Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел II Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел III
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел IV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел трэці

Рабінзон у палоне. — Уцёкі. — Падарожжа ў Бразілію.

У Лондане я меў шчасце пазнаёміцца з адным карабельнікам, які незадоўга перад тым ездзіў на сваім караблі да берагоў Афрыкі і збіраўся зноў ехаць туды. Я падабаўся яму, і калі ён даведаўся, што я мару пабачыць свет, то прапанаваў мне ехаць з ім.

— Вам гэта нічога не будзе каштаваць, — сказаў ён, — вы будзеце абедаць са мной у якасці майго сябра. Калі-ж у вас ёсць мажлівасць набраць з сабой тавараў, то вы атрымаеце цалкам увесь прыбытак, які толькі дапускае гандлёвая справа. Паспрабуйце; можа вам і пашанцуе.

І таму, што гэты карабельнік быў добрасуменны і просты чалавек, я прыняў яго прапанову. Накіроўваючыся ў плаванне, я захапіў з сабой невялікі груз для гандлю: закупіў на сорак фунтаў стэрлінгаў[1] розных бразготак, якія мелі добры збыт у дзікуноў. Гэтыя сорак фунтаў я здабыў пры дапамозе маіх сваякоў, з якімі я меў перапіску; трэба думаць, яны пераканалі майго бацьку, а вярней маці, што трэба дапамагчы мне хоць невялікай сумай у гэтым першым маім прадпрыемстве.

Плаванне гэта было, можна сказаць, адзіным удалым з усіх маіх прыгод, і гэтай удачай я зноў-жа абавязан майму другу-капітану, які ў час нашага плавання навучаў мяне карабельнай справе.

Яму было прыемна дзяліцца са мной сваім вопытам, а мне — слухаць яго. Адным словам, падарожжа зрабіла мяне не толькі мараком, але і купцом: я выменяў на свой тавар пяць фунтаў залатога пяску, за які, калі мы вярнуліся ў Лондан, атрымаў без малога трыста фунтаў стэрлінгаў.

Такім чынам, я мог сябе з гэтага часу лічыць купцом, але, на маё няшчасце, капітан хутка памёр, і мне давялося рабіць другое падарожжа на сваю рызыку.

Я адплыў з Англіі на тым-жа самым караблі. Гэта было самае няшчаснае падарожжа, якое толькі калі рабіў чалавек.

Пачалося з таго, што адной раніцой, на досвітку, наша судна, якое трымала курс на Канарскія астравы, напаткала маўрытанскі разбойніцкі карабль, які пагнаўся за намі на ўсіх ветразях. Спадзяючыся ўцячы ад яго, мы таксама паднялі ўсе ветразі, але ўбачылі, што пірат набліжаецца і немінуча дагоніць нас праз некалькі гадзін, і тады мы падрыхтаваліся да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага — восемнаццаць. Каля трох гадзін папалудні ён нас дагнаў, але, па памылцы, замест таго, каб падыйсці да нас з кармы, падышоў з левага барта. Выкарыстаўшы гэтую памылку, мы нацэлілі на яго восем гармат і далі залп, пасля якога ён адышоў крыху далей, адказаўшы на наш агонь не толькі гарматным, але і стрэльбавым залпам з двух соцень стрэльбаў, бо на ім была каманда да двухсот чалавек. Аднак, нашых нікога не закранула: усе нашыя людзі прыселі за бортам.

Затым пірат падрыхтаваўся да новага нападу, а мы да новай абароны. Але ў наступнай сутычцы, зачапіўшыся за наш борт баграмі, шэсцьдзесят чалавек прыскочылі да нас на палубу і перш за ўсё пачалі сячы нашы снасці. Мы сустрэлі іх стрэльбавым агнём, коп‘ямі і ручнымі гранатамі і два разы ачышчалі ад іх нашу палубу. Тым не менш мы прымушаны былі здацца, бо наш карабль нікуды ужо не быў варты. Трое з нашых людзей былі забіты, а сямёра ранены. Нас адвязлі ў якасці палонных у морскі порт, які належаў маўрам.

