Перайсці да зместу

Домбі і сын/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LII. Сакрэтныя весткі Раздзел LIII. Новыя весткі
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел LIV. Уцекачы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ LIII

Новыя весткі

Сваякі здрадніка — яго адвергнутыя брат і сястра — адчувалі цяжкасць яго злачынства амаль што мацней, чым той, каго ён так жорстка зневажыў. Якім ні было свецкае грамадства цікаўным і патрабавальным, аднак, яно саслужыла службу містэру Домбі, штурхаючы яго да праследвання і помсты.

Упартасць яго з'яўлялася да нейкай ступені заменай дзеяння. Пакуль ён яшчэ не ведаў, дзе хаваецца здраднік, гэта ўпартасць дапамагала яму абстрагавацца ад уласнага няшчасця і заняць сябе іншымі думкамі. Брат і сястра яго каварнага фаварыта былі пазбаўлены гэтага ўцяшэння; дзякуючы падзеям іх жыцця, мінулага і сучаснага, яго злачынства было для іх асабліва цяжкім.

У той самы дзень, вечар якога апісаны ў апошнім раздзеле, калі свецкае грамадства надзвычай цікавілася ўцёкамі жонкі містэра Домбі, за акном пакоя, дзе брат і сястра сядзелі ў часе ранняга снедання, нечакана прамільгнуў цень чалавека, які накіроўваўся да ганка; гэта быў Перч, рассыльны.

— Я прышоў досвіткам, — сказаў містэр Перч, таямніча заглядаючы ў пакой і спыняючыся на маце, каб добра выцерці чаравікі, якія без таго былі чыстыя, — я рана прышоў, бо ўчора атрымаў такое распараджэнне. Мне было загадана, містэр Каркер, абавязкова перадаць вам раніцой запіску, пакуль вы яшчэ не пайшлі. Я быў-бы тут на паўтары гадзіны раней, — пакорліва дадаў містэр Перч, — калі-б не стан здароўя місіс Перч… У гэту ноч я разоў пяць рызыкаваў страціць місіс Перч.

— Хіба ваша жонка так цяжка хворая? — запыталася Херыет.

— Бачыце, міс, — сказаў містэр Перч, спачатку павяряуўшыся, каб асцярожна прычыніць дзверы, — надта ўжо яна блізка да сэрца прымае падзеі, што здарыліся ў нашай фірме. Нервы ў яе, ведаеце, надта адчувальныя і надта лёгка расстройваюцца. Так, між іншым, тут і самыя моцныя нервы не вытрымаюць. Вы, зразумела, і самі надта расстроены.

Херыет стрымала ўздых і паглядзела на брата.

Містэр Перч пачакаў, ці не пачуе ён шчырага адказу, але, не атрымаўшы яго, кашлянуў, прыкрываючы рукою рот. З прычыны таго, што гэта ні да чаго не прывяло, ён кашлянуў, прыкрываючы рот капелюшом, а калі і гэта ні да чаго не прывяло, ён паклаў капялюш на падлогу і дастаў з бакавой кішэні пісьмо.

— Калі памяць мяне не падводзіць, адказу не патрэбна, — з ветлівай усмешкай сказаў містэр Перч, — але, магчыма, вы будзеце ласкавы і прагледзіце гэта пісьмо, сэр.

Джон Каркер зламаў пячаць — пячаць містэра Домбі — і, азнаёміўшыся са зместам запіскі, вельмі кароткай, адказаў:

— Адказу не патрэбна.

— У такім выпадку я пажадаю вам добрай раніцы, міс, — сказаў Перч, адступіўшыся да дзвярэй, — і адважуся выказаць надзею, што вы пастараецеся не надта падаць духам з-за гэтага сумнага здарэння.

Містэр Перч выцягнуў з кішэні цёплыя пальчаткі, падняў капялюш і развітаўся.

— Любы Джон, — запыталася Херыет, калі яны асталіся ўдваіх і з хвілінку памаўчалі, — гэта пісьмо прынесла благія весткі?

— Так. Але нічога нечаканага, — адказаў ён. — Учора я бачыў таго, хто напісаў гэта пісьмо.

— Таго, хто напісаў?

— Містэра Домбі. Ён два разы прайшоў праз кантору, калі я быў там. Да гэтага часу мне ўдавалася не трапляцца яму на вочы, але я не мог спадзявацца, што так будзе і надалей. Зусім зразумела, мая прысутнасць павінна здавацца яму непрыемнай. Думаю, тое самае адчуваў-бы і я.

