I
Онегін, толькі што дазнаўся
Пра збег паэта, зноў з нудой
Ля Ольгі думкамі заняўся
Здаволен помстаю сваёй.
За ім і Ольга пазяхала,
Вачыма Ленскага шукала,
Яе абрыдлы катыльён
Марыў нібы цягучы сон.
Ды вось ён скончан. Запрашаюць
Усіх вячэраць. Для гасцей
Пасцелі сцелюць ад сяней
Ды дзевіч’яй. Усе жадаюць
Заснуць. Онегін толькі мой
Да хаты выехаў сваёй.
II
Усё заціхла: у гасцінай
Храпе дзябёлы Пусцякоў
З цяжкой сваёю палавінай.
Гваздзін, Буянаў, Пятушкоў
І Флянаў, не зусім здаровы
На крэслах леглі ў сталовай,
Трыке на доле лёг зусім
Ў фуфайцы, ў каптуры старым.
Дзяўчаты ў спальнях у Тацяны
І Ольгі спяць глыбокім сном.
Адна, ў маркоце пад вакном
Залітая святлом Дыаны,
Тацяна бедная не спіць
І ў поле цёмнае глядзіць.
III
Яго раптоўныя гасціны,
Пяшчотны на мамент пагляд
І падыход да Ольгі дзіўны
Ў душы ўзнялі пачуццяў шмат;
Яна яго не разумее;
Яна ў тузе зайздроснай млее;
Туга бязлітасная ёй
Нібы халоднаю рукой
Сціскае сэрца, прорва згубы
Пад ёй чарнее і шуміць…
— «Загіну,» — думка ў ёй шчыміць:
«Ды ад яго: загінуць люба.
Маўчу я: што мне наракаць?
Не можа ён мне шчасця даць».
IV
Далей, далей, мая гістор’я!
Нас постаць новая заве.
Пяць вёрст ўсяго ад Краснагор’я,
Сядзібы Ленскага, жыве
У долі добрай і прывычнай
Ў пустыннасці філасафічнай
Зарэцкі, некалі буян,
Карцёжнай зграі атаман,
Душа гуляк, трыбун карчомны,
Цяпер жа, поўны прастаты,
Сям’і ён бацька халасты,
Надзеі друг, абшарнік скромны,
Сумленны нават чалавек:
Так выпраўляецца наш век.
V
Даўней ліслівы голас света
Ў ім злую смеласць выхваляў:
У туз, па праўдзе, з пісталета
За сажняў пяць ён улучаў,
І то сказаць, што ў часе бою
Ён у захопленым настроі
Раз вызначыцца захацеў:
З каня калмыцкага зляцеў
П’яны ў гразь і мусіў здацца
Французам: дарагі залог!
Наш Рэгул, новай праўды бог,
Ў няволі рады зноў застацца
Каб кожны вечар у Веры
Піць напавер бутэлькі тры.
VI
Даўней смяяўся ён забаўна,
Умела кпіў над прасцяком,
Разумных гэтак сама слаўна
Дурыў адкрыта і цішком,
Хоць і яму другія штукі
Не абышліся без навукі,
Хоць іншы раз, вядома нам,
У дурні шыўся ён і сам.
Умеў ён весела спрачацца,
Адказ тупы ці востры даць,
З разлікам часам прамаўчаць,
З разлікам часам узлавацца,
Сяброў развесці маладых
І на бар’ер паставіць іх.
VII
Ці памірыць іх пастарацца
Каб потым снедаць утраіх
І ў смак пасля пазабаўляцца
Хлуснёй ці смешным жартам з іх.
Sed alia tempora! Гарэзнасць
(Як і любоў, таксама рэзвасць),
Мінае з юнасцю жывой.
Як я сказаў, Зарэцкі мой
Пад цень чаромхаў і акацый
Ад бур асеўшы пад канец
Жыве зусім як той мудрэц,
Капусту садзіць як Гарацый,
Гадуе качак і гусей
І вучыць грамаце дзяцей.
