Перайсці да зместу

Домбі і сын/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VIII. Далейшае развіццё, рост і характар Поля Раздзел IХ, у якім Драўляны Мічман трапляе ў бяду
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел Х, у якім расказваецца аб выніках, да якіх прывялі няшчасці Мічмана

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ IX,

у якім Драўляны Мічман трапляе ў бяду.

Тая сумёсь рамантыкі і любові да дзівоснага, якая была ў вялікай ступені ўласціва натуры юнага Уолтэра і якую апека яго дзядзькі, старога Саламона Джыдлса, не вельмі змыла хвалямі жорсткай жыццёвай практыкі, прывяла да таго, што ён паставіўся з незвычайнай і захапляючай цікавасцю да прыгоды Фларэнс з Добрай місіс Браун.

Успаміны аб гэтым здарэнні і яго ўласным удзеле ў ім зрабіліся, магчыма, яшчэ больш чароўнымі дзякуючы штотыднёвым марам па нядзелях старога Соля і капітана Катля. Бадай ці прайшла хоць адна нядзеля без таямнічых намёкаў на Рычарда Уітынгтона, кінутых кім-небудзь з гэтых ганаровых сяброў; а капітан Катль так далёка зайшоў, што нават купіў вельмі старадаўнюю баладу: гэты паэтычны твор расказваў аб заляцанні і шлюбе юнага, які падаваў надзеі, грузчыка вугалю з нейкай «красуняй Пег», вельмі годнай дачкой шкіпера і суўладальніка н’юкастльскага вугальнага судна. У гэтай хвалюючай легендзе капітан Катль бачыў вялікае падабенства са становішчам Уолтэра і Фларэнс, і яна дзейнічала на яго так узрушальна, што ва ўрачыстых выпадках, як, напрыклад, у дні нараджэння і ў некаторыя іншыя нецаркоўныя святы, ён ва ўсё горла распяваў гэту песню ў маленькай задняй гасцінай, робячы дзівосную трэль у слове «Пе-е-ег», якім заканчваўся кожны куплет у гонар гераіні твора.

Уолтэр вельмі палюбіў верф, дзе сустрэў Фларэнс і вуліцы (зусім непрывабныя), па якіх яны ішлі дадому. Чаравікі, якія так часта звальваліся па дарозе, ён хаваў у сябе ў пакоі; а седзячы неяк вечарам у маленькай задняй гасцінай, ён намаляваў у сваім уяўленні цэлую галярэю партрэтаў Добрай місіс Браун. Магчыма, пасля гэтай памятнай падзеі ён пачаў больш клапаціцца аб сваім касцюме, і, несумненна, яму было прыемна ў вольны час хадзіць у той квартал, дзе быў дом містэра Домбі, з туманнай надзеяй сустрэць на вуліцы маленькую Фларэнс. Але адносіны ў яго да гэтага былі зусім блазноцкія і наіўныя. Фларэнс была вельмі прыгожанькай, а любавацца прыгожанькім тварыкам прыемна. Фларэнс была безабароннай і слабай, і ён з гордасцю думаў аб тым, што яму ўдалося быць яе заступнікам і дапамагчы ёй. Фларэнс была самым удзячным маленькім стварэннем у свеце, і вельмі прыемна было бачыць яе твар, які свяціўся гарачай удзячнасцю. На Фларэнс не звярталі ўвагі і адносіліся да яе з халоднай пагардай, і сэрца яго напоўнілася юнацкай зацікаўленасцю да закінутага дзіцяці ў нудным, велічным доме.

Вось чаму здарылася так, што, магчыма, разоў шэсць на працягу года Уолтэр раскланьваўся з Фларэнс на вуліцы, а Фларэнс спынялася, каб паціснуць яму руку.

Такім чынам Уолтэр не толькі не забыўся аб знаёмстве з Фларэнс, але яна ўсё глыбей і глыбей адбівалася ў яго памяці. Іншы раз ён думаў, як было-б дзівосна, каб ён пайшоў у плаванне на другі дзень пасля гэтай першай сустрэчы; там ён рабіў-бы цуды, пасля доўгай адсутнасці вярнуўся-б адміралам, які зіхаціць усімі колерамі, як дэльфін, або прынамсі капітанам паштовага судна з нясцерпна бліскучымі эпалетамі, жаніўся-б на Фларэнс (да таго часу прыгожай маладой жанчыне), не гледзячы на зубы, гальштук і ланцужок ад гадзінніка містэра Домбі, і з урачыстасцю павёз-бы яе куды-небудзь да сініх берагоў. Але гэтыя палёты фантазіі рэдка пакрывалі медную таблічку канторы Домбі і Сына глянцам залатой надзеі, і калі капітан і дзядзька Соль вялі гутаркі аб Рычардзе Уітынгтоне і гаспадарскіх дочках, Уолтэр адчуваў, што разумее сапраўднае сваё становішча ў Домбі і Сына значна лепш, чым яны.