У палоне мне жылося нядрэнна. Куды лепей, як я чакаў. Астатніх нашых людзей павезлі ў глыб краіны, да двара жорсткага цара, а мяне капітан разбойніцкага судна пакінуў пры сабе сваім рабом, бо я быў дужы, малады і спрытны. Я горка заплакаў: мне прыгадаліся прароцкія словы майго бацькі аб тым, што прыдзе час, калі не будзе каму выратаваць мяне з бяды і ўсцешыць. Цяпер гэтыя словы збыліся літаральна. Але, дармо, гэта быў толькі бледны цень тых мучэнняў, праз якія мне яшчэ трэ‘ было прайсці.

Калі мой новы гаспадар, капітан разбойніцкага судна, пакінуў мяне пры сабе, я пачаў спадзявацца, што ў наступнае плаванне ён возьме мяне з сабой. Я быў упэўнен, што рана ці позна яго зловіць які-небудзь іспанскі ці партугальскі вайсковы карабль і што тады мяне адпусцяць на волю. Але надзея мая хутка рассеялася, бо ў першы-ж раз, як мой гаспадар вышаў у мора, ён пакінуў мяне дома выконваць чорную работу па гаспадарцы, а вярнуўшыся, загадаў мне перасяліцца на карабль, каб пільнаваць яго.

З гэтага дня я толькі і думаў, каб уцячы. Але ўцякаць было цяжка. У ліку маіх таварышоў-нявольнікаў не было аніводнага англічаніна, якому я мог-бы даверыцца і які згадзіўся-б уцякаць разам са мной; такім чынам цэлых два гады ў мяне не было і пробліску надзеі.

Але на трэці год у мяне з‘явілася магчымасць уцячы. Здарылася гэта так. Мой гаспадар заўсёды, раз ці два на тыдзень, браў карабельную шлюпку і выходзіў на ўзмор‘е лавіць рыбу. У кожную такую паездку ён браў мяне і аднаго хлопчыка, якога звалі Ксуры. Мы веславалі і забаўлялі яго, як толькі маглі. І таму, што я акрамя таго быў яшчэ і добрым рыбаловам, ён часамі пасылаў нас адных па рыбу пад наглядам старога маўра, свайго родзіча.

Аднойчы мой гаспадар запрасіў двух гасцей пакатацца на лодцы. Для гэтай паездкі ён нарыхтаваў вялікія запасы харчоў, якія яшчэ з вечара адаслаў да сябе ў лодку.

Я зрабіў усё, як мне было загадана, і на другі дзень зранку сядзеў на баркасе, начыста вымытым, і чакаў гасцей. Раптам гаспадар прыходзіць адзін і кажа, што яго госці не прыедуць сёння, бо іх затрымалі справы. Затым ён загадаў нам траім — мне, хлопчыку Ксуры і маўру — выехаць у мора па рыбу.

— Мае сябры, — сказаў ён, — застануцца ў мяне вячэраць, і таму, як толькі наловіце рыбы, прыносце яе мне дадому.

Вось тут у мяне і мільганулі зноў мае даўнейшыя мары пра волю. Цяпер у мяне было сапраўднае судна, і, як толькі гаспадар пайшоў, я пачаў рыхтавацца — не да рыбнай лоўлі, а ў далейшае плаванне. Праўда, я не ведаў, куды я накірую свой шлях, але кожная дарога добрая, абы толькі выйсці з-пад няволі.

Раней за ўсё я намякнуў маўру, што нам неабходна дастаць ежу.

— Не можам-жа мы есці без дазволу гаспадарскі хлеб, — сказаў я яму.

— Так, гэта праўда, — адказваў ён і прыцягнуў на баркас вялікі кош з сухарамі і тры збаны прэснай вады.

Я ведаў, дзе стаіць у гаспадара скрыня з вінамі, і, пакуль маўр хадзіў за харчамі, я пераправіў усе бутэлькі ў лодку і паставіў у шуфлядку, як быццам яны былі яшчэ раней падрыхтаваныя для гаспадара. Акрамя таго, я прынёс вялікі кавалак воску (фунтаў пяцьдзесят вагой) ды захапіў маток пражы, сякеру, пілу і малаток. Усё гэта нам вельмі спатрэбілася ў далейшым, асабліва воск, з якога мы зрабілі свечы.

