І
Мясціна, дзе марнеў Еўгеній,
Была прывабнейшы куток;
Там друг невінных захапленняў
Благаславіць бы неба мог.
Будынак панскі самавіты,
Гарою ад вятроў укрыты,
Стаяў над рэчкаю: палі
З лугамі перад ім цвілі
Барвовыя і залатыя;
Мільгалі сёлы тут і там,
Блукала быдла па лугам,
І цені раскідаў густыя
Вялізны, занядбалы сад,
Куток замысленых Дрыад.
ІІ
Пабудаваны замак стала
Як мусяць ставіцца яны:
Спакойны, моцны і трывалы
У гусце мудрай старыны.
Пакоі ўсе высокай меры,
У гасцінай штофныя шпалеры,
Партрэтаў царскіх усюды шмат,
У штучных кафлях печак рад.
Усё гэта трохі падупала,
Я не магу сказаць, чаму:
Але прыяцелю майму
Бяды было па гэтым мала —
Ён роўна пазяхаў ва ўсіх
І ў модных залах і ў старых.
ІІІ
Ён ў тым пакоі пасяліўся,
Дзе старажыл вясковы жыў,
Год сорак з ключніцай сварыўся,
Ў вакно глядзеў ды мух душыў.
Падлога з дошак там дубовых,
Дзве шафы, стол, дыван пуховы,
Чарніл ні кропелькі нідзе.
Онегін шафы аглядзеў:
Быў у адной журнал расхода,
У другой налівак цэлы строй,
Збаночкі з яблычнай вадой,
Ды календар з восьмага году;
Стары меў дужа многа спраў
Дык іншых кніжак не чытаў.
ІV
Ў сваім маёнтку, ў засмучэнні,
Каб толькі час прамарнаваць,
Найперш задумаў наш Еўгеній
Парадак новы заснаваць.
Мудрэц пустынны, у зацішшы
Ярэм ён паншчыны калішняй
Аброкам лёгкім замяніў;
І раб свой лёс благаславіў.
Але ў кутку сваім надуўся
Яго сусед, бо гэткі лад
Яму прарочыў шкоды шмат.
А іншы хітра ўсміхнуўся,
І ў голас парашылі так,
Што небяспечны ён дзівак.
V
Спачатку ўсе ў яго бывалі;
Ды з ганку, з іншага канца
Яму зазвычай гатавалі
Заўжды данскога жарабца
Тады, як толькі ўздоўж дарогі
Пачуюць хатнія іх дрогі —
Учынкам ўзбураны такім
Усе спынілі дружбу з ім.
«Сусед наш невук, ўсё мудруе,
Ён фармазон, ён п’е адно
Куфлём чырвонае віно,
Ён дамам ручак не цалуе;
Усё так, ды не, не скажа так-с
Ці не-с». Такі ва ўсіх быў сказ.
VI. VII. VIII
Ён верыў: ёсць душа такая —
З’яднацца мусіць з ім яна,
Яна безрадасна чакае
Яго ў цяжкой тузе штодня.
Ён верыў, што сябрам адданым
Ня страшны за яго кайданы,
І што раструшчаць рукі іх
Сасуд паклёпнікаў ліхіх:
Што ёсць адзначаныя лёсам
......................
......................
......................
......................
IX
Спагада разам з абурэннем,
Да шчасця чыстая любоў
Пакутай славы захапленне
Ў ім рана хвалявалі кроў.
Ён з лірай вандраваў па свеце;
Пад небам Шылера і Гетэ,
Ўвесь іхны патычны жар
Ў яго душы стварыў пажар.
І муз мастацтва найвышэйшы,
Шчаслівы, ён не зганьбаваў;
Ён у песнях горда захаваў
Пачуццяў скарб найбагацейшы,
Парывы мары маладой
З прыгожай важнай прастатой.
Х
Ён пеў каханне, паслухмяны,
Быў ясны песні яго тон,
Як простай дзевы разважанні,
Як радасны дзіцячы сон,
Як месяц высяў бестурботных,
Бог уздыханняў, тайн пяшчотных;
Ён пеў разлуку, сум і боль
І нешта і туманну золь,
Пеў рамантычныя ён крозы;
Ён пеў пра край ў далячыні,
Дзе на улонне цішыні
Плылі яго жывыя слёзы;
Ён пеў жыцця свайго канец
У васемнаццаць год хлапец.