Вось чаму ён з дня на дзень прадаўжаў рабіць тое, што павінен быў рабіць у бадзёрым, старанным, вясёлым настроі: бачыў наскрозь дзядзьку Соля і капітана Катля з іх ружовымі надзеямі і, аднак, захапляўся сваімі ўласнымі смутнымі і фантастычнымі марамі, у параўнанні з якімі іх мары былі буднічнымі.

— Дзядзя Соль, — сказаў Уолтэр, — мне здаецца, вы нездаровы. Вы нічога не елі ў часе снедання. Калі так будзе далей, я запрашу доктара.

— Ён не можа даць тое, што мне патрэбна, мой хлопчык, — сказаў дзядзька Соль. — А калі можа, значыць у яго вельмі багатая практыка… і ўсё-такі ён не дасць.

— Што-ж гэта такое, дзядзя? Пакупнікі?!

— Так, — уздыхнуўшы, адказваў дзядзька Соль. — Пакупнікі спатрэбіліся-б.

— Чорт пабяры, дзядзя! — усклікнуў Уолтэр, са стукам паставіўшы чашку і ляснуўшы рукой па стале. — Калі я бачу, як людзі натоўпамі ходзяць цэлы дзень па вуліцы і дзесяткамі сноўдаюцца кожную хвіліну міма крамы, мяне так і падбівае выскачыць, схапіць каго-небудзь за шыварат, прыцягнуць сюды і прымусіць яго купіць на пяцьдзесят фунтаў інструментаў за наяўныя грошы. Не трацьце бадзёрасці, дзядзя. Ужо калі пачнуць паступаць заказы, іх будзе такая куча, што вы не зможаце іх выканаць.

Стары Соль паспрабаваў прыняць бадзёры выгляд і, як толькі мог, весела ўсміхнуўся яму цераз маленькі стол.

— Нічога асаблівага не здарылася праўда, дзядзя? — запытаўся Уолтэр, апіраючыся локцямі на паднос і нахіляючыся ўперад. Калі што-небудзь здарылася, дык будзьце са мною адкрытымі, дзядзя, і раскажыце мне ўсё.

— Не! не! не! — адказваў стары Соль. — Асаблівае? Не! не! Што-ж асаблівага магло здарыцца?

У адказ Уолтэр недаверліва паківаў галавой.

Саламон Джылс гаварыў, што нічога не здарылася, і сцвярджаў гэта з такой рашучасцю, што пляменніку нічога не аставалася рабіць, як вельмі нямудра прытварыцца, нібы ён яму паверыў.

— Я адно магу сказаць, дзядзя Соль: калі што-якое…

— Але нічога не здарылася, — сказаў Саламон.

— Вельмі добра, — адказваў Уолтэр. — Значыць, мне няма чаго больш сказаць, і гэта вельмі добра, таму што мне час ісці на службу. Я загляну сюды мімаходам, дзядзя, паглядзець, як вы маецеся. І памятайце, дзядзя! Больш я ніколі не буду вам верыць і ніколі не буду расказваць пра містэра Каркера-малодшага, калі даведаюся, што вы мяне ашукваеце!

Саламон Джылс, смеючыся, параіў яму даведацца аб чым-небудзь накшталт гэтага, і Уолтэр, абмяркоўваючы, як разбагацець і стварыць Драўлянаму Мічману незалежнае становішча, накіраваўся ў кантору Домбі і Сына з такім панурым выглядам, з якім звычайна туды не з’яўляўся.

У тыя дні жыў за рогам — на Бішопсгейт-стрыт — нейкі Бролі, прысяжны маклер і ацэншчык, які меў краму, дзе рознастайная паношаная мэбля выстаўлена была ў самым недарэчным выглядзе і ў палажэнні і камбінацыях, зусім неадпаведаючых яе прызначэнню. Дзюжыны крэсел, прычэпленых да ўмывальнікаў, якія з вялікай цяжкасцю наваліліся на плечы буфетаў, што ўзабраліся ў сваю чаргу на перакуленыя абедзеныя сталы, якія па-гімнастычнаму задралі ногі на другіх абедзеных сталах, мясціліся параўнаўча яшчэ ў парадку.