Я прыдумаў яшчэ адну хітрасць, на якую маўр таксама папаўся ў прастаце душы. Яго імя было Ізмаіл, але ўсе называлі яго Молі. Вось я і сказаў яму:

— Молі, у нас на баркасе ёсць гаспадарскія стрэльбы. Што, каб ты прыдбаў пораху і некалькі зарадаў. Можа нам удалося-б падстрэліць сабе на обед пару птушак. Гаспадар трымае порах і шрот на караблі, я ведаю.

— Добра, я прынясу, — сказаў ён і прынёс вялікую скураную торбачку (фунта паўтара вагой, калі не больш) ды другую са шротам — фунтаў пяць або шэсць. Ён захапіў таксама і куляў. Усё гэта мы склалі на баркасе.

Акрамя таго, у гаспадарскай каюце знайшлося яшчэ крыху пораху, які я перасыпаў у адну з быўшых у скрыні вялікіх бутэлек, выліўшы з яе рэшткі віна.

Падрыхтаваўшы такім чынам ўсё патрэбнае для дарогі, мы вышлі з гавані, нібыта на рыбную лоўлю.

Павудзіўшы некаторы час і нічога не злавіўшы (я знарок не выцягваў вудачкі, калі ў мяне рыба клявала), я сказаў маўру:

— Дрэнная наша справа. Гаспадар не падзякуе нас за такі дрэнны ўлоў. Трэба адысці далей у мора.

Нічога не падазраваючы, маўр згадзіўся і паставіў ветразі. Я сеў ля стырна і, калі баркас адышоў на мілю ў адкрытае мора, я лёг на борт, як быццам для таго, каб пачаць рыбную лоўлю. Затым, перадаўшы хлопчыку стырно, я шагнуў на нос, падышоў да маўра ззаду, нагнуўся над ім, нібыта разглядаючы нешта наперадзе, і раптам, абхапіўшы яго адной рукой за паясніцу, прыўзняў і кінуў ў мора.

Ён зараз-жа вынырнуў і пачаў крычаць мне, каб я ўзяў яго на баркас, абяцаючы, што паедзе са мной хоць на край свету. Ён так хутка плыў за баркасам, што адлегласць паміж намі прыкметна памяншалася (ветру амаль не было, і баркас ледзь рухаўся). Бачачы, што ён хутка дагоніць нас, я пабег у каюту, узяў там стрэльбу і паказаў яму.

— Я не жадаю табе дрэннага, — крыкнуў я, — але пакінь і ты мяне ў спакоі. Ты добра плаваеш, на моры ціха, табе нічога не варта даплыць да берагу. Паварочвай-жа лепш назад, тады я не крану цябе; але паспрабуй толькі падплыць блізка да баркаса, і я прастрэлю табе галаву, таму што цвёрда парашыў здабыць сабе волю.

Ён павярнуў да берагу і даплыў да яго без асаблівых цяжкасцей, бо ён быў выдатным плаўцом.

Вядома, я мог узяць з сабой старога маўра, а хлопчыка кінуць у мора, але на старога нельга было спадзявацца. Ён быў вельмі адданым свайму гаспадару. Калі ён адплыў даволі далёка, я павярнуўся да хлопчыка і сказаў:

— Ксуры! Калі ты будзеш верным, я зраблю цябе вялікім чалавекам, але, калі ты не паклянешся барадой Магамета, я і цябе кіну ў мора.

Хлопчык ухмыльнуўся, пазіраючы мне проста ў вочы, і пакляўся, што будзе мне верным і паедзе са мной, куды я захачу.

Пакуль маўр не знік з вачэй я трымаў курс у адкрытае мора, лавіруючы супроць ветру.

Але як толькі пачало змяркацца, я пачаў кіраваць на поўдзень, прытрымліваючыся трохі ўсхода, каб не надта адсоўвацца ад берагу. Дзьмуў свежы вецер, але хвалявання не было. Мы ішлі такім добрым ходам, што на другі дзень к тром гадзінам, калі наперадзе ў першы раз паказалася зямля, мы апынуліся ўжо на паўтараста міль ад уладанняў марокскага імператара, ды і кожнага іншага з афрыканскіх уладароў: ва ўсякім разе бераг, да якого мы набліжаліся, быў зусім бязлюдным. Але ў маўраў я набраўся такога страху і так баяўся зноў трапіць ім у лапы, што, карыстаючыся спрыяльным ветрам, пяць дзён плыў, не спыняючыся, не становячыся на якар і не сходзячы на бераг.

