Перайсці да зместу

Домбі і сын/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LХ, у якім апавядаецца галоўным чынам аб вяселлях Раздзел LХІ. Яна саступае
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел LXII. Заключны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ LXI

Яна саступае.

Фларэнс патрэбна была дапамога. Надзвычай патрэбна была дапамога і яе бацьку, і паслугі старой яе сяброўкі былі вельмі каштоўнымі. Смерць стаяла каля яго пасцелі.

Фларэнс заўсёды была з ім. Звычайна ён яе пазнаваў, але ў блюзненні адсоўваў у мінулае тое, што вакол адбывалася. Іншы раз ён гаварыў так, як быццам яго сын нядаўна памёр, і, хоць, паводле яго запэўненняў, ён ні слова не сказаў аб тым, як яна не адыходзіла ад маленькага ложачка, аднак, ён гэта бачыў — ён гэта бачыў. І ён хаваў твар у падушку, плакаў і працягваў схудзелую руку.

Іншы раз ён пытаўся ў яе: «Дзе Фларэнс?» — «Я тут, тата, тут». «Я не пазнаю яе! — усклікваў ён. — Мы так доўга былі разлучаны, што я не пазнаю яе».

Аднойчы ён запытаўся аб тым, ці не пачуў ён голасу С'юзен.

Фларэнс адказала: «Так, любы тата» і запыталася, ці не хоча ён яе бачыць.

Ён сказаў: «Вельмі хачу». І С'юзен, не без трывогі, падышла да яго ложка.

Здавалася, гэта зрабіла яму вялікую палёгку. Ён прасіў яе не адыходзіць; дараваў ёй за ўсё, што яна калі-небудзь яму гаварыла; няхай яна тут астанецца. Цяпер у яго з Фларэнс зусім іншыя адносіны, — сказаў ён, — і яны надта шчаслівыя. Няхай яна паглядзіць! Ён прыцягнуў да сябе пакорлівую галоўку і прымусіў яе апусціцца на сваю падушку.

У такім стане ён быў на працягу многіх дзён і тыдняў. Нарэшце, ён зрабіўся спакайнейшым, ляжаў у пасцелі — мізэрны цень чалавека — і гаварыў так ціха, што, толькі нахіліўшыся да самых яго губ, можна было пачуць яго. Цяпер яму было надта прыемна ляжаць ля адчыненага акна, пазіраць на летняе неба і дрэвы, а вечарамі — на заходзячае сонца.

Цяпер ён непакоіўся часамі аб тым, што Фларэнс стомлена, і часта ён перамагаў сваю слабасць, каб прашаптаць, звяртаючыся да дачкі: «Пайдзіце пагуляйце, дарагая мая, падыхайце свежым паветрам. Пайдзіце да свайго слаўнага мужа!» Аднойчы, калі ў яго ў пакоі быў Уолтэр, ён паклікаў яго да сябе, папрасіў нагнуцца і, паціскаючы яму руку, прашаптаў, што, паміраючы, ён можа даверыць Уолтэру сваю дачку, — ён гэта ведае.

Аднойчы вечарам, перад заходам сонца, калі Фларэнс з Уолтэрам сядзелі ў яго ў пакоі — ён любіў бачыць іх разам, — Фларэнс, трымаючы на руках свайго маленькага, паціхеньку пачала спяваць яму тую старую песеньку, якую так часта спявала памёршаму хлопчыку. Містэр Домбі не мог гэта вытрымаць; ён падняў дрыжачую руку, упрашваючы яе не спяваць, але ў наступны дзень ён папрасіў яе праспяваць гэту песню і з таго часу, вечарамі, часта паўтараў гэту просьбу; і яна спявала. Ён слухаў, адвярнуўшыся ад яе.