— Няўжо ён гэта сказаў?

— Не. Ён нічога не сказаў, але я бачыў, як яго вочы на секунду спыніліся на мне, і падрыхтаваўся да таго, што павінна было здарыцца, — да таго, што здарылася.

Як было сілы яна старалася захаваць свой перапалох і здавацца бадзёрай, але гэта была сумная навіна.

— У пісьмо ўкладзены грошы. Іх больш, чым належыць пры звальненні, а вось і мая адстаўка. Дапраўды-ж, Херыет, калі мы ўспомнім мінулае, гэта ласкавая і далікатная мера.

— Калі ёсць ласка і далікатнасць, Джон, у тым, каб накладаць на вас якую-б там ні было кару за злачынства іншага, то я з вамі згодна, — смірна адазвалася яна.

— Члены нашай сям'і зрабілі яму зло, — сказаў Джон Каркер. — У яго ёсць падставы ўздрыгвацца пры напамінанні нашага імя і думаць, што ў нас ёсць штосьці пагібельнае для яго. Я і сам мог-бы так падумаць, Херыет, калі-б не было на свеце вас.

— Брат, не трэба так гаварыць.

Ён закрыў твар абодвума рукамі, але, калі яна падышла да яго, дазволіў ёй узяць яго руку ў сваю.

— Ведаю, што пасля столькіх гадоў цяжка быць зволеным, — сказала яго сястра, — а прычына гэтага звальнення жахлівая для нас абодвух. Аднак, мы павінны жыць і шукаць сродкі для існавання. Ну, што-ж! Мы можам гэта рабіць, не трацячы мужнасці.

Усмешка з'явілася ў яе на губах, калі яна пацалавала яго ў шчаку і прасіла не сумаваць.

— Ах, дарагая сястра! Вы, па добрай волі і па сваёй велікадушнасці, звязалі сябе з загінуўшым чалавекам! Са зганьбаваным чалавекам! З чалавекам, у якога няма ніводнага сябра і які разагнаў і ўсіх вашых сяброў!

— Джон! — яна хутка заціснула яму рот рукою. — Не кажыце так дзеля мяне! Дзеля нашага шматгадовага сяброўства. — Ён змоўкнуў. — Цяпер вось што я вам раскажу, дарагі мой. — Яна ціхенька падсела да яго. — Я таксама, як і вы, чакала гэтага; і, калі я думала аб гэтым і чакала са страхам і старалася як было сілы падрыхтавацца, я вырашыла сказаць вам, калі ўжо гэтаму суджана здарыцца, што я захоўвала ад вас таямніцу і што ў нас ёсць сябра.

— Як-жа завуць нашага сябра, Херыет? — запытаўся ён са смутнай усмешкай.

— Дапраўды, не ведаю; але аднойчы ён з запалам заявіў мне аб сваіх сяброўскіх пачуццях і аб сваім жаданні быць нам карысным; а я і па гэты дзень яму веру.

— Херыет! — Са здзіўленнем усклікнуў брат. — Дзе жыве гэты сябра?

— Гэтага я таксама не ведаю, — сказала яна. — Але ён ведае нас абодвух і нашу гісторыю — усю нашу гісторыю, Джон. Вось, таму я, слухаючыся яго парады, захавала ад вас яго наведванне, баючыся, каб вы не засмуціліся, даведаўшыся, што гэта гісторыя яму вядома.

— Наведванне? Няўжо ён быў тут, Херыет?

— Тут, у гэтым пакоі. Адзін раз.

— Што гэта за чалавек?

— Не малады. Ён пачаў ужо сівець і, як ён сам казаў, хутка зробіцца зусім сівым. Але велікадушны, шчыры і добры. У гэтым я ўпэўнена!

— І вы толькі адзін раз яго бачылі, Херыет?

— У гэтым пакоі толькі адзін раз, — адказала сястра, на шчоках якой загарэўся лёгкі румянец, які ўмомант знік, — але, зайшоўшы сюды, ён упрашаў, каб я дазволіла яму бачыць мяне раз у тыдзень, калі ён праходзіць міма нашага дома, у доказ таго, што ў нас усё шчасліва і нам па-ранейшаму не патрэбна яго дапамога. Бачыце, я сказала яму, калі ён прапанаваў нам свае паслугі — а гэта і было мэтай яго наведвання, — што нам нічога не патрэбна.

