Домбі і сын/46
← Раздзел ХLV. Давераная асоба | Раздзел XLVI. Апазнанне і размышленні Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел XLVII. Грымнуў гром → |
РАЗДЗЕЛ XLVI
Апазнанне і размышленні.
Сярод многіх нязначных змен, якія адбываліся ў гэты час у жыцці і звычках містэра Каркера, найбольш выдатнай была тая надзвычайная стараннасць, з якой ён займаўся справамі, і тая ўвага, якую ён удзяляў кожнай дробязі, што датычыла добра яму вядомых аперацый фірмы. Заўсёды ў такіх выпадках дзейны і праніклівы, ён цяпер узмацніў у дваццаць разоў сваю рысіную пільнасць. Часта, калі адыходзілі ўсе клеркі, канторы аставаліся цёмнымі і пустымі і ўсе дзелавыя ўстановы замыкаліся, містэр Каркер, якому адкрыта была ўся анатомія незгараемай касы, вывучаў таямніцы кніг і папер з цярплівай настойлівасцю чалавека, які даследуе найтанчэйшыя нервы і фібры прадмета.
Такую-ж узмоцненую і напружаную ўвагу, з якой містэр Каркер займаўся справамі фірмы, аддаваў ён і сваім уласным аперацыям. Не будучы кампаньёнам у справе — да гэтага часу гэтым гонарам карысталіся толькі наследнікі вялікага імя Домбі, — ён атрымліваў пэўны процант з усіх здзелак; але апрача гэтага ён раздзяляў разам з фірмай магчымасць выгадна змяшчаць грошы, і таму дробная рыбіца, якая акружала буйных кітоў гандлёвых аперацый з Усходам, лічыла яго багатым чалавекам.
Аднак, гэтыя клопаты ніколі не перашкаджалі містэру Каркеру сачыць за сваім начальнікам і аставацца бездакарна чыстым, акуратным, ліслівым, заховаўючым усе ўласцівасці ката. Можна было гаварыць не столькі аб яго звычках, што змяніліся, колькі аб тым, што адчувалася ў ім нейкае напружанне.
Адзіная рэзкая змена заключалася ў тым, што, праязджаючы па вуліцах, яго апаноўвала глыбокае задуменне, што нагадвала тое задуменне, у якім ён ад'ехаў ад дома містэра Домбі ў тую раніцу, калі з гэтым джэнтльменам здарылася няшчасце. Ён машынальна ўнікаў усіх перашкод на сваім шляху і, здавалася, не бачыў і не чуў нічога аж да моманту прыезду на месца назначэння, калі якая-небудзь выпадковасць або намаганні не адцягвалі яго ад думак.
Праязджаючы аднойчы ступою на сваім белым кані ў напрамку да канторы Домбі і Сына, ён таксама не заўважаў двух пар зыркіх жаночых вачэй, як і прыкаваных да яго круглых вачэй Роба Тачыльшчыка, які, чакаючы яго — у доказ сваёй пунктуальнасці — за квартал да ўмоўленага месца, дарэмна дакранаўся зноў і зноў да свайго капялюша, каб прыцягнуць увагу, і бег трушком побач са сваім гаспадаром, гатовы падтрымліваць страмёны, як толькі той захоча спешыцца.
— Глядзіце, вось ён едзе! — усклікнула адна з двух жанчын, вельмі старая, выцягваючы высахшую руку, каб паказаць на яго сваёй спадарожніцы, маладой жанчыне, якая стаяла каля яе, схаваўшыся за вароты.
Дачка місіс Браун адразу выглянула, куды паказала місіс Браун; гневам і прагай помсты дыхаў яе твар.
— Я ніколі не думала, што ўбачу яго яшчэ раз, — ціха сказала яна, — але, бадай, добра, што я яго ўбачыла. Так, бачу. Бачу!
— Не змяніўся! — сказала старая, кідаючы злосны позірк.
— Яму мяняцца! — адазвалася другая жанчына. — З-за чаго? Хіба ён пакутаваў? Я змянілася за дваццаць чалавек. Няўжо гэтага недастаткова?
— Глядзіце, як ён едзе! — прамармытала старая, сочачы пачырванелымі вачыма за сваёй дачкой. — Такі спакойны, і які прыбраны, едзе конна, а мы тут стаім у гразі…
— І з гразі вышлі, — нецярпліва перапыніла дачка. — Мы — гразь пад капытамі яго каня. Чым іншым маглі-б мы быць?
Праводзячы яго напружаным позіркам, яна таропка адмахнулася рукой, калі старая паспрабавала ёй адказаць, як быццам нават гук голасу перашкаджаў ёй глядзець. Маці, прыглядаючыся да яе, а не да яго, не сказала ні слова, пакуль гарачы позірк жанчыны не згас і яна не ўздыхнула глыбока, нібы адчула палёгку, калі яго ўжо было не відаць.
