Перайсці да зместу

Домбі і сын/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XLVI. Апазнанне і размышленні Раздзел XLVII. Грымнуў гром
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XLVIII. Уцёкі Фларэнс

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XLVII

Грымнуў гром.

Час не расхістаў перашкоды паміж містэрам Домбі і яго жонкай. Іх ганарлівасці, адрозніваючыся характарам, былі аднолькавай сілы; нібы крэмень, іх варожасць высякала іскру паміж імі, якая то тлела, то разгаралася ў залежнасці ад акалічнасцей, спальвала ўсё ў сумесным іх жыцці і ператварала іх шлюбны шлях у дарогу, усыпаную попелам.

Будзем справядлівымі да яго. Аддаючыся страшэннаму заблуджэнню ўсяго свайго жыцця, ён гнаў Эдзіт уперад і мала думаў аб тым, да якой мэты і як яна ідзе. Аднак, пачуццё яго да яе — якое-б яно ні было — аставалася такім, якім было спачатку. Яна правінілася перад ім у тым, што невядома чаму адмовілася прызнаць вялікую яго ўладу і цалкам ёй падначаліцца, а значыцца, належала выправіць яе і ўціхамірыць; але ў іншых адносінах ён па-ранейшаму, з уласцівай яму халоднасцю, лічыў яе за асобу, якая пры жаданні здольна зрабіць гонар яго выбару і імю і садзейнічаць славе яе ўласніка.

За шэсць месяцаў, што прайшлі пасля няшчаснага здарэння з містэрам Домбі, у іх адносінах не адбылося ніякай перамены. Мрамарная скала не магла-б стаяць на яго шляху з большай упартасцю, чым стаяла яна, і самая ледзяная крыніца ў нетрах глыбокай пячоры, куды не пранікае промень святла, не магла быць больш непрыступнай і халоднай, чым ён.

Надзея, што ўспыхнула ў сэрцы Фларэнс, калі ёй уявілася магчымасць новага дамашняга ачага, да таго часу зусім згасла.

Калі і аставаўся ў яе яшчэ цень надзеі, што ў далёкай будучыні Эдзіт і яе бацька могуць быць шчаслівымі ў сумесным жыцці, то сама яна ўжо не спадзявалася заваяваць бацькаўскую любоў.

Фларэнс любіла яго па-ранейшаму, але паступова пачала любіць яго хутчэй як чалавека, які быў ёй дарагім або мог быць дарагім, чым як рэальнае стварэнне, якое знаходзілася перад яе вачыма. Нейкі ўціхаміраны смутак, з якім яна любіла памёршага маленькага Поля або сваю маці, афарбоўваў яе думкі аб ім і нібы ператвараў іх у пяшчотны ўспамін.

Гэта перамена, калі можна сказаць, адбылася з ёй непрыкметна, падобна пераходу ад дзяцінства да юнацтва, і надышла адначасова з пераходам. Фларэнс было амаль што семнаццаць гадоў, калі, разважаючы ў адзіноце, яна гэта ўразумела.

Цяпер яна часта бывала адна, бо ранейшыя адносіны паміж ёю і яе маткай рэзка змяніліся. Калі здарыўся няшчасны выпадак з яе бацькам і ён ляжаў унізе, Фларэнс упершыню заўважыла, што Эдзіт яе цураецца. Пакрыўджаная, узрушаная, але не разумеючая, як можна гэта пагадніць з яе ласкавым абыходжаннем пры кожнай сустрэчы, Фларэнс аднойчы вечарам пайшла зноў да яе ў пакой.

— Мама, — сказала яна, падышоўшы да яе паціхеньку, — я вас засмуціла?

Эдзіт адказала: «не».

— Напэўна, я ў нечым правінілася, — прадаўжала Фларэнс. — Скажыце мне, у чым? Вы змянілі свае адносіны да мяне, любая мама. Я нават расказаць вам не магу, як востра я адчуваю найменшую перамену, бо люблю вас усім сэрцам.

— Таксама, як і я вас, — сказала Эдзіт. — Ах, Фларэнс, верце мне, ніколі я не любіла вас мацней, чым цяпер!

— Чаму вы так часта мяне пакідаеце і цураецеся мяне? — запыталася Фларэнс, — і чаму вы так дзіўна на мяне пазіраеце, любая мама? Гэта-ж праўда, так?

Цёмныя вочы Эдзіт адказалі ёй сцвярджальна.

— Чаму? — упрашальна паўтарыла Фларэнс. — Скажыце, чаму, каб я ведала, як вам дагадзіць. І скажыце мне, што цяпер будзе інакш.

— Дарагая Фларэнс, — адказала Эдзіт, сціскаючы руку, што абдымала яе шыю, і заглядаючы ў вочы, якія пазіралі на яе з такой любоўю, калі Фларэнс апусцілася перад ёю на калені, — прычыны я не магу вам сказаць. Не мне гэта гаварыць, не вам слухаць, але я ведаю, што гэта так і што так павінна быць. Няўжо-б я рабіла так калі-б гэтага не ведала?

— Значыць, мы павінны быць чужымі адна для адной, мама? — запыталася Фларэнс, пазіраючы на яе нібы ў сполаху.

Эдзіт, бязгучна паварушыўшы губамі, адказала сцвярджальна.

Фларэнс пазірала на яе ўсё з большым страхам і здзіўленнем, пакуль слёзы, што струменіліся па твары, не схавалі ад яе Эдзіт.

