Домбі і сын/10
← Раздзел IХ, у якім Драўляны Мічман трапляе ў бяду | Раздзел Х, у якім расказваецца аб выніках, да якіх прывялі няшчасці Мічмана Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХI. Выступленне Поля на новай сцэне → |
Маёр Бегсток пасля доўгіх і частых назіранняў над Полем праз пляц Прынцэсы ў тэатральны бінокль і пасля многіх падрабязных данясенняў аб гэтым прадмеце, штодзённых, штотыднёвых і штомесячных, зробленых «тубыльцам», які з гэтаю мэтай падтрымліваў пастаянныя зносіны са служанкай міс Токс, прышоў да заключэння, што Домбі — чалавек, з якім варта пазнаёміцца.
Калі чорнаскуры слуга далажыў з усімі падрабязнасцямі аб адлучках міс Токс у Брайтон, маёра раптам апанавалі пяшчотныя ўспаміны аб сваім сябры Білі Байтэрстоне з Бенгаліі, які прасіў яго ў пісьме наведаць яго адзінага сына, калі ён будзе ў Брайтоне. Але калі той-жа чорнаскуры слуга далажыў аб знаходжанні Поля ў місіс Піпчын, а маёр, заглянуўшы ў пісьмо, паданае містэрам Байтэрстонам пасля прыезду ў Англію, на якое яму і ў галаву не прыходзіла звярнуць якую-б там ні было ўвагу, убачыў зручны для сябе выпадак, ён прышоў у такое шаленства ад падагры, якая якраз ў гэты час уклала яго ў пасцель, што ў адказ на атрыманыя весткі шпурнуў у чорнаскурага слугу зэдлікам для ног і пабажыўся, што загоніць мярзотніка ў магілу, перш чым сам адправіцца ў яе, чаму чорнаскуры слуга вельмі схілен быў паверыць.
Нарэшце, маёр, ачуняўшы ад прыступу падагры, бурчачы, накіраваўся неяк аднае суботы ў Брайтон з «тубыльцам», які ішоў ззаду, усю дарогу размаўляючы з міс Токс і захапляючыся перспектывай узяць штурмам яе знатнага сябра, якога яна ахутала такой таямнічасцю і дзеля якога пакінула яго.
— Вы-б не супраць, пані, не супраць? — гаварыў маёр, напыжыўшыся ад помстлівых пачуццяў; і без таго разбухлыя вены ў яго на галаве разбухлі яшчэ больш. — Вы-б не супроць даць адстаўку Джою Б., пані? Рана яшчэ, пані, рана! Чорт пабяры, рана яшчэ, сэр! Джо не спіць, пані. Бегсток жывенькі, сэр. Дж. Б. напагатове, сэр. Вы пераканаецеся, што ён непахісны пані. Джозеф непахісны, сэр, і д’ябальскі хітры!
І сапраўды, майстар Байтэрстон пераканаўся ў яго непахіснасці, калі маёр павёў гэтага маладога джэнтльмена на прагулку.
Маёр блукаў, зусім не думаючы аб развесяленні майстра Байтэрстона, і цягнуў яго за сабой, шукаючы містэра Домбі і яго дзяцей.
У свой час маëр, якога папярэдне паведаміла місіс Піпчын, знайшоў Поля і Фларэнс і рушыў да іх; з імі быў велічавы джэнтльмен (бясспрэчна містэр Домбі).
Калі ён уварваўся з майстрам Байтэрстонам у самы цэнтр маленькага атрада, здарылася, зразумела, так, што майстар Байтэрстон пачаў гутарку са сваімі калегамі па няшчасцю. Услед за гэтым маëр спыніўся, уважліва паглядзеў на іх і вельмі ўзрушыўся; успомніў са здзіўленнем, што бачыў іх і гутарыў з імі ў сваёй прыяцелькі міс Токс на пляцы Прынцэсы; заявіў, што Поль надзвычай слаўны хлапчук і малады яго сябра; даведаўся, ці памятае ён Джоя Б., маёра; і, нарэшце, раптам успомніўшы аб прыстойнасцях, папрасіў прабачэння ў містэра Домбі.