VIII
Ён быў не дурань; і Еўгеній,
Хоць сэрца не цаніў ў ім,
Любіў у ім склад дум нядрэнны
І дух размоў аб тым, аб сім,
І ён з прыемнасцю, бывала,
З ім спатыкаўся, дык німала
На заўтра не здзівіўся тым,
Што ён з’явіўся перад ім.
Той, пасля першага прывета
Размову хутка перарваў
І усміхнуўшыся, падаў
Онегіну ён ліст паэта.
Каля вакна Онегін стаў
І пра сябе яго чытаў.
IX
То быў шляхетны, далікатны
Кароткі выклік, ці картэль.
Пачціва, з яснасцю выдатнай
Зваў Ленскі друга на дуэль.
Онегін прачытаў і жвава
Да пасланца падобнай справы
Звярнуўшыся, без лішніх слоў
Сказаў, што ён заўжды гатоў.
Зарэцкі кінуў тлумачэнні,
Застацца болей не хацеў,
Бо шмат у хаце справы меў,
І зараз вышаў; ды Еўгеній
Сам-на-сам са сваёй душой
Быў нездаволены сабой.
X
І сапраўды: ў разборы строгім,
Калі судзіць сябе ён стаў
Ён сам сябе ўпікаў у многім:
Па-першае, ён быў непраў
Што над пяшчотлівым каханнем
Пажартаваў так неахайна
Другое ж: рэзвасці палёт
Паэту ў васемнаццаць год
Даруецца. Калі ягоным
Сапраўдным другам Ленскі быў
Сябе ён хай бы праявіў
Не лялькай розных забабонаў
Не палкім хлопчыкам, байцом
А цвёрдым, сталым мудрацом.
XI
Ён мог пачуццяў лад настроіць
А не ашчэрвацца, як звер;
Павінен быў ён абяззброіць
Паэта сэрца. «Ды цяпер
Занадта позна: час мінае…
Ды ў справу, — так ён разважае, —
Ушыўся дуэліст былы;
Пляткар ён языкаты, злы…
Вядома: мусіць быць няласка
Цаной яго забаўных слоў;
Ды смех, ды плёткі блазнюкоў…»
І вось гатоў пагляд грамадскі,
Спрунжына гонару, закон,
Чым свет жыве з даўнейшых дзён.
XII
Адказу ў злосці нецярплівай
Паэт чакае доўгі час;
І вось ягоны гаварлівы
Сусед прывёз яму адказ.
Вось свята злоснаму паэту!
Ў ім страх быў, каб дасціпнік гэты
На жарты справу ўсю не звёў
І каб ад стрэлу не адвёў
Ён грудзі новым мудраваннем.
Сумненняў больш няма зусім:
Каля млына належыць ім
Сустрэцца заўтра прад світаннем,
Для стрэлу адцягнуць курок
І цэліць у лытку або ў бок.
XIII
Рашыўшы з здрадніцай не знацца,
Кіпучы Ленскі не хацеў
З ёй прад дуэллю спатыкацца,
На стрэлкі, у вакно глядзеў,
Пасля падумаў, апрануўся —
І у суседак апынуўся.
Ён думаў Ольгу ўсхваляваць,
Сваім прыездам напужаць;
Ды дзе там: Ольга спатыкае
Як і ў мінулую пару,
Ляціць насустрач песняру
Як лёгкая надзея тая,
Вяселлем з’яе маладым
Як і за пару дзён прад тым.
XIV
«Што ўчора рана так прапалі?»
Пытанне Оліна было.
Усе пачуцці ў ім паўсталі
І моўчкі ён схіліў чало.
Замоўкла прыкрасць, знікла здрада
Прад гэтай яснасцю пагляда,
Прад гэтай шчырай прастатой,
Прад гэтай жваваю душой!..
І бачыць ён ў захапленні:
Каханы ён, ўсё як было!
Яго раскаянне ўзяло,
Гатоў прасіць ён прабачэння,
Дрыжыць і не находзіць слоў:
Шчаслівы, ён амаль здароў.
