Перайсці да зместу

Еўгеній Онегін/Глава першая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прысвячэнне Еўгеній Онегін — Глава першая
Раман у вершах
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1833
Арыгінальная назва: ru:Евгений Онегин (Пушкин)/Глава 1
Пераклад: Алесь Дудар
Крыніца: Дудар, Алесь. Выбраныя творы / Алесь Дудар; уклад., прадм., камент. Ганна Севярынец. — Мінск : Лімарыус, 2017. — 480 с — с. 192—342
Глава другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





* * *


I
"Мой дзядзька правіл беззаганных,
Як не на жарты захварэў,
Узяў ён да сябе пашану
І лепш прыдумаць не ўмеў.
Яго пачын — другім навука.
Ды божа мой! Што за дакука
Пры хворым дні і ночы быць
І ні на крок не адступіць!
Якая нізасць і двудушша
Канаючага забаўляць,
З журбою лекі падаваць
І папраўляць яму падушкі
Уздыхаць і думаць пра сябе:
Калі ж ухопіць чорт цябе!

II
Так разважаў юнак свавольны
У дарозе на перакладных
З вышэйшай Зеўсавае волі
Наследнік сваякоў сваіх.
Чытач Людмілы і Руслана!
З героем гэтага рамана
Не трацячы на ўступы час
Дазвольце пазнаёміць вас.
Онегін, друг мой старадаўні,
На свет радзіўся ля Нявы,
Дзе мо радзіліся і вы,
Або жылі ў долі слаўнай.
Было там весела і мне.
Ды шкодна поўнач для мяне.

III
Служыўшы спраўна, дасканала
Даўгамі бацька яго жыў,
Даваў ён кожны год тры балы
І ўрэшце ўсё дабро спусціў.
Еўгенію жыццё спрыяла:
Madame за ім перш наглядала,
Пасля monsieur яе змяніў.
Хлапчук жывым і мілым быў.
Monsieur L’Abbe, француз убогі,
Каб хлопчык сіл не марнаваў,
Яго скрозь жартам навучаў,
Не хваляваў мараллю строгай,
Крыху за балаўства ўшчуваў
І ў Летнім садзе з ім гуляў.

IV
А калі юнасці турботнай
Прыйшла Еўгенію пара,
Пара надзей, тугі пяшчотнай…
Monsieur пратурылі з двара.
Вось мой Онегін на свабодзе;
Астрыжаны па новай модзе;
На Dandy лонданскіх фасон
Апрануты ў свет выйшаў ён.
Ён па-французску дасканала
Размову весці мог, пісаў;
Мазурку лёгка танцаваў,
І кланяўся надзвычай стала.
Чаго ж вам болей? Свет рашыў,
Што ён увагі заслужыў.

V
Мы ўсе вучыліся звычайна
Абы-як і абы што ўмець,
Дык, дзякуй богу, выхаваннем
У нас не дзіва прагрымець.
Онегін быў на думку многіх
(Судзіўшых коратка і строга)
Вучоны хлопец, ды педант.
Ён надзвычайны меў талант
З вялікай сталасцю ў размове
Пра ўсё патрошку разважаць,
І выгляд знаўцы захаваць
У спрэчцы, не зраніўшы слова,
І выклікаць усмешку дам
Агнём раптоўных эпіграм.

VI
Латынь сягоння вышла з моды,
Дык, калі праўду вам сказаць,
Ён досыць знаў латынь заўсёды,
Каб эпіграфы разбіраць,
Пагаманіць аб Ювенале,
У канцы ліста паставіць vale,
Ды ў памяці перахаваў
Вергілія радкі са два.
Капацца ён не меў ахвоты
У храналогіях старых
Бытапісання спраў зямных,
Ды дзён мінулых анекдоты
Ад Ромула да нашых дзён
Надзвычай добра помніў ён.