Неяк раз Фларэнс сядзела ля акна ў яго пакоі. Ён задрамаў. Быў цудоўны вечар, яшчэ гадзіны дзве аставалася да змроку, і цішыня навеяла на Фларэнс глыбокую задуменнасць. На хвіліну яна была ў забыцці, успамінаючы той дзень, калі чалавек, які ляжаў цяпер тут так змяніўшыся, пазнаёміў яе з прыгожай яе мамай. Яна ўздрыганулася, калі Уолтэр, абапёршыся локцямі на спінку яе крэсла, дакрануўся да яе пляча.

— Дарагая мая, — сказаў Уолтэр, — унізе вас чакае адзін джэнтльмен, які хацеў-бы з вамі пагаварыць.

Ёй здавалася, што ў Уолтэра надта сур'ёзны твар, і яна запыталася, ці не здарылася што-небудзь.

— Не, не, дарагая! — сказаў Уолтэр. — Я бачыў гэтага джэнтльмена і пагаварыў з ім. Вы пойдзеце да яго?

Фларэнс узяла яго пад руку, пакінуўшы бацьку на апеку чарнавокай місіс Тутс, спусцілася ўніз разам з мужам. Ва ўтульнай маленькай гасцінай, якая выходзіла вокнамі ў сад, сядзеў джэнтльмен, які, убачыўшы ўвайшоўшую Фларэнс, устаў, каб пайсці ёй насустрач, але, падначальваючыся своеасаблівай будове ног, звярнуў убок і паляцеў на стол.

Тады Фларэнс успомніла стрыечнага брата Фінікса, якога спачатку не пазнала, бо дрэвы перад вокнамі зацямнялі яго. Стрыечны брат Фінікс паціснуў ёй руку і павіншаваў са шлюбам.

— Я гаварыў майму сябру містэру Гэю, калі ён дазволіць мне называць яго гэтым імем, — сказаў стрыечны брат Фінікс, — з якою радасцю я даведаўся аб выздараўленні майго сябра Домбі. Спадзяюся, мой сябра Домбі не дапусціць, каб страта маёмасці падзейнічала на яго так цяжка. Не магу сказаць, каб мне самому здарылася страціць вялікую маёмасць: вялікай маёмасці ў мяне, уласна кажучы, ніколі не было. Але тое, што я мог страціць, я страціў, і не заўважаю, каб мяне гэта надта непакоіла. Мой сябра Домбі надзвычай сумленны чалавек — такая агульная думка, і, спадзяюся, яму вельмі ўцешліва будзе аб гэтым даведацца.

Фларэнс адчула, што пасля гэтага павінна быць яшчэ нейкае паведамленне, і з нецярплівасцю чакала яго. Стрыечны брат Фінікс сказаў, нібы адказваючы на пытанне:

— Справа ў тым, што мы з маім сябрам Гэем разважалі аб тым, ці прыстойна будзе прасіць вас аб адной ласцы, і мой сябра Гэй, які з надзвычайнай шчырасцю пайшоў мне насустрач, за што я яму вельмі дзякую, дазволіў мне звярнуцца да вас з гэтай просьбай.

Хвалюючыся ўсё больш і больш, Фларэнс перавяла позірк з яго на Уолтэра.

— Дапраўды, дарагая мая, нічога дрэннага не здарылася, — сказаў Уолтэр.

— Клянуся, нічога дрэннага не здарылася, — пацвердзіў стрыечны брат Фінікс, — і я вельмі засмучаны тым, што выклікаў у вас хоць-бы на хвіліну трывогу. Адважуся вас запэўніць, нічога дрэннага не здарылася. Ласка, аб якой я хачу вас прасць, заключаецца ўсяго толькі ў тым… але, дапраўды-ж, гэта здаецца такім незвычайным, што я быў-бы бясконца ўдзячан майму сябру Гэю, калі-б ён патурбаваўся зламаць… уласна кажучы, зламаць лёд.

