Домбі і сын/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Раздзел LІХ. Адплата Раздзел LХ, у якім апавядаецца галоўным чынам аб вяселлях
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел LХІ. Яна саступае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ LХ,

у якім апавядаецца галоўным чынам аб вяселлях.

Прыкладна ў гэты час адбылося, пасля сканчэння паўгоддзя, урачыстае святкаванне ў доктара і місіс Блімбер, якія прасілі ўсіх маладых джэнтльменаў, што навучаліся ў гэтай благароднай ўстанове, прыехаць а палове восьмай на раннюю вечарынку з кадрыляю; пасля маладыя джэнтльмены, зусім не выказваючы няўмеснай радасці, раз'ехаліся дадому, начыненыя па горла навукамі.

Ніводнага слова не было сказана маладым джэнтльменам, ніводнага намеку не было зроблена на меўшае быць вяселле містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў, з цудоўнай Карнеліяй Блімбер; тым не менш усе маладыя джэнтльмены вельмі добра гэта ведалі і, ад'язджаючы да сваякоў і сяброў, з пачцівай жахлівасцю развітваліся з містэрам Фідэрам.

Самыя рамантычныя мары містэра Фідэра ажыццявіліся. Доктар вырашыў пакрасіць дом знадворку, адрамантаваць яго ўноў, перадаць установу разам з Карнеліяй у другія рукі. Пакраска і рамонт пачаліся адразу-ж пасля ад'езду маладых джэнтльменаў, і вось прышоў ужо дзень вяселля, і Карнелія ў новых акулярах чакала, каб яе павялі да алтара Гіменея[1].

Доктар, місіс Блімбер у бэзавым чапцы, містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, з доўгімі пальцамі і са шчаціннем на галаве, і брат містэра Фідэра, прападобны Альфрэд Фідэр, магістар мастацтваў, які павінен быў утварыць абрад, сабраліся ў гасцінай, і Карнелія з флер-д'оранжам[2] і шаферкамі толькі што спусціліся ўніз, як раптам расчыніліся дзверы і падслепаваты малады чалавек гучным голасам абвясціў:

Містэр і місіс Тутс!

Пасля чаго ўвайшоў містэр Тутс, які надта растаўсцеў, і пад руку з ім лэдзі з вельмі бліскучымі чорнымі вачыма, апранутая надта элегантна і з густам.

— Місіс Блімбер, — сказаў містэр Тутс, — дазвольце прадставіць вам маю жонку.

Місіс Блімбер была вельмі рада пазнаёміцца з ёю.

— І з прычыны таго, што вы мяне даўно ведаеце, — сказаў містэр Тутс, — то дазвольце вам паведаміць, што гэта адна з самых выдатных жанчын.

— Дарагі мой! — запратэставала місіс Тутс.

— Клянуся гонарам, гэта так, — сказаў містэр Тутс. — Я… я запэўняю вас, місіс Блімбер, што яна — надзвычайная жанчына.

Місіс Тутс весела засмяялася, і місіс Блімбер павяла яе да Карнеліі. Містэр Тутс пайшоў з містэрам Фідэрам, бакалаўрам мастацтваў, у нішу ля акна.

— Ну, старына! — смеючыся, усклікнуў містэр Фідэр. — Здорава! Сказана і зроблена. Праўда?

— Фідэр, — адказаў містэр Тутс, — віншую вас. Калі вы… вы… будзеце таксама шчаслівым у жанатым жыцці, як шчаслівы я, то больш вам нічога не астаецца жадаць.

— Я, ведаеце, не забываюся пра маіх старых сяброў, — сказаў містэр Фідэр. — Я запрашаю на маё вяселле.

— Фідэр, — сур'ёзна адказаў містэр Тутс, — справа ў тым, што розныя акалічнасці перашкодзілі мне напісаць вам раней, чым шлюб быў узяты. Наша вяселле прайшло надта ціха; на ім прысутнічаў толькі адзін наш сябра, мой і місіс Тутс, капітан, які служыць у… я добра не ведаю, дзе іменна, — сказаў містэр Тутс, — але гэта не мае ніякага значэння. Спадзяюся, Фідэр, што, напісаўшы вам аб здарыўшайся падзеі перад ад'ездам маім і місіс Тутс за граніцу, я выканаў абавязак дружбы.

— Тутс, прыяцель, — сказаў містэр Фідэр, паціскаючы яму руку, — я пажартаваў.

