Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/I
Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел I Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел II → |
Раздзел першы
Сям‘я Рабінзона. — Яго пабег з бацькоўскага дому.
Мой бацька хацеў, каб я зрабіўся багатым чыноўнікам, але я марыў аб морскіх вандраваннях. Мне здавалася велізарнейшым шчасцем бадзяцца па марах ды акіянах.
Бацька здагадаўся, што ў мяне на розуме.
Аднаго разу раніцой ён паклікаў мяне ў свой пакой і злосна сказаў:
— Я ведаю, што ты хочаш уцячы з роднага дому. Гэта вар‘яцтва. Ты павінен застацца. Калі ты паслухаеш мяне і застанешся дома, я буду табе добрым бацькам, але гора табе, калі ты ўцячэш.
Тут голас ў яго задрыжэў і ён ціха дадаў:
— Ды ты-ж у нас адзін... Падумай пра бедную маці... Яна не вынесе разлукі з табой.
Я бачыў як горкія слёзы струменілі па ягоным твары. Ён пяшчотна любіў мяне і хацеў мне дабра.
Мне стала шкада старога, і я цвёрда рашыў не думаць больш аб вандраванні па моры.
Але дармо! — прайшло некалькі дзён, і ад маіх добрых намераў нічога не засталося: праз два-тры тыдні пасля маёй размовы з бацькам я рашыў бегчы з дому. Выбраў час, калі маці была ў добрым настроі, я папрасіў яе ў куток і сказаў:
— Мне восемнаццаць год, а ў гэтыя гады позна вучыцца судзейскай справе. Каб нават паступіў куды-небудзь на службу, я ўсёроўна праз некалькі дзён уцёк-бы ў дальнія краіны. Мне гэтак хочацца бачыць свет, што калі я і прыстроюся да якой-небудзь справы, у мяне не хопіць цярплівасці давесці яе да канца. Прашу вас, угаварыце бацьку адпусціць мяне на мора для спробы: калі мора мне не будзе падабацца, я вярнуся дамоў і больш нікуды не паеду. Няхай лепш бацька адпусціць мяне добраахвотна, бо інакш буду вымушан адысці без яго дазволу.
Мая маці вельмі раззлавалася на мяне і сказала:
— Дзіўлюся, як ты яшчэ можаш думаць пра гэткія рэчы пасля тваёй размовы з бацькам. Ды бацька-ж патрабаваў, каб ты забыў пра морскія вандраванні. Вядома, калі ты хочаш сябе загубіць, дык едзь хоць гэтую-ж хвіліну, але можаш быць упэўнен, што мы з бацькам ніколі не дамо згоды на твае вандраванні.
Урэшце я даведаўся, што маці перадала бацьку нашу размову ад слова да слова. Бацька быў засмучан і сказаў ёй з уздыхам:
— Хлопчык мог-бы быць шчаслівым на радзіме, але, калі ён пусціцца ў вандроўе, ён будзе самай няшчаснай істотай, якая калі-небудзь толькі нараджалася на свеце. Не, я не магу на гэта згадзіцца.
Хутка я даведаўся, што адзін мой таварыш едзе ў Лондан на караблі свайго бацькі. Ён пачаў угаварваць мяне ехаць разам з ім, спакушаючы мяне, што праезд на караблі будзе дармовы, І вось, не спытаўшыся ні ў бацькі, ні ў маці, — у нядобры час! — я сеў на карабль майго сябра, які накіроўваўся ў Лондан.