Праз пяць дзён вецер змяніўся: падзьмула з поўдня, пагоні ўжо не было чаго баяцца, і я рашыў падыйсці да берагу і кінуць якар у вусці нейкай маленькай рэчкі.

Якая гэта была рэчка і дзе яна працякае, у якой краіне, у якога народу, — я зусім неведаю. Я не бачыў на беразе людзей, ды і не жадаў іх бачыць; адзінае, што мне было патрэбна, — прэсная вада. Мы ўвайшлі ў гэтую рэчку пад вечар і рашылі, калі сцямнее, наўплаў дабрацца да берагу і агледзець мясцовасць; але, як толькі сцямнела, мы пачулі з берагу такія жахлівыя гукі, такі дзікі рэў, такое завыванне дзікіх звяроў, што бедны хлопчык ледзь не памёр ад страху і пачаў прасіць мяне не сыходзіць на бераг, пакуль не настане дзень.

— Добра, Ксуры, — сказаў я яму, — пачакаем! Але можа быць, што пры дзённым святле мы там убачым людзей, ад якіх нам будзе яшчэ горш, чымся ад тыграў і львоў.

— А мы пальнём у іх са стрэльб, — сказаў ён са смехам, — яны і ўцякуць.

Я быў рады, што хлопчык такі вясёлы, і, каб падтрымаць у ім гэтую бадзёрасць духу, даў яму келішак віна з гаспадарскіх запасаў. Парада яго па сутнасці была нядрэннай, і я зрабіў так, як ён сказаў. Усю ноч мы прасталі на якары і ніводнай хвіліны не спалі. Гадзіны праз дзве-тры пасля таго, як мы кінулі якар, мы пабачылі на беразе вялізных звяроў вельмі дзіўнай пароды (якой — мы і самі не ведалі): яны падыходзілі да самага берагу, уваходзілі ў рэчку, плёхаліся і ваўтузіліся ў вадзе, жадаючы, мусіць асвяжыцца, і пры гэтым вельмі брыдка пішчэлі, чмыхалі, раўлі і вылі; нічога падобнага я да той пары ніколі не чуў.

Ксуры быў страшэнна напалоханы, ды, праўду сказаць, і я таксама. Але мы абодва яшчэ больш перапалохаліся, калі пачулі, што адзін з гэтых страшыдлаў плыве да нашага баркаса; мы не змаглі яго бачыць, але па тым, як ён соп і порскаў, здагадаліся, што гэта павінен быць незвычайных памераў драпежны звер. Бядак Ксуры падумаў, што гэта леў (можа так яно і было) і крыкнуў мне:

— Падымем якар і пойдзем адсюль!

— Не, Ксуры, — адказваў я, — нам няма патрэбы здымацца з якара; мы толькі адпусцім канат падаўжэй, і адыдзем к мору: яны не пагоняцца за намі туды.

Але як толькі сказаў гэтыя словы, я ўбачыў невядомага звера на адлегласці ўсяго якіх двух вёслаў ад баркаса. Прызнаюся, я крыху спалохаўся, аднак зараз-жа ўзяў з каюты стрэльбу і стрэльнуў. Жывёла павярнула назад і паплыла да берагу.

Немагчыма апісаць, які пякельны рэў узняўся на беразе, калі пачуўся мой стрэл: мусіць, тутэйшыя зверы ніколі не чулі гэткага гуку. Тут я канчаткова ўпэўніўся, што нам няма чаго і думаць пра высадку ў гэтых месцах на працягу ночы; але ці можна будзе рызыкнуць высадзіцца ўдзень — гэтага мы таксама не ведалі; зрабіцца здабычай нейкага дзікуна не лепш, чымся трапіць у кіпці льву або тыгру!

