Перайсці да зместу

Домбі і сын/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XLVII. Грымнуў гром Раздзел XLVIII. Уцёкі Фларэнс
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XLIX. Мічман робіць адкрыцце

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XLVIII

Уцёкі Фларэнс.

Не памятаючы сябе ад гора, сораму і жаху, адзінокая дзяўчына бегла ў ззянні сонечнай раніцы, нібы ў змроку зімняй ночы. Ломячы рукі і заліваючыся горкімі слязмі, не адчуваючы нічога, апрача глыбокай раны ў сэрцы, ашаламучаная стратай усяго, што любіла, кінутая, накшталт адзінага чалавека, што ўцалеў на пустэльным беразе пасля крушэння вялікага судна, яна бегла без думак, без надзей, без мэты, толькі-б бегчы куды-небудзь — усёроўна куды!

Куды ісці? Куды-небудзь, усёроўна куды! Толькі-б ісці; але куды? Яна ўспомніла аб тым, як заблудзілася аднойчы ў нетрах Лондана, — але заблудзілася не так, як цяпер, — і пайшла да дома дзядзькі Уолтэра.

Заглушаючы плач, выціраючы апухлыя вочы, стараючыся захаваць свой перапалох, каб не звяртаць на сябе ўвагі прахожых, Фларэнс, парашыўшы ісці па менш людных вуліцах, рушыла ўжо спакойней, як раптам па залітым сонцам тратуары прашмыгнуў знаёмы маленькі цень, спыніўся, закруціўся на адным месцы, пад- бег да яе, зноў адскочыў, пачаў скакаць вакол яе, і Дыаген, задыхаючыся, але ўсё-такі заглушаючы вуліцу радасным брэхам, апынуўся ля яе ног.

— О, Ды! Любы, верны, адданы Ды! Як вы трапілі сюды? Як я магла пакінуць вас, Ды? Вы-ж мяне ніколі не пакідалі!

Фларэнс нагнулася і пяшчотна прыціснула да грудзей яго калматую старую дурную галаву, якая любіла; пасля яны разам падняліся і разам пайшлі далей. Нарэшце, паказаліся ў далечыні ўладанні маленькага Мічмана. Яшчэ некалькі крокаў — і паказаўся сам маленькі Мічман, які стаяў на сваім пасту і, як заўсёды, паглыблены ў назіранні. Яшчэ некалькі крокаў — і адчыненыя дзверы запрашалі яе ўвайсці. Набліжаючыся да канца свайго падарожжа, Фларэнс зноў паскорыла крокі, перабегла цераз дарогу (за ёй па пятах бег Дыаген, крыху збянтэжаны вулічнай мітуснёй), убегла ў дом і ўпала на парозе памятнай ёй маленькай гасцінай.

Капітан у глянцавітым капялюшы стаяў перад камінам і варыў сабе на снеданне какао. Пачуўшы крокі і шастанне спадніцы, ён з дрыжыкамі ўспомніў аб страшэннай місіс Мак-Стынджэр і павярнуўся ў той момант, калі Фларэнс працягнула да яго рукі, захісталася і ўпала на падлогу.

Капітан, пабляднеўшы не менш, чым Фларэнс, пабляднеўшы так, што ўсе гузякі ў яго твары пабялелі, падняў яе, як дзіця, і паклаў на тую самую старую канапу, на якой яна калісьці спала.

— Гэта Радасць Сэрца! — сказаў капітан, пільна ўглядаючыся ў яе твар. — Гэта цудоўная малютка, якая стала дарослай! Радасць майго Сэрца! — адступіўшыся на крок, прадаўжаў капітан, чыя фізіяномія выказвала найвялікшую трывогу і спачуванне. — Калі вы можаце падаць Нэду Катлю сігнал хоць-бы пальцам, зрабіце гэта!

Але Фларэнс не зварухнулася.

— Радасць майго Сэрца! — паўтарыў, дрыжучы, капітан. — Дзеля Уольра, які ўтапіўся ў марской бездані, павярніце за ветрам і, калі можна, падыміце хоць які-небудзь сцяг!

