Перайсці да зместу

Еўгеній Онегін/Глава сёмая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Глава шостая Еўгеній Онегін — Глава сёмая
Раман у вершах
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1833
Арыгінальная назва: ru:Евгений Онегин (Пушкин)/Глава 7
Пераклад: Алесь Дудар
Крыніца: Дудар, Алесь. Выбраныя творы / Алесь Дудар; уклад., прадм., камент. Ганна Севярынец. — Мінск : Лімарыус, 2017. — 480 с — с. 192—342
Глава восьмая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Москва, России дочь любима,
Где равную тебе сыскать?
Дмитриев

Как не любить родной Москвы?
Баратынский

Гоненье на Москву! что значит видеть свет!
Где ж лучше?
Где нас нет.
Грибоедов.


* * *


I
Вясновымі прыгрэты днямі,
З наўкольных гор ужо снягі
Бягуць жывымі ручаямі
На скрозь залітыя лугі.
Усмешкай яснаю прырода
Праз сон вітае ранне года;
Блакіт, яснейшы угары,
Празрыстыя пакуль бары
Нібыта пухам зелянеюць.
З вясковай келлі пчолы мчаць
Каб палявую дань сабраць,
Даліны сохнуць і квітнеюць;
Рыкае быдла; салавей
Ужо спяваў ў цішы начэй.

II
Вясна, вясна! Пара кахання,
Як сумна мне цябе вітаць!
Ў крыві, у сэрцы хваляванне
Я пачынаю адчуваць!!!
З якой уцехаю суровай
Я спатыкаю дух вясновы,
Што ў твар мне вее з вышыні
На ўлонні сельскай цішыні!
Хіба чужыя мне пяшчоты
І ўсё, што цешыць і жыве,
Усё, што з’яе і пяе,
Наводзіць смутак і маркоту
На душу мёртвую сабой,
І ўсё здаецца цёмным ёй?

III
Або не рады мы звароту
Завяўшых з восені лістоў,
І помнім горкіх страт маркоту,
Пачуўшы новы шум лясоў;
Або з прыродаю жывою
Збліжаем думкаю глухою
Мы адцвітанне тых гадоў,
Якім не адрадзіцца зноў?
Магчыма, ў думкі нам прыходзіць
Скрозь паэтычны лёгкі сон
Ўспамін другіх вясновых дзён
І ў трэпет сэрца нам прыводзіць
Ён марай аб чужых краях,
Аб дзіўных месячных начах.

IV
Вось час: вы, другі-абібокі,
Эпікурэйцы-мудрацы,
Вы, раўнадушныя глыбока
Леўшынскай школы гадунцы,
І вы, вясковыя Прыамы,
Вы, чулыя бязмерна дамы,
Вясна ў вёску зваць прышла,
Час кветак, працы і цяпла,
Час пагулянак закаханых
І спакушаючых начэй.
Ў палі, сябры! Хутчэй, хутчэй,
Ў карэтах, цяжка ўпакаваных,
І на паштовых, на даўгіх
З застаў паўзіце гарадскіх.

V
І вы, чытач мой шматшаноўны
Ў сваёй калясцы выпісной,
Пакіньце горад неўтаймоўны
Дзе цешыліся вы зімой;
З маёю музай-непакорай
Хадзем паслухаць гоман бору
Над безназоўнаю ракой
У вёсцы, дзе Еўгеній мой
Як схімнік лены і пахілы
Яшчэ нядаўна жыў зімой
Паблізу Тані маладой
Красуні летуценнай, мілай;
Дзе ўжо няма яго шмат дзён…
Дзе сумны след пакінуў ён.

VI
Між гор, раскіданых паўкругам
Хадзем туды, дзе ручаёк
Віецца ўніз зялёным лугам
Ў раку скрозь ліпавы лясок.
Там салавей кахання гімны
Вясне пяе; цвіце шыпшына
Крыніцы голас там чуваць —
Магільны камень там відаць
Паміж двух хвоек устарэлых.
І надпіс там такі стаіць:
«Владзімір Ленскі тут ляжыць,
Што згінуў рана смерцю смелых
Тады й тады ён кінуў свет.
Спакойна спі, юнак-паэт».