— А цяпер, Фідэр, — сказаў містэр Тутс, — мне хацелася-б даведацца пра вашу думку аб заключаным мною саюзе.

— Ухваляю! — адказаў містэр Фідэр.

— Значыцца, вы ўхваляеце, праўда, Фідэр? — урачыста праказаў містэр Тутс. — А падумайце, як я павінен яе ўхваляць! Вам-жа ніколі не даведацца, якая гэта дзівосная жанчына.

Містэр Фідэр ахвотна палічыў яе такою. Але містэр Тутс паківаў галавою і паўтарыў, што ён гэтага ведаць не можа.

— Бачыце, — сказаў Тутс, — у жонцы мне патрэбен быў розум. Грошы, Фідэр, у мяне былі. Розуму… розуму па сутнасці ў мяне не было.

Містэр Фідэр прамармытаў:

— О, не, розум у вас быў, Тутс!

Але містэр Тутс сказаў:

— Не, Фідэр, не было. Навошта мне гэта таіць? Не было. А там, — сказаў містэр Тутс, паказваючы рукою ў той бок, дзе сядзела яго жонка, — розуму хоць адбаўляй. Мае сваякі не сталі-б пярэчыць або абурацца з прычыны няроўнасці становішча, бо ў мяне ніякіх сваякоў няма. У мяне ніколі нікога не было, апрача апякуна, а яго, Фідэр,я заўсёды лічыў піратам і корсарам. Значыцца, — сказаў містэр Тутс, — да яго-б я не звярнуўся па параду.

— Вядома, — сказаў містэр Фідэр.

— Такім чынам, я зрабіў па-свойму, — заключыў містэр Тутс. — Бласлаўлёны той дзень, калі я гэта зрабіў! Фідэр! Ніхто, апрача мяне, не ведае, які вялікі розум у гэтай жанчыны. С'юзен, дарагая мая, — сказаў містэр Тутс, нечакана выглянуўшы з-за фіранкі, — калі ласка, не стамляйцеся!

— Дарагі мой, — сказала місіс Тутс, — я толькі размаўляю.

— Але, любачка, прашу вас не стамляцца, — сказаў містэр Тутс. — Дапраўды, вы павінны шанаваць сябе. Не стамляйцеся, дарагая мая С'юзен. Яна можа зараз-жа ўсхвалявацца, — звярнуўся містэр Тутс да місіс Блімбер, — і тады яна зусім забывае пра парады доктара.

Місіс Блімбер унушала місіс Тутс неабходнасць асцерагацца, калі містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, прапанаваў ёй руку і павёў да карэты, каб ехаць у царкву. Доктар Блімбер прапанаваў руку місіс Тутс. Містэр Тутс прапанаваў руку цудоўнай нявесце, вакол ззяючых акуляраў якой ляталі, як матылькі, дзве шаферкі ў газавых сукенках. Брат містэра Фідэра, містэр Альфрэд Фідэр, магістр мастацтваў, паехаў у царкву раней, каб прыступіць да выканання сваіх абавязкаў.

Цырамонія прайшла надзвычай добра. Пасля для той-жа маленькай кампаніі было сервіравана снеданне, у часе якога ў містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў, быў надзвычай добры настрой, які перадаваўся місіс Тутс, і містэр Тутс некалькі разоў гаварыў ёй праз стол: «Дарагая мая С'юзен, не стамляйцеся!» Але найбольш выдатным момантам была прамова містэра Тутса.

— У гэтым доме… — сказаў містэр Тутс, — што-б тут было зроблена для… для засмучэння майго розуму… усё гэта не мае ніякага значэння, і я нікога ў гэтым не вінавачу… у гэтым доме са мною заўсёды абыходзіліся як з членам сям'і доктара Блімбера, і ў мяне на працягу доўгага часу быў свой уласны пюпітр, і я… не магу… дапусціць… каб мой сябра Фідэр.

Місіс Тутс падсказала: «Жаніўся».

— Магчыма, у даным выпадку, — сказаў містэр Тутс з прасвятлеўшай фізіяноміяй, — будзе да вядомай ступені да месца і цікава адзначыць, што мая жонка — самая дзівосная жанчына і з гэтай прамовай яна-б справілася значна лепш, чым я… дапусціць, каб мой сябра Фідэр жаніўся, у асаблівасці жаніўся з…

Місіс Тутс падказала: «З міс Блімбер».