— Любачка! — сказала тады старая. — Эліс! Красуня! Элі! — Яна асцярожна тузянула яе за рукаў, каб прыцягнуць яе ўвагу. — Няўжо вы яму дазволіце так вось прагульвацца, калі вы можаце выціснуць з яго грошы? Дачушка, ды гэта-ж грэшна!
— Хіба я вам не гаварыла, што не вазьму ад яго грошай? — запярэчыла яна. — І няўжо вы да гэтага часу мне не верыце? Хіба я ўзяла грошы ад яго сястры? Хіба я дакрануся хаця-б да аднаго пені, калі ведаю, што ён прайшоў праз яго белыя рукі?.. Так, дакранулася-б, калі-б магла атруціць гэту манету і адаслаць назад да яго! Супакойцеся, матуля, і пойдзем адсюль.
— А ён такі багаты! — прамармытала старая. — А мы такія бедныя!
— Бедныя, бо не можам адплаціць яму за тое зло, якое нам зрабіў, — адказала дачка. — Няхай ён дасць мне такія сродкі, і я іх прыму ад яго і скарыстаю іх. Пойдзем! Няма ніякага сэнсу пазіраць на яго каня. Пойдзем, матуля!
Але старая, для якой Роб Тачыльшчык, які варочаўся па вуліцы і вёў на повадзе каня без конніка, здавалася, уяўляў інтарэс сам сабою, пазірала на гэтага юнака з надзвычайнай увагай і, вышаўшы з-за варот якраз у той момант, калі ён праходзіў міма, кранула яго за плячо.
— Ды дзе-ж гэта быў увесь час мой вясёлы Роб? — запыталася яна, калі ён азірнуўся.
Вясёлы Роб, чыя вясёласць пачала змяншацца пасля такога віншавання, здаваўся вельмі засмучаным і са слязамі на вачах сказаў:
— Ох, місіс Браун, чаму вы не хочаце пакінуць у спакоі беднага хлапца, калі ён сумленна зарабляе грошы і трымаецца прыстойна? Навошта вы шкодзіце добрай рэпутацыі хлапца, загаварваючы з ім на вуліцы, калі ён вядзе каня свайго гаспадара ў прыгожыя стайні, каня, якога, каб была ваша воля, вы-б прадалі для кармлення катоў і сабак? А я спадзяваўся, — дадаў Тачыльшчык, гаворачы апошнюю фразу і як-бы падводзячы вынік усім прычыненым яму крыўдам, — што вы ўжо даўным-даўно памерлі!
— Дык вось як ён гаворыць са мною, якая ведала яго шмат тыдняў і месяцаў, мая любая! — усклікнула старая, звяртаючыся да дачкі. — Са мною, якая шмат разоў вызваляла яго, абараняючы ад усякіх валацуг — ахвотнікаў да галубоў і аматараў птушак!
— Будзьце ласкавы, місіс Браун, не чапайце птушак! — з вялікай трывогай усклікнуў Роб. — Мне здаецца, хлапцу лепш мець справу з ільвамі, чым з гэтымі маленькімі птушачкамі, бо яны заўсёды ўзлятаюць перад яго носам, калі ён менш за ўсё пра іх думае. Ну, як маецеся і што вам патрэбна?
— Вы толькі паслухайце, любачка, як ён размаўляе са старой прыяцелькай! — сказала місіс Браун, зноў звяртаючыся да дачкі. — Але хто-небудзь з яго старых сябраў будзе не такім цярплівым, як я. Калі-б я расказала сяму-таму, каго ён ведае і з кім ён меў справу, прарабляючы розныя штукі, дзе можна яго знайсці…
— Няўжо вы не можаце трымаць язык за зубамі, місіс Браун? — перапыніў злашчасны Тачыльшчык, шпарка азіраючыся, нібы спадзяваўся ўбачыць тут, побач, асляпляючыя зубы свайго гаспадара.
— Які цудоўны конік! — сказала старая, пагладжваючы шыю коніка.
— Не чапайце яго, чуеце, місіс Браун! — усклікнуў Роб, адштурхваючы яе руку. — Вы можаце да вар'яцтва давесці хлапца, які хоча выправіцца!
— Ды якую-к шкоду я яму зрабіла, дзіця маё? — запярэчыла старая.
— Якую шкоду! — паўтарыў Роб. — Гаспадар у яго такі, што заўважыць, нават калі саломінкай да яго дакрануцца.
І ён падзьмуў на тое месца, да якога дакранулася рука старой, і асцярожна пагладзіў яго пальцамі, нібы і сапраўды верыў таму, што сказаў.