Але так ці інакш, тут ці ў іншым месцы, нам неабходна было сысці на бераг, бо ў нас не засталася ані кроплі вады. Ксуры абвясціў, што, калі я пушчу яго, ён дабярэцца да берагу ўброд і пастараецца здабыць прэснай вады. А калі я запытаў яго, чаму-ж ісці яму, а не мне, у адказе хлопчыка прагучэла такая любоў да мяне, што ён навекі падкупіў мяне сваёй адданасцю. Ён адказаў:

— Калі прыдзе дзікі чалавек, ён з‘есць мяне, а вы застанецеся цэлы.

— Дык вось што, Ксуры, — сказаў я: — накіруемся разам, а калі дзікі чалавек прыдзе, мы яго заб‘ем, і ён не з‘есць ні цябе, ні мяне.

Я даў хлопчыку сухароў і глыток віна; затым мы падцягнуліся да зямлі так блізка, наколькі лічылі гэта бяспечным, і скакануўшы ў ваду, накіраваліся да берагу ўброд, не ўзяўшы з сабою нічога, акрамя зброі ды двух збаноў для вады.

Я не хацеў аддаляцца ад берагу, каб не згубіць з віду наш баркас, баючыся, каб уніз па рацэ да нас не спусціліся дзікуны ў пірогах. Але Ксуры, убачыўшы нізінку за мілю ад берагу, пайшоў туды са збаном. Раптам я ўбачыў, што ён бяжыць назад да мяне. Ці не пагналіся за ім дзікуны? Ці не спалохаўся ён якога драпежнага звера? Я кінуўся да яго на ратунак, але, падбегшы бліжэй, убачыў, што за спіной у яго вісіць нешта вялікае. Высветлілася, што ён забіў нейкага звярка накшталт нашага зайца, але іншага колеру ды з больш даўгімі нагамі. Мы абодва былі рады гэтай удачы, мяса забітай жывёлы здалося нам вельмі смачным; але галоўная радасць, з якою бег да мяне Ксуры, была вестка пра знаходку прэснай вады.

Напоўніўшы нашыя збаны, мы пад‘елі забітага зайца і паехалі далей, не знайшоўшы у гэтай мясцовасці аніякіх слядоў чалавека.

Пасля таго, як мы вышлі з вусця рэчкі, нам яшчэ некалькі разоў даводзілася прычальваць да берагу за прэснай вадой.

Аднойчы з самага ранку мы сталі на якар пад аховай даволі высокага мыска і чакалі прыліву. Раптам Ксуры, у якога зрок быў вастрэй за мой, прашаптаў:

— Зірніце, які страшэнны звер ляжыць вунь там, на прыгорку. Цяпер ён моцна спіць. Пойдзем, пакуль ён не прачнуўся.

Я зірнуў, куды ён паказваў, і сапраўды ўбачыў страшыдлу. Гэта быў вялізны леў. Ён ляжаў пад выступам узгорка, які хаваў яго ад сонца.

— Паслухай, Ксуры, — сказаў я: — ідзі на бераг ды забі гэтага звера.

Хлопчык перапалохаўся.

— Мне забіць яго?! — казаў ён. — Ды ён-жа мяне праглыне ўсяго!

Я не супярэчыў і загадаў толькі не варушыцца; потым прынёс усе нашы стрэльбы (у нас іх было тры). Адну, самую вялікую, я зарадзіў двума жарабейкамі[2], усыпаўшы спачатку добры зарад пораху; у другую засунуў дзве вялікія кулі, а ў трэцюю — пяць куляў меншых. Узяўшы першую стрэльбу і добранька прыцэліўшыся, я стрэліў у звера; я цаляў яму ў галаву, але ён ляжаў у такой позе (прыкрыўшы морду лапай), што зарад трапіў яму ў нагу і раструшчыў косць вышэй калена. Ён адразу-ж ускочыў, але адчуўшы боль у перабітай назе, зараз-жа зваліўся; потым зноў стаў на трох лапах і, кульгаючы, пайшоў прэч ад берагу, выпусціўшы такі жахлівы роў, якога я ў жыцці сваім не чуў. Я быў крыху збянтэжаны тым, што не трапіў яму ў галаву; аднак, не чакаючы ніводнай хвіліны, узяў другую стрэльбу і, стрэліўшы зверху наўздагон, на гэты раз трапіў удала. Леў упаў, не выдаўшы ані гука. Тут Ксуры набраўся смеласці і пачаў прасіцца на бераг.

