліся і бегалі, рыхтуючыся падаць нам дапамогу, калі мы падыдзем бліжэй. Але мы пасоўваліся да зямлі вельмі марудна. З вялікай цяжкасцю выбраўшыся на сушу, мы пайшлі пешшу ў Ярмут. Там нас чакала добрая сустрэча. Жыхары горада далі нам грошай, каб мы здолелі дабрацца да Лондана.


  1. Помпай называюць карабельны насос для выкачвання вады з судна.