ХІ
Ў глушы, дзе быў Еўгеній здольны
Адзін цаніць яго дары,
Яму суседзяў навакольных
Не падабаліся піры;
Ён унікаў бясед іх шумных.
У разважаннях іх разумных,
Занятых сенам, ды гульнёй,
Ды псярняй, ды сваёй раднёй
Пачуццяў не бывала зроду,
Ні паэтычнай цеплаты,
Ні роздуму, ні вастраты,
Ні далікацтва абыходу;
А словы мілых іх жанчын
Былі дурней чым у мужчын.
ХІІ
Багаты Ленскі і цікавы,
Прыняты ўсюды як жаніх;
Такі вясковы звычай даўны;
Ўсе ладзілі дачок сваіх
За напаўрускага суседа;
Заходзіць ён — уся бяседа
Заводзіць гутарку бачком
Што нудна жыць халасцяком,
Завуць яго да самавару,
А Дуня разлівае чай,
Ёй шэпчуць: «Дуня, заўважай!»
Пасля прыносяць і гітару,
І запішчыць яна (бог мой!)
«Приди в чертог ко мне златой!»
ХІІІ
Ды Ленскі меў ахвоты мала
У шлюбны перайсці палон
З Онегіным сяброўствам сталым
Мацней жадаў звязацца ён.
Здружыліся: жыццё і кроза,
Лёд і агонь ці верш і проза
Не гэтак розны між сабой.
Спачатку рознасці такой
Нуды было ім не пазбыцца;
Пасля ўжо звыкліся, далей
З’яжджаліся сярод палей
І не маглі ўжо разлучыцца.
Так ад няма чаго рабіць
Вінюся — можам мы дружыць.
ХIV
Ды й гэткай дружбы мы не маем
Мы забабоны адмялі,
Сябе адзінкамі ўважаем
А іншыя для нас нулі.
Мы ўсе глядзім у Напалеоны,
Істот двухногіх міліёны
Для нас прылада — і па ўсім;
І з пачуцця мы толькі кпім.
І лепш за многіх быў Еўгеній;
Хоць ён людзей, вядома, знаў,
Наогул імі пагарджаў,
Ды ёсць для правіл выключэнні:
Ён некаторых вылучаў,
І збоку шчырасць паважаў.
XV
Ён слухаў Ленскага з усмешкай:
Распалены паэтаў сказ,
І розум, неакрэпшы ў спрэчках,
І зірк натхнёны кожны раз —
Онегіну было ўсё нова;
Ахаладжаючае слова
Стараўся ў вуснах ён стрымаць
І думаў: што перашкаджаць
Яго уцехам нетрывалым
Пара надыдзе без мяне;
Няхай пакуль што ён жыве
І свет хай лічыць дасканалым.
Даруем жару юных год
І юны брэд і юны ўзлёт.
XVI
Усё да спрэчак іх цягнула
І да развагі ўсё вяло;
І дагаворы дзён мінулых
І плён навук, дабро і зло,
І забабоны годаў даўных,
І вечныя магілы тайны,
Жыццё і лёс таксама тут
Знайшлі сабе рашучы суд.
Паэт у жаркім захапленні
Вычытываў паміж размоў
З паэм паўночных шмат радкоў;
І спачуваючы Еўгеній,
Хаця не цяміў усяго,
Аднак выслухіваў яго.
XVII
Пачуцці ж бавілі найболей
Ўвесь час пустыннікаў маіх.
З мяцежнай вышаўшы іх волі
Онегін гаварыў пра іх,
Уздыхаючы крыху журботна.
Шчаслівы, хто знаў іх турботы
І, зведаўшы, ад іх адстаў;
Шчаслівей той, хто іх не знаў,
Разлукай халадзіў каханне,
Варожасць словам злым спыняў;
З сябрамі, з жонкай пазяхаў
Не чуў раўнівых хваляванняў
І скарб, што ад дзядоў прыдбаў,
На волю двойкі не здаваў.
