Перайсці да зместу

Еўгеній Онегін/Глава чацвёртая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Глава трэцяя Еўгеній Онегін — Глава чацвёртая
Раман у вершах
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1833
Арыгінальная назва: ru:Евгений Онегин (Пушкин)/Глава 4
Пераклад: Алесь Дудар
Крыніца: Дудар, Алесь. Выбраныя творы / Алесь Дудар; уклад., прадм., камент. Ганна Севярынец. — Мінск : Лімарыус, 2017. — 480 с — с. 192—342
Глава пятая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




La morale est dans la nature des choses.


Necker


* * *


I. II. III. IV. V. VI. VII
Чым менш жанчыну мы кахаем
Тым больш чаруем мы яе,
І тым далей яе штурхаем
У пасткі згубныя свае.
Распуста жорсткая, бывала,
Кахаць умела дасканала,
Умеўшы пра сябе трубіць
І без кахання шчаснай быць.
Ды гэта важная забава
Больш варта малпаў паджылых
Расхваленых часоў былых;
Знасілася Лаўласаў слава
З абцасамі старых гадоў
Ды з модай пышных парыкоў.

VIII
……………….
……………….
Перамагаць перакананні,
Якіх не мела й на завод
Дзяўчынка ў трынаццаць год!
Каго не вымучаць пагрозы,
Кляцьбы, маленні, нейкі страх,
Запіска на шасці лістах,
Абманы, плёткі, кольцы, слёзы,
Дагляды цётак і бацькоў
І дружба цяжкая мужоў!

IX
Вось так і мой Еўгеній думаў.
Ён быў ад годаў маладых
Ахвярай палкасці бездумнай
І захапленняў агнявых.
Жыцця прывычкай збалаваны,
Адным на час ачараваны,
Расчараваны ў другім,
Жаданнем стомлены сваім
І выпадковаю ўцехай,
У шуме чуючы, ў цішы,
Дакоры вечныя душы,
Зглушаючы нудоту смехам:
Вось як ён восем год зглуміў
І лепшы цвет жыцця згубіў.

X
Ён за красунямі не гнаўся,
Цягаўся так, абы адбыць;
Адмовяць — хутка суцяшаўся,
А здрадзяць — рад быў адпачыць.
Ён іх шукаў без хвалявання,
А пакідаў без наракання,
Ледзь помніў ласку іх і злосць.
Вось гэтак роўнадушны госць
На віст вячэрні прыязджае,
Сядае; скончана ігра,
І выяжджае ён з двара,
Спакойна дома засынае,
І зрання сам не знае, дзе
Ён гэты вечар правядзе.

XI
Ды, атрымаўшы ліст ад Тані,
Узрушаны Онегін быў:
Ў ім склад дзявочага прызнання
Глыбока думкі ўзварушыў;
І ўспомніў дзевы ён пяшчотнай
Пануры выгляд, твар маркотны,
І ў радасны, бязгрэшны сон
Душою ахінуўся ён.
Ізноў, магчыма, на хвіліну
Ім жар пачуццяў заўладаў;
Ды ашукаць ён не жадаў
Даверлівасць душы нявіннай.
Цяпер мы ў сад пераляцім,
Дзе стрэлася Тацяна з ім.

XII
Хвіліны дзве яны маўчалі,
Але Онегін сам пачаў
І праказаў: «Вы мне пісалі.
Не адмаўляйце. Я чытаў
Душы даверлівай прызнанне
І словы чыстага кахання;
Я шчырасць вашу ўпадабаў;
Ваш ліст глыбока ўсхваляваў
Былых пачуццяў рой імклівы;
Ды вас не хочу я хваліць
І рад за шчырасць адплаціць
Прызнаннем так-жа не фальшывым;
Прыміце ж споведзь вы маю:
Сябе на суд вам аддаю.

XIII
Калі-б я толькі хатнім кругам
Абмежавацца пажадаў;
Калі-б быць бацькам і супругам
Мне кон прыемны загадаў;
Калі-б сямейнаю карцінай
Я захапіўся на хвіліну:
То пэўна-б, апроч вас адной,
Нявесты не шукаў другой.
Скажу без мадрыгалаў модных:
Спаткаўшы ідэал свой зноў,
У вас адной бы я знайшоў
Сяброўку дзён маіх журботных,
Усяго прыгожага заклад,
І… колькі мог… я быў-бы рад.