XV. XVI. XVII
І задуменны зноў, пахілы,
Прад мілай Ольгаю сваёй
Владзімір не знаходзіць сілы
Ўчарашні дзень напомніць ёй;
Ён мысліць: «Я яе ўратую,
Драпежніку я не дарую,
Каб жаркі сказ яго ці ўздох
Ёй спакусіць бы сэрца мог;
Каб люты, злы чарвяк-зухвала
Красу лілеі мог тачыць,
Каб не пачаўшы нават жыць,
Двухзолкавая кветка звяла».
Ўсё гэта значыць агулом:
Страляцца буду я з сябром.
XVIII
Каб ведаў ён, якая рана
Тацяны сэрца так пякла!
Каб толькі ведала Тацяна,
Каб хоць дазнацца як магла,
Што заўтра Ленскі і Еўгеній
Паб’юцца аб магільным цені:
Ах, можа быць, яе любоў
Злучыла б прыяцеляў зноў!
Але ніхто і выпадкова
Пра тое пачуццё не знаў.
Онегін слова не сказаў;
Тацяну боль тачыў суровы;
Адна мо’ няня знаць магла
Ды нездагадлівай была.
XIX
Ўвесь вечар Ленскі ўстурбаваны,
То быў вясёлы, то змаўкаў,
Ды той, хто музай ўзгадаваны,
Заўсёды гэткі: ён сядаў
Нахмураны за клавікорды
І браў на іх адны акорды;
На Ольгу вочы уздымаў —
«Ці ж не шчаслівы я!» — шаптаў.
Ды позна; ехаць час. Шчымела
Ў ім сэрца горкаю тугой;
Як ён развітываўся з ёй
Яно аж рвалася і млела.
Яна у твар яму глядзіць:
— «Што з вамі?» — Так. — і ......
ХХ
Дамоў прыехаў, пісталеты
Агледзеў, потым іх паклаў
Ізноў у скрынку і, раздзеты,
Пры свечцы Шылера узяў;
Ды думка ў ім адна лунае;
У сэрцы смутак не змаўкае;
З непараўнанаю красой
Ён бачыць Ольгу прад сабой.
Владзімір кнігу закрывае,
Бярэ пяро і вершаў рой
Любоўнай поўны драбязой
Гучыць і льецца. Іх чытае
У голас на лірычны лад
Як Дэльвіг выпіўшы зашмат.
XXI
Для нас іх годы захавалі
Ўсе тыя вершы; вось яны:
«Куды, куды вы запрапалі,
Былыя дні маёй вясны?
Што дзень наступны мне рыхтуе?
Дарма яго вачмі лаўлю я;
Схаваны ў мгле глыбокай ён.
Што ж: лёсу праў заўжды закон.
Ці я ўпаду стралой прабіты,
Ці міма праляціць яна,
Ўсё добра: пільнасці і сна
Прыходзіць момант векавіты;
Благаславёны дзень турбот,
Благаславёны цьмы прыход.
XXII
Зяз’яе заўтра золак мілы
І запраменіць ясны дзень;
А я — быць можа я магілы
Спушчуся ў таямнічы цень,
І памяць юнага паэта
Глыне павольнай плынню Лета,
Забудзе свет мяне; ды ты
Ці прыдзеш, любая тады
Слязу праліць над ранняй урнай
І думаць: ён мяне кахаў,
І мне адзінай ён аддаў
Журботны золак долі бурнай!..
Сардэчны друг, жаданы друг,
Прыдзі, прыдзі: я твой супруг!..»
XXIII
Так цёмна ён пісаў і вяла
(Што рамантызмам у нас зваць,
Хоць рамантызму тут німала
Няма; ды што нам бедаваць?)
Нарэшце перад золкам новым
Над ідэалам, модным словам,
За зморанаю галавой
Пачаў драмаць быў Ленскі мой;
Ды толькі асалодай соннай
Забыўся ён, ужо сусед
Ідзе ў маўклівы габінет
І будзіць Ленскага настойна:
«Ужо сем гадзін: прачнуцца час.
