Перайсці да зместу

Домбі і сын/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VII. Позірк з птушынага палёту на месца пражывання міс Токс, а таксама на сардэчную прывязанасць міс Токс Раздзел VIII. Далейшае развіццё, рост і характар Поля
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел IХ, у якім Драўляны Мічман трапляе ў бяду

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VIII

Далейшае развіццё, рост і характар Поля.

Пасля грэхападзення і выгнання Рычардс дзіцячы пакой быў перададзен, можна сказаць, у распараджэнне камісіі. Членамі камісіі былі, зразумела, місіс Чык і міс Токс, якія аддаліся выкананню свайго абавязку з такой заўзятасцю, што маёр Бегсток штодзённа атрымліваў які-небудзь новы напамінак аб сваёй адстаўцы, у той час як містэр Чык, пазбавіўшыся хатняга нагляду, рынуўся ў вясёлую грамаду і абедаў у клубах і кафейнях.

Аднак, не гледзячы на надзеі, якія ён падаваў у самым пачатку, увесь гэты догляд і клопаты не маглі зрабіць маленькага Поля здаровым, прыгожым і жыццерадасным хлопчыкам. Кволы, магчыма, ад прыроды, ён худзеў і марнеў пасля звальнення карміліцы і нібы толькі і чакаў выпадку вырвацца ў іх з рук і знайсці сваю страчаную матку. Кожны зуб быў для яго грозным бар’ерам, а кожны струпок у часе адзёру — каменнай сцяной. Яго валіў з ног кожны прыступ коклюша, і на яго налятала і накідалася цэлае мноства недамаганняў, якія ішлі кучай адно за другім, не даючы яму зноў падняцца. Місіс Уікем часта гаварыла, што ніколі не бачыла малюткі, якому-б даводзілася так дрэнна.

Місіс Уікем была жонкай афіцыянта, жаданне якой паступіць на службу да містэра Домбі было спаткана прыхільна і якая дні праз два пасля раптоўнага адняцця Поля ад грудзей была нанята яму за няньку. Місіс Уікем была ціхманая белакурая жанчына з узнятымі брывамі і апушчанай галавой, якая гатова заўсёды пашкадаваць сябе або выклікаць да сябе жаль або пашкадаваць каго-небудзь іншага і якая вызначалася дзівосным прыродным дарам бачыць усё ў вельмі змрочным і сумным святле.

Бадай ці патрэбна ўспамінаць аб тым, што ніводзін намёк на гэту якасць ніколі не даходзіў да ведама велічнага містэра Домбі. Было-б сапраўды надзвычай добра, калі-б здарылася інакш, калі ніхто ў доме — не выключаючы місіс Чык і міс Токс — не адважваўся нават шапнуць яму па якому-б там ні было поваду, што ёсць хоць мізэрная падстава для таго, каб турбавацца аб маленькім Полі. Ён вырашыў у думках, што дзіця абавязкова павінна па заведзенаму парадку перахварэць на несур’ёзныя хваробы і чым скарэй яно гэта зробіць, тым лепш. Калі-б ён мог яго выкупіць або знайсці намесніка, як знаходзяць для выцягнуўшага няўдачную апалчэнскую жараб’ёўку, ён зрабіў-бы гэта з радасцю і не паскупіўшыся. Але з тае прычыны, што гэтага нельга было ажыццявіць, ён толькі зрэдку не разумеў з уласцівай яму высокамернасцю, што, па сутнасці, хоча сказаць гэтым Прырода, і цешыўся думкай, што яшчэ адна прыдарожная веха асталася ззаду і вялікая мэта падарожжа значна наблізілася. Бо пераважаючым у яго пачуццём, якое ўвесь час узмацнялася па меры таго, як падрастаў Поль, была нецярплівасць. Нецярплівае чаканне моманту, калі мара яго аб іх аб’яднаным уплыве і веліччы ажыццявіцца з трыумфам.

Тым не менш ён любіў сына, наколькі наогул быў здольны любіць. Калі быў цёплы закутачак у яго халодным сэрцы, то гэты закутачак быў заняты сынам; калі на цвёрдай паверхні яго можна было пакінуць нейчы вобраз, то на ёй быў пакінуты вобраз гэтага сына; але не столькі вобраз дзіцяці або хлопчыка, колькі дарослага чалавека — «Сына» фірмы. Таму яму не церпелася наблізіць будучыню і хутка мінаваць прамежкавыя стадыі яго росту.

Так Поль наблізіўся да шостага года жыцця. Ён быў прыгожанькі хлапчук, хоць у яго тварыку было штосьці хваравітае і напружанае, што прымушала місіс Уікем многазначна ківаць галавой і выклікала ў місіс Уікем шмат працяглых уздыхаў. Былі ўсе падставы меркаваць, што ў далейшым жыцці характар у яго будзе ўладны; і ён у такой меры прадчуваў сваё ўласнае значэнне і права на падначаленне яму ўсяго і ўсіх, як толькі можна было пажадаць. Часамі ён дзяцініўся, не супроць быў пагуляць, і наогул панурасцю не вызначаўся; але была ў яго дзіўная прывычка сядзець часамі ў сваім мініятурным крэсле і ўважліва думаць. Гэтая не ўласцівая дзіцяці задуменнасць наведвала яго наверсе ў дзіцячым пакоі; часамі яна апаноўвала яго раптоўна, і тады ён аб’яўляў, што стаміўся, нават калі забаўляўся з Фларэнс або гуляў у конікі з міс Токс. Але ніколі не задумваўся ён так неўнікнёна, як у той час, калі яго маленькае крэселца пераносілі ў пакой бацькі і ён сядзеў з ім пасля абеду ля каміна.

Аднойчы, калі яны абодва доўга сядзелі ў вялікай цішыні і дзіця не спала, — містэр Домбі, гледзячы яму ў вочы, бачыў, што ў іх паблісквае агонь, як каштоўны камень, — маленькі Поль парушыў маўчанне:

— Тата, што такое грошы?