XIV
Ды я не створан для пяшчоты:
Чужая ёй душа мая;
Дарэмны вашыя ўсё цноты:
Ніколькі іх не варты я.
Паверце (сведчуся сумленнем)
Шлюб будзе болем нам страшэнным.
Я, колькі ні кахаў бы вас,
Прывыкшы, разлюблю ураз;
Вы плакаць, але ў спосаб гэткі
Вам сэрца не скрануць майго,
Вы толькі ўз’юшыце яго.
Судзіце ж вы, якія кветкі
Рыхтуе Гіменей для нас
І, можа быць, на доўгі час.

XV
Што горай за сям’ю такую,
Дзе жонка бедная штодня
Аб кепскім мужы ўсё сумуе
І ўдзень, і ўвечары адна;
Дзе нудны муж, цану ёй знаўшы
(і лёс, тымчасам, свой пракляўшы),
Заўжды нахмураны сядзіць,
Злуе, рэўнуе і маўчыць!
Я гэткі. Ці таго шукалі
Вы чыстай, палкаю душой,
Калі з такою прастатой,
З такой развагай мне пісалі?
Ці можа быць, каб строгі лёс
Вам долю гэткую прынёс?

XVI
Звароту годам не бывае;
Мне ўжо душы не аднавіць…
Каханнем брата вас кахаю,
Яшчэ пяшчотней, можа быць.
Паслухайце ж мяне без гнева:
Яшчэ не раз паспее дзева
Ўсе мары лёгкія змяніць
Так дрэўца лісце аднавіць
Імкнецца з кожнаю вясною.
Відаць, судзіла неба так.
Палюбіце вы зноў: аднак…
Вучыцеся ўладаць сабою,
Як я, не кожны стрэне вас;
Нязнанне шкодзіць іншы раз».

XVII
Казаў Еўгеній красамоўна.
Ў слязах, без памяці зусім,
Ледзь подых зводзячы, безмоўна
Стаяла Таня перад ім.
Ён руку працягнуў. Нядбайна
(як кажуць зараз, машынальна)
Рукой апёршыся сваёй,
Яна схіліла твар з журбой;
Пайшлі дамоў кругом гароду,
Удвох з’явіліся, і ў тым
Іх не ўпікнуў ніхто зусім:
Ёсць і ў вясковае свабоды
Свае шчаслівыя правы
Як і ў гордае Масквы.

XVIII
Вы будзеце, чытач мой, згодны,
Што надзвычайна мілым быў
Наш друг з Тацянаю журботнай;
Не ўпершыню тут праявіў
Ён дух высокі свой і просты
Хаця людзей недабрахоцтва
Не знала ласкі да яго:
Сябры і ворагі кругом
(Што тое самае, быць можа)
Аб ім плялі і так і сяк.
Ёсць ворагі ва ўсіх, аднак
Ад прыяцеляў збаў нас, божа.
Ну ж дружба, дружба ты мая.
Цябе дарэчы ўспомніў я.

XIX
А што? Ды так. Я усыпляю
Пустыя думкі — змрок яны;
Я толькі ў дужках зазначаю, —
Паганейшай няма маны,
Што па закутках хлус складае,
Што свецкі зброд благаслаўляе,
Няма бязглуздзіцы такой,
Ні эпіграмы бруднай, злой,
Якой бы прыяцель адданы
Сярод прыстойных слухачоў
Зусім без злосці шмат разоў
Не паўтарыў бы неахайна;
Ды ён за вас гарой, аднак:
Ён так вас любіць… як сваяк.

XX
Гм! Гм! Чытач мой шанаваны,
Як вашы сваякі жывуць?
Дазвольце: можа пажадана
Цяпер вам ад мяне пачуць,
Што значыць сваякі, ўласціва,
Пра сваякоў скажу я жыва:
Мы іх павінны шанаваць,
І шчыра песціць, і кахаць
І, згодна звычаю народа,
На Коляды у іх бываць,
Або па пошце віншаваць,
Каб у другія часткі году
Пра нас не думалі яны…
Дык дай ім, бог, даўгія дні!

