Перайсці да зместу

Еўгеній Онегін/Глава восьмая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Глава сёмая Еўгеній Онегін — Глава восьмая
Раман у вершах
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1833
Арыгінальная назва: ru:Евгений Онегин (Пушкин)/Глава 6
Пераклад: Алесь Дудар
Крыніца: Дудар, Алесь. Выбраныя творы / Алесь Дудар; уклад., прадм., камент. Ганна Севярынец. — Мінск : Лімарыус, 2017. — 480 с — с. 192—342

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Fare thee well, and if for ever
Still for ever fare thee well.
Byron.

* * *


I
Калі яшчэ ў садах Ліцэя
Я бестурботна расцвітаў,
Чытаў ахвотна Апулея,
А Цыцэрона не чытаў,
У тыя дні ў глухіх далінах,
Вясной, пры крыках лебядзіных,
Ў зіянні вод, у ціхі час
Сустрэў я Музу першы раз.
Пакой студэнцкі мой пабачыў
Святло раптоўна: Муза ў ім
Жыццём заззяла маладым
Апела карагод дзіцячы
І славу нашай старыны
І сэрца трэпетныя сны.

II
Усмешкай свет яе адзначыў:
Нас першы поспех акрыліў;
Стары Дзяржавін нас пабачыў,
Прад смерцю ласкай падарыў.
.......................
.......................
.......................
.......................

III
І я, законам ухваліўшы
Адны пачуцці назаўжды,
З натоўпам сэрца падзяліўшы
Ўвёў Музу жвавую тады
У шум гулянак, спрэчак, жартаў
Жахлівых для паўночнай варты:
Яна ў шалёныя піры
Свае прыносіла дары
І як вакханачка гуляла,
За чарай пела для гасцей,
І моладзь смелая даўней
Ёй сэрца шчыра аддавала
Я-ж быў надзвычай горды ёй,
Маёй сяброўкай балаўной.

IV
Ды я адстаў ад іх саюза,
І ў даль уцёк… яна за мной.
Як часта ласкавая Муза
Жывіла шлях маўклівы мой
Таемнай варажбою сказа!
Як часта на гарах Каўказа
Ленорай у начы глухой
Яна скакала ўслед за мной!
Яшчэ на берагі Таўрыды
Яна мяне ў мгле начной
Вяла пачуць марскі прыбой,
Нязмоўчны топат Нерэіды
Магутны, гулкі хваляў уздым,
Тварцу сусвету вечны гімн.

V
Закінуўшы сталіцы бурнай
І бляск і шумныя піры,
У глушы Малдавіі пахмурнай
Яна у бедныя шатры
Плямён вандроўных заглядала,
І паміж імі дзікай стала,
Забыла гутарку багоў
Для бедных і нязвыклых моў
Для мілых ёй стэповых спеваў…
Наўкола змен настала шмат:
І вось яна ужо ў мой сад
Заходзіць павятовай дзевай
З журботнай думкаю ў вачах,
З французскай кніжкаю ў руках.

VI
І зараз Музу дарагую
На свецкі раут я вяду
І на стэповую красу я
З зайздроснай боязню гляджу.
Скрозь шчыльны рад арыстакратаў,
Вайсковых франтаў, дыпламатаў
І гордых дам яна спяшыць;
Вось ціха села і глядзіць,
Любуючыся цеснатою,
Мільганнем гутарак і мод,
Цікавы ёй гасцей прыход
Прад гаспадыняй маладою,
І рама цёмная мужчын
Наўкола дам як ля карцін.

VII
Ёй падабаецца прыстойны
Размоў олігархічных ход,
І холад гордасці спакойны,
І гэты збег чыноў і год.
Ды хто гэта ў кругу абраным
Стаіць маўклівы і туманны?
Для ўсіх здаецца ён чужым.
Мільгаюць твары перад ім
Як надакучлівыя цені.
Што, сплін, ці горды знак пакут
Ў яго вачах? Чаго ён тут?
Хто ён такі? Няўжо Еўгеній?
Ці ж гэта ён? Так, сапраўды.
— Адкуль ён? Ці даўно сюды?