— Дык, значыцца, раз ў тыдзень…

— З таго часу раз у тыдзень, і заўсёды ў той самы дзень і ў тую самую гадзіну, ён праходзіў міма дома, заўсёды пехатою, заўсёды ў напрамку да Лондана і заўсёды прыпыняючыся толькі для таго, каб пакланіцца мне і весела памахаць рукою, нібы добры апякун. У мінулы панядзелак — першы панядзелак пасля гэтага жахлівага здарэння — ён не прайшоў міма нашага дома, і я ў здзіўленні думала аб тым, ці знаходзіцца яго адсутнасць у якой-небудзь сувязі з тым, што здарылася.

— Якая-ж можа быць сувязь? — запытаўся брат.

— Не ведаю. Я проста задумалася аб супадзенні і не спрабавала яго растлумачыць. Я упэўнена, што ён вернецца. А калі ён вернецца, любы Джон, дазвольце мне сказаць яму, што я, нарэшце, пагаварыла з вамі, і дазвольце пазнаёміць вас з ім. Ён, вядома, дапаможа нам знайсці сродкі для існавання. Ён упрашаў аб тым, каб я дазволіла яму як-небудзь палегчыць маё і ваша жыццё, і я яму абяцала, што ў часе нястачы я аб ім успомню. А тады яго імя не будзе для нас таямніцай.

— Херыет, — сказаў брат, які слухаў з надзвычайнай увагай, — які гэты джэнтльмен з выгляду? Я, бясспрэчна, павінен ведаць таго, хто так добра ведае мяне.

Яго сястра пастаралася як мага ярчэй апісаць рысы твара, фігуру і касцюм свайго госця, але Джон Каркер або не ведаў гэтага чалавека, або малюнак яе быў недакладным, ці можа ён, ходзячы ўзад і ўперад па пакоі, захапіўся сваімі ўласнымі думкамі, — як бы там ні было, але ён не пазнаў напісанага ёю партрэта.

Быў позні ўжо час, і брат чытаў уголас, а сястра займалася швівам, калі хтосьці пастукаў у дзверы. Брат падышоў да дзвярэй, сястра сядзела і нясмела прыслухоўвалася. Хтосьці загаварыў з ім, а ён адказаў і як быццам здзівіўся; абмяняўшыся некалькімі словамі, яны ўдвух увайшлі ў пакой.

— Херыет, — сказаў брат, уводзячы позняга госця і гаворачы паціху, гэта містэр Морфін, джэнтльмен, які ўвесь час служыў з Джеймзам у фірме Домбі.

Яго сястра адхіснулася, нібы ўбачыла здань. У дзвярах стаяў невядомы сябра з цёмнымі валасамі, кранёнымі сівізной, з румяным тварам, з шырокім чыстым ілбом і карымі вачыма, — чалавек, чыю таямніцу яна так доўга захоўвала.

— Джон! — задыхаючыся сказала яна. — Гэта той самы джэнтльмен, аб якім я вам гаварыла сёння.

— Гэты джэнтльмен, міс Херыет, — уваходзячы ў пакой, сказаў госць, не надоўга затрымліваючыся на парозе, — з вялікай палёгкай чуе вашы словы. Па дарозе сюды ён увесь час прыдумліваў, якое-б яму даць тлумачэнне, і не адно яго не задавальняла. Містэр Джон, я тут не зусім чужы чалавек. Вы былі надта здзіўлены, калі ўбачылі мяне ля сваіх дзвярэй. Здаецца, цяпер вы яшчэ больш здзіўлены. Ну, што-ж, гэта зразумела пры даных акалічнасцях. Калі-б мы не былі такімі нявольнікамі прывычкі, у нас было-б удвая менш падстаў здзіўляцца.

Тым часам ён павітаўся з Херыет з той мілай шчырасцю і пашанай, якія яна так добра запамятала, сеў побач з ёю, зняў пальчаткі і кінуў іх у капялюш, што ляжаў на стале.

— Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў мяне з'явілася жаданне ўбачыць вашу сястру, містэр Джон, — сказаў ён, — і што я па-свойму задаволіў гэта жаданне. Што-ж датычыць рэгулярнасці маіх візітаў (аб гэтым яна, магчыма, расказала вам), то ў гэтым няма нічога надзвычайнага. Хутка яны ўвайшлі ў мяне ў прывычку, а мы нявольнікі прывычкі… нявольнікі прывычкі!

