Перайсці да зместу

Еўгеній Онегін/Глава пятая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Глава чацвёртая Еўгеній Онегін — Глава пятая
Раман у вершах
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1833
Арыгінальная назва: ru:Евгений Онегин (Пушкин)/Глава 5
Пераклад: Алесь Дудар
Крыніца: Дудар, Алесь. Выбраныя творы / Алесь Дудар; уклад., прадм., камент. Ганна Севярынец. — Мінск : Лімарыус, 2017. — 480 с — с. 192—342
Глава шостая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




О, не знай сих страшных снов
Ты, мая Святлана
Жуковский

* * *


I
Надвор’е восені стаяла
У той год пазней другіх гадоў,
Зімы прырода шмат чакала.
Снег толькі ў студзені пайшоў
Пад трэці дзень. Устаўшы рана,
Ў вакно убачыла Тацяна
Апранутыя ў бель кусты,
І двор і дахі і платы,
На шыбах лёгкія узоры,
І дрэвы ўсе у серабры,
Сарок вясёлых на двары
І мякка ўсцеленыя горы
Зімы бліскучым дываном.
Усё ясна, бела ўсё кругом.

II
Зіма!.. Араты урачыста
Дарожку едзе абнавіць;
Яго канёк па снегу чыстым
Трушком размерана бяжыць;
Ляціць кібітка ўдалая
І скібы пышныя ўздымае;
Фурман сядзіць на перадку
Ў падпаясаным кажушку.
Вось дваравы хлапчук гуляе:
Ён жучку ў санкі пасадзіў;
Сябе ў каня ператварыў;
Ў яго ўжо й пальчык замярзае:
Яму і смешна і баліць
А маці праз акно крычыць.

III
Ды, можа быць, такога роду
Малюнкі не прывабяць вас:
Ўсё гэта нізкая прырода
І мала тонкіх тут акрас.
Натхнення богам абагрэты,
Склад пышны іншага паэта
Абмаляваў нам першы снег,
Зімовых прыгажосць уцех.
Я пэўны, ён вас зачаруе,
Адбіўшы ў агнявых радках
Гулянкі тайныя ў санях;
Ды з ім змагацца не пачну я,
Ні з ім, пакуль што, ні з табой,
Пясняр Фінляндкі маладой!


IV
Тацяна (руская душою,
Сама не знаючы, чаму)
З яе халоднаю красою
Любіла рускую зіму,
На сонцы іней ўдзень марозны,
І сані, і у ранак позны
Бляск ружавеючых снягоў,
І мглу святочных вечароў.
На лад стары спраўляць любілі
Ў іх доме тыя вечары:
Усе служанкі на двары
Сваім паненкам варажылі
І ім сулілі кожны год
Мужоў вайсковых і паход.

V
Тацяна верыла паданням,
Што просты люд пакінуў нам,
І месяцу, і заклінанням,
І картам, і прарочым снам.
Яе трывожылі прыметы
Казалі штосьці ўсе прадметы
Ёй тайнай моваю сваёй,
Шчымелі прадчуванні ў ёй.
Як кот на печы збалаваны
Курлыкаючы, рыльца мыў,
Той знак напэўна ёй судзіў
Гасцей. А ўбачыць нечакана —
Двурогі маладзік плыве
Па небе злева ад яе,

VI
Яна дрыжэла і бялела.
А калі зорка іншы раз
Праз неба цёмнае ляцела
І рассыпалася, — у той час
Хутчэй Тацяна паспяшала
Ўслед зорцы той, пакуль не ўпала
Жаданне сэрца прашаптаць.
Калі здаралася спаткаць
Дзе-небудзь чорнага манаха
Ці шпаркі заяц у палях
Перабягаў ёй раптам шлях
Яна, забыўшы ўсё ад страху,
У прадчуванні злым тады
Чакала ўжо ліхой бяды.

VII
Што-ж? Адчуванне асалоды
Жыло у ёй і ў страшны час,
Бо супярэчная прырода
Такімі ўжо стварыла нас.
Прышлі каляды. Час прыгожы!
Жывая моладасць варожыць,
Няма чаго ёй шкадаваць, —
Ёй ў даль жыцця шляхі ляжаць,
У безгранічныя ясноты;
Варожыць старасць разам з ёй
Панад магілаю сваёй,
Усё згубіўшы без звароту;
Але надзея хлусіць ім
Дзіцячым лепетам сваім.

