Перайсці да зместу

Домбі і сын/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел L. Нараканні містэра Тутса Раздзел LI. Містэр Домбі і свецкае грамадства
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел LII. Сакрэтныя весткі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ LI

Містэр Домбі і свецкае грамадства.

Што робіць горды чалавек, пакуль дні ідуць адзін за адным? Ці думае ён калі-небудзь пра сваю дачку і ці пытаецца ён у самога сябе, куды яна пайшла? Ці думае ён, што яна вярнулася дадому і вядзе ранейшы спосаб жыцця ў нудным доме? Ніхто не можа адказаць за яго. З таго часу ён ні разу не праказаў яе імя. Дамачадцы вельмі баяцца яго, каб загаварыць аб тым, чаго ён вырашыў не закранаць; а тую адзіную асобу, якая адважваецца распытваць у яго, ён зараз-жа прымушае змоўкнуць.

— Дарагі мой Поль! — балбоча яго сястра ў дзень уцёкаў Фларэнс, бокам прашмыгаючы ў пакой. — Ваша жонка! Гэта выскачка! Ці можа быць, што чуткі, якія да мяне дайшлі, правільныя? І вось як аддзяквала яна вам за бяспрыкладную адданасць ёй, што даходзіла, у чым я ўпэўнена, да таго, што яе капрызам і ганарлівасці вы прынеслі ў афяру нават сваякоў! Няшчасны мой брат!

Кажучы гэтыя, словы, якія чулліва напаміналі аб тым, што яе не запрасілі на званы абед, місіс Чык карыстаецца паслугамі насавой хустачкі і кідаецца на шыю містэру Домбі. Але містэр Домбі холадна адводзіць яе рукі і садзіць яе на крэсла.

— Дзякую вам, Луіза, — кажа ён, — за такі доказ вашай прыхільнасці, але хачу, каб у нашай гутарцы мы закраналі іншыя прадметы. Калі я буду аплакваць свой лёс, Луіза, або скажу аб тым, што мне патрэбна ўцяшэнне, вы можаце прапанаваць мне яго, калі вам гэтага захочацца.

— Дарагі мой Поль, — адказвае яго сястра, закрываючы твар насавой хустачкай і ківаючы галавою, — мне вядома ваша сіла духу, і больш я ні слова не скажу адносна гэтай падзеі, такой цяжкой і абураючай. — Гэтыя два прыметнікі місіс Чык гаворыць з уедлівым абурэннем. — Але дазвольце ў вас запытацца, — хоць я баюся пачуць нешта такое, што мяне ўсхвалюе і расстроіць, — запытацца аб гэтым злашчасным дзіцяці, аб Фларэнс.

— Луіза, — сурова кажа яе брат, — змоўкніце! Ні слова аб гэтым!

Місіс Чык астаецца толькі ківаць галавою, карыстацца паслугамі насавой хустачкі і аплакваць вырадзіўшыхся Домбі, якія перасталі быць Домбі. Але ці вінавата Фларэнс у тым, што ўцякла Эдзіт, ці пайшла яна за ёй, ці прымала яна які-небудзь удзел ва ўцёках ці не прымала — аб гэтым місіс Чык абсалютна нічога не ведае.

Ён ідзе няўхільна сваім шляхам, захоўваючы ў сваіх грудзях усе думкі і пачуцці і не гаворачы пра іх ні з кім. Ён зусім не спрабуе знайсці сваю дачку. Магчыма, ён думае, што яна жыве ў яго сястры, або пад яго ўласным дахам. Можа ён думае аб ёй заўсёды, а можа ніколі аб ёй не думае. Любая думка правільная, калі меркаваць па яго выгляду. Але ясна адно: ён не думае, што страціў яе. Ісціны ён не падазрае. Надта доўга жыў ён на вышынях ганарлівасці і бачыў недзе ўнізе яе, ціхманае, цярплівае стварэнне, каб палохацца гэтага. Як ні ўзрушаны ён бясчэсцем, што звалілася на яго, аднак, яно не кінула яго на зямлю. Хоць ён захоўвае свой унутраны свет ад знешняга свету, які, на яго думку, імкнецца цяпер да адной толькі мэты, а іменна — упарта сачыць за ім, куды-б ён ні ішоў, ён не можа захаваць барацьбу, што адбываецца ў гэтым унутраным свеце, бо аб ёй сведчаць яго запалыя вочы і шчокі, пакрыты маршчынамі лоб і пануры задуменны выгляд. Астаючыся па-ранейшаму бестурботным, ён тым не менш змяніўся; і, астаючыся па-ранейшаму ганарыстым, ён зняважаны — інакш не было-б гэтых знакаў.

