Перайсці да зместу

Пан міністар (1924)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пан міністар
Камэдыя
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1924 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ФРАНЦІШАК АЛЯХНОВІЧ.






ПАН МІНІСТАР

КАМЭДЫЯ У 3-х АКТАХ.





ВЫДАНЬНЕ ГАЗЭТЫ „ГОЛАС БЕЛАРУСА“.




Друкарня С. Бэкэра. Вільня, Субач 2.

1924.

ФРАНЦІШАК АЛЯХНОВІЧ.



ПАН МІНІСТАР

КАМЭДЫЯ У 3-х АКТАХ.





ВЫДАНЬНЕ ГАЗЭТЫ „ГОЛАС БЕЛАРУСА“.




Друкарня С. Бэкэра. Вільня, Субач 2.

1924.

АСОБЫ:

Філімон Пупкін.
Люба.
Марта.
Мікола Сьвятляк.
Арцімон Кукіш.
Скакун.

Сцэна — пакой у мяшчанскім доме. Адначасна кабінэт гаспадара і сталовы пакой.

Пасярэдзіне балькон са шклянымі дзьвярыма, праз якія відаць гарадзкі пэйзаж; па бакох балькону ў гэтай самай сьцяне вокны.

Налева, на першым пляне дзьверы ў пакой Любы, далей галоўныя дзьверы ўхадныя.

Направа, на першым пляне дзьверы ў спальню Філімона, далей дзьверы ў кухню.

На сцэне пісьменны стол, абедзенны стол, канапа, шафа з прадуктамі і агняўпорная шафа (грашавая), крэслы і т. п.



Акт I

[правіць]

АКТ I.


Зьява 1.

ПУПКІН (адзін).

Пупкін (сядзіць ля пісьменнага стала). „Еще одно послѣднее сказанье і лѣтопись окончена моя“. I я магу аб сабе сказаць таксама: Яшчэ ўсяго вось колькі радкоў і праца скончана мая… (піша) „I праз усё сваё жыцьцё я быў беларусам і добрым праваслаўным хрысьціянінам“… (гавора). Ну, цяпер толькі расьпісацца… (піша). „Філімон Пупкін…“ (расчырківаецца, пасьля прыглядаецца і гавора). А, чорт! хвосьцік пад прозьвішчам ня ўдаўся — ну, ўсё роўна, — гэта прыдзецца яшчэ перапісаць, пералажыць на беларускую мову… Гэта ўсё зробіць вельмі добра мой прыяцель Арцімон Кукіш; ён зараз ужо павінен прыйсьці, бо я яго да сябе клікаў. (Глядзіць на свой рукапіс і любуецца). „І праз усё сваё жыцьцё я быў беларусам і добрым праваслаўным“… (чуваць званок за ўхаднымі дзьвярыма). А! гэта мусіць Кукіш! (кліча): Марта! Марта! адчыні!.. Куды-ж гэтая баба падзелася?.. Марта!.. Э, пайду сам адчыню. (Ідзе адчыніць дзьверы).

Зьява 2

ПУПКІН і ЛЮБА (ўваходзіць).

Пупкін (убачыўшы Любачку, пляснуў рукамі). Ах, Любачка! што ты нарабіла?!

Люба (зьдзіўленая). Што, дзядзенька?

Пупкін. Як ты важылася адна выйсьці на вуліцу! Ты-ж магла заблудзіцца, або які благі чалавек мог цябе скрыўдзіць!

Люба. Я-ж, дзядзенька, ўжо не маленькая, каб мяне мог нехта скрыўдзіць, а заблудзіцца я не баюся: хаця я горад яшчэ мала ведаю, але язык, як кажуць, да Кіева давядзе.

Пупкін. Ах, дзетанька! Як ты мяне напалохала, пайшла адна! без мяне! Ты ня ведаеш, якая гэта страшная рэч — горад! якія тут злыя людзі!

Люба. Не, няпраўда, дзядзенька! Злых я не спаткала ніводнага, а вось добрага чалавека дык спаткала: падыйшоў да мяне адзін якійсь на вуліцы, праводзіў мяне ажно да самага дому і праз усю дарогу мы так міла гутарылі!

Пупкін (пляснуўшы рукамі). Ах, што ты кажаш, Любачка! О, Божа мой! незнаёмы мужчына праводзіў цябе дамоў?!

Люба. Ён вельмі сымпатычны, дзядзенька, і наш сусед; жыве тут у гэтым самым доме.

Пупкін. О, не, не, не кажы!.. Ты ня ведаеш, што ты зрабіла, Любачка! ў якой ты была небясьпецы! О, Божа мой! Але каб больш ніколі гэтага ня было! Ня сьмей ніколі адна йсьці на вуліцу, але толькі разам са мной.

Люба. Калі вы, дзядзенька, заўсёды гэтакі заняты, ўсё нешта пішаце ды пішаце, а мне сумна сядзець увесь час у хаце, вось я, каб вам не перашкаджаць, узяла ды пайшла адна.

Пупкін. А, Любачка, я рабіў вельмі важную работу, але ўжо, дзякуй Богу, кончыў. Я пісаў сваю біяграфію, яна будзе друкавацца ў газэтах, гэта патрэбна дзеля папулярнасьці, бо я, дзетанька, выставіў сваю кандыдатуру…

Люба. Што, дзядзенька, выставіў?

Пупкін. Кандыдатуру. Гэта так называецца… I я ў скорым часе буду міністрам.

Люба (зьдзіўленая). Міністрам?!

Пупкін. Ну, чаго-ж дзівуешся, цыпачка? Але! беларускім міністрам. Гэта лёгка… А я маю галаву, я маю міністраву галаву!

Люба. А я ніколі ня думала, што вы, дзядзенька, гэтакі… важны. Як вы першы раз прыехалі да нас на вёску і зайшлі да мае цёткі, дык я падумала, выбачайце, што гэта прыехаў сьвінабой, бо ў нас казалі, што прыедзе падрадчык сьвіньні купляць.

Пупкін. Ну, я магу і гэта… Але цяпер я буду міністар. Міністар фінансаў.

Люба. Ах, Божа мой! Гэта мусіць страшэнна трудна?

Пупкін. Не, нічога… я патраплю. Твой дзядзенька, Любачка, не такія штукі ўжо рабіў!

Любачка. Дзядзенька! А вось я вас яшчэ адно хацела спытацца: як я зьбіралася з вамі ехаць, цёця казала мне, што вы наш сваяк. Ці вы блізкая наша радня? бо я гэтага ня ведаю.

Пупкін. Ня так то яна блізкая, але ня надта далёкая… Бо, бачыш, твой дзед майго дзеда… Не, ня так! Мая бабка тваёй бабцы… ды не! ня тое!… Ага вось! — твой дзед і твая бабка былі з сабой муж і жонка — вось!

Люба (ня сьцяміўшы). Ага! мой дзед і мая бабка…

Пупкін. Ну, вось бачыш: і не далёкая, і ня блізкая… Ну, пацалуй, цыпанька, дзядзеньку на „добры вечар“. Ты мяне сягоньня яшчэ не пацалавала.

Люба (цалуе яго ў лоб). Добры вечар, дзядзенька!

Пупкін. Не, не! Пацалуй дзядзеньку ня ў лобік, а ў губкі… Вось так… (настаўляе свае губы).

Люба. Калі дзядзеньку гэтак цалаваць… нязручна.

Пупкін. Зручна, ціпачка! Такога блізкага дзядзеньку зручна! (хоча яе пацалаваць).

Любачка (баронячыся). Калі не!.. Так няпрыемна, вусы колюцца, барада колецца…

Пупкін (распаліўшыся). Ну, пацалуй, Любачка! ну, пацалуй, ціпачка! (абыймае яе і хоча пацалаваць; яна бароніцца; ўваходзіць Марта).

Зьява 3

ПУПКІН, ЛЮБА і МАРТА.

Пупкін (да Марты, злы). Ты чаго прыйшла?!

Марта. А вось рахунак ад абеду… (паказвае картачку паперы). Тут сьпісана ўсё, што я расходавала на абед.

Люба. Ну, дык я пайду цяпер у свой пакой, распрануся.

Пупкін. Распраніся, дзетанька, і прыходзь сюды, пагутарыш з дзядзенькай, дзядзенька твой бедненькі, ніхто яго ня любіць, ніхто не цалуе…

Люба. Добра, дзядзенька, я зараз… (выйшла ў свой пакой).

Зьява 4

ПУПКІН і МАРТА.

Пупкін (да Марты). Заусёды ўлезеш ня ў пору. Хоць-бы ў дзьверы пастукала.

Марта. Калісь ня трэба было ані ў дзьверы стукацца, ані рахункаў здаваць, пакуль ня было гэтай… пляменьніцы! (іронічна). Гм! Добрая пляменьніца! (дразьніць яго). „Пацалуй дзядзеньку! пацалуй, ціпачка!“ фу!!

Пупкін. Ды што ты сабе думаеш! Гэта-ж… як той… таго… гэта родная сястра маей сястры… Ды не… што я кажу!.. гэта родная дачка маей сястры…

Марта. Але! Махлюй, махлюй, Філімон! Я не такая дурная! Я ведаю, чым гэта пахнець.

Пупкін. Ты як гэта са мной гаворыш! Колькі я ўжо разоў казаў, каб ты не казала мне „ты“. Ты ведаеш, хто я такі? ты ведаеш, з кім гаворыш? Я хутка ўжо буду міністрам! Разумееш?

Марта. А калісь было ня тое! (Паўтараючы яго даўнішнія словы). „Ты, Мартачка такая, ты, Мартачка, гэтакая, то, Мартачка, тое то, Мартачка, сёе, я з табой, Мартачка, жаніцца буду і ўсё такое“, а цяпер вон, Марта, пайшла! непатрэбна, бо сам у міністры запісаўся, ды яшчэ гэтая пляменьніца… Фу! сорам!… Я яму, як добраму чалавеку, паверыла, а ён, бачыш яго, які! Але й Марта ня дура. Яна сваей крыўды не даруе, хоць ты ня толькі ў міністры ўпісвайся, а навет у манастыр ідзі, яна й там справядлівасьці шукаць пайдзе.