— Але мой малады сябра, сэр, — сказаў маёр, — зноў ператварае мяне ў хлапчука. Стары маёр, сэр, маёр Бегсток, не сароміцца зрабіць такое прызнанне. — Тут маёр прыўзняў капялюш. — Чорт пабяры, сэр, — усклікнуў маёр, — я вам зайздрошчу! — пасля ён апамятаўся і дадаў: — Даруйце мне за такую вольнасць.
Містэр Домбі папрасіў не надаваць гэтаму значэння.
— Стары ваяка, сэр, — сказаў маёр, — пракопчаны, загарэлы, змардаваны, пакалечаны стары маëр, сэр, не пабаяўся, што яго староннасць будзе асуджана такім чалавекам, як містэр Домбі. Здаецца, я маю гонар гутарыць з містэрам Домбі?
— У сучасны момант я з’яўляюся нявартым прадстаўніком гэтага імя, маёр, — адказваў містэр Домбі.
— Гэтае імя, сэр, — цвёрда сказаў маёр, нібы чакаў ад містэра Домбі пярэчанняў і ў такім выпадку лічыў-бы цяжкім сваім абавязкам абарваць яго, — карыстаецца вядомасцю і пашанай у аддаленых брытанскіх уладаннях. Гэтае імя, сэр, чалавек пазнае з гонарам.
— Вы вельмі ветлівы, маёр, і цэніце яго, магчыма, вышэй, чым яно гэтага заслугоўвае, — адказваў містэр Домбі.
— Не, сэр, — сказаў маёр. — Мой малады сябра, сэр, можа запэўніць, што Джозеф Бегсток — прамалінейны, простадушны, адкрыты чалавек, сэр, толькі і ўсяго. Гэты хлопчык, сэр, — сказаў маёр, панізіўшы голас, — астанецца ў гісторыі. Гэты хлопчык, сэр, незвычайнае дзіця. Шануйце яго, містэр Домбі.
— Містэр Домбі, здавалася, даў зразумець, што пастараецца гэта зрабіць.
— Вось, сэр, яшчэ адзін хлопчык, — прадаўжаў, маёр канфідэнцыяльным тонам, ткнуўшы ў яго стэкам, — сын Байтэрстона з Бенгаліі. Бацька гэтага хлопчыка і я, сэр, былі закадычнымі сябрамі. Куды-б вы не пайшлі, сэр, вы толькі і чулі, што пра Біля Байтэрстона і Джо Бегстока. А хіба я не бачу недахопаў гэтага хлопчыка? Ні ў якім разе. Ён дурань, сэр.
Містэр Домбі зірнуў на абняслаўленага майстра Байтэрстона, пра якога ведаў столькі-ж, колькі маёр, і сказаў з самазадаволеным выглядам:
— Няўжо?
— Але, такі ён ёсць, сэр, — сказаў маëр. — Ён дурань! Джо Бегсток ніколі не змякчае выразаў. Сын майго старога сябра Біля Байтэрстона — дурань ад прыроды, сэр. — Тут маëр зарагатаў так, што зрабіўся амаль чорным. — Думаю, майму маленькаму сябру належыць паступіць у першаразрадную школу, містэр Домбі? — паправіўшыся, сказаў маёр.
— Я яшчэ не вырашыў, — адказваў містэр Домбі. — Наўрад. У яго слабае здароўе.
— Калі ў яго слабае здароўе, — сказаў маёр, — дык ваша праўда. Толькі непахісныя дзеці маглі вытрымаць жыццё ў Сендхерсце, сэр. Там мы катавалі адзін другога, сэр. Мы доўга падсмажвалі навічкоў на агні і вывешвалі ўніз галавой з акна чацвертага паверху. Джозефа Бегстока, сэр, бачыце, вывесілі з акна, прытрымліваючы за пяткі, роўна на трынаццаць хвілін па школьнаму гадзінніку.
У пацверджанне гэтага факта маëр мог спаслацца на свой твар. Ён і сапраўды быў такім, нібы маёр правісеў уніз галавой вельмі доўга.
— Але школа нас зрабіла тым, чым мы сталі, сэр, — сказаў маёр, папраўляючы брыжы. — Мы былі жалезам, сэр, а яна нас выкавала. Вы тут жывеце, містэр Домбі?