VII
Пахілены на голлі хвойным
Бывала рання вецярок
Над гэтай урнаю спакойнай
Таемны варушыў вянок;
Сюды ў позны час, бывала,
Сябровак пара заглядала,
Абняўшыся каля труны
У змроку плакалі яны.
Ды зараз… помнік той забылі
Усе. Няма нідзе слядоў
Туды. І больш няма вянкоў;
Адзін пад ім, сівы, пахілы
Пастух ўсё той жа спеў вядзе
І лапці бедныя пляце.

VIII. IX. X
Мой бедны Ленскі! У адчаі
Недоўга ў ёй туга жыла.
Увы! Нявеста маладая
Маркоце вернай не была.
Другі заняў ёй погляд смутны
Другі усе яе пакуты
Пяшчотным словам заглушыў,
Улан яе запаланіў
Улан стаў уладар над ёю…
Ўжо з ім яна прад алтаром
Саромячыся пад вянцом
Стаіць з пахілай галавою,
З агнём ва ўтупленых вачах,
З усмешкай лёгкай на губах.

XI
Мой бедны Ленскі! За маркотнай
Мяжою вечнасці глухой
Ці ўзрушыўся пясняр самотны
Аб здрадзе зведаўшы такой
Або над Летаю санлівай
Паэт, нячуласцю шчаслівы
Ужо не ўзрушыцца нічым,
Свет цёмны і глухі прад ім?
Так! Забыццё і нас чакае
Навекі між магільных схоў.
Мы любых, ворагаў, сяброў
Не ўчуем. Толькі налятае
На скарб ваш гурба сваякоў
Для непрыстойнейшых размоў.

XII
І хутка звонкі голас Олі
У хаце Ларыных замоўк.
Улан, сваёй нявольнік долі
Ад’ехаць мусіў з ёю ў полк.
Слязамі маці аблілася
Калі з дачкою абнялася,
Здаецца, ледзь жывой была,
Ды Таня плакаць не магла;
Смяротна бледным толькі стала
Аблічча ўсё яе. Калі
На ганак з хаты ўсе пайшлі
І развітанне ўсіх сабрала
Вакол карэты маладых,
Праводзіла Тацяна іх.

XIII
І доўга, быццам скрозь туманы
Яна глядзела ім услед…
І вось адна, адна Тацяна!
Увы! Сяброўку зім і лет,
Яе галубку маладую,
Яе сястрычку дарагую
Ўзяў лёс няведама куды,
З ёй разлучыўшы назаўжды.
Як цень яна без мэты ходзіць,
Або ў спусцелы сад глядзіць…
Нічым тугі ёй не спыніць,
Нідзе палёгкі не знаходзіць
Яна прыдушаным слязам
І сэрца рвецца папалам.

XIV
І ў смутку гэтакім глыбокім
Каханне ў ёй гарыць мацней,
І аб Онегіне далёкім
Гаворыць сэрца галасней.
Яна яго ўжо не спаткае;
Яна ў ім ненавідзець мае
Забойцу брата, ды паэт…
Загінуў… знік ягоны след,
Аб ім замоўклі ўспаміны,
Нявеста за другім пайшла.
Паэта памяць праплыла
Нібыта дым па небе сінім,
Па ім два сэрца, можа быць,
Шчэ тужаць… ды чаго тужыць?

XV
Быў вечар. Неба меркла. Воды
Плылі ціхутка. Жук гудзеў.
Ўжо разышліся карагоды;
Ужо за рэчкаю гарэў
Агонь рыбацкі. Ў полі чыстым
Пры бляску месяца срабрыстым
Тацяна з мараю сваёй
Ішла павольнаю хадой.
Ішла. І раптам прад сабою
З узгорку панскі бачыць дом,
І вёску побач з хмызнячком,
І сад над светлаю ракою
Яна глядзіць — і сэрца ў ёй
Зноў б’ецца з сілаю жывой.

XVI
Яе сумненні ахапляюць:
«Пайсці наперад, ці назад?..
Яго няма. Мяне не знаюць…
Зірну на дом, на гэты сад».
І вось уніз ідзе дзяўчына
Ўся млеючы; кругом вачыма
У недаўменні абвяла…
І на пустынны двор зайшла.
Сабакі на яе напалі.
Тацяна пачала крычаць —
Яе прыбеглі ратаваць
Хлапцы дваровыя. Прагналі
Сабак і ад гайні ліхой
Далі сваю ахову ёй.