Пупкін. Ціха! ціха! ціха! Што ты, ашалела, ці што? Яшчэ хто пачуе! Вось лепш давай рахунак перагледжу. (Глядзіць у картачку, Марта праз гэты час глядзіць на яго ды ўздыхае).

Пупкін. Што гэта? Мяса йзноў падаражэла? Што-ж яно кожны дзень будзе даражэць, ці што?

Марта. А я што-ж вінавата? Я быкамі не гандлюю, ня я цану устанаўляю.

Пупкін. А гэта што? Учора купіла фунт цукру, сягоньня йзноў фунт! Куды-ж ён падзяваецца? Куры яго клююць, ці што?

Марта. А ўжо-ж я яго ня зьела. Твая пляменьніца ўчора купіла сабе ягадкаў і цэлы фунт з імі злопала.

Пупкін (ня ведае, што адказаць) Ага… А я прасіў цябе не казаць мне „ты“, бо яшчэ хто пачуе. Колькі разоў буду табе гэта паўтараць?

Марта (ірон.). А „пан“ вось лепш ня крычы, а дай мне грошы на заўтра на абед?

Пупкін. Ах, крывапійцы вы гэтакія! (Дае грошы). Вось.

Марта. Ды што-ж „пан“ даеш? Што-ж я магу зварыць за гэтыя грошы? Курам на сьмех!

Пупкін. Ідзі, ідзі, адчапіся! Дык-жа засталося крыху рэшты ад учарашніх… Ды апроч таго заўтра посны абед, бяз мяса! Грэх кожны дзень мясам аб’ядацца, трэба папасьціць, крыху аб душы падумаць…

Марта (ківае галавой, ірон.) О! многа ты аб сваёй душы думаеш! (Выйшла ў кухню).

Зьява 5

ПУПКІН (адзін).

Пупкін. Гм! Трудна будзе ад бабы адчапіцца! Дзеля таго, што калісь нешта між намі было, дык прыклеілася, як смала: Філімон ды Філімон! Жаніцца ды жаніцца! Падумаеш, якое хараство! Анёлачак! Тфу!.. (чутно званок за сцэнай). А гэта мусіць ужо прыйшоў Кукіш! (кліча) Марта! адчыні! Марта!.. А чорт з ёю! сам адчыню. (Ідзе і адчыняе дзьверы; ўваходзіць Кукіш).

Зьява 6

ПУПКІН і КУКІШ.

Пупкін. А я цябе так чакаў, каточак!… Ну, сядай, сядай, дарагі госьць! (Кукіш сядае). Вось, бачыш, справа ў мяне гэткая: я напісаў сваю біяграфію, сам, уласнаручна, значыцца, гэткая, як называецца, аўтабіяграфія… Усё, як ёсьць — ад калыскі да сёньняшняга дня. Трэба толькі, ведаеш, каточак, пералажыць яе на беларускую мову і надрукаваць у вашай газэце. Ты, Арцімончык, маеш знаёмствы, дык ты мне паможаш у гэтым. Я табе за гэта нічога не пашкадую, апошнім куском хлеба падзялюся, сэрца сваё разрэжу напалавіну і палавінку табе аддам, толькі памажы, Арцімончык!

Кукіш (спакойны чалавек з чырвоным носам; гавора манатонна бяз ніякае інтонацыі). Пад сэрцам нешта смокча…

Пупкін. Пад сэрцам?… А сэрца рэч важная! А для сэрца самае важнае — супакой. Вось я заўсёды спакойны, ніколі ня злуюся, здароў, сэрца, як камень. Калі крычыць нехта на мяне, лаецца, я маўчу, сьмяюся толькі ў душы і думаю: ага, браток! у цябе цяпер сэрца гэтак сільна б‘ецца; цік-цік, цік-цік, а ў мяне нічога… спакойна, роўна… Вось гэтак трэба заўсёды, Арцімончык!

Кукіш (спакойна, без інтонацыі). Пад сэрцам чарвяк смокча.

Пупкін. А! чарвяк смокча!… Ах, ты забаўнік гэтакі!… Хочаш выпіць?

Кукіш. In vino veritas.

Пупкін. А ты ўсё загранічныя словы, сьмешны ты чалавек! Ну, што-ж зрабіць! нічога не парадзіш, для гэтакага друга нічога не пашкадую, навет крыві ўласнай. Пайду, пашукаю ў шафе, можа дзе й знайду адну чарачку. Вось маеш газэціну, пачытай, пакуль-што, тут цікаўна. (Дае Кукішу газэту, а сам ідзе да шафы і неспакойна аглядаецца на Кукіша, ці той ня сочыць за ім).

Кукіш (разварочвае газэту, паказвае від, што чытае, але як Пупкін адчыніў шафу, зірнуў у той бок і пабачыў там колькі бутэлек і шмат закусак). Аднэй мала.

Пупкін (наліваючы з бутэлькі ў адну чарку) А там на стале ляжыць другая газэта, ты перагледзь яе.

Кукіш. Я кажу: аднэй чаркі мала.

Пупкін. Ня гневайся, браток! Чым хата багата, тым рада. Ледзь-ледзь адну нацадзіў. (Падае яму чарку гарэлкі і кусок хлеба).

Кукіш. Закускі трэба.

Пупкін. Вось, каб ты ведаў, якая бяда; нічога ў хаце няма, толькі хлеба сухога кусок. Ты-ж ведаеш, што я, як сьвяты, хлеб і вада, вада і хлеб… Бо цела, каток, трэба марыць, сушыць, каб дух, як тая кветка, расьцьвітаў, гэтак пышна расьцьвітаў!..

Кукіш. Кілбасу я ў шафе бачыў.

Пупкін. Няўжо-ж? Ня можа быць! (ідзе да шафы і ізноў яё адчыняе). А, далібог! Ляжыць! А я яе й ня бачыў. Скуль яна тутака, не разумею. (Нясе кілбасу на стол). Але я табе, каток, ня раю шмат есьці, бо пасьля мяса ўсё гэтакія грэшныя мысьлі ў галаву лезуць, аж тфу!

Кукіш (закусваючы). Не зашкодзіць.

Пупкін. А я, вось раз у жыцьці бачыў гэткае здарэньне: зьеў чалавек кілбасы і памёр.

Кукіш. Каб нічога ня еў, хутчэй-бы памёр.

Пупкін. Ну, дык вось цяпер, выпіўшы, закусіўшы, пачнем аб справе. Вось, бачыш, каток, я запісаў гусьценька восем аркушаў паперы — усё аб сабе. Бо-ж сам ведаеш, якое маё жыцьцё! Я, не хвалячыся, скажу, што магу быць прымернікам для маладога пакаленьня.

Кукіш. Мала.

Пупкін. Што? Думаеш, што мала? Няўжо-ж восем аркушаў канцэлярскай паперы мала? Я магу яшчэ напісаць…

Кукіш. Гарэлкі мала.

Пупкін. А!… Калі ведаеш, браток, ужо далібог апошнія капелькі. Паслаў-бы Марту, каб купіла, але грошай няма, цяпер у мяне такія вялізныя расходы! Я прыгарнуў да сябе адну няшчасную сірацінку, без бацькоў, у цёткі на вёсцы жыла, шкада мне зрабілася бедненькай, хай, думаю, ў мяне жыве. Сам не даем, а добрае дзела зраблю. Я заўсёды так. Дык вось зусім бедна жыву, свабоднага граша ніколі няма.

Кукіш. У шафе шмат стаіць.

Пупкін. Гэта воцат, каток, далібог! Ты-ж воцту піць ня будзеш!

Кукіш. Я п’ю.

Пупкін. Ах, сьмешны ты чалавек! Пайду, пагляджу, няўжо-ж я абмыліўся? (Ідзе да шафы). А! далібог! ёсьць! А я думаў, што воцат. Ну, тваё шчасьце. (Нясе бутэльку на стол). Толькі асьцярожна, каток, каб не пашкодзіла.

Кукіш. Гарэлка сэрца весяліць.

Пупкін. Весяліць, кажаш? Ну, дык і я папрабую. (Налівае чарку, выпівае, пасьля адрэзвае вялізны кусок кілбасы і закусвае). Ну, дык вось я табе дам гэты рукапіс, ты, калі што ня так, паправіш, пераложыш на беларускую мову і дасі ў газэту. Я табе скажу: гэта надта важна, гэта будзе мець вялізнае значэньне ў маёй палітычнай кар’еры. Трэба, каб усе ведалі, ўсе чыталі…

Кукіш (праз гэты час наліў сабе цэлую шклянку гарэлкі, выпіў і закусіў, не шкадуючы кілбасы). Рукапіс я паправіць не магу, але прышлю табе знаёмага рэпортэра, Скакуна, ён табе ўсё наладзіць, а цяпер я піва хачу.

Пупкін. Піва? Скуль піва? У мяне няма.

Кукіш. Пазыч грошы, дык я пайду ў шынок.

Пупкін. Арцімоначка! Дык-жа я ня маю…

Кукіш (паглядзеўшы, што бутэлька ўжо пустая, пакідае яе на стале, забірае толькі ў кішэнь астаткі кілбасы). Ну, дык бывай здароў! (падаў Пупкіну руку й пайшоў).

Зьява 7

ПУПКІН (адзін).

Пупкін (доўга бяз слоў глядзіць яму ўсьлед, пасьля гавора). У? Напіўся мае крыві, крывапійца!.. Але нічога не парадзіш. Без пратэкцыі і без хабару навет міністрам ня зробішся.

(Пяе):

Міністрам ўжо хутка буду я —
Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!
Міністрам фінансаў хачу быць,
Бо грошы умею палічыць.