Нечаканае пытанне мела такое непасрэднае дачынне да думак містэра Домбі, што містэр Домбі зусім замяшаўся.

— Што такое грошы, Поль? — паўтарыў ён. — Грошы?

— Так, — сказала дзіця, апускаючы рукі на ручкі свайго крэселца і паварачваючы стары твар да містэра Домбі, — што такое грошы?

Перад містэрам Домбі паўстала цяжкасць. Ён не супраць быў даць яму якое-небудзь тлумачэнне, якое ўключае такія тэрміны, як сродак абмену, валюта, абясцэньванне валюты, каштоўныя паперы, залатое забяспечанне, біржавыя цэны, рыначная цана каштоўных металаў і так далей але, глянуўшы ўніз на маленькае крэселца і ўбачыўшы, як да яго далёка, ён адказаў:

— Золата, срэбра, медзь. Гінеі, шылінгі, поўпенсы[1]. Вы ведаеце, што гэта такое?

— О, так, я ведаю, што гэта такое, — сказаў Поль. — Я не пра гэта пытаю. Я пытаю, што такое самыя грошы?

О неба, які стары быў у яго твар, калі ён зноў падняў яго да бацькі!

— Што такое самыя грошы? — паўтарыў містэр Домбі, са здзіўленнем адсоўваючы крэсла.

— Я пытаю, тата, што яны могуць зрабіць? — прадаўжаў Поль, злажыўшы накрыж на грудзях рукі (для гэтага яны былі бадай ці дастатковай даўжыні) і пераводзячы позірк з агню на яго і зноў на агонь, і зноў на яго.

Містэр Домбі пасунуў крэсла на ранейшае месца і пагладзіў яго па галаве.

— Скора вы гэта будзеце лепш ведаць, мой хлопчык, — сказаў ён. — Грошы, Поль, могуць зрабіць усё, што захочаш. — Гаворачы гэта, ён узяў маленькую ручку і ціхенька пахлопаў ёю па сваёй руцэ.

Але Поль пастараўся як мага хутчэй вызваліць руку і, злёгку, паціраючы ёю ручку крэсла, паўтарыў пасля кароткай паўзы:

— Што захочаш, тата?

— Так. Што захочаш. Амаль, — сказаў містэр Домбі.

— Што захочаш — значыць, усё? Так, тата? — запытаўся сын.

— Гэта ўсёроўна. Так, — сказаў містэр Домбі.

— Чаму-ж грошы не выратавалі мне маму? — запыталася дзіця. — Яны лютыя, праўда?

— Лютыя? — паўтарыў містэр Домбі, папраўляючы гальштук і нібы пакрыўджаны гэтай думкай. — Не. Добрае не можа быць лютым.

— Калі яны добрыя і могуць рабіць, што захочаш, — задуменна сказаў хлапчук, гледзячы на агонь, — я не разумею, чаму яны не выратавалі мне маму.

Цяпер ён не звяртаўся з гэтым пытаннем да бацькі. Магчыма, з дзіцячай праніклівасцю ён зразумеў, што пытанне ўжо збянтэжыла бацьку. Але ён уголас паўтарыў сваю думку, нібы для яго яна была зусім не новай і вельмі непакоіла яго; і ён сядзеў, падпёршы падбародак рукой, па-ранейшаму раздумваючы і шукаючы тлумачэнне ў каміне.

Містэр Домбі, апамятаўшыся ад здзіўлення, каб не паказаць трывогі (бо гэта быў першы выпадак, калі дзіця загаварыла з ім аб мамцы, хоць якраз таксама сядзела каля яго кожны вечар), падрабязна растлумачыў яму, што грошы, хоць гэта і вельмі магутны дух, якім ніколі і ні пры якіх абставінах грэбаваць не трэба, не могуць захаваць жыцця тым, каму прышоў час памерці; ён растлумачыў, як усе мы, нават, у Сіці, павінны, на няшчасце, памерці, якімі-б мы не былі багатымі; ён растлумачыў, якім чынам грошы з’яўляюцца прычынай таго, што нас шануюць, баяцца, паважаюць, ліслівяць нам і захапляюцца намі, як яны робяць нас уплывовымі і вялікімі ў вачах усіх людзей і як яны могуць вельмі часта аддаляць нават смерць на доўгі час; як, напрыклад, яны забяспечылі яго маме паслугі містэра Пілкінса, якімі часта карыстаўся і ён, Поль, а таксама вялікага доктара Паркера Пепса, якога ён ніколі не бачыў; і як яны могуць зрабіць усё, што толькі можа быць зроблена.

— Але яны не могуць зрабіць мяне дужым і зусім здаровым, праўда, тата? — запытаўся Поль пасля нядоўгага маўчання, паціраючы свае ручкі. — Але вы і так дужы і зусім здаровы, — засупярэчыў, містэр Домбі. — Хіба не праўда?

О, які старэчы твар, зноў звернуты да яго, які выказваў і смутак і хітрасць!

— Вы такі-ж дужы і здаровы, якімі звычайна бываюць такія малышы, а? — прадаўжаў містэр Домбі.

— Фларэнс старэйшая за мяне, але я не такі дужы і здаровы, як Фларэнс, я гэта ведаю, — адказвала дзіця. — І я думаю, што калі Фларэнс была такой маленькай, як я, яна магла гуляць значна больш, не стамляючыся. Часамі я так стамляюся, — сказаў маленькі Поль, грэючы рукі і пазіраючы праз пранты каменнай рашоткі, — і косці ў мяне баляць (Уікем кажа — гэта баляць мае косці), і я не ведаю, што рабіць.

— Так, але гэта бывае вечарамі, — сказаў містэр Домбі, падсоўваючы сваё крэсла да крэселца сына і ласкава кладучы рукі яму на спіну. — Малышы павінны к вечару стамляцца, тады яны лепш спяць.