XXI
Ды пачуццё красунь пяшчотных
Мацней сяброў ці сваякоў:
Пад ім і сярод бур турботных
Вы не губляеце правоў.
Бясспрэчна. Але ўзвеі моды,
Але свавольная прырода,
Але паглядаў свецкіх рух..
А мілы пол лягчэй за пух.
І мужа погляды таксама
Для цнотнай жонкі, трэба знаць,
Шаноўнымі павінны стаць;
Дык вашу любую часамі
Гатова палкасць захапіць:
Каханнем любіць чорт круціць.

XXII
Каго ж кахаць? Каму паверыць?
Хто не падмане нас адзін?
Хто справы ўсе і словы мерыць
Паслужліва на наш аршын?
Хто нас хлуснёй не закідае?
Хто нас рупліва даглядае?
Каму нішто наш недахват?
Хто з намі быць заўсёды рад?
Шукальнік прывідаў старанны,
Сіл не марнуючы сваіх,
Любіце лепш сябе саміх,
Чытач мой многашанаваны!
Рэч вартая: не можа быць
Каб можна што мацней любіць.

XXIII
Што вынікам было спаткання?
Увы, не цяжка адгадаць!
Пакута жорсткая кахання
Не перастала хваляваць
Душы дзявочай, суму поўнай;
Не, болей палкасцю бязмоўнай
Тацяна бедная гарыць;
Ад ложку яе сон бяжыць;
Здароўе, цвет жыцця і сіла,
Усмешка і спакой святы
Прапала ўсё, як гук пусты,
І меркне юнасць Тані мілай:
Так ахінае буры цень
Ледзь вышаўшы са змроку дзень.

XXIV
Увы, Тацяна адцвітае;
Бялее, гасне і маўчыць!
Нішто яе ўжо не займае,
Яе душы не ажывіць.
Усе суседзі галавою
Ківаюць, шэпчуць між сабою :
Пара, пара ўжо замуж ёй!..
Ды годзе. Абавязак мой
Малюнкам шчаснага кахання
Вам погляды развесяліць.
Міжвольна, што тут і рабіць
Мяне сціскае спачуванне;
Даруйце мне, я так люблю
Тацяну мілую маю!

XXV
З дня ў дзень зачараваны болей
Красою Ольгі маладой,
Владзімір радаснай няволі
Аддаўся поўнаю душой.
Ён вечна з ёй. Ў яе пакоі
Яны і ў змрок сядзяць абое;
Яны ў садку, рука з рукой,
Гуляюць ранішняй парой;
І што-ж? Захоплены каханнем
Ў пяшчотным сораме пад час
Ён толькі смее, іншы раз
Усмешкай Ольгі ўзмацаваны,
Развітым локанам гуляць
Ці край адзення цалаваць.

XXVI
Часамі прачытае Олі
Шматпавучальны ён раман,
Ў якім пісьменнік знае болей
Прыроду, чым Шатабрыан,
А паміж тым, дзве-тры старонкі
(Пустыя байкі ды гамонкі,
Што дзеве ў шкоду могуць стаць)
Неўзнак стараўся прапускаць.
Ці адышоўшыся далёка,
Над дошкай шахматнай адны,
На стол успёршыся, яны
Засядуць з думкаю глыбокай;
Там Ленскі пешкаю сваёй
Браў верх над ўласнаю турой.

XXVII
Дамоў паедзе: ён і дома
Заняты Ольгаю сваёй.
Старонкі лёгкія альбома
Рупліва аздабляе ёй:
То ў іх малюе краявіды,
Магільны камень, храм Кіпрыды,
Ці галубка на ліры дзе
Пяром ды фарбай навядзе;
То на старонцы красамоўнай,
Ніжэй за подпіс іншых дзён
Пяшчотны верш пакіне ён,
Як летуцення знак безмоўны,
Хвіліннай думкі лёгкі след,
Ўсё той-жа пасля многіх лет.