— Добра, ідзі! — сказаў я.

Хлопчык ускочыў у ваду і паплыў да берагу, працуючы адной рукой, бо ў другой трымаў стрэльбу. Падышоўшы шчыльна да раскінутага звера, ён прылажыў дула стрэльбы да яго вуха і забіў яго канчаткова.

Было, вядома, прыемна перамагчы такога звера, але мяса яго не ўжывалася ў страву, і я вельмі шкадаваў, што мы папсавалі тры зарады на гэтую бескарысную дзічыну. Але Ксуры абвясціў, што ён пажывіцца нечым ад забітага льва, і калі мы вярнуліся на баркас, папрасіў у мяне сякеру.

— Навошта? — запытаўся я.

— Адсекчы яму галаву, — адказаў ён.

— Аднак галавы адсячы яму ён не здолеў, а адсек толькі лапу, якую і прынёс на баркас. Гэта была страшэнных памераў львіная лапа. Тут мне прышло ў галаву, што можа нам магла-б спатрэбіцца на што-небудзь скура льва і я рашыў паспрабаваць зняць яе. Мы абодва вярнуліся да льва, але я не ведаў, як узяцца за справу. Ксуры быў больш спрытнейшым, як я; я дапамагаў яму, як умеў. Гэтая работа заняла ў нас цэлы дзень. Нарэшце скура была знята; мы расцягнулі яе на страсе нашай каюткі; дні праз два яна зусім прасохла на сонцы і потым служыла мне подсцілкай нанач.

Пасля гэтай астаноўкі мы яшчэ дзён дзесяць-дванаццаць ехалі на поўдзень, імкнучыся як мага больш эканоміць нашы харчовыя запасы, якіх у нас засталося вельмі мала, і выходзячы на бераг толькі па прэсную ваду. Я хацеў дайсці да вусцяў Гамбіі ці Сенегала або наогул да якой-небудзь зручнай стаянкі недалёка ад Зялёнага мыса, бо спадзяваўся сустрэць тут якое-небудзь еўрапейскае судна. Я ведаў, што, калі я яго не сустрэну, мне застанецца ці пусціцца ў мора на пошукі астравоў, ці загінуць сярод чорнаскурых, — іншага выбару ў мяне не было. Мне было вядома, што ўсе еўрапейскія судны, куды-б яны ні накіроўваліся — ці да берагоў Гвенеі, ці ў Бразілію або ў Ост-Індыю, — праходзяць міма Зялёнага мыса: словам, я сказаў сабе, што павінен або сустрэць еўрапейскае судна, або загінуць.

Яшчэ дзён дзесяць, як ужо сказана, я трымаўся бліжэй да берагу. Потым я заўважыў, што бязлюдныя прасторы берагавой паласы пачынаюць змяняцца пасёлкамі: у двух-трох месцах мы бачылі на беразе людзей, якія глядзелі на нас. Усе яны былі голыя, чорныя. Аднаго разу я хацеў быў выйсці на бераг і падысці да іх, але Ксуры, мой мудры парадчык, сказаў:

— Не трэба!

Тым не менш я пачаў трымацца бліжэй да берагу, каб мець мажлівасць перагаварыць з дзікунамі. Яны зразумелі мой намер і доўга беглі ўдоўж берагу за нашым баркасам. Я заўважыў, што яны былі няўзброеныя, толькі адзін з іх трымаў у руцэ даўгі тонкі кій. Ксуры сказаў мне, што гэта кап‘ё і што дзікуны кідаюць коп‘і вельмі далёка і вельмі трапна. Таму я трымаўся ад іх здалёк і гутарыў з імі знакамі, імкнучыся галоўным чынам даць ім зразумець, што нам неабходна ежа. Яны зразумелі і пачалі ў сваю чаргу рабіць нам знакі, каб я спыніў сваю лодку, і што яны прынясуць нам харч. Як толькі я спусціў ветразі, два дзікуны пабеглі кудысці і праз поўгадзіны вярнуліся з двума вялікімі кавалкамі сушанага мяса і двума мяшкамі з зернем нейкай збожжавай расліны, якая расце на іхняй зямлі. Мы не ведалі, якое гэта было мяса і якое зерне, аднак выказалі сваю поўную гатоўнасць прыняць тое і другое. Але як атрымаць прапануемы дар? Мы не адважыліся выйсці за імі на бераг, баючыся дзікуноў, а яны, у сваю чаргу, баяліся нас ніколькі не менш. Нарэшце яны прыдумалі, як выйсці з гэтага становішча без ніякай небяспекі для абодвух бакоў: склаўшы на беразе мяшкі з зернем і мяса, яны адышлі падалей, далі нам час пераправіць усё гэта на баркас і затым вярнуліся на ранейшае месца. Мы падзяквалі іх знакамі. Хутка трапіўся нам выпадак зрабіць ім вялікую паслугу.