Сам містэр Бролі быў румяным, кучаравым, дзябёлым чалавекам з вільготнымі вачыма і згодлівым характарам. Іншы раз ён заглядаў у краму Саламона, каб запытацца што-небудзь аб інструментах, з якімі меў справу Саламон, і Уолтэр ведаў яго досыць добра, каб вітацца з ім, сустракаючыся на вуліцы; але з тае прычыны, што гэтым і абмяжоўвалася знаёмства маклера з Саламонам Джылсам, то Уолтэр нямала здзівіўся, калі вярнуўшыся да поўдня, згодна свайму абяцанню, застаў містэра Бролі, які сядзеў у задняй гасцінай, засунуўшы руку ў кішэні і павесіўшы капялюш за дзвярыма.

— Ну што, дзядзя Соль? — сказаў Уолтэр. Стары гаротна сядзеў з другога боку стала, а акуляры яго знаходзіліся нейкім цудам на носе, а не на ілбе. — Як вы маецеся?

Саламон паківаў галавой і махнуў рукой у бок маклера, нібы прадстаўляючы яго.

— Нешта здарылася? — затаіўшы дух, запытаўся Уолтэр.

— Не, не! Нічога не здарылася, — сказаў містэр Бролі. — Няхай гэта вас не трывожыць.

Уолтэр з нямым здзіўленнем паглядаў то на маклера, то на дзядзьку.

— Справа ў тым, — сказаў містэр Бролі, — што тут ёсць неаплачаны вексель — трыста семдзесят з лішкам. Вексель пратэрмінован і папаў да мяне. Выканаўчы загад аб спагнанні. Няхай гэта вас не трывожыць. Я прышоў сам, каб усё гэта было зроблена ціха і мірна.

— Дзядзя Соль! — прамармытаў Уолтэр.

— Уолтэр, мой хлопчык, — адазваўся дзядзька, — гэта здарылася ўпершыню. Такой бяды ніколі яшчэ са мною не было. Я занадта стары, каб пачаць спачатку.

Зноў ссунуўшы акуляры на лоб (бо яны больш ужо не маглі захаваць яго хвалявання), ён засланіў твар рукой і заплакаў, і слёзы закапалі на яго кафейнага колеру жылет.

— Дзядзя Соль! Калі ласка! Ох, не трэба! — усклікнуў Уолтэр, які літаральна здранцвеў ад жаху, убачыўшы заплаканага старога. — Дзеля бога, не патрэбна гэтае! Містэр Бролі, скажыце, што-ж мне рабіць?

— Я-б вам параіў знайсці якога-небудзь сябра, — сказаў містэр Бролі, — і пагаварыць аб гэтым.

— Зусім правільна! — крыкнуў Уолтэр, хапаючыся за саломінку. — Правільна! Дзякую вам. Капітан Катль — вось хто нам патрэбен, дзядзя. Пачакайце, пакуль я збегаю да капітана Катля. Калі ласка, панаглядайце за дзядзям, містэр Бролі, і пастарайцеся яго супакоіць, пакуль мяне не будзе. Не паддавайцеся роспачы, дзядзя Соль. Не падайце духам, трымайце сябе малайчынай!

Сказаўшы ўсё гэта з вялікім запалам і не звяртаючы ўвагі на няскладныя супярэчанні старога, Уолтэр выскачыў з крамы і збегаўшы ў кантору, каб узяць дазвол адлучыцца з прычыны раптоўнай хваробы дзядзькі, пусціўся на ўвесь дух да жылля капітана Катля.

Капітан Катль жыў на беразе маленькага канала каля індыйскіх докаў[1], дзе быў разводны мост, які час ад часу разводзіўся, каб прапусціць якое-небудзь вандруючае страшыдла, — судно, што прабіралася ўдоўж вуліцы. На Брыгплейс узнікла жыллё капітана Катля, дзе другі паверх быў у той-жа самы час і самым верхнім.

Капітан быў адным з тых людзей, у якіх вопратка і само цела нібы выцесаны з аднаго кавалка дуба: самае палкае ўяўленне наўрад ці можа аддзяліць ад іх нават самую нязначную частку іх вопраткі. Таму, калі Уолтэр пастукаў у дзверы, а капітан зараз-жа высунуў галаву з маленькага акенца, што выходзіла на вуліцу, і паклікаў яго, прычым, як заўсёды, на ім ужо быў адзеты цвёрды глянцавіты капялюш, рубашка з каўнерыкам, канцы якога былі падобны да паруса, і прасторны сіні касцюм, Уолтэр быў зусім пераконаны, што ён заўсёды бывае ў такім выглядзе, нібы капітан быў птушкай, а касцюм — яго апярэннем.

