Перайсці да зместу

Дрыгва (1925)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дрыгва
П’еса
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дрыгва (Аляхновіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ФРАНЦІШАК АЛЯХНОВІЧ.



ДРЫГВА.

ФРАНЦІШАК АЛЯХНОВІЧ.



ДРЫГВА.

ДРАМАТЫЧНЫ ЭСКІЗ У 6-ёх АБРАЗОХ


З партрэтам аўтора


Выдавецтва Бел. Час. Рады.

ВІЛЬНЯ. 1925.

Друкарня „Lux”, вул. Жэлігоўскага, 1.

АСОБЫ:

Манька, маладая прыгожая вясковая дзяўчына, нядаўна прышчэпленая на гарадзкі грунт.

Юлька, яе сястра, пазнаўшая ўжо ўвесь рэстаранна-вулічны бруд і засмакаваўшая ў ім.

Міхалка, малады хлапец, студэнт.

Сьцяпан, яго прыяцель.

Лякдугна, стары студэнт, бязвольны п’яніца.

Гаспадыня рэстарану.

Галубоўскі, музыка-гарманісты, быўшы маленечкі «чыноўнік», безнадзейны п’яніца.

Грышка, тутэйшы «апаш».

Тадорка, хлапец з шавецкай майстроўні.

Кэльнэр.

Госьць І.

Госьць ІІ.

Іншыя госьці. Музыкі.

І.

На аднэй з вулачкаў Вільні невялічкі пролетарскі рэстаран, сьмярдзючы і брудны, як гэтыя вулачкі несканалізованага гораду, пануры, як душы людзей, страціўшых надзею лепшай будучыні.

У першым пакоі шафа з півам, буфэт з растаўленымі на ім закускамі, абітыя клеёнкай столікі, крэслы, на сьценах алькогольныя рэклямы-малюнкі. На сцэне Гаспадыня (за буфэтам), Грышка (пры адным са столікаў) і інш. госьці.

Праз адчыненыя дзьверы відаць другі пакой, дзе сядзіць Лякдугна з Галубоўскім, які грае на гармоніку і пяе:

І пянёндзуф ня хцяла, ня хцяла, ня хцяла,
А па дзбанка плакала, а па дзбанка плакала:
Мой зялёны дзбан, дзбан,
Цо го розьбіл тэн пан.
Ціхо, дзяўчына, ня плач, ня плач,
Я за дзбанка заплаца, я за дзбанка заплаца,
Я мільёны ці дам
За зялёны тэн дзбан.

Як заслона адчынілася праз нейкі час яшчэ чутно рэстаранны гоман і пяяньне Галубоўскага, пасьля дзьверы ад вуліцы адчыняюцца і ўваходзіць Сьцяпан.

Сьцяпан (у дзевярох клічучы кагосьці з вуліцы). Хадзі! яшчэ рана! Хадзі, кажу табе, што не пашкадуеш!.. Ну, зайдзем на адну мінюту, вып’ем сабе па бутэльцы піва і пойдзем дамоў… Ты толькі хадзі, паглядзі…

Міхалка (уваходзячы). Ня хочацца мне ўжо ані піва, а нічагусенькі! Змарыўся я, спаць хочацца…

Сьцяпан. Дык хадзі, кажу, на мамэнцік… Пабачыш толькі — і зьдзівішся… (Да Гаспадыні). Добры вечар, пані! (Да Міхалкі). Ну, што, дзе сядзем? можа тутака? (сядаюць ля стала). Ну, што будзем піць?

Міхалка (слабавольна ўсьмяхаючыся). Ах, што ты, далібог, са мной робіш! Галава ад учарашняга яшчэ не ў парадку, а мы сягоньня п’ём ды п’ём…

Сьцяпан. Нічога! апошні дзень, міленькі, а заўтра — новае жыцьцё!

Міхалка (іронічна). Ах, ведаю я гэта «новае жыцьцё»!…

Сьцяпан. Не!… заўтра будзем цьвярозымі людзьмі, а сёняшні дзень трэба кончыць тут з Манькай… Эх, пабачыш, якая дзяўчына!… Не дзяўчына — а кветка, васілёк! (Да Гаспадыні). Панечка! дайце нам… ведаеце?… маю порцыю…

Міхалка. Бачу, што цябе тут добра знаюць… Скуль-жа яна?

Сьцяпан. Нядаўна прыехала з вёскі… Сьвежанькая, чырвоненькая — яблычка райскае! А гэткая наіўненькая, сінявокая — васілёчак, кажу табе. Як гляджу на яе, здаецца, чую гоман каласістага жыта, пах палёў зялёных… Э, што казаць шмат!… сам пабачыш… (Да Гаспадыні). Пані! дзе-ж Маня?

Гаспадыня. Зараз прыйдзе, пайшла ў другі пакой…

Міхалка (сьмяецца). Ты — поэт! Хэ-хэ-хэ!…

Сьцяпан. Але… Далібог! Я не гляджу на яе вокам мужчыны, а толькі вокам поэта…

Міхалка (іронічна сьмяецца).

Манька (уваходзіць з друга пакою. Ідзе да буфэту. Гаспадыня нешта ёй кажа. Яна бярэ бутэльку, выцірае чаркі, пртатаўляе закуску на стол, дзе сядзяць Сьцяпан з Міхалкай).

Сьцяпан (да Міхалкі). Далібог! Ня сьмейся! Табе мо’ здаецца, што я кажу гэта цынічна, а ў мяне ў гэты момэнт душа, як у новароджанага дзіцяці… Далібог!

Міхалка (як раней). Хэ-хэ! Нашто казаць пустое! Я ведаю, хто ты, а ты таксама добра знаеш мяне…

Сьцяпан. Але… Але я кажу табе зусім шчыра, што на Маньку я гляджу інакш, як на іншых дзяўчат. Яна… яна мае ў сабе нешта з Форнарыны… Памятаеш?… Рафаэль — і простая дачушка нейкага пекара, нейкая Форнарыначка… А ён што з яе зрабіў?! Хто сёньня на сьвеце ня ведае прыгожасьці Форнарыны?

Манька (ставіць на іхні стол бутэльку, чаркі і г. п.).

Сьцяпан. А — вось і яна — наша цукерачка! Наша Манечка даражэнькая! (Да Міхалкі, узяўшы Маньку за руку). Га? што? праўду я казаў? — Кветка! вішанька! цукерачка!

Манька (засароміўшыся вырывае сваю руку з рукі Сьцяпана). Ды кіньце!…

Сьцяпан. Маня! (Паказваючы на Міхалку). Гэта вось мой найлепшы друг — Міхалка! Сядай, душачка, з намі — вып’ем, пагутарым… Ведаеш, мы з Міхалкай ужо другі дзень п’ём, як гыпопотамы.

Манька (саромліва апусьціушы вочы). Ня трэба піць, — гэта брыда…

Сьцяпан (сьмяецца). Ня трэба — кажаш — піць? — ха-ха-ха! Ах, ты мая каханенькая, дурненькая!… Ну, але цяпер ужо апошні дзень!… І ты сядай з намі, бо мы зрабілі пастанову, каб гэты дзень скончыць з табой… Эх! (пяе). «Апошні сёняшні дзянёчак, гуляю з вамі я, браты!»…

Манька. Цяпер не магу, ня маю часу… але я зараз прыйду. (Ідзе да буфэту, забірае нейкае судзьдзё і нясе у другі пакой).

Міхалка (гарачымі вачыма глядзіць ёй у сьлед).

Сьцяпан. Ага! заглядзеўся!… Што? га?… а не хацеў ісьці!… Шкадуеш цяпер, што паслухаўся мяне і зайшоў сюды?

Міхалка. Прыгожая дзяўчына! Скуль яна тутака? Даўно?

Сьцяпан. Пачакай, я табе зараз усё разскажу, бо я ведаю… Яна сірата. Жыла на вёсцы ў цёткі. У цёткі сваіх дзяцей, як бобу. Ня толькі хлеба, але мякіны не хапала, каб пракарміць усю гэтую гарав… А старшая яе сястра, Юлька, ўжо даўно тут у нейкай піўной служыць. Вось цётка й думае сабе: Юлька ў Вільні паненкай, у капялюшы ходзіць, жыцьцё хваліць, ну дык давай і гэтую павязьлі ў горад: хай паненкай будзе, на лёгкае жыцьцё ідзе… Эх, людзі!… А яна, бачыш, дзяўчына яшчэ вельмі маладая і саромлівая. Ей і падабаецца гэта іншае, новае, гарадзкое жыцьцё і пужаець адначасна. Ей і весела тут, дзе гэтулькі розных людзей штодня пераліваецца, і адначасна сумна аднэй, бяз блізкай душы, без заступніка, дзе кожны лёгка можа скрыўдзіць, дзе п’яная гутарка не шкадуе саромлівых вушэй дзявочых… Вось як! Але яна ня першая і не апошняя… Усё гэтак… А ўсё-ж шкада!… (страсянуўшы з сябе часовы налёт сумнай думкі). Ну, ўсё роўна!… (кліча): Манечка! Дзе-ж ты?

Манька (ідзе з друга пакою). Іду ўжо.

Сьцяпан. Ну, вось яна… Сядай-жа з намі, мая даражэнькая, харошанькая, бо нам без цябе сумна.

Манька. Э, пан заўсёды сьмяецца.

Сьцяпан. Далібог, не сьмяюся… Ну, сядай! Чаго вып’еш? Гарэлку будзеш піць, анёлачак?

Манька. Фі! я ня люблю гарэлкі… Хіба нешта салодкае…

Сьцяпан. Салодкае? Добра. Зараз будзе салодкае. (Ідзе да буфэту).

Міхалка (да Манькі). Як-жа ж паньне Мані падабаецца тут?

Манька. Нічога…

Міхалка. Весела? Гасьцей шмат?

Манька. Не заўсёды… Есьць іншыя далікатныя, а іншыя надта прыстаюць.

Міхалка. Хэ-хэ! Прыстаюць, бо панна Маня надта прыгожая дзяўчына.

Манька. І пан жартуе. Такая я, як і іншыя.

Грышка (праз увесь час ня спушчаў з Манькі вачэй. З таго часу, як яна падселася да століка, дзе сядзяць Сьцяпан з Міхалкай, яго вочы заблішчэлі вагнём зайздрасьці. Цяпер пачынае нэрвова званіць шклянкай аб бутэльку).

Манька (да Міхалкі). Выбачайце, я зараз… (ідзе да Грышкі).

Грышка (хапае яе за руку, ціха). Я не хачу, каб ты там сядзела, чуеш? Я хачу, каб ты была тут, каля мяне!

Манька (таксама ціха). Вось яшчэ чаго! Чаму-ж гэта? Дзе захачу, там і сядзець буду.

Грышка (горача). Слухай, кінь, прашу цябе, не сядзі з імі, бо мне ажно ў грудзёх тут нешта лапоча… Кажу табе!..

Манька. Вось яшчэ якая хванабэрыя!.. Што хачу, то й раблю!.. (Варочаецца да Міхалкі).

Грышка (грозным шэптам ёй усьлед). Папамятаеш!..

Сьцяпан (варочаецца да століка). Ну, сядайма, і будзем піці, есьці, весяліцца!.. (ставіць на стол новую бутэльку). Вось для цябе, Манечка, салодзенькая, а для нас хай будзе чара горкая, якую вып’ем сёньня да дна.

Міхалка (усьмяхаючыся іронічна). А заўтра — новае жыцьцё?

Сьцяпан. Але! Заўтра новае жыцьцё! А сягоньня чаркі ў рукі!.. (пяе):

Вып’ем за радасьць, вып’ем за шчасьце,
Вып’ем за нашую долю.
Каб наша доля нас не цуралась,
Кабы нам добра жылося.

Гэй-жа вы, хлопцы, добры малойцы,
Гэтак чаму-ж пасмутнелі?
Ці-ж у шынкаркі мала гарэлкі,
Мала гарэлкі ды піва?

У часе гэтай песьні з другога пакою высоўваецца Лякдугна, за ім з гармонікам пакорна йдзе Галубоўскі. Лякдугна падпявае, Галубоўскі пачынае акомпаньяваць на гармоніку.

Лякдугна (пасьля песьні, да Міхалкі са злой п’янай іроніяй). А і ты, Міхалка, прыйшоў да нас? Паніч! Хэ-хэ-хэ! Чысьценькі паніч заглянуў у наш брудны шынок! Хэ-хэ-хэ!…

Міхалка. Вось Сьцяпан мяне сюды прыцягнуў…

Лякдугна. Але… але… Мы, бедната, мы ў вялікія чыстыя рэстараны ня ходзім, нам і тут добра… А ты — пан! Чысьценькі паніч!… Хэ-хэ-хэ!…

Міхалка (глядзіць на яго з усьмешкай, бяз злосьці).