XVIII
Калі ўжо мы пад сцягам станем
Дабразычлівай цішыні,
Калі пагасне жар жаданняў
І стануць смешнымі яны,
І самавольства, парыванні,
Запозненыя адгуканні —
Пакорныя, хоць і з бяды
Паслухаць любім мы тады
Чужых пачуццяў гул бурлівы,
Ён будзіць у сэрцы рух жывы;
Вось гэтак інвалід сівы
Ахвотна хіліць слух руплівы
Да словаў юных усачоў,
У цішы забыты шмат гадоў.
XIX
Затое ж маладосць не ў стане
Хаця б што-небудзь захаваць:
Варожасць, радасць, сум, каханне
Яна гатова расказаць.
Ў каханні інвалід нібыта,
Онегін слухаў самавіта,
Як, спавядацца сэрцам рад,
Паэт выказваў увесь свой склад:
Сваё сумленне без вагання
Ён прастадушна адкрываў.
Еўгеній вельмі хутка знаў
Аповесць юнага кахання,
Пачуццямі багаты сказ
Даўно не новымі для нас.
XX
Ах, ён кахаў, з такім імпэтам
Больш не кахаюць; так, відаць
Шалёная душа паэта
Яшчэ асуджана кахаць:
Адно заўсёды лятуценне,
Адно прывычнае імкненне,
Адзін даўно прывычны жаль!
Ні суцішаючая даль,
Ні доўгія гады разлукі,
Ні музам зданыя часы,
Ні чужаземныя красы,
Ні шум вясёлы, ні навукі
Душы не адмянілі ў ім,
Сагрэтай жарам маладым.
XXI
З дзяцінства Ольгай паланёны,
Не знаўшы болю пачуцця,
Ужо ён сведкам быў натхнёным
Яе дзіцячага жыцця.
Ў сутонні свежае дубравы
Ён падзяляў яе забавы,
І ім прарочылі вянкі
Сябры-суседзі, іх бацькі.
Ў глушы, ў прытулку занядбаным,
Краса нявінная ўзрасла,
Паміж бацькоў сваіх цвіла
Яна як ландыш захаваны,
Не ўбачаны ў траве глухой
Ні матылькамі, ні пчалой.
XXII
Яна яму падаравала
Ачаравання першы сон,
І думка пра яе натхняла
Яго жалейкі першы тон.
Бывайце, гулі залатыя!
Ён палюбіў лясы густыя,
Адасабненне, цішыню
І ў зорах неба вышыню
І месяц, вышнюю паходню,
Якому прысвячалі мы
Гулянкі ў час вячэрняй цьмы
І слёз таемных асалоду
Ды зараз бачым толькі ў ім
Замену ліхтарам глухім.
XXIII
Ў ёй, заўжды сціплай, паслухмянай
Цвіла як ранне весялосць
Пяшчотна як само каханне,
Наіўна як паэтаў лёс.
Блакітныя, як неба вочы,
Усмешка, лён кудрэй дзявочых,
Рух, поступ, голас, лёгкі стан,
Усё ў Ользе… Хоць які раман
Вазьміце — знойдзеце там верны
Яе партрэт; ён мілы, мне
Ён да спадобы быў даўней,
Ды надакучыў мне бязмерна.
Хай мне чытач дазволіць мой
Заняцца большаю сястрой.
XXIV
Імя сястры было Тяцяна…
Адважна іменем такім
Упершыню красу рамана
Мы самавольна асвяцім.
І што ж? прыемна, мілагучна,
Ды з ім, я знаю, неразлучны
Ўспаміны адышоўшых дзён
Ці дзевіч’яй. Сярод імён
У нас надзвычай густу мала,
Павінны шчыра мы прызнаць
(пра вершы што ўжо і казаць):
Да нас асвета не прыстала
Мы дасяглі ў ёй аднаго —
Крыўляння — толькі і ўсяго.
XXV
І так імя яе Тацяна.
Ні з гожасцю сястры сваёй,
Ні з свежасцю яе румянай
Спрачацца б не пад сілу ёй.
Журботна-дзікая, нямая,
Пужлівая, як лань лясная,
Здавалася ў сям’і сваёй
Яна дзяўчынкаю чужой.