— Звычайна я прыязджаю сюды раз у тыдзень, маëр, — адказваў гэты джэнтльмен. — Я спыняюся ў Бедфорд-гатэлі.
— 3 вашага дазволу, сэр, я буду мець гонар наведаць вас у Бедфордзе, — сказаў маёр.
Містэр Домбі адказваў вельмі прыхільна; і маёр Бегсток, пагладзіўшы па галаве Поля і сказаўшы Фларэнс, што ад яе вачэй хутка будзе аж вар’яцець уся моладзь, «ды і старыя таксама, сэр, ужо калі на тое пайшло», дадаў маёр, моцна хіхікаючы, расшавяліў майстра Байтэрстона сваім кіем і адразу-ж рушыў трушком з гэтым маладым джэнтльменам.
Выконваючы сваё абяцанне, маёр неўзабаве з’явіўся з візітам да містэра Домбі, а містэр Домбі, даведаўшыся ў спіску ваенных чыноў, аддаў візіт маëру.
Нарэшце, калі містэр Домбі з’явіўся ў суправаджэнні міс Токс і місіс Чык пабачыцца з дзецьмі і зноў сустрэў маёра ў Брайтоне, ён запрасіў яго паабедаць у Бетфорда і папярэдне павіншаваў міс Токс з такім суседам і знаёмым. Не гледзячы на тое, што гэтыя намёкі выклікалі ў міс Токс біццё сэрца, яны зусім не былі ёй непрыемныя, бо давалі ёй магчымасць быць надзвычай цікавай і калі-ні-калі выяўляць разгубленасць і замяшанне, якія яна была не супроць выставіць напаказ. Маёр падаваў ёй нямала зручных выпадкаў праявіць гэтае хваляванне; у час абеду ён не скупіўся на скаргі, выкліканыя тым, што яна пакінула яго і пляц Прынцэсы; і з тае прычыны, што яму, відавочна, было вельмі прыемна іх выказваць, то ўсе адчувалі сябе вельмі добра.
Але ідучы назад да сябе ў гасцініцу маëр бесперастанку цвярдзіў сабе аб сваёй персоне: «Хітры, сэр... хітры, сэр... д’ябальскі хітры!» А прышоўшы ў гасцініцу, ён рассеўся ў крэсла і пачаў усклікаць:
— Вы-б не супраць, пані?? Не супраць? Місіс Домбі, э. пані? Не думаю, пані. Не, пакуль Джо Б. можа ўставіць вам палку ў калясо, пані. Джо Б. цяпер зраўняўся з вамі, пані. Ён яшчэ не вышаў з гульні, сэр, Бегсток не вышаў. Яна хітрая, сэр, хітрая, але Джо-ж яшчэ хітрэйшы. Старына Джо не дрэмле, варушыцца і вельмі пільнуецца, сэр!
На другі дзень пасля гэтага эпізода (была нядзеля), калі містэр Домбі, місіс Чык і міс Токс снедалі, усё яшчэ пахваляючы маёра, убегла Фларэнс з расчырванелым тварам і радасна ззяючымі вачыма і крыкнула:
— Тата! Тата! Уолтер тут! і ён не хоча ўвайсці.
— Хто? — усклікнуў містэр Домбі. — Аб чым яна гаворыць? Што гэта азначае?
— Уолтэр, тата, — нясмела сказала Фларэнс, адчуваючы, што вельмі фамільярна наблізілася да яго асобы. — Які знайшоў мяне, калі я заблудзілася.
— Няўжо яна гаворыць аб маладым Гэі, Луіза? — запытаўся містэр Домбі, нахмурыўшы бровы. — Сапраўды, манеры ў гэтай дзяўчынкі зрабіліся вельмі рэзкія. Наўрад ці пра маладога Гэя яна гаворыць. Даведайцеся, калі ласка, у чым справа.
Місіс Чык выбегла ў карыдор і вярнулася з весткай, што гэта малады Гэй у суправаджэнні вельмі дзіўнага з выгляду чалавека; і малады Гэй гаворыць, што не адважваецца ўвайсці, ведаючы, што містэр Домбі снедае, а пачакае, пакуль містэр Домбі дазволіць яму з’явіцца.