XVII
«Убачыць панскі дом ці нельга?» —
Спытала Таня. І хутчэй
Ўся дзетвара шукаць пабегла
Аніссю, папрасіць ключэй;
Прышла Анісся за хвіліну
Каб дзверы адамкнуць гасцінна,
І Таня ў дом заходзіць той,
Дзе жыў нядаўна наш герой.
Яна глядзіць: забыты ў зале
Кій на більярдзе спачываў,
На змятым канапе ляжаў
Манежны хлысцік. Таня далей;
Старая ёй: «а вось камін;
Тут пан даўней сядзеў адзін.

XVIII
Тут з ім палуднаваў зімою
Нябожчык Ленскі, наш сусед.
Сюды прайдзіцеся, за мною.
Вось гэта панскі габінет;
Тут спачываў, тут каву піў ён,
Дакладываў яму тут цівун,
Тут кніжкі зрання ён чытаў…
І пан стары тут спачываў;
Тут ля вакна ён так прыемна
Бывала акуляры браў
Ды ў дурня ўсё са мной гуляў.
Дай бог душы яго збавенне
А костачкам яго спакой
Ў магіле, у зямлі сырой!»

XIX
Тацяна ў захапленні поўным
Вакол сябе на ўсё глядзіць,
Усё здаецца ёй чароўным,
Усё ў душы яе трымціць
Уцехай, з болем перавітай:
І стол з лампадаю забытай
І груда кніг, і пад вакном
Накрыты ложак дываном,
І від з вакна у цемры сумнай,
І змрочны гэтакі адсвет,
І лорда Байрана партрэт
І слупік з лялькаю чыгуннай,
З чалом панурым пад брылём,
З рукамі, ўзятымі крыжом.

ХХ
Тацяна доўга ў келлі моднай
Зачараваная стаіць.
Ды позна. Вецер стаў халодны.
У даліне змрок. Дуброва спіць
Над затуманенай ракою;
Схаваўся месяц за гарою,
Час пілігрымцы маладой
Ісці дарогаю сваёй.
Тацяна ўзрушанне хавае
Не без таго, каб уздыхнуць,
Але раней чым завярнуць
Дадому, пра дазвол пытае
Пустынны замак аглядаць,
Каб кнігі тут адной чытаць.

XXI
Умовіўшыся са старою,
Яна выходзіць. Дзень прайшоў —
Яна ўжо ранняю парою
Прыйшла ў забыты кут ізноў.
І у маўклівым габінеце,
Забыўшыся пра ўсё на свеце
Уселася зусім адна
І доўга плакала яна.
Пасля за кнігі ўжо ўзялася.
Раней было ёй не да іх,
Аднак жа здаўся выбар кніг
Ёй дзіўным. Таня аддалася
Пытанню прагнаю душой
І новы свет адкрыўся ёй.

XXII
Хаця мы знаем, што Еўгеній
Даўно чытанне разлюбіў,
Аднак жа іншыя тварэнні
Ён у няласку не ўключыў:
Тварца Гяура і Жуана
Ды з ім яшчэ два-тры раманы,
Ў якіх адлюстраваўся век
І увесь сучасны чалавек,
Паказаны даволі верна
З яго агіднаю душой,
Самалюбівай і сухой
Занятай марамі бязмерна,
З развагаю ягонай злой,
Што б’ецца ў дзейнасці пустой.

XXIII
Там каля іншае мясціны
Пазногця рэзкі знак відаць;
І вочы пільнае дзяўчыны
Туды уважлівей глядзяць.
Тацяна бачыць з трапятаннем,
Якой заўвагай, разважаннем
Онегін ўзрушаны бываў,
Што ён маўкліва прызнаваў.
Усюды Таня заўважае
Алоўка рэзкія сляды.
Душа Онегіна заўжды
Сябе міжволі праяўляе
Кароткім словам, ці крыжом
Пытальнікам альбо кручком.

XXIV
І пачынае зараз ясна
Мая Тацяна адчуваць
Цяпер — бог ласкаў — больш выразна
Таго, по кім ёй уздыхаць
Судзіў так доўга лёс спрадвечны:
Дзявак маркотны, небяспечны
Ці з неба ён, ці з прорвы злой,
Той ангел, дэман горды той.
Што ж ён? Няўжо наследаванне,
Або нікчэмны прывід чый,
Масквіч у Гарольдавым плашчы,
Адбітак нечых мудраванняў,
Слоў модных поўны лексікон?..
Ці не пародыя ўжо ён?