— Фларэнс! Дарагая мая! — шпарка прамовіла Эдзіт. — Выслухайце мяне. Я не магу бачыць вас такой сумнай. Супакойцеся. Вы бачыце, што я ўладаю сабой. А хіба гэта мне лёгка?

Яе голас і твар зноў былі спакойныя, калі яна праказала гэтыя апошнія словы, а пасля дадала:

— Не зусім чужыя. Часткова. І толькі для выгляду, Фларэнс, бо ў глыбіні душы я астаюся для вас тою самаю і заўсёды буду такой. А тое, што я раблю, я раблю не для сябе.

— Гэта для мяне, мама? — запыталася Фларэнс.

— Досыць ведаць тое, што ёсць, — памаўчаўшы сказала Эдзіт, — а чаму гэта робіцца — не мае значэння. Дарагая Фларэнс, так лепш, гэта неабходна… мы павінны сустракацца радзей. Сяброўства, якое звязвала нас да гэтага часу, трэба парваць.

— Калі? — закрычала Фларэнс. — О, мама, калі?

— Цяпер, — сказала Эдзіт.

— І на заўсёды? — запыталася Фларэнс.

— Я гэтага не кажу, — адказала Эдзіт. — Я гэтага не ведаю. Не скажу я таксама, што сяброўскія адносіны паміж намі не да месца, хоць мне варта было-б ведаць, што дабра ад іх не будзе. Мой шлях быў па сцежках, па якіх вы ніколі не пойдзеце, і адсюль мой шлях вядзе бог ведае куды… я яго не бачу.

Яе голас сціх; яна сядзела і пазірала на Фларэнс, і ў яе позірку была нейкая дзіўная баязнь і адчужанасць, якую ўжо Фларэнс аднойчы заўважыла.

— Мама, — з трывогай сказала Фларэнс, — апрача таго, што вы мне сказалі, з вамі адбылася яшчэ нейкая перамена, якая мяне палохае. Дазвольце мне пабыць крыху з вамі.

— Не, — запярэчыла Эдзіт, — не, дарагая! Мне лепш астацца цяпер адной і ўнікаць вас. Не пытайцеся ў мяне ні пра што, але верце, што, калі я здаюся непастаяннай або капрызнай у адносінах да вас, я раблю так не па сваёй волі і не дзеля сябе. Хоць цяпер мы больш чужыя адна адной, чым раней, верце, што ў глыбіні душы я не змянілася. Прабачце мне, што я яшчэ больш засмуціла ваш пануры дом. Я — цень, які паў на яго, і вельмі добра гэта ведаю. Больш ніколі не будзем гаварыць аб гэтым.

— Мама, — усхліпваючы, прагаварыла Фларэнс, — няўжо мы павінны расстацца?

— Мы робім такім чынам іменна для таго, каб нам не давялося расстацца, — сказала Эдзіт. — Не пытайцеся больш ні аб чым. Ідзіце, Фларэнс! З вамі мая любоў і маё раскаянне!

З гэтай гадзіны Фларэнс і Эдзіт ніколі не былі разам, як раней. На працягу многіх дзён яны рэдка сустракаліся, хіба толькі за сталом і ў прысутнасці містэра Домбі. У такіх выпадках Эдзіт, уладная, непахісная і маўклівая, нават не пазірала на яе. Калі пры гэтым быў містэр Каркер, — а гэта бывала часта ў перыяд выздараўлення містэра Домбі і пасля, — Эдзіт яшчэ больш цуралася яе і была яшчэ больш стрыманай, чым звычайна. Але калі-б не здаралася ёй сустрэцца з Фларэнс сам-на-сам, яна абдымала яе таксама пяшчотна, як і раней, хоць ганарысты яе твар ужо не так змякчаўся, і часта, вярнуўшыся дадому позна ўвечары, яна як і раней, ціхенька ўваходзіла ў пакой Фларэнс і шаптала: «Спакойнай ночы», нахіліўшыся да яе падушак. Не ведаючы ў сне аб яе наведваннях, Фларэнс часамі прачыналася, нібы ёй прысніліся гэтыя словы, праказаныя ледзь чутна, і нібы адчувала на сваім твары дотык губ. Але гэта здаралася ўсё радзей і радзей, па меры таго, як ішоў час.

Пакутлівае адчужэнне паміж ёю і Эдзіт запаўнялася для Фларэнс адной толькі думкай; хоць гэта было слабым уцяшэннем для яе змучанага сэрца, яна старалася знайсці ў ёй нейкае супакаенне. Не разрываючыся больш паміж любоўю і абавязкам у адносінах да дваіх, Фларэнс магла любіць абаіх і не крыўдзіць ні таго, ні другога. Яна магла ім абоім, нібы ценям, створаным яе ўяўленнем, адвесці месца ў сваім сэрцы і не зневажаць іх ніякімі сумненнямі.

Так і спрабавала яна рабіць. Здаралася — і досыць часта, — што неразуменне, выкліканае пераменай, якая адбылася з Эдзіт, авалодвала яе думкамі і палохала яе; але яна не цікавілася, спакойна аддаючыся зноў ціхаму смутку і адзіноце. Фларэнс патрэбна было толькі ўспомніць аб тым, што зорка, абяцаўшая ёй шчасце, паблёкла ў змроку, які атуліў дом, і яна плакала і пагаджалася.