Засунуўшы рукі ў кішэні і адкінуўшыся на спінку крэсла, ён паглядзеў на брата і сястру, як быццам яму забаўна было бачыць іх разам, і прадаўжаў з нейкай раздражнёнасцю і ў той самы час глыбокадумна:

— Вось гэта самая прывычка ўмацоўвае ў іншых з нас, здольных на лепшае, д'ябальскую ганарлівасць і ўпартасць. Вы можаце меркаваць аб уплыве гэтай прывычкі на мяне, Джон. На працягу шмат гадоў я прымаў некаторы вельмі абмежаваны ўдзел у кіраўніцтве фірмай Домбі і бачыў, як ваш брат (які аказаўся нягоднікам — ваша сястра прабачыць мне за тое, што я вымушаны ўспомніць аб гэтым), набываў усё большы ўплыў, так што, нарэшце, і фірма і яе галава зрабіліся цацкай у яго руках. Я бачыў, як вы, не звяртаючы на сябе ўвагі іншых, працавалі з дня на дзень за сваёй канторкай, і зусім задавальняўся тым, што рабіў сваю справу, стараючыся не абстрагавацца ад яе, дапускаў, каб усё вакол мяне ішло сваёй чарадой, нібы велізарная машына — па прывычцы, уласцівай таксама і мне, — і лічыў усё гэта няўхільным і правільным.

— Магу адказаць вам, што за ўвесь гэты час ніхто не карыстаўся такой пашанай і любоўю ў нашай фірме, як вы, сэр, — сказаў Джон Каркер.

— Глупства! — запярэчыў той. — Напэўна, таму, што я чалавек досыць добрадушны і падатлівы; такі я па прывычцы. Такім астаўся-б я і ў сучасны момант, калі-б у маім пакоі былі тоўстыя сцены. Вы можаце пацвердзіць у прысутнасці вашай сястры, што мой пакой аддзелен ад пакоя загадчыка тонкай перагародкай.

— Гэта сумежныя пакоі; магчыма, раней гэта быў адзін пакой, і яны аддзелены адзін ад другога так, як кажа містэр Морфін, — сказаў яе брат, зноў павярнуўшыся да яго і чакаючы далейшых тлумачэнняў.

— Я свістаў, спяваў мэлодыі, я хацеў даць ім зразумець, што ў мяне ўсё чуваць, — прадаўжаў, містэр Морфін, — але ён ніколі не звяртаў на мяне ўвагі. Вядома, мне рэдка здаралася чуць прыватныя размовы. Але калі я быў у той час у пакоі і мімавольна павінен быў штосьці пачуць, я выходзіў. Адзін раз, Джон, я вышаў, калі вялі гутарку два браты, у якой удзельнічаў спачатку і малады Уолтэр Гэй. Але, перш чым выйсці з пакоя, я паспеў сёе-тое пачуць. Магчыма, вы аб гэтым памятаеце і раскажаце сястры, аб чым ішла гутарка.

— Херыет, — ціха сказаў брат, — гутарка ішла аб мінулым і аб нашым становішчы ў фірме.

— Прадмет гэтай гутаркі не меў для мяне нічога новага, але ён адкрыў для мяне новы пункт гледжання. Ён пахіснуў маю прывычку — прывычку дзевяці дзесятых насельніцтва земнага шара — лічыць, што ўсё вакол мяне добра, бо я з гэтым асвоіўся, і ён-жа штурхнуў мяне ўспомніць гісторыю двух братоў і задумацца аб ёй. Пасля той раніцы я зрабіўся, як кажуць, менш добрадушным, менш падатлівым і спагадлівым.

Ён памаўчаў, барабанячы пальцамі па стале, пасля хутка загаварыў, як быццам спяшаўся скончыць сваю споведзь:

— Перш чым я прыняў якое-небудзь рашэнне, перш чым я мог зрабіць які-небудзь захад, паміж тымі самымі двума братамі адбылася другая гутарка, прычым было спамянута імя іх сястры. Тады я прышоў сюды, каб уласнымі вачыма ўбачыць сястру. Я папрасіў дазволу ўвайсці ў дом, зайшоў і сказаў тое, што хацеў сказаць. Ваша сястра растлумачыла мне прычыны, — я іх не адважыўся аспрэчваць, — чаму яна адмаўляецца прыняць дапамогу ад мяне; але я ўстанавіў паміж намі спосаб зносін, якія падтрымліваліся рэгулярна, аж да апошняга часу, калі мне давядося парушыць іх, бо я павінен быў заняцца важнымі справамі.