XXVIII
Не раз паненкі павятовай
Вы, пэўна, бачылі альбом,
Размаляваны адмыслова
Яе сяброўкамі кругом.
Сюды, на злосць правапісанню,
Без меры вершаў, па паданні
Ў знак дружбы ўпісана даўней
Усяк — даўжэй і карацей.
Ў пачатку самым спатыкаеш
Qu’écrirez-vous sur ces tablettes;
І подпіс: t. à v. Annette;
А пры канчатку прачытаеш:
«Хто любіць больш, чым я, цябе,
Хай піша далей за мяне».

XXIX
Два сэрцы, кветкі і паходні
Ў іх нецяжка адшукаць
Супольна з клятвай неабходнай
Аж да труны не забываць;
Ды іншы раз пііт армейскі
Тут вершык падмахнуў зладзейскі.
Ў такі альбом, мае браткі,
І я гатоў пісаць радкі,
Бо я, ўпэўнены душою,
Усім, што там я накруціў,
Я мілы погляд заслужыў,
Ніхто пасля ўсмешкай злою
Судзіць не стане пра мяне,
Ці востра я схлусіў, ці не.

XXX
Ды вы, раскіданыя томы,
Пякельнай кнігі схоўны дар,
Адумысловыя альбомы,
Для модных рыфмачоў удар,
Вы, разубраныя вытворна
Талстога пэндзлем цудатворным
Ці Баратынскага пяром,
Няхай вас спаліць божы гром!
Калі зіяючая дама
Мне свой in-quarto падае,
І гнеў і злосьць ў ва мне ўстае,
І нарастае эпіграма
У глыбіні маёй душы,
А мадрыгалы ім пішы.

XXXI
Не мадрыгалы Ленскі піша
Ў альбоме Ольгі маладой;
Яго пяро каханнем дыша,
Блішчыць не стыглай вастратой;
Што ні заўважыць, ні пазнае
Пра Ольгу, ўсё ён апявае:
І праўды поўныя жывой
Плывуць элегіі ракой.
Вось так і ты, Языкаў, цешыш
Загады сэрца ўсе свайго,
Пяеш, бог ведае каго,
І звод элегій багацейшы
Пакажа некалі табе
Усю аповесць пра цябе.

XXXII
Ды ціха! Чуеш? Крытык строгі
Загадывае скінуць нам
Вянок элегіі убогі,
І нашай хеўры, рыфмачам,
Крычыць: «ды кіньце ўрэшце плакаць,
Усё адно і тое-ж квакаць,
Ўздыхаць па даўным, па былым:
Нашто, спявайце аб другім!»
— Ты праў, і пэўна нам пакажаш
Трубу і маску і кінжал,
І думак мёртвы капітал
Усюды ўваскрасіць накажаш:
Ці так? — «Дзе! Думкі я другой!
Пішыце оды, пане мой,

XXXIII
Як іх пісалі ў моцны годы,
Як павялося ў нас даўно…»
— Святочныя выключна оды!
Ат, досыць; ці-ж не ўсё адно?
Прыпомні, што сказаў сатырык!
«Чужога толка» хітры лірык
Ці-ж для цябе вышэй пайшоў
За нудных нашых рыфмачоў? —
«Ды змест элегіі нікчэмны;
Дзе мэта у яе радках?
А ода мае слаўны шлях,
Высокі шлях…» Вось тут недрэнна
Палаяцца, ды так і быць,
Не хочу двух вякоў сварыць.

XXXIV
Прыхільнік славы і свабоды,
У хваляванні дум сваіх,
Владзімір і пісаў бы оды,
Ды Ольга не чытала іх.
Ці мелі слёзныя паэты
Выпадак прад сваім прадметам
Чытаць свой твор? Гаворка йдзе,
Што лепш дароў няма нідзе.
Шчаслівы-ж той каханак юны,
Які для той свой твор чытаў,
Каму каханне ён аддаў,
Для томна-гожае красуні!
Шчаслівы… хоць, магчыма, ёй
Забавы хочацца другой.