Так Фларэнс мінула семнаццаць гадоў. Самотнае жыццё зрабіла яе нясмелай і скромнай, але не зрабіла больш жорсткім яе ціхага характару і палкага сэрца. Дзіця, мяркуючы па нявіннай яе простадушнасці; жанчына, калі меркаваць па скромнай яе самаўпэўненасці і глыбокім, напружаным пачуцці. У яе цудоўным твары і прыгожай, кволай постаці нібы спалучаліся і зліваліся дзіця і жанчына; здавалася, вясна не хоча адступіць, хоць прышло лета, і стараецца зацямніць прыгожасцю бутонаў кветкі, што распусціліся. Але ў яе голасе, які пранікаў у душу, у яе ціхім позірку, у нейкім дзіўным ззянні, якое час ад часу асвятляла яе твар, і ў задумлівай яе прыгожасці было штосьці, што нагадвала памёршага. І на совеце ў Зале Слуг перашэптваліся аб гэтым, ківалі галовамі і яшчэ з большым апетытам елі і пілі, яшчэ цясней звязаныя сяброўствам.

Гэтыя ўважлівыя назіральнікі шмат чаго маглі расказаць аб містэры і місіс Домбі і аб містэры Каркеры, які быццам быў пасярэднікам паміж імі і прыходзіў і адыходзіў, нібы, спрабаваў іх пагадзіць, але заўсёды без поспеху. Яны ўсё бедавалі аб прыкрым становішчы спраў і ўсё рашылі аб тым, што місіс Піпчын (варожасць да якой аставалася непарушнай) прыклала да гэтага руку.

Госці, якія звычайна бывалі ў доме, і знаёмыя, якіх наведвалі містэр і місіс Домбі, лічылі, што абодва яны падыходзяць адзін да аднаго, калі ўжо гаварыць аб ганарыстасці, але гэтаму пытанню яны не надавалі вялікай увагі. Шмат хто з тых, каго запрашалі толькі на ўрачыстых выпадках, бадай ці ведалі, хто такая Фларэнс, і, варочаючыся дадому, казалі: «Вось як! Дык гэта міс Домбі сядзела там у кутку? Вельмі прыгожанькая, але крыху кволая з выгляду і задуменная!»

Так, сапраўды, пасля апошніх шасці месяцаў Фларэнс іменна такой і была, калі ў замяшанні і ледзь не ў спалоху заняла месца за абедзенным сталом напярэдадні другой гадавіны шлюбу свайго бацькі з Эдзіт (першая гадавіна супала з хваробай місіс Ск'ютон, разбітай паралічам). Падставамі для яе апасенняў былі толькі знамянальны дзень, выраз твара яе бацькі, які яна заўважыла, шпарка кінуўшы на яго позірк, і прысутнасць Каркера, непрыемная ёй заўсёды, а сёння больш, чым калі-б там ні было.

Эдзіт была ў пышным уборы, бо яна і містэр Домбі павінны былі прысутнічаць у той дзень на вечары, куды іх запрасілі, і абед быў прызначаны на больш позні час. Яна з'явілася, калі ўсе ўжо сядзелі за сталом, і містэр Каркер устаў і падвёў яе да стала.

У часе абеду амаль не размаўлялі. Фларэнс чула як яе бацька час ад часу загаварваў з містэрам Каркерам аб справах, чула яго ціхія адказы, але яна мала звяртала ўвагі на іх гутарку і з нецярплівасцю чакала канца абеду. Калі падалі дэсерт і слугі пайшлі, містэр Домбі, які ўжо не раз адкашліваўся, што не прадвяшчала дабра, сказаў:

— Місіс Домбі, думаю вы ведаеце: я сказаў эканомцы аб тым, што заўтра к абеду ў нас будуць госці?

— Я не абедаю дома, — адазвалася яна.

— Кампанія невялікая, — бестурботна прадаўжаў містэр Домбі, робячы выгляд, быццам не чуў, што яна сказала, — чалавек дванаццаць-чатырнаццаць. Мая сястра, маёр Бегсток і яшчэ некалькі асоб, з якімі вы мала знаёмы.

— Я не абедаю дома, — паўтарыла яна.

— Якімі б сумнявальнымі ні былі для мяне падставы іменна цяпер успамінаць гэту падзею з прыемнасцю, — сказаў містэр Домбі ўсё тым-жа велічным тонам, як быццам яна ні прамовіла ні слова, — аднак, місіс Домбі, трэба захоўваць прыстойнасць перад грамадою. Калі вы, місіс Домбі, сябе не паважаеце…

— Так, не паважаю, — сказала яна.

— Пані, — закрычаў містэр Домбі, стукнуўшы па стале кулаком, — будзьце ласкавы выслухаць мяне! Я кажу, што калі вы абсалютна сябе не паважаеце…

— А я кажу, што не паважаю абсалютна, — сказала яна.

Ён паглядзеў на яе, але твар, які павярнуўся да яго, не змяніўся-б, нават калі-б ёй у вочы паглядзела смерць.

— Каркер, — звярнуўся містэр Домбі больш спакойным тонам да гэтага джэнтльмена, — з прычыны таго, што вы і раней былі пасярэднікам паміж мною і місіс Домбі і з прычыны таго, што я не маю намеру парушыць правілы прыстойнасці, паколькі гэта датычыць асабіста мяне, то я папрашу паведаміць місіс Домбі, што, калі яна абсалютна сябе не паважае, я сябе некалькі паважаю і, значыцца, пацвярджаю маё распараджэнне на заўтра.