— О, гэта бывае не вечарам, тата, — запярэчыла дзіця, — гэта бывае ўдзень; і я кладуся на калені да Фларэнс, а яна мне спявае. Уночы мне сняцца такія дзіў-у-уныя рэчы!

І зноў ён пачаў грэць рукі і разважаць аб гэтых рэчах, нібы стары або юны гном.

Містэр Домбі быў так здзіўлены, так устрывожаны і так разгублен, не ведаючы, як прадаўжаць размову, што мог толькі сядзець, гледзячы пры святле каміна на свайго сына і не аднімаючы рукі ад яго спіны, як быццам яе ўтрымлівала нейкае магнітнае прыцяжэнне. Пасля ён працягнуў другую руку і на секунду павярнуў задумлівы тварык сына да сябе. Але ён зноў павярнуўся да каміна, як толькі містэр Домбі яго вызваліў, і не адрываўся ад хісткага полымя, пакуль не прышла нянька класці яго спаць.

— Я хачу, каб па мяне прышла Фларэнс, — сказаў Поль.

— Вы не хочаце ісці са сваёй гаротнай няняй Уікем, майстар Поль? — з вялікім пафасам запыталася яна.

— Не хачу, — адказаў Поль, зноў рассядаючыся ў сваім крэсле з выглядам гаспадара дома.

Благаслаўляючы яго нявіннасць, місіс Уікем вышла, і неўзабаве замест яе ўвашла Фларэнс. Дзіця адразу ўсхапілася са жвавасцю і гатоўнасцю і, жадаючы бацьку спакойнай ночы, падняло да яго такі павесялелы, такі памаладзелы і такі зусім дзіцячы тварык, што Домбі, хоць і супакоены гэтым ператварэннем, быў вельмі ўражаны.

Калі яны разам вышлі з пакоя, ён пачуў ціхую песню і ўспомніўшы, як Поль гаварыў, што сястра спявае яму, ён пацікавіўся адчыніць дзверы, паслухаць і паглядзець ім услед. Яна павольна падымалася па вялікай шырокай лесвіцы, трымаючы яго на руках; галава яго ляжала ў яе на плячы, адна рука абыяк абвілася вакол шыі. Так падымаліся яны памаленьку: яна ўвесь час спявала, і час ад часу Поль мармытаў, ціхенька ёй падпяваючы. Містэр Домбі глядзеў ім услед, пакуль яны не ўзышлі на пляцоўку лесвіцы між іншым, — не раз спыняючыся адпачыць, — і не зніклі з вачэй; але і тады ён стаяў і глядзеў яшчэ наверх, пакуль бледныя праменні месяца, які меланхалічна мігацеў праз цмяныя вокны ў столі, не прагналі яго назад, у яго пакой.

На другі дзень місіс Чык і міс Токс былі запрошаны ў часе абеду на нараду; калі прыбралі са стала, містэр Домбі адкрыў паседжанне, патрабаваўшы, каб яму паведамілі без змякчэння і змоўчвання, ці ўсё добра з Полем і што сказаў пра яго, містэр Пілкінс.

— Дзіця, — заўважыў містэр Домбі, — не такое моцнае, як мне-б хацелася.

— З уласцівай вам здзіўляючай наглядальнасцю, дарагі мой Поль, — адказвала місіс Чык, — вы адразу трапілі ў цэль. Наш любімец, бадай, не такі моцны, як нам-бы хацелася. Ах, як разважае гэта чароўнае дзіця! — прадаўжала місіс Чык, ківаючы галавой. — Ніхто-б гэтаму не паверыў. Вось учора, напрыклад, Лукрэцыя, яго заўвагі на тэму аб пахаванні...

— Баюся, — сказаў містэр Домбі, сярдзіта перабіваючы яе, — што нехта з гэтых асоб там, наверсе, гаворыць з дзіцем на не зусім добрыя тэмы. Учора ўвечары ён загаварыў са мною пра свае... пра свае косці, — сказаў містэр Домбі, са злосцю падкрэсліваючы гэта слова. — Якая каму справа да... да касцей майго сына? Пасля пахаванне! Хто гаворыць дзіцяці аб пахаванні? Спадзяюся мы не трунары, не наёмныя плакальшчыкі, не магільшчыкі.

— Зусім не, — уставіла місіс Чык з многазначным выглядам.

— Дык хто-ж убівае яму ў галаву такія думкі? — запытаўся містэр Домбі. — Дапраўды, учора вечарам, я быў вельмі засмучаны і абураны. Хто ўбівае яму ў галаву такія думкі, Луіза?

— Дарагі мой Поль, — сказала місіс Чык, памаўчаўшы секунду, — няма сэнсу расследваць. Скажу вам адкрыта, я не думаю, каб Уікем была асобай, якая вызначаецца вясёлым характарам, але яна надзвычай уважлівая, услужлівая і зусім не саманадзейная; дапраўды, я ніколі яшчэ не сустракала такой згаворлівай жанчыны. Калі мілае дзіця, — прадаўжала місіс Чык такім тонам, нібы падводзіла вынік таму, аб чым папярэдне ўжо дагаварыліся, хоць усё гэта яна выказвала ўпершыню, — крыху паслаблена гэтым апошнім прыступам хваробы і вызначаецца не такім зайздросным здароўем, як нам было-б пажадана, і калі арганізм маленькага Поля часова аслабеў і часамі траціць здольнасць карыстацца сваімі...

Місіс Чык пабаялася сказаць — членамі, пасля нядаўняга выпаду містэра Домбі супроць касцей, і таму чакала дапамогі ад міс Токс, якая, будучы вернай сваім абавязкам, падсказала: «канечнасцямі».

— Канечнасцямі! — паўтарыў містэр Домбі.

— Здаецца, шаноўны доктар успамянуў сёння раніцай пра ногі — ці не праўда, дарагая мая Луіза? — сказала міс Токс.