Сьцяпан. Ну, Лякдугна, кінь сварыцца. Вось лепш сядай з намі!… Ты з кім сядзіш?

Лякдугна. Я сяджу адзін… Не! Я сяджу з маім прыяцелем! (абыймае Галубоўскага). Вось гэта мой друг найлепшы! гэта рэха мае душы! Ён грае, а я… я п’ю, бо п’янства гэта… таксама музыка, а я — віртуоз!

Сьцяпан (бярэ чарку). Ну, Сарасатэ п’янства! па чарачцы!

Лякдугна (сядаючы). Ну, што-ж, можна, давай! (п’юць).

Галубоўскі (нясьмела, стоячы за крэслам Лякдугны, цягне на гармоніку мінорны тон).

Лякдугна (да Галубоўскага). А, і ты хочаш выпіць?… Ідзі, прынясі маю бутэльку.

Галубоўскі (ідзе ў другі пакой).

Лякдугна. Ён, як хоча выпіць, ніколі мне проста ня кажа, але толькі бярэ гэты мінорны тон… Мы адзін аднаго разумеем.

Галубоўскі (варочаецца з бутэлькай).

Лякдугна. Ну, бяры крэсла і сядай вось тут, каля мяне… Пі!

Галубоўскі (цягне на гармоніку іншы акорд).

Лякдугна. А, і закусіць хочаш, маэстро? Бяры, што хочаш, не рабі царамоніі… Мае прыяцелі павінна быць прыяцелямі і майго прыяцеля.

Міхалка (да Манькі). Ну, яшчэ чарачку!

Манька (крыху ўжо падвыпіўшы). Калі ўжо галава круціцца.

Міхалка. Э, няхай сабе круціцца! На тое чалавек і п’е, каб у галаве закруцілася… Ну, яшчэ! (налівае).

Манька. Калі я ўжо п’яная, з крэсла звалюся, — ха-ха-ха!

Міхалка (лёгка яе абыймаючы). Ня звалішся, бо вазьму як птушачку на рукі, прытулю да сябе, закалышу… (Падыймае ўгару чарку). Ну, браты!… (Дэклямуе):

Груканём, стуканём, чарка ў чарку, як сьлед,
Бач і стане душа паланеці агнём;
Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет,
Весялей і сьмялей пойдзе ўсё хадуном.[1]

Манька. Ах, як хораша! Яшчэ!
разам
Сьцяпан. Браво! Дэклямуй, Міхась!
Лякдугна. Гэта лепш за музыку…

Міхалка. Не, лепш засьпявайма! (Да Гаспадыні, паказваючы пустую бутэльку). Пані гаспадыня! яшчэ!

Сьцяпан (сьмяецца). Бач, як разыйшоўся! А не хацеў ісьці.

Міхалка. Усё роўна — апошні дзень!

Сьцяпан (як раней). А заўтра — новае жыцьцё?

Манька. І я буду піць!

Усе сьмяюцца.

Сьцяпан і Лякдугна. Браво!

Міхалка. Ну, калі так… (аднэй рукой абыймае Маньку, а другой трымае чарку і пяе; іншыя за ім усьлед):

Вып’ем за радасьць, вып’ем за шчасьце,
Вып’ем за нашую долю…

Галубоўскі (хапае гармонік і пачынае граць).

Грышка (стукае шклянкай аб бутэльку).

Манька (зрываецца з месца, каб ісьці да Грышкі).

Міхалка (ўстрымлівае яе). Ня трэба, сядзі, не гарыць, няхай сабе стукае…

Грышка (крычыць). Манька!

Усе нездавольныя парушыліся.

Міхалка. Гэй! каму «Манька», а табе «панна Марыя»… Калі ласка, гэтак не раві!..

Грышка. Ну, ну! не настаўляйся, бо не напалохаеш!… Манька! хадзі сюды!

Манька (са страхам). Чаго ён хоча?!

Міхалка. Ня бойся, Маня! (Да Грышкі). Гэй, супакойся там, або ідзі вон, бо будзе дрэнна!

Грышка. Ну, ну! Не напалохаеш! Не такіх бачыў… Скаціна!

Міхалка (ўскочыўшы з месца). Што?! Як сьмееш, падлец! (падбягае да Грышкі і ўдарае яго па твары).

Манька (стараецца іх супакоіць). Што вы?.. Кіньце!…

Сьцяпан (хапае крэсла).

Лякдугна (хапае са стала бутэльку).

Грышка. Ах ты!… (выцягвае з халявы нож, ударае ім Міхалку ў руку і хутка уцякае).

Манька (крыкнула, хацела бараніць Міхалку ды ўжо было позна).

Сьцяпан. Трымай яго! лаві!

Лякдугна. Стой!.., трымай!… лаві!…

Гаспадыня (стараецца ўсіх супакоіць). Паночкі даражэнькія! Не рабеце скандалу!… Паночкі! ня губеце мяне! Як прыйдзе паліцыя, зачыняць мой рэстаран… Супакойцеся, даражэнькія…

Галубоўскі (зачыняе дзьверы).

Міхалка (сядзіць на крэсьле, трымаючыся за раненую руку).

Сьцяпан. А, падла, уцёк! (да Міхалка). Што, ён цябе ўдарыў? Пакажы! хутка!

Міхалка. Нічога… Здаецца, глупства…

Сьцяпан. Пакажы, пакажы! (сьцягвае з яго вопратку, Міхалка ранены у левую руку).

Манька. Ах, Божанька мой! Гэта я ўсяму вінавата. Каб я пайшла да яго, як ён мяне клікаў, дык і ня было-б усяго гэтага…

Сцьяпан (да Гаспадыні). Пані гаспадыня! дайце вады! (ідзе з Міхалкай у другі пакой, за імі выходзяць усе, апрача Галубоўскага).

Гаспадыня (выходзячы). Трэба-ж было на маю галаву гэткага няшчасьця!

Галубоўскі (застаўшыся адзін на сцэне, далівае застаўшаеся пасьля Грышкі піва, пасьля прагавіта локча гарэлку з чарак, застаўшыхся пасьля Міхалкі і інш.).

Гаспадыня (ўваходзіць). Галубоўскі ізноў хоча напіцца п’яны, як учора… Хай Галубоўскі зачыняе ўжо рэстаран, позна ўжо! (выходзіць у кухню).

Галубоўскі (выходзіць на вуліцу).

Міхалка (ўваходзіць з Манькай і апранае пакінутую на сцэне вопратку).

Манька (уваходзячы). Вельмі баліць?

Міхалка. Э, глупства!… Зусім не баліць.

Манька. Няпраўда! Вы гэтак толькі кажаце.

Міхалка. Ды ня варта аб гэтым казаць…

Манька. Усяму… гэтаму… мая віна… (пачынае плакаць).

Міхалка. Дзетачка! супакойся! Што ты?! Кінь плакаць. Ды-ж я дзеля цябе ня толькі руку пад нож падставіў-бы, але з галавой у вагонь кінуўся-б.

Манька (усьміхаючыся праз сьлёзы). Ці праўда?

Міхалка (абыймае яе). Манечка даражэнькая! Птушачка, мая беленькая! Я-ж люблю цябе! (хоча яе пацалаваць).

Манька (лёгка баронячыся). Ці гэта праўда? Вы-ж толькі сягоньня, нядаўна, мяне пазналі…

Міхалка. Манечка! Каб закахацца, ня трэба доўга знацца… Іншы раз хопіць аднэй мінюты. Адзін мамэнт кароценькі, адзіны зірк вока — і сэрца зашчэміць, аж затрасешся, ажно мурашкі прабягуць па плячох… З першай той часіны, як я цябе пабачыў, як ты падыйшла тут да нашага століка, мяне ўжо нешта кальнула ў сэрца… Адразу я пачуў да цябе нейкую дзіўную сымпатыю…

Манька. І я таксама.

Міхалка (з радасьцю). Праўда?! Маня! бачыш? Значыцца нам гэтак суджана… Мая салодзенькая! каточак мой! (абыймае яе і цалуе).

Сьцяпан (уваходзіць з Лякдугнай). О, браво! Наш рыцар часу ня траціць. Зараз пасьля турніру дастае нагароду ад свае дамы.

Міхалка (весела). Ідзі да ліха!

Лякдугна. Ну, дзеля гэтага варта яшчэ выпіць… (Кліча): Галубоўскі!

Гаспадыня (уваходзіць). Паночкі! Ужо позна! Ужо рэстаран зачынены… Пара расходзіцца…

Галубоўскі (уваходзіць).

Сьцяпан. Зачынены? Добра! Хай будзе зачынены!… Галубоўскі! Ці добра зачыніў дзьверы? Бо мы тут будзем сядзець да раніцы.

Лякдугна. Добра! Да раніцы!… Галубоўскі! бяры гармонік! Пяі сваю песьню!

Сьцяпан (з вясёлай іроняй да Міхалкі). А заўтра, Міхалка, як?… Пачынаем новае жыцьцё?

Міхалка. Я сягоньня ўжо пачаў новае жыцьцё!… Хадзі, Маня! (абыймае Маньку і садзіць на крэсла).

Сьцяпан. Добра! Давайце гарэлкі! Хай жыве наша Маня і — «новае жыцьцё!»

Галубоўскі (пачынае граць на гармоніку і пяяць):).

І пянёндзуф ня хцяла, ня хцяла, ня хцяла,
А па дзбанка плакала, а па дзбанка плакала…

ЗАСЛОНА.

ІІ.

Рэч дзеецца на другі дзень раніцай. На сцэне непарадак: на століках недапітыя чаркі, пустыя бутэлькі, няпрыбраныя астаткі закускі. Крэслы стаяць не на сваім месцы. Сталы заліты півам. З буфэту закускі і бутэлькі прыбраны.

Галубоўскі сьпіць на падлозе, падлажыўшы пад галаву гармонік.

На сцэне цемра, бо ваконьніцы яшчэ зачынены.

Манька (ўваходзіць з кухні і тузае Галубоўскага). Пан Галубоўскі! а, пан Галубоўскі! Уставайце, бо ўжо позна.

Галубоўскі (не ачуняўшы ад сну). Га? хто прыйшоў?… А! позна кажаце (пазёувае і працягваецца). Ааа!… ой, бакі баляць!…

Манька. А я ня раз казала: чаму ня возьмеце са складзіку выкінутага там сяньніка? Можна-б яго палатаць і зусім добра было-б спаць. А то вы на голай падлозе, як сабака.

Галубоўскі. Усё роўна! Як сабака жыву, як сабака памру… Усё роўна!

Манька. Адчынеце, пан Галубоўскі, ваконьніцы… Ужо пара адчыняць рэстаран…

Галубоўскі (выходзіць; чутно, як лязгаюць адчыняемыя ваконьніцы; на сцэну падае сьвет сьвежага сонечна дня; праз мамэнт варочаецца назад).

Манька (парадкуючы сцэну). Чаму гэта вы, пан Галубоўскі, заўсёды махаеце рукой і кажаце: ўсё роўна! Ня «ўсё роўна», бо кожны стараецца, каб яму было ляпей. Вось толькі вы…

Галубоўскі. Сьмерць ідзе! Чую: сьмерць ідзе!… Ужо хутка… Нашто мне лепшае? Усё роўна: скрыня з дошчак, сіроцкія могілкі… Згнію, як падла.

Манька. Э! яшчэ не памрэце…

Галубоўскі. Памру! (паказвае рукой на горла). Тут душыць… ведаю… Мой бацька таксама: тут здушыла — памёр!…

Манька. Пан Галубоўскі! Ці гэта праўда, што людзі кажуць: што вы маеце жонку?

Галубоўскі. Маю — сьцерву.

Манька. Чаму-ж вы з ёй не жывецё?

Галубоўскі. Выгнала мяне падла.

Манька. Выгнала? Чаму?

Галубоўскі. Як піць пачаў — выгнала. З іншым зыйшлася, каб ёй немач!

Манька. Кажуць, вы службу нейкую мелі? чыноўнікам былі?

Галубоўскі. У канцылярыі пісаў, трыццаць рублёў браў. Добра жылося, пакуль ня піў.

Манька. Ах, Божанька! Як гэта людзі самі сабе жыцьцё загубляюць! (наводзячы парадак, хоча выліць вон застаўшуюся ў чарках гарэлку).

Галубоўскі (ўстрымоўвае яе). Што вы робіце! Не вылівайце! Панна Маня! як застаецца ад гасьцей гарэлка — мне аддавайце. (Выцягвае з-за пазухі бутэльку і зьлівае ў яе гарэлку з недапітых чарак).