Бачачы, што яна астаецца не чуллівай нават да такога выразнага заклікання, капітан схапіў са стала кубак з халоднай вадой і апырскаў ёй твар. З прычыны сур'ёзнасці становішча капітан сваімі вялізнымі ручышчамі з надзвычайнай пяшчотнасцю зняў з яе капялюшык, змачыў ёй губы і лоб, адкінуў валасы з ілба, ухутаў яе ногі сваім уласным фракам, які зняў спецыяльна для гэтай мэты, пагладзіў яе руку — такую маленькую, што, дакрануўшыся да яе, ён быў уражаны ад здзіўлення, — і, бачачы, як затрапяталі ў яе расніцы і губы пачалі варушыцца, больш спакойна прадаўжаў ужываць гэтыя выратавальныя меры.

— Весялей! — сказаў капітан. — Весялей! Трымайцеся мацней, мая красуня, трымайцеся мацней! Вось так! Цяпер вам лепш. Спакойна. Так трымайцеся! Выпіце кропельку, — прадаўжаў капітан. — Ну, вось! Як справы, мая красуня, як справы?

— Капітан Катль! Гэта вы? — усклікнула Фларэнс, крыху падымаючыся.

— Так, мая маленькая лэдзі, — адказаў капітан, выбраўшы наспех гэтую далікатную форму звароту, як самую пачцівую, якую ён толькі мог прыдумаць.

— Дзядзя Уолтэра тут? — запыталася Фларэнс.

— Тут, любачка? — перапытаў капітан. — Яго тут няма ўжо шмат дзён. Аб ім не чулі з таго часу, як ён рушыў у плаванне па слядах беднага Уольра.

— Вы тут жывеце? — запыталася Фларэнс.

— Так, мая маленькая лэдзі, — адказаў капітан.

— О, капітан Катль! — не памятаючы сябе ўсклікнула Фларэнс, сціскаючы рукі. — Выратуйце мяне! Пакіньце мяне тут! Няхай ніхто не ведае, дзе я! Хутка я адужаю і раскажу аб тым, што здарылася. У мяне няма нікога, да каго-б я магла пайсці. Не праганяйце мяне!

— Прагнаць вас, мая маленькая лэдзі! — закрычаў капітан. — Вас, Радасць майго Сэрца! Пачакайце хвілінку! Мы наглуха зачынім ілюмінатар і двойчы павернем ключ у замку!

Пры гэтых словах капітан, карыстаючыся надзвычай спрытна сваёй адзінай рукой і кручком, дастаў заставы ад дзвярэй, прыладзіў іх і замкнуў дзверы на ключ.

— Мая маленькая лэдзі — сказаў капітан, расціраючы рукавом пераносіцу, пакуль яна не заблішчэла, як адпаліраваная медзь, — не кажыце Эдуарду Катлю ні слова да таго часу, пакуль не пераканаецеся, што плаваеце ў ціхіх водах; а гэтага не здарыцца ні сёння, ні заўтра. А што датычыць таго, каб данесці, дзе вы знаходзіцеся, то сапраўды і з божай дапамогай я гэтага не зраблю; перагартайце катэхізіс[1] і адзначце гэта месца!

Фларэнс нічога не аставалася, як падзякаваць і выказаць яму поўнае сваё давер'е, што яна і зрабіла. Прыхінуўшыся да гэтага грубаватага чалавека, як да апошняга прытулку для яе спакутаванага сэрца, яна паклала галаву на плячо сумленнага Катля, абняла яго за шыю і апусціася-б перад ім на калені, каб падзякаваць, калі-б ён не адгадаў яе намеру і не стрымаў яе, што і належала зрабіць сапраўднаму мужчыну.

— Спакойна! — сказаў капітан. — Спакойна! Ці ведаеце, мая красуня, вы вельмі слабы, каб стаяць, вам патрэбна зноў прылегчы. Вось так!

Варта было адмовіцца ад многіх надзвычай прыгожых відовішчаў, каб бачыць, як капітан паклаў яе на канапу і прыкрыў сваім фракам.

— А цяпер, — сказаў капітан, — вы павінны паснедаць, маленькая лэдзі, і сабака таксама павінен закусіць. А пасля вы паднімецеся наверх, у пакой старога Соля Джылса, і заснеце там сном анёлка.

Спамянуўшы пра Дыагена, капітан Катль пагладзіў яго, а Дыаген міласціва пайшоў яму насустрач, прыняўшы гэту ласку. Пакуль ужываліся выратавальныя меры, ён яўна вагаўся, ці варта накінуцца на капітана ці заключыць з ім дружбу, і гэту барацьбу пачуццяў ён выказаў у тым, што або віляў хвастом, або скаліў зубы і час ад часу бурчэў. Але цяпер усе яго сумненні рассеяліся. Было ясна, што ён лічыць капітана адным з самых прыемных людзей, знаёмства з якім з'яўляецца гонарам для ўсякага сабакі.