— Ну, вядома, успамянуў, мая любая, — адказвала місіс Чык з ціхманым дакорам. — Навошта вы ў мяне пра гэта пытаеце? Вы самі чулі. Такім чынам, я гавару, што калі-б наш мілы Поль часова страціў здольнасць карыстацца нагамі, то гэтая хвароба ўласціва многім дзецям у яго ўзросце, і нельга гэтага папярэдзіць ніякімі клопатамі і доглядам.

— Вядома, вы павінны ведаць, Луіза, — сказаў, містэр Домбі, — што я не сумняваюся ў вашай сваяцкай прывязанасці і ў зусім зразумелай увазе да будучай галавы маёй фірмы. Містэр Пілкінс, думаю, аглядаў сёння раніцай Поля? — запытаўся містэр Домбі.

— Так, аглядаў, — адказвала сястра. — Ён кажа — гэта глупства, што я магу пацвердзіць, калі гэта дасць якое-небудзь уцяшэнне; але сёння ён параіў марское паветра. Вельмі разумна, Поль, у гэтым я ўпэўнена.

— Марское паветра, — паўтарыў містэр Домбі, пазіраючы на сястру.

— Ніякай падставы для таго, каб непакоіцца, тут няма, — сказала місіс Чык. — Маім Джорджу і Фрэдэрыку абодвум прыпісвалі марское паветра, калі яны былі прыблізна ў такім самым узросце; і мне самой яго прыпісвалі шмат разоў. Здаецца, я павінна сказаць разам з міс Токс, што часовая перамена месца, паветра Брайтона і фізічнае і духоўнае выхаванне, даручанае такой разважлівай асобе, як, напрыклад, місіс Піпчын...

— Хто такая місіс Піпчын, Луіза? — запытаўся містэр Домбі, перапалоханы гэтым фамільярным успамінаннем імя, якога ён ніколі яшчэ не чуў.

— Місіс Піпчын, дарагі мой Поль, — адказвала сястра, — пажылая лэдзі, — міс Токс ведае ўсю яе біяграфію, — якая з некаторага часу прысвяціла з вялікім поспехам усю сваю энергію душы вывучэнню малютак і догляду за імі і ў якой надзвычайныя сувязі. Муж яе памёр ад разрыву сэрца ў... Як вы сказалі, дарагая мая, пры якіх акалічнасцях памёр яе муж ад разрыву сэрца? Дакладных даных я не памятаю.

— На выпампоўванні вады з Перуанскіх капалень, — адазвалася міс Токс.

— Вядома, сам ён не займаўся выпампоўваннем, — сказала місіс Чык, глянуўшы на брата; і сапраўды, гэтае тлумачэнне было неабходна, бо міс Токс выказалася аб ім так, нібы ён памёр ля ручкі помпы, — а ўклаў грошы ў прадпрыемства, якое абанкроцілася[2]. Я лічу, што місіс Піпчын сапраўды надзвычайна абыходзіцца з дзецьмі. Я чула, як яе хвалілі ў інтымных колах яшчэ ў тыя часы, калі я была... ах, божа мой! Якога-ж росту? — Позірк місіс Чык блукаў па кніжнай шафе і бюсту містэра Піта, які стаяў на вышыні прыкладна дзесяці футаў ад падлогі.

— Магчыма, дарагі мой сэр, — заўважыла міс Токс, скромна пачырванеўшы, — калі на мяне так пэўна спасылаюцца, я павінна сказаць аб місіс Піпчын, што пахвала, з якой адазвалася аб ёй ваша мілая сястра, зусім заслужана. Многія лэдзі і джэнтльмены, якія цяпер зрабіліся важнымі членамі грамады, былі даручаны яе клопатам. Ціхманая асоба, якая цяпер гутарыць з вамі, некалі была на яе апецы. Думаю, што нават дваранская моладзь ведае яе ўстанову.

— Наколькі я разумею, гэта шаноўная асоба кіруе навучальнай установай, міс Токс? — спагадліва запытаўся містэр Домбі.

— Ах, не ведаю, — сказала лэдзі, — ці маю я права даць такую назву. Гэта зусім не падрыхтоўчая школа. Магчыма, я выкажу сваю думку, — з асаблівай саладжавасцю прадаўжала міс Токс, — калі назаву гэта дзіцячым пансіёнам для абраных.

— Адбор надзвычай строгі і ўважлівы, — паспешна дадала місіс Чык, на момант зірнуўшы на брата.

— О, выключны! — сказала міс Токс.

Усё гэта мела сваё значэнне. Добра было, што муж місіс Піпчын памёр ад разрыву сэрца з-за Перуанскіх капальняў. Гэта сведчыла аб багацці. Што-ж, зусім рэспектабельная[3] смерць.

— Калі мы вырашым, навёўшы заўтра спраўкі, накіраваць Поля ў Брайтон да гэтай лэдзі, хто-б з ім паехаў? — падумаўшы, запытаўся містэр Домбі.

— У сучасны момант наўрад ці можна паслаць дзіця куды-б там ні было без Фларэнс, дарагі мой Поль, — нерашуча адказала сястра. — Ён без яе жыць не можа. Ён, зразумела, вельмі малы, і ў яго свае дзівоты.

Містэр Домбі адвярнуўся, павольна падышоў да кніжнай шафы і, адчыніўшы яе, дастаў кнігу.

— Яшчэ хто-небудзь, Луіза? — запытаўся ён, не падымаючы вачэй і перагортваючы кнігу.

— Вядома, Уікем. Я сказала-б, што адной Уікем досыць, — адказвала сястра. — Калі Поль трапіць да такой асобы, як місіс Піпчын, бадай ці патрэбна каго-небудзь пасылаць, хто-б за ёю наглядаў. Вядома, вы самі будзеце ездзіць туды хоць-бы раз у тыдзень.

— Вядома, — сказаў містэр Домбі і пасля на працягу гадзіны сядзеў, пазіраючы на адну і тую-ж старонку і не прачытаўшы ні слова.