— З місіс Фідэр, любачка! — панізіўшы голас, запярэчыў ёй містэр Тутс. — Я не магу дапусціць, каб мой сябра Фідэр жаніўся… з місіс Фідэр, без таго, каб не агаласіць за іх… за іх тост. І няхай, — прадаўжаў містэр Тутс, накіраваўшы позірк на сваю жонку, нібы з мэтай натхніцца і залунаць, — і няхай факел Гіменея будзе для іх маяком шчасця, і няхай кветкі, якімі мы ўсыпалі сёння іх шлях, будуць… гнаць… смутак!

Містэр Блімбер, які любіў надта метафары, астаўся здаволены і заўважыў: «Надта добра, Тутс! Цудоўна сказана, Тутс!», пасля кіўнуў галавой і пацёр рукі. Містэр Фідэр праказаў у адказ юмарыстычную фразу, аднак, прасякнутую пачуццём.

Містэр і місіс Тутс накіраваліся ў гасцініцу Бедфорда (місіс Тутс бывала яшчэ там у тыя часы, калі насіла дзявочае прозвішча Ніпер) і знайшлі там пісьмо, якое містэр Тутс чытаў бясконца доўга, і місіс Тутс спалохалася.

— Дарагая мая С'юзен, — сказаў містэр Тутс, — спалох яшчэ горш, чым стомленасць. Супакойцеся, калі ласка!

— Ад каго гэта пісьмо? — запыталася місіс Тутс.

— Любачка, — сказаў містэр Тутс, — гэта ад капітана Джылса. Не хвалюйцеся. У хуткім часе чакаюць звароту Уолтэрса і міс Домбі.

— Дарагі мой, — сказала місіс Тутс, надта пабляднеўшы і ўсхапіўшыся з канапы, — не спрабуйце ашукаць мяне, бо гэта ўсёроўна ні да чаго не прывядзе! Яны прыехалі, я гэта бачу па вашым твары!

— Якая дзівосная жанчына! — усклікнуў містэр Тутс у надзвычайным захапленні. — Ваша праўда, любачка, яны прыехалі дадому. Міс Домбі бачыла свайго бацьку, яны памірыліся.

— Памірыліся! — закрычала місіс Тутс, заляскаўшы ў далоні.

— Дарагая мая, — сказаў містэр Тутс, — калі ласка, не стамляйцеся. Памятайце пра парады доктара! Капітан Джылс піша — уласна кажучы, ён гэтага не піша, але, здаецца іменна гэта ён мае на ўвазе, — піша, што міс Домбі перавезла няшчаснага свайго бацьку з яго старога дома туды, дзе яна жыве цяпер з Уолтэрсам; што ён надта хворы, амаль што пры смерці, а яна і ўдзень і ўначы даглядае яго.

Місіс Тутс горка заплакала.

— Любая мая С'юзен, — сказаў містэр Тутс, — вельмі, вельмі прашу вас, памятайце, паколькі гэта для вас магчыма, парады доктара! Калі не можаце — гэта не мае ніякага значэння, але вы ўсё-такі пастарайцеся!

Яго жонка, раптам ператварыўшыся ў ранейшую С'юзен, так чулліва ўпрашала яго адвезці яе да ненагляднай яе любачкі, да маленькай яе гаспадыні, да яе любіміцы і іншае, і іншае, што містэр Тутс, поўны глыбокага спачування і захаплення, ад усёй душы згадзіўся; і яны вырашылі ехаць зараз-жа і з'явіцца перад капітанам у адказ на яго пісьмо.

У той дзень капітан (да якога збіраліся ехаць містэр і місіс Тутс) і сам прыняў удзел у надзвычайным сямейным святкаванні не ў якасці галоўнай дзейнай асобы, але як асоба другарадная. Гэта здарылася зусім выпадкова і наступным чынам.

Капітан, з бязмежным захапленнем паглядзеў на Фларэнс і яе малютку і ў ахвоту паталкаваўшы з Уолтэрам, вышаў прагуляцца, мяркуючы, што варта падумаць у самотнасці аб зменлівасці лёсу чалавека і задумліва паківаць глянцавітым капелюшом, журачыся аб містэры Домбі, якому ён, з прычыны свайго велікадушша і дабраты, надта спачуваў. Так, капітана мог апанаваць смутак пры думцы аб гэтым няшчасным джэнтльмене, калі-б не ўспамінаў аб маленькім. Але як толькі лез у галаву гэты ўспамінак, ён так узрушваўся, што, ідучы па вуліцы, пачынаў моцна смяяцца і, вельмі радуючыся, падкідаў угору і лавіў свой глянцавіты капялюш на вялікае здзіўленне прахожых. Ён вырашыў прагуляцца ў ваколіцах свайго ранейшага пражывання, дзе жылі майстры, што выраблялі мачты, вёслы і блокі, пекары, якія пастаўлялі карабельныя сухары, грузчыкі вугалю, матросы; там можна было ўбачыць смаляныя катлы, каналы, докі, развадныя масты і да таго падобныя супакаяльна дзейнічаючыя прадметы.