Мы не паспелі адыйсці яшчэ ад берагу, як раптам з-за гор выбеглі два велізарныя звяры і кінуліся бегчы прама да мора. Адзін з іх гнаўся за другім; людзі на беразе, асабліва жанчыны, страшна перапалохаліся. Толькі чалавек, які трымаў капьё застаўся на месцы; астатнія пусціліся наўцёкі. Але зверы беглі прама да мора і не рабілі ніякіх намераў напасці на людзей. Яны зразмаху кінуліся ў ваду і пачалі плаваць, як быццам купанне было адзінай мэтай іхняй экскурсіі. Раптам адзін з іх падплыў даволі блізка да баркаса. Я гэтага не чакаў; тым не менш, зарадзіўшы хутка стрэльбу і загадаўшы Ксуры зарадзіць абедзве іншыя, я падрыхтаваўся сустрэць ворага. Як толькі ён наблізіўся да нас на адлегласць стрэлу са стрэльбы, я спусціў курок, і куля трапіла яму ў галаву; ён адразу-ж апусціўся ў ваду, потым вынырнуў і паплыў назад да берагу то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы на паверхню. Ён, відаць, змагаўся са смерцю, захлынаючыся вадой і сцякаючы крывёю, і, не даплыўшы да берагу, акалеў.

Немагчыма перадаць здзіўленне дзікуноў, калі яны пачулі трэск і ўбачылі агонь са стрэльбы: яны літаральна ледзь не памерлі ад страху і пападалі на зямлю, быццам мёртвыя. Але ўбачыўшы, што звер патануў і што я раблю ім знак падысці бліжэй, яны пасмялелі і ўвайшлі ў ваду, каб выцягнуць забітага звера. Я лёгка вызначыў дзе ён патануў, бо вада ў гэтым месцы афарбавалася крывёй. Зачапіўшы труп вяроўкай, я перакінуў канец яе дзікунам, і яны прыцягнулі забітага звера да берагу. Гэта быў вялікі леапард рэдкай пароды, з плямістай скурай незвычайнай прыгажосці. Дзікуны, стоячы над ім, уздымалі рукі ўгору ў знак здзіўлення: яны не маглі зразумець, чым я забіў яго.

Другі звер, спалохаўшыся майго стрэлу, выскачыў на бераг і пабег назад у горы. Між тым я заўважыў, што неграм вельмі хочацца паесці мяса забітага леапарда, і падумаў, што будзе добра зрабіць такім чынам, каб яны атрымалі яго як падарунак ад мяне. Я паказаў ім знакамі, што яны могуць узяць яго сабе. Яны вельмі дзякавалі мяне і, не трацячы часу, узяліся за работу. Нажоў у іх не было, але завостранымі аскабэлкамі дрэва яны знялі скуру з мёртвага звера так хутка і лоўка, як мы не зрабілі-б гэтага нажом. Яны давалі і мне мяса, але я адмовіўся, зрабіўшы ім знак, што аддаю яго ім, а папрасіў толькі скуру, якую мне і аддалі вельмі ахвотна. Акрамя таго, яны прынеслі для мяне новы запас харчоў, куды большы за ранейшы, і я яго ўзяў, хоць і не ведаў, якія гэта былі прадукты. Затым я папрасіў у іх ваду; паказаўшы ім адзін з нашых збаноў, я перакуліў яго ўверх дном, каб паказаць, што ён пусты і што яго трэба напоўніць. Тады яны пракрычалі нешта на сваёй мове, з натоўпу адлучыліся дзве жанчыны і хутка прынеслі і паставілі на беразе вялікую пасудзіну з апаленай гліны (яны пэўне абпальваюць гліну на сонцы). Я паслаў Ксуры на бераг з усімі нашымі збанамі, і ён напоўніў іх вадой.

