Перайсці да зместу

Домбі і сын/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LI. Містэр Домбі і свецкае грамадства Раздзел LII. Сакрэтныя весткі
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел LIII. Новыя весткі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ LII

Сакрэтныя весткі.

Добрая місіс Браун і яе дачка Эліс моўчкі сядзелі ў сваім пакоі. Было гэта позняй вясной, надыходзіў вечар. Усяго некалькі дзён прайшло з таго часу, як містэр Домбі сказаў маёру Бегстоку пра дзіўныя весткі, дзіўным шляхам атрыманыя, якія маглі быць фальшывымі і маглі быць правільнымі, і свецкае грамадства яшчэ не атрымала задавальнення.

Маці і дачка доўга сядзелі, не гаворачы ні слова, амаль не варушачыся. У старой твар хітры, заклапочаны і насцярожаны, у дачкі — таксама насцярожаны, але ў меньшай ступені, і іншы раз яго засмучала пачуццё расчаравання і недавер'я.

Іх пакой, бедны і нікчэмны, быў усё-такі не такім брыдкім, як у тыя часы, калі місіс Браун жыла тут адна. Былі зроблены спробы падтрымаць чыстату і парадак, хоць неяк неахайна па- цыганску, так што іх з першага погляду можна было прыпісаць маладой жанчыне. Вячэрнія цені згушчаліся і цямнелі, пакуль гэтыя жанчыны захоўвалі маўклівасць, і, нарэшце, змрок амаль ахутаў пачарнелыя сцены.

Тады Эліс парушыла доўгае маўчанне:

— Можаце не чакаць яго, матуля. Ён не прыдзе сюды.

— Чаму-ж не так! — нецярпліва запярэчыла старая. — Ён прыдзе сюды!

— Пабачым, — сказала Эліс.

— Пабачым яго, — запярэчыла маці.

— У дзень страшнага суда, — сказала дачка.

— Ведаю, вы думаеце, што я здзяцінела! — закаркала старая. — Вось якую пашану і павагу аказвае мне родная дачка, але я разумнейшая, чым вы мяне лічыце. Ён прыдзе! У той дзень, калі я дакранулася на вуліцы да яго паліта, ён азірнуўся і паглядзеў на мяне, нібы на нейкую жабу, але, божа ты мой, калі-б бачылі яго твар, калі я назвала іх імёны і запыталася, ці хоча ён ведаць дзе яны знаходзяцца!

— Ён быў надта злосны? — запыталася дачка, адразу зацікавіўшыся.

— Злосны! Лепш-бы вы сказалі раз'юшаны! Гэта слова больш падыходзіць. Злосны! Ха-ха-ха! Назваць такі твар злосным! — усклікнула старая, пачыкільгаўшы да буфета і запальваючы свечку, якую яна паставіла на стол, пасля чаго яе рот быў асветлен ва усёй яго агіднасці. — Гэтак я і ваш твар магу назваць проста злосным, калі вы думаеце ці гаворыце аб іх.

На самай справе, не такі быў твар у дачкі, калі яна сядзела, як тыгрыца, з загарэўшыміся вачыма.

— Ціха! — урачыста сказала старая. — Я чую крокі. Гэта не такая хада, як у тутэйшых жыхароў, або частых наведвальнікаў. Мы так не ходзім. Мы-б ганарыліся такімі суседзямі! Чуеце вы яго?

— Мне здаецца, ваша праўда, матуля, — ціха адказала Эліс. — Маўчыце! Адчыніце дзверы.

Пакуль яна накідвала шаль і захутвалася ў яго, старая выканала яе загад і, выглянуўшы за дзверы, паклікала і ўпусціла містэра Домбі, які спыніўся, ледзь паспеўшы пераступіць цераз парог, і недаверліва азірнуўся навокал.

— Хто гэта? — запытаўся містэр Домбі, зірнуўшы на яе сажыцельку.

— Гэта мая красуня-дачка, — сказала старая. — Няхай ваша міласць не звяртае на яе ўвагі. Ёй усё вядома.

Цень засмуціў яго твар, і гэта было не менш выразна, чым калі-б ён моцна прастагнаў: «Каму гэта не вядома!», але ён пільна паглядзеў на жанчыну і тая, зусім не маючы намеру яго вітаць, паглядзела на яго.