VII
Не прагнучы высокай долі
Жыцця за гук не шкадаваць,
Харэй і ямб не мог ніколі
Ён, як не біўся, разабраць.
Гамера ганьбіў, Феакрыта;
Затое знаў Адама Сміта
І мудрым эканомам стаў:
Надзвычай стала разважаў
Як скарб дзяржава набывае,
Чым жывіцца, з якіх прычын
І золата ёй ніпачым,
Калі прадукт звычайны мае.
Ды бацька веры не даваў
І землі пад заклад спускаў.

VIII
Пра ўсё, што знаў яшчэ Еўгеній,
Сказаць бракуе часу мне.
Ды ў чым ён быў праўдзівы геній,
Што ведаў ён з навук мацней,
Што для яго з пары юнацкай
Было пакутай, шчасцем, працай,
Што забаўляла цэлы дзень
Яго замаркочаную лень —
Была навука тых пачуццяў,
Якую апяваў Назон,
За што свой век бліскучы ён
Закончыў у цяжкой пакуце
У стэпах, у Малдавіі глухой
Замест Італіі сваёй.

IX. X
Як рана ён умеў ліслівіць,
Даваць надзею, рэўнаваць,
Упэўніць моваю хлуслівай,
Здавацца змрочным, сумаваць,
Здавацца гордым і ласкавым,
Слухмяным або нецікавым!
Як томна ён умеў маўчаць
Ці красамоўствам захапляць.
У лістах сардэчных бесклапотны!
Як ён любіў, чым ён дышаў
І як сябе ён забываў!
Зірк шпаркі і такі пяшчотны,
Гарэзны, сціплы, а парой
Блішчэў слухмянаю слязой.

XI
Як ён умеў здавацца новым,
Нявіннасць жартам чараваць,
Палохаць роспаччу гатовай,
Прывабным словам забаўляць,
Лавіць расчулення хвіліну,
Перасцярогу год нявінных,
Развагай, палкасцю змагаць,
Міжвольнай нежнасці чакаць!
Прасіць і вымагаць прызнання,
Пачуць гук сэрца першы раз
Пачуцце распазнаць — і ўраз
Дабіцца тайнага спаткання.
І выкладаць сам-насам з ёй
Урокі ў цішыні глухой.

XII
Як рана ён ужо трывожыць
Умеў какетак запісных!
Калі ж хацелася знічтожыць
Яму праціўнікаў сваіх,
Як ён пад’юджваў іх мастацкі!
Якія рыхтаваў ім пасткі!
Ды з вамі, добрыя мужы,
Ён у ранейшай дружбе жыў.
І хітры муж з ім быў ласкавы,
Герой Фабласавай пары,
І недаверлівы стары,
І раганосец велічавы,
Здаволены сабой самім,
І жонкай, і сталом сваім.

XIII. XIV. XV
Бывала, ён яшчэ ў пасцелі —
Пісулькі да яго нясуць.
Што? Запрашэнні? Зразумела,
На вечар ў тры дамы завуць.
Там бал, там для дзяцей гулянне.
Куды ж наш шалапут загляне?
З каго пачне? Такой бяды:
Паспее ўсюды і заўжды.
Пакуль жа ў ранішнім уборы,
Надзеўшы зграбны балівар,
Онегін едзе на бульвар
І там гуляе на прасторы
Пакуль дакладнейшы брэгет
Яму пазвоніць на абед.

XVI
Цямнее: ужо зусім гатовы
Онегін у санях сядзіць;
На каўняры яго бабровым
Марозны іней зіхаціць.
Ён да Talon імчыць, ён знае
Каверын там яго чакае.
Знайшоў, і корак у столь ляціць.
І пеннае віно бяжыць
Прад ім ……….
І труфлі, слодыч юных дзён,
Французскай кухні лепшы плён,
І Страсбурга пірог цудоўны
Між сырам лімбургскім жывым
І ананасам залатым.