VIII
Ўсё той жа ён ці ухадзіўся?
Ці дзівака ўдае дасюль?
Скажыце, чым жа ён з’явіўся?
Што нам прадставіць ён пакуль?
Чым зараз будзе ён? Мельмотам,
Касмапалітам, патрыотам,
Гарольдам, квакерам, ханжой,
Ці маскаю блісне другой?
Ці проста будзе хлопец сталы,
Як цэлы свет, як кожны з нас?
Я раіў бы не траціць час:
Адстаць ад моды заняпалай.
Даволі свет яму здзіўляць..
— Знаёмы вам ён? — Як сказаць.

IX
— Навошта ж гэтак непрыемна
Вы разважаеце аб ім?
За тое, мо’, што мы нязменна
Варожым, судзім аб усім,
Што хібны крок душы імклівай
Нікчэмнасці самалюбівай
Здаецца смешным ці ліхім,
Што розум свет закрыў другім?
Што часта пра размовы судзім
Нібыта справа ў іх ёсць,
Што дурасць гэта бзік і злосць,
Што важна глупства важным людзям,
І што пасрэднасць нас адна
Не дзівіць, блізка нам яна?

X
Шчаслівы той, хто з маладосці
Быў маладым, хто ў час даспеў,
І хто з жыццёвай сцюжы злосцю
З гадамі дужацца ўмеў,
Хто снам нязвыклым не здаваўся,
Хто чэрні свецкай не цураўся,
Хто франт, ці хват быў ў дваццаць год
А ў трыццаць з жонкай меў даход;
Хто быў у пяцьдзесят год вольны
Ад рознастайнейшых даўгоў,
Хто славы, грошай і чыноў
Дабіўся ў чаргу, павольна,
Аб кім казалі цэлы век:
N. N. найлепшы чалавек.

XI
Ды сумна думаць, што дарэмна
Нам юнасць дадзена была.
Што ёй мы здраджвалі нязменна
Што нас усіх яна звяла;
Што нашы лепшыя імкненні,
Жывыя нашы летуценні
Сталелі шпаркай чарадой
Як лісце ў восені гнілой.
Балюча бачыць прад сабою
Адных абедаў доўгі рад,
Лічыць жыццё ўсё за абрад,
І за чыноўнай чарадою
Ісці, не дзелячыся з ёй
Нічым, ні думкай, ні душой.

XII
Прадметам стаўшы спрэчак шумных
Балюча (шчыра прызнаём)
Уславіцца ў людзей разумных
Прытворным нейкім дзіваком
Або вар’ятам безгранічным,
Або страшыдлам сатанічным
Ці нават Дэманам маім,
Онегін (зноў займуся ім),
Забіўшы друга ў паядынку,
Без мэты, без бяды дайшоў
Да дваццаці шасці гадоў,
Ў бяздзейным змораны спачынку,
Без службы, без сям’і, без спраў,
І чым заняцца сам не знаў.

XIII
Заваладаў ім дух турботны,
Жаданне месца памяняць
(Не ўсякі можа дабрахвотна
Балючы гэткі крыж падняць).
Пакінуў ён свой кут шчаслівы,
Самотныя лясы і нівы,
Дзе акрываўлены той цень
Яму з’яўляўся кожны дзень,
І вандраваць пачаў без мэты
Адданы пачуццю свайму;
Ды, як і ўсё у жыцці, яму
Абрыдала вандроўка гэта;
Вярнуўся ён і проста ў зал
Як Чацкі з карабля на бал.

XIV
Ды вось сярод людскога гама
Пранёсся шопат цераз зал…
Ішла да гаспадыні дама,
За ёю важны генерал.
Яна ішла хадою роўнай,
Была не строгай, не шматслоўнай
Без зірку хціўнага для ўсіх,
Без выстаўляння чар сваіх,
Без розных вымудраў манерных
Без пераймальнасці пустой…
Было ўсё ціха, проста ў ёй.
Яна была як здымак верны
Du comme il faut… Даруй, Шышкоў,
Няма для перакладу слоў.