Манька. Скажэце, пане Галубоўскі, навошта вы гэтак шмат п’ецё гарэлкі?

Галубоўскі. Чорт ведае… вось п’ю… Здаецца, што лепш на душы будзе…

Манька. Вось вярнецеся да жонкі…

Галубоўскі. Ня пускае ведзьма, з іншым жыве.

Манька. Кіньце піць, пашукайце службы…

Галубоўскі. Позна ўжо… Тут душыць… Усё роўна: гроб, сіроцкія могілкі… памру, як сабака.

Юлька (ўваходзіць). Як маешся, Манька! Ішла я міма і зайшла тутака, паглядзець, як жывеш. Здаволена? (сядае).

Манька. Нічога…

Юлька. Папірос ня маеш? я забылася купіць.

Манька. Няма. Гаспадыня на ключ зачыняе.

Галубоўскі (дастае з кішані папіросу і дае Юльцы).

Юлька (да Галубоўскага). Ну, што я буду голага абдзіраць!… На, маеш грошы (дае яму рубель), купі мне пачак папіросаў, тады маіх закурыш.

Галубоўскі (бярэ грошы, шапку і выходзіць).

Юлька (да Манькі). Ну як тут ідзе? Гасьцей шмат?

Манька. Нічога, Юля!… Ах, учора вось дык была авантура!… Сядзеў тут вось гэты, ведаеш? той, што да мяне прычапіўся…

Юлька. Грышка?

Манька. Але… А сюды прыйшлі нейкія іншыя госьці, далікатныя, хораша апранутыя… Я сядзела з імі… А ён усё: не сядзі ды не сядзі!… значыцца, каб я пайшла да ягонага століка. А я не пайшла. Вось ён зрабіў скандал! Яны пасварыліся і гэты чорнамазы разрэзаў нажом руку пану Міхалу.

Юлька. Хто-ж гэта пан Міхал?

Манька. А гэта адзін з тых, з якімі я сядзела.

Юлька. Хто-ж яны?

Манька. Студэнты, здаецца, ці што. Маладыя, прыгожыя, чыстыя…

Юлька. Дрэнна ты зрабіла.

Манька. Чаму?

Юлька. Ну, дык што з гэтага, што маладыя, прыгожыя?… Ахвота табе сядзець з нейкімі студэнтамі! Як будзеш такая дурная, дык нічога з цябе ня будзе… Вось Стэпка мела розум і жыве цяпер, як пані, Юзя таксама знайшла сабе нейкага старога, багатага — дый шмат іншых!… А ты навет і прыгажэйшая за іх і таксама магла-б зрабіць кар’еру, каб захацела… Я-ж сястра твая, я табе добра раю…

Галубоўскі (вяртаецца і дае Юльцы папіросы і дробныя грошы).

Юлька (да Галубоўскага, выймаючы з пачка адну папіросу). На, маеш папіросіну, а рэшту (вяртае яму прынесеныя ім грошы) бяры сабе на пахмельле і ідзі адсюль, Галубоўскі, бо нам трэба пагутарыць.

Галубоўскі. Дзякую. (Цалуе Юльку ў руку і выходзіць).

Манька (задумаўшыся). Дык што-ж мне рабіць?

Юлька. Я-ж кажу: ахвота табе задавацца з голымі студэнтамі, калі цябе клікаў Грышка!

Манька. Скажы мне, хто ён, бо я дагэтуль яшчэ ня ведаю.

Юлька. Чым ён займаецца? я й сама ня ведаю. Кажуць, у карты грае, шулер ці што… Ведаю толькі, што мае шмат грошай, а гэта — самае важнае… А ты яму надта спадабалася, ён мне казаў…

Манька. Я ведаю…

Юлька. Ну вось… А што-ж ты на гэта?

Манька. Калі ён мне не падабаецца, нейкі страшны…

Юлька. Дурная ты! Чаго табе?… Як ён закахаўшыся ў табе, дык ты можаш за нос яго вадзіць, трэба толькі ўмець… Вось я скажу цяпер табе праўду: ён прыслаў мяне сюды, каб я пагутарыла з табой і даведалася, ці ты вельмі злая на яго за ўчарашняе, (дастае грошы з торбачкі) і вось прысылае табе дзесяць рублёў на блюзку…

Манька. Не хачу я ягоных грошай, ня трэба!

Юлька. Дурная! Чаму?

Манька. Бо ён мне не падабаецца… Жулік!

Юлька. А каб цябе… Эх, ты дурная, Манька! Што-ж ты думаеш, што лепшага знойдзеш? Ня кожная гэткае мае шчасьце, як Стэпка або Юзя… (ізноў дае Маньцы грошы). Ну, на! бяры!… (Манька не бярэ грошай). Ну, як хочаш!… Глядзі, каб пасьля не шкадавала. Ну, і думаеш далей задавацца са сваімі студэнтамі?

Манька. Я ня ведаю… (Паўза). Пан Міхал мне надта спадабаўся…

Юлька. Які пан Міхал?

Манька. А вось гэты, што ўчора… Ён такі… да іншых не падобны, далікатны такі…

Юлька. Эх, з гэтых знаёмстваў нічога ня будзе!

Манька. Мне нічога ня трэба… (Ідзе да вакна).

Юлька. Як ня трэба!? А блюзачку купіць трэба? а боцікі купіць трэба? а капялюш купіць трэба? Хіба-ж не заўсёды будзеш хадзіць, як цяпер, абадраная, ў хустачцы? А з пяцёх рублёў, якія табе дае гаспадыня ў месяц, усяго гэтага ня купіш.

Манька (нічога не адказвае і глядзіць у вакно).

Юлька (ізноў суне ёй грошы). На! маеш! бяры! а то пасьля пашкадуеш!

Манька (гледзячы ў вакно). О! ён ідзе! Глянь — гэта ён!

Юлька. Хто такі?

Манька. Міхась… Вось сюды… Здаецца, сюды ідзе!…

Юлька. Здурэла!… Эх, дурная, дурная! Калі ты набярэш розуму? (устае). Ну, я іду ўжо, а ты добра падумай аб тым, што я казала… Бывай!… (выходзіць).

Манька (астаўшыся адна, сядае на стале, адчыняе вакно і гавора за сцэну). Добры дзень!… Што?… Не, нікагусенькі!… Чаму-ж не, але ў нас яшчэ ўсё зачынена, бо гаспадыня яшчэ сьпіць… Што?… Добра!… (саскоквае са стала і бяжыць да ўходных дзевярэй).

Міхалка (ўваходзіць з нейкімі пачкамі). Добры дзень, Маня!

Манька. Добры дзень, пан Міхал!

Міхалка. Га? ізноў «пан Міхал!»… Забылася?

Манька. Калі неяк так… сорамна казаць…

Міхалка. Ну, Маня, не саромся!… Кажы: Міхась, Міхалка — як хочаш, толькі ня: пан Міхал.

Манька. Міхась… калі, далібог, не магу…

Міхалка. Ну, вось сказала «Міхась» — і добра! А ўчора ты мне казала «Міхась» і не саромілася.

Манька. Бо ўчора я зашмат выпіла… Фу!… (паказваючы на пачачкі). Што, гэта пан Міхал…

Міхалка. Што?!

Манька (паправіушыся). Што гэта Міхась прынёс?

Міхалка. А вось зараз пабачым… (Разьвязвае торбачкі). Вось гэта яблыкі, а тут вось пірожныя, а гэта цукеркі…

Манька. На што гэта?

Міхалка. Будзем есьці.

Манька. Ня трэба… Шкада грошай…

Міхалка. Глупства… Маеш, бяры, Манечка!

Манька (пачынае есьці). Гэта мусі шмат каштавала?

Міхалка. Глупства… Ведаеш што, Манечка: ці ня знойдзецца ў вас гарачай гарбаты?

Манька. Есьць. У гаспадыні ў пакоі кіпіць самавар.

Міхалка (устрымоўвае яе). Це!… я не хачу, каб сюды прыйшла гаспадыня…

Манька. Нічога… Яна яшчэ сьпіць… (выходзіць).

Міхалка (астаўшыся адзін, бярэ з буфэту пустыя талеркі, раскладвае на іх свой трактамэнт і ставіць на стале).

Манька (варочаецца з 2-ма шклянкамі гарбаты). Як бачу, то пан Міхал ласун.

Міхалка. Ласун, але не «пан Міхал», а я — Міхаська.

Манька. Ну… Міхась… (П’юць гарбату і закусваюць).

Міхалка. Як гэта чалавек ніколі ня ведае, дзе яго шчасьце!… Калі ўчора цягнуў мяне сюды Сьцяпан, я не хацеў ісьці, думаў ужо варочацца дамоў… А вось што суджана, таго ня мінуць! Прыйшоў сюды, пабачыў цябе, закахаўся…

Манька (недаверчыва). Ну, так адразу і закахаўся!

Міхалка. Павер мне, Манечка, што кажу праўду! Я ад учора… але не! я ад сягоньняшняй ночы, як дурны. Я сягоньня яшчэ ня спаў. Я пайшоў за горад у лес. Я хадзіў і думаў, што гэта са мной робіцца?… Я ўсё думаў аб табе… Я ня мог дачакацца тае часіны, калі ізноў цябе пабачу. Нарэшце, я прыйшоў сюды, пад гэтыя вокны… Гляджу, рэстаран адчынены… Вось, думаю, добра!… Маня! а ты ці думала аба мне хоць крышачку? (Абыймае яе).

Манька. Думала. Я цябе сьніла.

Міхалка. Ах, ты мая залаценькая!… Але чаму-ж ты нічога не ясі?

Манька. А ты? Вось маеш гэты кусочак… смачны… (дае яму кусок пірожнага).

Міхалка. Не, ня гэтак!… Калі смачны, дык хай будзе яшчэ смачнейшы. (Дае ей пірожнае у зубы). Вось так, бяры ў зубкі, трымай! (Нахіляецца над ёй і адгрызае з яе вуснаў кусок пірожнага). Вось так… (ядуць, сьмяюцца, цалуюцца).

Манька. Я цябе буду карміць, бо бачу, што ты ня хочаш нічога есьці.

Міхалка. Добра, але так як раней… Хадзі, сядай, птушачка, на мае калены!… (Саджае яе сабе на калены).

Галубоўскі (ўваходзіць; пабачыўшы ў чым справа, закашляў, адвярнуўся, каб не глядзець, узяў свой гармонік і пайшоў у другі пакой).

Манька (засароміўшыся). Пабачыў?

Міхалка. Нічога! Ён і ня гэткія рэчы бачыў.

Манька (ўспомніўшы). А!… а я й забылася спытацца: як-жа ж рука? баліць?

Міхалка. Глупства… Крыху…

Манька. Можа трэба перавязаць… Дай, я зраблю перавязку.

Міхалка. Не, ня трэба. Добра будзе.

Манька. Ах, як я ўчора страшэнна перапалохалася! Гэткі разбойнік!… Каб трапіў у сэрца, дык мог-бы забіць насьмерць.

Міхалка. А табе было-б шкада?

Манька. Ведама! Яшчэ пытаецца!

Міхалка. Птушачка, мая даражэнькая! (Туліць яе да сябе).

Уваходзяць 2 госьці.

І госьць (пабачыўшы, што на буфэце пуста, да Манькі). Што, яшчэ нічога няма?

Манька (бяжыць да дзьвярэй у кухню). Пані гаспадыня! Пані гаспадыня! Госьці прыйшлі! Трэба ўжо адчыняць буфэт.

Міхалка (падходзіць да Манькі). Я пад вечар прыду. Бывай здарова, Маня!

Манька. Прыдзі!

Міхалка. Прыду! (выходзіць).

Гаспадыня (ўваходзіць з ключамі ў руцэ). Можа, паночкі, пойдзеце ў гэты пакой (паказвае рукой на сярэднія дзьверы), бо тут яшчэ ня прыбрана. (Адчыняе буфэт).

Госьці. Добра. Усё роўна… (Ідуць у другі пакой).

Галубоўскі (спаткаўшыся з імі у дзьвярох). Добры дзень, паночкі! Паночкі сёньня раненька…

І госьць. Як маешся, стары п’яніца! (ідуць за сцэну).

Гаспадыня (ідучы за імі). Во, сядайце там, паночкі! Зараз вас абслужаць…

Манька (астаўшыся на сцэне адна, ізноў пачынае мыць шклянкі, выціраць талеркі і г. п.).

Грышка (уваходзіць; Манька яго ня бачыць).

Грышка. Маня!