— А я-ж, штодзённна сустракаючыся з вамі, нават і не думаў гэтага, сэр! — сказаў Джон Каркер. — Калі-б Херыет магла адгадаць ваша імя…

— Праўдў кажучы, Джон, — перапыніў госць, — я захаваў яго па двух прычынах. Не ведаю, ці досыць было-б адной першай: чалавек не мае права прымаць падзяку за добрыя намеры, і я рашыў не гаварыць свайго імя, пакуль мне не ўдасца аказаць вам якую-небудзь рэальную паслугу. Другая прычына заключалася ў тым, што ў мяне заўсёды прамільгала надзея, ці не памякчэе ваш брат ў адносінах да вас абодвух, а калі-б такі падазроны і насцярожаны чалавек выявіў маю сяброўскую да вас прыхільнасць, гэта магло-б паслужыць ракавой прычынай для новага разрыву. Я рашыў, рызыкуючы заслужыць сабе яго няласку — але гэта не мела-б ніякага значэння, — чакаць зручнага выпадку і хадайнічаць аб вас перад галавой фірмы, але ў выніку такіх падзей, як смерць, заручыны, вяселле і няшчаснае сямейнае жыццё, у нас на працягу доўгага, доўгага часу адзіным начальнікам быў ваш брат. А лепш было-б нам мець замест яго сухі пень, — дадаў госць, пацішыўшы голас.

Здаралася, ён разумеў, што гэтыя словы вырваліся ў яго мімаволі, і, працягнуўшы адну руку брату, а другую сястры, прадаўжаў:

— Цяпер я сказаў усё, што хацеў сказаць, і нават больш таго. Позні ўжо час; больш я не дадам ні слова. Вы, Джон, будзеце захоўваць давераны вам скарб, не патрабуючы маіх парад або напамінкаў.

Пры гэтых словах ён устаў, збіраючыся пайсці.

— Але вы, Джон, ідзіце наперад са свечкай, — добрадушна дадаў ён, — і не гаварыце таго, што вам хочацца сказаць. — Джон Каркер быў глыбока расчулены, і ён з ахвотай праявіў-бы свае пачуцці, каб у яго была гэта магчымасць. — А мне дазвольце пагутарыць з вашай сястрой. Нам ужо здаралася гутарыць сам-на-сам, у гэтым самым пакоі.

Правёўшы яго позіркам, ён ласкава павярнуўся да Херыет і, пацішыўшы голас, загаварыў змененым і больш сур'ёзным тонам:

— Вы хочаце запытацца ў мяне пра чалавека, чыёй сястрой вы маеце няшчасце быць.

— Я баюся пытацца, — сказала Херыет.

— Вы некалькі разоў паглядалі на мяне так пільна, што, здаецца, я адгадаў ваша пытанне, — запярэчыў госць. — Ці ўкраў ён грошы? Праўда?

— Так.

— Не, не ўкраў.

— Дзякуй богу! — Усклікнула Херыет. — Я шчаслівая за Джона.

— Але ён усяляк злоўжываў давер'ем, якое яму аказвалася, — прадаўжаў містэр Морфін, — ён рабіў махінацыі часцей дзеля ўласнай выгады, чым у інтарэсах фірмы, чыім прадстаўніком з'яўляўся; ён уцягваў фірму ў надзвычай рызыкоўныя аперацыі, якія часта прыносілі велізарныя страты; ён заўсёды патураў фанабэрыстасці і ганарлівасці свайго гаспадара, тады як яго абавязкам было стрымаць іх і паказаць — ён мог гэта зрабіць, — да якіх вынікаў яны прыводзяць; усё гэта, магчыма, не здзівіць вас цяпер. Былі выдуманы захады з мэтай раздуць рэпутацыю і крэдытаздольнасць фірмы і паказаць яе перавагу над іншымі гандлёвымі фірмамі. Праводзячы шматлікія аперацыі амаль што ні ва ўсіх частках свету, — у гэтым велізарным лабірынце ён адзін мог разабрацца, — ён меў магчымасць (і, як відаць, скарыстаў яе) захоўваць вынікі аперацый і падмяняць факты каштарысамі і агульнымі разважаннямі. Але апошні час… вы сочыце за тым, што я кажу, міс Херыет?

— Так, так! — адказала яна, павярнуўшы да яго спалоханы твар. — Калі ласка, не захоўвайце нічога, скажыце мне адразу самае горшае.