XV
Бліжэй падходзілі жанчыны,
Старэнькія ківалі ёй,
Лавілі зірк яе мужчыны
Паклон адвешваючы свой;
Цішэй стараліся прабегчы
Прад ёй дзяўчаты: нос і плечы
Вышэй за ўсіх над грамадой
Нёс генерал, што йшоў за ёй.
Ніхто б не мог яе чароўнай
Назваць; ды з галавы да ног
Ніхто б у ёй знайсці не мог
Таго, што модаю гвалтоўнай
У знатным лонданскім кругу
Завецца vulgar. Не магу…

XVI
Люблю я дужа гэта слова
І не магу пералажыць:
Яно ў нас пакуль што нова,
Наўрад яму ў пашане быць.
Яно б пайшло ў эпіграмы…
Ды вернемся да нашай дамы.
Яна прывабнасцю цвіла,
Калі сядзела ля стала
З бліскучай Нінай Варанскою,
Той Клеапатраю Невы:
І пэўна б згодзіліся вы,
Што Ніна мрамарнай красою
Зацьміць суседку не магла,
Хоць і чароўная была.

XVII
«Няўжо, — Еўгеній разважае:
Яна ці не? Жывы партрэт…
Як! з дальняга такога краю…»
І неадчэпны свой ларнет
Ён пераводзіць памінутна
Да той, чый твар напомніў смутна
Аблічча, знанае даўней.
«Будзь ласкаў, князь, скажы ты мне,
Хто ў малінавым берэце
З паслом іспанскім там стаіць?»
Князь на Онегіна глядзіць.
«Ага! Даўно ж ты не быў у свеце.
Чакай, цябе прадстаўлю я».
«Хто ж гэта?» — «Жонка то мая».

XVIII
«Дык ты жанаты! Нечакана!
Даўно?» — «Два годы за малым» —
«А з кім жа?» — «З Ларынай». — «З Тацянай!»
«Ты з ёй знаём?» — «Сусед я ім».
«Хадзем жа». — Князь тут падыходзіць
Да жонкі і з сабой падводзіць
Радню і дружбака свайго.
Глядзіць княгіня на яго…
І, што б яна ні адчувала,
Пранятая пры стрэчы з ім
Такім уражаннем жывым,
Але нічым не паказала:
Ў ёй захаваўся той жа тон,
І ціхі быў яе паклон.

XIX
Каб што яе хоць скаланула,
Каб твар хоць фарба заліла…
Яна брывёй не зварухнула
І губы нават не звяла.
Хоць прыглядаўся ён старанна
Ды і слядоў былой Тацяны
Не мог Онегін адшукаць.
Хацеў размову ён пачаць
І — і не мог. Яна спытала
Адкуль ён і з якіх часоў
І ці не з іх хаця краёў?
Пасля да мужа скіравала
Свой погляд, і ў другі пакой…
Стаяў Онегін сам не свой.

ХХ
Няўжо яна і ёсць Тацяна,
Якой сам-на-сам ён раней
Ў пачатку нашага рамана,
Ў глухой, далёкай старане,
Ў маральным жаркім захапленні
Чытаў калісьці настаўленні;
Ёсць ліст яе ў яго з тых дзён,
Гаворыць мовай сэрца ён,
Там ўсё адкрыта, ўсё на волі;
Дзяўчынка тая… ці ня сон?
Дзяўчынка тая… гэта ён
Яе мінуў у сціплай долі,
Няўжо яе перад сабой
Ён бачыў смелаю такой?