XVII
Яшчэ кілішкаў смага просіць
Заліць гарачы тлушч катлет;
Ды звон брэгета ім даносіць,
Што пачынаецца балет.
Заканадаўца сцэны люты,
Паклоннік на адну мінуту
Усіх чароўнейшых актрыс,
Шаноўны прыяцель куліс,
Ляціць Онегін да тэатра,
Дзе ў кожнага гарыць душа
Каб як ахлопаць entrechae,
Абшыкаць Федру, Клеапатру,
Пазваць Маіну для таго,
Каб толькі чулі ўсе яго.

XVIII
Чароўны край! У былыя годы
Сатыры смелы паладын,
Там ззяў Фанвізін, друг свабоды,
І здольны пераймаць Княжнін.
Там Озераў свой дар свабодны
І воплескаў, і слёз народных
З Сямёнавай даўней дзяліў,
Каценін там уваскрасіў
Карнеля геній велічавы,
Там вывеў колкі Шахаўской
Сваіх камедый шумны рой;
Там і Дыдло пакрыўся славай:
Там, пад аховаю куліс
Я маладосць правёў калісь.

XIX
Мае багіні! Што вы? Дзе вы?
Пачуйце кліч журботны мой:
Змяніўшы вас, другія дзевы
Ці замянілі вас сабой?
Ці я пачую вашы хоры?
Ці ўбачу рускай Тэрпсіхоры
Узлёт, напоўнены душой?
Ці ўжо не знойдзе погляд мой
На нуднай сцэне твараў мілых,
І, ўзняўшы на немілы свет
Расчараваны свой ларнет,
Глядач вяселля непрыхільны,
Я моўчкі буду пазяхаць
І пра былое ўспамінаць.

XX
Тэатр паўнюткі; Ложы з’яюць;
Партэр і крэслы, ўсё кіпіць;
Раёк далоні адбівае,
Заслона, ўзвіўшыся, шуміць.
Лягчэй паветра, у бляску поўным,
Пакорная смычкам чароўным,
У карагодзе німф адна
Стаіць Істоміна; яна
Нагой падлогу ледзь кранае,
Другой павольны робіць круг
І раптам скок, ляціць як пух,
Як пух ад ветрыка ўзлятае;
То стан звіе, то развіе
І шпаркай ножкай ножку б’е.

XXI
Гул, пляск. Онегін уваходзіць:
Ідзе між крэслаў па нагам;
Ларнет падвойны ўбок наводзіць
На ложы незнаёмых дам;
Усё поглядам абвёў сумленна,
Усё бачыў: У тварах, у адзенні
Цікавага ён не знайшоў;
З мужчынамі з ўсіх бакоў
Раскланяўся, пасля на сцэну
Ён незаўважліва зірнуў,
Зноў адвярнуўся, пазяхнуў,
Сказаўшы: «Час усіх на змену;
Балеты доўга я цярпеў,
Ды ўжо й Дыдло мне надаеў».

XXII
Яшчэ Амуры, чэрці, змеі
На сцэне скачуць і шумяць;
Яшчэ змарнелыя лакеі
На хутрах у пад’ездзе спяць;
Яшчэ не перасталі ляскаць,
Смаркацца, кашляць, шыкаць, пляскаць,
Яшчэ знадворку і ўнутры
Блішчаць усюды ліхтары;
Яшчэ у збрыдлай збруі коні
Прастыўшы, капытамі б’юць
І фурманы паноў клянуць
Каля агня, б’ючы ў далоні:
А ўжо Онегін прэч пашоў
І апранацца мчыць дамоў.

XXIII
Ці пакажу ў малюнку сталым
Той габінет самотны, дзе
Мод выхаванец дасканалы
Адзенне зняў і зноў надзеў?
Усё, чым для вымудраў багатых
Гандлюе Лондан далікатны
І па балтыцскіх хвалях сам
За лес і сала возіць нам,
Усё, што ў Парыжы густ галодны,
Абраўшы выгаднейшы цэх,
Выдумывае для ўцех,
Для негі, для забавы моднай, —
Ўсім свой напоўніў абыход
Філосаф ў васемнаццаць год.

