Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Коўна)/Дурны мужык, як варона

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мая дудка Дурны мужык, як варона
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Як праўду шукаюць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дурны мужык, як варона.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУРНЫ МУЖЫК, ЯК ВАРОНА.

Ўвесь сьвет кажа, бьець у звоны:
„Дурны мужык, як варона“.
Гэта — тыкі справядліва:
Ён дурнейшы ад вароны;
І ня дзіва, — было-б дзіва,
Каб мужык ды быў вучоны.
Дык крычыця-ж, бійця ў звоны:
Дурны мужык, як варона.
Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, загараўся;
Дурнем умра, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся.
Ведама, мужык — хамула, —
Ад навукі адвярнула!..
Дык крычыця-ж… (як раней).
Ці-ж ня дурань, — мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на Каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
Дык…… (як раней).
Усю зімку возам цягне
Да вагзалу рожна збожжа,
Ногі зьмерзнуць, сам засьмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поля выйшаў жывы.
Дык…. (як раней).
Ад Пятра і да Якуба
Ён касой махаў ад раньня:
Наклаў стагоў, людзям — люба,
Ў хаце ж сена — ані званьня,
Равець з голаду скаціна,
Хоць кінь, бяжы за вачыма!
Дык….. (як раней).
Глядзі, касьцёл аж да неба,
Воласьць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта,
А сам жывець у мокрай яме,
Дзьверы заткнуў анучамі!
Дык…. (як раней).
З камаровы нос сякерку
Сьцісьне, крэкне, замахае,
Зробіць пушчу, як талерку,
Сьвет дравамі закідае!
А у хаце зварыць страву,
Пашчэпае стару лаву!
Дык….. (як раней).
Глядзі, горы паразрыты,
А чыгункай сьвет абвіты:
Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палацы;
Ў мужыка-ж німа білета!
Ці-ж ня дурынь мужык гэта?
Дык крычыця-ж, бійця ў звоны:
Дурны мужык, як варона!