— Перадайце вашаму ўладару, сэр, — сказала Эдзіт, — што я бяру на сябе смеласць перагаварыць з ім аб гэтым прадмеце ў бліжэйшы час і што я буду гаварыць з ім сам-на-сам.

— Пані, — сказаў яе муж, — містэр Каркер ведае прычыну, якая прымушае мяне адмовіць вам у гэтай просьбе, і з гэтай прычыны яму дазваляецца не перадаваць вашага даручэння.

Ён заўважыў, што яна адвяла вочы, і прасачыў за яе позіркам.

— Тут знаходзіцца ваша дачка, сэр, — сказала Эдзіт.

— Мая дачка тут астанецца, — сказаў містэр Домбі.

Фларэнс, якая ўстала з-за стала, зноў села, закрываючы твар рукамі і дрыжучы.

— Мая дачка, пані… — пачаў містэр Домбі.

Але Эдзіт перапыніла яго; хоць яна не павысіла голас, ён гучэў так выразна, што яго можна было-б пачуць і ў навальніцу.

— Паўтараю вам, што я хачу гаварыць з вамі сам-на-сам, — сказала яна. — Калі вы не звар'яцелі, прыслухайцеся да маіх слоў.

— Я маю права, пані, — запярэчыў яе муж, — гаварыць з вамі калі і дзе мне захочацца. А мне хочацца гаварыць тут і цяпер.

Яна ўстала, нібы хацела выйсці з пакоя, але пасля зноў села і, пазіраючы на яго ў поўным спакоі, сказала тым-жа тонам:

— Кажыце!

— Перш за ўсё я павінен сказаць пані, — сказаў містэр Домбі, — што гэты пагражаючы позірк не да твару вам.

Яна засмяялася. Патрывожаныя брыльянты ў яе валасах уздрыгануліся і затрапяталі. Кажуць, нібы некаторыя каштоўныя каменні бляднеюць, калі іх уласніку пагражае небяспека. Каб у яе былі такія каменні, дык праменні святла, якія змяшчаюцца ў іх, павінны былі-б згаснуць у гэты момант, яны пацямнелі-б, як свінец.

Каркер слухаў, не падымаючы вачэй.

— Што датычыцца маёй дачкі, пані, — прадаўжаў містэр Домбі, — яе абавязак у адносінах да мяне вымагае, каб яна ведала, якіх паводзін патрэбна асцерагацца. У сучасны момант вы з'яўляецеся вельмі яркім прыкладам да яе, і, спадзяюся, яна атрымае з гэтага карысць.

— Цяпер я не буду вас спыняць, — спакойна адказала яго жонка. — Я не ўстану і не пайду і не пазбаўлю вас магчымасці выказаць усё, хоць-бы ў пакоі пачаўся пажар.

— Магчыма, натуральна, місіс Домбі, — прадаўжаў ён, — што вам няёмка выслухоўваць такія непрыемныя ісціны ў прысутнасці сведак. Але прызнаюся, я не разумею, — тут ён не мог не кінуць панурага позірку на Фларэнс, — чаму ім можа надаць большую сілу і вастрыню хтосьці іншы, а не я, якога гэта так блізка закранае. Магчыма, натуральна, што вам непрыемна слухаць пры сведках аб закладзенай у вас упартасці, якую раю вам як мага хутчэй зламаць, якую вы павінны зламаць, місіс Домбі, і якую, кажу аб гэтым шкадуючы, я не раз назіраў з сумненнем і нездавальненнем яшчэ да нашага вяселля, калі яна праяўлялася ў адносінах да вашай нябожчыцы маці. Але лякарства ў вашых-жа руках. Пачаўшы гэту размову, я зусім не забываўся аб тым, што мая дачка тут прысутнічае, місіс Домбі. А вас я прашу не забывацца аб тым, што заўтра тут будуць прысутнічаць некалькі чалавек і што вы, памятаючы аб прыстойнасці, павінны іх прыняць належным чынам.

— Значыцца, мала вам таго, што вы памятаеце аб тым, што здарылася паміж вамі і мною, — сказала Эдзіт, — мала вам таго, што вы можаце кінуць позірк сюды, — яна паказала на Каркера, які па-ранейшаму слухаў, не падымаючы вачэй, — і ўспомніць тыя зневажанні, якія вы мне зрабілі. Мала вам таго, што вы можаце кінуць позірк сюды, — яна паказала на Фларэнс рукою, якая першы і апошні раз злёгку задрыжэла, — і падумаць аб тым, што вы зрабілі і якому ўтончанаму катаванню, штодзённаму, штогадзіннаму, вы мяне аддалі, зрабіўшы так. Мала вам таго, што гэты дзень, з усіх дзён у годзе запомніўся мне па той барацьбе — заслужанай, але не зразумелай такому чалавеку, як вы, — якая, на жаль, мяне не забіла. Да ўсяго гэтага вы дадаеце яшчэ апошнюю, завяршаючую подласць, робячы яе сведкай майго падзення, хоць вам вядома, што вы прымусілі мяне афяраваць дзеля яе спакою адзіным цёплым пачуццем і прывязанасцю, якія асталіся ў мяне ў жыцці. Вам вядома, што дзеля яе я і цяпер-бы падначалілася, калі-б магла, — але я не магу, занадта вялікая мая агіда да вас, — падначалілася-б цалкам вашай волі і была-б самым пакорлівым з вашых нявольнікаў!