XXV
Няўжо сакрэт яна раскрыла
І слова здолела знайсці?
Мінае час; яна забыла,
Што час даўно дамоў ісці,
Дзе два суседы засядаюць
І пра яе размову маюць.
«Як быць? Тацяна падрасла, —
Старая з крэктам пачала. —
Вось Оля ж маладзей як Таня.
Дальбог, дзяўчыне рады даць
Пара; а што мне з ёй пачаць?
Усім адно бесперастанна:
Няйду. Сумуе ўсё яна
Ды ходзіць па лясах адна».

XXVI
«Мо’ закахалася?» — «Ды што вы?
Буянаў сватаў — той жа сказ.
Туды ж Івану Петушкову.
Гусар Пыхцін гасціў у нас;
Ды так жа Таняй захапляўся,
Так ля яе ён завіхаўся!
Я думала: на лад пайшло;
Куды там! Зноў як і было».
«Дык што ж? У чым жа справа стала?
Кірмаш нявест паспрабаваць,
Ў Маскву! Там месцаў шмат, чуваць».
«Ой пане мой! Прыбытку мала» —
«Даволі для адной зімы,
А не, пазычым хоць і мы».

XXVII
Старая вельмі палюбіла
Дабразычлівасць рады той;
Злічылася і парашыла
Паехаць у Маскву зімой —
І Таня чуе вестку гэту.
На суд прычэпліваму свету
Прадставіць рысы яснаты
Правінцыяльнай прастаты,
Убранні познай гадавіны
Запознены уклад размоў,
Цырцэй маскоўскіх, панічоў
Гарэзныя наклікаць кпіны!..
Жах! Лепей і надзейней ёй
Сярод лясоў пражыць адной.

XXVIII
Цяпер у поле паспяшае
Яна пры першым бляску дня,
Яго з пяшчотай аглядае
І размаўляе з ім яна:
«Бывайце, мірныя даліны,
І вы, знаёмых гор вяршыны,
І вы, знаёмыя лясы!
Бывай, нябесны бляск красы,
Бывай, вясёлая свабода!
Мяняю ціхі свет я свой
На гоман мітусні людской!..
Бывай і ты, мая свабода!
Куды, чаго імкнуся я?
Што доля мне нясе мая?»

XXIX
Цяпер яна гуляе болей.
Цяпер узгорак, ручаёк
Сваёй красою мімаволі
Таццянін прыпыняе крок.
Яна як з даўнымі сябрамі
З барамі роднымі, з лугамі
Яшчэ спяшае гаманіць.
Ды лета шпаркае ляціць.
Настала восень залатая,
Прырода пачала марнець
Убрана пышна, як на смерць…
Вось сівер хмары наганяе,
Дыхнуў, завыў — і вось сама
Ідзе чароўніца-зіма.

XXX
Прышла, распалася; багата
Завісла на суках дубоў;
Залегла дываном кашлатым
Паміж узгоркаў і палёў.
Ўзбярэжжа з соннаю ракою
Зраўняла коўдрай снегавою;
Бліснуў мароз. І рады мы
Забавам роднае зімы.
Ды ў Тані к ёй няма прыязні.
Не йдзе яна зіму спаткаць,
Марозны пыл ў сябе ўвабраць
І першым снегам з даху лазні
Твар, плечы, грудзі скрозь абмыць;
Зімовы шлях ёй страх суліць.

XXXI
Ад’езда дзень прамарнаваны,
Апошні тэрмін надыйшоў.
Агледжаны і ўзмацаваны
Вазок, забыты шмат гадоў.
Абоз звычайны, тры кібіткі
Вывозяць хатнія пажыткі
Каструлькі, крэслы і гаршкі,
Варэнне ў банках, сяннікі,
Пярыны, клеткі з пявунамі,
Куфры, тазы et cetera,
Ну, шмат усякага дабра.
І вось у хаце між слугамі
Падняўся развітальны плач:
Выводзяць васемнаццаць кляч,

XXXII
Ў вазок баярскі запрагаюць,
Гатуюць есці кухары,
Вазы гарою нагружаюць,
Грызуцца бабы, кучары.
На клячы зсохлай і кашлатай
Сядзіць фарэйтар барадаты
Сабралася ўся дворня скрозь
Ля брамы развітацца. Вось
Уселіся, вазок шаноўны
Папоўз дарогаю сваёй.
«Бывай, куточак мірны мой,
Бывай, прытулак мой чароўны!
Ці ўбачу вас?».. І слёз паток
З вачэй Тацяніных пацёк.