Манька (спалохаушыся). Ах!

Грышка (падыходзіць да яе). Маня! Гневаешся?

Манька. Чаго прыйшоў, разбойнік? Чаго ад мяне хочаш? Вон!

Грышка. Вон?! Не, даражэнькая, тут кожны мае права зайсьці: і я, і гэтыя (паказваючы на другі пакой), і гэты твой паніч, і ўсе. Кожны пан за свае грошы.

Манька. Вон! Чаго прыстаў ты да мяне?

Грышка. Чаго прыстаў? Ты добра ведаеш, чаго прыстаў… А чаму ты цяпер не такая, як раней была?… Памятаеш?… калісь, як я цябе толькі пазнаў? Тады ты інакш са мной гаварыла! Ты раз навет казала, што любіш мяне, памятаеш?

Манька. Адчапіся! Я тады сама ня ведала, што казала… Я тады была толькі што прыехаўшы з вёскі, я была як адурэўшы…

Грышка. Як адурэўшы? Не! гэта ты цяпер быццам адурэўшая. (Злосна сьмяецца). Хэ-хэ! Спадабаўся табе гэты… гэты студэнт! Я яму раз ужо задаў… Пачакай-жа ж! Як ён ад цябе не адчэпіцца, дык галаву яму скручу!…Студэнт!…

Манька. О, не! Раней я на цябе ў паліцыю данясу, раней ты ў вастрозе згніеш!…

Грышка (хапае яе за руку). Данясеш? Толькі папрабуй, гадзіна!

Манька (вырываючы руку). Ай! Пусьці!

Грышка (апамятаўшыся, іншым тонам). Маня! скажы, чаго табе трэба? чаго ты шукаеш? Маня! ты думаеш, што я благі чалавек? ты думаеш, што я заўсёды гэткі вар’ят? Не! гэта толькі цяпер такі здурэўшы, бо я страшэнна цябе люблю, мая Манька!… А табе спадабаўся гэты зломак, гэты… гэты… каб яго паляруш!… Маня! за што ты мяне ненавідзіш? Маня! чаго ты хочаш? Скажы мне адно слова, і я цябе вазьму адсюль, будзеш паняй, выедзем з гэтага гораду… Слухай! сягоньня ўжо трэба будзе мне ехаць… Хочаш ехаць разам са мной? Паедзем!… Хочаш грошы? Маеш! — вось грошы!… Колькі хочаш, бяры!… (З гэтымі словамі выцягвае з кішані тоўсты партфэль і выкідае з яго на стол грошы).

Манька. Ня трэба мне тваіх паганых грошай.

Грышка. Чаму? бяры! Чаму ты ня хочаш узяць маіх грошай?

Манька. Бо ты жулік, разбойнік!… Можа-б калісь цябе я й палюбіла, але ты памятаеш, як тады, на другі дзень, як мяне спазнаў, ты спаймаў мяне ў цёмным складзіку і там… там ты прычапіўся да мяне… памятаеш? Я тады пачала крычаць…

Грышка. Маня! Даруй! выбач!… я-ж цябе люблю страшэнна… Ну, ня гневайся ўжо, годзі! (Падыходзіць да яе і хоча абняць).

Манька (адпіхвае яго). Ідзі вон!

Грышка (іншым тонам са злосьцю). А вось як! Значыцца з табой трэба далікатна, як той-гэты студэнт! Ах, ты… паненка! Хэ-хэ-хэ!… Ну, пачакай-жа ж! Мо’ пашкадуеш! Можа прыйдзе час — пабачымся, і ў ног маіх валяцца будзеш, будзеш рукі мае цалаваць, каб даў табе рубля, каб даў табе хоць залатоўку, — як суку брыкну і адганю вон ад сябе, як ты цяпер мяне гоніш!… (Збірае параскіданыя на стале грошы і хавае у сваіх кішанёх). Каб цябе ўсе пакінулі, каб радня твая цябе адраклася, каб цябе стачыла найгоршая хвароба, як ты сэрца маё точыш, шэльма ты!… Я цяпер іду — і болей ужо не вярнуся. Мо’ зловяць мяне, мо’ сам галаву ў пятлю ўсаджу… Але ведай адно: дакуль жыў буду дык табе гэта не дарую! а як сабакі косьці мае па сьвеце разьнясуць, — хай сам чорт помсту на цябе выдумае! (Выбягае).

Манька (стаіць спалоханая). О, Божа мой! за што? за што?!

Гаспадыня (за сцэнай). Манька! што ты заснула там, ці што? Ідзі сюды, Манька!

Манька (уздрыгнула, працірае вочы, як пасьля жудаснага сна). Іду ужо, іду!… (Бяжыць за сцэну).

ЗАСЛОНА.


ІІІ.

Ноч. На сцэне цёмна. Каля буфэту на падлозе сьпіць Галубоўскі. Ля яго, палажыўшы яму галаву на бруха, сьпіць Лякдугна. Галубоўскі пачынае кашляць, бруха яго ўздрыгвае, Лякдугна будзіцца.

Лякдугна. О, Божанька мой!… О-ох!… У, чорт!… Галава трашчыць, косьці баляць… Куды-ж гэта я папаў, каб мяне ліха!… (шукае ў кішані сярнічкі; знайшоў, запалівае, разглядаецца па сцэне). А!… вось яно што!… Значыцца я тут, як сьвіньня, заснуў ля Галубоўскага ў гэтай нары… Тфу! чорт!… брыда, гадасьць, агіда!… Тфу!… (устае, зноў запалівае сярнічку, разглядаецца па сцэне і, пабачыўшы на стале сьвечку, запалівае яе і сядае на крэселе). Ну, брат Лякдугна! Годзі ўжо гэтага сьвінячага жыцьця! Гэтак далей нельга!… Або сабе кулю ў лоб, або трэ’ ўрэшце пачаць жыць па новаму!… Гэтак нельга!… Тфу!… Але што-ж цяпер рабіць?… Ноч… Да хаты далёка… Трэба будзе мусі тут прамучыцца да раніцы… (устае і падходзіць да Галубоўскага). А гэты сьпіць! Смачна сьпіць, як на пярынах… Діогэн! Далібог — Діогэн! Нічога яму ня трэба — толькі чарку гарэлкі, а пасьля мычыць сваё: «І пянёндзуф ня хцяла…»

Галубоўскі (будзіцца). Га?!.. Хто тутака?.. А!.. гэта вы, панок! А дзе-ж госьці?.. дзе гаспадыня?…

Лякдугна. Ужо ноч, браце! Усе ўжо даўно сьпяць.

Галубоўскі. А вы… скуль-жа тутака?

Лякдугна. А чорт ведае!… Вось напіліся мы з табой, браце, так, што заваліліся, як быдлё, на падлогу і спалі як сьвіньні… (да сябе). Але годзі ўжо гэтай агіды! Трэба ўжо кінуць гэта п’янства… Эх, чорт!… Вучыцца не паехаў, змарнаваў ужо два гады… Меўся повесьць пісаць, — напісаў два аркушы і кінуў… Скажы мне, Галубоўскі, дзеля якога ліха я жыву? Чаму я не павешуся? чаму я не зарэжуся?… Ох, смага страшэнная!.. піць дай!…

Галубоўскі. Гарэлкі, панок?

Лякдугна. Фу, ідзі да ліха з гарэлкай! Вады дай! халоднай вады!

Галубоўскі (ідзе ў кухню). Я зараз, панок… У кухні стаіць зядро з вадой… (выходзіць).

Лякдугна. Ох, сабачае жыцьцё!… І які чорт выдумаў гэтую праклятую гарэлку!… Робяць людзі атруту і гэту атруту прадаюць яўна, адкрыта… Атручваюць людзей без ніякага страху і ніхто нікога за гэта не цягне ў вастрог… Дый яшчэ не было-б дзіва, каб піў нейкі готэнтот, няма дзіва, калі п’е Галубоўскі, — але я!! — інтэлігент! студэнт! паэт!… А чорт-бы мяне ўзяў!!…

Галубоўскі (уваходзіць з кубкам вады).

Лякдугна (п’е ваду прагавіта). О-ох! добра… (выпіўшы). Скажы мне, Діогэн, навошта я п’ю?

Галубоўскі. Як, панок, казаў?

Лякдугна. Скажы, нашто я п’ю?

Галубоўскі. Пасьля п’янства заўсёды смага пячэ.

Лякдугна. Але нашто я гарэлку п’ю?

Галубоўскі. Ня ведаю… Такая ўжо мусіць панская воля.

Лякдугна. А ты навошта п’еш?

Галубоўскі. Таксама ня ведаю… Здаецца, што як вып’ю, дык будзе лепш…

Лякдугна. А ўсё роўна дрэнна? праўда?… Вось аб тое й ідзе: ня п’еш — дрэнна, вып’еш — яшчэ горш… а аднак п’еш… Бо мы, Галубоўскі, запуталіся як мухі ў нейкай павучыне… або не! лепш скажу: мы папалі ў дрыгву… На Палесьсі — я там быў вучыцелем у адным маёнтку — ёсьць гэткая дрыгва: стануў нагой неасьцярожна — і ўскочыў па пояс і ўжо з яе ня выбярэшся, бо цягне цябе ўсе глыбей ды глыбей, пакуль ня ўцягне ўсяго з галавой… Вось і мы папалі ў гэткую дрыгву: камосімся, прабуем з яе выкарабскацца, а дрыгва ўсё цягне нас глыбей і глыбей… Але не! ня ўцягне! Я вырвуся, выскачу з гэтага балота і пачну жыць, як сьлед!… Слухай, Галубоўскі, кінем піць?

Галубоўскі. Я не магу… Калі добры госьць дасьць чарку гарэлкі, дык трэба выпіць, каб не абразіўся.

Лякдугна. Ну дык і прападай у сваім балоце!… А я ня дамся! Мяне дрыгва ня ўцягне!… О, не!… Ах, Божа мой! Віно — вясельле душы, віно — радасьць жыцьця, а мы што з віна зрабілі? — атруту. Атруту для душы і цела. Мы — забойцы высокіх парываў, мы — няшчасныя чэрві, якія капошацца ў брудзе, мы — крэтыны… ух! чорт!!.. Калісь… грэкі пілі… У алябастравыя чары л’ецца залаты сок вінаграду, у паветры зьвініць музыка: граюць на флейтах, тамбурынах, лютнях; галовы прыаздоблены вянкамі з рожаў — усюдых вясельле, радасьць песьні… Эвоэ хараство! эвоэ любоў! эвоэ віно!… А над усім гэтым цёплае бязвоблачнае неба… А ў нас? — пахмурна, балота, імгла, — пахмурна ў паветры, пахмурна ў душы, атрутай чалавек залівае пахмурнасьць душы… Сввятла няма… Ах, Божа мой! сьвятла няма!!!

Галубоўскі. Можна запаліць лямпу, калі панок хоча…

Лякдугна. Лямпу? Ха-ха-ха! Лямпу!… Сам ты, Галубоўскі, як сьмярдзючая лямпа, а асабліва нос твой дык зусім як чырвоная ліхтарня, якая вісіць на дзьвярох прытону… Ох, дай яшчэ піць, браток!

Галубоўскі (ідзе у кухню і хутка варочаецца з вядром вады).

Лякдугна (п’е). Ох, добра!.. Ах, Божа мой! Зашто гэтулькі мук?.. Охо-хо!

Галубоўскі. Трэба гарэлку кіслым закусываць, тады лягчэй…

Лякдугна. Ох, Галубоўскі, ніякая кісьляціна не паможа, калі душа ўжо скісла, як агурок… Але нічога!… Заўтра пайду ў прачкарню, вазьму сваю чыстую сарочку, пасьля пайду ў ванну, акуратна вымыюся і пачну працаваць… Буду пісаць… Ах, гэтулькі ў галаве вабных вобразоў, гэтулькі думак, а ўсё прападае дарма, прападае талент, прападае жыцьцё… Але заўтра я адраджуся, заўтра пачынаецца мой рэнэсанс… Ну, а цяпер ужо пара спаць, годзі гэтай гутаркі!.. Трэба выспацца, каб заўтра не балела галава.

Галубоўскі. Але, паспаць ня дрэнна…

Лякдугна. Ну, дык кладзіся, Галубоўскі, а я палажу сваю галаву табе на бруха… (гасіць сьвечку і кладуцца на падлозе). Вось так… будзем спаць… Добрай ночы, Галубоўскі!

Галубоўскі. Дабранач, панок!

Паўза. Абодва час ад часу стогнуць, охаюць.

Лякдугна. Скажы мне, Галубоўскі, ці ты калі любіў?