— Жанчына, — звярнуўся містэр Домбі да старой ведзьмы, якая хіхікала і падміргівала ля яго пляча, а калі ён павярнуўся да яе, цішком паказала на сваю дачку, пацерла рукі і зноў паказала на яе, — жанчына! Думаю, што, прышоўшы сюды, я праяўляю маладушнасць і забываюся аб сваім становішчы, але вам вядома, чаго я прышоў і што вы мне прапанавалі ў той дзень, калі спынілі мяне на вуліцы. Што іменна можаце вы мне паведаміць адносна пытання, якое мяне цікавіць, і як гэта здарылася, што мне добраахвотна ўзяліся даставаць весткі ў такой халупе, — ён пагардліва акінуў позіркам пакой, — калі я дарэмна стараўся іх атрымаць, карыстаючыся сваёй уладай і сродкамі? Не думаю, — прадаўжаў ён, памаўчаўшы і сурова углядаючыся ў яе, — не думаю, каб у вас хапіла дзёрзкасці насміхацца з мяне, або паспрабаваць мяне ашукаць. Але калі ёсць у вас такі намер, лепш вам адмовіцца ад яго з самага пачатку. Са мной не жартуюць, і расплата будзе жорсткая.

— О, горды, строгі джэнтльмен! — захіхікала старая, ківаючы галавой і паціраючы зморшчаныя рукі. — Строгі, строгі, строгі! Але ваша міласць убачыць сваімі вачыма і пачуе сваімі вушамі, не нашымі… А калі вашай міласці пакажуць іх след, вы не адмовіцеся заплаціць за гэта, праўда, шаноўны джэнтльмен?

— Грошы робяць цуды, мне гэта вядома, — адказаў містэр Домбі, відавочна супакоены такім пытаннем. — Дзякуючы ім нечаканыя і малаабяцаючыя сродкі, як у даным выпадку, могуць здабыць каштоўнасць. Добра! За ўсякую атрыманую мною пэўную вестку я заплачу. Але спачатку я павінен атрымаць гэту вестку і вызначыць яе каштоўнасць.

— Вы не ведаеце нічога больш магутнага, чым грошы? — запыталася маладая жанчына, не ўстаючы і не змяняючы позы.

— Думаю, што тут няма нічога больш магутнага, — сказаў містэр Домбі.

— Бачу, што вы павінны ведаць аб нечым больш магутным, — запярэчыла яна. — Ці ведаеце вы лютасць жанчыны?

— Вы дзёрзкая, — сказаў містэр Домбі.

— Не заўсёды, — адказала тая з поўным спакоем.- Цяпер я гавару з вамі для таго, каб вы маглі лепш зразумець нас і паставіцца з большым давер'ем. Лютасць жанчыны тут мала чым адрозніваецца ад лютасці жанчыны ў вашым надзвычайным доме. Я раз'юшаная. Так я жыла шмат гадоў. У мяне такія самыя грунтоўныя падставы быць у лютасці, як і ў вас, і гэта лютасць выклікана тым самым чалавекам.

Ён мімаволі ўздрыгануўся і ў здзіўленні паглядзеў на яе.

— Так, — сказала яна, усміхнуўшыся. — Якая не вялікая, як відаць, адлегласць паміж намі, але гэта так. Якім чынам гэта здарылася — няважна; гэта тычыцца мяне, і я не маю намеру аб гэтым гаварыць. Я хацела-б звесці вас з ім, бо я яго ненавіжу. Маці ў мяне скупая і бедная: яна прадасць усякія весткі, якія ёй удасца атрымаць, прадасць весткі аб чым хочаце і аб кім хочаце за грошы. Бадай, вам варта што-небудзь ёй заплаціць, калі яна дапаможа даведацца пра тое, пра што вы хочаце ведаць. Але я стаўлю перад сабою іншую мэту. Я вам сказала, якая ў мяне мэта, і гэтага для мяне дастаткова, і я не адступлюся ад яе, хоць-бы вы спрачаліся і таргаваліся з маёй маткай з-за шасці пенсаў. Я сказала ўсё. Больш нічога не сарвецца з майго языка, нават калі вы будзеце чакаць тут да рання.

Старая паціхеньку тузянула містэра Домбі за рукаў і шапянула, каб ён не звяртаў на яе ўвагі. Са змучаным выглядам ён паглядзеў на іх абодвух па чарзе і сказаў больш глуха, чым было яму ўласціва:

— Прадаўжайце. Што-ж вы ведаеце?

— О, навошта так спяшаецца, ваша міласць! Мы павінны каго-небудзь пачакаць, — адазвалася старая. — Гэтыя весткі мы павінны атрымаць ад іншай асобы… Выкруціць і вырваць іх у яго.

— Што вы хочаце сказаць? — запытаўся містэр Домбі.

— Цярплівасць! — пракаркала яна, кладучы яму на плячо руку, падобную да лапы з кіпцюрамі. — Цярплівасць! Я да гэтага дабяруся. Ведаю, што дабяруся! Калі ён захоча ўтаіць гэта ад мяне, — сказала Добрая місіс Браун, скручваючы ўсе дзесяць пальцаў, — я ўсё з яго вырву!

Містэр Домбі сачыў за ёй, калі яна зачыкільгала да дзвярэй і паглядзела на вуліцу; пасля позірк яго скіраваўся да яе дачкі, але тая аставалася халоднай, маўклівай і не звяртала на яго ніякай увагі.