Зрабіўшы такі вывад, Дыаген не адыходзіў ад капітана, пакуль той заварваў чай і рыхтаваў тост, і праявіў порсткую цікавасць да яго гаспадаркі. Але не варта было добраму капітану рабіць такія прыгатаванні для Фларэнс, якая дарэмна спрабавала аддаць ім належнае, але нічога не магла есці і толькі плакала і плакала.

— Ну-ну! — сказаў, спачуваючы, капітан. — Вам патрэбна паспаць, Радасць майго Сэрца, пасля ў вас будзе больш спрыту. Цяпер вы атрымаеце свой паёк, мой хлопчык, —звярнуўся ён да Дыагена, — а пасля вам належыць вартаваць сваю гаспадыню наверсе.

Хоць у Дыагена пацякла слінка і вочы заблішчэлі ўбачыўшы снеданне, аднак, калі гэта снеданне было яму прапанавана, ён не накінуўся на яго, але навастрыў вушы, пабег да дзвярэй крамы і зайшоўся шалёным брэхам, уткнуўшыся мордай у парог, нібы хацеў пракапаць сабе выхад.

— Няўжо там хто-небудзь ёсць? — з трывогай запыталася Фларэнс.

— Не, мая маленькая дэдзі, — адазваўся капітан. — Хто-б мог падыйсці сюды і не пастукаць? Смялей, мая красуня! Гэта, як відаць, прахожыя.

Але тым не менш Дыаген брахаў і брахаў і з шалёнаю ўпартасцю драў падлогу кіпцюрамі; зрэдку ён пачынаў прыслухоўвацца і як быццам зноў атрымліваў пацверджанне, бо зноў пачынаў брахаць і драць падлогу. Калі яго ўгаварылі вярнуцца снедаць, ён наблізіўся з вельмі нерашучым выглядам і, не праглынуўшы ні кавалачка, зноў рынуўся да дзвярэй.

— Што, калі хто-небудзь падслухоўвае там і пільнуе? — прашаптала Фларэнс. — Магчыма, хто-небудзь бачыў, як я ўвайшла сюды… хто-небудзь сачыў за мной.

— Ці не прышла сюды тая маладая жанчына, маленькая лэдзі? — запытаўся капітан, якому прышла на думку бліскучая ідэя.

— С'юзен? — сказала Фларэнс, паківаўшы галавой. — О, не! С'юзен даўно пайшла ад мяне.

— Спадзяюся, не уцякла з карабля? — запытаўся капітан. — Не кажыце мне, мая красуня, што гэта маладая жанчына ўцякла!

— Не! — усклікнула Фларэнс. — С'юзен — самае адданае стварэнне ва ўсім свеце!

— Ну, вось вы і супакоіліся, праўда, браток? — звярнуўся капітан да Дыагена. — Там нікога не было, бог з вамі, мая маленькая лэдзі!

Дыаген быў у гэтым не вельмі ўпэўнены. Час ад часу дзверы зноў прыцягвалі яго да сябе, і ён абнюхваў іх і бурчэў, не могучы забыцца аб тым, што здарылася. Гэта акалічнасць, а таксама заўважаныя капітанам стамленне і слабасць Фларэнс прывялі да таго, што капітан Катль вырашыў зараз-жа падрыхтаваць ёй прытулак у спальні Соля Джылса. Таму ён адразу-ж пайшоў наверх і пастараўся прыбраць пакой як мага лепш, кіруючыся сваімі ўласнымі меркаваннямі і сродкамі, што былі ў яго распараджэнні.

Там і так было вельмі чыста, і капітан, будучы чалавекам акуратным і прызвычаеным да парадку, ператварыў ложак у канапу, пакрыўшы яго чыстай белай матэрыяй. Ён праявіў не меншую вынаходлівасць, ператварыўшы маленькі туалетны столік у нейкае падабенства алтара, на якім размясціў дзве срэбных чайных лыжкі, гаршчок з кветкамі, свой славуты гадзіннік, кішанёвы грэбень і песеннік — маленькую калекцыю рэдкасцей, якая стварала найлепшае ўражанне.