XXI
Ён пакідае раут шумны
І задуменна едзе ён;
І марай мілай, марай сумнай
Яго ўстрывожан позні сон.
Прачнуўся ён; яму прыносяць
Ліст: князь NN ласкава просіць
На вечар. «Божа! да яе!
О, буду, буду!» і дае
Як найхутчэй адказ пачцівы.
Што з ім! Ў якім ён дзіўным сне!
Што зварухнулася на дне
Душы халоднай, неруплівай?
Дзівацтва? прыкрасць? або зноў
Турбота юнасці — любоў?

XXII
Онегін цэлы дзень чакае,
Гадзіны лічыць, каб хутчэй.
Ды дзесяць б’е; ён выяжджае,
Ён паляцеў, ён ля дзвярэй,
У дом ён з трэпетам заходзіць;
Тацяну ён адну знаходзіць,
І некалькі хвілін сядзяць
Удвох. Размову распачаць
Слоў не знаходзіць ён. Пануры,
Нязграбны, ён ледзь словы два
Пракажа часам. Галава
Яго ўся поўна думкай хмурай
І хмура ён сядзіць. У ёй
Няма трывогі ніякой.

XXIII
Прыходзіць муж. Ён разрывае
Нязносны гэты tкte-а-tкte;
З Онегіным успамінае
Здарэнні, жарты даўных лет.
Яны смяюцца. Вось і госці.
Вось буйнай соллю свецкай злосці
Размовы раптам ажылі;
Прад гаспадыняй пачалі
Блішчэць без штучнага крыўляння,
І прыпыняў іх іншы раз
Без пошлых тэм разумны сказ,
Без вечных праўд, без навучання,
Яго жывы і вольны дух
Не дратаваў нікому слух.

XXIV
Тут быў сталіцы свет абраны
І знаць, і розных мод парад,
І круг людзей усюды знаны,
Незамянімых дурняў шмат;
Былі тут дамы паджылыя,
Ў чапцах і ружах, з твару злыя;
Дзяўчаты тут яшчэ былі
Што век усмешкай не цвілі;
Тут быў пасланнік, што выключнай
Меў тэмай ход дзяржаўных спраў;
На лад даўнейшы жартаваў
Дзядок у сівізне пахучай
Разумна, тонка кожны раз,
Што трохі смешна сёння ў нас.

XXV
Тут быў на эпіграмы ходкі
На ўсё сярдзіты пан адзін:
На чай гаспадароў салодкі,
На дурасць дам, на тон мужчын,
На плёткі, пра раман туманны,
На вензель, сёстрам двум прысланы,
На войны, на журнальны брэх,
На жонку ўласную, на снег.
......................
......................
......................
......................
......................

XXVI
Тут быў *** (Праласаў) усім вядомы
Сваёю нізкаю душой,
Што аб усе тупіў альбомы
St-Priest, аловак востры твой;
Ў дзвярах другі дыктатар бальны
Нібы анёлачак сусальны
Румяны, сцягнуты стаяў,
Не варушыўся і маўчаў,
І падарожнік там залётны
Круцель крахмальны нейкі быў
І ўсіх гасцей развесяліў
Ягоны твар праз край турботны,
І зірк абменены кругом
Агульным быў яму судом.

XXVII
Але Онегін мой Тацянай
Ўвесь час заняты быў адной,
Не той дзяўчынкай закаханай
Нясмелай, простай, маладой,
А роўнадушнаю княгіняй,
А недаступнаю багіняй
Ўладаркай пышнае Нявы.
О людзі! Ўсе падобны вы
Да нашае прабабкі Эвы:
Што маеце, не цягне вас,
А змій вас вабіць увесь час
Да забароненага дрэва;
Вам плод заказаны давай,
А без яго вам рай не рай.

XXVIII
О, як змянілася Тацяна!
Як цвёрда ў ролю увайшла!
Як прыгнятаючага сана
Прыёмы хутка прыняла!
Хто б мог шукаць дзяўчынкі даўняй
У велічавай і нядбайнай
Законадаўніцы забаў.
І ён ёй сэрца хваляваў!
Аб ім яна у змроку ночы,
Пакуль не наляціць Марфей,
Сумуе цнотна так даўней,
Ўздымае ў неба млявы вочы
І марыць, каб калі ў жыцці
З ім мірны шлях удвох прайсці.