— Скажыце хлопчыку, каб зайшоў цяпер, — заявіў містэр Домбі. — Ну, Гэй, у чым справа? Хто вас сюды паслаў? Хіба, апрача вас, не было каму прыехаць?
— Прашу прабачэння, сэр, — адказваў Уолтэр. — Мяне не пасылалі. Я сам адважыўся прыехаць і спадзяюся, вы мне даруеце, калі я вытлумачу прычыну.
Але містэр Домбі, не слухаючы яго, нецярпліва паглядаў то ўправа, то ўлева ад яго (нібы ён быў слупам на яго шляху) на нейкі прадмет за яго спіной.
— Што гэта? — сказаў містэр Домбі. — Хто гэта? Мне здаецца, вы трапілі не ў тыя дзверы, сэр?
— О, прабачце, што я зайшоў не адзін, сэр, — спяшаючыся сказаў Уолтэр, — але гэта... гэта капітан Катль, сэр. — Уольр, мой хлопчык, — прагаварыў басам капітан, — трымайцеся мацней!
У той-жа час капітан, ступіўшы ўперад, выставіў напаказ свой сіні касцюм, свой каўнер кашулі, які вельмі кідаўся ў вочы, і свой шышкаваты нос і спыніўся, кланяючыся містэру Домбі і далікатна памахваючы лэдзі сваім кручком, з цвёрдым глянцавітым капелюшом у адзінай руцэ і з чырвоным экватарам вакол галавы, які гэты капялюш нядаўна на ёй адціснуў.
Містэр Домбі глядзеў на гэты феномен[1] са здзіўленнем і абурэннем і нібы ўсім сваім выглядам запрашаў місіс Чык і міс Токс падзяліць яго пачуцці. Маленькі Поль, які ўвайшоў услед за Фларэнс, адышоўся да міс Токс і заняў абаронную пазіцыю, калі капітан замахаў кручком.
— Ну, Гэй, — сказаў містэр Домбі, — што вы маеце мне сказаць?
Зноў капітан заўважыў у выглядзе прадмовы да гутаркі, якая не праміне выклікаць прыхільнасць ва ўсіх прысутных:
— Уольр, трымайцеся мацней!
— Баюся, сэр, — пачаў Уолтэр, калоцячыся і не падымаючы вачэй, — што я дазваляю сабе вялікую вольнасць, з’яўляючыся сюды... так, я ўпэўнены, што гэта так. Баюся, што ў мяне не хапіла-б мужнасці прысці да вас, сэр, нават прыехаўшы сюды, калі-б я не сустрэў міс Домбі і...
— Ну і што-ж? — сказаў містэр Домбі, сочачы за яго позіркам, калі той паглядзеў на Фларэнс, якая ўважліва прыслухоўвалася, і мімаволі хмурачыся, калі яна падбадзёрыла яго ўсмешкай. — Калі ласка, прадаўжайце.
— Так, так, — заўважыў капітан, лічачы, што абавязак выхаванага чалавека — падтрымаць містэра Домбі. — Надзвычай добра сказана! Прадаўжайце, Уольр.
— Сюды мяне прывяла зусім прыватная і асабістая справа, сэр, — заікаючыся, прадаўжаў Уолтэр, — і капітан Катль...
— Тут! — уставіў капітан, сцвярджаючы, што ён знаходзіцца пад рукой і на яго можна мець надзею.
— Вельмі стары сябра майго небаракі дзядзі і вельмі добры чалавек, сэр, — прадаўжаў Уолтэр, упрашальна паднімаючы вочы, нібы ў абарону капітана, — быў такі добры, што прапанаваў паехаць са мною, ад чаго я наўрад ці мог адмовіцца.
— Не! не! не! — добрадушна заўважыў капітан. — Зразумела, не! І гутаркі не магло быць аб адмаўленні. Прадаўжайце, Уольр.