Онегін там чакае нас».
XXIV
Аднак мыляўся ён: Еўгеній
Глыбокім сном дагэтуль спаў.
Ужо радзеюць ночы цені
І певень Веспера спаткаў;
Онегін спіць сабе глыбока
Ўжо сонца каціцца высока
І пералётная мяцель
Блішчыць і ўецца; ды пасцель
Яшчэ Еўгеній не пакінуў,
Яшчэ над ім лунае сон.
Нарэшце абудзіўся ён,
Заслону зараз жа адкінуў:
Глядзіць — і бачыць, што пара
Даўно ўжо выехаць з двара.
XXV
Ён звоніць. У хвіліну тую
Слуга француз Гільо бяжыць,
Халат, пантофлі прапануе,
Бялізну падае змяніць.
Пачаў Онегін апранацца,
Французу кажа рыхтавацца
З ім разам хутка выяжджаць
І баявую скрынку ўзяць.
Вось санкі лёгкія мільгнулі.
Ён сеў і да млына памчаў.
Прыехалі. Ён загадаў
Смяротныя Лепажа кулі
Узяць, а коням ад’яжджаць
І ў полі ля дубкоў чакаць.
XXVI
Даўно ўжо нецярпліва Ленскі
Ля мосту ўспёршыся чакаў;
А паміж тым механік сельскі
Зарэцкі жоран ганьбаваў.
Онегін просіць прабачэння.
«Ды дзе ж, — спытаўся недаўменна
Зарэцкі, — дзе ж ваш секундант?»
У дуэлях класік і педант
Методу ён любіў страшэнна,
Каб чалавека забіваў
Звычайна хто — не дапушчаў
Але па правілах нязменна,
Па ўсіх паданнях даўных дзён
(Ў нас будзіць тым пашану ён)
XXVII
«Мой секундант? — сказаў Еўгеній:
Вось ён: мой друг monsieur Guillot
Я не прадбачу каб сумненне
Якое-небудзь тут было:
Хаця ён чалавек нязнаны,
Затое малец беззаганны».
Кусаць губу Зарэцкі стаў.
Онегін Ленскага спытаў:
«Што ж, пачынаць?» — «Пачаць пара нам»,
Сказаў Владзімір. І пайшлі
За млын. Пакуль распачалі
Зарэцкі з мальцам беззаганным
Аб важнай справе меркаваць
Маўкліва ворагі стаяць.
XXVIII
Так, ворагі! Крыві жаданне
Ці ж так даўно іх развяло?
Нядаўна ж справы, меркаванні,
Стол і спачын — усё было
У іх агульным! Зараз злосна
Нібы ў варожасці нязноснай,
Бы ў злым і цёмным сне яны
Адзін другому ў цішыні
Рыхтуюць згубу так спакойна…
Ці не ўсміхнуцца ім хутчэй,
Пакуль не льецца кроў з грудзей,
Ды разыйсціся памяркоўна?..
Ды звада свецкая дрыжыць
Каб зманнай ганьбы не нажыць.
XXIX
Вось пісталеты ўжо бліснулі.
Грыміць аб шомпал малаток.
Ужо кулі ў гранёнай рулі
І ляснуў першы раз курок.
Вось порах плынню шэраватай
Павольна сыплецца. Зубчаты
Надзейна ўкручаны крамень
Узведзен зноў. За блізкі пень
Гільо ціхутка адыходзіць.
Скідаюць ворагі плашчы
Трыццаць два крокі адлічыў
Зарэцкі, ворагаў разводзіць,
Паставіў іх на крайні след
І кожны ўзяў свой пісталет.
XXX
«Цяпер сыходзьцеся». Спакойна
Не цэлячыся пачалі
Сыходзіцца, паходкай роўнай
Чатыры крокі перайшлі,
Чатыры да труны ступені.
Свой пісталет тады Еўгеній,
Не перастаўшы наступаць,
Стаў першы ціха паднімаць.