XXIV
Бурштын на люльках Царгарода,
Фарфор і бронза на стале,
І, тонкіх густаў асалода
Парфума ў крыштальным шкле;
Грабёнкі, пілачкі стальныя,
Нажнічкі простыя, крывыя,
І для пазногцяў, для зубоў
Усе шчоткі — трыццаці сартоў.
Руссо (я мімаходзь напомню)
Не разумеў, як важны Грым
Пазногці чысціць мог прад ім,
Перад шаленцам красамоўным:
Прыхільнік вольнасці і праў
У выпадку гэтым быў непраў.

XXV
Быць можна сталым чалавекам
І за пазногцямі сачыць:
Чаго дарма спрачацца з векам?
Нам звычаю не замяніць.
Другі Чадаеў, мой Еўгеній,
У страху пагалоскі зменнай,
У сваім адзенні быў педант
І тое, што мы клічам франт.
Гадзіны тры, па меншай меры
Ён перад люстрам засядаў
І габінет свой пакідаў
Як тая шустрая Венера,
Што едзе ў маскарад парой
Прыбраўшыся ў мужчынскі строй.

XXVI
У новым гусце туалетам
Ваш погляд здолеўшы заняць,
Я мог бы прад вучоным светам
Яго адзенне апісаць;
Было б адважным гэта надта,
Апісываць жа — мой занятак;
Але нажаль — жылет і фрак
Па-руску не сказаць ніяк;
А я віню сябе сурова,
Што ўжо і так мой бедны склад
Гучэць бы мог на лепшы лад —
Замнога ў ім замежных словаў,
Хоць заглядаць быў час даўней
У Акадэмічны слоўнік мне.

XXVII
У нас размова не аб тое:
На бал мы лепей паспяшым,
Памчымся следам за героем
Што скача ў вазку ямскім.
Перад сцямнелымі дамамі
Уздоўж соннай вуліцы радамі
Падвойныя агні карэт
Вясёлы разліваюць свет,
Вясёлкі на снягу разводзяць;
Убраны плошкамі кругом
Аж зіхаціць цудоўны дом;
Па цэльных вокнах цені ходзяць,
Мільгаюць профілі галоў
І дам, і модных дзівакоў.

XXVIII
Вось наш герой ідзе ў сені,
Мінуў швейцара і стралой
Узляцеў па мрамарных ступенях,
Разгладзіў валасы рукой,
Зайшоў. Народу тлум вялікі,
Грымець стаміліся музыкі;
Мазуркай ўсе заняты там
Усюды шум і цесната;
Кругом звон шпор кавалергардаў,
Мільгаюць ножкі мілых дам;
Па іх чаруючым слядам
Лятуць агністыя пагляды,
І заглушае скрыпак рып
Усіх модных жонак злосны шып.

XXIX
У дні забаў, у дні жаданняў
Я ўсё за бал быў рад аддаць;
Няма лепш месца для прызнанняў,
Няма дзе лепей ліст аддаць.
О вы, шаноўныя супругі!
Вам прапаную я паслугі:
Паслухайце мяне хоць раз:
Асцерагчы я хочу вас.
Вы, маткі, будзьце асцярожны,
За дочкамі глядзіце ўслед.
Трымайце проста ваш ларнет!
А не… А не — то зжалься, божа!
Я так дзеля таго пішу,
Што ўжо даўно я не грашу.

