Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Коўна)/Мая дудка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Мацея Бурачка Мая дудка
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Дурны мужык, як варона
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая дудка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ДУДКА.

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка,
Ад краю да краю!
Ой, то будзе граньне,
Як на павітаньне
І як на вясельле,
Нядоўга тыкеле:
Скора скончу песьні…
Покі дудка трэсьніць,
Ці паглохнуць людзі,
Ці высахнуць грудзі,
Сілы надарвуцца
На радаснай дудцы
І выцякуць сьлёзы
На сухія лозы…
Выйдзе душа парай,
Падыймецца хмарай,
Туманам па рэчцы,
Расой разліецца,
Каласочкі зросе,
Каб жыта ўдалося.
А хлеб зьядуць людзі,
І зноў сьляза будзе.
Ну, дык грай-жа, дудка!
Каб-жа было чутка.
Каб аж вушы драла,
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Заграй так вясёла,
Каб усе укола,
Ўзяўшыся у бокі,
Ды пайшлі у скокі,
Як віхор у полю,
Аж выючы з болю,
Каб аж рагаталі,
A усё скакалі…
Каб скакалі горы,
Як хваля на моры,
Як паны на балі,
Каб вот як скакалі!
Каб аж пыл курыўся,
Каб сьвет заваліўся,
Ды усё круціўся,
Як ў нашага брата
У пьянага хата…
Га, чамуж ня йграеш?
Хіба ты ня знаеш,
Ня ведаеш хіба,
Што, як тая рыба,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў бьюся,
Ніяк не зьвярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы.
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто напьецца,
Дык вольным стаецца.
Грай, вясела-ж грай,
Або долю дай!..
.........
Енчыш бяз умоўку!
Не, ня будзе толку!
Кіну — ж дудку тую,
А зраблю другую.
Цяпер зраблю, дудку
Ад жалю, ад смутку.
Га, зраблю-ж другую,
Жалейку смутную, —
Ды каб так зайграла,
Каб зямля стагнала,
Вот каб як іграла!
Каб слязьмі прабрала,
Каб аж было жутка,
Вось-то мая дудка!..
Вось, зрабіў такую:
Дай-жа папрабую…
Ну дык грай-жа, грай-жа,
Ўсё спамінай-жа…
Што дзень і што ночы,
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй.
І плач што раз боляй.
Плач так да астатка,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень, другі і трэцьці.
Іграй сьлёзным тонам
Над народу сконам!
Каб ты так іграла,
Каб нямарасьць брала.
Як сьлязы не стане,
Заціхне іграньне.
Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам —
Не сьлязой заплачаш,
Як усё абачыш.
Як крыві не стане,
Тагды кончу граньне!