Гэты ціхі пейзаж так уціхамірліва падзейнічаў на капітана, што ён супакоіўся і нават цешыў сябе, напяваючы баладу пра «Красуню Пег», як, раптам, завярнуўшы за рог, аслупянеў і страціў здольнасць гаварыць, убачыўшы ўрачыстую працэсію, якая ішла насустрач.

На чале застрашальнай калоны ішла гэта энергічная асоба, місіс Мак-Стынджэр! Захоўваючы той самы непахісна рашучы выгляд і выстаўляючы напаказ красуючыяся на непахісных яе грудзях гадзіннік з брэлокамі, які капітан адразу прызнаў уласнасцю Бансбі, яна ішла пад руку не з кім іншым, як з гэтым празорлівым мараком. За імі ішлі натоўпам абрадаваныя юныя Мак-Стынджэры. За імі ішлі дзве лэдзі, якія мелі грозны і непахісны выгляд і суправаджалі нізкарослага джэнтльмена ў цыліндры і таксама абрадаваныя. У кільватэры[3] быў юнга Бансбі, нагружаны парасонікамі.

Першай думкай капітана было ўцячы. Як відаць, такая-ж была і першая думка Бансбі, якой ні безнадзейнай здавалася гэта спроба. Але, калі кампанія сустрэла капітана прывітальнымі воклічамі, а Александр Мак-Стынджэр кінуўся да яго з распасцёртымі абдымкамі, капітан не зрушыў з месца.

— Капітан Катль! — усклікнула місіс Мак-Стынджэр. — Вось дык сустрэча! Цяпер я на вас не маю злосці. Капітан Катль, не бойцеся, я не буду вас дакараць. Спадзяюся, я пайду да алтара зусім у іншым настроі. — Місіс Мак-Стынджэр змоўкла, выпрасталася і глыбока ўздыхнула, выпучыўшы грудзі, пасля чаго сказала, паказваючы на сваю афяру:

— Гэта мой жаніх, містэр Катль!

Злашчасны Бансбі не пазіраў ні направа, ні налева, ні на сваю нявесту, ні на свайго сябра, але накіраваў позірк уперад, у прастору. Калі капітан працягнуў яму руку, Бансбі ў сваю чаргу працягнуў сваю, але на прывітанне капітана не адказаў ні слова.

— Капітан Катль! — скавала місіс Мак-Стынджэр, — калі вы не супраць скончыць з варожасцю і апошні раз убачыць свайго сябру — майго жаніха — халасцяком, мы будзем рады бачыць вас у капліцы. Вось гэта лэдзі, — сказала місіс Мак-Стынджэр, паварачваючыся да найбольш смелай з двух асоб, — мая шаферка, будзе шчаслівай, калі вы возьмеце яе пад сваю апеку, капітан Катль.

Нізкарослы джэнтльмен у цыліндры, які, відавочна, быў мужам другой лэдзі і відавочна радаваўся таму, што бліжні зніжаны да яго ўзроўню, адступіўся і перадаў лэдзі на апеку капітана Катля. Тая зараз-жа ўчапілася за яго і, заявіўшы, што часу траціць нельга, гучным голасам загадала рушыць уперад.

Капітан шмат разоў спрабаваў пачаць размову з філосафам, хоць-бы пры дапамозе выклічніка або сігнала, але яму гэта не ўдавалася. Так дайшлі яны да капліцы, чысценькага белага будынка, які нядаўна арандаваў прападобны Мельхіседэк.

Пакуль прападобны Мельхіседэк чытаў нейкія імправізаваныя малітвы, капітан, выгадаўшы хвілінку, прабурчэў на вуха жаніху:

— Як маецеся, прыяцель, як маецеся?

На што Бансбі адказаў:

— Надта дрэнна.

— Джэк Бансбі, — прашаптаў капітан, — вы гэта робіце па добрай волі?

Містэр Бансбі адказаў:

— Не.