Пяць крокаў зноў яны ступілі,
Прыжмурыўшыся ў гэты час
Стаў Ленскі цэліць — ды якраз
Онегін стрэліў… Адзванілі
Гадзіны страшныя: паэт
Без слова роніць пісталет,
XXXI
Кладзе на грудзі ціха руку
І падае. Яго пагляд
Малюе смерць, а не дакуку.
Павольна так праз горны скат
Паўзе камлыга снегавая
І іскрамі на сонцы з’яе.
Над юнаком Онегін стаў,
Як быццам лёд яго абняў.
Глядзіць і кліча… не паможа:
Яго няма. Для песняра
Да часу надышла пара!
Дыхнула бура, цвет прыгожы
Завяў на ранішняй зары,
Пагас агонь на алтары.
XXXII
Ляжаў ён ціха, незвычайна
Быў томны мір яго чала.
Навылет пад грудзямі рана,
Кроў цёплая з яе цякла.
У гэтым сэрцы за хвіліну
Натхненне білася няспынна,
Надзея, помста і любоў,
Жыццё кіпела, грала кроў;
Цяпер, бы ў хаце апусцелай,
Ўсё стала цёмна, ціха ў ім;
Яно замоўкла назусім.
Пакрыты вокны крэйдай белай
І гаспадыні не відаць.
А дзе яна — хто можа знаць!
XXXIII
Прыемна вострай эпіграмай
Памылку ворага пабіць;
Прыемна бачыць, як рагамі
Наставіўшыся ён стаіць
Прад люстрам, у яго глядзіцца
І пазнаваць сябе баіцца;
Уцеха лепшая мая
Як ён завые: гэта я!
Прыемней шмат яму бязмоўна
Суліць дарогу на той свет
На лоб навёўшы пісталет
З адлегласці зусім прыстойнай;
Ды да бацькоў яго паслаць
Не захацелі б вы, відаць.
XXXIV
Што ж, калі вашым пісталетам
Забіты друг ваш малады,
Што вас зняважыў тым ці гэтым,
Завёўшы з вамі нелады
Ў бяздумнай гутарцы за чаркай,
Ці нават сам з натуры жаркай
Вас горда выклікаўшы ў бой,
Скажыце: вашаю душой
Якой пачуццё ўладае,
Калі прад вамі ён збялеў
З пячаткай смерці на чале
І паступова астывае,
Не ў сілах вас пачуць пазнаць,
На вашу роспач адказаць?
XXXV
Агорнуты тугой страшэннай,
У руцэ забыўшы пісталет,
Глядзіць на Ленскага Еўгеній.
«Ну што ж? Забіт», — рашыў сусед.
Забіты!.. Жах, тугу цяжкую
Ад гэтых слоў Онегін чуе,
Людзей пазваўшы ўбок ідзе.
Зарэцкі з рупнасцю кладзе
На сані труп аледзянелы
Каб страшны скарб дамоў забраць.
Пачуўшы мёртвага, храпяць
І б’юцца коні, пенай белай
Яны змачылі цугляў сталь,
І як страла памчалі ў даль.
XXXVI. XXXVII
Магчыма, што для славы яснай,
Для шчасця ўсіх радзіўся ён;
І ліры, змоўкнуўшай дачасна,
Грымучы, безупынны звон
Магла ў вяках узняць. Паэта,
Магчыма, на ступенях света
Чакала слаўная ступень.
Яго многапакутны цень
Магчыма, захапіў з сабою
Святую тайну і для нас
Той жыватворчы светач згас
І за магільнаю мяжою
Яму не чутны славы звон,
Благаславенне ўсіх плямён.
XXXVIII. XXXIX
А можа быць і так: паэта
Зусім звычайны лёс чакаў.
Юнацкія мінулі б леты:
І жар душы халодным стаў,
Ён шмат бы ў чым перамяніўся
Ён музу кінуў бы, жаніўся,
Шчаслівы-б і рагаты быў,
У вёсцы б жыў, халат насіў,
Жыццё пазнаў бы да драбніцы,
Падагру ў сорак год бы меў,
Піў, еў, старэў, таўсцеў, марнеў,
І ўрэшце ў сваёй святліцы
Сканаў бы між дачок, сыноў,
Плаксівых баб і лекароў.