XXXV
А я, што з мар сваіх прыдбаю,
Што гарманічна напяю,
Прад няняю адной чытаю,
Што юнасць песціла маю,
Ды пасля нуднага абеда
Пачаставанага суседа,
Злавіўшы раптам за руку,
Душу трагедыяй у кутку,
Або (тут жарт я адкідаю),
Калі ад рыфм душа баліць,
Пачну над возерам хадзіць
І дзікіх качак там пужаю:
Пачуўшы спеў салодкіх слоў,
Яны злятаюць з берагоў.

XXXVI. XXXVII
А што ж Онегін? Да астатку
Я ў вас цярплівасці прашу:
Яго штадзённыя заняткі
Я падрабязна апішу.
Онегін жыў анахарэтам;
А сёмай паднімаўся летам
І рушыў лёгкаю стапой
Ён да рачулкі пад гарой;
Нібы пясняр Гюльнары слаўны,
Той Гелеспонт пераплываў,
А потым каву выпіваў,
Чытаючы журнал пячатны,
І апранаўся…

XXXVIII. XXXIX
Гулянка, кніга, сон глыбокі,
Дрыгва лясная, пляск вады,
Бялянкі часам чарнавокай
Цалунак свежы, малады,
Пакорны цуглям конь буяны,
Абед даволі змудраваны,
Бутэлька светлага віна,
Адасабленне, цішыня:
Вось так жыццё яго сплывала;
І неўзаметку неяк ён
Яму аддаўся, летніх дзён
Ў спакоі не лічыў нядбала, —
Забыўшы горад і сяброў
І сум святочных вечароў.

XL
Але на поўначы ў нас лета,
Пародыя паўднёвых зім,
Мільгне й няма: вядома гэта,
Хоць брыдка нам прызнацца ў тым.
Ўжо неба восенню дышала,
Ўжо сонейка радзей зіяла,
Рабіўся карацейшым дзень,
Густых лясоў таемны цень
З журботным шумам асыпаўся,
Спускаўся на палі туман,
Гусей крыклівых караван
На дальні поўдзень выпраўляўся:
Ішла панурая пара;
Быў лістапад каля двара.

XLI
Ўстае зара ў мгле халоднай;
На нівах працы шум замоўк;
З ваўчыцаю сваёй галоднай
Выходзіць на дарогу воўк;
Яго пачуўшы, конь трывожны
Храпіць — і пільны падарожны
Пад горку мчыцца на ўвесь дух;
Зарою ранішняй пастух
Кароў з хлява ўжо не ганяе,
І ў час паўдзённы у гурток
Не кліча іх яго ражок;
Дзяўчына ў хаце напявае,
Прадзе і, друг начы даўгой,
Трашчыць лучынка перад ёй.

XLII
І вось ужо настала сцюжа,
Усе палі ў серабры…
"Чытач чакае рыфмы ружа —
Дык на, хутчэй яе бяры!)
Ахайней моднага паркета
Зіяе рэчка, ў лёд адзета.
Там хлапчукоў жывы народ
Канькамі гучна рэжа лёд;
Гусь кормлены на лапках голых,
Паплаваць хочучы ў вадзе
Да лёду асцярожна йдзе,
Ды коўзка, ён упаў. Вясёлы
Снег першы круціцца слупом,
Як зоркі падае кругом.

XLIII
Што ж у глушы пачаць далёкай?
Гуляць? Ды вёска той парой
Міжвольна дакучае воку
Сваёй нязменай пустатой.
Мчаць на кані скрозь стэп суровы?
Ды конь, прытупленай падковай
Лёд зачапіўшы, кепска йдзе,
Так і глядзі, што ўпадзе.
Схавайся пад страхой пустыннай,
Вось Прадт, вось W. Scott — чытай.
А не — рахункі праглядай.
Злуй, выпівай, і так часіна
Як -небудзь пройдзе, заўтра зноў,
Глядзіш — у смак зіму правёў.

XLIV
Онегін простым Чайльд-Гарольдам
Ў замысленую ўдаўся лень:
Са сна сядае ў ванну з лёдам,
І потым, дома цэлы дзень,
Адзін, захоплены разлікам,
Кіём узброены вялікім,
Ў дзве кулі на більярдзе ён
Гуляе, ледзь сагнаўшы сон.
Вясковы вечар наступае:
Пакінуты більярд з кіём,
Перад камінам за сталом
Еўгеній Ленскага чакае:
На тройцы коняй мчыць сусед:
Адразу падавай абед.