Назапасіўшыся такім чынам вадой і харчамі, якія складаліся з нейкага невядомага нам зерня і каранёў, — я развітаўся з гасціннымі неграмі і на працягу адзінаццаці дзён плыў у ранейшым кірунку, не зварочваючы к берагу. Нарэшце мілях у пятнаццаці наперадзе я ўбачыў вузкую паласу зямлі, далёка выступаючую ў мора. Надвор‘е было ціхае, і я павярнуў у адкрытае мора, каб абагнуць гэтую касу. У той момант, калі мы параўналіся з яе канцом, я выразна ўбачыў мілях у шасці ад берагу з боку акіяна другую паласу зямлі і зразумеў, што вузкая каса — Зялёны мыс, а паласа зямлі, якая была відна здалёк, — астравы той-жа назвы. Але астравы былі вельмі далёка, і я не ведаў, што мне рабіць, не адважваючыся накіравацца да іх. Раптам я пачуў крык хлопчыка:

— Гаспадар! Гаспадар! Ветразі! Карабль!

Дурны хлопчык спалохаўся да поўсмерці, уявіўшы, што гэта павінен быць абавязкова адзін з караблёў яго гаспадара, пасланы за намі ў дагон; але я ведаў, як далёка адышлі мы ад маўраў, і быў упэўнен, што нам не можа пагражаць небяспека з гэтага боку.

Я выскачыў з каюты і адразу-ж не толькі ўбачыў карабль, але нават заўважыў, што ён быў партугальскі. «Мусіць, нявольнічы — падумаў я, — і пэўне накіроўваецца да берагоў Гвінеі за неграмі». Але прыгледзеўшыся больш уважліва, я ўпэўніўся, што судна ідзе ў іншым кірунку і не думае паварочваць да берагу. Тады я падняў усе ветразі і павярнуў у адкрытае мора, парашыўшы зрабіць усё магчымае, каб звярнуць на сябе ўвагу яго экіпажа.

Я, аднак, хутка пераканаўся, што нават ідучы поўным ходам, мы не паспеем падысці так блізка, каб людзі маглі заўважыць нашыя сігналы; але якраз у тую хвіліну, калі я пачаў траціць надзею, нас убачылі з палубы ў падзорную трубу. Яны падумалі, як гаварылі мне потым, што гэта лодка з нейкага загінуўшага еўрапейскага судна. Карабль зменшыў ветразі, каб даць нам мажлівасць наблізіцца, і праз тры гадзіны мы прычалілі да яго. Мяне засыпалі пытаннямі на партугальскай, іспанскай і французскай мовах, але ніводнай з гэтых моў я не ведаў. Нарэшце адзін матрос, шатландзец, загаварыў са мной па-англійску, і я растлумачыў яму, што я англічанін і збег ад маўраў, дзе мяне трымалі ў няволі. Тады мяне і майго спадарожніка вельмі добра прынялі на карабль, разам з баркасам і ўсім нашым дабром.

Лёгка сабе ўявіць, якою радасцю напоўніла мяне пачуццё волі пасля такога ганебнага і жахлівага становішча, у якім я знаходзіўся. Я зараз-жа прапанаваў усю маю маёмасць капітану, як узнагароду за маё збавенне, але ён велікадушна адмовіўся, кажучы, што нічога ад мяне не возьме і што ўсе мае рэчы будуць звернуты мне ў непарушнасці, як толькі мы прыедзем у Бразілію.

— Бразілія вельмі далёка ад вашай радзімы, і вы памрэце там з голаду, калі я адбяру ў вас вашу маёмасць. Навошта-ж было мне вас ратаваць? Не, не, сін‘ёр, я давязу вас да Бразіліі дарма, а вашы рэчы дадуць вам мажлівасць пражыць там, колькі спатрэбіцца, і аплаціць ваш праезд на радзіму.


  1. Фунт стэрлінгаў = 9½ залатым рублям.
  2. Жарабейка — кавалак волава, які замяняе кулю.