Гэта славутая місіс Піпчын была на дзіва непрыгожай, шкодлівай старой лэдзі, сутулай, з плямістым тварам, як кепскі мармар, з кручкаватым носам і жорсткімі шэрымі вачыма, па якіх, здавалася, можна было біць молатам, як па кавадлу, не прычыніўшы ім ніякай шкоды. Прынамсі сорак год прайшло з таго часу, як Перуанскія капальні звялі ў магілу містэра Піпчына, аднак, удава яго ўсё яшчэ насіла чорны бамбазін[4] такога цмянага, густога, мёртвага і змрочнага тону, што нават газ не мог яе асвятліць з надыходам цемры і прысутнасць яе дзейнічала, як тушыльнік, на любую колькасць свечак. Усе яе называлі «надзвычайнай выхавальніцай»; а тайна яе выхавання была ў тым, каб даваць дзецям усё, чаго яны не любяць, і не даваць таго, што яны любяць.

Замак гэтай людаедкі і ўціхамірвальніцы дзяцей быў у крутым завулку Брайтона. Зімой паветра не магло вырвацца з замка, летам не магло пранікнуць у яго. Вецер заўсёды абуджаў рэха, якое гудзела, як вялізная ракавіна, якую жыхары замка павінны былі і ўдзень і ўночы трымаць ля свайго вуха, падабаецца ім гэта ці не падабаецца. Пахі ў доме, натуральна, свежасцю не вызначаліся, а на акне, у гасцінай, якое ніколі не адчынялася, місіс Піпчын трымала калекцыю раслін у гаршках, што прымешвалі свой уласны зямлісты пах да паху памяшкання.

З тае прычыны, што місіс Піпчын брала вялікую плату з усіх, хто мог плаціць, і з тае прычыны, што місіс Піпчын вельмі рэдка змякчала свой нязменна ўедлівы нораў дзеля каго-б там ні было, яе лічылі старой лэдзі з надзіва цвёрдым характарам, якая ўладае зусім навуковымі ведамі дзіцячай прыроды. Апіраючыся на гэту рэпутацыю і на разрыў сэрца містэра Піпчына, яна ўхітралася пасля смерці свайго мужа выкалачваць досыць значныя сродкі для жыцця. Праз тры дні пасля першага ўспамінання аб ёй місіс Чык гэта надзвычайная старая лэдзі мела прыемнасць атрымаць у выглядзе задатку з кішэні містэра Домбі вельмі добры дадатак да пастаянных сваіх даходаў і прыняць Фларэнс і яе маленькага брата Поля ў лік жыхароў замка.

Місіс Піпчын, стоячы спіной да каміна, разглядала ўноў прыбыўшых, нібы стары салдат. Пляменніца місіс Піпчын, асоба сярэдніх год, добрадушная і адданая яе нявольніца, але на выгляд худая і непрыступная, якая вельмі пакутвала ад прышчоў на носе, здымала з майстра Байтэрстона чысты каўнерык, які быў адзеты яму з прычыны парада. Другая — апошняя ў той час — маленькая пансіянерка, міс Пенкі, была адведзена ў той момант у цямніцу замка (пусты пакой у сярэдзіне дома, які быў прызначан для папраўчых мэт) за тое, што яна тры разы фыркнула ў прысутнасці гасцей.

— Ну, сэр, — сказала місіс Піпчын Полю, — як вы думаеце, будзеце вы мяне любіць? — Не думаю, каб я хоць крышачку вас палюбіў, — адказаў Поль. — Я хачу адсюль пайсці. Гэта не мой дом.

— Так. Гэта мой, — адказала місіс Піпчын.

— Гэта вельмі брыдкі дом, — сказаў Поль.

— А ў ім ёсць месцечка куды горш за гэта, — сказала місіс Піпчын, — дзе мы запіраем нашых нядобрых хлопчыкаў.

Ён калі-небудзь быў там? — запытаўся Поль, паказваючы на майстра Байтэрстона.

Місіс Піпчын сцвярджальна кіўнула галавой; і Поль знайшоў сабе занятак на цэлы дзень, аглядаючы майстра Байтэрстона з галавы да ног і сочачы за ўсімі зменамі яго фізіяноміі з цікавасцю, якой заслугоўвалі таямнічыя і жахлівыя выпрабаванні хлопчыка.

У гадзіну быў пададзен абед, які складаўся пераважна з мучной і расліннай ежы, калі міс Пенкі (ціхманая, маленькая, блакітнавокая дзяўчынка, якую кожную раніцу расціралі пасля купання, пагражаючы, здавалася, кожны раз канчаткова сцерці) была прыведзена з палону самой людаедкай і паведамлена аб тым, што той, хто фыркае пры гасцях, ніколі не трапіць у рай. Калі гэта вялікая ісціна была грунтоўна ёй унушана, яе пачаставалі рысам, пасля чаго яна прачытала ўстаноўленую ў замку пасляабедзеную малітву, у якой выказвалася асаблівая падзяка місіс Піпчын за добры абед. Пляменніца місіс Піпчын, Берынтыя, з’ела халоднай свініны. Місіс Піпчын, чый арганізм патрабаваў гарачай ежы, паабедала бараннімі адбіўнымі катлетамі, якія былі прынесены проста з агню, прыкрытыя талеркай, і якія мелі вельмі прыемны пах.

З тае прычыны, што пасля абеду ішоў дождж і нельга было ісці на паўзмор’е, а арганізм місіс Піпчын патрабаваў адпачынку пасля адбіўных катлет, дзеці накіраваліся з Беры (яна-ж — Берынтыя) у цямніцу — пусты пакой, адкуль відаць быў крэйдавы адкос і бочка з вадой. Між іншым, гэта памяшканне, ажыўленае грамадою, аказалася ўрэшце найлепшым, таму што тут Беры гуляла з імі і, як відаць, здавальнялася валтузнёй не менш, чым яны, пакуль місіс Піпчын не пастукала злосна ў сцяну, пасля чаго гульні былі спынены і Беры да самага змроку расказвала шэптам казкі.