— І таму, сэр, — сказаў Уолтэр, асмеліўшыся сустрэць позірк містэра Домбі і набраўшыся адвагі з прычыны цяжкога свайго становішча, калі адступаць ужо было позна, — таму я прышоў з ім, сэр, паведаміць, што мой небарака стары дзядзя апынуўся ў вялікім няшчасці і горы, што з прычыны паступовага ўпадку яго гандлю і немагчымасці заплаціць па векселю — гэта апасенне, як мне добра вядома, сэр, прыгнятала яго на працягу многіх і многіх месяцаў, — на маемасць яго накладзен арышт, і яму пагражае небяспека страціць ўсё, што ў яго ёсць, і памерці з гора. Што, калі-б вы, які даўно ўжо ведае яго як прыстойнага чалавека, па дабраце сваёй дапамаглі яму выйсці з цяжкага становішча, сэр? Мы ніколі не зможам выказаць вам нашу ўдзячнасць за гэта.
У Уолтэра выступілі з вачэй слёзы, пакуль ён гаварыў; выступілі яны ў Фларэнс. Бацька бачыў, як яны заблішчэлі, хоць глядзеў, здавалася, толькі на Уолтэра.
— Гэта вельмі вялікая сума, сэр, — сказаў Уолтэр. — Больш трохсот фунтаў. Дзядзя зусім прыгнечан гэтым няшчасцем, яно яго зламала, і ён зусім не можа чым-небудзь дапамагчы. Ён нават не ведае, што я паехаў пагаварыць з вамі. Магчыма, вы захочаце, сэр, — нерашуча дадаў Уолтэр, — каб я дакладна сказаў, чаго, па сутнасці, я хачу. Я, дапраўды, не ведаю, сэр. У дзядзі ёсць тавар, і, здаецца, я магу сцвярджаць з упэўненасцю, што ніякіх іншых даўгоў няма, а затым капітан Катль таксама хацеў-бы даць паручыцельства. Мне... мне, бадай, лепш не спамінаць, — прадаўжаў Уолтэр, — аб тых грошах, якія зарабляю я; але, калі-б вы дазволілі... адкладаць іх... на пакрыццё... пазыка... дзядзя... беражлівы, чэсны стары. Уолтэр ледзь выгаварыў гэтыя няскладныя словы, змоўк і стаяў, панурыўшыся, перад сваім гаспадаром.
Лічачы момант спрыяючым для прад’яўлення каштоўнасцей, капітан Катль падышоў да стала, і, расчысціўшы месца сярод чашак ля локця містэра Домбі, дастаў срэбны гадзіннік, наяўныя грошы, чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру і, склаўшы іх у кучу, каб яны здаваліся асабліва каштоўнымі, сказаў наступныя словы:
— Поўбулкі лепш, чым ні кавалка хлеба, але гэта правільна і ў дачыненні да крошак. Вось некалькі крошак. Пасля можа быць прапанавана штогодняя рэнта ў сто фунтаў.
Пасля гэтага капітан адышоў на ранейшае месца, дзе і астаўся, прыгладжваючы раскудлачаныя валасы, з выглядам чалавека, які скончыў цяжкую справу.
Калі Уолтэр змоўк, містэр Домбі глянуў на маленькага Поля, які, бачачы, што сястра апусціла галаву і ціха плача, спачуваючы няшчасцю, аб якім толькі што даведалася, падышоў да яе і стараўся яе супакоіць, вельмі выразна паглядаючы пры гэтым на Уолтэра і на бацьку. Заняўшыся на хвіліну выступленнем капитана Катля, да якога паставіўся з велічнай роўнадушнасцю, містэр Домбі зноў скіраваў позірк на сына і некаторы час сядзеў моўчкі, пільна ўглядаючыся ў дзіця.
— Як быў зроблён гэты доўг? — запытаўся, нарэшце, містэр Домбі. — Хто крэдытор?
— Ён не ведае, — адказваў капітан, кладучы руку на плячо Уолтэра. — Я ведаю. Гэта здарылася таму, што ён дапамог чалавеку, якога цяпер ужо няма жывога, і гэта ўжо каштавала майму сябру Джылсу многа соцень фунтаў. Далейшыя падрабязнасці, калі хочаце, сам на сам.