Яна і песціцца не ўмела
Ніколі да бацькоў сваіх;
Дзіця, сярод дзяцей другіх
Гуляць і бегаць не хацела,
І часта, цэлы дзень адна,
Сядзела моўчкі ля вакна.
XXVI
З калыскі задуменнасць з ёю
Была сяброўкаю адна,
Маруднасць сельскага спакою
Жывіла марамі яна.
Яе распешчаныя пальцы
Не зналі іглаў, каля пяльцаў
Шаўковай дэсанню яна
Не ажыўляла палатна.
Жадання ўладаць прымета:
З пакорнай лялькаю дзіця
Рыхтуецца ўжо да жыцця,
Да правіл і законаў свету,
І важна паўтарае зноў
Навуку матчыных размоў.
XXVII
Ды з лялькаю і ў тыя годы
Ў гульню Таццяна не ішла;
Пра весткі гораду, пра моды
Размовы з ёю не вяла
Былі дзіцячыя ёй цацкі
Чужыя, жудасныя казкі
Узімку, у цемнаце начной
Больш чаравалі сэрца ў ёй.
А калі няня заклікала
Для Ольгі на гульню другіх
Яе сябровак маладых,
Яна ў гарэлкі не гуляла,
Ёй нудны быў і звонкі смех
І шум іх балаўных уцех.
XXVIII
Больш на балкон яна любіла
Пайсці, спаткаць зары ўсход,
Калі на бледным небасхіле
Знікае зорак карагод,
І ціха край зямлі святлее
І веснік рання, вецер вее
І пакрысе ўзыходзіць дзень
Узімку, калі ночы цень
Даўжэй паўсветам уладае,
І больш у цішыні пустой
Пры месяцы, спавітым мглой
Усход марудны спачывае,
Яна ў прывычны час да дня
Ўставала пры святле агня.
XXIX
Даліся рана ёй раманы;
Яны ёй замянялі ўсё;
Яе прывабілі абманы
І Рычардсона і Руссо.
Быў бацька добрым чалавекам,
Запозненым ў мінулым веку;
Ды ў кнігах зла не адчуваў;
Ён іх ніколі не чытаў
І ўважаў пустой дрындушкай,
Дык і не думаў ён, які
Таемны домік у дачкі
Драмаў да рання пад падушкай.
А жонцы з самых даўных дзён
Мілей за ўсё быў Рычардсон.
XXX
Яна любіла Рычардсона
Не ад таго, што ў даўны час
Чытала, што за Грандысона
Быў горшы для яе Лаўлас;
Але даўней княжна Аліна,
Яе маскоўская кузіна,
Казала часта ёй пра іх.
У той час быў яшчэ жаніх
Яе супруг, хоць і з няволі;
Яна ўздыхала па другім,
Што сэрцам, розумам сваім
Ёй падабаўся значна болей.;
Той Грандысон быў слаўны франт,
Танцор і гвардыі сержант.
XXXI
Як ён, яна была убрана
Заўжды на модны густ, калі
Не палічыўшыся з жаданнем,
Дзяўчыну замуж аддалі.
І, каб з яе пакончыць смуткам,
Разумны муж паехаў хутка
У глуш вясковую, дзе ім
Абкружана бог знае кім,
Перш рвалася яна, рыдала,
Развод ледзь з мужам не ўзяла;
Ды гаспадарыць пачала,
Прывыкла і шчаслівай стала:
Прывычка — дар нябёс, яна
І шчасце замяняе нам.
XXXII
Развеяла прывычка смутак,
Якога не прагнаць нічым;
Другая вынаходка хутка
Яе суцешыла зусім.
Яна між справай, ў час дасужы,
Напала на сакрэт, як мужам
Самаўладарна кіраваць,
І стала ўсё як трэба стаць.
Яна бывала на работах,
Саліла на зіму грыбы,
Вяла расход, галіла любы,
Хадзіла ў лазню па суботах,
Служанак стала лупцаваць —
І мужа кінула пытаць.
XXXIII
Калісь крывёй яна пісала
У альбомы задуменных дзеў,
Палінаю Параску звала
І гаварыла на распеў;
Карсет насіла вельмі вузкі
І рускі Н як N французскі
У нос умела вымаўляць;
Цяпер пра гэта не чуваць.