XXXIII
Калі адсунем мы граніцы
Каб месца больш асвеце даць,
Дык неўзабаве (як табліцы
Філасафічныя суляць,
Год праз пяцьсот) настане пэўна
Вялікая ў дарогах змена;
Шасе ў Расіі пабягуць,
Злучыўшы ўсю перасякуць,
Масты чыгунныя праз воды
Шагнуць шырокаю дугой,
Рассунем горы, пад вадой
Адважна выведзем праходы,
І на шляхах хрышчоны люд
Паставіць карчмы там і тут.

XXXIV
Цяпер дарогі ў нас ліхія,
Масты забытыя гніюць,
Нідзе клапы ды блохі злы[я]
Заснуць на момант не да[юць].
Карчмы няма. Ў кутку хал[одным]
Высакапарны і галодн[ы]
Для вока прэйскурант вісіць,
З галадаміркі вашай кпіць,
Пакуль вясковыя цыклопы
Перад нягаснучым агнём
Расійскім лечаць малатком
Слабыя вырабы Еўропы,
І ў сэрцы славяць раўчукі
Радзімы і яе масткі.

XXXV
Затое вось зімой халоднай
Надзвычай добра раз’яжджаць.
Як верш без думкі ў песні моднай
Дарогі гладкія ляжаць.
Аўтамедоны ў нас жывыя
І тройкі нашы агнявыя,
І вёрсты, каб пагляд заняць,
Перад вачмі як плот мігцяць.
Ды маці надта не хацела
Плаціць прагонаў дарагіх —
Не на паштовых, на сваіх
Паўзла і наша Таня мела
Нуды даволі на ўсе дні:
Сем сутак ехалі яны.

XXXVI
Але ўжо блізка. Перад імі
Муры маскоўскія стаяць,
Як жар, крыжамі залатымі
Старыя макаўкі гараць.
Ах! Як я мог не захапіцца,
Калі саборы і званіцы,
Садоў, палацаў пышны строй
Адкрыўся раптам прада мной!
Як часта ў роспачы суровай,
Калі па свеце я блукаў,
Масква, цябе я ўспамінаў!
Масква… Як моцна гэта слова
Для сэрца рускага гучыць!
Як многа можа ажывіць!

XXXVII
Вось у дуброве велічавай
Пятроўскі замак. Змрочна ён
Сваёй нядаўнай горды славай.
Дарма чакаў Напалеон
Ад новай славы ў захапленні
Масквы, што стала б на калені
З ключамі моцнага Крамля:
Не, не пайшла Масква мая
З пахіленаю галавою.
Не свята, не пачэсны дар,
Яна наладзіла пажар
Для нецярплівага героя.
Адсюль у думках уладар
На жудасны глядзеў пажар.

XXXVIII
Бывай, прапаўшай сведка славы,
Пятроўскі замак! Ну! Не стой,
Пашоў! Ужо слупы заставы
Бялеюць; вось і па Твярской
Вазок на рытвінах імчыцца.
Мільгаюць будкі, маладзіцы,
Палаткі, хлопцы, ліхтары,
Дамы, сады, манастыры,
Бухарцы, сані і гароды,
Купцы, хацінкі, мужыкі,
Бульвары, вежы, казакі,
Аптэкі, магазіны моды
Балконы, каля брамы львы
І галкі на крыжах царквы.

XXXIX. XL
Ў такім марнуючым разгоне
Гадзіны дзве амаль бяжыць,
Вось у завулку ў Харытонья
Вазок прад брамаю стаіць.
Ў сухотах цётка тут старая
Чацвёрты год як памірае,
Яны прыехалі сюды.
Ім дзверы адчыніў тады
У акулярах, у каптане
З панчохаю ў руцэ калмык.
Спаткаў іх у гасцінай крык
Княжны, прасцёртай на дыване.
Старыя слёзы пралілі
І ўраз размову пачалі.