Шмат грошай ўжо маю я сваіх,
І Бог дасьць мець буду болей іх.
А, маючы грошы, спэкульну,
Тысячку не адну зараблю.

Есьць смачна і смачна буду піць,
З портфэлем пад пахай ўсьцяж хадзіць,
Шапачку нізенька зьніме ўсяк
З пашанай, вось гэтак, вось так, так!
(жэст).

А Любачка скажа: мілы ён
Мой дзядзя міністар, Філімон.
А Марту вон з хаты праганю,
Хай гвалтам ня лезе у радню.

І буду я „тоже“ беларус,
Бо маю на гэта шмат пакус.
Міністрам фінансаў буду я,
Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!

(Гавора): Ну, а цяпер пагляджу, што робіць Любачка. (Глядзіць праз дзірачку ў дзьвярох). Распранаецца… Зьняла блюзачку! (Пауза). А вось зьнімае і… О, міленькая, бедненькая сіротанька!.. А вось і яшчэ…

Зьява 8.

ПУПКІН і МАРТА.

Марта (ўваходзіць з кухні). Стары бясстыднік!

Пупкін. Што? Га? Хто? каго?… А!.. я вось бачу, Марта, што ўсюды завялося павучыньне, на дзьвярох павучыньне, — ўсюды!.. Ты, Марта, зусім ні аб чым ня дбаеш.

Марта. Дзьверы я ўчора сьціркай працірала. На вачох хіба ў цябе павучыньне.

Пупкін (грозна). Марта! Ты йзноў!?

Марта. Ну, добра!.. буду ўжо казаць „пан“. Бачыш, якой фанабэрыі набраўся!

Пупкін. Марта! зразумей-жа ты ў канцы канцоў, што гэтак ня можа быць далей. Ты, чорт ведае, як са мной гаворыш, бяз ніякае пашаны! Я буду міністрам, тут будуць бываць розныя важныя фігуры, а ты ўсё: „Філімон ды Філімон, ты ды ты“!.. Дык ведай-жа, што, калі я цябе дагэтуль яшчэ не прагнаў, дык толькі з літасьці, бо мог-бы іншую кухарку знайсьці, каб хацеў.

Марта. Што?! з літасьці? Вось як! (Іронічна). Дык, значыцца, як першы раз тады ўночы ў кухню прыйшоў, дык можа таксама з літасьці?.. А што пасьля было?.. „Мартачка ды Мартачка!“ — гэта таксама з літасьці?.. А калі прысягаў, што ажэнішся — гэта таксама з літасьці?.. (праз сьлёзы). О, бедная я, нешчасьлівая!.. (выцірае нос фартухом).

Пупкін. Ціха! ня пішчы! Не магу я жаніцца, бо даў сабе слова, што буду цяпер жыць, як манах.

Марта. Як манах?… Я ведаю!.. А гэтую ціпачку — Любачку нашто з вёскі прывёз? Можа дзеля таго, каб манахам жыць? у манастыр ісьці?

Пупкін. Ты з глузду зьехала, ці што? Што гэта такое ўрэшце! Абрыдла ўжо мне ўсё гэта!… Зьбірай свае манаткі і вон адгэтуль! Каб нагі тваей тут ня было! Чуеш! Зараз вон!

Марта. Вось падзяка! Вось за тое, што я яго дабро сьцерагла, за тое, што я яму свайго дзявоцтва ня пашкадавала, за тое, што я яму плечы тарпатынай расьцірала, на жывот кампрэсы ставіла — за тое цяпер вон! Ну, пачакай-жаж! Я табе гэтага не дарую, як Бог табе не даруе! Я папрашу, каб у газэтах аб гэтым напісалі… Ох, я нешчасьлівая!… (ca сьлязьмі выходзіць у кухню).

Зьява 9.

ПУПКІН (адзін).

Пупкін. Ну!… Ажно галава разбалелася ад гутаркі гэтэй бабы. Што рабіць з гэтай ведзьмай? Адчапіцца ад яе ня так лёгка. У, праклятая!.. Трэба мусіць, пайсьці прагуляцца крыху, можа галава асьвяжэе, як падыхаю сьвежым паветрам. (Апранаецца і кліча): Марта! зачыні за мною дзьверы! (Выходзіць).

Зьява 10.

МАРТА (адна).

Марта (уваходзіць, зачыняе дзьверы за Пупкіным). Эх, ты! ты! Ніякае удзячнасьці! Каб ня я, што-бы з цябе было?.. Я й сарочку памыю, я й абед звару, я й прыгалублю, — а цяпер вось што: вон пайшла, непатрэбна, бо раптам зрабіўся вялікі пан… Падумаеш!.. (ідзе ў кухню).

Зьява ІІ.

На сцэне нікога няма. Пасьля чуваць за вакном сэрэнаду з акомпанімэнтам гітары. Уваходзіць Люба, сядае ля вакна, апірае галаву на руцэ і слухае пяяньне.

Сэрэнада.

Хай голас мой
ў цішы начной
хай да цябе ляціць.
Пачуй мяне,
спачуй ты мне,
як горка, трудна жыць.
Ты адна даць можаш шчасьце,
ты адна — мой скарб.
Бог паслаў цябе на радасьць,
ці на згубу мне?
Дык пачуй маю ты песьню,
адчыні вакно,
бо ў грудзёх мне сэрца рвецца,
б‘ецца так яно.
Думкі ўсё к табе імкнуцца,

ўся душа мая
толькі аб табе адзінай
сьніць штоноч, штодня[1].

Люба (пасьля сэрэнады пляскае далонямі). Ах, як хораша! яшчэ!

(Раптам на балькон падае канец вяроўкі, ўмацованай угары).

Люба (ўскочыўшы, са страхам). Ах што, што вы робіце!.. Ах, Божа мой! што яму прыйшло ў галаву! Ах, што з гэтага будзе!..

Зьява 12

ЛЮБА і МІКОЛА.

Мікола (спускаецца па вяроўцы згары на балькон). Выбачайце, панна Люба, што першы свой візыт раблю вам праз балькон, але, на мой пагляд, гэтая дарога бліжэйшая і прасьцейшая: замест таго, каб спускацца з адных сходаў, пасьля падымацца на вашы сходы, я вось адразу, гоп! — і ў вас.

Люба. Але мог-бы нехта ўбачыць, мог-бы дзядзенька…

Мікола. Я праз сваё вакно бачыў, як ваш дзядзенька пайшоў на вуліцу, ён ня ўбачыць.

Люба. А што будзе, як ён вернецца?

Мікола. Я гэтай самай дарогай вярнуся ў сваю хату.

Люба. Мой дзядзенька вельмі мяне любіць страшэнна баіцца, каб са мной ня здарылася нешта благое. Як я яму сказала, што вы праводзілі мяне дадому, дык ён гэтак пляснуў рукамі і крыкнуў: „што ты зрабіла, Любачка! незнаёмы мужчына праводзіў цябе дамоў!“ Ха-ха!

Мікола. Ну, але цяпер мы ужо знаёмы, праўда?.. Ну, бо як-жа ж інакш я мог з вамі пазнаёміцца, калі дзядзенька трымае вас, як птушку ў клетцы? Ня было іншага спосабу.

Люба. Але можа гэта ўзапраўды нягожа?

Мікола. Панна Любачка! Няўжо-ж ляпей, калі нехта тыкне пальцамі і пазнаёміць: вось гэта панна Любачка, а гэта пан Мікола. А калі ня было каму нас пазнаёміць, няўжо ж нягожа, што я сам падыйшоў да вас і сказаў: „Я беларускі вучыцель Мікола Сьвятляк, ваш сусед, жыву адным поверхам вышэй, бачыў вас ужо няраз, аказіі пазнаёміцца з вамі дагэтуль ня здарылася, дык вось пазвольце вас спытацца, ці можна будзе час-ад-часу пабачыць вас, праводзіць дамоў, пагутарыць“… Няўжо ж гэтак не прасьцей, не ляпей?

Люба. Я сама ня ведаю… Людзі кажуць…

Мікола. Панна Любачка! Людзі шмат чаго кажуць харошага, і вось тыя самыя, якія найбольш кажуць аб прыстойнасьці, найчасьцей бы ваюць найгоршымі. Слова і дзела рэдка йдуць з сабою побач. Дык будзем-жа, панна Любачка, вольнымі людзьмі і будзем жыць не паводле таго як „людзі кажуць“, а як кажа наш уласны розум, наша сумленьне і наша сэрца! Праўда?

Люба. Я першы раз чую гэтакія словы. Я нядаўна з вёскі. Я там жыла ў цёці. Там ня ўмеюць гэтак казаць, як вы. А дзядзенька таксама не такі чалавек, як вы. Ён толькі ўсё: „ах, Любачка! каб ты Любачка не заблудзілася! каб ты, Любачка, не прастудзілася! а каб цябе злыя людзі ня скрыўдзілі!“… А я думаю, што на сьвеце ня надта ўжо так шмат людзей злых, як здаецца майму дзядзі.

Мікола. А як вы думаеце: я — чалавек злы?

Люба. Не. Вы добры.

Мікола. Я сам ня ведаю, які я, наогул ня ведаю, ці ёсьць людзі злыя і добрыя. Людзі, як людзі, — ўсе яны аднолькавы. Што датычыцца мяне, я ведаю адно, што хацеў-бы праз усё сваё жыцьцё глядзець у вашы вочы, чуць ваш голас, цалаваць вашы беленькія ручкі. (Бярэ яе рукі і цалуе. Яны стаяць на парозе балькону).

Люба. Ах, што вы робіце! Гэтак не выпадае. Кажуць, што толькі замужніх цалуюць у руку, а паненак нельга.

Мікола (горача). Мілая мая! Вы для мяне, як сьвятая. Няўжо-ж ня можна цалаваць іконы, няўжо-ж нельга маліцца перад ёю, — а я гатоў маліцца перад вамі, як перад сьвятым вобразам, бо я… бо я… (ізноў бярэ яе рукі, цалуе іх і становіцца перад ей на калены).