XXX
Увы, жыцця свайго нямала
У забавах розных я зглуміў!
Ды каб прыстойнасць дазваляла
І зараз балы б я любіў.
Люблю юнацтва ўдалое,
Бляск, шум, вяселле маладое,
Убораў дамскіх хітры лад;
Люблю іх ножкі: Ды наўрад
Вы знойдзеце ў Расіі цэлай
Тры пары стройных дамскіх ног.
Ах, доўга я забыць не мог
Дзве ножкі!.. Сумны і змарнелы,
Я ўсё іх помню, і ўва сне
Яны трывожаць сэрца мне.

XXXI
Калі ж і дзе, ў якой пустыні
Шаленец, ты забудзеш іх!
Ах ножкі, ножкі! Дзе ж той дзіўны
Ваш след на кветках веснавых?
Ўзгадованыя негай ўсходняй
На поўначы снягу халодным
Вы не пакінулі слядоў:
Любілі мяккіх дываноў
Прыемнае вы дакрананне.
Ці ж так даўно мінуў той час —
я славу забываў для вас
І край бацькоў і сум выгнання?
Знік маладосці ясны цвет
Як на лугах ваш лёгкі след.

XXXII
Дыаны грудзі, шчокі Флоры
Былі заўсёды мілы мне!
Аднак жа ножка Тэрпсіхоры
Прывабней нечым для мяне.
Яна, прарочачы заўсёды
Каштоўнейшую ўзнагароду,
Вядзе ўмоўнаю красой
Жаданняў самавольны рой.
Люблю яе, мой друг Эльвіна,
Пад доўгім абрусом сталоў,
Вясной на мураве лугоў,
Зімой на чыгуне каміна,
На люстраным паркеце зал,
Ля мора, на граніце скал.

XXXIII
Я помню мора ў неспакоі:
Зайздросціць хвалям быў гатоў,
Што неслі бурнай чарадою
Да ног яе сваю любоў!
Як прагнуў дакрануцца з імі
Я вуснамі да ног любімых!
Ніколі ў годы агнявой
Кіпучай юнасці маёй
Я так не марыў несціхана
Пра вусны маладых Армід,
Пра ружы агнявых ланіт,
Пра жаркіх персяў калыханне;
Ніколі палкасці парыў
Маёй душы не пакарыў.

XXXIV
Я іншы час прыпамінаю:
Бы мара, што цішком цвіце —
я стрэмя шчаснае трымаю
І ножку чую ў руцэ;
Зноў уяўлення ўздым буяны;
Зноў мілай ножкі дакрананне
Ў завялым сэрцы паліць кроў,
Ізноў туга, каханне зноў…
Ды досыць гордых услаўлялі
Мы гукамі сваёй струны:
Не варты палкасці яны,
Ні песен, што яны натхнялі;
І зірк, і сказ чароўных тых
Хлуслівыя, як ножкі іх.

XXXV
Што ж мой Онегін? Вялы, сонны
Да дому едзе ён чуць жыў:
А ў Пецярбургу неўгамонным
Ўжо барабан загаманіў.
Ўстае гандляр, ідзе разносчык,
На біржу валачэцца возчык,
Са збанам охценка спяшыць,
Пад ёй снег ранешні рыпіць.
Прачнуўся рання шум багаты,
Адкрыты стаўні, дым кругом
Блакітным паўстае слупом,
І хлебнік, немец акуратны,
У белым каптуры не раз
Ўжо адчыняў свой васісдас.

XXXVI
Ды балам змораны шумлівым,
У ноч ператварыўшы дзень,
Дзіця забаў, уцех шчаслівых
Укрыўся ў сна салодкі цень.
Устане ў поўдзень і нанова
Да дня жыццё яго гатова, —
Адзіны і стракаты лад,
Сягоння як і дзень назад.
Ці ж быў шчаслівы мой Еўгеній
Свабодны, юны, без трывог,
Сярод бліскучых перамог,
Сярод штодзённых захапленняў?
І ці дарма ён між забаў
Вяселле й сілу захаваў?