Свецкае грамадства. Што думае аб ім свецкае грамадства, як глядзіць яно на яго, што бачыць яно ў ім і што гаворыць — вось дэман, што гоніцца за ім з гэтымі думкамі. Дзе ён — там і містэр Домбі; мала таго, дэман нават там, дзе яго няма. Гэта не здань, створаная яго ўяўленнем. Яна ўздзейнічае на іншых людзей не менш, чым на яго. Сведка гэтаму — стрыечны брат Фінікс, які прыязджае з Бадэн-Бадэна для гутаркі з містэрам Домбі. Сведка таму — маёр Бегсток, які суправаджае стрыечнага брата Фінікса ў часе выканання гэтай місіі, што сведчыць аб сяброўстве.

Містэр Домбі прымае іх з уласцівай яму годнасцю і стаіць, выпрастаўшыся, у звычайнай сваёй позе перад камінам.

— Выключна халодная вясна, — кажа містэр Домбі, каб ашукаць свецкае грамадства.

— Чорт пабяры, сэр, — кажа маёр, натхнёны сяброўскімі пачуццямі, — Джозеф Бегсток — не майстар прыкідвацца. Калі вы жадаеце цурацца сваіх сяброў і адказваць ім халоднасцю, Дж. Б. не прыгодны для вашых мэт. Джо грубы і непахісны, сэр; ён шчыры, гэты Джо!

Містэр Домбі не перапыняе яго.

— Домбі, — кажа маёр, — я — чалавек свецкі. Наш сябра Фінікс… калі маю права так назваць…

— Дапраўды-ж, я ўшаваны, — кажа стрыечны брат Фінікс.

— … таксама чалавек свецкі, — прадаўжае маёр, страсянуўшы галавой. — Домбі, вы — свецкі чалавек. Калі трое свецкіх людзей сустрэнуцца і калі яны да таго-ж сябры — як адважваюся я думаць… — звяртаецца ён зноў да стрыечнага брата Фінікса.

— Вядома, найлепшыя сябры, — кажа стрыечны брат Фінікс.

— … і калі яны сябры, — прадаўжае маёр, — то стары Джо думае (магчыма, Джо памыляецца), што лёгка адгадаць думку свету аб любым прадмеце.

— Бясспрэчна! — кажа стрыечны брат Фінікс. — Уласна кажучы, гэта зусім відавочна. Мне надта хацелася-б, маёр, каб мой сябра Домбі даведаўся аб вялікім маім здзіўленні і спачуванні адносна таго, што мая цудоўная і бездакорная сваячка, надзеленая ўсімі якасцямі, якія могуць даць шчасце мужчыну, да такой ступені забылася пра свае абавязкі ў адносінах… уласна кажучы, у адносінах свету… і так сябе скампраметавала. З таго часу ў мяне надзвычай дрэнны настрой і не далей, як учора вечарам, сказаў Даўгавязаму Сэксбі — ростам ён шэсць футаў дзесяць дзюймаў, і, напэўна, мой сябра Домбі з ім знаёмы, — што я падзвычай узрушаны і ў мяне разлілася жоўць.

— Такім чынам, Домбі… — з вялікай энергіяй кажа маёр, спрабуючы прадоўжыць сваю гутарку.

— Прашу прабачэння! — перапыняе стрыечны брат Фінікс. — Дазвольце сказаць яшчэ адно слова. Мой сябра Домбі дазвоіць мне заўважыць, што калі што-небудзь і магло ўзмацніць вялікія пакуты, якія мяне ў даным выпадку пасягнулі, то хіба толькі зусім зразумелае здзіўленне свету, выкліканае меркаваннем, што мая цудоўная і бездакорная сваячка (прашу дазволу па-ранейшаму называць яе іменна так) нібы скампраметавала сябе з чалавекам — уласна кажучы, з чалавекам, які мае белыя зубы, — які займае становішча ў грамадзе нязмерна ніжэйшае, чым яе муж. Веру, што мой сябра Домбі аддасць належнае тым пачуццям, якія мяне натхняюць пры такіх сумных акалічнасцях, і… ды… мне здаецца, няма чаго турбаваць майго сябра Домбі далейшымі заўвагамі.