— Дык навошта-ж гэта рабіць, прыяцель? — задаў капітан досыць натуральнае пытанне.

Бансбі, па-ранейшаму паглядаючы са спакойнай фізіяноміяй у бязмежную далячынь, не даў ніякага адказу.

— Чаму-б не адчаліць? — сказаў капітан.

— Э? — шапнуў Бансбі, убачыўшы пробліск надзеі.

— Чаму-б не адчаліць? — паўтарыў капітан Катль.

— Якая з гэтага карысць? — запярэчыў няшчасны мудрэц. — Яна мяне зноў зловіць.

— Паспрабуйце! — сказаў капітан. — Не падайце духам! Ну! Цяпер зручны момант. Адчальвайце, Джэк Бансбі!

Але замест таго, каб паслухацца гэтай парады, Джэк Бансбі тужліва прашаптаў:

— Усё пачалося з вашага куфра. І навошта-ж толькі я адвёў яе тады вечарам у порт?

— Прыяцель, — запінаючыся сказаў капітан, — я думаў, што вы яе перамаглі, а не яна — вас. Вас, чалавека такога розуму!

Містэр Бансбі глуха застагнаў.

— Хутчэй! — сказаў капітан, падштурхваючы яго локцем. — Цяпер зручны момант! Адчальвайце! Я прыкрыю ваша адступленне. Цяпер самы час уцякаць. Бансбі! Цяпер ці ніколі!

Бансбі не зрабіў гэтага цяпер і не зрабіў гэтага ніколі, бо зараз-жа пасля гэтага місіс Мак-Стынджэр вышла за яго замуж.

Капітану і ў галаву не прыходзіла вярнуцца да старога Соля Джылса, не зайшоўшы папярэдне даведацца, як здароўе містэра Домбі, хоць дом, дзе ляжаў хворы, быў у ваколіцах Лондана, там, дзе пачыналіся лугі.

Калі капітан стамляўся, ён прасіў каго-небудзь падвезці яго і з вялікай прыемнасцю рабіў гэта падарожжа.

Шторы былі спушчаны, і ў доме была такая цішыня, што капітан не адважваўся пастукаць; але, прыслухаўшыся ля дзвярэй, ён пачуў прыглушаныя галасы, ціханька пастукаў і быў упушчаны містэрам Тутсам. Містэр Тутс з жонкай толькі што прыехалі сюды, пабываўшы спачатку ва ўладаннях Мічмана, каб пабачыць капітана, і даведаўшыся там адрас. Але хоць яны і прыехалі зусім нядаўна, місіс Тутс ужо заўладала дзіцем, узяла яго на рукі і, прысеўшы на ступеньку лесвіцы, абдымала яго і ласкала. Фларэнс стаяла тут-жа, нахіліўшыся над ёй.

— А ваш татуля надта хворы, ненаглядная мая міс Флой? — запыталася С'юзен.

— Ён надта, надта хворы, — адказала Фларэнс. — С'юзен, любая, цяпер вы не называеце мяне так, як называлі раней. Але што гэта азначае? — са здзіўленнем запыталася яна, дакрануўшыся да яе плацця. — Ваша ранейшае плацце? Ранейшы капялюшык і локаны, усё па-стараму?

— Дарагая міс Домбі, — выступіўшы наперад, сказаў містэр Тутс, — я растлумачу. Гэта самая дзівосная жанчына. Мала хто можа з ёю зраўняцца! Яна заўсёды казала — казала яшчэ да нашага вяселля і паўтарала да гэтага часу, — што, калі-б вы не вярнуліся, яна прыдзе да вас у тым самым плацці, якое насіла раней, калі служыла ў вас, бо баіцца — раптам яна здасца вам чужой, і вы будзеце менш любіць яе. Я асабіста захапляюся гэтым плаццем, — сказаў містэр Тутс. — Я абажаю яе ў ім! Дарагая міс Домбі, яна зноў будзе вашай пакаёўкай, нянькай, усім, чым была раней. Яна зусім не змянілася. Але, С'юзен, дарагая мая, — сказаў містэр Тутс, які гаварыў з захапленнем і глыбокім пачуццём, — я прашу толькі аднаго: вы павінны памятаць парады доктара і не ператамляцца.

  1. Гіменей (грэч. міф.) — бажаство, апякун шлюбаў.
  2. Флер-д'оранж — штучныя памяранцавыя кветкі, упрыгожанне ўбрання маладой на вяселлі.
  3. Кільватэр — след на вадзе, які пакідае судно.