Замест чаю, дзецям было падана ўдосталь малака з вадой і хлеба з маслам, маленькі чорны чайнік для місіс Піпчын і Беры і намазаныя маслам тосты[5] ў неабмежаванай колькасці для місіс Піпчын, якія былі паданы з агню таксама, як і адбіўныя катлеты.

Пасля чаю Беры прынесла маленькую рабочую шкатулку і са стараннасцю ўзялася за работу, а місіс Піпчын, адзеўшы акуляры і разгарнуўшы вялізную кнігу, пераплеценую ў зялёную байку, пачала кляваць носам. І кожны раз, калі місіс Піпчын гатова была зваліцца ў агонь і прачыналася, яна давала майстру Байтэрстону пстрычкай у нос за тое, што той таксама кляваў носам.

Нарэшце, прышоў час ісці дзецям спаць, і пасля малітвы яны паляглі. З тае прычыны, што маленькая міс Пенкі баялася спаць адна ў цемры, місіс Піпчын заўсёды лічыла сваім абавязкам гнаць яе наверх, як авечку, і весела было слухаць, як міс Пенкі доўга яшчэ хныкала ў самай невыгоднай спальні, а місіс Піпчын раз-заразам уваходзіла, каб на яе накрычаць. Прыкладна а палове дзесятай прыемны пах гарачага салодкага мяса (арганізм місіс Піпчын патрабаваў салодкага мяса, без якога яна не магла заснуць) далучыўся да пераважаючага арамата дома, які місіс Уікем называла «пахам будынка», і неўзабаве пасля гэтага ў замку ўсе спалі.

Назаўтра раніцой снеданне нічым не адрознівалася ад вячэрняга чаю, але толькі місіс Піпчын ела булку замест тостаў і пасля гэтага здавалася яшчэ больш раззлаванай.

Поль і Фларэнс пайшлі к мору з Уікем, якая ўвесь час залівалася слязмі, а пад поўдзень місіс Піпчын кіравала дзіцячым чытаннем. З тае прычыны, што ў сістэму місіс Піпчын уваходзіла не дапускаць, каб дзіцячы розум развіваўся і расцвітаў, як бутон, але раскрываць яго сілай, як устрыцу, то мараль гэтых лекцый была звычайна жорсткай і ашаламляючай: героя — благога хлопчыка — нават у выпадку самай шчаслівай развязкі звычайна прыкончваў леў або мядзведзь.

Так праходзіла жыццё ў місіс Піпчын. Па суботах прыязджаў, містэр Домбі; Фларэнс з Полем хадзілі да яго ў гасцініцу і пілі чай. Яны праводзілі з ім ўсю нядзелю і звычайна каталіся перад абедам. Гэты святочны вечар быў самым меланхалічным вечарам у тыдні, бо місіс Піпчын лічыла сваім абавязкам быць асабліва злоснай у нядзелю вечарам. Міс Пенкі варочалася ў глыбокім смутку ад цёткі з Ратынгдына, а майстар Байтэрстон, чые сваякі жылі ў Індыі і якому загадвалі сядзець у перапынках паміж царкоўнымі службамі, выпрастаўшыся ля сцяны гасцінай не варушачы ні рукой, ні нагой, цярпеў такія жорсткія для сваёй юнай душы пакуты, што ў адзін з такіх вечароў запытаўся ў Фларэнс, ці не можа яна сказаць яму што-небудзь аб тым, як вярнуцца назад у Бенгалію.

Але прынята было лічыць, што ў місіс Піпчын ёсць уласная сістэма выхавання дзяцей, і, зразумела, так яно і было. Бясспрэчна, буяны, пражыўшы некалькі мёсяцаў пад яе гасцінным дахам, варочаліся дадому досыць свойскімі.

На гэту прыкладную старую лэдзі Поль мог глядзець без канца, седзячы ў сваім крэселцы ля каміна. Здавалася, ён не ведаў, што такое стомленасць, калі ўважліва разглядаў місіс Піпчын. Ён не любіў яе; ён не баяўся яе; але калі апаноўвала яго гэтае старэчае раздум’е, у ёй як быццам сканцэнтроўвалася нешта страшэнна прывабнае для яго. Так сядзеў ён і глядзеў на яе, і грэў рукі і зноў глядзеў на яе, і іншы раз даводзіў да поўнага замяшання місіс Піпчын, хоць яна і была людаедкай. Аднойчы, калі яны былі ўдваіх, яна запыталася ў яго, аб чым ён думае.

— Пра вас, — адкрыта сказаў Поль.

— А што-ж вы пра мяне думаеце? — запыталася місіс Піпчын.

— Думаю аб тым, якая вы, мабыць, старая, — сказаў Поль.

— Малады джэнтльмен, пра такія рэчы думаць не трэба, — запярэчыла дама. — Гэта нікуды не варта.

— Чаму нікуды не варта? — запытаўся Поль.

— Таму што гэта недалікатна, — злосна сказала місіс Піпчын.

— Недалікатна? — сказаў Поль.

— Так.

— Уікем гаворыць, — наіўна сказаў Поль, — што недалікатна з’ядаць усе бараннія катлеты і тосты.

— Уікем, — пачырванеўшы, адрэзала місіс Піпчыін, — злая, бессаромная, дзёрзкая нахабніца.

— Што гэта такое? — запытаўся Поль.

— Нічога, сэр! — адказвала місіс Піпчын. — Успомніце расказ аб маленькім хлопчыку, якога насмерць закалоў шалёны бык за тое, што ён прыставаў з запытаннямі.

— Калі бык быў шалёны, — сказаў Поль, — адкуль ён мог ведаць, што хлопчык прыстае з запытаннямі? Ніхто не стане шаптаць на вуха шалёнаму быку. Я не веру гэтаму расказу.

— Вы яму не верыце, сэр? — са здзіўленнем запыталася місіс Піпчын.

— Не веру, — сказаў Поль.

— Ну, а калі бык быў рахманы, тады вы паверыце? — запыталася місіс Піпчын.