Люба. Што вы робіце! Устаньце! Зараз-жа ўстаньце, кажу вам! Да чаго гэта падобна! Ну, я прашу вас… (чуваць за сцэнай званок). Вось табе на! Дзядзенька прыйшоў!! уцякайце! (Бяжыць да сваіх дзьвярэй і ўстрымоўваецца, гледзячы, што станецца з Міколай).

Мікола (хапаецца за вяроўку, хоча лезьць угару, але раптам вяроўка абрываецца; ён падае на балькон, пасьля ўстае і з дурной мінай выходзіць на сцэну). Вяроўка абарвалася!

Люба. Божа мой! Што-ж цяпер рабіць? Уцякайце да Марты, праз кухню! (Піхае яго ў дзьверы кухні. Званок зьвініць другі раз. Любачка ідзе і адчыняе галоўныя дзьверы. Уваходзіць Філімон са Скакуном).

Зьява 13

ФІЛІМОН, СКАКУН, ЛЮБАЧКА.

Філімон. А, гэта ты, Любачка! А дзе-ж Марта? Ну, ідзі, дзетачка, ў свой пакой, нам тут трэба пагутарыць аб важных справах.

Люба (ідзе ў свой пакой).

Зьява 14

ФІЛІМОН і СКАКУН.

Філімон. Вось добра, што я вас спаткаў. Мне казаў аб вас мой прыяцель, Арцімон Кукіш… Ну, дык сядайце, дарагі мой!.. Вось, бачыце, гэты рукапіс, аб якім я казаў вам падарозе. Трэба, значыцца, пералажыць яго і надрукаваць у газэце. Вы гэта можаце?

Скакун. О! чаму-ж не? Усё будзе зроблена, як сьлед. Усё — першы сорт, пане міністар…

Філімон. Ну, я яшчэ ня міністар…

Скакун. Але будзеце міністрам! Вы ня ведаеце яшчэ сілы майго пяра. Маё пяро, як рыцарская рагаціна, бязьлітасна скідае з каня праціўніка, а прыяцялём маім расчышчае дарогу…

Філімон. Дык калі трэба будзе зрабіць якія паправачкі, дык вы ужо без цэрамоніі зрабеце, як уважаеце… Гэтым сваім пяром, што як рагаціна.

Скакун. Зробім, зробім, усё зробім. Разумею: гэтакія — для большага хараства стылю — паправачкі.

Філімон. Я чалавек бедны, але я аддзякую (жэст), разумееце? Аддзякую…

Скакун. О! Аб гэтым няварта гутарыць… Гэта само сабой… Але такое глупства!.. Наадварот, мы вельмі рады, што гэтакі несьмяротны твор, гэтакі, можна сказаць, палітычна-моральна-нацыянальны катыхізіс будзе друкавацца ў нашай газэце. Гэта пераварот усіх старых паняцьцяў, гэтакая пераацэнка цэннасьцяў, як той казаў, гэтакая, можна сказаць, моральная рэвалюцыя!…

Філімон. Але, але! Вы гэта правільна… Пераварот, пераацэнка… Хай маладое пакаленьне вучыцца, хай усе ведаюць, хто такі Філімон Пупкін!… Але ў мяне да вас яшчэ адна справа…

Скакун. Хоць тысяча!

Філімон. Вось калі гэта ўсё, значыцца… як гэта сказаць?… Ну, калі я ўжо займу сваё становішча, дык трохі таго… нялоўка… Я, ведаеце, ня умею пісаць пабеларуску… Зараз, ведаеце, розныя палітычныя ворагі, гэтакія шовіністы, пачнуць разумееце, таго… сяго…

Скакун. О, разумею! Гэтак палітычна-нацыяналістычна-шовіністычна-пэрсональна…

Філімон. Вось! вось! але! Як вы адразу мяне разумееце! Прыемна гутарыць з разумным чалавекам!… Вось, значыцца, я-бы хацеў, каб вы знайшлі мне якогась вучыцеля, каб трохі павучыцца пабеларуску… Але, дарагі мой, — ша! Каб ніхто ня ведаў! ніхто! Як камень у ваду! Ніхто!…

Скакун. О, будзьце супакойны… Ніхто! Зараз я падумаю, каго-бы тут… А! маю ужо! Мой прыяцель адзін, добры хлапец…

Філімон. Будзе маўчаць?

Скакун. Як пень.

Філімон. Хто-ж гэта?

Скакун. Вучыцель Мікола Сьвятляк, ваш сусед, над вамі тут жыве.

Філімон. А! гэта добра! Гэтак ён, пасуседзку, будзе тут прыходзіць і ніхто нічога не падумае. Дорага вазьме?

Скакун. О! ён ахвотна згодзіцца дарма.

Філімон. Як дарма? чаму дарма? зашто дарма?

Скакун (заўважыўшы, што прагаварыўся, ня ведае, што адказаць). Таго… як яно… Не! ня так ужо каб дарма, але гэтак… як дарма…

Філімон. Ну, мы ужо з ім згаворымся. Заўтра прышлеце яго да мяне, сягоньня я ўжо змарыўся, бо кожны палітычны дзеяч мае шмат і сваіх прыватных клопатаў. Ох, Божа мой! усе мы людзі, ўсе мы чалавекі. Ох, сколькі клопату!

(Паўза).

Скакун. Выбачайце, пане міністар…

Філімон (думаючы, што С. зьбіраецца ўжо йсьці). А, вы ідзеце ўжо? Бывайце здаровы! бывайце! (падае яму руку).

Скакун. Не! я ня тое… Я толькі хацеў сказаць, што, ведаеце, ўсялякія будуць расходы.

Філімон (зьдзіўлены). Расходы? А…а якія-ж будуць расходы?

Скакун. Ну, так… мае прыватныя расходы… Ах, Божа мой! бо столькі кожны з нас мае клопату! Разумееце, пане міністар? усе мы людзі, ўсе мы чалавекі. Ох!

Філімон. А можа пасьля? Як усё ўжо будзе таго?..

Скакун. Пане міністар! Прыказка кажа: двойчы дае той, хто зараз дае.

Філімон. Ну, што-ж зрабіць! Маленечкі авансік можна.

Скакун. Большы, па магчымасьці, большы.

Філімон (мацае раней у сябе ў кішані, шукаючы грошай, а пасьля бярэ Скакуна за падпаху і вядзе на балькон). Дарагі мой! Паглядзеце, калі ласка, якая сягоньня харошая пагода, гэта проста нешта нязвычайнае! гэтыя воблачкі! Паглядзеце, дарагі, на неба! (пакінуўшы Скакуна на бальконе, хутка ідзе да шафы з грашыма, адчыняе яе, выймае крыху грошай ды йзноў зачыняе хутка). Вось, калі ласка, колькі магу.

Скакун. Merci, monsieur! (лоўкім жэстам хавае грошы ў кішэнь). Гэта, можна сказаць, ёсьць магутны штырх у напрамку вашай мэты, бо, праз гэта, тэмп разьвіцьця вашай справы робіцца хутчэйшым. (Бярэ рукапіс Філімона). Бывайце здаровы, пане міністар! Усю ноч праседжу над вашым рукапісам, каб хутчэй пазнаёміцца з багацьцем думак вашай працы.

Філімон. Бывайце здаровы! (Праводзіць Скакуна да дзьвярэй і зачыняе за ім дзьверы).

Зьява 15.

ФІЛІМОН, пасьля МІКОЛА і ЛЮБА (за сцэнай)

Філімон. Ну, вось! усё ўжо ўладжана… Гэты, здаецца, мяне не абдурыць… Трэба цяпер пайсьці паглядзець, што робіць Любачка. (Ідзець у пакой Любы).

Мікола (выходзіць з кухні). А, чорт! Марты няма, дзьверы ад кухні зачынены. Трэба ўцякаць праз парадныя. Вось улопаўся! (ціха, на цыпачках ідзе да парадных дзьвярэй, раптам за сцэнай чутно піск Любачкі).

Любачка (за сцэнай). Дзядзенька! што вы робіце? Ах, дзядзенька!!.

Мікола (ўстрымаўся). Гэта яе голас! Што сталася? Чаго яна крычыць? (хоча йсьці да дзьвярэй Любы).

Філімон (зьяўляецца на парозе дзьвярэй Любы, задам да сцэны). Ну, што ты, дзетанька! Я-ж твой дзядзенька! Мне ўсё можна, бо я ўсё роўна, як твой папенька. Чаго ты крычыш, ціпанька?

Люба (за сцэнай). Ідзеце, ідзеце, дзядзенька!.. я не хачу!..

Філімон. Ну, добра, добра, Любачка! Толькі ціха, ша!.. (адвярнуўшыся, пабачыў Міколу). А вы што тут робіце? А вы хто такі!

Мікола (спалохаўшыся). Я… я… ваш сусед… Там з гары… вучыцель… Мікола Сьвятляк…

Філімон (інш. тон.). А! Сьвятляк! Вельмі прыемна. Ваш прыяцель казаў мне аб вас… Але чаму-ж вы прыйшлі сягоньня? я-ж сказаў Скакуну, каб вы прыйшлі заўтра. Заўтра ўжо згаворымся аб плаце і пачнем вучыцца. Скажэце, калі ласка, ці вельмі трудна навучыцца? Кажуць, што вы пішаце бяз „ять“, але затое ў кожным слове або „фіта“, або „іжыца“ спатыкаецца. Скажэце-ж, калі гэтая „іжыца“ ўстаўляецца?

Мікола (нічога нясьцяміўшы, ня ведае, што адказаць). Іжыца… часам… устаўляецца…

Філімон. Толькі-ж памятайце ўмову: каб ніхто ня ведаў. Ну, я вельмі рад, што вы згодзіліся, спадзяюся, што навука ў нас пойдзе добра… Хаця мне ня трэба надта шмат, але так крышачку, каб, ведаеце, мог рэзалюцыю якуюсь палажыць… каб ня відаць было, што я нічога ня цямлю… Вы мяне разумееце?