— Уольр, мой хлопчык! — сказаў капітан Катль. — Трымайцеся мацней і пастукайце яшчэ раз. Мацней! Сёння мыццё бялізны.

Уолтэр з нецярплівасці аглушальна застукаў дзвярным малатком.

— Вось гэта здорава! — сказаў капітан Катль і адразу-ж схаваўся, нібы чакаў шквалу.

І ён не памыліўся, бо ўдава-лэдзі з рукавамі, закасанымі да плячэй, і рукамі, якія былі пакрыты мыльнай пенай і дыміліся ад гарачай вады, з’явілася на стук са здзіўляючай хуткасцю. Перш чым паглядзець на Уолтэра, яна зірнула на дзверны малаток, а пасля, змераўшы поглядам хлопчыка з галавы да ног, выказала здзіўленне, што малаток астаўся цэлым.

— Наколькі мне вядома, капітан Катль дома, — сказаў Уолтэр з ліслівай усмешкай.

— Дома? — адказвала ўдава-лэдзі. — Вось як!

— Ён толькі што гаварыў са мною, — спяшаючыся паясніў Уолтэр.

— Гаварыў? — адказала ўдава лэдзі. — У такім выпадку, магчыма, вы перадасцё яму прывітанне ад місіс Мак-Стынджэр і скажаце, што ў наступны раз, калі ён прынізіць сябе і сваю кватэру, перагаварваючыся праз акно, яна будзе яму ўдзячна, калі ён таксама спусціцца ўніз і адчыніць дзверы.

Місіс Мак-Стынджэр гаварыла моцна і прыслухоўвалася, ці не будзе якіх-небудзь заўваг з другога паверху.

— Я перадам, — сказаў Уолтэр, — калі вы будзеце ласкавы і ўпусціце мяне, пані.

Справа ў тым, што яго ўтрымлівала драўлянае ўмацаванне, якое цягнулася ўпоперак дзвярэй і было прыладжана тут для таго, каб юныя Мак-Стынджэры ў вольны час не скаціліся са ступенек.

— Адважуся спадзявацца, — пагардліва сказала місіс Мак-Стынджэр, — што хлопец, які можа выламаць мае дзверы, здолее і пераскочыць цераз гэта. Але калі Уолтэр палічыў яе словы за дазвол ўвайсці і пераскочыў, місіс Мак-Стынджэр адразу-ж запыталася, ці з’яўляецца дом англічанкі яе крэпасцю ці не і няўжо да яе можа ўрывацца ўсякі гультай? Уолтэр, падняўшыся па маленькай лесвіцы праз штучны туман, выкліканы мыццём бялізны, увайшоў у пакой капітана Каталя і заспеў гэтага джэнтльмена ў засадзе за дзвярыма.

— Ніколі ніводнага пені не быў ёй вінен, Уольр, — сказаў капітан Катль ціхім голасам, з тварам, відавочна выказваючым перапалох. — Рабіў ёй кучу паслуг і дзецям яе. Усё-ж такі часамі яна — ведзьма. Цьфу!

— Я адсюль-бы выехаў, капітан Катль, — сказаў Уолтэр.

— Не адважуся гэтага зрабіць, Уольр, — адказаў капітан. — Яна мяне знойдзе, дзе-б я не быў. Сядайце. Як Джылс?

Капітан (у капелюшы) абедаў; абед яго складаўся з халоднай бараніны, портэра і гарачай бульбы, якую сам варыў і па меры патрэбнасці вымаў з невялікай каструлі, якая змяшчалася над агнём у каміне. У абедзены час ён адвінчваў свой кручок і замест яго ўвінчваў у драўлянае гняздо нож, якім пачаў ужо ачышчаць бульбу для Уолтэра.

— Як Джылс? — запытаўся капітан.

Уолтэр, які да гэтага часу аддыхаўся, але затое страціў бадзёрасць — часовы ўздым, выкліканы хуткай хадзьбой, — паглядзеўшы з хвіліну на капітана Катля, сказаў: «О, капітан Катль!» і заліўся слязмі.