XXXVII
Не: рана ў ім пачуцці звялі;
Яму стаў нудным свету шум,
Былі красуні вельмі мала
Прадметам звыклых яго дум;
І здрады натаміць паспелі;
Сябры і дружба надаелі,
Затым, што не заўсёды ж мог
Beaf-steaks і страсбурскі пірог
Бутэлькай абліваць шампанскай
І словам з’едлівым паддзець
Як галава пачне балець:
Хоць быў ён хлопец элеганцкі
Ды разлюбіў ён у канец
І бой і шаблю і свінец.

XXXVIII
Хвароба, да якой прычыну
Даўно знайсці прыйшла пара,
Падобна англійскаму спліну,
А проста — руская хандра
Заваладала ім надоўга;
Застрэліцца ён, дзякуй богу
Паспрабаваць не захацеў,
Ды да жыцця ахаладзеў.
Як Child-Harold пануры, змрочны
У гасціныя з’яўляўся ён;
Ні плётак, ні гульні ў бастон,
Ні ўздохаў, ні гуллівых вочаў, —
Нічога ён не адчуваў,
Нічога ён не заўважаў.

XXXIX. XL. XLI. XLII
Красуні выбранага свету!
Вас перш за ўсіх пакінуў ён.
Ды ў нашы годы — праўда гэта —
Даволі нудны свецкі тон.
Хоць, можа быць, другая дама
Тлумачыць Сея і Бентама;
Ды поўна мова іх лухтой,
Хоць і невіннай, ды пустой.
У іх такая беззаганнасць,
Ў іх велічы, развагі шмат
Набожнасці ў іх цэлы клад,
Ўсё ў іх — дакладнасць і ахайнасць
І непрыступнасць для мужчын —
Адзін іх выгляд родзіць сплін.

XLIII
І вы, красуні маладыя,
Каторых позна па начах
Вазкі развозяць удалыя
Па пецярбургскіх астравах,
І вас пакінуў мой Еўгеній.
Адступнік бурных захапленняў,
Ён не выходзіць за парог,
З нудою ўзяўся за пяро,
Хацеў пісаць: ды працы спорнай
Не вытрымаў; яго рука
Ні выціснула ні радка,
Не трапіў ён у цэх задорны
Людзей, якім суда не дам
Бо я да іх належу сам.

XLIV
Ізноў з душэўнай пустатою,
Не маючы чаго рабіць,
Засеў ён з мэтай неблагою
Чужога розуму набыць;
Кніг на паліцу выклаў многа,
Чытаў, чытаў, а ўсё нічога:
Тут глупства, там хлусня, мана;
Тут сэнсу, сэрца там няма;
На кожным розныя вярыгі;
І устарэла даўніна,
І даўным трызніць навіна,
Ён, як жанчын, пакінуў кнігі,
Паліцу ж з пыльнай іх сям’ёй
Закрыў жалобнаю тафтой.

XLV
Адкінуўшы шчымлёткі свету,
Як ён, ад глупстваў я адстаў
І з ім здружыўся я ў час гэты.
Яго я рысы ўпадабаў —
Да мар міжвольная прыхільнасць
І непаўторнейшая дзіўнасць,
Дум рэзкі і халодны тон.
Я злосны быў, пануры — ён:
Гульню пачуццяў мы спазналі;
Гняло жыццё абудвых нас;
Жар сэрца ў абудвых згас;
І злосць абудвых нас чакала
І лёсу і людзей жывых
У надранне годаў маладых.

XLVI
Хто жыў і мысліў, той не можа
Ў душы людзьмі не пагарджаць;
Хто адчуваў, таго трывожыць
Здань дзён, якім больш не бываць:
Таму няма ачараванняў,
Таму ўспаміны сэрца раняць,
Таго грызе адчаю змей.
Дае ўсё гэта найчасцей
Прыемнасць значную размовам.
Спярша Онегіна язык
Мяне бянтэжыў; ды я звык
Да з’едлівых ягоных словаў,
Да жартаў з жоўцю папалам,
Да злосці змрочных эпіграм.