Галубоўскі (недачуўшы). Чаго?

Лякдугна. Ці ты калі любіў дзяўчыну?

Галубоўскі. Кожнага дваццатага, як атрымоўваў пэнсыю…

Лякдугна (перапыняючы яго). Ах, не!… Я не аб тое… Ці ты любіў гэтак, каб табе было люба пацалаваць яе ручку, каб шчасьцем для цябе было глядзець у яе вочы, радасьцю — спаўняць яе жаданьні… Ці ты тужыў, адзін дзень яе ня бачыўшы?…

Галубоўскі. Не. Гэтак ня было.

Лякдугна. Ну, а сваю жонку?… Як жаніўся, ці жонку сваю ты любіў?

Галубоўскі. Я сам ня ведаю…

Лякдугна. Як гэта «ня ведаю»? Дык нашто-ж ты жаніўся?

Галубоўскі. Ня ведаю, як гэта выйшла… Я чыноўнікам быў, добрую службу меў, трыццаць рублёў браў, дык людзі прычапіліся: жаніся ды жаніся!.. Сасваталі… Пасьля, ад першых запаведзяў да самага шлюбу, паілі, каб, значыцца, не раздумаўся; пасьля — п’янага павязьлі ў касьцёл і жанілі… З жонкай нядоўга жыў, бо пасьля сам сьпіўся, са службы выгналі і жонка з хаты выгнала… «Ня трэба — кажа — мне гэткага п’янчугі, што нічога ня робіць, а толькі апошнія манаткі прапівае»…

Лякдугна. Але… Ня доўга, значыцца, ты цешыўся сваім «сямейным шчасьцем»… А вось у мяне жонкі ня было і мусіць ужо ня будзе… Любіў калісь адну дзяўчыну… Была маладая, прыгожая, але хітрая, гадаўка… Я — студэнт, і няма ведама, ці калі кончу ўнівэрсытэт, а тут якраз падвярнуўся гатовы ўжо інжынер. Стары, але багаты… Меўся нават сваю ўласную фабрыку будаваць… Ну, і кінула мяне… Звычайная гісторыя… Можа навет і добра, што гэтак сталася… і для яе, і для мяне… Але… але… так… (пазёўвае). Ну, будзем ужо спаць, Галубоўскі! Пара ўжо! Трэба выспацца, каб заўтра з новымі сіламі пачаць сваё адраджэньне.

Паўза.

Лякдугна. Галубоўскі!

Галубоўскі. Га?

Лякдугна. Ты яшчэ ня сьпіш?

Галубоўскі. Не.

Лякдугна. Страшэнна дрэнна…

Галубоўскі. Дык можа-б вы, панок, на сталох ляглі… Будзе выгадней.

Лякдугна. Не, ня ў гэтым справа… Пад сэрцам смокча… ух! пячэ ў сярэдзіне!…

Галубоўскі. І ў мяне грызе ў сярэдзіне… Гэта заўсёды так.

Лякдугна. І думы чорныя ў галаву лезуць… Ох, нашто я на сьвет радзіўся! ой, нашто я жыву?!… о-ох!…

Паўза.

Лякдугна. Галубоўскі!

Галубоўскі. Га?

Лякдугна. Як думаеш: а каб так цяпер… чарачку? ці не памагло-б?

Галубоўскі (ажывіўшыся). Апахмяліцца, значыцца?

Лякдугна. Але.

Галубоўскі. Памагае.

Лякдугна. А як-бы тут дастаць? Ці не зачынена?

Галубоўскі. Я схаваў тое, што ад паноў засталося.

Лякдугна. Давай, браце! (устае і запалівае сьвечку).

Галубоўскі (устае, дастае з-за буфэту нейкае рызьзё і выцягвае адтуль бутэльку).

Лякдугна. А закуску маеш?

Галубоўскі. Есьць кусок селядца.

Сядаюць каля стала, п’юць.

Лякдугна (выпіўшы чарку). Фу, гадасьць!

Галубоўскі (п’е). Нічога… Гэта толькі першая чарка — як той казаў — калом, а другая — сакалом…

Гадзіньнік на катэдральнай вежы вызванівае чатыры квадрансы, пасьля пару танамі ніжэй вызванівае трэцюю гадзіну начы.

Лякдугна (лічыць удары звона). Раз… два… тры… Трэцяя гадзіна… Вось кожны гэты стук гадзіньніка прыбліжае часіну сьмерці. Стукнуў гадзіньнік: дын! — і сьмерць бліжэй… А нашто чалавек родзіцца? Каб памерці? — якое глупства! Кажуць, што чалавек зьяўляецца на сьвет, каб жыць, цярпець, нешта тварыць і дасканаліцца… Гм! Добра я выдасканаліўся! Вось — сяджу ў начы ў шынку і п’ю гарэлку з Галубоўскім! Дасканальнасьць, каб яе чорт узяў! Халера! Тфу! (Кідае сваю чарку на падлогу).

Галубоўскі (зьбіраючы кускі шкла ад разьбітае чаркі). Ня трэба так, паночку! Нашто скандаліць? Гаспадыня разбудзіцца, будзе злавацца, крычаць…

Лякдугна. А ў мяне душа крычыць. Душа крычыць: ратуйце, бо гіну-прападаю… (ап’янеўшы). Эх, марна прападаю! Галубоўскі! ты сьвіньня і я сьвіньня, ты п’яніца і я п’яніца… Дай мне сваю ручку, Галубоўскі! Ну, дай мне сваю ручку… Вось так… (цалуе Галубоўскага руку).

Галубоўскі (бароніцца). Што вы, панок! Гэта-ж я вас павінен цалаваць, а ня вы мяне… (хапае Лякдугну за руку і два разы цалуе яго руку).

Лякдугна. Не, гэтак несправядліва. Я цябе пацалаваў толькі адзін раз, а ты мяне два разы… Давай, я яшчэ раз пацалую. (з пашанай цалуе Галубоўскага руку). Вось так… А цяпер давай пацалуемся ў морду… (цалуюцца). Ты няшчасны і я няшчасны, абодва мы бяздольныя, эх!… Сядзем, Галубоўскі, будзем піць і пяяць… (абняўшыся сядаюць побач і пяюць п’янымі ахрыпшымі галасамі: „І пянёндзуф ня хцяла, ня хцяла, ня хцяла“.)

Манька (ўваходзіць). Пане Лякдугна! Кіньце пяяць! Цяпер ноч, усе сьпяць ды й на вуліцы чутно, прыйдзе паліцыя, зробіць пратакол…

Лякдугна (хапае яе за руку, аблівае яе сьлязмі і цалуе). Маня! Ратуй мяне! я тону! дрыгва цягне мяне… І сябе ратуй! Уцякай ты з гэтае бруднае нары! уцякай на вёску! Там калосіцца жыта, там васількі цьвітуць, там сенажаць сьмяецца ўсімі сваімі краскамі — уцякай адсюль, Манька, бо прападзеш так, як я прападаю… (плача).

Манька. Ціха, пан Лякдугна, як можна!… Сорам! Вы чалавек разумны, вучоны — і гэтак плачаце!

Лякдугна (перайшоўшы на іншы тон). Праўда! Праўда, Маня! Далоў сьлёзы! Сьлёзы — гэта атрута, гэта яд, які разслабляе душу… Мы павінны сьмяяцца, весяліцца! Будзем пяяць гімн жыцьця і шчасьця! Няхай гудзяць літаўры, няхай сыплюцца кветкі! Будзем кружыцца як віхор у шалёных скоках! (хоча абняць Маньку, яна ўцякае).

Манька. Пане Лякдугна! Кіньце!…

Лякдугна (да Галубоўскага). Галубоўскі! А ты чаму ня скачаш? Хадзі, паскачам з табой у чэсьць радасьці жыцьця! (хапае Галубоўскага за плечы і абняўшыся, пачынае з ім скакаць нешта дзікае, пасьля абодва падаюць).

Гаспадыня (босая, неапранутая, у хустцы накінутай на плечы ўваходзіць на гэты шум). А, Божа-ж ты мой! А што-ж тут робіцца? Галубоўскі! Што ты з глузду зьехаў, ці што? Ідзі спаць! (да Лякдугны): А вам, панок ня сорам? Разумны чалавек, а скача як дурны. А яшчэ студэнт!..

Лякдугна (седзючы на падлозе). Дрыгва цягне мяне… Ратуйце! Дрыгва цягне!

Гаспадыня. Ах, бяда з гэтымі п’яніцамі!

ЗАСЛОНА.


IV.

Рэч дзеецца пару месяцаў пасьля. Дэкарацыя тая самая. Вечар. Лямпы запалены. Гаспадыня дрэмле, седзючы за буфэтам. Манька сядзіць і нешта сабе шые. Лякдугна і Галубоўскі сядзяць пры адным са столікаў і п’юць гарэлку.

Лякдугна (п’яны). Пі, Галубоўскі!

Галубоўскі (ікае). Нне… магу!

Лякдугна. Ты, Галубоўскі, мастак, ты — артыст! У цябе душа не такая, як у іншых людзей, у цябе душа як арфа Эолева. Лёганькі дзьмух ветра, кожнае дрыгненьне чалавечага сэрца адклікаюцца на струнах душы тваей, Галубоўскі! Ты, Галубоўскі, павінен пісаць, ты напішаш вялікую рэч! Увесь сьвет пахіліць галаву перад табой, Галубоўскі!… І чаму ты ня пішаш, Галубоўскі?

Галубоўскі. Я пісаў. У канцылярыі пісаў. Трыццаць рублёў браў. Піць пачаў. З канцылярыі выгналі… і жонка выгнала…

Лякдугна. Жонка? Што ёсьць жонка, Галубоўскі? Для гэткіх людзей, як ты і я, няма жонкі, Галубоўскі! Ты, Галубоўскі, павінен ісьці праз жыцьцё, як праз усеяную краскамі сенажаць… Сарваў красачку — і далей… А жонка? — Адна ёсьць жонка для гэткіх людзей, як ты і я, Галубоўскі, — гэта мастацтва, творчасьць — вось твая жонка, Галубоўскі!

Галубоўскі. Была адна, і то прагнала… з іншым зыйшлася. Цяпер намаўляе хэўру, каб мяне са сьвету згладзіць, каб магла за другога замуж пайсьці… Але я ня дамся!

Лякдугна. Ня дамся! — вось наш кліч! Але, але! Ня даймося!… Усе крычаць, паказваюць пальцамі: вось п’яніца!… Ну, дык што, што п’яніца? Якое вы маеце права крычаць на мяне: п’яніца? Што вы цьвярозыя, а я адзін п’яны? А ведаеш ты, Галубоўскі што значыць: адзін?… Ібсэн добра сказаў: найдужэйшы той, хто адзін… Вось як! Дык што, што крычаць? Няхай крычаць! няхай б’юць! хай душаць нават…

Галубоўскі. Даўно ўжо душыць… (паказваючы на грудзі) тут душыць… Паміраць трэба…

Лякдугна. Паміраць? Хэ-хэ! паміраць! што сьмерць! — глупства! Ты, Галубоўскі, безсьмяротны, але ты пішы, Галубоўскі! (бярэ сваю чарку). Пі, Галубоўскі!

Манька. Ці пан Лякдугна даўно бачыў Міхася?

Лякдугна. Я бачыў, ты бачыў, ён бачыў, мы бачылі, вы бачылі, яны бачылі, але яна ня бачыла… Ха-ха-ха!

Манька. Я не жартую! Бачылі, ці не? І ці гэта праўда, што ён хутка ўжо зьбіраецца ехаць на ўнівэрсытэт?

Лякдугна. О, даўно ўжо пара яму ехаць, але наш брат ня надта любіць сьпяшацца: пасьпяшыш — людзей насьмяшыш! А ці-ж ён табе нічога й не сказаў, што ў канцы гэтага тыдня паедзе?

Манька (спалохаўшыся). У канцы тыдня?!

Лякдугна. Нічога не сказаў… Гм… (падыходзіць да яе). А што? Сумненька будзе без Міхася? Іншыя пацешаць. (Хоча яе абняць).

Манька (адпіхаючы яго). Што вы робіце? Кіньце!

Лякдугна. Чаму? Галубоўскі Міхасю нічога ня скажа, гаспадыня сьпіць…

Манька. Ну дык што? А я не хачу!

Лякдугна. Ня хочаш — як сабе хочаш!… Ты думаеш, што Міхась таксама табе верны?

Манька. Я ведаю…

Лякдугна. Нічога ты ня ведаеш, зязюлечка! (ізноў хоча яе абняць).

Манька. Што вы? пан Лякдугна!