XXIX
Каханню ўзросты ўсе пакорны;
Ды сэрцам чыстым, маладым
Яго парывы жыватворны
Як дожджык нівам веснавым:
Іх дождж пачуццяў асвяжае
І спеліць іх і абнаўляе —
Дае жыцця ім буйны ход
Багаты цвет, салодкі плод.
Парою ж познай і бесплоднай
Як пакідае нас імпэт,
Пачуццяў мёртвых сумны след:
Так буры восені халоднай
Балотам робяць светлы дол
І асыпаюць лес наўкол.

XXX
Еўгеній — больш няма сумненняў —
Ўжо закахаўся як дзіця;
Ў тузе любоўных лятуценняў
Ён дзень і ноч як без жыцця.
На строгі розум не зважае,
Ля ганку ён яе чакае,
Ён пад’яжджае кожны дзень,
За ёю гоніцца, як цень;
Шчаслівы ён, як удаецца
Боа на плечы ўскінуць ёй,
Ці да яе рукі сваёй
Рукой гарачай ён кранецца,
Прад ёй разгоніць полк ліўрэй,
Ці хустку ёй падасць хутчэй.

XXXI
Яна яго не заўважае,
Як ён не біся, хоць памры.
Свабодна у сябе прымае,
Ў гасцях з ім скажа слова тры,
Калі паклонам спатыкае,
Калі наогул не зважае:
Няма какецтва ў яе,
Бо свет яго не прызнае.
Онегін пакрысе марнее:
Ёй не відаць, ці не шкада;
Онегін сохне — вось бяда,
Ці на сухоты не хварэе.
Яго да дактароў вядуць,
Яны яго на воды шлюць.

XXXII
А ён не едзе; пра спактанне
Гатоў ён прадзедам пісаць
Заўчасна нават; а Тацяне
Нічога (пол такі, відаць);
А ён, упарты, не здаецца,
Турбуецца і спадзяецца;
Смялей здаровага, рукой
Княгіні піша ён слабой
Гарачы ліст, пачуццяў поўны.
Хоць пра лісты ён не здарма
Судзіў, што сэнсу ў іх няма;
Аднак пакуты нявымоўнай
Ён, трэба думаць, не стрымаў.
Вось ліст, як ён яго пісаў.
Ліст Онегіна да Тацяны
Прадбачу ўсё: зняважыць вас
Балючай тайны тлумачэнне.
Пагарду, горач абурэння
Пакажа зірк ваш у адказ!
Што трэба мне? З якой прычыны
Адкрыю душу вам сваю?
Якой злой радасці, магчыма,
Цяпер зачэпку я даю!
Выпадкам вас даўней пазнаўшы,
Пяшчоты іскру ў вас спаткаўшы,
Я ёй паверыць не пасмеў:
Не даў прывычцы мілай ходу;
Сваю абрыдлую свабоду
Утраціць я не захацеў.
Яшчэ адно нас разлучыла…
Ахвярай сумнай Ленскі стаў…
Ад усяго, што сэрцу міла,
Тады я сэрца адарваў;
Чужы для ўсіх, сабе адданы,
Я думаў: вольнасць і спакой
Замена шчасцю. Божа мой!
Як схібіў, як я пакараны!
Не, бачыць вас часцей, бліжэй,
За вамі ўслед хадзіць аддана,
Усмешку вуснаў, рух вачэй
Лавіць паглядам закахана,
Вас доўга слухаць, успрымаць
Душою вашу ўсю прывабнасць,
Прад вамі з болем заміраць,
Марнець і гаснуць… вось дзе радасць!
Пазбаўлен я таго: як цень
Паўзу за вамі я наўдачу;
Мне важны момант, важны дзень,
А я ў нудзе дарэмнай трачу
Адлічаныя лёсам дні.
І так цяжкія ўжо яны.
Я знаю: злічаны хвіліны;
Каб працягнуць жыцця мне час
Я ведаць з раніцы павінен,
Што днём напэўна ўбачу вас…
Баюся: у маім маленні
Ваш строгі зірк знайсці гатоў
Намераў хітрых выяўленне —
І чую гнеў я вашых слоў.
Калі б вы зналі, як жахліва
Кахання полымем палаць,
Гібець — і розумам рупліва
Крыві кіпенне сунімаць;
Жадаць абняць у вас калені
І, у слязах, ля вашых ног
Складаць жаданні, лятуценні,
Ўсё, ўсё, што б выказаць я мог,
Прытворным холадам тым часам
І зірк, і слова ўзмацняць,
Спакойна з вамі размаўляць,
Глядзець на вас паглядам ясным!..
Ды будзь што будзе: сам з сабой
Змагацца я не ў сілах болей;
Ўсё скончана: я ў вашай волі,
Аддаўся долі я сваёй.