Нішто не магло-б пераканаць капітана ў тым, што ў Фларэнс хопіць сіл самой падняцца па лесвіцы. Калі-б нават гэта думка і забрыла яму ў галаву, ён палічыў-бы абураючым парушэннем правіл гасціннасці дазволіць Фларэнс ісці самастойна. Фларэнс была надта слабая, каб аспрэчваць такі пункт гледжання, і капітан зараз-жа перанёс яе на руках наверх, паклаў і накрыў вахценым плашчом.

Спусціўшыся ў маленькую гасціную, капітан Катль, пасля паспешнай нарады з самім сабою, вырашыў адчыніць на некалькі хвілін дзверы крамы і пераканацца, што ўжо цяпер то ва ўсякім выпадку ніхто не туляецца паблізу. Такім чынам, ён расчыніў дзверы і спыніўся на парозе, зырка паглядаючы ва ўсе бакі і азіраючы ўсю вуліцу.

— Як маецеся, капітан Джылс? — пачуўся голас ля самага яго вуха.

Капітан, зірнуўшы ўніз, убачыў, што пакуль ён аглядаў гарызонт, яго абардыраваў містэр Тутс.

— Як вашы справы, прыяцель? — адгукнуўся капітан.

— Нічагуткі, дзякую вам, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс. — Вам-жа вядома, што цяпер я ніколі не адчуваю сябе так добра, як было-б мне пажадана. Ды я і не спадзяюся, што гэта калі-небудзь можа здарыцца.

У гутарцы з капітанам Катлем містэр Тутс ніколі не рабіў намёку ясней, чым цяпер, на самы дарагі для яго прадмет, бо ён памятаў аб заключанай умове.

— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — калі-б я мог мець прыемнасць пагутарыць з вамі… справа важная.

— Бачыце, прыяцель, — сказаў капітан, уводзячы яго ў маленькую гасціную, — я, уласна кажучы, сёння раніцою не маю часу, і, значыцца, калі вы адплывеце цяпер на ўсіх парусах, мяне гэта не пакрыўдзіць.

— Вядома, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, які рэдка разумеў, што іменна хоча сказаць капітан. — Якраз я і хачу адплысці на ўсіх парусах. Само сабой зразумела.

— У такім выпадку, прыяцель, вы так і рабіце! — адказаў капітан.

Капітан быў так ашаломлены захоўваемай ім патрасаючай таямніцай — знаходжаннем міс Домбі ў гэты момант пад яго дахам, аб чым не ведае Тутс, які сядзіць перад ім, — што пот выступіў у яго на ілбе. Цішком сціраючы яго з ілба і трымаючы ў руцэ глянцавіты капялюш, ён не мог адарваць вачэй ад твара містэра Тутса. Містэр Тутс, у якога таксама былі, як відаць, нейкія патаемныя прычыны для хвалявання, быў да такой ступені збіты з панталыку пільным позіркам капітана, што, паглядзеўшы на яго моўчкі і збянтэжана і ў замяшанні зварухнуўшыся на сваім крэсле, сказаў:

— Прашу прабачэння, капітан Джылс, вы нічога асаблівага ў ва мне не заўважаеце?

— Не, прыяцель, — адказаў капітан. — Нічога.

— Справа, бачыце, у тым, — хіхікнуўшы, сказаў містэр Тутс, — што я ведаю, як я чэзну. Можаце гаварыць аб гэтым спакойна. Мне… мне гэта будзе прыемна. Я так пахудзеў, што Берджэс і кампанія зноў знялі з мяне мерку. Для мяне гэта шчасце. Я… я гэтаму радуюся. Калі-б гэта ад мяне залежала, я-б… я-б з вялікай прыемнасцю пакаціўся-б пад гару. Я ўсяго-на-ўсяго жывёліна, няхай будзе вам вядома, капітан Джылс, жывёліна, якая пасвіцца на паверхні зямлі.

Чым больш падрабязна гаварыў на гэту тэму містэр Тутс, тым больш прыгнятала капітана яго ўласная тайна і тым больш пільна пазіраў ён на яго.

— Але вось што я хацеў сказаць, капітан Джылс, — прадаўжаў містэр Тутс, — сёння, досвіткам, я апынуўся ў гэтых краях… па праўдзе сказаць, я хацеў паснедаць з вамі. Што датычыцца сну, то я, ведаеце, зусім перастаў цяпер спаць. Я — усёроўна, што начны вартаўнік, з тою толькі розніцай, што мне не плацяць пенсіі, а ў вартаўніка няма нічога цяжкага на душы.