Няма слоў, каб паказаць жах капітана, выкліканы гэтым відовішчам. У яго вывалілася з рук бульба і відэлец — вываліўся-б і нож, калі-б гэта было магчыма, — і капітан сядзеў, пазіраючы на хлопчыка, нібы падрыхтаваўся пачуць адразу-ж, што Зямля раскалолася ў Сіці і паглынула яго старога прыяцеля, кафейнага колеру касцюм, гузікі, хранометр, акуляры і ўсё іншае.

Але калі Уолтэр паведаміў яму, што, па сутнасці, адбылося, капітан Катль, падумаўшы хвіліну, праявіў жывую дзейнасць. Ён выклаў з маленькай металічнай чайніцы, якая стаяла на верхняй паліцы буфета, увесь свой наяўны капітал (трынаццаць фунтаў і поўкроны), які паклаў у адну з кішэнь свайго шырокага сіняга фрака; пасля ўзбагаціў гэтае сховішча тым, што было ў скрынцы са сталовым срэбрам, а іменна: двума сцёртымі шкілетамі чайных лыжак і старамоднымі крывымі шчыпцамі для цукру; выняў свой вялізны срэбны з падвойнай крышкай гадзіннік са дна, дзе ён спачываў, каб упэўніцца, што гэтая каштоўнасць цэлая і непашкоджаная; зноў прывінціў кручок да правага запясця; нахіліўшы сукаватую палку, прапанаваў Уолтэру рушыць у дарогу.

— Дзядзя вельмі пахіснуўся, Уольр? — запытаўся капітан, калі яны ішлі па вуліцы.

— Бадай, што так. Калі-б вы яго бачылі сёння раніцой, вы ніколі-б гэтага не забыліся. — Ідзіце хутчэй, Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан прыбавіўшы кроку, — і так шпарка хадзіце ва ўсе дні вашага жыцця. Перагартайце катэхізіс, каб знайсці гэтую параду, і слухайцеся яе!

Больш яны не абмяняліся ні словам, пакуль не падышлі да дзвярэй старога Соля, дзе злашчасны Драўляны Мічман, з інструментам ля вока, здавалася, аглядаў гарызонт у пошуках сябра, які дапамог-бы яму выбрацца з бяды.

— Джылс! — сказаў капітан, убягаючы ў заднюю гасціную і з вялікай пяшчотнасцю беручы яго за руку. — Трымайце галаву за ветрам, і мы праб’емся ўперад. Адзінае, што вы павінны рабіць, — прадаўжаў капітан з важнасцю чалавека, які гаворыць адно з каштоўнейшых практычных правіл, калі-небудзь вынайдзеных чалавечай мудрасцю, — гэта харашэнька трымаць галаву за ветрам, і мы праб’емся ўперад!

Стары Соль адказаў на поціск рукі і падзякаваў яму. Затым капітан Катль з урачыстасцю, адпавядаючай гэтаму моманту, палажыў на стол дзве чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру, срэбны гадзіннік і наяўныя грошы і запытаўся ў маклера містэра Бролі, ці вялікі доўг.

— Паслухайце! Хопіць вам гэтага? — запытаўся капітан Катль.

— Бог з вамі! — адказаў маклер. — Няўжо вы думаеце, што ад гэтага можа быць якая-небудзь карысць?

— А чаму-ж не? — запытаўся капітан.

— Чаму? Сума раўняецца трымстам сямідзесяці з лішкам. — адказаў маклер.

— Не бяда, — запярэчыў капітан, хоць ён быў відавочна збянтэжаны гэтай лічбай. Думаю, любая рыба, якая пападаецца да вас у сеці, астаецца рыбай?

— Зразумела, — сказаў містэр Бролі. — Але селядзец, ведаеце, не кіт.

Гэта філасафічная заўвага, здавалася, здзівіла капітана. Ён размышляў з хвіліну, паглядаючы пры гэтым на маклера, як на вялікага мудраца, а пасля адазваў у бок інструментальнага майстра.

— Джылс, — сказаў капітан Катль, — па якому абавязацельству? Хто крэдытар?

— Цішэй, адазваўся стары. Адыйдзем далей. Не гаварыце пры Уолі. Гэта паручыцельства за бацьку Уолі, старое абавязацельства. Я шмат выплаціў, Нэд, але часы для мяне надышлі такія цяжкія, што цяпер я нічога не магу зрабіць. Я гэта прадбачыў, але дапамагчы не мог. Дзеля бога, ні слова пры Уолі.

— Але-ж якія-небудзь грошы ў вас ёсць? — шэптам запытаўся капітан.