— Апошні час ён, як відаць, прыклаў усе сілы да таго, каб зрабіць зусім яснымі і зраумелымі вынікі гэтых аперацый, і цяпер даведка ў кнігах дае магчымасць з надзвычайнай лёгкасцю разабрацца ў іх, пры ўсёй іх колькасці і рознастайнасці. Як быццам ён вырашыў адразу паказаць свайму гаспадару, да чаго прыводзіць запал, якім той быў апантаны. Бясспрэчна тое, што ён увесь час гнусна патураў гэтаму запалу і агідна ліслівіў яму. У гэтым і заключаецца галоўнае яго злачынства перад фірмай.

— Яшчэ адно слова, перш чым мы расстанемся, дарагі сэр, — сказала Херыет. — Ці ёсць небяспека?

— Якая небяспека? — запнуўшыся, запытаўся ён.

— Небяспека, што пагражае крэдыту фірмы.

— Небяспека, што пагражае крэдыту фірмы? Не. Ніякай. Могуць узнікнуць цяжкасці, больш або менш сур'ёзныя цяжкасці, але ніякай небяспекі няма, хіба толькі… ага, хіба што галава фірмы, не рашаючыся звузіць кола аперацый, прымусіць яе перанапружваць свае сілы. Тады яна захістаецца.

— Але няма ніякіх падстаў баяцца гэтага, сэр? — запыталася Херыет.

— Паміж намі не будзе недагаворанасцей, — адказаў ён, паціскаючы ёй руку. — Да містэра Домбі нельга падступіцца… І цяпер ён ганарлівы, неразважны і неўгамонны. Але ў сучасны момант ён апанаваны надзвычайнай збянтэжанасцю і ўзрушанасцю, а такі стан можа мінуць. Цяпер вы ведаеце ўсё, як дрэннае, так і добрае. На сёнешні дзень досыць, добрай ночы!

Пры гэтых словах ён пацалаваў ёй руку і, вышаўшы туды, дзе яго чакаў яе брат, добрадушна адхіліў яго ў бок, калі той паспрабаваў загаварыць, і сказаў яму, што цяпер яны будуць бачыцца часта і ён можа, калі захоча, выказацца ў іншы час, а цяпер позні ўжо час.

Амаль да самай раніцы брат і сястра гутарылі, седзячы ля каміна; а цень іх злачыннага брата лунаў у доме, дзе ніколі не ступала яго нага.

Нельга было яго выгнаць, і ён не знік пад праменнямі сонца. У наступную раніцу ён быў тут; быў у поўдзень, вечарам, асабліва пануры і выразны вечарам, аб чым мы цяпер раскажам.

Джон Каркер пайшоў з рэкамендацыйным пісьмом, атрыманым ад іх сябра містэра Морфіна, а Херыет асталася адна ў доме.

Амаль зусім сцямнела, і яна сядзела ля акна, падтрымліваючы галаву рукою і апусціўшы вочы, як раптам у пакоі зрабілася яшчэ цямней; яна падняла галаву і мімаволі ўскрыкнула.

Да самага акна прыціснуўся нейчы бледны, спалоханы твар, спачатку вочы блукалі, нібы шукалі чагосьці, пасля спыніліся на Херыет і загарэліся.

— Упусціце мяне! Упусціце! Я павінна пагаварыць з вамі! — І рука застукала ў шыбу.

Яна адразу пазнала жанчыну з доўгімі цёмнымі валасамі, якую калісьці ў дажджлівы вечар сагрэла, накарміла і прытуліла. Адчуваючы да яе зусім зразумелы сполах, памятаючы пра яе неразумныя ўчынкі, Херыет, адступіўшыся ад акна, стаяла ў нерашучасці, апанаваная трывогай.

— Упусціце мяне! Дайце мне пагаварыць з вамі! Я вам удзячна… так… я змірылася… я зраблю ўсё, што хочаце. Але дайце мне пагаварыць з вамі.

Гэта гарачая просьба, узрушаны твар, дрыготкія рукі, паднятыя з просьбай, нейкая трывога і жах, што гучэлі ў голасе і мелі штосьці агульнае з душэўным станам Херыет, прымусілі яе паслухацца. Яна паспяшалася да дзвярэй і адчыніла іх.

— Можна мне зайсці ці лепш гаварыць тут? — запыталася жанчына, схапіўшы яе за руку.

— Што вам патрэбна? Што вы хочаце сказаць?

— Нямнога, але дайце мне выказацца, інакш я ніколі гэтага не скажу. Мяне і цяпер цягне пайсці. Як быццам нейчыя рукі адцягваюць мяне ад дзвярэй. Дайце мне ўвайсці, калі вы можаце на гэты раз мне паверыць!