— Валяйце далей, прыяцель! — перасцярожлівым тонам сказаў капітан.

— Правільна, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс. — Зусім правільна! Апынуўшыся ў гэтых краях досвіткам (прыкладна гадзіну таму назад) і ўбачыўшы, што дзверы замкнёны…

— Як! Значыцца, гэта вы, браток, круціліся пад дзвярыма? — запытаўся капітан.

— Зусім не, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс. — Я тут ні на секунду не спыняўся. Я думаў, што вас няма дома. Але адзін чалавек сказаў… Дарэчы, капітан Джылс, у вас-жа ў доме няма сабакі.

Капітан паківаў галавой.

— Ну, зразумела, — пацвердзіў містэр Тутс, — я так і сказаў. Я ведаў, што ў вас яго няма. Справа ў тым, капітан Джылс, што гутарка ідзе пра сабаку, які належыць… прабачце. Аб гэтым забаронена ўспамінаць.

Капітан пучыў вочы на містэра Тутса, пакуль той не здаўся яму амаль не ўдвая большым, чым быў на самай справе; і зноў на ілбе ў капітана выступіў пот, калі ён падумаў аб тым, што Дыаген, магчыма, надумаецца спусціцца ўніз і далучыцца да кампаніі ў гасцінай.

— Гэты чалавек, — прадаўжаў містэр Тутс, — сказаў, што ён чуў як брахаў сабака ў краме, а я ведаў, што гэтага быць не можа, і так яму заявіў. Але ён астаўся пры сваёй думцы, як быццам уласнымі вачыма бачыў сабаку.

— Што гэта за чалавек, прыяцель? — запытаўся капітан.

— Вось у тым-та і справа, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, выяўляючы яшчэ большае хваляванне. — Не мне гаварыць аб тым, што магло здарыцца і чаго не магло здарыцца. Дапраўды-ж, я не ведаю. Я чагосьці не разумею, і, мне здаецца, нешта ў мяне не ў парадку. Карацей кажучы, у галаве ў мяне не ўсё ў парадку.

Капітан у знак згоды кіўнуў галавой.

— Але калі мы адышлі ад дзвярэй, — прадаўжаў містэр Тутс, — гэты чалавек заявіў, быццам вы ведаеце, што можа здарыцца пры даных акалічнасцях, — слова «можа» ён сказаў зусім выразна, — і што калі вас папросяць аб тым, каб вы падрыхтаваліся, вы, вядома, падрыхтуецеся.

— Што гэта за чалавек, прыяцель? — паўтарыў капітан.

— Дапраўды-ж, капітан Джылс, я не ведаю, што гэта за чалавек, — адказаў містэр Тутс. — Я нічога аб гэтым не разумею. Але, падыйшоўшы да дзвярэй, я ўбачыў, што ён тут стаіць, а ён запытаўся, ці вярнуся я яшчэ раз сюды. Я адказаў згодліва, і ён запытаўся, ці ведаю я вас? Я сказаў — так, я маю гонар быць з вамі знаёмым, з вашай ласкі я заслужыў гэты гонар пасля маіх просьбаў. Тады ён сказаў — ці не скажу я вам у такім выпадку тое, што я ўжо сказаў аб гэтых акалічнасцях, і аб тым, каб вы падрыхтаваліся, і, як толькі мы з вамі ўбачымся, ці не папрашу я вас завярнуць за рог і зайсці хоць-бы на адну хвілінку да маклера Бролі па вельмі вежнай справе? І вось што я вам скажу, капітан Джылс: невядома, якая гэта справа, але я пераконаны, што яна вельмі важная, і калі вы не супроць пайсці цяпер, я тут пачакаю пакуль вы вернецеся.

Капітан, які баяўся, што як-небудзь скампраметуе Фларэнс, калі адмовіцца ісці, і ў той-жа час баяўся пакінуць містэра Тутса аднаго ў доме, дзе той можа выпадкова адкрыць таямніцу, прышоў у замяшанне, якое не захавалася нават ад містэра Тутса. Але гэты малады джэнтльмен, думаючы, што яго сябра-марак проста-напраста рыхтуецца да надыходзячага спаткання, быў зусім задаволеным і, хіхікаючы, прыпамінаў уласныя свае разважлівыя паводзіны.