Сьцяпан (уваходзіць; за ім Міхалка і 2 інш. госьці). А, Лякдугна! Што я бачу! Фі! сорам! Табе хіба здавалася, што наша Манечка — гэта Муза Олімпійская… (да гаспадыні). Добры вечар, панічка!

Гаспадыня (прачхнуўшыся). Добры вечар!… Добры вечар!…

Сьцяпан (да гасьцей). Хадзеце, хлопцы, у гэты пакой, там спакайней будзе. (Ідудь у сарэдзіну, за імі Міхалка).

Лякдугна (затрымоўваючы Міхалку). Ты, крый Божа, не падумай, што я… Я так… толькі жартам, бо я крыху ўжо таго… (жэст). Я перапрашаю…

Міхалка. А ты гэта датычна Манькі?… Ды-ж мне усё роўна!…

Лякдугна (зьдзівіўшыся). Усё роўна?

Міхалка. Але. Ну, пойдзем да іх! (Ідуць у сярэдзіну).

Гаспадыня (да Галубоўскага). А я колькі разоў ужо казала Галубоўскаму, каб так не напіваўся! Ізноў п’яны! Прыйшлі госьці, а ён сядзіць, налізаўшыся як шавец!… Э, годзі ўжо гэтага! Найму фартэп’ян, пасаджу якогась музыку, а Галубоўскага з гэтым гармонікам вон праганю!

Галубоўскі (цалуючы яе ў руку). Панічка! не выганяйце! Дзе-ж я падзенуся? (з п’янымі сьлязьмі ў голасе). Жонка выгнала, пані выганяе, — хіба галаву ў пятлю… А гэта… як-жа ж ня піць, калі такі добры пан, гарэлкі дае, ласкава гаворыць…

Гаспадыня. Ну, ідзі ў складзік, прасьпіся. (Ідзе у кухню).

Галубоўскі. Не, я пайду зайграю! (бярэ гармонік і выходзіць у сярэдзіну).

Міхалка (уваходзіць з Манькай). Ну, чаго хочаш?

Манька. Чаму-ж гэтак доўга ня прыходзіў? га?

Міхалка. Ці-ж доўга? Здаецца — не.

Манька. Не? Гэта-ж будзе каля двох тыдняў!

Міхалка (няшчырым тонам). Няўжо-ж будзе?… Здаецца — не.

Манька. Калісь ты часьцей прыходзіў. Мусіць часу ня меў?

Міхалка. Але, але. Ня меў.

Манька. Міхась! каточак! я маю да цябе просьбу…

Міхалка. Ну?

Манька. Ня пі! Я ня люблю, як ты п’яны… Мы гэтак даўно ня бачыліся, — вось пасядзім, пагутарым, разскажаш мне, што ты рабіў, а яны хай сабе п’юць… Я цябе вельмі прашу… Добра?

Міхалка. Вось табе на! А чаго-ж я сюды прыйшоў?

Манька. Што?! Ты значыцца прыходзіш сюды для гэтай праклятай гарэлкі, а не дзеля мяне?

Міхалка. Ды й да цябе прыходжу, і выпіць з прыяцелямі прыходжу… Адно аднаму не перашкаджае.

Манька. Але… Для цябе твае прыяцелі ды гарэлка даражэйшыя за мяне? Каб іх!… (плача).

Міхалка. Вось маеш!… Ізноў сьлёзы!… Ну, скажы сама: ці-ж ты не дурная? Ну, чаго ты плачаш? ці ёсьць прычына? Дзеля таго, што я прыйшоў выпіць, закусіць?… Каб я з іншымі дзяўчатамі задаваўся, — тады інакшая справа!..

Манька. Хто цябе ведае!.. Можа й гэта бывае, як я ня бачу… Ты-ж так даўно ня быў!

Міхалка. Пакуль ня бачыла, дык і не кажы! Можа гэта з часам будзе, а пакуль што — не.

Манька. З часам… гэта… будзе?… Вось як! Ты мне гэта гаворыш! Значыцца, ты мяне ня любіш! Значыць, ты ашукаў мяне!

Міхалка. Ах, кінь рабіць трагэдыю без патрэбы! Ведама, што няма нічога вечнага! (ідзе у сярэднія дзьверы).

Манька (сядае і закрыўшы вочы, голасна пачынае плакаць).

Міхалка (устрымаўшыся). Вось і пачалося! І чаго я, дурны, прылез сюды?!

Манька. Але!… «Чаго прылез!»… «Чаго прылез!»… Раней прыходзіў кожны дзень або й два разы ў дзень, а цяпер — «чаго прылез!»… Эх, праўду людзі казалі, перасьцерагалі: ня вер яму, ня вер!… Вось маю за гэта, што, не паслухалася добрай рады!

Міхалка (іронічна). Але! Трэба было слухацца апаша Грышкі, або сваей разумненькай сястрычкі, — тады-б добра было!

Манька. А ведама, што горай ня было-б!

Міхалка. Але… але…

Манька. А вось я нядаўна даведалася, што на гэтым тыдні ты ўжо выедзеш з Вільні… Чаму-ж ты мне аб гэтым нічога не казаў? Гэта праўда?

Міхалка. Але… Праўда. А я не казаў, бо яшчэ сам добра ня ведаў, калі паеду.

Манька. Ага! А я аб гэтым даведалася ад чужых людзей, а ты маўчаў… Ты хацеў уцячы ад мяне, — вось які ты! А ты-ж колькі разоў казаў, што не паедзеш!

Міхалка. Яшчэ чаго! Ты-б мо’ хацела, каб я для цябе й унівэрсытэту ня скончыў? Набяры-ж ты розуму! Ці ты ведаеш, што гаворыш?

Манька. Ты-ж казаў, што шлюб возьмем і паедзем разам.

Міхалка. Ізноў сваё: шлюб ды шлюб! Для цябе самае важнае — гэта шлюб. Хай усё прападзе, каб толькі быў шлюб!…

Манька. На што-ж ты сам казаў?

Міхалка. Э, пасьпеем з гэтым шлюбам! Але скажы, калі ласка, які гэта мае сэнс? Ты-ж сама ня раз казала, што я благі чалавек, што я змарнаваў табе жыцьцё, што ты была-б шчасьлівейшай, каб не спаткалася са мной… Дык вось: на якое ліха гэты шлюб?

Манька (сумна). Інакш ты калісь гаварыў са мной, інакш. Што-ж, няма дзіва: надаела я ўжо табе і йдзеш шукаць іншай. Што-ж, шукай! шукай! я за табой не паганюся… Ідзі! шукай! (пачынае плакаць).

Міхалка. О! Ізноў сьлёзы!… З табой зусім нельга пагутарыць спакойна.

Сьцяпан (за сцэнай). Міхась! Хадзі сюды!

Міхалка (крычыць у другі пакой). Зараз! (да Манькі). І ты дзівішся, што я раней табе не сказаў, што паеду. Каб сказаў раней, дык і раней пачаліся-б гэтыя сцэны ды сьлёзы!… (са злосьцю). Ах, надаела мне усё гэта! (падыходзіць да сярэдніх дзьвярэй і кажа за сцэну). Гэй, хлопцы! Я іду адсюль, а вы — як сабе хочаце… Што?… Іду! не хачу тутака заставацца.

Лякдугна (ўваходзячы). Што? Чаму?

Сьцяпан (ўваходзячы). А куды-ж ты думаеш ісьці?… (пабачыўшы, што Манька плача). А! чаго-ж Маня плача? (Да Манькі). Ну, ня трэба плакаць, бо дрэнна будзеце выглядаць: вочкі будуць чырвоненькія і носік будзе чырвоненькі… (да хлапцоў). Ну, калі ісьці, дык ісьці! Пойдзем!

Гаспадыня (увайшла пры апошніх словах Сьцяпана). Эх, гэтая Манька заўсёды папсуе інтэрас!

Сьцяпан. Але й Манечку бяром з сабой!… Паня гаспадыня! добра?

Гаспадыня. А хай сабе йдзе!… Але чаму-ж бы вам тут не пасядзець? Усё ёсць, чаго захочаце…

Сьцяпан. Калі вось Міхалка ня хоча… (да Міхалкі). Міхась! га? можа застанемся тутака?

Міхалка. Як сабе хочаце… Я — іду!

Сьцяпан. Ну, калі так, дык пойдзем! (да Манкі). Панна Маня! апранайцеся! Хутчэй!

Манька (ціха да Міхалкі). Ты хочаш, каб я з вамі йшла?

Міхалка. Яшчэ чаго! Нашто? Я ўцякаю адсюль, а яна са мной пойдзе!… Вось добра! …

Манька. Ах, так… Ты ад мяне ўцякаеш?… Добра… (сядае).

Сьцяпан. Ну, пойдзем ужо, хутчэй! (да Манькі). Пойдзем!

Манька. Я не пайду!

Сьцяпан. Чаму?

Манька. Не хачу! Не пайду! Адчапецеся!

Сьцяпан (сьціснуўшы плячыма). Ну, калі ня хочаце — ня трэба… Ну, марш, хлопцы! Да пабачэньня, панна Маня! Бывайце здаровы, пані гаспадыня! (пяе): Allons enfants de la patrie… (пяючы ўсе выходзяць на вуліцу).

Гаспадыня (да Манькі). І нашто ты хванабэрыі робіш? Яны-ж людзі ня простыя, а вучоныя, а ты простая дзяўчына — і хванабэрыі!… І сабе шкоду робіш і мне гасьцей выганяеш… эх! (махнуўшы рукой, пайшла у кухню).

Манька (глядзіць усьлед пайшоўшым хлапцам і сумна ківае галавой). Пакінуў мяне! пакінуў!…

Галубоўскі (уваходзіць з друга пакою і пабачыў, што нікога з гасьцей ужо няма). А мяне пакінулі!…

ЗАСЛОНА.


V.

Рэч дзеецца пару гадзін пазьней, уначы. Сцэна цёмная. Каля буфэту на падлозе сьпіць Галубоўскі. Паўза. Пасьля чутно стук у дзьверы і вокны.

Галубоўскі (будзіцца). Хто гэта? чаго? (стук трывае далей). Хто тамака так позна стукаецца? (устае і йдзе да дзевярэй). Хто там?

Сьцяпан (за сцэнай). Адчыняй, адчыняй, стары! Гэта мы.

Галубоўскі. Паночкі! ужо позна… Ужо ўсе сьпяць: паня гаспадыня сьпіць і Маня сьпіць…

Сьцяпан. Адчыняй! Мы разбудзім.

Галубоўскі. Калі я сам ня ведаю… Каб гаспадыня не злавалася!…

Сьцяпан. Ня будзе злавацца. Адчыняй!

Галубоўскі. Зараз, я толькі запалю лямпу… (запалівае лямпу, на сцэне робіцца сьветла).

Манька (пачуўшы гоман, уваходзіць босая, акрыўшыся хусткай). Хто тамака?

Галубоўскі. А гэта тая самая кумпанія… студэнты. (Адчыняе дзьверы, уваходзяць: Сьцяпан, Міхалка і 2 госьці, якія падтрымоўваюць ушчэнт п’янога Лякдугну).

Лякдугна (пяе-бармоча: „Вып’ем за радасьць, вып’ем за шчасьце…“).

Сьцяпан. Выбачайце, панна Маня, што мы вас разбудзілі сярод начы, але ўжо нікуды нельга дастукацца, бо ўсюды зачынена, а сягоньня захацелася нам яшчэ крыху выпіць… Сягоньня разьвітаньне з прыяцелям… Міхалка раптам, ні з таго — ні з сяго, замест ехаць у суботу — паедзе заўтра раніцай.

Манька. Ах, так?

Сьцяпан. Дык вось трэба выпіць, праўда?

Манька (іронічна). О, трэба!

Сьцяпан. Ну, дык шкода часу… Хадзеце, хлопцы, сядайце! (усе, апрача Манькі і Міхалкі выходзяць у другі пакой).

Манька (стаіць каля буфэту й глядзіць на Міхалку).

Міхалка (ходзячы па сцэне). Маня! Я хачу з табой пагутарыць. Даўно я ўжо хацеў, але вось ня мог… А трэба… Цяпер дзеля таго галоўным чынам і прыйшоў сюды, каб адразу сказаць усё… Толькі калі ласка спакойна, бяз сьлёзаў…

Манька (глядзіць на яго шырока расплюшчанымі вачыма, баючыся гэтых ягоных слоў).

Міхалка. Бачыш, Маня, пара месяцаў назад мы спазналіся, палюбіліся, добра нам было… Але як-жа далей будзе? Усё мае свой канец.