— Жанчына, вы мне хочаце сказаць, што яшчэ хтосьці павінен сюды прысці? — запытаўся ён, калі згорбленая місіс Браун вярнулася, ківаючы галавой і мармычучы сабе штосьці пад нос.

— Так, — сказала старая, заглядаючы яму ў твар.

— У яго вы маеце намер выпытаць патрэбныя мне весткі?

— Правільна, — сказала старая, ківаючы галавой.

— Я яго ведаю?

— Якое гэта мае значэнне? — запыталася старая, заліваючыся прарэзлівым смехам. — Ваша міласць яго ведае. Але ён не павінен вас бачыць. Ён спалохаецца і не будзе гаварыць. Вы будзеце стаяць вось за гэтымі дзвярыма і можаце самі меркаваць аб ім. Мы не патрабуем, каб вы нам верылі на слова. Як! Ваша міласць ставіцца падазрона да пакоя, куды вядуць гэтыя дзверы? О, якія недаверлівыя гэтыя багатыя джэнтльмены! Ну, што-ж, загляніце туды.

Містэр Домбі заглянуў, пераканаўся, што гэта пусты мізэрны пакой, і жэстам загадаў ёй паставіць свечку на ранейшае месца.

— Хутка прыдзе гэты чалавек? — запытаўся ён.

— Хутка! — адказала яна. — Ці не хоча ваша міласць прысесці на некалькі хвілін.

Ён нічога не адказаў і пачаў хадзіць узад і ўперад па пакоі, як быццам не ведаў, астацца яму ці пайсці, і нібы дакараў сябе за тое, што прышоў сюды. Але неўзабаве хада яго зрабілася больш маруднай і цяжкой, а твар больш суровым і задуменным, нібы ён зноў успомніў тую мэту, з якою ён прышоў і яна заўладала ўсімі яго думкамі.

Пакуль ён хадзіў узад і ўперад, не падымаючы вачэй, місіс Браун, апусціўшыся на крэсла, з якога ўсхапілася, каб пайсці яму насустрач, зноў пачала прыслухоўвацца. Размераная яго хада або здрадніцкі яе ўзрост да такой ступені прытупілі яе слых, што крокі, што пачуліся з вуліцы, дакрануліся да вушэй яе дачкі на некалькі секунд раней, і, перш чым старая схамянулася, дачка шпарка падняла галаву, каб папярэдзіць матку аб іх набліжэнні. Тады яна ўсхапілася з месца і, прашаптаўшы: «Вось ён!», прымусіла свайго госця спехам заняць назіральны пост і з такой імклівасцю паставіла на стол бутэльку і шклянку, што, калі Роб Тачыльшчык паказаўся ў дзвярах, яна магла адразу павіснуць у яго на шыі.

— Вось ён, мой любы хлопчык! — усклікнула місіс Браун. — Нарэшце! Охо-хо! Вы мне ўсёроўна, што родны сын, Робі!

— Ох, місіс Браун! — запратэставаў Тачыльшчык. — Пакіньце! Няўжо, калі любіш хлапца, патрэбна ціскаць яго і душыць за горла? Будзьце ласкавы, паглядзіце гэту птушыную клетку, якая ў мяне ў руках.

— Пра клетку ён думае больш, чым пра мяне! — закрычала старая, скіраваўшы позірк да столі. — А мне ён даражэй, чым роднай мацеры!

— Ну, дапраўды, я вам вельмі ўдзячны, місіс Браун, — сказаў злашчасны юнак, у вышэйшай ступені прыгнечаны, — але вы такая рэўнівая. Я, нарэшце, і сам вас надта люблю і ўсё іншае, але-ж я не душу вас, праўда, місіс Браун?

Калі ён гаварыў гэтыя словы, выгляд у яго быў такі, як быццам ён зусім не супроць таго, каб гэта зрабіць, калі надыйдзе зручны выпадак.

— І вы яшчэ гаворыце аб птушыных клетках! — хныкаў Тачыльшчык. — Нібы гэта ліха яго ведае якое злачынства! Паглядзіце-ж сюды. Ці вядома вам, каму яна належыць?

— Вашаму гаспадару, любенькі? — усміхаючыся, запыталася старая.

— Зусім правільна! — адказаў Тачыльшчык, ставячы на стол вялікую клетку, акуратна закручаную, і стараючыся развязаць вузел зубамі і рукамі. — Гэта наш папугай, вось што гэта такое.

— Папугай містэра Каркера, Роб?

— Наўжо вы не можаце трымаць язык за зубамі, місіс Браун? — адазваўся раздражнёны Тачыльшчык. — Навошта вы называеце імёны? Няхай мяне возьме ліха, калі яна не можа давесці хлапца да вар'яцтва! — усклікнуў Роб, у роспачы тузаючы сябе абодвума рукамі за валасы.