Не так трэба было служыць велічнасці містэра Домбі. Яе словы абудзілі старое пачуццё, надаўшы яму небывалую сілу і жорсткасць. Зноў, у гэтую суровую гадзіну яго жыцця, яго закінутая дачка высунута на першы план нават гэтай непакорлівай жанчынай, моцная там, дзе ён бяссільны, і з'яўляецца ўсім там, дзе ён — нішто!

Ён павярнуўся да Фларэнс, як быццам усё гэта было сказана ёю, і загадаў ёй выйсці з пакоя. Фларэнс, закрыўшы твар рукамі, паслухалася, калоцячыся і плачучы.

— Місіс Домбі, — сказаў містэр Домбі, зноў набыўшы, наколькі гэта было для яго магчыма, свой ганарлівы спакой, — такімі паводзінамі вы мяне не змякчыце і не прымусіце адмовіцца ад маіх намераў.

— Яны адны толькі і з'яўляюцца шчырымі, хоць толькі ў слабай ступені адлюстроўваюць тое, што робіцца ў мяне на душы, — адказала яна. — Але калі-б я думала, што яны могуць вас змякчыць, я іх-бы змяніла, калі-б толькі чалавеку па сіле было іх змяніць. Я не зраблю таго, аб чым вы мяне просіце.

— Я не прывык прасіць, місіс Домбі, — запярэчыў ён. — Я загадваю.

— Заўтра, а таксама і ў наступныя гадавіны, я не жадаю адыгрываць ніякай ролі ў вашым доме. Я ні перад кім не жадаю выстаўляць сябе напаказ як непакорная нявольніца, купленая вамі ў такі та дзень. Калі я захавала ў памяці дзень майго вяселля, то выключна як дзень ганьбы.

— Каркер, — сказаў містэр Домбі, насупіўшы бровы і хвіліну падумаўшы, — місіс Домбі да такой ступені забываецца цяпер і аб сабе і аба мне і ставіць мяне ў становішча, такое не ўласцівае маёй рэпутацыі, што я павінен гэта спыніць.

— У такім выпадку, — сказала Эдзіт, па-ранейшаму спакойна, — вызваліце мяне ад гэтых сувязей, якімі я звязана. Пусціце мяне!

— Пані! — паўтарыў ён. — Місіс Домбі!

— Развяжыце мяне! Пусціце мяне на волю!

— Пані! — паўтарыў ён. — Місіс Домбі.

— Скажыце яму, — прамовіла Эдзіт, павярнуўшы свой ганарлівы твар да Каркера, — што я хачу ўзяць развод з ім. Што так будзе лепш. Што я яму гэта раю. Скажыце яму, што я прыму любыя яго ўмовы — яго багацце не адыгрывае для мяне ніякай ролі, — але што чым хутчэй, тым лепш.

— Божа мой, місіс Домбі! — з вялікім здзіўленнем усклікнуў яе муж. — Няўжо вы думаеце, што я магу паставіцца сур'ёзна да такой прапановы? Ці ведаеце вы, хто я такі, пані? Ці ведаеце вы, што я з сябе ўяўляю? Ці чулі вы калі-небудзь аб фірме Домбі і Сын? Будуць гаварыць аб тым, што містэр Домбі — містэр Домбі! — развёўся са сваёй жонкай! Нічога не вартыя людзі будуць гаварыць аб містэры Домбі і сямейных яго справах! Няўжо вы сур'ёзна думаеце, місіс Домбі, што я дазволіў-бы зневажаць сваё імя пры такіх акалічнасцях? Што вы, што вы, пані! Як вам не сорам! Якое глупства!

Містэр Домбі рассмяяўся шчыра.

Але не так, як яна. Лепш было-б ёй памерці, чым рассмяяцца так, як рассмяялася яна ў адказ, не зводзячы з яго пільнага позірку. Лепш было-б яму памерці, чым сядзець тут, ва ўсёй велічнасці, і слухаць яе.

— Не, місіс Домбі, — прадаўжаў ён, — не, пані. Не можа быць і гутаркі аб нашым разводзе, і тым больш настойліва раю я вам апамятацца і прызнаць пачуццё абавязку. Дык вось што я хацеў вам сказаць, Каркер…

Містэр Каркер, які ўвесь час сядзеў і слухаў, падняў цяпер вочы, якія загарэліся яркім, незвычайным блескам.

— … Вось што я хацеў вам сказаць, — прадаўжаў містэр Домбі, — цяпер, калі справа набывае такі характар, я прашу вас паведаміце місіс Домбі: правілы майго жыцця не дазваляюць, каб мне хто-б там ні быў супярэчыў — хто-б там ні быў, Каркер. Яны не дазваляюць таксама, каб каго-б там ні было, апрача мяне, высоўвалі на першы план, калі гутарка ідзе аб паслухмянасці мне. Успамінанне аб маёй дачцы, і тая акалічнасць, што мая дачка скарыстана ў процівагу мне, — супроцьнатуральна. Ці знаходзіцца мая дачка ў саюзе з місіс Домбі, я не ведаю і ведаць не хачу, але пасля слоў, сказаных сёння, я хачу давесці да ведама місіс Домбі наступнае: калі яна па-ранейшаму пачне ператвараць гэты дом у арэну барацьбы, я буду лічыць сваю дачку да вядомай ступені адказнай, па ўласнаму прызнанню місіс Домбі, і яна заслужыць мной гнеў. Місіс Домбі запыталася: «хіба мала таго», што яна зрабіла тое і тое. Будзьце ласкавы адказаць ёй — так, гэтага мала!