Мікола. Выбачайце, але я нічога не разумею.

Філімон. Ну, крышачку навучыцца!.. Самае важнае для мяне, калі гэтыя хвосьцікі над „у“ ставяцца?

Мікола. Хвосьцікі? (сьцяміўшы). Ага! Дык вы хочаце вучыцца пабеларуску?

Філімон. Ну, але-ж! Казаў-жа вам Скакун?

Мікола. Скакун? (д. с.). Ён з глузду зьехаў! (да Філімона) Але, але… казаў…

Філімон. Ну, вось. Дык, калі ласка, просім заўтра. Калі для вас зручней?

Мікола. Мне ўсё роўна… Я з прыемнасьцю… Калі пазволіце…

Філімон. Ну, дык прыходзьце раніцай, я да абеду буду дома. Добра?

Мікола. Я вельмі дзякую… Я вельмі рад…

Філімон. Ну, дык бывайце здаровы! Да заўтра, значыцца!

Мікола (выходзіць). Бывайце!…

Філімон (зачыняе за ім дзьверы).

Зьява 16.

ФІЛІМОН (адзін).

Філімон (д. с.). Якійсь, дарэчы хлапец. Нічога сабе. Скромны, мае пашану да старшых асоб…

Ну, вось! шмат я сягоньня зрабіў работы! Трэба будзе супачыць. (Ідзе на балькон і бачыць вяроўку). Вось ізноў непарадак! Вяроўка валяецца. Марта мусіць кінула і забылася… Праганю гэту бабу, іншай рады няма. (Выкідае вяроўку праз дзьверы ў кухню). А цяпер да Любачкі! (глядзіць праз дзірачку у дзьвярох). У! ты, ціпачка! (да Любы праз дзьверы). Любачка! ці можна да цябе зайсьці, дзетанька? Гэта я — твой дзядзенька!.. (ціха, асьцярожна ўваходзіць у пакой Любы).

ЗАСЛОНА.


АКТ II.

Зьява 1.

МАРТА і ЛЮБА

(сядзяць на сцэне. Марта круціць лыжкай цеста ў місе, Люба нешта шые).

Люба. Я надта рада, што Марта, пачуўшы ўчора мой крык, выцягнула дзядзеньку з майго пакою. Бо мне было гэтак прыкра! — я была ўжо распрануўшыся, а дзядзенька ўвайшоў у мой пакой і пачаў цалаваць мяне ў шыю. Няўжо-ж усе дзядзі гэтак цалуюць сваіх пляменьніцаў?

Марта. Ды твой „дзядзенька“, Любачка, гэта не такі звычайны дзядзенька, а так… як і ня дзядзенька.

Акт II

[правіць]

Люба. Як так: ня дзядзенька?. Дык нашто-ж ён узяў мяне ад цёці і прывёз сюды?

Марта. А, вось, дзеля гэтага самага.

Люба. Дзеля чаго?

Марта. Але, дудкі! фіга з макам! Гэта яму ня ўдасцца! Мая ўжо ў гэтым галава будзе.

Люба. Што ня ўдасцца, Мартачка?

Марта. А во — гэтакая распуста. Быў час, што й да мяне гэтак сама калісь ліпнуў; „пацалуй мяне, Мартачка! пацалуй, Мартачка!“…

Люба. Няўжо-ж дзядзя гэтак любіць цалавацца?

Марта. Ага! Ен на ўсялякія гэтакія штукі майстар. Можа ўжо й табе абяцаў, што будзе жаніцца?

Люба (вельмі зьдзіўленая). Як так жаніцца? Дык-жа ж ён мой дзядзенька!

Марта. Такі ён твой дзядзенька, як я твая цёценька. Бясстыдствам на старасьць пачаў займацца — вось і ўсё!

Люба. Я нічога не разумею. Нашто? Якім бясстыдствам?

Марта. А вось зараз зразумееш, як я табе ўсё, як сьлед, раскажу. Толькі-ж ты, Любачка, маўчы і навет віду не паказвай, што нешта ад мяне даведалася, бо будзе авантура. Ен выманіў цябе ад твае цёці і прывёз з вёскі сюды дзеля таго, што ты яму надта спадабалася. Спадабалася яму твая моладасьць, твая сьвежанькая мордачка. А цёця твая не дагадалася, каму аддала цябе ў рукі. Усё тое, што цяпер дзеецца, гэта яшчэ толькі кветачкі, а ягадкі пасьля будуць. Дык ты, Любачка, лепш напішы да свае цёці, каб яна цябе назад да сябе ўзяла, бо будзе дрэнна. Нічога Філімону не кажы, а гэтак ціханька пісьмо да цёці напішы. Як цёценька твая сюды за табой прыедзе, дык я ўжо сама ёй усё, як сьлед, растлумачу.

Люба. Ах, Божа мой, які страх! А я думала, што ён добры чалавек.

Марта. Праўду кажучы, не такі ўжо благі, але страшэны паскуднік.

Люба. А мне ў горадзе спадабалася! тут весялей, чымсь на вёсцы… Але калі ты, Мартачка, кажаш, што ён такі страшны, дык я напішу да цёці, каб яна сюды прыехала. Вось добра, што яго цяпер няма, зараз сяду і напішу. (Iдзе да пісьменнага стала).

Марта. Пішы, пішы, Любачка! а я пайду ў кухню абед даглядзець. (Выходзіць у кухню).

Зьява 2

ЛЮБА (адна), пасьля МІКОЛА (за сц. пяе).

Люба. Вось дык штука! А я думала, што ён добры, бо ніколі мне благога слова ня скажа, толькі ўсё абыймае ды цалуе. А ён вось які!… А можа Марта гэтак са злосьці на яго нагаварыла, бо ён учора крычаў чагосьці на яе і навет хацеў прагнаць… Хай цёця сюды прыедзе й сама разьбярэ — што і як. (Піша): „Дарагая цёценька! Мой дзядзенька, дык зусім ня дзядзенька, а так.

„Спачатку я думала, што дзядзенька добры чалавек, бо ўсьцяж мяне цалаваў, а цяпер, як я даведалася, што дзядзенька зусім ня дзяцзенька, дык я баюся“…

(За сцэнай чуваць гітару і голас Міколы, каторы пяе):

Любачка мілая
цябе гэтак люблю,
без цябе мне жыцьцё
неўмагату.

Хай маей песьні тон
выкліча на балькон
маю зязюленьку,
Любу маю.

Ах, літасьць ў сэрцы май,
дай на зямлі мне рай,
табе аддам я ўсё
сэрца сваё.

Хацеў-бы я хоць раз
пачуць тут твой адказ,
што любіш ты мяне
хоць трошачкі.

Люба (слухае песьню). Ах гэта ён — Мікола! трэба яму адказаць! (хавае пісьмо на грудзёх пад блюзкай, бяжыць на балькон і пяе):

Дружок мой міленькі,
Мікола бедненькі,
твой голас для мяне
моў песьня салаўя.

Як чую я цябе,
дрыжыць сэрца ў мяне,
несупакойна ўся
мая душа.

Як чую голас твой,
ня знаю, што са мной,
страшна і соладка
робіцца мне.

Ты — ясны мой прамень,
прагоніш гора цень;
шчасьце толькі з табой
спазнаці я магу.

(На балькон згары падае кветка. Люба падымае яе і цалуе).

Люба. Дзякуй!.. (Уваходзіць з балькону на сцэну). Сама ня ведаю, што са мной. Як пачую яго голас, сэрца скача ў грудзёх, а на душы робіцца неяк млосна і соладка. Не разумею, што гэта… Ах, як было-б добра, каб гэта ён быў мой дзядзенька ды сказаў мне: „Пацалуй мяне, Любачка!“… Але, што рабіць, як прыедзе цёця і забярэ мяне ізноў на вёску? Дык-жа я мусіць ніколі ўжо больш яго не пабачу!.. Не, пакуль што, ня буду яшчэ высылаць пісьма да цёці, а параюся з Міколай.

Зьява 3.

ЛЮБА і МІКОЛА.

Мікола (уваходзіць). Добры дзень, панна Любачка! (Цалуе яе рукі).

Люба (пабачыўшы яго, спалохалася). Што вы зрабілі? Як вы важыліся прыйсьці!.. Хутка ўжо вернецца дзядзенька і вам ізноў прыдзецца хавацца, як тады…

Мікола. Ня турбуйцеся!.. Ваш дзядзенька сам мяне прасіў, каб я сюды прыйшоў.

Люба (страшэнна зьдзіўленая). Сам прасіў?!

Мікола. Але. Я буду яго вучыцелем беларускай мовы і сягоньня будзе першая лекцыя.

Люба. Ах, як гэта добра!.. Але як-жа ж гэта сталася? Вы-ж ня былі знаёмы з маім дзядзенькай.

Мікола. Усё гэта наладзіў мой прыяцель Скакун… А вы, Любачка, рады, што гэткім чынам будзем кожны дзень бачыцца?

Люба. Ах, я рада.

Мікола. О, мілая! (Працягвае да яе рукі).

Люба. Ах, не, не! толькі не цалуйце, бо мне неяк-так… нязручна…

Мікола. Дарагая мая! Няўжо-ж вы так ня любіце мяне, што вам навет прыкра, калі я цалую вашу ручку?

Люба. Не, я гэтага не кажу… Я наадварот… Я вас… я вам… вы мне… Ну, я ня ведаю, як сказаць!