XXXIII
Няма адказу. Пасылае
Другі і трэці ліст ён — зноў
Няма адказу. Выяжджае
Ён у госці; толькі што зайшоў…
Яна насустрач. Як сурова!
Яго не бачыць, з ім ні слова:
У! Як цяпер яе чало
Лядовай сцюжай аблягло!
Як вусны ўпартыя старанна
Знявагу хочуць затаіць!
Онегін з пільнасцю глядзіць:
Дзе, дзе трывога, спачуванне?
Дзе плямы слёз?.. — Няма іх, не!
На гэтым твары толькі гнеў…

XXXIV
Ды мо след боязні адзінай
Каб муж ці свет не ўгадаў
Забавы, слабасці хвіліннай,
Ўсяго, што мой Онегін знаў…
Надзей няма. Ён ад’яжджае,
Сваё вар’яцтва праклінае —
Абняты ім, на многа дзён
Зноў адышоў ад свету ён.
І ў маўклівым габінеце
Яму згадалася пара,
Калі суровая хандра
За ім ганялася па свеце
І, улавіўшы, пад замок
Замкнула ў глухі куток.

XXXV
Зноў стаў чытаць ён без разбора,
Чытаў ён Гіббона, Руссо,
Мензоні, Гердэра, Шамфора,
Madame de Staлl, Біша, Тіссо,
Чытаў скептычнага ён Беля,
Чытаў ён творы Фонтэнеля
І нашых многіх прачытаў,
Нічога ён не адкідаў:
І альманахі, і журналы,
Дзе нам навуку падаюць,
Дзе сёння так мяне скубуць,
І дзе такія мадрыгалы
Сабе чытаў я іншы раз:
Е sempre bene, ў добры час.

XXXVI
І што ж? Хоць зрок чытаў, затое
Далёка думкі адышлі;
Жаданні, смутак і настроі
Глыбока душу пранялі.
Ён паміж кніжнымі радкамі
Чытаў духоўнымі вачамі
Радкі другія. І яго
Яны агортвалі ўсяго.
Былі там тайныя паданні
Сардэчнай цёмнай старыны,
Ні з чым не звязаныя сны,
Прароцтвы, грозьбы, разважанні,
Ці казкі, поўныя чмуты,
Ці дзевы маладой лісты.

XXXVII
І паступова ахапляе
Яго пачуцце, думкі сон,
А ўяўленне раскідае
Прад ім барвовы фараон.
Пабачыць ён: на талым снезе
Нібы заснуўшы на начлезе
Юнак прасцёршыся ляжыць:
Ну што-ж, забіт! — у вушах гучыць.
Што бачыць ворагаў ён даўніх
Паклёпнікаў, трусоў ліхіх,
І кола здрадніц маладых,
І круг таварышаў паганых,
Што сельскі дом — і ля акна
Сядзіць яна-ж… усё яна…

XXXVIII
Ён так прывык губляцца ў гэтым
Што ледзь мазгі не пракруціў,
Ледзь не зрабіўся ён паэтам.
Прызнацца: вось-бы ўдружыў!
А праўда: сілай магнетызма
Расійскіх вершаў механізма
Ледзь не асвоіў той парой
Няздатны гэты вучань мой.
Як ён нагадываў паэта,
Калі ў кутку сядзеў адзін
І перад ім палаў камін
І напяваў ён: Benedetta,
Ці Idol mio і губляў
У агонь усё што не трымаў.