XLV
Ўдавы Кліко або Моэта
Непараўнанае віно,
Ў бутэльцы мёрзлай для паэта
На стол прынесена яно.
Яно бліскоча Гіпакрэнай,
Яно сваёй ігрой і пенай
(Падобнай да таго-сяго)
Мяне чаруе: за яго
Апошні бедны лепт, бывала,
Вы помніце, я аддаваў.
Струмень чароўны нараджаў
І глупстваў іншы раз немала,
А колькі вершаў, вострых слоў,
І спрэчак, і вясёлых сноў.

XLVI
Яно ўжо здраду пенай шумнай
Нясе для страўніка майго,
І я цяпер Бордо разумны
Больш ужываю за яго.
Аі я больш не вып’ю шклянкі,
Аі падобен да каханкі,
Жывой, капрызнай, балаўной,
І зіхатлівай, і пустой…
Ды ты, Бордо, падобны другу,
Што сярод гора і бяды
Таварыш, ўсюды і заўжды
Гатовы нам зрабіць паслугу,
Развесяліць наш ціхі круг.
Няхай жыве Бордо, мой друг.

XLVII
Агонь пагас і попел светлы
Вугалле ледзь укрыў сабой;
Струменчыкам ледзь-ледзь прыкметным
Віецца пара, цеплатой
Камін ледзь дыхае. У комін
Ідзе дым люлек. Кубак повен,
Шыпіць ён пасярод стала.
Плыве вячэрняя імгла…
(Люблю сяброўскія гамонкі
З сяброўскім келіхам віна
У час, які завуць здаўна
Парою паміж псом і воўкам,
Не знаю, повад тут які.)
Цяпер гамоняць дружбакі.

XLVIII
«Ну што суседкі? Што Тацяна?
Што Ольга жвавая твая?»
— Падлі крыху. Вось гэтак слаўна…
Даволі, мілы… Ўся сям’я
Здарова; кланяцца казалі.
Ах, што за плечы зараз сталі
У Ольгі, грудзі расцвілі!
Што за душа!.. Давай, калі
Да іх заедзем; будуць рады;
А то, мой друг, судзі ты сам:
Са два разы пабыў, а там
Не кінеш нават і паглядам.
Ды вось яшчэ…здурнеў зусім!
Запрошан ты на тыдні тым. —

XLIX
«Я?» — Так, Тацяны імяніны
Ў суботу. Оля з маткай мне
Казалі перадаць, прычыны
Няма не прыязджаць табе. —
«Ды куча будзе там народу.
І рознага такога зброду» —
Ды не, нікога, пэўны я,
Хто будзе там? Свая сям’я,
Паедзем як на пагулянку!
Ну як? — «Я рад». — Вось удружыў! —
Сказаўшы гэтак, асушыў
Ён у суседчын гонар шклянку,
Пасля разгаварыўся зноў
Пра Ольгу: вось яна, любоў!

L
Ён быў шчаслівы. Дня вяселля
Чакаць два тыдні усяго.
І тайна шлюбнае пасцелі
І дар кахання — ўсё яго
Чакала з новаю пяшчотай.
Гімена клопаты, турботы,
І нудныя, цяжкія дні —
Яму не сніліся ані.
А мы ўсе, ворагі Гімена,
Мы бачым у жыцці адзін
Рад вельмі збрыдаўшых гадзін,
Раман у гусце Лафантэна…
Мой бедны Ленскі, сэрцам ён
Народжан быў для гэткіх дзён.

LI
Яго кахалі… так, прынамсі,
Ён думаў, і шчаслівы быў.
Шчаслівы, веры хто аддаўся,
Хто розум свой угаманіў
І супакоіўся ў вяселлі,
Як вандраўнік п’яны ў пасцелі,
Або, мякчэй, як матылёк,
Што ўпіўся ў веснавы расток ;
Бядак, хто ўсё прадуглядае,
У кім нішто не зойме дух,
Хто слова кожнае і рух
Ў іх перакладзе праклінае,
Хто сэрца практыкай зсушыў
І захапленне адхіліў.