— Гэта яшчэ што такое! Вы мяне дакараеце, няўдзячны блазнюк! — закрычала місіс Браун, якою апаноўвала шаленства.

— Ды не-ж, місіс Браун, даруй божа, — са слязмі на вачах адказваў Тачыльшчык, — Ну, ці бачыў хто калі-небудзь такую… Ды хіба я не ў захапленні ад вас, місіс Браун?

— Роб, любенькі, сапраўды? Гэта праўда, маё дзіцятка?

Пры гэтых словах місіс Браун зноў схапіла яго ў пяшчотныя абдымкі.

— Ох! — прастагнаў Тачыльшчык. — Вось бяда, калі вам ад такога кахання дыхаць няма чым! Хацеў-бы я, каб яно… Як вы маецеся, місіс Браун?

— Ах, вось ужо тыдзень, як ён сюды не заходзіў! — усклікнула старая, пазіраючы на яго з дакорам.

— Божа-ж мой, місіс Браун, — запярэчыў Тачыльшчык, — я вам сказаў тыдзень таму назад, што прыду сюды сёння вечарам, праўда? Я і прышоў. Як вы чапляецеся! Хацеў-бы я, каб вы былі хоць крышачку больш разважлівай, місіс Браун.

— Выпіце кропельку, Робін, каб супакоіцца, — сказала старая, напоўніўшы з бутэлькі шклянку і працягваючы яму.

— Дзякую вам, місіс Браун, — адказаў Тачыльшчык. — За ваша здароўе. І жадаю вам доўга… і так далей. — Мяркуючы па выразу яго твара, пад гэтым разумеліся зусім не найлепшыя пажаданні. — Вып'ю і за яе здароўе, — дадаў Тачыльшчык, зірнуўшы на Эліс, якая пільна паглядала, — як здавалася яму, — на сцяну за яго спіной, а ў сапраўднасці на містэра Домбі, які стаяў за дзвярыма.

Пасля гэтых двух тостаў, ён асушыў шклянку і паставіў яе на стол.

— Дык што я вам скажу, місіс Браун, — прадаўжаў ён, — пастарайцеся быць цяпер крышачку больш разважлівай. Вы разумееце што-небудзь у птушках і ў іх звычках; я гэта ведаю на сваё няшчасце.

— На сваё няшчасце! — паўтарыла місіс Браун.

— К прыемнасці сваёй, хацеў я сказаць, — паправіўся Тачыльшчык. — Навошта вы перапыняеце хлапца, місіс Браун? Праз вас у мяне ўсё выскачыла з галавы.

— Вы гаварылі аб тым, што я разумею ў птушках, Робі, — падказала старая.

— Ах, так! — падхапіў Тачыльшчык. — Дык вось, я павінен даглядаць гэтага папугая… А з прычыны таго, што сёе-тое прададзена і гаспадарка ў разладзе… а я не хацеў-бы звяртаць на сябе ўвагу, то вось я і прашу вас паглядзець за ім з тыдзень, карміць яго і даць прытулак. Згодны? Калі я ўсёроўна павінен прыходзіць сюды, — з сумнай фізіяноміяй прамовіў задумліва Роб, — то лепш ужо прыходзіць з якой-небудзь мэтай.

— Прыходзіць з якою-небудзь мэтай! — запішчала старая.

— Я хацеў сказаць — не толькі з мэтай наведаць вас, місіс Браун, — запярэчыў маладушны Роб. — Дапраўды, справа не ў тым, што мне патрэбна яшчэ нейкая мэта, місіс Браун. Ад ўсёй душы прашу вас, не пачынайце зноў спачатку.

— Ён мяне не любіць! Ён мяне не любіць так, як я яго люблю! — закрычала місіс Браун, падняўшы кастлявыя рукі. — Але я паклапачуся аб яго птушцы.

— І ведаеце, місіс Браун, добра паклапаціцеся аб ёй, — сказаў Роб, ківаючы галавой. — Калі вы хоць разок пагладзіце яе супроць пер'яў, аб гэтым будзе вядома.

— А! Дык вось які ён зыркі, Роб! — хутка падхапіла місіс Браун.

— Зыркі, місіс Браун! — паўтарыў Роб. — Але нельга аб гэтым гаварыць.

Старая хітра паглядзела на яго, падсунула да яго сваё крэсла і, паглядаючы на папугая, які на яе голас спусціўся са свайго пазалочанага купала, запыталася:

— Вы цяпер без месца, Робі?

Вас гэта не тычыцца, місіс Браун, — коратка адказаў Тачыльшчык.

— Дзіўна, што гаспадар не ўзяў вас з сабою, Роб, — сказала старая ласкавым тонам, але з яшчэ больш злосным выглядам.