Пачуўшы такую просьбу, а таксама бачачы павернуты да яго ўпрашальны позірк Фларэнс, Уолтэр сказаў:

— Дарагая мая, справа надта простая: ці не паедзеце вы ў Лондан з гэтым джэнтльменам, якога вы ведаеце?

— Прашу прабачэння, і з маім сябрам Гэем! — перапыніў стрыечны брат Фінікс.

— І са мною. Наведаць адну асобу.

— Каго? — запыталася Фларэнс, пераводзячы позірк з аднаго на другога.

— Калі-б мне дазволена было прасіць, каб вы не патрабавалі адказу на гэта пытанне, — сказаў стрыечны брат Фінікс, — я ўзяў-бы на сябе смеласць звярнуцца да вас з такой просьбай.

— А вы ведаеце, Уолтэр? — запыталася Фларэнс.

— Так.

— І лічыце, што я павінна ехаць?

— Так. Я ўпэўнен, што такая была-б і ваша думка. Хоць па некаторых прычынах, мне добра зразумелых, бадай, лепш цяпер нічога больш не гаварыць.

— Калі тата яшчэ спіць або калі ён прачнуўся, але можа абыйсціся без мяне, я зараз-жа паеду, — сказала Фларэнс.

Спакойна падняўшыся і кінуўшы на іх злёгку ўстрывожаны, але даверлівы позірк, яна вышла з пакоя.

Калі яна вярнулася, каб ехаць з імі, яны размаўлялі аб нечым ля акна, і Фларэнс магла толькі дзівіцца, што іменна штурхнула іх так блізка пазнаёміцца за такі кароткі тэрмін.

— Я пакіну майму сябру Домбі сваю візітную картку, — сказаў стрыечны брат Фінікс, — ад усёй душы спадзяючыся, што з кожнай гадзінай да яго будуць варочацца здароўе і сілы. І спадзяюся, мой сябра Домбі зробіць мне гонар лічыць мяне чалавекам, які, уласна кажучы, надзвычай зачароўваецца той рэпутацыяй, якой ён карыстаецца як брытанскі купец і надзвычай прыстойны чалавек. Маё памесце прышло ў поўны заняпад, але калі майму сябру Домбі патрэбна будзе перамяніць клімат і ён захоча пасяліцца там, ён убачыць, што гэта ў вышэйшай ступені здаровая мясцовасць, — ды інакш і быць не можа, бо сум там нясцерпны.

Кажучы гэта, стрыечны брат Фінікс відавочна нерваваўся і трывожыўся. Пасля, прапанаваўшы руку Фларэнс і як было сілы стрымліваючы ў паслухмянасці свае непакорныя ногі, якія, здавалася, цвёрда вырашылі ісці ў сад, ён павёў яе да дзвярэй і пасадзіў у карэту, якая чакала ля пад'езда.

Затым у карэту сеў Уолтэр, і яны адразу-ж рушылі ў дарогу.

Праехалі яны міль шэсць або восем. Калі карэта спынілася, нарэшце, на Брук-стрыт, перад тым самым домам, дзе было адсвяткавана злашчаснае вяселле містэра Домбі, Фларэнс запыталася:

— Уолтэр, што-ж гэта азначае? Каго я тут убачу?

Калі Уолтэр супакоіў яе, але нічога не адказаў, яна зірнула на фасад дома і ўбачыла, што ўсе вокны зачынены, як быццам у доме ніхто не жыў. Стрыечны брат Фінікс ужо вышаў з карэты і прапанаваў ёй руку.

— Хіба вы не пойдзеце са мною, Уолтэр?

— Не, я астануся тут. Не дрыжыце так, дарагая Фларэнс! Вам няма чаго баяцца.

— Я гэта ведаю, Уолтэр, калі вы тут, так блізка ад мяне. Я ў гэтым упэўнена, але…

Дзверы ціха адчыніліся, хоць ніхто не стукаў, і Фларэнс з стрыечным братам Фініксам, якая толькі што ўдыхала летняе вячэрняе паветра, увайшла ў душчы нудны дом. Больш пануры і хмурны, чым калі-б там ні было, ён, здавалася, стаяў замкнутым з дня вяселля і з таго часу збіраў у сваіх сценах смутак і змрок.