Містэр Домбі, не падымаючы вачэй, кланяецца і маўчыць.

— Такім чынам, Домбі, — кажа маёр, — пасля таго, як наш сябра Фінікс з надзвычайным красамоўствам, падобнага якому стары Дж. Б. ніколі не чуў, так, клянуся богам, сэр, ніколі! — маёр надта пасінеў і схапіў свой кій пасярэдзіне, — пасля таго, як наш сябра Фінікс выклаў усе акалічнасці, што датычацца гэтай лэдзі, я скарыстаю наша сяброўства, Домбі, каб высветліць пытанне з другога боку. Сэр, — кажа маёр з конскім пакашліваннем, — свет у такіх выпадках прад'яўляе свае патрабаванні, якія павінны быць задаволены.

— Мне гэта вядома, — заўважае містэр Домбі.

— Зразумела, вам гэта вядома, Домбі, — кажа маёр. — Такі чалавек, як вы, не можа гэтага не ведаць!

— Думаю, што так, — адказвае містэр Домбі.

— Домбі, — кажа маёр, — астатняе вы адгадаеце самі. Я выказаўся шчыра — магчыма, дачасна, — бо Бегстокі заўсёды выказваліся шчыра. Мала ім было ад гэтага карысці, сэр, але гэта ўжо ў крыві Бегстокаў. З гэтым чалавекам патрэбна страляцца. У вас пад рукою Дж. Б. Ён дамагаецца правоў сяброўства.

— Маёр, — адказвае містэр Домбі, — я вам дзякую. У адпаведны час я аддам сябе ў ваша распараджэнне. З тае прычыны, што гэты час яшчэ не прышоў, я ўстрымліваюся гаварыць аб гэтым з вамі.

— Дзе гэты чалавек, Домбі? — пытаецца маёр, пасля таго, як на працягу некаторага часу моўчкі пыхцеў і пазіраў на яго.

— Не ведаю.

— Ёсць якія-небудзь весткі аб ім? — пытаецца маёр.

— Так.

— Домбі, я рад гэта чуць, — кажа маёр. — Віншую, вас.

— Вы прабачце, маёр, — адказвае містэр Домбі, — калі ў сучасны момант я не буду закранаць дэталей. Весткі дзіўныя і атрыманыя дзіўным шляхам. Яны могуць быць нічога няварты, але могуць быць і правільнымі. Цяпер я нічога не магу сказаць. На гэтым дазвольце скончыць.

Хоць гэта і сухі адказ, калі прыняць пад увагу энтузіязм сіняга маёра, аднак, маёр прыязна карыстаецца ім і з зачараваннем думае аб тым, што свет можа спадзявацца на атрыманне належнага.

Але хто-ж гэта сядзіць у пакоі эканомкі, падняўшы рукі да неба, праліваючы слёзы і размаўляючы паціху з місіс Піпчын? Гэта нейкая лэдзі ў надта цесным чорным капялюшыку, які, відаць, ёй не належыць. Гэта міс Токс, якая ўзяла капялюшык у сваёй служанкі і прышла цішком з пляца Прынцэсы, каб аднавіць знаёмства з місіс Піпчын і атрымаць весткі аб настроі містэра Домбі.

— Як ён церпіць гэта, дарагая мая? — пытаецца міс Токс.

— Ну, што-ж, — рэзка адказвае місіс Піпчын, — ён такі самы, як заўсёды.

— Са знешняга выгляду, — выказвае меркаванне міс Токс. — А што ў яго на душы!

— Па праўдзе сказаць, Лукрэцыя, — кажа місіс Піпчын (яна ўсё яшчэ называе міс Токс Лукрэцыяй, бо першыя свае эксперыменты па ўціхамірванню дзяцей утварала на гэтай лэдзі, калі тая была няшчасным маленькім заморкам), — па праўдзе сказаць, Лукрэцыя, я лічу, што не дрэнна было-б ад яе пазбавіцца. Мне тут такія бессаромныя асобы не патрэбны!

— Вось іменна бессаромныя! Праўда, што бессаромныя, місіс Піпчын! — адказвае міс Токс. — Пакінуць яго! Такога благароднага чалавека!

Тут хваляванне апаноўвае міс Токс.