Роб, які пазіраў на папугая і перабіраў пальцамі пруткі клеткі, быў так захоплен гэтым заняткам, што нічога не адказаў.

— Робі, дзіця маё!

— Што, місіс Браун? — адазваўся Тачыльшчык.

— Я кажу — дзіўна, што гаспадар не ўзяў вас, любенькі, з сабою.

Вас гэта не датычыцца, місіс Браун, — адказаў Тачыльшчык.

Місіс Браун умомант учапілася правай рукой яму ў валасы, а левай сціснула яму горла і з такой лютасцю ўхапілася за прадмет сваёй пяшчотнай любві, што твар у яго адразу пачаў сінець.

— Місіс Браун! — закрычаў Тачыльшчык. — Пусціце мяне, чуеце? Што вы робіце? Маладая жанчына, на дапамогу! Місіс Бра… Бра…

— Няўдзячнае шчанё! — задыхаючыся, прагаварыла місіс Браун. — Бессаромнае, дзёрзкае шчанё!

— Што-ж гэта такое я зрабіў і чым вас пакрыўдзіў, місіс Браун? — Плаксіва адазваўся Роб. — Хвіліну таму назад вы былі надта прыязнай да мяне.

— Ён мне затыкае рот дзёрзкімі словамі, — сказала старая. — Мне! Толькі таму, што мне захацелася пацікавіцца аб тым, якія чуткі ходзяць пра яго гаспадара і гэту лэдзі, ён адважыўся мне гаварыць дзёрзкасці. Але больш я не буду з вамі размаўляць, мой хлопчык. Ідзіце вон!

— Дапраўды, місіс Браун, — запярэчыў зняслаўлены Тачыльшчык, — я і не заікаўся аб тым, што хачу пайсці. Будзьце ласкавы, місіс Браун, не кажыце гэтага.

— Я зусім ні аб чым не буду гаварыць, — сказала місіс Браун, паварушыўшы сваімі скручанымі пальцамі, пасля чаго той скурчыўся ў кутку, і зрабіўся ў два разы меншым. — Я больш ніводнага слова яму не скажу. Ён — няўдзячны сабака! Я ад яго адракуся. Няхай ён ідзе да ліха! А я напушчу на яго тых, хто не стане трымаць язык за зубамі, я напушчу тых, ад каго ён не адчэпіцца, тых, якія ўвап'юцца ў яго, як п'яўкі, і будуць красціся за ім, як лісы. О, ён іх ведае! Ён ведае і свае старыя гульні і прывычкі. Калі ён забыўся, яны яму хутка напомняць. Няхай ён ідзе вон і няхай паглядзіць, як яму будзе добра служыць свайму гаспадару і захоўваць яго сакрэты, калі гэтыя хлопцы ходзяць за ім следам. Ха-ха-ха! Ён убачыць, што яны зусім не падобны да нас з вамі, Элі, хоць з вамі і са мною ён няшчыры. Няхай ён ідзе вон, няхай ідзе вон!

На невымоўны жах Тачыльшчыка, згорбленая старая пачала хадзіць па кругу дыяметрам у чатыры футы, паўтараючы гэтыя словы, трасучы над галавою кулаком і жуючы губамі.

— Місіс Браун, — залемантаваў Роб, высунуўшыся з свайго кутка, — я ўпэўнен, што, падумаўшы і супакоіўшыся, вы не захочаце забіць хлапца, праўда?

— Маўчыце! — сказала місіс Браун, з гневам прадаўжаючы рушыць па кругу. — Ідзіце вон!

— Місіс Браун, — упрашаў няшчасны Тачыльшчык, — ды я-ж не хацеў… о, трэба-ж было, каб з хлапцом здарылася такая бяда!.. я толькі асцерагаўся балбатаць, як і заўсёды асцерагаюся, бо ён усё можа выведаць. Але мне варта было-б ведаць, што далей гэтага пакоя нічога не пойдзе. Я, дапраўды, вельмі не супроць папляткарыць крыху, місіс Браун, — з няшчасным выглядам дадаў ён. — Калі ласка, кіньце так гаварыць. Ох, ды няўжо-ж вы не закінеце слаўца за няшчаснага? — закрычаў Тачыльшчык, у роспачы звяртаючыся да дачкі.

— Матуля, вы чуеце, што ён гаворыць, — сурова прагаварыла тая, нецярпліва страсянуўшы галавой, — паспрабуйце яшчэ раз, а калі вы зноў пасварыцеся, можаце, калі хочаце, раз на заўсёды расправіцца з ім.

Місіс Браун, як відаць расчуленая гэтым далікатным угаворам, пачала падвываць і, паступова змякчыўшыся, абвіла рукамі раскаяўшагася Тачыльшчыка, які з невымоўна сумнай фізіяноміяй адказаў на абдымкі і з выглядам афяры, якою ён і быў, заняў сваё ранейшае месца каля яе.