Фларэнс з трывогай паднялася па цёмнай лесвіцы і спынілася разам са сваім правадніком ля дзвярэй у гасціную. Моўчкі ён адчыніў дзверы і жэстам папрасіў яе прайсці ў наступны пакой, у той час як сам ён хацеў астацца тут. Пасля хвіліннай нерашучасці Фларэнс зайшла.

За сталом ля акна сядзела лэдзі, якая, здавалася, штосьці пісала або малявала; павярнуўшыся тварам да патухаючага дзённага святла, яна падтрымлівала галаву рукой. Фларэнс, нерашуча ступіўшы некалькі крокаў, раптам застыла на месцы, нібы страціўшы здольнасць хадзіць. Лэдзі азірнулася.

— Божа мой! — закрычала яна. — Што-ж гэта азначае?

— Не, не! — усклікнула Фларэнс, адхіснуўшыся, калі тая ўстала, і выцягнуўшы перад сабою рукі, каб адхіліць яе. — Мама!

Яны стаялі і пазіралі адна на адну. Твары абоіх выказвалі здзіўленне і страх; абедзве, такія нерухомыя і маўклівыя, пазіралі адна на адну, раздзеленыя чорным бяздоннем незабыўнага мінулага.

Фларэнс першая парушыла маўчанне. Расплакаўшыся, яна ўсклікнула, узрушаная да глыбіні душы:

— О, мама, мама! — Навошта нам давялося сустрэцца вось так? Навошта вы былі такой добрай да мяне, калі больш нікога ў мяне не было, калі нам мелася быць вось такая сустрэча?

Эдзіт стаяла перад ёй маўклівая і нерухомая. Яна не спускала з яе вачэй.

— Я не адважваюся аб гэтым думаць, — сказала Фларэнс. — Я толькі што была з татам. Ён хворы. Цяпер мы ніколі не расстаёмся; больш мы ніколі не расстанемся. Калі вы хочаце, каб я папрасіла яго дараваць вам, я гэта зраблю, мама. Я амаль упэўнена, што цяпер ён даруе, калі я яго папрашу.

Тая не адказала ні слова.

— Уолтэр. — Я вышла за яго замуж, і ў нас нарадзіўся сын, — нясмела прадаўжала Фларэнс, — Уолтэр тут, ля пад'езда, ён прывёз мяне сюды. Я скажу яму, што вы раскайваецеся, што вы сталі іншай, — Фларэнс са смуткам паглядзела на яе. — Я ведаю, ён разам са мною будзе прасіць тату. Што-ж яшчэ я магу зрабіць? Я адхіснулася ад вас, мама, — ціхамірна сказала Фларэнс, падыходзячы бліжэй, — я адхіснулася не з-за баязні, і я не лічу, што вы можаце мяне запляміць. Я хачу толькі выканаць свой абавязак у адносінах да таты. Я яму надта дорага, і ён мне надта дораг. Але мне ніколі не забыцца, якой вы былі добрай да мяне! — усклікнула Фларэнс, кідаючыся ў яе абдымкі.

Эдзіт, нібы зламаная гэтымі абдымкамі, упала на калені і абвіла рукамі яе шыю.

— Фларэнс! — ускрыкнула яна. — Перш чым мною зноў заўладае шаленства, перш чым вернецца мая ўпартасць і ўразіць мяне нематою, верце мне — я не вінавата.

— Мама!

— Вінавата шмат у чым! Вінавата ў сляпой і страснай нянавісці! У гэтым нават цяпер я не раскайваюся, не магу і не хачу раскайвацца! Але я не саграшыла з тым — памёршым!

Усё яшчэ не падымаючыся з кален, яна падняла абедзве рукі і дала клятву ў гэтым.