Манька (нясьмела). Ты-ж казаў, што жаніцца будзеш…

Міхалка. Жаніцца? Гм! жаніцца! Лёгка сказаць… Але ці ў гэтым шчасьце? Ну, калі пажэнімся, думаеш, будзем шчасьлівы? О, ніколі! Ты мяне не разумееш, я цябе таксама не магу зразумець, бо мы з табой быццам з розных канцоў сьвету. Людзі тады жывуць з сабой шчасьліва, калі разумеюць адно аднаго. А гэта трудна… Бо душа людзкая гэта… гэта не бутэлька гладкая, як гэта (бярэ са стала бутэльку), а там шмат ёсьць розных загібаў, куточкаў, перэгародкаў, якія усе трэба пазнаць, жывучы з чалавекам… Дык вось, Маня, нам трэба разстацца. Але, але… трэба!

Манька (маўчыць і глядзіць на яго).

Міхалка (падыходзіць да яе). Ну, чаго-ж ты маўчыш? Ня гневайся на мяне, мая ты сумненькая, але нічога не парадзіш — трэба; іншай рады няма. Як сама аб гэтым добра падумаеш, дык згодзішся са мной… Ну, толькі не рабі трагедыі… (гладзіць яе па валасох).

Манька (хапаючы яго за руку). Міхась! Ня кідай!.. Я буду для цябе паслухмянай, я табе ні ў чым перашкаджаць ня буду… рабі, што хочаш, толькі ня кідай!.. Залаценькі мой, ня кідай мяне! Што я без цябе рабіць буду?!.. як жыць буду?!.. Ня кідай!

Міхалка. Эх, дзетанька! Ня маеш ты розуму! Раней ці пазьней гэта павінна стацца… Няхай ужо лепш усё адразу скончыцца, — лягчэй на сэрцы будзе. Ты яшчэ маладая, вельмі маладая, ты яшчэ палюбіш, будзеш шчасьліва…

Манька. О, не, Міхась! о, не! Нікагусенькі ніколі ўжо не палюблю!.. Ты мой адзіны, Міхась! Ня кідай! Ня трэба шлюбу, нічога ня трэба, толькі ня кідай!.. (са сьлязмі закідвае яму рукі на шыю і пачынае плакаць на яго грудзёх).

Міхалка. Ну, ціха, дзетанька! Ну супакойся…

Манька (пасьля паўзы падымае галаву і глядзіць яму ў вочы). Міхась! скажы ты мне праўду: ці ты калісь узапраўды мяне любіў? ці ты праўду казаў? Скажы!

Міхалка. Але… Ведама… Любіў… Я й цяпер цябе люблю…

Манька. А ці калісь, раней, з самага пачатку ты думаў аб тым, што нам трэба будзе разстацца?

Міхалка. Гм… Тады мне ўсё здавалася інакш, цяпер — гляджу на гэта цьвяроза.

Манька (іншым тонам). Брэшаш, Міхалка!.. Я цяпер шмат уцяміла таго, чаго раней не магла зразумець. Быццам мне вочы расплюшчыліся. Я цяпер ведаю, чаму ты заўсёды хаваўся, як быў са мной; я ведаю, чаму ты не хацеў хадзіць са мной па вуліцы; я ведаю, чаму твае прыяцелі ўсьмяхаліся, як нас разам бачылі, — ты мяне стыдаўся, я ведаю…

Міхалка (хоча нешта сказаць).

Манька. Але! Не пярэч! Ты стыдаўся! Стыдаўся ты мяне, бо я простая дзяўчына з вёскі; бо я не патраплю гэтак разумна гаварыць, як нейкія паненкі-выкрутаскі; ты стыдаўся, бо я кэльнэрка, а калі стыдаўся, значыцца ня любіў мяне!.. А я, дурная, — я верыла яму! (хапаецца рукамі за галаву). О, нашто я верыла яму?

Міхалка. Чакай… супакойся…

Манька. Але! «Супакойся!»… Хочаш мяне супакоіць? Разбіў маё сэрца нагоднік, а цяпер: супакойся! А ці ты ведаеш, што мо’ ніводная з тваіх разумненькіх, «інталігентных» паненак ня будзе цябе любіць так, як я любіла! Я табе аддала усё сэрца, усю душу, усе думкі свае! Я падавала гасьцям піва, а думала аб табе, я клалася спаць, я ўставала — і думала толькі аб табе, ды аб табе! Калі ты доўга ня прыходзіў, я мейсца сабе не знаходзіла, я думала, ці не здарылася нешта з табой… А ты вось які!

Міхалка. Супакойся… Яшчэ ня раз спаткаемся… Я прыеду… Гэта-ж не на заўсёды…

Манька. Але! «Не на заўсёды!» Ты хочаш мяне супакоіць… Не! Дарма! Я ўжо ведаю ўсю праўду і цяпер ужо мяне не ашукаеш… О, я цяпер усё ведаю, усё рузумею!.. Але, праўду ты казаў: няхай ужо ўсё адразу скончыцца, лягчэй на сэрцы будзе… Ах, і за што я цябе гэтак любіла?! О, як я цяпер ненавіджу цябе! О, чаму Грышка тады вось тут, замест у руку, ня ўсадзіў табе нож у сэрца! Ня мучылася-б я цяпер гэтак!..

Міхалка (злосна). А! прыпомніўся табе цяпер твой Грышка — твой першы каханак!

Манька. Брэшаш! Ён маім каханкам ніколі ня быў! Ты добра ведаеш, што ты быў першы і… і апошні… А калі-б нават і быў, дык што? Ён можа болей варты за цябе, ён пэўне не зрабіў-бы гэтак, як ты, бо ён запраўды любіў мяне.

Міхалка. Ты не раўнуй мяне з Грышкай!.. Ты!.. (грозна падыходзіць да яе).

Манька. А ты што лепшага? Ах, ты паніч подлы! Плюю я на тваё панства і на цябе! Тфу!

Міхалка (хапае яе за плечы; хацеў ударыць, але ўстрымаўся і толька адпіхае яе ад сябе). Вон з маіх вачэй!..

Манька (упаўшы на падлогу). Ах, так!.. вось які ты!.. вось!.. (падымаецца с падлогі і ідзе ў другі пакой, паглядаючы на Міхалку вачыма пакрыўджанай).

Сьцяпан (уваходзіць з другога пакою з чаркай і бутэлькай; за ім Галубоўскі і госьці). Чаму-ж ты, Міхалка ўцёк ад нас? Хадзі піць. Заўтра паедзеш, пакінеш нас, а ня хочаш выпіць з прыяцелямі на разьвітаньне! (Дае яму чарку). На, маеш, і вып’ем за тое, каб мы заўсёды да самай сьмерці былі душой молады, як цяпер, каб ніколі не адракліся сваіх ідэялаў і заўсёды паважалі ўсё гордае, сьмелае, шляхотнае… Гурра!

Госьці. Гурра!!

Гаспадыня (ўваходзіць). Ціха, паночкі! Ня крычыце!.. Зачынена…

Міхалка (ня выпіўшы сваей чаркі, кідае яе на падлогу і сядае на крэсьлі).

Усе. Што гэта?.. Чаго?.. Ты п’яны?

Сьцяпан (пасьля кароткае паўзы). Ааа… Я ведаю, што гэта… (да Міхася). Што? Кепска на душы? га? Сьмейся з гэтага, усё пройдзе як сон. (Да хлапцоў). Давайце яму новую чарку! (пяе):

Эх ня дожджык гэта льецца,
Льецца скрозь туман-імглу —
Гэта хпопец горка плача
І кляне долю сваю…

Усе (падхапліваюць песьню і пяюць хорам).

Годзі, наш брацейка,
Дык ты ня дзеўчына!
Пі, пройдзе туга,
Пі, пройдзе туга!

У другім пакоі чуваць кароткі крык і стук нечага ўпаўшага на падлогу.

Усе. Што гэта?

Міхалка (сьцяміў, што гэта значыць. Ускочыўшы з месца, ня ведае, што рабіць).

Галубоўскі (кінуўшы гармонік, бяжыць у другі пакой).

Усе (быццам адзервянеўшыя глядзяць яму ўсьлед).

Галубоўскі (хутка варочаецца). Маня атруцілася!…

ЗАСЛОНА.

VІ.

Гэты самы рэстаран, але ўжо мае іншы выгляд. На сьценах новыя абоі, сталы прыкрыты белымі настольнікамі, буфэт багата застаўлены закускамі.

У другім пакоі стаіць пяніно, на якім грае музыка, а другі — на іскрыпцы.

У глыбі сядзіць скорчыўшыся і абняўшы рукамі свой гармонік Галубоўскі. Твар бледны, грудзі упалыя, вочы сьвецяцца нездаровым бліскам. Ён час-ад-часу кашляе.

Пры адным са столікаў сядзяць 2 госьці і п’юць піва. На іхнім століку стаяць чаркі з недапітай гарэлкай і закускі.

Гаспадыня сядзіць за буфэтам.

Гаспадыня. Галубоўскі! Што-ж разсеўся, як які пан! Мог-бы памагчы ў кухні… Няхай ідзе ў складзік і прынясе дроў…

Галубоўскі. Я зараз, панічка… (выходзіць).

Гаспадыня. Эх, чалавек! Ні чорту качарга, ні Богу сьвечка, ды й годзі…

І госьць. А што-ж дзеецца з вашай Манькай? Нешта даўно ўжо яе не відаць…

Гаспадыня (махнуўшы рукой). Ат, ідыётка! Задурыла сабе голаву нейкім студэнтам…

І госьць. Ну?

Гаспадыня. І атруцілася. Нарабіла толькі мне клапоту. Узялі яе ў бальніцу і там мабыць памёрла.

І госьць. Шкада. Прыгожая была. дзяўчына…

Гаспадыня. Сама вінавата. Дурная была — ды й годзі!

І госьць. Бачу, музыку вы ў сябе завялі… Галубоўскі, значыцца, ужо ня грае?

Гаспадыня. Але, бо-ж самі падумайце, паночкі, якая гэта была музыка на гэтай гармоніцы! Ды яшчэ як замычыць казой, дык хоць ты вушы затыкай! У мяне-ж рэстаран, дзякаваць Богу, а не шынок або піўная. Ніякі ня прыйдзе прызваіты госьць, калі будзе тут раўсьці гэты мачыляпа са сваім гармонікам… А трымаю яго з літасьці… Вось часам крыху каля кухні паможа: дроў насячэ, вады прынясе…

І госьць (да друга). Бачыш, колькі тут зьменаў праз той час, як нас ня было: грае музыка, рэстаран абноўлены, Манька атруцілася…

ІІ госьць. А Лякдугна, я чуў, павесіўся.

І госьць. Няўжо-ж? Змарнаваўся хлапец — шкода!

Гаспадыня. У апошні час піў бяз меры.

І госць. Дрыгва ўцягнула яго.

Галубоўскі (уваходзіць, сядае ў кутку, кашляе).

Гаспадыня. Дроў прынёс?

Галубоўскі. Прынёс, панічка!

Гаспадыня (выходзіць).

ІІ госьць. А раней мне больш тут падабалася. Гэты бруд, смурод, гніль, гэты Галубоўскі з гармонікам — гэта мела свой стыль. Цяпер стыль утрачаны.

І госьць. Надта ўжо было брудна, цяпер ляпей.

ІІ госьць. Э, не!… Хадзі, Галубоўскі! Запяі нам, браток, як калісь: «І пянёндзуф ня хцяла, ня хцяла»…

Галубоўскі. Нельга… Гаспадыня не пазваляе.

ІІ госьць. Глупства! Пяі! Хадзі сюды, дам чарку гарэлкі.

Галубоўскі (падыходзіць). Вось, калі ласка панская, дык крыху перцу, зябіць крыху, можа паляпшэе.

І госьць. Маеш перцу. (Дае яму перац).

Галубоўскі (сыпле ў чарку з гарэлкай, мешае вілкай і выпівае). На здароўе панам!

Госьці. Будзь здароў!

ІІ госьць. А цяпер пяі!

Галубоўскі. Калі баюся… Ну, зараз я вазьму гармонік… (бярэ гармонік, сядае побач гасьцей і пачынае пяяць ахрыплым траскучым голасам): І пянёндзуф ня хцяла…

Госьці (падпяваюць).

У гэты час уваходзіць прыкрыўшыся хусткай Манька. Яе ня бачаць. Яна з цікавасьцю аглядае знаёмае памешканьне, ідзе ў другі пакой і ня сьмела затрымоўваецца на парозе. Яе пабачыў кэльнэр і з дзівам глядзіць на яе.