XLVII
Як часта летняю парою,
Калі пранізвае святло
Начное неба над Нявою
І рэчкі радаснае шкло
Не адбівае твар Дыаны,
Старыя ўспомніўшы раманы,
Былую ўспомніўшы любоў,
Без скаргаў чулыя ізноў,
Дыханнем ночы той бяздоннай
Без словаў цешыліся мы!
Нібы ў зялёны лес з турмы
Занесены нявольнік сонны,
Так мы шукалі пачуццём
Дзе пачынаецца жыццё.

XLVIII
З душою, апавітай сумам,
І абапёрты на граніт,
Стаяў Еўгеній поўны думы,
Як апісаў сябе пііт.
Усё ціха; дзе-нідзе начныя
Гукалі толькі вартавыя;
Ды грукат колаў і падкоў
З Мільённай чуўся часцяком;
Там толькі вёслы ўзляталі,
Па соннай рэчцы плыў чаўнок:
Спеў разудалы ды ражок
Здалёку нас ачаравалі.
Ды лепшы між начных забаў
Напеў Таркватавых актаў.

XLIX
Адрыятычныя прасторы,
О, Брэнта! Вас убачу я,
Пачуе голас дзіўных хораў
Душа натхнёная мая!
Святы ён унукам Апалона;
Па гордай ліры Альбіона
Ён родны мне, ён блізкі мой,
Начэй Італіі златой
Пяшчотай ўсцешыўся на волі
З венецыянкай маладой,
То гаварлівай, то нямой,
У таемнай плывучы гандоле, —
І з ёй загавару я зноў
Так як Петрарка і любоў.

L
Ці прыдзе час маёй свабоды?
Малю яе — прыдзі хутчэй!
Ля мора я сачу пагоду
І клічу ветразь караблей.
Пад рызай бур, у спрэчцы з морам
На раздарожжы хваль напорных
Калі мне вольны бег пачаць?
Час нудны бераг пакідаць
Варожай да мяне стыхіі
І пад паўднёвай шырынёй,
Пад небам Афрыкі маёй
Па змрочнай ўздыхаць Расіі,
Дзе я пакутаваў, кахаў
І дзе я сэрца пахаваў.

LI
Онегін быў са мной гатовы
Пабачыць бляск чужых краёў;
Але ўжо хутка лёс суровы
На доўгі тэрмін нас развёў.
Памёр ягоны бацька раптам
Перад Онегіным багаты
Сабраўся крэдытораў строй.
Меў кожны зыск і розум свой;
Еўгеній, да судоў няздатны,
Здаволены жыццём сваім,
Усю спадчыну пакінуў ім,
Не бачучы вялікай страты,
Ці зведаўшы за многа дзён
Старога дзядзькі хуткі скон.

LII
І праўда, незадоўга вельмі
Шле аканом яму даклад,
Што дзядзька хворы, ў пасцелі
І з ім бы развітацца рад.
Зірнуўшы ў сумнае пісанне,
Онегін зараз на спатканне
Хутчэй па пошце паскакаў
І ўжо наперад пазяхаў,
Рыхтуючыся, дзеля грошай,
На уздохі, на нуду, на зман
(І тым пачаў я свой раман);
Ды ў хату дзядзькаву ўвайшоўшы,
Яго знайшоў ён на стале,
Як дань, якой чакае тлен.

LIII
Знайшоў ён поўны двор прыслугі;
Дзе-хто з суседзяў над’яжджаў —
Былі тут недругі і другі,
Аматары хаўтурных спраў.
І вось нябожчыка адпелі.
Папы і госці пілі, елі.
І гэтак важна прэч пайшлі
Як быццам справы ў іх былі.
Вось наш герой жыхар вясковы;
Заводаў, вод, лясоў, палей
Уладар бязмежны, а раней
Парадку вораг адмысловы,
І рад, што для былых шляхоў
Замену нейкую знайшоў.