Яны прайшлі ў асветленую маленькую кухню, дзе ўжо раней здарылася ёй сядзець, закусваць і сушыць вопратку.

— Сядзьце тут, — сказала Эліс, апусціўшыся на калені перад Херыет, — паглядзіце на мяне. Вы мяне памятаеце?

— Памятаю.

— Памятаеце, я вам сказала, кім я была і адкуль я прышла, у лахманах і кульгаючы, пад раз'юшаным ветрам і дажджом, які біў мне ў твар?

— Так.

— Вы памятаеце, як я вярнулася ў тую ноч, шпурнула ў гразь вашы грошы і пракляла вас і ўвесь ваш род? Цяпер вы мяне бачыце тут на каленях.

— Калі вы просіце прабачэння… — смірна пачала Херыет.

— Не, не прабачэння! — перапыніла тая з гордым, страсным выразам на твары. — Я прашу, каб вы мне паверылі. А цяпер мяркуйце, ці заслугоўваю я давер'я — такая, якой я была і якая я цяпер.

Не падымаючыся з каленяў і паглядаючы на агонь, яна прадаўжала:

— Калі я была маладая і прыгожая і калі вось гэтыя валасы, — яна пагардліва тузанула за пасму, якую трымала ў руцэ, — калі іх ласкава разгладжвалі і не маглі нацешыцца імі, мая маці, якая мала думала аба мне, пакуль я была дзіцём, звярнула ўвагу на маю прыгажосць, прывязалася да мяне, пачала ганарыцца мною. Яна была беднай і прагнай і захацела атрымаць ад мяне выгаду. Няварта і казаць, да чаго гэта прывяло. Сярод такіх, як мы, гэта прыводзіць не да нешчаслівых шлюбаў, але да няшчасця і пагібелі. Няшчасце і пагібель дагналі мяне… дагналі.

Шпарка перавёўшы пахмурны позірк з агню на твар Херыет, яна сказала:

— Я дарэмна трачу час, а ён дарагі… Аднак, калі-б я аб усім гэтым не перадумала, не было-б мяне цяпер тут. Так, няшчасце і пагібель дагналі мяне! З мяне адразу-ж зрабілі нядоўгавечную цацку і адкінулі з большай лютасцю і неахайнасцю, чым адкідаюць цацкі. Як вы думаеце, чыя рука гэта зрабіла?

— Чаму вы пра гэта ў мяне пытаецеся? — запыталася Херыет.

— А чаму вы дрыжыце? — заўважыла Эліс, зырка ўглядаючыся ў яе. — Ён ператварыў мяне ў д'ябла. Я падала ўсё ніжэй і ніжэй, няшчасная і загубленая. Я была замешана ў справе аб грабежніцтве. У здабычы я не прымала ўдзелу. Мяне злавілі і судзілі, а ў мяне не было ніводнага сябра, ніводнага пені! Хоць я была зусім маладой, я палічыла-б за лепшае пайсці на смерць, чым прасіць, каб ён закінуў слаўцо, калі яго слова магло-б мяне выратавваць. Так! Палічыла-б за лепшае любы від смерці, які толькі можна прыдумаць. Але мая маці, як заўсёды карысталюбная, паслала да яго ад майго імя, расказала яму ўсю праўду аба мне і пакорліва выпрошвала апошнюю маленькую падачку — некалькі фунтаў, менш, чым у мяне пальцаў на руцэ. Як вы думаеце, хто быў той чалавек, які адвярнуўся ад мяне, што трапіла ў бяду, што ляжала, як думаў ён, ля яго ног, і не прыслаў мне нават гэтага нікчэмнага падарунку ў памяць мінулага, надта задаволены тым, што мяне пагоняць за акіян, дзе я больш ўжо не буду для яго перашкодай, дзе я памру і згнію? Як вы думаеце, хто гэта быў?

— Чаму вы пра гэта ў мяне пытаецеся? — паўтарыла Херыет.

— Чаму вы дрыжыце, — сказала Эліс, дакранаючыся рукой да яе рукі і заглядаючы ёй у твар, — калі не таму, што адказ гатоў сарвацца з вашых вуснаў? Гэта быў ваш брат Джэймз.

Херыет дрыжэла ўсё мацней і мацней, але не адвяла вачэй ад пільнага позірку, скіраванага на яе.