— Адну хвілінку! — перапыніў Каркер. — Дазвольце! Якое ні пакутліве маё становішча, пакутлівае ў асаблівасці таму, што я з вамі не зусім згодзен, — павярнуўся ён да містэра Домбі, — я вымушан запытацца, ці не лепш будзе, калі вы яшчэ раз абдумаеце пытанне аб разводзе. Я ведаю, наколькі гэта ўяўляецца несумяшчальным з вашым высокім грамадскім становішчам, і ведаю, наколькі вялікая ваша рашучасць, калі вы даеце місіс Домбі зразумець, — яго бліскучы позірк скіраваўся на яе, калі ён выразна вымаўляў гэтыя словы, адчаканеныя, як удары звона, — даеце зразумець, што толькі смерць можа вас разлучыць. Толькі смерць! Але калі вы возьмеце пад увагу, што місіс Домбі, жывучы ў гэтым доме і ператвараючы яго, як вы сказалі, у арэну барацьбы, не толькі ўдзельнічае сама ў гэтай барацьбе, але штодзённа выклікае ваша незадавальненне да міс Домбі (мне-ж вядома ваша рашучасць), то ці не вызваліце вы яе ад няспыннай душэўнай трывогі і няспыннага, амаль нястрымнага ўсведамлення, што яна з'яўляецца вінавайцай нейчых пакут? Я гэтага не сцвярджаю, але ці не можа здацца, што быццам вы прыносіце ў афяру місіс Домбі дзеля захавання вашага высокага, недасягальнага становішча ў грамадстве?

— Каркер, — прамовіў містэр Домбі, ганарліва нахмурыўшыся — тон яго не дапускаў супярэчанняў, — вы не разумееце свайго становішча, даючы мне параду па такому пытанню, і характар вашай парады (на здзіўленне маё) сведчыць аб тым, што вы не разумеце мяне. Я больш нічога не маю сказаць.

— Магчыма, — сказаў Каркер з неўласцівай яму і ледзь прыкметнай насмешкай, — вы не зразумелі майго становішча, калі надалі мне гонар заняцца перагаворамі, якія я тут вёў, — ён махнуў рукой у бок місіс Домбі.

— О, не, сэр, — ганарліва запярэчыў той. — Вам было даручана.

— Як асобе падначаленай дапамагаць прыніжэнню місіс Домбі. Я забыўся. О, так, аб гэтым гаварылі! — сказаў Каркер. — Прабачце!

Ён схіліў галаву перад містэрам Домбі з пачцівым выглядам, які дрэнна пагадняўся з гэтымі словамі, хоць яны і былі сказаны спакойна, пасля павярнуўся ў яе бок і паглядзеў на яе дапытлівым позіркам. Яна падняла руку да каштоўнай дыядэмы, што зіхацела ў яе на галаве, сарвала яе з такой сілай, што пышныя чорныя валасы, якія яна бязлітасна тузянула, рассыпаліся па плячах і кінула дыядэму на падлогу. З абодвух рук яна зняла ўсеяныя брыльянтамі браслеты, шпурнула іх і растаптала нагамі ззяючыя каменні. Моўчкі, усё з тымі-ж пылаючымі вачыма, усё з тою-ж страшнай усмешкай, яна накіравалася да дзвярэй, ва ўпор паглядзела на містэра Домбі і пасля вышла.

Перш чым пайсці з пакоя, Фларэнс чула дастаткова і зразумела, што Эдзіт любіць яе па-ранейшаму, што яна пакутвала з-за яе і не ўспамінала аб прынесеных ёю афярах, баючыся парушыць яе спакой. Фларэнс не збіралася гаварыць з ёй аб тым — не магла гаварыць, памятаюры, супроць каго яна паўстае, — але ёй хацелася маўклівым і пяшчотным абдымкам запэўніць Эдзіт, што яна ўсё гэта зразумела і дзякуе ёй.

У той вечар яе бацька адзін накіраваўся ў госці, і Фларэнс, вышаўшы неўзабаве пасля гэтага з сваёй спальні, блукала па доме, дарэмна шукаючы Эдзіт. Тая не пакідала сваіх пакояў, куды Фларэнс даўно ўжо не заглядала і цяпер не адважылася зайсці, баючыся выклікаць ненаўмысна новыя непаразуменні. Але, не трацячы надзеі сустрэцца з ёй перад сном, Фларэнс пераходзіла з пакоя ў пакой і, нідзе не знаходзячы сабе месца, блукала па ўсім доме, такім прыгожым і такім панурым.

Яна ішла па карыдоры, што выходзіў на пляцоўку лесвіцы і асвятляўся толькі ў выпадках урачыстасці, як раптам убачыла здалёку, праз арку, нейкага мужчыну, які спускаўся з лесвіцы. Інстынктыўна ўнікаючы сустрэчы з бацькам, за якога яна палічыла гэтага чалавека, Фларэнс спынілся ў цемры, пазіраючы туды, дзе гарэла святло. Але гэта быў містэр Каркер, які спускаўся адзін з лесвіцы і глядзеў цераз парэнчы ў вестыбюль. Званок не абвясціў аб яго адыходзе, і ніхто са слуг яго не праводзіў. Ён паціхеньку спусціўся ўніз, сам адчыніў дзверы, вышмыгнуў на вуліцу і бясшумна замкнуў за сабою дзверы. Здавалася, кроў застыла ў яе жылах. Як толькі сілы да яе вярнуліся — а ў першыя хвіліны непераможны страх перашкаджаў ёй крануцца з месца, — яна хутка пайшла да сябе і замкнула дзверы; але нават цяпер, седзячы замкнуўшыся са сваім сабакам, яна не магла перамагчы халоднае пачуццё жаху, нібы блізкай была бяда, што пагражала ей.