— Людзі, якім так цяжка самім утрымацца на нагах, — сказаў містэр Домбі, не звяртаючы ўвагі на таямнічыя знакі капітана за спіной Уолтэра і па-ранейшаму пазіраючы на сына, — павінны абмяжоўвацца ўласнымі абавязацельствамі і цяжкасцямі і не павялічваць іх, паручаючыся за другіх. Поль, падыйдзіце сюды!
Хлопчык паслухаўся, і містэр Домбі пасадзіў яго да сябе на калені.
— Калі-б цяпер у вас былі грошы... — сказаў містэр Домбі. — Глядзіце на мяне!
Поль, які пераводзіў позірк з сястры на Уолтэра, паглядзеў у твар бацьку.
— Калі-б цяпер у вас былі грошы, — сказаў містэр Домбі, — такая сума, пра якую гаварыў малады Гэй, што-б вы зрабілі?
— Аддаў-бы іх яго дзядзю, — адказваў Поль.
— Пазычылі-б іх яго старому дзядзю, так? — паправіў містэр Домбі. — Ну, што-ж! Вам вядома, што, калі вы падрасцеце, вы будзеце ўладаць разам са мною маімі грашыма, і мы будзем распараджацца імі разам.
— Домбі і Сын, — перапыніў Поль, якога рана навучылі гэтай фразе.
— Домбі і Сын, — паўтарыў бацька. — Ці не хацелі-б вы пачаць сёння-ж быць Домбі і Сынам і пазычыць дзядзю маладога Гэя.
— О, прашу вас, тата! — сказаў Поль. — Гэтага хацела-б і Фларэнс.
— Дзяўчынкі, — сказаў містэр Домбі, — не маюць ніякіх адносін да Домбі і Сына. Вы-б гэтага хацелі?
— Так, тата, так!
— У такім разе вы гэта зробіце, — адказаў бацька. — І вы бачыце, Поль, — дадаў ён, панізіўшы голас, — якія магутныя грошы і як людзі прагнуць іх атрымаць. Малады Гэй едзе сюды прасіць грошай, а вы, такі шчодры і благародны, таму што ў вас ёсць грошы, збіраецеся даць яму іх у выглядзе вялікай міласці і ласкі.
Поль на секунду падняў старэчы твар, які ясна выказваў, што ён разумее сэнс яго слоў; але гэты твар адразу зрабіўся вясёлым і дзіцячым, калі ён саслізнуў з кален бацькі і пабег сказаць Фларэнс, каб яна больш не плакала, таму што ён зробіць так, каб малады Гэй атрымаў грошы.
Пасля містэр Домбі падышоў да стала, які стаяў ля сцяны, напісаў запіску і запячатаў. У гэты час Поль і Фларэнс перашэптваліся з Уолтэрам, а капітан Катль глядзеў на іх з прамяністай усмешкай, аддаючыся так ганарлівым і бясконца самаўпэўненым думкам, што містэр Домбі ніколі-б гэтаму не паверыў. Калі запіска была напісана, містэр Домбі заняў ранейшае месца і працягнуў яе Уолтэру.
— Першым чынам, — сказаў ён, — перадайце гэта заўтра містэру Каркеру. Ён паклапоціцца аб тым, каб адзін з маіх служачых вывеў вашага дзядзьку з цяперашняга цяжкага становішча, заплаціўшы належачую суму, і каб умовы звароту гэтай сумы былі вызначаны адпаведна са становішчам вашага дзядзькі. Лічыце, што гэта зрабіў для вас майстар Поль.
Уолтэр, усхваляваны тым, што ў яго руках знаходзіцца сродак вызваліць добрага дзядзьку з бяды, паспрабаваў быў выказаць сваю радасць і ўдзячнасць, але містэр Домбі яго перапыніў.
— Лічыце, што гэта зрабіў майстар Поль, — паўтарыў ён. — Я гэта яму растлумачыў, і ён зразумеў. Больш я нічога не хачу слухаць.
З тае прычыны, што ён паказаў рукой на дзверы, Уолтэру асталося толькі пакланіцца і пайсці. Міс Токс, бачачы, што капітан збіраецца зрабіць тое-ж самае, умяшалася.