— Любенькі мой, ну, як маецца гаспадар? — запыталася місіс Браун.

— Ціха! Будзьце ласкавы, місіс Браун, гаварыце не так моцна, — папрасіў, Роб. — Думаю, што ён здаровы, дзякую вам.

— Дык вы не асталіся без службы, Робі? — ласкава запыталася місіс Браун.

— Бачыце, я, уласна, служу і не служу, — заікаючыся, адказаў Роб. — Я… я ўсё яшчэ атрымліваю пенсію.

— А работы ў вас ніякай няма, Роб?

— Цяпер, па сутнасці, ніякай асаблівай справы няма, місіс Браун. Патрэбна толькі… быць пільным, — сказаў Тачыльшчык, у страху выпучыўшы вочы.

— Гаспадар за граніцай, Роб?

— Ох, божа мой, няўжо вы не можаце пагаварыць з хлапцом аб чым-небудзь іншым? — У парыве роспачы закрычаў Тачыльшчык.

З прычыны таго, што ўспыльчывая місіс Браун адразу-ж устала з крэсла, няшчасны Тачыльшчык прытрымаў яе, прамармытаўшы:

— Т-так, місіс Браун, здаецца, ён за граніцай. Куды гэта яна пазірае? — дадаў ён, маючы на ўвазе дачку, якая скіравала позірк на твар, што зноў выглянуў з-за дзвярэй за яго спіной.

— Не звяртайце на яе ўвагі, мой хлопчык, — сказала старая, мацней чапляючыся за яго, каб перашкодзіць яму азірнуцца. — Такая ўжо ў яе прывычка, такая прывычка. Скажыце-ж мне, Роб, вы бачылі гэтую лэдзі, дарагі мой?

— Ох, місіс Браун, якую лэдзі? — жаласлівым і ўпрашальным голасам закрычаў Тачыльшчык.

— Якую лэдзі? — закрычала тая. — Тую самую лэдзі, місіс Домбі.

— Так, здаецца, адзін раз я бачыў гэту лэдзі, — адказаў Роб.

— У той вечар, Робі, калі яна паехала? — сказала яму на вуха старая, зырка паглядаючы, як змяняецца выраз на яго твары. — Ага! Я ведаю, што гэта было ў той вечар.

— А калі вы ведаеце, што гэта было ў той вечар, місіс Браун, — адазваўся Роб, — то няма чаго вам шчыпцамі вырываць у хлапца гэтыя словы.

— Куды яны паехалі ў той вечар, Роб? Проста за граніцу? Як-жа яны паехалі? Дзе вы яе бачылі? Яна смяялася? Плакала? Раскажыце мне ўсё падрабязна! — крычала старая ведзьма. — Ну! Пачынайце! Я хачу, каб вы мне ўсё расказалі. Роб, мой хлопчык, мы з вамі ўмеем захоўваць тайну, праўда? Так бывала і раней. Куды яны спачатку паехалі, Роб?

Злашчасны Тачыльшчык уздыхнуў і маўчаў.

— Вы што, анямелі? — злосна запыталася старая.

— О, божа мой, не, місіс Браун! Вы думаеце, што хлапец можа быць шустрым, як маланка. Я і сам хацеў-бы зрабіцца электрычным токам, — прамармытаў загнаны ў тупік Тачыльшчык. — Сяму-таму я нанёс-бы такі ўдар, што адразу скончыў-бы з ім.

— Аб чым вы кажаце? — усміхаючыся, запыталася старая.

— Кажу аб сваёй любві да вас, місіс Браун, — адказаў фальшывы Роб, шукаючы пацяшэння ў шклянцы. — Вы пытаецеся, куды яны спачатку паехалі? Яны абое?

— Так! — нецярпліва паўтарыла старая. — Абое.

— Ну, дык яны нікуды не паехалі… Гэта значыць, я хачу сказаць, што разам яны не паехалі, — адказаў Роб.

Старая паглядзела на яго так, як быццам ёй вельмі хацелася зноў учапіцца яму ў валасы і схапіць яго за горла, але яна стрымалася, убачыўшы яго ўпартую і многазначную фізіяномію.

— Вось як гэта было хітра зроблена, — неахвотна прадаўжаў Тачыльшчык, — таму ніхто не бачыў іх ад'езду і не мог-бы сказаць, куды яны паехалі. Яны паехалі ў розныя бакі, вось што я вам скажу, місіс Браун!

— Так, так! Каб сустрэцца ў вызначаным месцы, — захіхікала старая, хвілінку памаўчаўшы і пільна паглядзеўшы яму ў твар.

— Ну, калі-б яны не згаварыліся недзе сустрэцца, то маглі-б, мне здаецца, не ехаць з дому, хіба няпраўда, місіс Браун? — неахвотна адазваўся Роб.