Яно ўварвалася ў яе сны і ўсю ноч парушала яе спакой. Устаўшы раніцой з цяжкім успамінам аб сямейных сварках, якія далі сябе адчуць напярэдадні вечарам, яна зноў пачала шукаць Эдзіт па ўсіх пакоях і ўсю раніцу аднаўляла гэтыя пошукі. Але Эдзіт не выходзіла са сваёй спальні, і Фларэнс яе так і не ўбачыла. Даведаўшыся, аднак, што ўрачысты абед адкладзен, Фларэнс падумала, што Эдзіт вечарам паедзе ў госці, прыняўшы запрашэнне, аб якім гаварыла, і вырашыла сустрэць яе на лесвіцы.

Калі надышоў вечар, Фларэнс, якая чакала яе ў адным з пакояў, пачула крокі на лесвіцы, якія палічыла за крокі Эдзіт. Таропка вышаўшы і кінуўшыся ёй насустрэч, Фларэнс убачыла, што тая адна спускаецца з лесвіцы.

І як-жа спалохалася і здзівілася Фларэнс, калі Эдзіт, убачыўшы яе з заплаканым тварам і распасцёртымі рукамі, у жаху адскочыла і крыкнула:

— Не падыходзьце да мяне! — крыкнула яна. — Адыйдзіце! Дайце мне прайсці.

— Мама! — сказала Фларэнс.

— Не называйце мяне гэтым імем! Не гаварыце са мной! Не глядзіце на мяне! Фларэнс! — яна адхіснулася, калі Фларэнс хацела падыйсці бліжэй. — Не дакранайцеся да мяне!

Фларэнс, адрантвеўшая ўбачыўшы пакарожаны твар і шырока раскрытыя вочы, заўважыла, як у сне, што Эдзіт закрыла вочы рукамі, і, дрыжучы ўсім целам, прыціснулася да сценкі, прашмыгнула міма яе, нібы нейкая нячыстая жывёла, а пасля знікла.

Фларэнс страціла прытомнасць на лесвіцы, і, як яна меркавала, тут яе знайшла місіс Піпчын. Яна ведала толькі, што апамяталася ў сябе на пасцелі, а вакол яе стаялі місіс Піпчын і служанкі.

— Дзе мама? — было першае пытанне.

— Паехала ў госці на абед, — сказала місіс Піпчын.

— А тата?

— Містэр Домбі ў сваім пакоі, міс Домбі, — адказала місіс Піпчын, — а вам патрэбна раздзецца і зараз-жа легчы ў пасцель.

Выказаўшы жаданне паляжаць спакойна, Фларэнс паспяшалася вызваліцца ад клапатлівага догляду місіс Піпчын і яе дапамогі. Астаўшыся адна, яна задумалася аб тым, што здарылася на лесвіцы — спачатку сумняваючыся, ці было гэта сапраўднай рэчаіснасцю, пасля, заліўшыся слязмі, адчула невымоўны і бязмежны жах, які яна перажыла мінулую ноч.

Яна вырашыла не класціся спаць, пакуль не вернецца Эдзіт; калі ёй і не ўдасца пагаварыць з ёй, то прынамсі яна будзе ўпэўнена, што тая шчасліва вярнулася дадому.

Услед за вечарам надышла ноч. Настала поўнач. Эдзіт усё яшчэ няма.

Фларэнс не магла заняцца чытаннем і ні на хвілінку не знаходзіла спакою.

Усе ў доме паляглі спаць, апрача двух слуг, якія чакалі ўнізе звароту сваёй гаспадыні.

Гадзіна ночы. Экіпажы, якія з грукатам праязджалі ўдалечыні, паварачвалі за рог або праязджалі міма; цішыня паступова згушчалася і парушалася ўсё радзей і радзей, хіба толькі парывам ветру або шумам дажджу. Дзве гадзіны. Эдзіт усё яшчэ няма.

Усё больш хвалюючыся, Фларэнс хадзіла па сваім пакоі і па карыдоры, пазірала на месяц, і раптам ёй здалося, што месяц падобен да пабляднеўшай уцякачкі, якая спяшаецца пайсці і схаваць свой злачынны твар. Адбіла чатыры гадзіны! Пяць! Эдзіт усё яшчэ няма.

Але раптам у доме пачуўся нейкі шум; Фларэнс здагадалася, што адзін са слуг, што не спаў, разбудзіў місіс Піпчын, якая ўстала, апранулася і сышла ўніз да дзвярэй містэра Домбі. Асцярожна спускаючыся ўніз па лесвіцы, Фларэнс убачыла бацьку, які вышаў у халаце з пакоя; ён уздрыгануўся, калі яму сказалі, што яго жонка не вярнулася дадому. Ён паслаў слугу на стайню даведацца, ці там конюх, а калі той пайшоў, паспяшаўся апрануцца.

Слуга вярнуўся хутка, ведучы з сабою фурмана, які сказаў, што ён ужо з дзесяці гадзін дома і лёг спаць. Ён адвёз сваю гаспадыню на старую яе кватэру, на Брук-стрыт, дзе яе сустрэў містэр Каркер.