Мікола. Скажэце мне, ці вы хоць крышачку мяне палюбіце, бо я… бо я… Да таго часу, як я вас спаткаў і адважыўся на вуліцы падыйсьці да вас, я валачыўся ўсюды за вамі сьледам, як сабака, а вы мяне ня бачылі. Вы заўсёды хадзілі разам са сваім дзядзенькай, а я чакаў той хвіліны, калі спаткаю вас адну. I вось прычакаўся, і падыйшоў тады да вас… Але я навет не лятуцеў тады аб гэтакім вялікім шчасьці, што буду мець магчымасьць прыходзіць тут кожны дзень і бачыць вас, і гутарыць з вамі! І вось я тут, я гляджу ў вашы вочкі… о! не апускайце іх! я хачу глядзець у гэтыя зорачкі ясныя, якія завядуць мяне на загубу, або да найвялікшага шчасьця… Ну, паглядзеце на мяне! я хачу прачытаць у вашых вачох свой прысуд: ці шчасьце, ці загуба?

Люба (спусьціўшы вочы, саромліва). Калі мне сорамна.

Мікола. Любачка мая! Птушачка! Чаму салавейка, як закрасуецца вясна, не сароміцца ў кустох бэзу пяяць сваю песьню каханьня? Чаму кветкі не саромяцца напаўняць паветра сваім пахам? Чаму рэчка не сароміцца шумець хвалямі аб прыбярэжнае каменьне?.. Ці ёсьць на сьвеце штоколечы прыгажэйшае, сьвятлейшае за любоў? Што дае нам найвялікшае шчасьце, калі ня любоў. Любіць і быць любімым — вось радасьць жыцьця!.. (сумна). Але любоў бывае вялікім няшчасьцем, калі той, каго мы любім, нас ня любіць.

Люба. Але кажуць, што, каб любіцца, трэба добра пазнацца, а мы-ж яшчэ гэтак мала знаёмы.

Мікола. Дзетачка! Любоў не ўзгадоўваецца гадамі, а родзіцца раптам, мамэнтальна, як маланкай спаліць… Мігне маланка, загрыміць грымот, ударыць пярун — і зваліцца на зямлю самае магутнае дрэва… Гэтак і любоў; адзін мамэнт, адзін пагляд — і чалавек увесь загарэўся каханьнем… Як ўбачыў я вас першы раз, адразу мяне нешта ўшчаміла за сэрца, і я ў душы сваёй ня меў ужо супакою… Любачка! я-ж люблю вас, як ніколі яшчэ ня любіў; скажэце мне адно слова, дайце мне хоць кроплю надзеі… або не! Лепш нічога не кажэце, гляньце толькі на мяне сваімі яснымі зорачкамі, а я ў іх прачытаю ўсю праўду.

Люба (нягледзячы на яго, лёгка да яго пахіляецца). I са мной нешта гэткае самае дзеецца, як з вамі…

Мікола (абыймае яе і горача цалуе). О, Любачка! Дарагая! Адзіная!

Люба (пасьля паўзы). Я раней думала, што з кожным гэтак няпрыемна цалавацца, як з дзядзенькай, але з табой… інакш…

Мікола (з ценем зайздрасьці). А дзядзенька часта цябе цалуе, Любачка?

Люба. Ен заўсёды лезе цалавацца, але я ўцякаю ад яго і крычу. Тады зьяўляецца Марта, тутэйшая кухарка, і ён спыняецца… Але мой дзядзенька дык, праўду кажучы, і ня дзядзенька, а так сабе… А я кажу „дзядзенька“, бо ўжо гэтак прывыкла… Але ляпей было б, каб ён узапраўды быў мой дзядзенька, бо дзеля гэтага прыдзецца мне ізноў вярнуцца на вёску, да цёці… I тады ўжо ніколі мусіць не пабачымся!

Мікола. Любачка! Ня можа быць! Я цябе ня пушчу, я цябе нікому не аддам! (ізноў яе абыймае). Ніхто ня вырве цябе з маіх рук! Мы ўжо не растанемся і пойдзем разам праз жыцьцё, і ніколі адно аднаго не пакінем. Ці будзе добра, ці блага — але разам! А жыцьцё — гэта такая радасьць, калі побач ідзе дарагі каханы чалавек! Дык будзем адгэтуль разам цешыцца, разам плакаць, разам змагацца — ўсё разам! Добра?

Люба. Я ня ведаю… Трэба падумаць… Неяк так скора…

Мікола. Мілая! Жыцьцё такое кароткае!.. Жыцьцё — барацьба, дзе няма часу на доўгія охі ды ўздохі. Мы любім адно аднаго, дык чаго чакаць? Пажэнімся. Я бедны беларускі вучыцель, але — Бог дасьць — з голаду не памрэм. Ты будзеш хадзіць на беларускія курсы, сама станеш вучыцелькай — і вось будзем жыць ды песьні пяяць!.. Там, дзе ёсьць шчырая верная любоў, там і бяда ня страшна. Я — мужыцкае дзіця, сын селяніна, я да ўсяго прывык ты-ж таксама, здаецца, не паненка. Ну, вось… Праўду я кажу? Добра? Ты згодна, Любачка?

Люба. Добра.

Мікола (цалуе яе). О, шчасьце ты маё!.. (звоніць званок).

Люба. Дзядзенька прыйшоў! (хапае сваю пакіненую работу, бяжыць на балькон, сядае там і шые).

Мікола (застаецца на сцэне, выймае з кішані кніжку).

Зьява 4.

ЛЮБА, МІКОЛА, МАРТА і ФІЛІМОН.

Марта (праходзіць праз сцэну і адчыняе дзьверы. Уваходзіць Філімон).

Філімон (распранаючыся). Што, Марта, робіш сягоньня на абед?

Марта. А што-ж я магла зрабіць за гэтакія грошы! Будуць блінчыкі і супчык — больш нічога.

Філімон. Ну, добра, толькі пасьпяшайся, бо мала маю часу. Пасьля абеду шмат яшчэ маю работы.

Марта. Як зварыцца, дык і падам. Сырога-ж есьці ня будзеце. (Пайшла ў кухню).

Зьява 5.

ФІЛІМОН, ЛЮБА і МІКОЛА.

Філімон (пабачыўшы Міколу). А, вы ўжо прыйшлі! Добры дзень! Даўно чакаеце? А ў мяне гэтулькі дзела!

Мікола. Не, толькі што…

Філімон. Ну, дык вось, калі ласка, сядайце, пагаворым. Ну, значыцца, перш-на-перш аб цане, бо я чалавек небагаты, я многа плаціць не магу.

Мікола. Э, глупства… я магу і так… бяз грошай.

Філімон. Ну як-жа ж так? Гэта неяк не таго.

Мікола. Нічога… У мяне шмат свабоднага часу… Я з прыемнасьцю.

Філімон. Ну, добра. Калі вы ўжо такі… сымпатычны чалавек, дык хай і так будзе, нічога не парадзіш. Я вам аддзякую за гэта пасьля, як ужо буду міністрам. Я вам дам службу ў сваёй канцэлярыі… О! вы з маей пратэкцыяй высока заедзеце!

Мікола. Калі надта высока, дык небясьпечна. Можна абарвацца й паляцець уніз.

Філімон. Ха-ха-ха! Паляцець уніз — кажаце. Вы гэта добра сказалі. Бывае, ўсяляк бывае, але незаўсёды і ня з кожным… Ну, дык можа пачнем, ці што? каб часу ня траціць.

Мікола. Я гатоў… Вось я ўзяў з сабой кніжачку. Напішам, перш-наперш, дыктоўку, каб я ведаў, колькі вы ўжо ўмееце.

Філімон. Добра. Але, але! Напішам дыктовачку! (Сядае пры стале, задам да балькону).

Мікола (глядзіць у кніжку, пасьля зачыняе яе і дыктуе з памяці). „Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў“.

Філімон (паўтарае і піша). „Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў“… Добрая фраза… (да Любы). Чуеш, Любачка?

Люба. Чую, дзядзенька!

Філімон (піша) … „была і будзе заўсёды любоў“… (да Міколы). Любоў пішацца праз „у“ з хвосьцікам?

Мікола (праз гэты час, як Філімон піша, перамігіваецца з Любай. Люба ківае пальцам, даючы знак, што гэтую міміку можа заўважыць Філімон). Але, але! Любоў заўсёды з хвосьцікам.

Філімон. Ужо. Напісаў. (Абярнуўся).

Мікола (адскочыў ад балькону, ходзіць па сцэне і дыктуе). „Ты і я ўдваіх станем сьмелай ступой змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд, жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой, за нявольны свой край, за свой змучаны люд“[2]. (У часе гэтай фразы таксама, як раней, мімічная ігра з Любай).

Філімон (піша). Зараз, зараз… ня так хутка, я не пасьпею… Як там было? „…жыць, любіць і цярпець?“…

Мікола. „Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой…“ (Падходзіць ціханька на балькон і раптам цалуе Любу).

Зьвініць званок.

Мікола (адскочыў ад Любы).

Філімон (крычыць). Марта! глухая, ці што? Адчыні! Нехта звоніць. (Схаваў сшыток пад стол і чакае).

Зьява 6

МІКОЛА, ЛЮБА, ФІЛІМОН і МАРТА.

Марта (праходзіць праз сцэну, ідзе адчыніць дзьверы, пасьля варочаецца з газэтай у руцэ і кладзе яе на стале перад Філімонам). Пачтальён газэту прынёс. (Ідзе ў кухню).

Зьява 7.

ФІЛІМОН, ЛЮБА і МІКОЛА

Філімон. Ага, газэта! Добра… (да Міколы). Зараз… устрымаемся крыху, я толькі перагледжу. (Разварочвае газэту і перабягае яе вачыма). Што гэта? Што?! Біяграфію маю абсьмяялі! Памфлет!.. Жулікі! (да Міколы). Дзе гэты ваш Скакун? Скажэце вы гэтаму свайму прыяцелю, што ён за гэтакія штукі да бяды даскачацца! Ну, хіба я ніколі ў жыцьці яго не спаткаю! Хіба ён пад зямлю ад мяне схаваецца! Хм! Падумайце толькі! Якое нахальства! Абсьмяялі! Маю аўтабіяграфію абсьмяялі!… Маю аўтабіяграфію!.. Гэта-ж чорт ведае, што такое! (Ходзіць па сцэне). Фу! не магу супакоіцца. Вось гіцаль! А яшчэ ўзяў на „расходы“! Добра, што я яму так мала даў. Вось і Скакун! Каб ты ў пекла скочыў у гарачую смалу, Скакун ты гэтакі!

