Як простая праўда згінула у сьвеце,
Дык праўды і з сьвечкай шукаюць, І золатам манюць і людзей склікаюць,
І Бога цалуюць, — а ўсё-такі прэце,
Як камень у воду, так праўда прапала!
Судоў нарабілі, начальстваў цімала:
Пасрэднік і воласьць, сынод і сэнаты,
Прысуцтвы і вокруг, управы, палаты;
А найбольш міравых участковых і зьездаў,
Што ў полі каменьня, што звездаў!
Затоя-ж жыцьцё цяпер труднае стала:
У сьведкі улезьці, ні села — ні пала,
Ад суду да суду праз лета цягацца
Так лёгка, што нават ня трэба старацца.
Раз еду я ў Вільню адведаць сынка,
Ажно пры дарозе пасецца кабыла,
Стаіць чалавек якісь ля млынка,
За млынам сука там брахала, ці выла,
І гдзе-сьці „ратуйця“ крычала кабета,
А мостам ляцела якая-сь карэта…
І што-ж тут такоя было? Мне здаецца:
Хто едзе, хто вые, хто можа сьмяецца…
(А мельнік стаяў у дзьвярох і сьмяяўся;
Чаго ён сьмяецца? Дык я ж ня пытаўся!)
Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам,
Ляжыць чалавек пад кустом ля дарогі
Бэз шапкі і босы, так кшталтам[1] убогі…
Але я еду з сваім інтарэсам,
Мне няма дзела больш ні да кога!
Ляжачага-ж люду усюды ёсьць многа!
Я аглянуўся, аж гоніцца хтосьці,
Кліча: „Пастой жа для Боскай мілосьці!“…
Стаў я, чакаю; аж ён і пытае: Хто я, адкуль ёсьць і хто мяне знае?
І кажа вярнуцца мне аж да млыну,
Сьведкам ураднік заве на гадзіну.
Вярнуўся, гляджу, аж карэта у рэчцы.
Мельнік цяпер ужо не сьмяецца,
Кабылу сотнік цягне да стану,
Цырулік кроў кінуў абмокшаму пану,
Дзюра на мосьце, так як на хату,
Два хлопцы ловяць сучку кудлату,
Баба стаіць у парванай спадніцы
І кроў ёй цячэ па руцэ і па лыдцы.
Вязуць і труп той зараз на возе,
Што я то відзяў ляжачым пры дарозе.
Пытаецца ўраднік мяне ды за сьведку:
Ці мельнік цкаваў, ці крычала кабетка?
Ці сучка парвала, а сучку ці білі?
Ці відзяў, что ў мосьце масьціны пагнілі?
Ці відзяў, як мельнік стаяў і сьмяўся?
Як пан с хурманом у карэце купаўся?
Як хурман утануў, а пан ратаваўся?
Як злодзей цікаўся з-пад млыну да коні?
Як сьвіснуў кабылу і ляцеў на Рыкойні?
Ці знаў, хто-то забіты валяўся?
І кім, забіты, ды каб я прызнаўся,
Ці не яго вёз, ды пасьля уклаў?
Можа меў грошы, можа я іх забраў?
(І дух мне заняў, сказаць слова ня мог!
Вось напасьць на мяне, чысты крыж паслаў Бог!)
Чаму я не хацеў ратаваць хурмана?
Чаму майстра таго не лавіў ля млына?
Чаму сучкі ад бабы кусьлівай не гнаў.
Чаго я уцякаў, што ледзь соцкі нагнаў? Пратрымаў ён мяне нізашто цэлы дзень.
А бадай ты прапаў! Яшчэ даў і рубель,
Ён так спрытна яго запусьціў у кішэнь.
Я паехаў сабе! Аж у восім нядзель
Соцкі прэць мне павестак і шмат:
Ў першай сьведкам, — як мельнік цкаваў,
Ў другой сьведкам, — што мост бяз прыгат,
Ў трэцьцяй сьведкам, — як коні хтось краў,
Ў чацьвертай сьведкам, — як пан заваліўся,
Як выплыў наверх, а хурман як заліўся,
Ў пятай сьведкам, — што труп пры дарозе
Быў убіты, а двое людзей уцякалі,
Што я даганяў тых людзей ды на возе,
А яны праз ламы у дваіх паскакалі!
Аж на шостай ужо дык я стаў вінават,
Што ратунку ня даў, як карэта плыла.
Як я стаў па павестках хадзіць ад Каляд,
Дык асеўся як-раз, як Пакрова была!
І ня сеяў, ні жаў, ні касіў сенажаць, —
У арэнду аддаў, бо ня мог дадзяржаць,
І што меў-то прадаў, пераеў, —
Па судох агалеў, як шэсьць разы згарэў,
І ў казе адсядзеў нядзель шэсьць,
За няяўку плаціў можа тройчы я штраф.
Як на тоя-ж і праўда схавалася гдзе-сь,
А шукаўшы яе і мне здарыўся траф.
|