— Калі я даведалася, што вы яго сястра, — гэта здарылася ў тую ноч, — я вярнулася сюды, змучаная, з параненай нагой, каб з пагардай адрынуць ваш падарунак. Пасля я ўбачыла яго, — сказала Эліс, сціскаючы ёй руку і ўглядаючыся ў яе твар. — Я сачыла за ім пры яркім дзённым святле. Калі якая-небудзь іскра нянавісці толькі тлела ў маіх грудзях, яна разгарэлася ў яркае полымя, калі мае вочы спыніліся на ім. Вам вядома, што ён зрабіў зло гордаму чалавеку і зрабіў яго сваім смяротным ворагам. Што, калі я дала аб ім весткі гэтаму чалавеку?

— Весткі! — паўтарыла Херыет.

— Што́, калі я знайшла таго, хто ведае таямніцу вашага брата, ведае, як ён уцёк, ведае, куды ён уцёк са сваёй спадарожніцай? Што́, калі я прымусіла яго расказаць усё, што ён ведаў, ад слова да слова ў прысутнасці гэтага ворага, які быў схованы і ўсё чуў? Што́, калі ў гэты час я сядзела, пазіраючы ў твар гэтаму ворагу, і бачыла, як ён страчваў чалавечыя рысы? Што́, калі я бачыла, як ён звар'яцеўшы, кінуўся ў пагоню? Што́, калі я ведаю цяпер: ён у дарозе — д'ябал у вобразе чалавека — і праз некалькі гадзін дагоніць яго?

— Прыміце руку, — адхіснуўшыся, ускрыкнула Херыет. — Выбірайцеся! Ваша дакрананне наводзіць на мяне жах!

— Усё гэта я зрабіла! — прадаўжала яна, таксама пільна пазіраючы на Херыет і не звяртаючы ўвагі на яе выкрык. — Хіба голас мой і твар не сведчыць аб тым, што сапраўды я гэта зрабіла? Вы верыце таму, што я вам кажу?

— Баюся, што павінна паверыць. Пусціце маю руку.

— Пачакайце! Яшчэ хвілінку! Вы можаце зразумець, якой глыбокай была прагнасць помсты, калі яна так доўга цягнулася і штурхнула мяне на гэты крок?

— Гэта жахліва! — ускрыкнула Херыет.

— Значыцца, — хрыплым голасам сказала Эліс, — цяпер, калі вы зноў бачыце мяне, а я пакорліва стаю на каленях, дакранаючыся да вашай рукі, пазіраю вам у твар, вы можаце паверыць, што тая барацьба, якая адбывалася ў маёй душы, была страшэннай. Я саромлюся гаварыць гэтыя словы, але я адчула літасць. Я ненавіжу сябе! Я змагалася з сабою ўвесь дзень і ўсю мінулую ноч, але я без ўсякай прычыны адчуваю да яго літасць і… калі гэта магчыма, хачу выправіць тое, што я зрабіла. Толькіб яны не сустрэліся цяпер, калі яго праследвацель страціў галаву! Калі-б вы бачылі яго ўчора вечарам, калі ён пайшоў, вы зразумелі-б, якая небяспека пагражае.

— Як яе папярэдзіць? Што я магу зрабіць? — закрычала Херыет.

— Цалюткую ноч, — спяшаючыся прадаўжала тая, — я бачыла яго, залітага крывёю, і, аднак, я не спала. Увесь дзень я адчувала, што ён каля мяне.

— Што я магу зрабіць? — паўтарыла Херыет, уздрыгануўшы ад гэтых слоў.

— Калі хто-небудзь можа напісаць яму, ці выправіць пасланца, ці паехаць да яго, няхай не траціць часу! Ён у Дыжоне! Вы ведаеце назву гэтага горада і дзе ён знаходзіцца?

— Так!

— Папярэдзьце яго, што чалавек, якога ён зрабіў сваім ворагам, страціў галаву ад вар'яцтва. Дамагайцеся, каб ён паехаў, пакуль не позна — калі яшчэ не позна, — і не сустракаўся з ім! Які-небудзь месяц можа мець велізарнае значэнне. Толькі-б іх сустрэча не здарылася па маёй віне. Дзе хочаце, толькі не там! Калі хочаце, толькі не цяпер! Няхай яго вораг пойдзе за ім і знойдзе яго сам, але без маёй дапамогі! Хопіць з мяне таго цяжару, які я зношу.

Агонь больш не асвятляў яе чорных, як смоль, валасоў, яе твара і палаючых вачэй; яе рука не дакраналася да рукі Херыет, і там, дзе яна стаяла, не было ўжо нікога.