XXXIX
Міналі дні; вясной нагрэты
Зімы суровы час мягчэў;
І не пашоў ён у паэты,
Ён не памёр, не звар’яцеў,
І зноў ажыўлены вясною
Свае замкнутыя пакоі,
Дзе як сурок ён жыў адзін
Акно падвойнае, камін
Ён пакідае ясным раннем,
Уздоўж Нявы ў санях імчыць.
На льдах пасечаных блішчыць
І грае сонца; брудна тае
На вуліцах ўскапаны снег.
Куды па ім свой шпаркі бег

XL
Імкне Онегін? Запытанне
Немудрае; дапраўды так:
Памчаўся да сваёй Тацяны
Мой непапраўлены дзівак.
Нібы мярцвяк у дом заходзіць,
Пустой прыхожую знаходзіць.
У залі ні душы жывой;
Ён далей. Што ж яго з такой
Вялікай сілаю праймае?
Княгіня, бледая, адна
‘Шчэ не прыбраная яна
Сядзіць і нейкі ліст чытае
І ціха слёзы лье ракой,
На руку ўспёршыся шчакой.

XLI
О, хто б тугі яе бескрайнай
У гэты час не прачытаў!
Хто беднай Тані, Тані даўнай
Ў княгіні б зараз не пазнаў!
У жалю, ў роспачы страшэннай
Да ног яе упаў Еўгеній;
Ледзь дрогнуўшы, яна маўчыць
І на Онегіна глядзіць
І без здзіўлення, і без гнева…
Зхварэлых воч памерклы жар,
Нямы дакор, пакорны твар
Ўсё ясна ёй. Былая дзева
З даўнейшым сэрцам і душой
Зноў ажыла цяпер у ёй.

XLII
Яна яго не паднімае
І погляд не адводзіць свой,
Ад прагных губ не адрывае
Рукі знямелае сваёй…
Дзе пачуццё яе лунае?..
Маўчанне доўгае мінае,
Яна ціхутка пачала:
«Даволі; устаньце. Надышла
Пара мне даць вам тлумачэнне.
Онегін, помніце той час,
Калі ў прысадах змрочных нас
Звёў лёс і ў гэтакім цярпенні
Тады вас выслухала я
Цяпер прышла чарга мая.

XLIII
Онегін, я тады інакшай,
Я лепшай, можа быць, была,
І я кахала вас, і ў вашай
Што я душы тады знайшла?
Які адказ? Сухі, суровы.
Ці праўда? Вам была не нова
Дзяўчынкі простае любоў?
І зараз — божа! — стыгне кроў,
Як толькі ўспомню погляд гэты
І вашы словы… Ды на вас
Не ў крыўдзе я: ў той страшны час
Са мной зрабілі вы шляхетна.
Вы былі правы прада мной:
Я вам удзячна ўсёй душой.

XLIV
Тады — ці праўда? — у вёсцы простай,
Дзе мітусні няма людской,
Я вас не вабіла… Навошта
Цяпер вы ходзіце за мной?
Чаму у вас я на прымеце?
Ці не таму, што ў лепшым свеце
Бываць павінна я часцей,
Што стала багацей, знатней,
Што муж прынёс з паходаў раны,
Што двор за гэта любіць нас?
Ці не таму, што ў хуткі час
Усюды б быў мой сорам знаны
І мог бы даць вам найхутчэй
Зайздросны гонар у людзей?