Карсет, альбом, княжну, Паліну,
І збор расчуленых радкоў
Яна забыла — з тых часоў
Акулькай стала зваць Селіну,
І абнавіла пад канец
На ваце шлафар і чапец.
XXXIV
Ды муж кахаў яе пяшчотна
І перашкод ёй не рабіў,
Ва ўсім ёй верыў бестурботна
А сам ў халаце еў і піў.
Жыццё спакойна працякала;
Пад вечар часам пад’яжджала
Сям’я суседзяў-сваякоў,
Нецэрамонных дружбакоў
Жывым слаўцом сябе забавіць,
Пажартаваць аб тым, аб сім.
Праходзіць час; а паміж тым
Накажуць Вользе чай паставіць;
Там вечар, там і спаць пара,
І госці едуць прэч з двара.
XXXV
Ў жыцці яны хавалі свята
Прывычкі мілай старыны;
У іх на маслянцы багатай
Вяліся рускія бліны;
Аж двойчы ў год яны гавелі;
Любілі круглыя качэлі,
Падблюдны спевы, карагод;
На сёмуху, калі народ
З прасоння слухае малебен,
Умільна на жмуток зары
Яны ранілі слёзкі тры;
Квас, як паветра, ім патрэбен,
І за сталом у іх гасцям
Насілі стравы па чынам.
XXXVI
Вось так і старасць прываліла.
І вось адкрыты пад канец
Прад мужам дзверы ў магілу,
І новы ён прыняў вянец.
Памёр якраз ён прад абедам
Аплаканы слязьмі суседа
І жонкі і дзяцей сваіх
Чыстасардэчней за другіх.
Ён просты быў і добры барын,
І там, дзе прах яго ляжыць,
На камні гэткі сказ стаіць:
«Пакорны грэшнік Дзмітры Ларын,
Гасподні раб і брыгадзір,
Знайшоў пад гэтым камнем мір».
XXXVII
Прыйшоўшы да сваіх пенатаў
Владзімір Ленскі доўг аддаў
Яго магіле праставатай
І ўздохам прах ушанаваў;
І сэрца сціснула тугою.
«Poor Jorick!» ён сказаў з журбою,
«Ён на руках мяне трымаў
Як часта я дзіцём гуляў
З яго ачакаўскім медалем!
Мне Ольгу ладзіў з даўных дзён,
Каб прычакаць: казаў так ён!..»
І, поўны найшчырэйшым жалем,
Хвіліны ён не змарнаваў
І мадрыгал жалобны склаў.
XXXVIII
І там жа словам поўным жалю
Ў слязах ушанаваў ён прах
Сваіх бацькоў патрыярхальны.
На выбітых жыцця шляхах
Жнівом багатым пакаленні
Па вышняй волі прадрачэнню
Ўзыходзяць, спеюць і падуць;
Другія ім услед ідуць…
Вось гэтак і наш род нядбайны
Расце, хвалюецца наўкол
І цісне дзедаў у смерці дол
Настане і наш час, настане
І нашы ўнукі ў добры час
Са свету выціснуць і нас.
XXXIX
Чаруйцеся пакуль што смела
Жыццём бесклопатным такім!
Яго нікчэмнасць зразумела
І мала звязаны я з ім;
Я вочы зачыніў для зданяў;
Але для дальніх спадзяванняў
Трывожна сэрцу іншы раз:
Каб след мой назаўсёды згас
Пакінуць свет было б мне смутна.
Жыву, пішу не для забаў:
Але, здаецца, я б жадаў
Уславіць лёс свой, лёс пакутны,
Каб пра мяне, як верны друг,
Напомніў хоць адзіны гук.
XL
Ён сэрца нечае узрушыць;
І цэлая між нашых спраў,
У Леце не затоне, мусіць,
Страфа, якую я складаў.
Магчыма — шмат у надзеі чараў!
Пакажа будучы нездара
На мой услаўлены партрэт,
І скажа: вось дзе быў паэт!
Прымі падзяку без дакораў,
О, Аонід высокіх друг,
Чый успамін схавае гук
Усіх маіх лятучых твораў
Чыя рука, як час праб’е,
Старога лаўры паскубе.