XLI
«Княжна, mon ange! — «Pachette!» — «Аліна!»
«Хто б мог падумаць? — Як даўно!
Ды ці надоўга? — Ах! Кузіна!
Сядай — як сталася яно!
Дальбог жа — абразок з рамана»…
«А вось дачка мая, Тацяна».
«Ах, Таня! Стань каля мяне —
Нібыта гэта ўсё ўва сне…
Кузіна, помніш Грандысона?»
«Як Грандысон?.. а, Грандысон!
Так, помню, помню! Як жа ён?
«Жыве ў Маскве, у Семеона;
Калядамі ў мяне ён быў:
Нядаўна сына ажаніў.

XLII
А той… Ды ўсё пасля раскажам.
Так? Нашым сваякам усім
Тацяну заўтра мы пакажам.
Ах, ездзіць сіл няма зусім,
Бяда, ледзь-ледзь цягаю ногі.
Ды вы змарыліся з дарогі;..
Хадзем жа разам адпачыць…
Ох, сіл няма… Ў грудзях баліць…
Мяне ўжо й радасць не займае
Ня толькі сум… душа мая,
Нікуды больш не варта я…
Жыццё пад старасць дрэнь такая…»
Тут, змору чуючы ў грудзях,
Яна закашляла ў слязах.

XLIII
Пяшчоты хворай і вяселле
Тацяну ўзрушылі; ды ёй
Няёмка тут на наваселлі
Без звыклай горніцы сваёй.
Пад занавескаю шаўковай
Не спіцца ёй ў пасцелі новай,
І як забомкалі званы,
Штадзённай працы вястуны,
Яна ўжо ложак пакідае.
Сядае Таня ля вакна.
Радзее змрок, але яна
Сваіх палёў не заўважае:
Двор незнаёмы за вакном
Са стайняй, кухняй і платом.

XLIV
Вось на сваяцкія абеды
Развозяць Таню кожны дзень,
Каб бабкі бачылі і дзеды
Яе няўважлівую лень.
Радні, прыехаўшай здалёку,
Сустрэча шчырая глыбока.
Вітанні, гоман ля стала.
«А як жа Таня падрасла!
Ці ж я даўно цябе хрысціла?
А я насіла на руках!
А я давала па вушах!
А я дык пернікам карміла!»
І хорам бабкі ўсе пяюць:
«Як годы нашыя бягуць!»

XLV
Ды ў іх няма ніякай змены;
Ўсяму стары узор вянец:
У цёткі, у княжны Елены,
Ўсё той жа цюлевы чапец;
Ўсё беліцца Лукер’я Львоўна,
Таксама лжэ Любоў Пятроўна,
Іван Пятровіч усё тупы,
Сямён Пятровіч усё скупы,
У Пелагеі Нікалаўны
Ўсё той жа друг мосьё Фінмуш,
І той жа шпіц, і той жа муж;
А ён, усё член клуба спраўны,
Глухі, пакорны, вечна рад
І выпіць шмат, і з’есці шмат.

XLVI
Іх дочкі Таню абнімаюць.
Красуні юныя Масквы
Спачатку моўчкі аглядаюць
Тацяну ў ног да галавы;
Знаходзяць неяк незвычайнай,
Манернай і правінцыяльнай,
І неяк бледнай і худой,
А ўрэшце вельмі неблагой;
Пасля, пакорныя прыродзе,
Сябруюць з ёй, вядуць з сабой,
Цалуюць, ціснуць рукі ёй,
Ўзбіваюць кудры ёй па модзе,
І выкладаюць нараспеў
Сардэчны тайны, тайны дзеў,

XLVII
Ўсе поспехі — свае, чужыя,
Надзеі, мары і гульні.
Цякуць гамонкі маладыя
З прысмакам лёгкае хлусні.
Пасля, як лепет свой канчаюць,
Яе прызнанняў вымагаюць
Сабе ў заплату, як закон.
Ды Таня, быццам бы праз сон
Іх словы слухае няўважна
Нішто не зразумела ёй,
Але сакрэт душы сваёй,
І слёз і шчасця скарб паважны
Хавае моўчкі паміж тым
І ім не дзеліцца ні з кім.