Фларэнс стаяла на тым самым месцы, дзе была ў тую хвіліну, калі ўбачыла Каркера як ён спускаўся з лесвіцы. Зноў яна задрыжэла ў невымоўным страху, таксама, як тады, калі бачыла яго, і ў яе ледзь хапіла сіл слухаць і разумець тое, што адбывалася.

— … які сказаў яму, — прадаўжаў слуга, — што гаспадыні не патрэбна будзе карэта, каб адвезці яе дадому, і пусціў яго.

Яна бачыла, як яе бацька пабляднеў, і чула, як ён спяшаючыся, дрыготкім голасам паклікаў пакаёўку місіс Домбі. Усе ў доме былі на нагах, і пакаёўка адразу-ж з'явілася, таксама вельмі бледная і няскладна гаварыўшая.

Яна сказала, што адзела сваю паню рана — за добрых дзве гадзіны да ад'езду, — і, як бывала ўжо не аднойчы, ёй было сказана, што вечарам яе паслугі не патрэбны. Цяпер яна толькі што вярнулася з пакояў сваёй гаспадыні, але…

— Але што? Што здарылася? — Фларэнс пачула, як крыкнуў яе бацька, нібы звар'яцеўшы.

— … але ўнутраныя дзверы замкнуты на ключ, а ключа няма.

Яе бацька схапіў свечку, што гарэла на падлозе, — хтосьці паставіў яе тут і забыўся аб ёй, — і рынуўся наверх у такім шаленстве, што Фларэнс ледзь паспела ўцячы ад яго. Яна бегла да сябе ў пакой, у жаху распасцёршы рукі, з распушчанымі валасамі, з тварам, пакарожаным, як у звар'яцелай, і чула, што ён ломіць дзверы.

Калі дзверы падаліся і ён уварваўся ў пакой, што убачыў ён там? Ніхто гэтага не ведаў. Але на падлозе ляжала груда каштоўнасцей, атрыманых ад яго з дня вяселля, сукенкі, якія яна насіла, і ўсё, што ў яе было. Гэта быў той самы пакой, дзе ён бачыў вунь у тым люстры ганарлівы твар, які адвярнуўся ад яго.

Пакідаўшы гэтыя рэчы ў скрынкі і ў шалёнай спешцы замкнуўшы іх на ключ, ён убачыў на стале нейкія паперы: даравальны запіс, зроблены ім пры шлюбе, і пісьмо. Ён прачытаў, што яна пайшла. Ён прачытаў, што ў ганебную для яго гадавіну вяселля яна ўцякла з чалавекам, якога ён абраў прыладай для яе прыніжэння, і ён выбег з дому апанаваны надзеяй знайсці яе там, куды яе адвезлі, і няўзброенай рукой сцерці ўсе сляды прыгожасці з урачыстага твара.

Фларэнс, амаль не разумеючы, надзела шаль і капялюш, марачы аб тым, што будзе бегчы па вуліцах, пакуль не знойдзе Эдзіт, а тады сцісне яе ў сваіх абдымках, каб выратаваць і прывесці дадому. Але калі яна выбегла на пляцоўку і ўбачыла слуг, якія мітусіліся са свечкамі ўверх і ўніз па лесвіцы, перашэптваліся паміж сабой і рынуліся ўбок ад яе бацькі, калі той прайшоў міма, Фларэнс апамяталася, зразумеўшы сваю бездапаможнасць. Схаваўшыся ў адным з прыгожых пакояў, — вось для чаго ўпрыгожаных, — яна адчула, што сэрца яе вось-вось разарвецца ад гора.

Неўзабаве ён з'явіўся зноў. Ён загадаў слугам займацца штодзённымі справамі і пайшоў на сваю палавіну, дзе пачаў хадзіць з кутка ў куток, так што яна чула яго цяжкую хаду.

Раптам паддаўшыся парыву любові, звычайна ціхай, але цяпер, калі яго пасягнула няшчасце, смелай і незастрашанай былой няпрыязню, Фларэнс, не зняўшы шаля і капялюша, збегла ўніз.

Калі яе лёгкія крокі пачуліся ў вестыбюлі, ён вышаў з свайго пакоя. Яна кінулася да яго, распасцёршы рукі і крыкнуўшы: «О, тата, любы тата!», нібы хацела абняць рукамі яго шыю.

Яна і зрабіла-б гэта. Але ў шаленстве сваім ён жорстка падняў руку і выцяў яе, размахнуўшыся з такой сілай, што яна пахіснулася, ледзь не ўпаўшы на мармарную падлогу. І, ударыўшы, ён ёй сказаў, хто такая Эдзіт, і загадаў ісці да яе, калі яна заўсёды была ў саюзе супроць яго.

Яна не пала да яго ног; яна не закрыла твара дрыжачымі рукамі, каб не бачыць яго; яна не заплакала; яна не папракнула яго ні адзіным словам. Але яна паглядзела на яго, і горкі плач вырваўся з яе грудзей. Бо, паглядзеўшы на яго, яна ўбачыла, што ён забівае тую мару аб любові, якую, насуперакі яму, яна песціла. Яна ўбачыла яго жорсткасць, роўнадушнасць, нянавісць, што паўставалі супроць гэтай мары і тапталі яе. Яна ўбачыла, што няма ў яе бацькі, і, асірацелая, выбегла з яго дома.