— Што датычыцца благародства, то аб гэтым я нічога не ведаю, — пярэчыць місіс Піпчын, раздражнёна паціраючы нос. — Але вось што мне вядома: калі людзям наслана гора, яны павінны яго цярпець. Ўсё глупства! у свой час мне самой давялося вытрымаць нямала! Колькі шуму з-за глупства! Яна пайшла, туды ёй і дарога. Думаю, што тут яна нікому не патрэбна.

Намёк на Перуанскія капальні прымушае міс Токс устаць і пайсці; місіс Піпчын звоніць, каб Таулінсон правёў яе. Містэр Таулінсон, які даўно не бачыў міс Токс, усміхаецца, выказвае ўпэўненасць у яе добрым здароўі і дадае, што спачатку не пазнаў яе ў гэтым капялюшыку.

— Дзякую вам, Таулінсон, я адчуваю сябе нядрэнна, — кажа міс Токс. — Я папрашу вас аб адной ласцы: калі ўбачыце мяне тут яшчэ раз, не ўспамінайце аб гэтым. Я наведваю толькі місіс Піпчын.

— Вельмі добра, міс, — кажа Таулінсон.

— Адбываюцца жахлівыя падзеі, Таулінсон, — кажа міс Токс.

— Так, у вышэйшай ступені, міс, — згаджаецца Таулінсон.

— Спадзяюся, Таулінсон, — кажа міс Токс, якая, заняўшыся навучаннем сям'і Тудляў, прывыкла разважаць навучальным тонам і браць мараль з падзей, — спадзяюся, гэты выпадак будзе вам перасцярогай, Таулінсон.

— Дзякую вам, міс, — кажа Таулінсон.

Але міс Токс не мае дачынення да таго свецкага грамадства, да якога належыць містэр Домбі. Кожны дзень яна прыходзіць на смярканні, у дажджлівую пагоду, дадаючы да свайго капялюшыка патэны і парасон, і мірыцца з усмешкамі Таулінсона і фырканнем і вымаўленнямі місіс Піпчын толькі для таго, каб даведацца, як ён маецца і як трывае няшчасце, якое на яго звалілася; але яна не мае ніякага дачынення да таго свецкага грамадства, да якога належыць містэр Домбі. У канторы клеркі абмяркоўваюць вялікую катастрофу з усіх бакоў і з усіх пунктаў гледжання, але галоўным чынам не разумеюць, хто-ж будзе прызначаны на месца містэра Каркера; тыя, у каго няма ніякай надзеі на атрыманне гэтага месца, сцвярджаюць, што зусім не хацелі-б яго заняць і зусім не зайздросцяць таму, для каго яно будзе прызначана. Такога хвалявання ў канторы не было з таго часу, як памёр маленькі сын містэра Домбі; але такога сорту ўзбуджэнне развівае кампанейскасць, каб не сказаць — жыццерадаснасць, і дапамагае ўмацаванню сяброўскіх адносін.

Тым часам слугі містэра Домбі ператвараюцца ў бяздзейнікаў і робяцца мала прыгоднымі для службы. Кожны вечар яны атрымліваюць гарачую вячэру і «абмяркоўваюць здарэнне» за шклянкамі, з якіх ідзе пара. Пасля паловы адзінаццатай Таулінсон заўсёды бывае пад хмяльком і часта просіць адказаць на пытанне: ну, ці не казаў ён, што няма чаго чакаць дабра, калі жывеш у доме на рагу? Яны шэптам талкуюць аб міс Фларэнс і здзіўляюцца, дзе яна можа быць; аднак, усе згодны з тым, што калі містэр Домбі гэтага не ведае, то місіс Домбі ведае. Такім чынам, гутарка заходзіць аб гэтай апошняй, і кухарка гаворыць аб ёй, што ўсё-такі яна трымалася з гонарам, хіба не праўда? Але яна была занадта важнай. Усе згаджаюцца з тым, што яна была занадта важнай, а прадмет некалішняй цягі містэра Таулінсона, пакаёўка (якая надта добрадзейная), упрашае, каб пры ёй не гаварылі больш пра людзей, якія задзіраюць нос, як быццам зямля для іх не вельмі добрая.

Усё, што гаворыцца і робіцца ў сувязі з гэтым, робіцца дружна ўсімі за выключэннем містэра Домбі. Містэр Домбі адзін-на-адзін са свецкім грамадствам.