Мікола. Дык можа я ў другі раз?.. Заўтра?…

Філімон. Не, не, пачакайце крыху, я зараз супакоюся. Вось дачытаю гэтую паганую газэту і зараз будзем пісаць далей дыктоўку… Гм! Абсьмяялі! Абдурылі! Ах, вы, гады! (гурчыць сабе нешта пад нос і чытае газэту).

У гэты час Люба цалуе кветку і кідае яе Міколе. Мікола таксама цалуе кветку і кідае яе Любачцы.

Філімон. Што?! што?!.. (крычыць). Правалілі! правалілі! правалілі!… (газэта падае з яго рук на падлогу).

Люба (падбягае да Філімона). Каго, дзядзенька, правалілі?

Філімон. Мяне правалілі!.. А кілбасу маю елі, а гарэлку маю пілі, а правалілі!

Мікола (падтрымліваючы яго на крэсьле). Нічога, панок, сядзеце спакойна, не праваліцеся, я вас падтрымаю.

Філімон. Ідзеце к чорту! Непатрэбны мне вашыя дыктоўкі! непатрэбна мне вашая беларуская пісьменнасьць, калі ў міністры не папаў… Правалілі!

Мікола (пасылае рукой пацалунак Любачцы і выходзіць).

Зьява 8.

ФІЛІМОН і ЛЮБА.

Філімон (сядзіць на крэсьле і штораз цішэй мармыча): Правалілі… правалілі…

Люба (ходзіць па сцэне; хоча нешта сказаць, але ня можа рашыцца; колькі разоў падыходзіць да Філімона, але йзноў адыходзіць з нерашучым жэстам). Дзядзя! Я вам нешта хацела сказаць…

Філімон. Ах, правалілі, дзетачка! ах, правалілі, мілачка!..

Люба. Дзядзя! Я з вамі хацела пагутарыць аб аднэй рэчы…

Філімон (слабым голасам). Гавары, Любачка! Ты адна асалода майго жыцьця!.. Хадзі, пацалуй бедненькага свайго дзядзеньку… (Працягвае рукі і хоча яе абняць).

Люба (адскочыўшы). Не, не!.. ня трэба!… я не хачу!…

Філімон (я. в.). Чаму-ж ты ня хочаш, ціпанька?.. Ну, кажы-ж, што ты хацела казаць?

Люба (энэргічна). Я хачу сказаць, дзядзенька, што я паеду да цёці, або мо’ паеду ў іншае месца, а тут жыць ня буду.

Філімон (зьдзіўлены). Чаму, дзетанька?

Люба. Бо дзядзенька — зусім ня дзядзенька.

Філімон (ускочыўшы). Як ня дзядзенька? Хто табе гэта казаў?

Люба. Хто казаў, той казаў, але я тут жыць ня буду і прашу, каб вы аддалі мне мае дакумэнты.

Філімон. А! гэта мусіць гэтая подлая Марта набрахала. О! я бачу ўжо, што гэта яе работа! Ох, Божа мой! у такі мамэнт навет яны мяне не шкадуюць?… Бяз літасьці!… Ну, дык пачакай. Любачка! я табе скажу ўсё, ўсю праўду, мілачка! Як я цябе першы раз убачыў сіротаньку, такую бедненькую, чырвоненькую, беленькую, дык мне зрабілася страшэнна шкада цябе, Любачка, і я падумаў сабе: вазьму яе да сябе, яна да мяне прывыкне, палюбіць — і будзем жыць шчасьліва.

Люба. Што вы, дзядзенька! Я-ж такая маладая, а вы ўжо стары.

Філімон. Я не стары, Любачка! Гэта толькі так здаецца, але я не стары. О-го-го! Стары! Ты яшчэ маладая, дурненькая, а я цябе павяду праз жыцьцё, як па масьле.

Люба. Нічога з гэтага ня будзе.

Філімон. Я ажанюся з табой, Любачка!

Люба (востра). Я не хачу, каб вы жаніліся! Аддайце толькі мне мае дакумэнты!

Філімон. Ага! Ага! Марта мусіць набрахала й аб тым, што я з ёю абяцаў жаніцца… Але-ж, ціпачка! Што Марта, а што ты! Як неба да зямлі… Марту я ашукаў, гэта праўда, але цябе не ашукаю, далібог, ажанюся… Ты можа думаеш, што я бедны? Гэта я так толькі ўсім разсказваю… А ты яшчэ ня ведаеш, што ў гэтай шафе! (паказвае на шафу з грашыма). О! я табе пакажу! Ты пабачыш!…

Люба. Непатрэбны мне вашы грошы.

Філімон. А ты кажаш, што я стары. О-го-го! Не адзін малады мог-бы пазайздраваць мне. Ты толькі пацалуй мяне, Любачка, ты толькі папрабуй… Ну, ціпачка! (хоча яе злавіць і пацалаваць).

Люба (ўцякае навокал стала, пасьля бяжыць на балькон і крычыць). Кіньце, я прашу! бо крычаць буду! з балькону ўніз скокну, калі падойдзеце бліжэй! Кіньце. Прашу вас!… Марта!!!

Філімон. Ну, ціха, ціха, што ты? Ашалела дзяўчына. Ціха!

Зьява 9.

ФІЛІМОН, ЛЮБА і МАРТА.

Марта (ўваходзіць з кухні). Абед ужо гатоў. Ці падаваць ужо?

Акт III

[правіць]

Філімон (злы на Марту, што неўпару ўвайшла). Падавай, падавай, каб ты трэснула!…

ЗАСЛОНА.


АКТ III.

Дэкорацыя тая самая.

Зьява 1.

МАРТА адна, пасьля ЛЮБА.

Марта (шчоткай падмятае сцэну).

Люба (ўваходзіць з свайго пакою; да Марты ціха): Марта, дзе ён?

Марта. Ляжыць. Усю ноч стагнаў ды стагнаў. Усё казаў: правалілі! правалілі! А пасьля цябе клікаў: „Любачка! ціпачка!“ Я яму кампрэс на галаву палажыла. А цяпер заснуў. Калі не паправіцца, думаю, трэба будзе фэльчара паклікаць, каб піяўкі за вушамі паставіў.

Люба. А як-жа ж будзе з маімі дакумэнтамі? Дастанеш, Мартачка?

Марта (выймае з кішані ключы). Ключы вось; я ведаю, дзе ён трымае ўсе важныя паперы… Толькі я чытаць ня ўмею… Я табе ўсё дам. Ты сама ўжо разглядзі, што тваё, а што не тваё. (Ідзе да стала, адчыняе і выймае паперы).

Люба. Ах, вось добра! Дзякую табе, Мартачка! (цалуе Марту).

Марта. Ну, што… Глупства. Вось, глядзі.

Люба (пераглядае). А вось! Вось маё! ёсьць! Ну, добра… Значыцца, цяпер трэба злажыць рэчы і ўцякаць, пакуль ён яшчэ не прачхнуўся. Ці маё ўжо ўсё гатова?

Марта. А я ўжо ўсё папрасавала, злажыла. Толькі твая блюзачка яшчэ ня зусім высахла, але я яе зараз выпрасую.

Люба. Ах, залаценькая мая, Марта!.. Ну, буду сьпяшацца! (Бяжыць у свой пакой).

Зьява 2.

МАРТА (адна).

Марта. Добрая дзяўчына, шкада мне яе, няхай уцякае адгэтуль… А яму я колькі разоў казала, што гэтыя яго міністраўскія фанабэрыі да дабра не давядуць. Вось, ляжыць цяпер хворы, ні рукой, ні нагой… Ну, але добра тое, што ў міністры не прынялі, зноў, прынамсі, чалавекам будзе. (Раптам успомніла). А ключы трэба ізноў ціханька палажыць пад падушку, бо як прачхнецца і заўважыць, што ключоў няма, дык будзе бяда. (Ідзе ў пакой Філімона).

Зьява 3.

ЛЮБА (адна).

Люба (праходзіць з чэмаданчыкам, які пакідае на сцэне). Ну вось я ўжо злажыла свае рэчы… Трэба цяпер паклікаць Міколу. (Бяжыць на балькон, пляскае тройчы далонямі і кліча): Мікола, Міколка! прыдзі ціханька ўзяць мой чэмаданчык… Я ўжо хутка буду гатова… Толькі ціханька!.. Дзьверы будуць адчынены. (Бяжыць да дзьвярэй і адчыняе іх).

Зьява 4.

ЛЮБА і МАРТА.

Марта (ўваходзіць). Цяжка дыхае і нешта мармыча, але здаецца, што сьпіць. Няхай сьпіць! Сон — гэта найлепшая лякарства… Ну, цяпер іду прасаваць тваю блюзачку… (ідзе ў кухню).

Люба. Я табе памагу, Марта!.. (ідзе за ёю).

Зьява 5.

МІКОЛА (адзін).

Мікола (ўваходзіць асьцярожна, аглядаючыся наўкола). Любачка! (д. с.). Каб толькі, прыпадкам, не наскочыць на Пупкіна!… (пабачыўшы чэмаданчык). А вось, гэта мусіць яе чэмаданчык, трэба яго ўзяць. (Бярэ чэмаданчык і выходзіць).

Зьява 6.

ФІЛІМОН (адзін).