LIV
Два дні яму было ўсё новым —
Самотна-ціхія палі,
І свежасць змрочная дубровы,
Крынічак звонкі пераліў;
На трэці дзень ні лес, ні поле
Яго ўжо не займалі болей,
Пасля наводзілі ўжо ў сон;
Пасля ўбачыў ясна ён,
Што й тут было нуды нямала,
Хоць тут няма ні камяніц,
Ні карт, ні вершаў, ні гульні.
Хандра яго і тут чакала
І бегала за ім штодзень,
Як жонка верная, як цень.

LV
Радзіўся я для долі мірнай
І для вясковай цішыні:
У глушы гучнейшы голас лірны
І творчыя жыццёвей сны.
Вось на прыволлі я нявінным
Хаджу над возерам пустынным,
І far niente — мой закон.
Я рана пакідаю сон
Для ціхай негі, для свабоды:
Чытаю мала, многа сплю,
Лятучай славы не лаўлю.
Ці ж я не так ў былыя годы
Правёў бяздзейна ў цішыні
Мае шчаслівейшыя дні.

LVI
Каханне, кветкі, вёска, воля,
Палі! я ваш усёй душой!
Я розніцу знайсці здаволен
Паміж Онегіным і мной,
Каб мой чытач які сярдзіты
Ці выдавец, што з гэткім спрытам
Паклёп зламысны выдае,
Зраўняўшы рысы тут мае,
Не паўтарыў пасля бязбожна,
Што намараў я свой партрэт
Як Байран, гордасці паэт, —
Нібыта нам ужо не можна
Пісаць паэмы аб другім,
Як толькі аб сабе самым.

LVII
Зазначу: наймілей паэтам
Больш летуценная любоў.
Бывала, мілыя прадметы
Мне сніліся, і з тых часоў
Душа іх вобраз затаіла;
Іх потым Муза ажывіла.
Я без турбот складаў свой твор
Пра ідэал мой, дзеву гор,
Пра паланянак з-над Салгіра.
Цяпер, сябры мае, не раз
Пытанні чую я ад вас:
«Па кім твая ўздыхае ліра?
Каму паміж зайздросных дзеў
Ты прысвяціў яе напеў?

LVIII
Чый зірк, хвалюючы натхненне,
Пяшчотай мілай надарыў
Напеў паэта задуменны?
Каго твой верш багатварыў?»
Дальбог, браткі мае, нікога:
Кахання буйную трывогу
Я без уцехі адчуваў.
Шчаслівы, хто яе з’яднаў
З гарачкай рыфмы: ён падвоіў
Паэзіі святы расцвет
Пайшоўшы за Петраркам услед,
А боль у сэрцы супакоіў,
Злавіў і славу часам тым;
А я ў каханні быў нямым.

LIX
Прайшло каханне, ўстала Муза,
Стаў ясным цёмны розум мой.
Шукаю, вольны, я саюза
Між сэрцам, гукам і душой;
Пішу, і сэрца не сумуе;
Пяро міжвольна не малюе
Ля недакончаных радкоў
Ні мілых ножак, ні галоў,
Халодны попел больш не ўспыхне.
Я сумны, слёз няма зусім.
І хутка, хутка бур уздым
Дарэшты ў душы заціхне:
Тады вось я пачну пісаць
Паэму глаў на дваццаць пяць.

LX
Абдумаў я і форму плана,
І як героя назаву,
Пакуль што я майго рамана
Закончыў першую главу;
Пераглядзеў усё я строга:
Ёсць супярэчнасцяў замнога,
Ды правіць іх ня хочу сам;
Цэнзуры доўг я свой аддам,
Ды журналістам на кармленне
Аддам я працы плод жывы:
Ідзі ж да берагоў Нявы,
Народжанае мной стварэнне,
І дай мне славы дань адну —
Гаворкі, гвалт і балбатню.