З тае прычыны, што Поль не задумваўся над пытаннем з гэтага пункту гледжання і абгрунтоўваў свае заключэнні на выяўленым шаленстве быка, то ў сучасны момант ён згадзіўся прызнаць сябе пераможаным. Але ён сядзеў і разважаў аб гэтым з такім выразным намерам як мага хутчэй загнаць у тупік місіс Піпчын, што нават гэта суровая старая лэдзі палічыла за лепшае адступіць, пакуль ён не забыўся аб гэтым прадмеце.

З гэтага дня місіс Піпчын, здавалася, адчула, што яе неяк дзіўна горне да Поля, як гарнуўся да яе Поль. Яна прымушала яго прысоўваць крэселца да яе крэсла ля каміна замест таго, каб садзіцца насупраць; і тут сядзеў ён у куточку паміж місіс Піпчын і каміннай рашоткай; усё святло, якое зыходзіла ад яго тварыка, паглыналася чорнымі бамбазінавымі складкамі, і ён вывучаў кожную рысачку і зморшчыну на яе фізіяноміі і заглядаў у жорсткія шэрыя вочы, так што місіс Піпчын іншы раз мімаволі іх заплюшчвала, прытвараючыся што дрэмле. У місіс Піпчын быў стары чорны кот, які звычайна ляжаў скруціўшыся ля сярэдняй ножкі каміннай рашоткі, самаўлюбёна мурлыкаючы і жмурачыся на агонь да таго часу, пакуль звужаныя яго зрэнкі не нагадвалі двух клічнікаў.

З надыходам цемры кот, Поль і місіс Піпчын нязменна знаходзіліся на сваіх звычайных месцах; і Поль, унікаючы кампаніі майстра Байтэрстона, прадаўжаў вывучаць вечарамі місіс Піпчын, ката і агонь.

Місіс Уікем па-свойму тлумачыла дзівацтвы Поля. У правілы місіс Піпчын уваходзіла ўтрымліваць яе ўласную «маладую дзеўку» — такое было ў місіс Піпчын родавае імя для служанак — ад дачыненняў да місіс Уікем, але Беры мела права падтрымліваць зносіны з гэтай часткай дома, калі яны не перашкаджалі выкананню розных спраў, якімі яна займалася няспынна з раніцы да ночы, і ад гутаркі з Беры місіс Уікем рабілася лягчэй на душы.

— Які ён прыгожанькі хлопчык, калі спіць! — сказала неяк вечарам Беры, калі прынесла вячэру місіс Уікем і спынілася, каб паглядзець на Поля, які спаў.

— Ах! — уздыхнула місіс Уікем. — Так і павінна быць.

— Ну, не дрэнны ён калі і не спіць, — заўважыла Беры.

— Так, пані. О, так! Такой была і дачка майго дзядзькі, Бетсі Джэйн, — сказала місіс Уікем.

Беры, здавалася, была не супроць таго, каб прасачыць, якая сувязь існавала паміж Полем Домбі і дачкою дзядзькі місіс Уікем, Бетсі Джэйн.

— Жонка майго дзядзі, — прадаўжала місіс Уікем, — памерла якраз таксама, як яго матуля. Дачка майго дзядзі гаравала якраз таксама, як майстар Поль. Дачка майго дзядзі іншы раз замаражвала кроў у жылах людзей, — вось што!

Міс Беры, натуральна, запыталася, чаму. Але місіс Уікем, пераймаючы звычай многіх лэдзі ў яе становішчы, прадаўжала развіваць сваю думку без усякай скрухі.

— Бетсі Джэйн, — сказала місіс Уікем, — была такім мілым дзіцем, якога толькі можна хацець. Лепшага я не магла-б хацець. Усімі хваробамі, якія толькі могуць быць у дзяцей, Бетсі Джэйн перахварэла. Сударгі бывалі ў яе таксама часта, — сказала місіс Уікем, — як у вас прышчы, міс Беры.

Міс Беры мімаволі зморшчыла нос.

— Бетсі Джэйн, — самым урачыстым тонам прадаўжала місіс Уікем, — даводзілася таксама кепска, як і гэтаму дзіцяці, і яна змянілася таксама, як змянілася гэтае дзіця. Часцяком здаралася мне бачыць, як яна сядзіць і думае, думае, перадумвае таксама, як ён. Часцяком здаралася мне бачыць яе такой-жа старой, старой, як ён. Я лічу, міс Беры, што гэта дзіця і Бетсі Джэйн знаходзяцца ў зусім аднолькавым становішы.

— Дачка вашага дзядзі жыве? — запыталася Беры.

— Так, міс, жыве, — адказвала місіс Уікем з урачыстым выглядам, бо было ясна, што міс Беры чакала адваротнага, — і замужам за срэбных спраў майстрам. О, так, міс, яна-то жыве, — адказвала місіс Уікем з моцным націскам на займенніку.

З гэтага было відаць, што нехта памёр, дык пляменніца місіс Піпчын запыталася — хто.

— Мне-б не хацелася вас трывожыць, — адказвала місіс Уікем, вячэраючы. — Не пытайцеся ў мяне.

Гэта быў верны шлях к таму, каб у яе зноў запыталіся. Таму міс Беры паўтарыла пытанне, і пасля некаторага супраціўлення і хістанняў місіс Уікем паклала нож і, зноў агледзеўшы пакой і Поля ў ложачку, адказвала:

— Яна раптам прывязвалася да людзей; надзіва прывязвалася іншы раз. І ўсе гэтыя людзі памерлі.

Пляменніцы місіс Піпчын здалося гэта такім страшным, што яна выпрасталася на цвёрдым краі ложка, парывіста дыхаючы і з незахаваным перапалохам пазіраючы на расказчыцу.

Місіс Уікем асцярожна махнула левым указальным пальцам у бок ложка, на якім спала Фларэнс; пасля апусціла яго ўніз і некалькі разоў паказала выразна на падлогу; якраз пад імі была гасціная, дзе місіс Піпчын мела звычай паядаць тосты.