VIII
Тацяна поглядам цікаўным
На воск патоплены глядзіць:
У дэсані адлітай слаўна
Ёй нешта дзіўнае гучыць;
Са сподка, поўнага вадою,
Выходзяць кольцы чарадою;
І выпала калечка ёй
Пад песеньку пары былой:
«Там мужычкі усе багаты;
Грабуць шуфлямі серабро;
Каму пяем, таму дабро
І слава!» ды прарочыць страты
Той песні жаласны напеў;
Мілей «кашурка» сэрцы дзеў.


IX
Уначы мароз; усё неба ззяе;
Нябесных зорак дзіўны хор
Так ціха, згодна праплывае…
Тацяна на шырокі двор
Ў сукенцы лёгенькай выходзіць,
Люстэрка ўвысь яна наводзіць;
Але самотна з цемнаты
Дрыжыць там месяц залаты…
Снег хруснуў… падарожны; дзева
Насустрач хуценька бяжыць
І галасок яе звініць
Лягчэй жалейчынага спева:
Як зваць вас? Паглядае ён
І ў адказ ёй: Агафон.

X
Як няня раіла, Тацяна,
Ўночы меўшы варажыць,
Сказала ў лазні ёй патайна
На два прыборы стол накрыць;
Ды стала страшна раптам Тані…
І я… пры думцы аб Святлане
Мне стала страшна — так і быць…
З Тацянай нам не варажыць.
Тацяна паясок шаўковы
Зняла, ўсё скінуўшы, ў пасцель
Лягла. Над ёй віецца Лель,
А пад падушкаю пуховай
Люстэрка Таніна ляжыць.
Заціхла ўсё. Тацяна спіць.

XI
І сніцца дзіўны сон Тацяне.
Ёй сніцца, быццам бы яна
Ідзе па снегавой паляне
У сумнай мгле зусім адна.
У сувеях снежных перад ёю
Шуміць, клубіць вадой сваёю
Кіпучай, цёмнай і сівой
Ручай, не скованы зімой;
Дзве жэрдкі, склееныя льдзінай,
Слабы і трэпетны масток,
Адна дарога на той бок:
І перад стромаю нестрымнай
Яе няпэўнасць узяла.
Ісці яна ўжо не магла.

XII. XIII. XIV
Тацяна ў лес; мядзведзь няўтомна
За ёю; снег усё глыбей;
То сук даўгі яе раптоўна
За шыю схопіць, то з вушэй
Ён завушніцы вырве сілай;
То ў снег глыбокі з ножкі мілай
Камашык мокры ўпадзе,
То згубіцца хусцінка дзе;
Падняць няма калі; нязменна
Мядзведзя чуе за сабой,
І нават трэпетнай рукой
Прыўзняць сароміцца адзенне;
Яна бяжыць, ён даганяць:
І сілы ўжо няма ўцякаць.

XV
Упала ў снег; мядзведзь рупліва
Хапае і нясе яе;
Яна пакорна і маўкліва,
Адзнак жыцця не падае;
Ён мчыць яе лясной дарогай;
Вось паміж дрэў шалаш ўбогі;
Усюды глуш; з усіх бакоў
Укрыт ён гурбамі снягоў,
Ваконца свеціцца гасцінна,
У шалашы і крык і шум:
Мядзведзь гаворыць: тут мой кум;
Пагрэйся у яго хвіліну;
І ў сені проста ён ідзе
І на парог яе кладзе.


XVI
Прыйшла ў сябе, глядзіць Тацяна:
Яна у сенях; знік мядзведзь;
У хаце звон і гоман п’яны,
Нібы памінкі сталі пець;
Тацяна сэнсу не дабрала,
Цішком глядзець ў шчылінку стала,
І што-ж! глядзіць… аж за сталом
Страшыдлы розныя кругом;
Адзін ў рагах з сабачай мордай,
Той з пятушынай галавой,
З казінай ведзьма барадой,
А там шкілет сухі і горды,
Вось карла з хвосцікам, а там
Сеў кот і жораў папалам.

XVII
Страшней пачвары там другія:
Вось рак на павуку вярхом,
Вось чэрап на гусінай шыі
Трасе чырвоным каптуром,
Вось млын упрысядку ўзлятае,
Крылом трашчыць, крылом махае;
Брэх, рогат, спевы, свіст і хлоп,
Людская мова, конскі топ!
Ды што падумала Тацяна,
Убачыўшы ў гасціне той
Таго, хто мілы й страшны ёй, —
Героя нашага рамана!
Онегін за сталом сядзіць
І ў дзверы потайкам глядзіць.

XVIII. XIX. ХХ
Маё! Сказаў Еўгеній грозна,
І зграя знікла ўся зусім;
І засталася ў цьме марознай
Дзяўчына маладая з ім;
Онегін ціхенька штурхае
Ў куток Тацяну і складае
На лаўку хісткую яе,
Схіляе скроні ён свае
Да Тані; Ольга тут заходзіць
І Ленскі з ёй; агонь мільгнуў;
Онегін руку замахнуў
І дзіка ён вачыма водзіць,
На іх, нязваных, ён крычыць:
Ледзь жыва, дзеўчына маўчыць.