Філімон (уваходзіць у шляфроку, з абвязанай ручніком галавой). Правалілі… правалілі… правалілі… (няпрытомна): Кажуць: не беларус… што: беларус?… хто — беларус?.. Племя… нарэчые… Рэспубліка!.. гм!.. падумаеш!.. А „всѣ ручьи сольются въ русском морѣ“… „Единая недѣлимая матушка“… — вось сіла!… вось ідэал!.. Уся гэтая беларуская мода хутка кончыцца, а тады йзноў будзем з цьвёрдымі знакамі… Правалілі… правалілі…

А Любачка-ціпачка кажа, што стары… Хто стары?.. Скакунчыка табе захацелася нейкага маладога? Паскача-паскача, а дзела ня зробіць… „Любви всѣ возрасты покорны“… — вось і паскачы!… (слабы, бясьсільны сядае на канапе і далей мармыча гэткія-ж бязьзьвязныя фразы).

Зьява 7.

ФІЛІМОН і МІКОЛА.

Мікола (ўваходзіць, ня бачачы Філімона). Любачка! ці ты ўжо хутка?… (ўбачыўшы Філімона, спыніўся). А!…

Філімон (спалохаўшыся). Хто гэта? Чаго? (спазнаўшы). А! гэта вы!… Сьвятляк!… Прыйшлі сьвяціць… Ня трэба мне вашага „сьвятла“, ўжо ня трэба!… Правалілі… А мы ўсё такі будзем з цьвёрдымі знакамі!.. Ага! Любоў — радасьць багоў… ага! з хвосьцікам?.. Брэшаш! Гэта толькі чорт з хвосьцікам… Я бачыў… ведаю… У! вон пайшоў, злодзей гэтакі!

Мікола (дагэтуль, гледзячы на Філімона, стаяў як акамянеўшы, цяпер скрануўся). Пане Пупкін! што вы?! як вы сьмееце!…

Філімон (непрытомна). Злодзей! Душы чалавечыя крадзеш і ў торбу, ў торбу сабе хаваеш. Душы аддай! — яны жывыя! Жывыя душы аддай!

Мікола. Пане Пупкін! Вы, як бачу, хворы. Вы ня ведаеце, што гаворыце. Вам трэба легчы ў пасьцель.

Філімон. А! ведаю! Каб ключы ўзяць! Я ведаю!…выцягвалі ключы з пад падушкі… Я ўсё ведаю! Нашто ключы бралі?

Мікола. Я ня ведаю, я ня браў ніякіх ключоў.

Філімон. А правалілі… беларус… Беларусь… Дзе Беларусь?… Хто беларус?…

Мікола. Пане Пупкін! Мне вельмі вас шкада, як старога, хворага чалавека, але я павінен сказаць вам пару слоў праўды… Вам, каторы дагэтуль ня меў нічога супольнага з беларускім рухам, цяпер, калі на небасхіле нашага жыцьця зазіхацеў праменьчык лепшай долі, раптам захацелася стаць на чале беларускага народу… Але, пане Пупкін! Наш многапакутны народ, ускалыхнуўшыся пасьля векавога сну, ведае ўжо, хто можа быць яго павадыром. А вы „тоже“ беларус сёньняшняга дня, захацелі схапіць у свае рукі народную справу!… А тады, як сьмехам аплёўвалі, як нас, за нашу беларускасьць, у турмы садзілі, як усялякі зьдзек над намі рабілі — дзе вы тады былі? Дзе вы былі, пане Пупкін, калі мы хадзілі галодныя ды абадраныя, з зайздрасьцю паглядаючы на багатыя сталы ў іншых?… А цяпер, як ёсьць магчымасьць пры нашым полымі зварыць і сваю кашу, вы прыходзіце да нас і велікадушна ахвяроўваеце нам сваю асобу. Спазьніліся, пане Пупкін! Трэба было з намі, з народам, ісьці тады, як мы вас клікалі: хадзеце да нас, памажэце нам рабіць нашу справу! Тады вы былі глухія ды сьляпыя. Цяпер наш народ будзе глухі на ваш крык і наша адраджэнская хваля пройдзе міма вас, або праз вас. Народ наш стопча, здратуе вас, як сухую, непатрэбную траву… Спазьніліся, пане Пупкін! (выходзіць).

Філімон (бяжыць за ім). Як сьмееш?.. у маім доме!… вучыць мяне!.. бачыце яго!.. блазьнюк!…

Зьява 8.

ФІЛІМОН, МАРТА, ЛЮБА.

Марта (ўвайшоўшы, да Філімона). Ну, чаго ўстаў? Ляжаў-бы лепей!.. Трэба паспаць, а то ўсю ноч ня спаў… Ідзі, ідзі, Філімон, завяду ў спальню, ляж на ложка… (вядзе яго ў спальню).

Філімон (бязвольна). Вядзі, Марта, куды хочаш… Вядзі, ведзьма ты старая, вядзі… (ідуць разам).

Зьява 9.

ЛЮБА (адна).

Люба (моўчкі прыглядалася да гэтай сцэны з блюзачкай у руцэ). Аднак бедны ён!.. Але мне трэба ўжо зьбірацца… Ен мае сваю Марту, яна застанецца пры ім, а я маю свайго Міколу — і шчасьце там мяне чакае… Трэба толькі напісаць Філімону пісьмо, бо гэтак, бяз ніводнага слова, пакідаць яго дом нязручна, ён-жа мне нічога благога не зрабіў. (Сядае пры стале і піша): „Дарагі дзядзя! Хаця Вы й ня дзядзя, але я ўжо так прывыкла. Бывайце здаровы і ня гневайцеся. Я сягоньня пакідаю ваш дом. Люба“. (Пакідае пісьмо на стале, бяжыць на балькон і кліча): Міколка! чэмаданчык узяў?… Узяў?… Ну, добра, я зараз ужо йду, толькі апрануся. (Бяжыць у свой пакой, узяўшы з сабой сваю блюзачку).

Зьява 10.

МАРТА, пасьля ЛЮБА.

Марта (ўваходзіць). Ну, палажыла яго, як дзіця, здаецца, што ўжо засьне… Ах, бяда мне была з ім здаровым, а яшчэ горшая з хворым.

Люба (ўваходзіць, апрануўшыся ў капялюш і пальто). Ну, бывай здарова, Марта! Дзякую табе за ўсё, за ўсё! (цалуюцца).

Марта. Ну, бывай здарова, Любачка! Хай вас Бог сьцеражэ! Любеце адно аднаго і будзьце шчасьлівы! (Праводзіць яе да дзьвярэй і багаславіць яе).

Люба (выходзіць).

Зьява 11.

МАРТА (адна).

Марта. Ах, моладасьць! моладасьць! Раз у жыцьці толькі бываеш і назад ужо не варочаешся. Ты маеш вялікія правы, бо навет тыя глупствы якія робіш, выглядаюць як разумнае дзела, а ў старасьці глупства рабіць нягожа… Ну, трэба пайсьці ў кухню зварыць нешта, бо і ён, як прачхнецца, мусіць захоча есьці, дый я нічога яшчэ ня ела. (Ідзе ў кухню).

Здалёк ледзь-ледзь чутно галасы людзей, якія падыходзяць усё бліжэй ды бліжэй і пяюць:

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На родны, вольны свой прастор,
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор.

Хай ажыве закамянелы
Наш беларускі родны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы
Пакрый сабой народны рух[3].

Зьява 12.

ФІЛІМОН (адзін).

Філімон (уваходзіць неспакойны). Любачка! Дзе Любачка? Любачка! (ходзіць па сцэне, ідзе на балькон, пасьля пабачыў на стале пісьмо Любы, чытае): „Дарагі дзядзя! Хаця Вы й ня дзядзя, але я ўжо так прывыкла. Бывайце здаровы і ня гневайцеся. Я сягоньня пакідаю ваш дом. Люба“. (Гавора). Уцякла! Любачка ўцякла!.. А можа толькі пажартавала, можа схавалася? (Ідзе ў пакой Любы, пасьля варочаецца). Няма… няма!.. Няма пальта, няма капялюша, няма чэмаданчыка! Уцякла, Любачка ўцякла!..

Праз гэты час пяяньне прыблізілася, песьню чуваць ужо выразьней:

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й бачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
I першы выкліча на бой.
 
На бой за славу і за волю
Народу беднага свайго,
Браты, цярпеўшыя даволі,
На бой мы ўсе да аднаго!

Філімон. О!.. Народ ідзе!.. Пройдзе, здратуе, растопча, як сухую, непатрэбную траву! (бяжыць на балькон і крычыць). Вон! вон! Хамы! Шалёныя! Філімона Пупкіна не растопчаце! я вас усіх!.. Вы ведаецце, хто я такі? Разайдзецеся! (ўцякае на сцэну і зрывае з галавы кампрэс). А яны йдуць, ідуць, ідуць! Грамада! Вялізная грамада! Народ! А я адзін!.. І Любачкі няма! Уцякла!.. Уцякла!.. Яна там з імі!.. Разам з імі!.. (Ня можа ўтрымацца на нагах і падае).

Зьява 13

ФІЛІМОН і МАРТА.

Марта (ўвайшла, падымае кампрэс і абвязвае галаву Філімону).

Філімон (ня бачачы яе). Вось я ўпаў, ляжу, ідзеце праз мяне, праз мой труп, дратуйце мяне! Я бясьсільны, сьмейцеся з мяне! ну! сьмейцеся з мяне! зьдзекуйцеся, бо я ўжо не магу бараніцца, бо я стары, слабы, бо я адзін!.. О! Божа мой! Нікога няма! Я адзін…

Марта. Я пры табе, Філімон! я пры табе… Ну, ўстань, Філімон! ну, ідзі ў спальню, я памагу… Вось так… Хадзі!.. (памагае яму падняцца і вядзе ў спальню).

За сцэнай зусім ужо блізка чутно апошнія словы песьні:

Браты! Да шчасьця мы падходзім,
Хай гром гудзе яшчэ мацней,
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё рэспублікі сваей!

ЗАСЛОНА.

Вільня,
у жніуні 1922 г.


  1. На мэлёдыю вядомай сэрэнады Шубэрта.
  2. Верш Я. Купалы.
  3. Словы М. Косьцевіча, музыка Тэраускага

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.