— Запомніце мае словы, міс Беры, — сказала місіс Уікем, — і будзьце ўдзячны, што майстар Поль не вельмі вас любіць. Запэўняю вас, я ўдзячна, што мяне ён не вельмі любіць, хоць невялікая радасць жыць у гэтай — даруйце, што я так свабодна выказваюся, — у гэтай турме! Ваша цётка — старая лэдзі, міс Бэры, і да гэтага вы павінны быць падрыхтаваны...

Хоць пляменніца місіс Піпчын, спускаючыся ўніз не думала, што ўбачыць гэтага ўзорнага дракона[6] распрасцёртым на дыване ля каміна, аднак, яна адчула палёгку, калі ўбачыла, што яна надзвычай сварлівая і сярдзітая і, напэўна, мелася пражыць шмат гадоў на ўцяшэнне ўсім, хто яе ведаў.

Але з тае прычыны, што сам Поль не зрабіўся дужэйшым, чым быў у часе прыезду, то для яго дасталі калясачку, у якой ён вельмі камфартабельна мог ляжаць з азбукай і іншымі пачатковымі падручнікамі, у той час як яго везлі да марскога берагу. Верны сваім дзіўным густам, ён адхіліў чырвонашчокага падростка, якога вылучылі на пасаду возчыка гэтай каляскі, і замест яго абраў яго дзеда, маршчыністага старога з тварам, які нагадваў краба, у пацёртым цыратовым касцюме.

З гэтым вартым увагі слугой, які каціў каляску, Фларэнс, якая заўсёды ішла побач, і з засмучанай Уікем, якая ішла ззаду, маленькі Поль спускаўся штодзённа на бераг акіяна; і тут ён гадзінамі сядзеў або ляжаў у сваёй калясцы, і нішто так не засмучала яго, як прысутнасць дзяцей.

— Ідзіце ад мяне, калі ласка, — гаварыў ён дзецям, якія прыходзілі пасядзець з ім. — Дзякую вам, але вы мне не патрэбны.

Здаралася, што дзіцячы галасок пад самым яго вухам пытаўся, як ён сябе адчувае.

— Вельмі добра, дзякую вам, — адказваў ён. — Але вы, калі ласка, ідзіце і гуляйце.

Пасля ён паварачваў галаву, доўга глядзеў услед пайшоўшаму дзіцяці і ціха казаў Фларэнс:

— Нам нікога больш не трэба, праўда? Пацалуйце мяне, Флой.

У такія хвіліны для яго прыкрай была нават прысутнасць Уікем, і ён радаваўся, калі яна па свайму звычаю ішла шукаць ракавіны і знаёмых. Любімае яго месца было вельмі адзінотнае, куды не заглядала большасць гуляючых; і калі Фларэнс сядзела каля яго з работай або чытала яму, або размаўляла з ім, а вецер дзьмуў яму ў твар і вада падступала да калёс яго каляскі, яму больш нічога не было патрэбна.

— Флой, — сказаў ён аднойчы, — дзе гэта Індыя, у якой жыве радня гэтага хлопчыка?

— О, далёка, далёка адсюль, — сказала Фларэнс, падымаючы вочы ад работы.

— Трэба ехаць некалькі тыдняў? — запытаўся Поль.

— Так, дарагі. Шмат тыдняў, удзень і ўночы.

— Калі-б вы былі ў Індыі, Флой, — сказаў Поль, памаўчаўшы хвіліну, — я-б... Што гэта зрабіла мама? Я забыўся.

— Любіла мяне! — падсказала Фларэнс.

— Не, не. Хіба цяпер я не люблю вас, Флой?.. Як гэта?.. памерла... Калі-б вы былі ў Індыі, я памёр-бы, Флой.

Яна хуценька адлажыла работу і, ласкаючы яго, апусціла галаву на яго падушку. І яна памерла-б, калі-б ён быў там, сказала яна яму. Хутка ён будзе адчуваць сябе лепш.

— О, мне цяпер значна лепш! — адказваў ён. — Я не тое хацеў сказаць. Я хачу сказаць, што памёр-бы ад засмучэння і ад таго, што быў-бы адзін, Флой.

Аднаго разу ён заснуў там-жа і доўга спаў спакойна. Раптам прачнуўшыся, ён прыслухаўся, схамянуўся, сеў і зноў к нечаму прыслухоўваўся.

Фларэнс запытала, што яму пачулася.

— Я хачу ведаць, што яно гаворыць, — адказаў ён, уважліва пазіраючы ёй у твар. — Мора, Флой, аб чым яно гаворыць увесь час?

Яна адказала яму, што гэта толькі шум набягаючых хваль.

— Так, так, — сказаў ён. — Але я ведаю, што яны заўсёды нешта гавораць. Заўсёды адно і тое-ж. Што там ёсць, за морам? Ён прыпадняўся, прагна ўглядаючыся ў далячынь.

Яна адказала яму, што там знаходзіцца іншая краіна. Але не пра гэта ён думае, сказаў ён; ён думае пра тое, што там далей… далей!

З таго часу вельмі часта ў часе размовы ён змаўкаў, стараючыся зразумець, аб чым гэта заўсёды гавораць хвалі, прыпаднімаўся ў сваёй калясцы, каб паглядзець туды, дзе знаходзіцца гэты нябачны далёкі край.


  1. Гінея — залатая манета, роўная 10 руб.; шылінг — 1/21 гінеі або 1/20 фунта стэрлінгаў; пені (мн. лік — пенсы) 1/12 шылінга.
  2. Абанкроцілася — аб’явіла аб тым, што не можа заплаціць свае даўгі.
  3. Рэспектабельны — прыстойны, паважаны.
  4. Бамбазін (лац.) — шоўкавая або шарсцяная тканіна асобага вырабу.
  5. Тосты (англійск.) — падсмажаныя лустачкі хлеба.
  6. Дракон — легендарная пачвара, крылаты дыхаючы агнём змей, які сустракаецца часцей за ўсё ў кітайскіх казках і міфах.