— Нішто на свеце, усклікнула яна, — не магло вырваць у мяне прызнанне ў тым, што я не вінавата! Ні любоў, ні нянавісць, ні пагрозы! Я сказала, што хутчэй памру, але не скажу ні слова. Я магла гэта зрабіць, і я гэта зрабіла-б, калі-б мы з вамі не сустрэліся, Фларэнс!

— Спадзяюся, — пачуўся голас стрыечнага брата Фінікса, які з'явіўся ў дзвярах і пачаў таптацца на парозе, — спадзяюся, мая цудоўная і бездакорная сваячка прабачыць мне, што я, ужыўшы маленькую хітрасць, наладзіў гэтае спатканне. Не буду сцвярджаць, што нібы раней мне не прыходзіла ў галаву, што мая цудоўная і бездакорная сваячка мела няшчасце зганьбіць сябе сувяззю з гэтым чалавекам з белымі зубамі, цяпер нябожчыкам. Але я не мог прызнаць вінаватасці маёй цудоўнай і бездакорнай сваячкі, пакуль злачынства яе не будзе канчаткова даказана. Калі-ж гэтага чалавека, цяпер нябожчыка, пасягнула надта жахлівая смерць, я зразумеў, што яе становішча павінна быць вельмі цяжкім, і ўзяў на сябе смеласць знайсці яе ў Францыі і прапанаваць дапамогу, паколькі можа дапамагчы чалавек, які не мае амаль ніякіх сродкаў. Таму мая цудоўная і бездакорная сваячка зрабіла мне гонар, заявіўшы, што, на яе думку, я — чартоўскі слаўны хлапец і таму яна прымае маё падтрыманне.

Эдзіт, пасадзіўшы Фларэнс на канапу, махнула рукою, нібы прасіла яго нічога больш не гаварыць.

— Мая цудоўная і бездакорная сваячка, — прадаўжаў стрыечны брат Фінікс, — прабачыць мне, калі дзеля яе шчасця, і дзеля сябе самога, і дзеля майго сябра Домбі, чыя цудоўная і бездакорная дачка прыводзіць нас у такое захапленне, я дагавару да канца. Няхай яна прыпомніць, што з самага пачатку мы з ёй ніколі не ўспаміналі пра яе ўцёкі. Мая думка заўсёды была такая, што тут ёсць нейкая таямніца, якую яна, пры жаданні, магла-б асвятліць. Але з прычыны таго, што мая цудоўная і бездакорная сваячка — жанчына вельмі рашучая, я ведаў, што з ёй, уласна кажучы, жарты дрэнныя, а таму і ўнікаў розных спрэчак. Аднак, не так даўно я знайшоў уразлівае месца — пяшчотную прывязчывасць да дачкі майго сябра Домбі, — і тады я зразумеў, што, калі мне ўдасца наладзіць спатканне, нечаканае для абодвух бакоў, яно можа павесці да добрадзейных вынікаў.

Пасля гэтага ногі стрыечнага брата Фінікса згадзіліся яго вывесці. Пакінуўшы Эдзіт адну з Фларэнс, ён прычыніў за сабою дзверы.

Эдзіт, якая сядзела каля Фларэнс, некалькі хвілін маўчала. Пасля яна выняла з-за карсажа невялікі пакет.

— Я доўга змагалася сама з сабою, — ціха сказала яна, — ці патрэбна гэта запісаць на выпадак раптоўнай смерці або якой-небудзь катастрофы, але я адчувала ў гэтым патрэбу. З таго часу я думала аб тым, калі і як знішчыць гэту паперу. Вазьміце яе, Фларэнс. Тут напісана чыстая праўда.

— Перадаць тату? — запыталася Фларэнс.

— Каму хочаце, — адказала Эдзіт. — Яна дадзена вам і атрымана вамі. Ён ніколі не мог-бы атрымаць яе з іншых рук.