XLVIII
Тацяна ўслухацца жадае
У словы гутарак чужых,
Ды лухта пошлая займае
Ў гасцінай гутарку ва ўсіх,
Ўсё роўнадушна ў іх і пуста;
У іх паклёп, і той без густу;
Ў бесплённай сухасці размоў,
Навін, пытанняў, злосных слоў
За суткі думка не заз’яе,
Хоць выпадкова, незнарок;
Не усміхнецца мозгу змрок,
Для жарту сэрца не зайграе,
І нават смешнай дурнаты
Ў табе не знойдзеш, свет пусты.

XLIX
Архіўны хлопцы грамадою
На Таню звысака глядзяць
І непрыхільна між сабою
Не пакідаюць разважаць.
Вось нейкі сумны блазан ходзіць,
Свой ідэал у ёй находзіць
І, стаўшы недзе пад сцяной,
Элегію рыхтуе ёй.
У цёткі нуднай раз спаткаўшы
Яе, з ёй В[яземскі] прысеў
І душу ёй заняць паспеў
Яго каля яе пазнаўшы,
Паправіўшы свой парычок,
Аб ёй пытаецца дзядок.

L
Дзе ж вые Мельпамена бурна
Працяглым голасам сваім,
Дзе вее мантыяй мішурнай
Перад натоўпам ледзяным,
Дзе Талія свой сон пільнуе,
Сяброўскіх воплескаў не чуе,
Дзе Тэрпсіхоры назаўжды
Глядач адданы малады
(даўней было таксама гэта,
У годы вашы і мае),
Не скіраваны да яе
Ні дам зайздросныя ларнеты,
Ні трубкі модных панічоў
Ні з лож, ні з крэсельных радоў.

LI
Яе прывозяць і ў Сабранне,
Там хваляванне, гоман, жар,
Музыкі грукат, свеч зіянне
Мільганне, бура шпаркіх пар,
Красунь лятучыя уборы,
Людзьмі запоўненыя хоры,
Нявест найбагацейшы круг
Ва ўсіх пачуццях будзяць рух.
Тут носяць франты запісныя
Свае камзэлькі, свой імпэт
І неуважлівы ларнет
Сюды гусары адпускныя
З’яўляюцца каб прагрымець
Бліснуць, прывабіць, адляцець.

LII
У ночы шмат прыгожых зорак,
Красунь маскоўскіх не злічыць
Але ясней за ўсіх сябровак
Ў блакіце месяц зіхаціць.
Ды тая ўсё ж, чыйго спакою
Не ўзрушу лірай я сваёю,
Як месяц з вышніх пуцявін
Адна блішчыць паміж жанчын.
З якою гордасцю чароўнай
Зямлю ледзь кратае яна!
Якая нега ў ёй відна!
І погляд млявы і цудоўны!..
Ды досыць, досыць; перастань:
Ты заплаціў вар’яцтву дань.

LIII
Шум, рогат, мітусня, паклоны,
Галоп, мазурка, вальс… Між тым
Паміж двух цётак, ля калоны,
Не запрыкмечана нікім
Глядзіць Тацяна і не можа
Яна глядзець на свет варожы;
Ёй душна тут… яна душой
Ляціць да волі палявой,
Ў сяло, дзе бедныя сяляне,
У захаваны той куток,
Дзе льецца светлы ручаёк;
Дзе кветкі, дзе яе раманы
Да ліпавай алеі той,
Дзе ён з’яўляўся перад ёй.

LIV
Далёка гэтак думка ходзіць:
Забыты свет і шумны бал,
А ў гэты час з яе не зводзіць
Вачэй якісці генерал.
Абедзве цёткі падміргнулі
Рукамі Таню падштурхнулі,
Шапнулі, як мага цішэй:
«Зірні налева, ды хутчэй».
«Налева? Дзе? Што там такое?»
«Што б ні было там, паглядай…
Ў гуртку тым, бачыш? Самы край,
Там, дзе яшчэ ў мундзірах двое…
Пайшоў… спыніўся… бачыш ты?»
«Хто, гэты генерал таўсты?»

LV
Тут з перамогай павіншуем
Тацяну мілую маю,
І сцежку ўбок мы накіруем,
Каб не забыць аб кім пяю…
Я тут спынюся ненадоўга:
Пяю я друга маладога
І безліч вымудраў яго.
Услаў жа плён пяра майго,
О ты, эпічных твораў Муза!
І, кій надзейны даўшы мне,
На просты шлях вядзі мяне.
Канец! Няма на карку груза!
Я класіцызму доўг аддаў:
Хоць позна, але ўступ я склаў.