Нарэшце, капітан, выбіраючы з двух бед меншую, вырашыў забегчы да маклера Бролі, а папярэдне замкнуць дзверы, што выходзілі наверх, і ключ пакласці сабе ў кішэню.

— Ужо вы прабачце, што я гэта зрабіў, прыяцель, — не без сораму і збянтэжанасці, сказаў капітан містэру Тутсу.

— Капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, — што-б вы ні зрабілі, я ўсім астануся задаволены.

Капітан адсутнічаў значна больш, чым думаў. Вярнуўся ён вельмі бледны і ў вялікім хваляванні, і нават было падобна да таго, што ён паплакаў.

— Капітан Джылс, — спагадліва сказаў містэр Тутс, — я веру і спадзяюся, што нічога дрэннага не здарылася.

— Дзякую вам, прыяцель, абсалютна нічога, — адказаў капітан. — Якраз наадварот.

— Вы як быццам чымсьці ашаломлены, капітан Джылс, — заўважыў містэр Тутс.

— Што і казаць, прыяцель, мяне захапілі знянацку, — згадзіўся капітан. — Правільна.

— Ці не магу я чым-небудзь дапамагчы, капітан Джылс? — запытаўся містэр Тутс. — У такім выпадку майце мяне на ўвазе.

Капітан паглядзеў на містэра Тутса з нейкай дзіўнай жаласцю і спачуваннем, узяў яго за руку і моцна яе паціснуў.

— Не, дзякую вам, нічым не можаце, — сказаў капітан. — Але вы зрабілі-б мне вялікую ласку, калі-б развіталіся цяпер са мною. Мне здаецца, браток, — ён зноў паціснуў яму руку, — вы — найцудоўнейшы хлапец у свеце, пасля Уольра, хоць і ў іншым сэнсе, чым ён.

— Клянуся гонарам, капітан Джылс, — адазваўся містэр Тутс, папярэдне пахлопаўшы капітана па руцэ, а пасля паціснуўшы яе паўторна, — я ў захапленні ад вашай добрай думкі аба мне. Дзякую вам.

— Трымайцеся мацней і не падайце духам, — сказаў капітан, гладзячы яго па спіне. — Вялікая бяда! На свеце шмат прыгожанькіх дзяўчат!

— Не для мяне, капітан Джылс! — урачыста адказаў містэр Тутс. — Не для мяне, запэўняю вас! Пачуцці мае ў адносінах да міс Домбі такія вялікія, моў, што маё сэрца ператварылася ў незаселены востраў, на якім жыве яна адна. Я худзею з кожным днём і ганаруся гэтым. Калі-б вы паглядзелі на мае ногі, калі я скідаю чаравікі, вы-б зразумелі, што азначае каханне без узаемнасці. Мне прыпісалі хіну, але я не прымаю, бо зусім не хачу ўмацоўваць сваё здароўе. Так, не хачу! Між іншым, аб гэтым забаронена ўспамінаць. Да пабачэння, капітан Джылс!

Капітан Катль, шчыра адказаўшы на развітальнае віншаванне містэра Тутса, замкнуў за ім дзверы, паківаў галавой з тою-ж дзіўнай жаласцю і спачуваннем, з якім паглядаў на яго раней, і пайшоў наверх даведацца, ці не патрэбны Фларэнс яго паслугі.

Разы два або тры ён паціхеньку пастукаў кручком у дзверы Фларэнс, але, не атрымаўшы ніякага адказу, адважыўся спачатку заглянуць, а пасля ўвайсці ў пакой, магчыма, ён адважыўся на гэты апошні крок дзякуючы таму, што быў сустрэнуты, як знаёмы, Дыагенам, які, расцягнуўшыся на падлозе каля яе ложка, завіляў хвастом і, не патурбаваўшыся ўстаць, паглядзеў, міргаючы, на капітана.

Яна спала цяжкім сном і ў ва сне стагнала, а капітан Катль пачціва ставячыся да яе юнацтва, прыгажосці і смутку, паправіў ёй падушку, разгладзіў скамечаны плашч, якім яна была ўкрыта, шчыльней зацягнуў фіранкі, каб яна добра выспалася, і, на цыпках вышаўшы з пакоя, пачаў пільнаваць на лесвіцы.

  1. Катэхізіс — кароткае выкладанне хрысціянскага вучэння ў пытаннях і адказах.