— Дарагі мой сэр, — сказала яна, звяртаючыся да містэра Домбі, чыё велікадушша выклікала і ў яе і ў місіс Чык патокі слёз, — мне здаецца, вы сёе-тое пакінулі без увагі. Даруйце мне, містэр Домбі, мне здаецца, па благародству сваёй натуры і дзякуючы ўласцівай велічы, вы ўпусцілі з-пад увагі адну дэталь.
— Няўжо, міс Токс! — сказаў містэр Домбі.
— Джэнтльмен з... інструментам, — прамовіла міс Токс, зірнуўшы на капітана Катля, — пакінуў на стале каля вашага локця...
— Ах, божа мой! — усклікнуў містэр Домбі, адкідючы ад сябе маёмасць капітана, нібы гэта сапраўды былі крошкі. — Забярыце гэта. Я вам удзячны, міс Токс: вы праявілі ўласцівую вам асцярожнасць. Будзьце ласкавы забраць гэта, сэр!
Капітан Катль зразумеў, што яму астаецца толькі падначаліцца. Але ён быў так узрушан велікадушшам містэра Домбі, які адмовіўся ад скарбу, наваленага каля яго, што, паклаўшы чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру ў адну кішэню, а наяўныя грошы ў другую і павольна апусціўшы вялікі кішанёвы гадзіннік у прызначаны для яго склеп, ён не мог утрымацца, каб не ўхапіць левую руку гэтага джэнтльмена сваёй левай і адзінай рукой і, сільнымі сваімі пальцамі трымаючы яе растапыранай, не дакрануцца да яе ў парыве захаплення сваім кручком. Ад такога праяўлення цёплых пачуццяў і ад дотыку халоднага жалеза містэр Домбі ўздрыгануўся ўсім целам.
Затым капітан Катль з вялікім далікацтвам і галантнасцю пацалаваў некалькі разоў свой кручок, вітаючы лэдзі, і, асобна развітаўшыся з Полем і Фларэнс, вышаў разам з Уолтэрам. Фларэнс у парыве пачуццяў кінулася была ўслед за імі, каб перадаць прывітанне старому Солю, але містэр Домбі паклікаў яе і загадаў астацца ў пакоі.
— Няўжо вы ніколі не зробіцеся Домбі, мілае маё дзіця? — патэтычна дакорлівым тонам сказала місіс Чык.
— Дарагая цёця, — сказала Фларэнс, — не злуйцеся на мяне. Я так удзячна тату.
Яна падбегла-б да яго і абвіла-б рукамі яго шыю, калі-б адважылася; але яна не адважылася і толькі паглядала на яго ўдзячнымі вачыма, у той час як ён сядзеў, задумаўшыся, калі-нікалі кідаючы на яе трывожны позірк, але больш за ўсё сочачы за Полем, які прагульваўся па пакоі з пачуццём уласнай годнасці, якая з’явілася ў яго таму, што ён даў грошы маладому Гэю.
А малады Гэй Уолтэр — што сказаць аб ім?
Ён быў у захапленні ад таго, што ўсё ўладзіць і зробіць заўтра-ж да поўдня, будзе сядзець вечарам у малёнькай задняй гасцінай са старым Солем і капітанам Катлем, і інструментальны майстар зноў ажыве, набудзе надзеі на будучыню, пераканаўшыся, што Драўляны Мічман зноў зрабіўся яго ўласнасцю. Але трэба прызнаць, ніколькі не ганьбуючы яго ўдзячнасці да містэра Домбі, што Уолтэр адчуваў сябе прыніжаным і прыгнечаным.
Капітан бачыў гэта ў зусім іншым святле. Ён, здавалася, паверыў, што спатканне, пры якім ён прысутнічаў, было ў вышэйшай ступені здавальняючым і абнадзейваючым і ўсяго два-тры крокі аддзялялі яго ад фармальных заручын Фларэнс і Уолтэра, і што апошні інцыдэнт, калі і не канчаткова ўмацаваў уітынгтонаўскія надзеі, то ва ўсякім выпадку надзвычай ім спрыяў.
- ↑ Феномен — (грэч.) рэдкая, надзвычайная з’ява.