XLV
Я плачу… Калі вашай Тані
Вы не забыліся з тых дзён,
Дык знайце: вашы нараканні,
Халодны і суровы тон,
Каб сталася маё жаданне,
Мне лепш чым звыклае каханне,
Мілей лістоў і слёз такіх.
Вы да дзіцячых мар маіх
Маглі хоць жалем захапіцца,
Пашанай да гадоў слабых…
А зараз! — Што да ног маіх
Вас прывяло? Што за драбніца!
Як з вашым розумам, душой
Рабом стаць дробязі такой?

XLVI
А мне, Онегін, пышнасць гэта,
Жыццё ў збрыдлай мішуры
І поспех мой у віхуры света,
Мой модны дом і вечары —
Што ў іх? Аддаць я зараз рада
Усё лахмоцце маскарада,
Ўвесь гэты бляск і шум і чад
За звязак кніг, за дзікі сад,
За дом наш бедны і суровы,
За гэты край, дзе першы раз,
Онегін, бачыла я вас,
Яшчэ за могільнік вясковы,
Дзе зараз крыж ды цень ад хвой
Над беднай няняю маёй.

XLVII
А шчасце блізка і магчыма
Было для нас!.. пара прайшла
Неасцярожнаю дзяўчынай
Магчыма я тады была:
Мяне з слязамі заклінанняў
Маліла маці; перад Таняй
Было ўсё роўным у той час…
Я выйшла замуж. Зараз вас
Прашу са мною развітацца;
Знаёма з вашай я душой:
Ёсць гордасць, гонар ёсць у ёй.
Я вас кахаю (што хавацца?),
Ды іншаму належу я
І вернасць вечная мая.

XLVIII
Яна пайшла. Стаіць Еўгеній
Нібы пярун яго прабіў.
Які ў сэрцы ён страшэнны
Віхор пачуццяў перажыў!
Ды шпор раптоўны звон раздаўся
І муж Тацяны паказаўся,
І тут героя мы свайго
Ў хвіліну, злую для яго,
Чытач шаноўны, пакідаем,
Надоўга… назаўжды. За ім
Даволі шляхам мы адным
Брылі па свеце. Прывітаем
Сябе мы з берагам. Ура!
Даўно (ці згодны вы?) пара!

XLIX
Хто б ты ні быў, чытач шаноўны,
Друг, вораг, хочацца з табой
Мне развітацца ў дружбе поўнай
Даруй. Чаго б ты ўслед за мной
Тут ні шукаў між строф няроўных,
Ці ўспамінаў дзён бунтоўных,
Ці проста адпачыць жадаў,
Малюнкаў, вострых слоў чакаў
Або памылак граматычных,
Дай бог, каб у радках маіх
Для мар і для забаў сваіх,
Для сэрца, для баёў крытычных
Крупіцу мог бы адшукаць.
Затым бывай, пара канчаць.

L
Бывай, мой спадарожнік дзіўны,
І ты, мой ідэал жывы
І ты, шлях працы безупыннай,
Хоць дробнае. Далі мне вы
Усё, зайздроснае паэту:
Спакой жыцця ў бурах свету,
Размову мілую сяброў.
Прабегла зараз шмат гадоў
З тых дзён, як юная Тацяна
З Онегіным у цмяным сне
Натрапілі на вочы мне —
І даль свабоднага рамана
Цераз крыстал магічны свой
Я кепска бачыў прад сабой.

LI
Сябры ж, якім у дні былыя
Я строфы першыя чытаў…
Адных няма, далёка тыя,
Як Садзі некалі сказаў.
Без іх Онегін дапісаўся.
А тая, ад якой пачаўся
Тацяны ідэал жывы…
О, годы, шмат забралі вы!
Шчаслівы, хто пакінуў рана
Жыцця забавы і да дна
Не выпіў келіха віна,
Не дачытаў жыцця рамана
І развітаўся хутка з ім
Як я з Онегіным маім.