Гаспадыня (уваходзіць). Галубоўскі, а Галубоўскі! А гэта-ж што! Ізноў п’янічуга пачаў раўсьці. Колькі разоў я табе казала, каб гэтага больш ня было! Хочаш мусі, каб я цябе вон выгнала!

Галубоўскі. Панічка, калі госьці…

Гаспадыня. Што — госьці? Мой хлеб ясі — мяне слухайся, а не гасьцей. А вам, паночкі, ня сорам? Замест ціха, спакойна пасядзець, паслухаць харошай музыкі, яны пачалі тут раўсьці разам з Галубоўскім. Не патрэбны мне гэткія госьці, што вып’юць на капейку, а шуму наробяць за рубель.

ІІ госьць. Калі ласка, пані, можа можна цішэй крыху.

Гаспадыня. Што цішэй? чаму цішэй? Я тут гаспадыня і не пазволю тут рабіць бравэрыі. Калі не падабаецца, дык можаце сабе ісьці, плакаць ня буду.

ІІ госьць (устае). Пойдзем адсюль.

І госьць. А я табе казаў: на якое ліха сюды ісьці? Захацелася табе старых настрояў — вось і маеш настрой. (Звоняць шклянкай, кідаюць на стол грошы і выходзяць).

Кэльнэр (зьбірае грошы).

Гаспадыня (пабачыўшы Маньку). А гэта-ж хто? Фаб’ян! хто гэта? чаго яна?.. (пазнаўшы). А! гэта-ж Манька! А ты-ж адкуль? Жыва?

Манька. Я ўжо выпісалася з бальніцы. Ня маю куды падзецца… Прыйшла да вас, панічка!

Гаспадыня. Не, каток! У мяне цяпер ужо ня тое! Думаеш, што ў мяне ізноў будзеш разводзіць свае любоўныя шуры-муры? Не! у мяне цяпер кэльнэр служыць. Менш клопату, а больш парадку… І да чаго-ж ты падобна! Страхацьцё. Гасьцей напалохаеш, як я цябе вазьму на службу. У мяне не багадзельня, каточак!

Манька (апусціўшы галаву, ідзе да дзввярэй).

Гаспадыня. Ну, чакай! куды-ж ты цяпер ідзеш? Куды-ж ты падзенешся?

Манька. Я сама ня ведаю… Сястра выехала, нікагусенька у мяне няма.

Гаспадыня. Ах, бяда з табой! Што мне з табой рабіць? Ну, ідзі ў кухню, будзеш памагаць мыць судзьдзё…

Манька (ідзе у кухню, пацалаваўшы гаспадыню у руку). Дзякую…

Гаспадыня. Ну, ідзі, ідзі! Ах, бяда з вамі і годзі! (Да Галубоўскага). А з табой я ужо больш ня буду царамоніцца! Надаеў ты ужо мне! Замест сядзець ціха і дзякаваць, што я пазволіла тут начаваць ды даю яшчэ міску стравы, напіваецца як шавец і пачывае тут раўсьці… Ідзі з маіх вачэй, не магу глядзець на цябе, фу! гадасьць ты гэтакая! Фу! (выходзіць).

Галубоўскі. На мароз, на вуліцу… як сабаку. Божа мой! за што усё гэта, за што?!.. (апускаецца бяз сіл на крэсла; уваходзіць Тадорка).

Тадорка. Ну, давай гармонік! Вось маеш рубель, так як умовіліся! (Дае грошы).

Галубоўскі. Гармонік ня дам. Пасьля сьмерці, як памру, тады возьмеш.

Тадорка. Як «ня дам?» семдзесят капеяк я ужо табе даў, яшчэ належыцца рубель, — вось маеш!

Галубоўскі. Гармонік ня дам… пасьля сьмерці…

Тадорка. Ну, гдзе я цябе буду шукаць пасьля сьмерці! Усё роўна хутка памрэш! Вось бяры грошы і давай!

Галубоўскі. Ня трэба грошы, а гармонік ня дам.

Тадорка. Ах, ты, круцель гэтакі! Дык аддавай мне назад задатак: семдзесят пяць капеяк.

Галубоўскі. Грошы ня маю, а гармонік пасьля сьмерці…

Тадорка. А! я ведаю, хітры гад ты гэтакі! Узяў ты у мяне задатак і хочаш прадаць каму іншаму! Давай гармонік!… (тузаюцца).

Галубоўскі. Ня дам! Ня дам!

Гаспадыня і Кэльнэр (на гэты шум убегаюць; Кэльнэр выкідае Тадорку за дзьверы).

Гаспадыня. Што гэта? Вось ізноў бяда! Божа мой, ізноў Галубоўскі скандаліць! Зьвязаўся біцца з Тадоркай! Ну, але даўжэй гэта цярпець ня буду! Вон! зараз-жа вон! Разам са сваім гармонікам!

Кэльнэр (выпіхае Галубоўскага за дзьверы).

Гаспадыня (да Кэльнэра). А ты, Фаб’ян, ня бачыш, што тут робіцца? Я толькі на момант выйшла у кухню і зараз-жа авантура!

Кэльнэр. Я, панічка, абслужываў гасьцей, я ня бачыў. Не магу-ж на ўсе бакі разарвацца!

Гаспадыня. Эх, усе вы добрыя! Нічога нельга спусьціць з вачэй!.. А гдзе падзелася паўбутэлькі лікёру, што засталося з вялікага століка?

Кэльнэр. Пані забылася! Госьць заплаціў за цэлую бутэльку і усё выпіў.

Гаспадыня. Эй, эй, Фаб’ян! Я ведаю, які гэта госьць выпіў! (выходзіць).

Кэльнэр (адзін). А гадзіна баба! Усё бачыць шэльма, каб яна скісла! (выходзіць).

Галубоўскі (уваходзіць з гармонікам, трывожна аглядаецца і сядае). Мароз!.. Куды падзенуся? Няма навет дзе пераначаваць… А гэты прыстаў, каб аддаць гармонік. Ня дам гармонік! Пасьля сьмерці — няхай! Скажу, каб аддалі, а рубель на імшу! Божа мой! Грахі, ох, грахі! Пьяніцай быў, да сповядзі не хадзіў, о! Божа мой! Айчэ наш, ктурысь ест, свенцься імя твоя, бонць воля твоя…

Манька (уваходзіць). Што з вамі, пане Галубоўскі? Вы хворы?

Галубоўскі. Не, нічога — толькі ў горле душыць, трасе, мусі празяб… (кашляе).

Манька. Я вас абкрыю (акрывае яго сваей падранай хусткай).

Галубоўскі. Якая вы, панна Маня, якая вы… (хапае яе за руку і хоча пацалаваць).

Манька. Не, ня трэба, не!.. Што гэта? Вы плачаце пане Галубоўскі?

Галубоўскі. Не, (праз сьлёзы) не… я гэта так толькі…

Манька. Ня плачце, пане Галубоўскі! Вось я калісь таксама плакала… Цяпер, як усе сьлёзы выплакала, пабачыла, што й запраўды дурная была.

Галубоўскі. Я быў сягоньня… у жонкі… Нічога не хацеў, прасіў толькі, каб толькі пазволіла начаваць у кухні ля печкі, я-бы за тое ваду насіў, дроў-бы насек, а яна да мяне: «вон, стары пьяніца!» а каханак яе выскачыў і з ганку скінуў… Цяпер гаспадыня выгнала… Куды я падзенуся? Ох, каб хутчэй сьмерць прыйшла!

Манька. Сьмерць ніколі не прыходзе тады, калі яе клічаш…

Галубоўскі. Да мяне ужо ідзе… я ведаю… ужо нядоўга… Як я памру, вы, Маня, гармонік аддайце шаўцу Тадору, што напроціў, — ён вам дасьць рубель. Любіць хлопец граць на гармоніку, а ў яго ўжо стары, нічога ня варты, басы хрыпяць… Дык аддайце Тадору, а рубель дайце на імшу…

Манька. Што вам баліць, пане Галубоўскі? Можа вам памагчы — вы зусім, як бачу, хворы…

Галубоўскі. Нічога не баліць… Нічога не баліць… Толькі слаба, і душыць, і трасе і сена гэтае душыць… Ох, зьнімеце гэтае сена…

Манька. Якое сена? Тут няма ніякага сена! Не раскрывайцеся, калі вам сьцюдзена. Вось так абкрыйцеся…

Галубоўскі (няпрытомна). Сена душыць — у вачох сена… усюды сена… поўная хата сена… і скача, усё скача, сена скача.

Манька. Гэта вам так толькі здаецца… Сядзеце ціха!

Галубоўскі. Не магу, трэба ісьці — гаспадыня выгнала — будзе гневацца… (хоча ўстаць).

Манька. Дык сядзеце… Мала што гаспадыня казала, яна так толькі ў злосьці, пасьля адпусьціцца…

Галубоўскі. Божа мой! мароз… а сена ў вочы лезе… Семдзесят капеяк ужо ўзяў, дык гармонік трэба аддаць, бо скажа, што круцель…

Манька. Добра, добра, аддам… Але скажэце мне, я хацела спытацца… Ці… як мяне не было… Міхась… пан Міхал… вы ведаеце хто? — ня прыходзіў? нічога не пытаўся?

Галубоўскі. Не, куды яму прыходзіць! Ён пан, ён чысты, багаты, чаго яму да нас… Пан ідзе заўсёды сваей дарогай, а бедны сваей дарогай. Ох, Божа!.. Дарога! Зімовая дарога… Ох, сьцюдзёна!

Манька (абрывае яго ізноў). Дык вы не раскрывайцеся, будзе цяплей.

Галубоўскі. Якая вы добрая, Маня!..

Манька. Не, я ня добрая, я злая. Я хачу помсты, ох, помсты! О подлы гад! Шмат абецаў, а кінуў, кінуў без літасьці, кінуў, не даведаўшыся навет, што са мной, ці я жыва. Пайшоў сваей дарогай! Хэ-хэ! О подлы, подлы паніч!

Галубоўскі (зусім аслабеўшы валіцца на падлогу).

Манька. О Божа мой! пане Галубоўскі! Што з вамі?!

Галубоўскі (непрытомна). Ох… сена… душыць… ко-о-лець…

Манька. Што з ім? (кліча). Пані гаспадыня! Пані гаспадыня! хутчэй сюды.

Убегаюць: Гаспадыня і Кэльнэр. Іншыя госьці з цікавасьцю глядзяць з другога пакою. Музыка за сцэнай спыняецца.

Гаспадыня. Што гэта? Памёр?! Вось яшчэ новая бяда!

Кэльнэр. Не, яшчэ дыхае.

Гаспадыня. Ня мог ён сабе паміраць у іншым месцы, а прылез сюды!.. О, бедная мая галованька!.. (да Кэльнэра). Фаб’ян! бягі хутчэй да тэлефону! пакліч скорую помач!

Манька (У часе гэтай суматохі трымае ў руках гармонік).

Тадорка (убягае). Што? ужо памёр? А гармонік? (да Манькі). Давай гармонік!

Манька. Ён казаў, што рубель на імшу…

Тадорка (вырываючы з яе рук гармонік). Я табе дам рубель!.. На сьвятое «ніколі» (выбягае).

ЗАСЛОНА.


КАНЕЦ.


  1. З вершаў Я. Купалы.

ГЭТАГА САМАГА АЎТОРА.



Na Antokali. Pjesa u З акt. Wilnia. 1918.

Калісь. Драмат. абразок у 2 акт. Вільня. 1919. (Другое выданьне)].

Butrym Niamira. Uscenizawanaja lehienda u 2 акt. z proloham. (Pawodle W. Łastouskaha). Wilnia. 1918.

Bazylišk. Kazka u З акt. Wilnia. 1918.

Чорт і Баба. Жарт у 1 акце. Зборнік сцэнічных твораў. Сшыт. II. Менск. 1918.

Страхі жыцьця. Драма у 3 акт. Вільня. 1919.

Dziadźka Jakub. Dram. abraz u 2 акt. Wilnia. 1919.

На вёсцы. П’еска ў 2 акт. Вільня. 1919.

Цені. Драма ў 3 акт. Менск. 1919.

У лясным гушчары. Казка ў 1 акце. Зборнік твораў для дзіцячага тэатру. Менск. 1920.

Заручыны Паўлінкі. П’еса ў 1 акце. Вільня. 1921.

Няскончаная драма. П’еса ў 4 акт. Вільня. 1922.

Птушка шчасьця. П’еса ў З акт. Вільня. 1922.

Шчасьлівы муж. Камэдыя ў 4 акт. Вільня. 1923.

Пан Міністар. Камэдыя ў З акт. Вільня. 1924.

Беларускі Тэатр. Гістарычны нарыс. Вільня. 1924.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.