XXI
А спрэчка ўсё мацней; Еўгеній
Накінуўся з даўгім нажом;
Зваліўся Ленскі; крык страшэнны
Пранёсся; цень згусцеў кругом…
І раптам хатка затрашчала…
І Таня ў страху ачуняла…
Глядзіць, настала ўжо святло;
Скрозь замарожанае шкло
Зары прамень пунсовы грае;
У дзверы, ластаўкі лягчэй,
Аўроры поўначы ясней,
Тут Ольга да яе ўлятае;
«Ну, — кажа — раскажы-ж ты мне,
Каго ты бачыла ў сне?»

XXII
Аднак Тацяна не зважае,
Ў пасцелі з кнігаю ляжыць,
Старонкі ў ёй перабірае
І, разглядаючы, маўчыць.
Хоць не змяшчала кніга гэта
Ні гожых выдумак паэта,
Ні мудрых думак, ні карцін;
Ды ні Вергілій, ні Расін,
Ні Скотт, ні Байран, ні Сенека,
Сам «Дамскіх Мод Журнал» — і той
Не меў цікавасці такой:
То быў, браткі, Мартын Задэка,
Краса халдзейскіх мудрацоў,
Тлумач найвыдатнейшы сноў.


XXIII
Той твор выдатны, векавіты,
Гандляр вандроўны ўжо даўно
Прывёз у іх куток забыты
І для Тацяны заадно
З Мальвінаю не надта новай
Аддаў за тры рублі з паловай
І ўзяў яшчэ ў прыдачу з іх
За гэта баек збор старых,
Граматыку, дзве Петрыады,
Ды Мармонтэля трэці том;
Мартын Задэка стаў дружком
Любімым Тані… Вельмі рада
Яна турботы з ім дзяліць,
І ён заўсёды з ёю спіць.

XXIV
Яе трывожыць сон цікавы.
Не знаючы, чаго чакаць,
Значэнне жудаснае з’явы
Тацяна хоча адшукаць.
Ў кароткім змесце кнігі гэтай
Знайшла ў парадку альфабэта
Бары, буран, груган і ель,
Ёж, змрок, масток, мядзведзь, мяцель,
Ды іншае. Яе трывогі
Мартын Задэка не прагнаў;
Ды злосці сон ёй абяцаў
Здарэнняў невясёлых многа.
Дзён некалькі яна затым
Усё турбавалася аб тым.

XXV
Ды вось пурпурнаю рукою
Зара ад ранішніх далін
Выводзіць з сонцам за сабою
Дзянёк вясёлы імянін.
Чуць свет дом Ларыных гасцямі
Напоўнен; цэлымі гуртамі
Суседзі ехалі ў вазках
Кібітках, брычках і санях;
Ў пярэдняй мітусня, трывога;
Ў гасціннай новых твараў шмат,
Брэх мосек, цмоканне дзяўчат,
Шум, смех, натоўп каля парога,
Паклоны, шарканне гасцей,
Карміліц крык і плач дзяцей.

XXVI
З сваёю жонкаю дзябёлай
Прыехаў тоўсты Пусцякоў,
Гваздзін, ўладар галодных сёлаў,
Краса усіх гаспадароў;
Скацініны, сівая пара,
А з імі дзеці цэлай хмарай
Ад трыццаці да двух гадоў;
Франт павятовы Пятушкоў
І мой стрыечны брат Буянаў
Ў пуху, у картузе з брылём
(як вам, напэўна, ён знаём).
І адстаўны саветнік Флянаў,
Цяжкі пляткар і шалапут,
Пражэра, хабарнік і чмут.

XXVII
З сям’ёй Панфіла Харлікова
Мосьё Трыке быў у вазку,
Дасціпнік, толькі што з Тамбова,
У акулярах, у парыку.
Француз праўдзівы, ён старанна
Уклаў куплеты для Тацяны
На голас, знаемы дзяцьмі:
Rйveillez vous, belle endormie.
Між альманаха песен даўных
Надрукаваны той куплет;
Трыке, дагадлівы паэт
Яго на свет дастаў старанна —
І смела — замест belle Nina
Паставіў belle Tatiana.