— Ну, а далей, Роб? Ну! — усклікнула старая.

— Як! Ды няўжо мы яшчэ недастаткова аб гэтым пагаварылі, місіс Браун? — запярэчыў Тачыльшчык, які ад крыўды, ад віна і перажытых ім пакут зрабіўся такім слязлівым, што амаль не пры кожным пытанні пачынаў церці абшлагом то адно, то другое вока і ўсхліпваць у знак пратэсту. — Вы пыталіся, ці смяялася яна ў той вечар? Праўда, місіс Браун?

— Ці плакала? — дадала старая, ківаючы ў знак згоды.

— І не смяялася і не плакала, — сказаў Тачыльшчык. — Такой самай спакойнай яна была і тады, калі мы з ёю… ох, бачу, што вы ўсё з мяне выцягнеце, місіс Браун. Але пакляніцеся ўсім святым, што вы нікому гэтага не скажаце!

Місіс Браун ахвотна гэта зрабіла.

— Яна была спакойная, як статуя, калі мы з ёй паехалі ў Саутхемптон, — сказаў Тачыльшчык. — Раніцой яна была якраз такой самай, місіс Браун. І досвіткам, калі яна паехала адна на пакетбоце[1], — я выдаваў сябе за яе слугу і праводзіў яе на борт, — яна была якраз такою-ж самай. Ну, вось, цяпер ужо вы задаволены, місіс Браун?

— Не, Роб. Яшчэ не, — рашуча адрэзала місіс Браун.

— Ох, ну і жанчына! — закрычаў злашчасны Роб, робячы слабую спробу паскардзіцца на сваю бездапаможнасць. — Што-ж вам яшчэ патрэбна ведаць, місіс Браун?

— Што робіць гаспадар? Куды ён паехаў? — запыталася яна.

— Далібог, не ведаю, місіс Браун! — усклікнуў Роб. — Далібог, не ведаю, што ён рабіў, куды паехаў, і наогул нічога пра яго не ведаю! Мне вядома толькі, што на развітанні ён перасцярог мяне, каб я трымаў язык за зубамі. І вось што я вам скажу, па сяброўству, місіс Браун: калі вы паўторыце хоць адно слаўцо з таго, аб чым мы цяпер гаворым, то лепш вам узяць, ды застрэліцца або замкнуцца ў гэтым доме і падпаліць яго, бо ён на ўсё здолен, калі захоча вам адпомсціць.

— Ды я-ж паклялася і не парушу клятвы, — запярэчыла старая.

— Спадзяюся, што не парушыце, — недаверліва і як быццам пагражальна адказаў Роб. — Не парушыце дзеля сябе самой таксама, як і дзеля мяне.

— Роб, — зноў пачала яна самым ліслівым тонам.

— Божа, злітуйся, місіс Браун, ну, што вам яшчэ патрэбна? — адазваўся Тачылышчык, якога апанавала роспач.

— Роб! Дзе гэта лэдзі і ваш гаспадар дамовіліся сустрэцца?

Роб у замяшанні маўчаў, а пасля раптам крыкнуў:

— Ды хіба я змагу выгаварыць назву іншакраінных гарадоў, місіс Браун? Якая вы няўцямная жанчына!

— Але-ж вы чулі гэту назву, Робі, — цвёрда запярэчыла яна, — і ведаеце, як яна гучыць. Ну!

— Я ніколі яе не чуў, місіс Браун, — адказаў Тачыльшчык.

— Значыцца, вы бачылі, як яна пішацца, — хутка сказала старая, — і можаце паўтарыць яе па літарах.

Роб ад смутку ні то засмяяўся, ні то заплакаў, — справа ў тым, што нават церпячы гэта катаванне, ён мімаволі прышоў у захапленне ад праніклівасці місіс Браун, — і, з неахвотай памацаўшы ў кішэні жылета, выцягнуў адтуль кавалачак крэйды. Вочы старой заблішчэлі, калі яна ўбачыла, што ён заціснуў гэты кавалак паміж вялікім і ўказальным пальцам, і яна спяшаючыся ачысціла месца на сасновым стале, каб ён мог напісаць тут гэтае слова.

— Вось што я вам загадзя скажу, місіс Браун, — пачаў Роб: — няварта пытацца яшчэ пра што-небудзь. Больш я ні на адно пытанне не адкажу, бо не магу адказваць. Ці хутка яны павінны сустрэцца і хто з іх прыдумаў, каб паехаць у паасобку — аб гэтым я ведаю не больш, чым вы. Я абсалютна нічога аб гэтым не ведаю. Вы мне паверыце, калі я раскажу, як я даведаўся гэта слова. Расказаць вам, місіс Браун?

— Так, Роб.

— Дык вось, значыцца, місіс Браун, справа была… Але больш вы ні аб чым не будзеце ў мяне пытацца, памятаеце?