І зноў яны сядзелі моўчкі ў гусцеючым змроку.

— Мама, — сказала Фларэнс, — ён страціў усю сваю маёмасць. Ён быў пры смерці. Небяспека і цяпер яшчэ не прайшла. Ці магу я перадаць яму што-колечы ад вас?

— Вы мне сказалі, што цяпер вы яму надта дорагі? — запыталася Эдзіт.

— Так! — дрыготкім голасам адказала Фларэнс.

— Скажыце яму — я шкадую аб тым, што нам выпала сустрэцца.

— Больш нічога? — запыталася Фларэнс пасля нядоўгага маўчання.

— Калі ён запытаецца, скажыце яму: я не раскайваюся ў тым, што зрабіла… яшчэ не раскайваюся… бо калі-б заўтра давялося зноў гэта зрабіць, я гэта зрабіла-б зноў. Але калі ён зрабіўся іншым чалавекам…

Яна запнулася. Фларэнс моўчкі дакранулася да яе рукі, і ў гэтым дотыку было нешта, што прымусіла яе запнуцца.

— … але з прычыны таго, што ён зрабіўся іншым чалавекам, ён ведае, што цяпер гэта ніколі-б не магло здарыцца. Скажыце яму — я хацела-б, каб гэтага ніколі не было.

— Вы жадаеце яму дабра і хацелі-б бачыць яго шчаслівым! Я ў гэтым упэўнена! — усклікнула Фларэнс. — О, дазвольце мне калі-небудзь, калі выпадзе зручны момант, перадаць яму гэта!

Цёмныя вочы Эдзіт пільна глядзелі ў прастору, і яна нічога не адказала, пакуль Фларэнс не паўтарыла сваёй просьбы; тады Эдзіт прасунула яе руку пад сваю і сказала, не спускаючы задуменнага позірку з акна, за якім згушчалася цемра:

— Скажыце яму, што, калі цяпер у яго будуць падставы ўспамінаць аба мне з меншай горыччу, я прашу яго аб гэтым. Чым больш ён будзе любіць сваю Фларэнс, тым менш ён будзе ненавідзець мяне. Чым больш ён будзе гордым і шчаслівым пазіраючы на яе і на яе дзяцей, тым больш ён будзе раскайвацца, успамінаючы сваю ролю ў гэтым страшным сне — нашым сумесным жыцці. Тады я пастараюся дараваць яму яго віну. Няхай ён пастараецца дараваць мне маю!

— О, мама! — усклікнула Фларэнс. — Цяпер, калі я пачула гэтыя словы, мне значна лягчэй стала на сэрцы, нават не гледзячы на такую сустрэчу і разлуку!

— Так, гэтыя словы гучаць дзіўна і ў маіх вушах, — сказала Эдзіт, — і яны ніколі не зрываліся з маіх вуснаў! А цяпер бывайце, любая мая.

Яна моцна абняла яе і, здавалася, выявіла ёй усю любоў і пяшчотнасць, што накапіліся ў яе жаночай душы.

— Гэты пацалунак перадайце вашаму маленькаму! А гэтыя пацалункі — вам, замест благаслаўлення! Любая, дарагая мая Фларэнс, ненаглядная мая дзяўчынка, бывайце!

— Мы яшчэ сустрэнемся, мама? — усклікнула Фларэнс.

— Ніколі! Ніколі! Калі вы пакінеце мяне тут, у гэтым цёмным пакоі, думайце, што вы пакінулі мяне ў магіле. Памятайце толькі — калісьці я жыла на свеце і любіла вас!

І Фларэнс, не бачачы больш яе твара, але да апошняй хвіліны адчуваючы яе пацалункі і ласкі, рассталася з ёю.

Стрыечны брат Фінікс сустрэў яе ля дзвярэй і правёў у панурую сталовую, і яна, заліваючыся слязмі, схіліла галаву на плячо Уолтэра.