XXVIII
Вось з недалёкага пасада,
Паненак выспеўшых кумір
І павятовых дам услада,
Прыехаў ротны камандзір;
Зайшоў… Ах, навіна якая.
Музыка будзе палкавая.
Прыслаў яе палкоўнік сам.
Бал будзе — вось дзе радасць нам.
Дзяўчаткі скокі прадчуваюць
Ды ўжо і есці падаюць.
Супругі парамі ідуць.
Паненкі Таню акружаюць,
Мужчыны насупроць; наўкол
Гудзіць як вулей пышны стол.

XXIX
Размовы змоўклі на хвіліну;
Усе жуюць. На ўсіх канцах
Талеркі бразгаюць няспынна
Ды чаркі звоняць у руках.
Але ўжо госці незадоўга
Уздымаюць гоман і трывогу
Ніхто не слухае, крычаць,
Смяюцца, сварацца, пішчаць.
І раптам Ленскі уваходзіць
І з ім Онегін «У добры час. —
Так кажа маці: — просім вас.
Таўкуцца госці, ўсе адводзяць
Прыборы, крэслы ля сталоў,
Вітаюць, садзяць двух сяброў.

XXX
Адводзяць месца перад Таняй,
І, ранішняй зары бялей —
І сарны трэпетней загнанай,
Яна цямнеючых вачэй —
Не паднімае: жар незносны
У ёй кіпіць; ёй душна, млосна;
Вітання новых двух гасцей
Не чуе, слёзы ўжо з вачэй
Вось-вось пальюцца; ўжо гатова
Упасці ад тугі такой;
Ды воля і развага ў ёй
Перамаглі. Яна два словы
Скрозь зубы кінула цішком
І дасядзела за сталом.

XXXI
Трагі-нервічных з’яў, здарэнняў,
Дзявочых хваляванняў, слёз,
Даўно цярпець не мог Еўгеній:
Ён іх даволі перанёс.
Дзівак, на гэты бал папаўшы,
Ужо злаваў. Ды дзевы нашай
Трывожны ўбачыўшы парыў,
Ён вочы з прыкрасцю спусціў,
Надуўся і, у злосці страшнай,
Пакляўся Ленскага ўзлаваць
І ў смак яго пажартаваць.
Цяпер, здаволены заўчасна,
Карыкатуры стаў складаць
На ўсіх гасцей, што там сядзяць.

XXXII
Вядома, не адзін Еўгеній
Трывогу Тані бачыць мог;
Ды мэтаю ўсіх імкненняў
Тым часам тлусты быў пірог
(На жаль занадта ўжо салёны);
Ды вось у пляшцы прасмалёнай,
Ў той час як блан-манжэ даюць,
Ужо цымлянскае нясуць,
З ім вузкіх чарак шэраг цесны,
Падобных таліі тваёй,
Зізі, крыштал душы маёй,
Прадмет маёй нявіннай песні,
Фіал кахання, мілы мне,
Ты, ад каго я так п’янеў.

XXXIII
Вось корак вынялі ў хвіліну,
Бутэлька хлопнула; віно
Шыпіць, і вось з паважнай мінай,
Куплетам змучаны даўно
Трыке ўстае; гасцей вясёлых
Увесь натоўп замоўк наўкола.
Тацяна ледзь жыве; вось ён
З лістком ў руцэ аддаў паклон,
Запеў фальшыва. Пляскі, крыкі
Яго вітаюць. Галавой
Кіўнуць паэту трэба ёй;
Паэт жа сціплы, хоць вялікі,
Яе здароў’е першы п’е.
І ёй куплет перадае.

XXXIV
Усе вітаць Тацяну сталі;
Яна паклоны аддае.
Калі ж Еўгенія настала
чарга, то бледны твар яе,
Яе ўстрывожанасць, бяссілле,
У ім спагаду нарадзілі:
.....................

XL
.....................
.....................
Ды, марамі апанаваны,
Стаў ўспамінаць, зачараваны,
Аб дамскіх мілых мне нагах.
Па вашых вузенькіх слядах
О, ножкі, досыць мне цягацца.
Са здрадай юнасці і мне
Пара зрабіцца разумней,
Ў жыцці і ў складзе папраўляцца,
І пяты сшытак мой пачаць
Ад адступленняў ачышчаць.

XLI
І аднастайна і бездумна,
Як бура юнасці жывой,
Імчацца пары ў вальсе шумным,
Адна мільгае за другой.
На мсцівую ступіўшы сцежку,
Онегін з тайнаю усмешкай
Ідзе да Ольгі. І хутчэй
З ёй кружыцца паміж гасцей,
Пасля ёй крэсла падстаўляе,
Гаворыць з ёй аб тым, аб сім,
Хвіліны дзве яшчэ, затым
Зноў вальс ён з ёю пачынае;
Ўсе здзіўлены. І Ленскі сам
Глядзіць, не верачы вачам.

XLII. XLIII. XLIV. XLV