— Ні аб чым, — сказала місіс Браун.

— Ну, дык вось як была справа: калі вядомы вам чалавек выходзіў, пакідаючы са мною лэдзі, ён ей сунуў у руку паперку з указаннем дарогі, на выпадак, калі яна забудзецца. Але яна гэтага не баялася, бо, як толькі ён павярнуўся да нас спіной, яна разарвала паперку, а калі я адкідаў ступенькі карэты, вываліўся адзін кавалачак — астатнія яна, напэўна, выкінула з акна, бо я шукаў пасля і нічога не знайшоў. На гэтым кавалачку было напісана толькі адно слова, і калі ўжо вы ва што-б там ні было хочаце яго ведаць, я вам яго напішу. Але памятайце! Вы далі клятву, місіс Браун!

Місіс Браун сказала, што гэта ёй вядома. Роб, не маючы больш ніякіх пярэчанняў, пачаў павольна і старанна пісаць крэйдай на стале.

— «Д», — гучна прагаварыла старая, калі ён дапісаў гэту літару.

— Няўжо вы не можаце памаўчаць, місіс Браун? — усклікнуў Роб, прыкрываючы літару рукой і нецярпліва паварачваючыся да яе. — Я не хачу, каб вы чыталі ўголас. Вы будзеце маўчаць?

— Тады пішыце большымі літарамі, Роб, — сказала яна, — вочы ў мяне дрэнныя, нават па друкаванаму не разбіраю.

Бурчачы штосьці сабе пад нос і з неахвотай беручыся за работу, Роб зноў заняўся пісаннем. Калі ён нахіліў галаву, чалавек, для асведамлення якога ён, сам таго не ведаючы, працаваў, вышаў з-за дзвярэй за яго спіною і, спыніўшыся на адлегласці аднаго кроку, пачаў пільна сачыць за яго рукой, якая паўзла па стале. У той-жа час Эліс, якая сядзела насупраць, зырка ўглядалася ў вырысоўваючыяся літары і, па меры таго, як ён пісаў, бязгучна іх вымаўляла. Калі ён дапісваў літару, вочы яе і містэра Домбі сустракаліся, як быццам і ён і яна чакалі адно ад другога пацверджання, і так яны абое злажылі па літарах Д. Ы. Ж. О. Н.

— Ну вось! — сказаў Тачыльшчык, наслініўшы далонь, каб сцерці напісанае слова. — Цяпер, спадзяюся, вы задаволены, місіс Браун!

Старая пацвердзіла гэта, пагладзіўшы яго па спіне, а Тачыльшчык, якога апанаваў смутак ад зневажэння, допыту і віна, склаў накрыж рукі на стале, апусціў на іх галаву і заснуў. Калі ім заўладаў моцны сон і ён моцна захроп, — тады толькі старая павярнулася да дзвярэй, за якімі хаваўся містэр Домбі, і паклікала яго.

Між іншым, яна прадаўжала круціцца вакол Роба, каб закрыць яму вочы рукамі, або стукнуць яму па патыліцы, калі ён падыме галаву, калі містэр Домбі будзе паціхеньку прабірацца да выхаду. Але, сочачы зырка за заснуўшым, яна не менш зырка сачыла і за тым, хто не спаў, і, калі ён дакрануўся да яе рукі і калі, наперакор усім яго перасцярогам, зазвінела золата, вочы яе загарэіліся яркім і прагным агнём, як у крумкача.

Пануры позірк дачкі праводзіў яго да дзвярэй і заўважыў яго бледнасць і паспешлівую хаду, якая сведчыла аб тым, што наіменшае прамаруджанне здаецца яму нясцерпным і ён імкнецца пайсці, каб пачаць дзейнічаць. Калі ён зачыніў за сабою дзверы, яна азірнулася і паглядзела на маці. Старая трушком падбегла да яе, разняла руку, паказваючы, што ў ёй было заціснута, і, зноў прагна сціснуўшы яе ў кулак, прашаптала:

— Што-ж ён цяпер задумаў, Элі?

— Дрэнную справу, — адказала дачка.

— Забойства? — запыталася старая.

— Гордасць яго зняважана, і ні мы, ні сам ён — ніхто не ведае, што здолен ён зрабіць.

Больш яны не сказалі ні слова і сядзелі воддаль адна ад другой. Роб спаў і хроп. Толькі забыты ўсімі папугай увесь час быў у руху. Ён чапляўся сваёй выгнутай дзюбай за дрот клеткі, падымаўся да купала і карабкаўся па ім, як муха, спускаўся адтуль уніз галавою і трос, кусаў і тузаў тонкія драцінкі, нібы ведаў, што гаспадару яго пагражае небяспека, і чаго-б гэта ні каштавала хацеў вырвацца і паляцець, каб перасцерагчы яго.

  1. Пакетбот — невялікае паштовое судно.