XL
Ды што б не стала ў долі зменнай,
Увы! Каханак юны мой,
Паэт пяшчотны, задуменны
Забіты дружнаю рукой!
Мясціна ёсць: за вёскай злева,
Дзе жыў тварэц натхнёных спеваў,
Дзве хвоі разам параслі;
Ля іх струмені працяклі
Уніз да бліжняе крыніцы.
Там любіць сейбіт спачываць,
Прыходзяць жнейкі набіраць
Збанамі звонкімі вадзіцы;
Вось там, пры самым ручайку
Пастаўлен помнік у цяньку.
XLI
Пад ім (як пачынае капаць
Вясновы дождж на рунь палёў)
Пастух пляце стракаты лапаць,
Пяе пра волжскіх рыбакоў;
І гаражанка маладая,
Што ў вёску летам прыяжджае,
Калі ўгрунь вярхом яна
Імчыцца па палях адна,
Каня прад помнікам спыняе,
Раменны повад свой напне,
Флёр ад аблічча адхіне
І шпаркім поглядам чытае
Звычайны надпіс — і слязой
Набракнуць часта вочы ёй.
XLII
І едзе ўжо яна павольна
У мары ўглыблена свае;
І доля Ленскага міжвольна
Займае думкі ўсе яе;
І думае яна: «што ж Ольга?
Шчымела сэрца ў ёй ці доўга,
Ці хутка слёз прайшла пара?
І дзе цяпер яе сястра?
І дзе ўцякач людзей і света,
Дзе модны вораг модных дам,
Дзівак пануры, дзе ён сам,
Забойца юнага паэта?
Пра гэта ўсё я з часам вам
Дакладна справаздачу дам.
XLIII
Ды не цяпер. Хаця сардэчна
Люблю героя я свайго,
Вярнуся да яго, бесспрэчна,
Ды мне цяпер не да яго.
Гады да прозы дух няволяць,
Гады гарэзу-рыфму гоняць,
І я — са ўздохам вам скажу —
Больш лена ля яе хаджу.
Пяру няма былой ахвоты
Старонкі лёгкія мараць;
Другія мары халадзяць,
Другія, строгія турботы
І ў шуме света і ў цішы
Трывожаць сон маёй душы.
XLIV
Пачуў я кліч другіх жаданняў,
Пазнаўся з іншаю тугой;
Няма для першых спадзяванняў,
Ды шкода мне тугі старой.
О мары! Дзе ўся ваша бурнасць?
Дзе вечна яе рыфма юнасць?
Няўжо дапраўды пад канец
Завяў, завяў яе вянец?
Няўжо ж і сапраўды так стала —
Без элегічных дзей жывых
Вясна прабегла дзён маіх
(Што жартам я казаў, бывала)?
Няўжо назад закрыў ёй ход?
Няўжо мне хутка трыццаць год?
XLV
Так, поўдзень мой настаў, прызнацца
Мне ў гэтым трэба, бачу я.
Што ж: трэба дружна развітацца,
О юнасць лёгкая мая!
Удзячны я за асалоды,
За сум, за мілыя нягоды,
За шум, за буры, за піры,
За ўсе, за ўсе твае дары;
Табе я дзякую. Табою
Сярод турботаў і ў цішы
Уцешыўся я… ад душы
Даволі! З яснаю душою
Я сёння новы шлях пачаў
Каб ад былых спачыць забаў.
XLV
Зірну назад. Бывайце, цені,
Дзе дні мае плылі ў глушы,
У палкасці і вечнай лені
У задуменных снах душы.
А ты, о юнае натхненне,
Будзі маё ты уяўленне,
Дрымоту сэрца ажыўляй,
У мой куток часцей злятай,
Не дай застыць душы паэта,
Зрабіцца злоснай, зачарствець
І да канца закамянець
Ў забойчым захапленні света,
У гэтым самым вось віры,
Дзе мы купаемся, сябры.