— Так, так... о, так... сëе-тое ў мяне ёсць, — адказаў стары Соль, спачатку засунуўшы рукі ў пустыя кішэні, а пасля заціснуўшы паміж імі свой парык, нібы спадзеючыся выціснуць з яго золата, — але я... Тое нямногае, што ў мяне ёсць, нельга ператварыць у наяўныя грошы, Нэд; іх нельга вызваліць. 3 імі я стараўся зрабіць штокольвечы для Уолі, але я старамодны і адстаў ад века. Яны і тут і там, і... і, карацей кажучы, усëроўна, што нідзе, — сказаў стары, разгублена аглядаючыся.

Ён так быў падобны да вар’ята, які схаваў свае грошы ў розных месцах і забыўся — дзе, што капітан сачыў за яго позіркам, маючы слабую надзею, ці не ўспомніць той аб якіх-небудзь сотнях фунтаў, схаваных у коміне або ў склепе. Але Саламон Джылс ведаў, што гэтага не здарыцца.

— Я адстаў ад жыцця, дарагі мой Нэд, — сказаў Соль з пакорлівай роспаччу, — зусім адстаў. Няма сэнсу плесціся за ім дзесьці далёка ззаду. Тавар няхай лепш прададуць — ён варты больш, чым трэба для ўплаты гэтага доўгу, а я лепш пайду куды-небудзь і звяду рахункі з жыццём. Больш няма ў мяне энергіі. Я не разумею таго, што адбываецца. Ужо лепш скончыць з гэтым. Няхай прададуць тавар і знімуць яго, — сказаў стары, паказваючы дрыглівай рукой на Драўлянага Мічмана, — і няхай сабе мы абодва пойдзем на злом.

— А што вы думаеце зрабіць з Уольрам? — запытаўся капітан. — Ну-ну! Прысядзьце, Джылс, прысядзьце і дайце мне падумаць. Каб не быў я чалавекам, які жыве на маленькую рэнту, якая да сёнешняга дня была досыць вялікай, мне не трэба было-б думаць. А вы трымайце толькі галаву за ветрам, — сказаў капітан, зноў прапануючы гэту бясспрэчную ўцешлівую параду, — і ўсё абыйдзецца.

Стары Соль шчыра падзякаваў, пасля парывіста ўстаў і прысланіўся галавой да каміна гасцінай.

Некаторы час капітан Катль хадзіў узад і ўперад па краме, вельмі задуменны і так панура насупліваючы калматыя навіслыя над носам, нібы воблакі над гарою, чорныя бровы, што Уолтер баяўся перарваць якой-небудзь заўвагай бег яго думак.

— Уолр! — сказаў, нарэшце, капітан. — Я прыдумаў!

— Прыдумалі, капітан Катль? — з вялікім натхненнем усклікнуў Уолтэр.

— Ідзіце сюды, мой хлопчык, — сказаў капітан. — Тавар — гэта адно забяспечанне. Я — другое. Ваш патрон — вось хто дасць пазыку.

— Містэр Домбі, — прамармытаў Уолтэр.

Капітан важна кіўнуў галавой.

— Паглядзіце на яго, — сказаў ён. — Паглядзіце на Джылса. Калі яны пачнуць распрадаваць гэтыя рэчы, ён памрэ. Вы ведаеце, што ён памрэ. Мы павінны перавярнуць усё, не пакінуўшы каменя на камені, і вось вам камень.

— Камень! Містэр Домбі! — прамармытаў Уолтэр.

— Перш за ўсё збегайце ў кантору і даведайцеся, ці там ён, — сказаў капітан Катль, хлопнуўшы яго па спіне. — Жвава! Уолтэр адчуў, што павінен падначаліцца загаду, — адзін позірк на дзядзьку прымусіў-бы яго адважыцца, калі-б ëн думаў інакш, — і рынуўся яго выконваць. Неўзабаве ён вярнуўся, задыхаўшыся, і паведаміў, што містэра Домбі няма ў горадзе. Была субота, і ён паехаў у Брайтон.

— Вось што я вам скажу, Уольр, — аб’явіў капітан, які за час яго адсутнасці, здавалася, падрыхтаваўся да такой няўдачы. — Мы паедзем у Брайтон. Я вас падтрымаю, мой хлопчык. Я вас падтрымаю, Уольтэр. Мы паедзем у Брайтон з вячэрняй пасажырскай картай.

  1. Док — штучны вадаём у парту, куды ўводзяцца караблі для рамонту. Індыйскія докі знаходзяцца ў гіганцкім лонданскім парту і належаць Ост-Індскай гандлёвай кампаніі.