Старая, шамкаючы і грымаснічаючы, паглядала на дачку, што ішла за ёю, і сама ішла ўслед за Робам, які вёў на повадзе каня, і прадаўжала размову.
— У вас добрая служба, Роб, праўда? — сказала яна. — Вам пашчаслівілася, дзіця маё.
— Ох, ужо не гаварыце пра шчасце, місіс Браун! — запярэчыў злашчасны Тачыльшчык, азіраючыся і спыняючыся. — Калі-б я вас не сустрэў або калі-б вы пайшлі, тады і сапраўды можна было-б лічыць, што хлапцу пашанцавала. Ідзіце вон вы адсюль, місіс Браун! І не хадзіце за мною вы ўслед! — закрычаў Роб, нечакана задзіраючыся. — Калі гэта маладая жанчына — ваша прыяцелька, чаму яна вас не адвядзе, калі вы так сябе сароміце?
— Гэта яшчэ што такое? — закаркала старая, наблізіўшы да яго твар і састроіўшы такую злосную грымасу, што нават трухлявая скура ў яе на шыі сабралася ў маршчыны. — Вы выракаецеся свайго старога сябра? Ды хіба вы не хаваліся разоў пяцьдзесят у мяне дома і не спалі салодкім сном у кутку, калі ў вас не было ніякага прытулку, апрача бруку, а цяпер вы вось як са мною размаўляеце! Хіба я не прадавала і не купляла разам з вамі і не дапамагала вам, школьніку, хавацца і ці мала яшчэ што рабіць, а цяпер вы мне гаворыце, каб я ішла вон? А хіба я не магла-б склікаць заўтра-ж раніцой вашых старых таварышоў, каб яны ішлі за вамі, як цень, вам на пагібель? А вы ўсё-такі пазіраеце на мяне дзёрзка? Ну што-ж, пайду! Пойдзем, Эліс.
— Пачакайце, місіс Браун! — закрычаў спалоханы Тачыльчшчык. — Што-ж гэта вы робіце? Не трэба злавацца! Калі ласка, прытрымайце яе. Я зусім не хацеў пакрыўдзіць. Я з самага пачатку сказаў: «Як вы маецеся» хіба няпраўда? Але вы не захацелі адказаць. Ну, дык як-жа вы маецеся? А пасля паслухайце! — жаласна дадаў Роб. — Ну, як можа хлапец стаяць і размаўляць на вуліцы, калі яму трэба адвесці гаспадарскага каня, каб яго памылі, а гаспадар у хлапца такі, што кожную дробязь заўважае?
Старая зрабіла выгляд, быццам крыху злітавалася, але ўсё яшчэ ківала галавою, мармытала і шамкала.
— Ці не хочаце пайсці да канюшань, місіс Браун, і выпіць шкляначку чаго-небудзь па свайму густу, — сказаў Роб, — замест таго, каб блукаць вось тут так, ад чаго вам, дый нікому, няма ніякай карысці? І вы пайдзіце з ёй, будзьце настолькі ласкавы, — дадаў Роб, звяртаючыся да Эліс. — Я, дапраўды-ж, вельмі рад яе бачыць, каб не было тут гэтага каня.
Звярнуўшы на бязлюдны маленькі пляц або двор, над якім узвышалася велізарная званіца і дзе змяшчаўся склад упакоўшчыка і склад бутэлек, Роб Тачыльшчык даручыў беланогага каня конюху са старамодніх стайняў на рагу і, запрасіўшы місіс Браун і яе дачку прысесці на каменную лаўку ля варот гэтай установы, неўзабаве прыбег з суседняга тракціра з валавяным збанам і шклянкай.
— За здароўе вашага гаспадара, містэра Каркера, дзіця маё! — Павольна выказала сваё пажаданне старая перад тым, як выпіць. — Няхай благаславіць яго бог!
— Ды я-ж вам не гаварыў, хто ён такі! — усклікнуў Роб, вытрашчыўшы вочы.
— Мы яго ведаем у твар, — сказала місіс Браун, якая назірала з такой увагай, што на секунду кінула нават жаваць губамі і трасці галавой. — Мы бачылі сёння раніцой, як ён ехаў конна і пасля злез з каня, а вы чакалі, каб адвесці каня.
— Ды няўжо? — адазваўся Роб, які, відавочна, пашкадаваў аб тым, што не чакаў яго ў якім-небудзь іншым месцы. — А што з ёй такое? Чаму яна не п'е?
Гэта пытанне датычыла Эліс, якая сядзела паводдаль, закруціўшыся ў плашч, і не дакраналася да сваёй шклянкі.
Старая паківала галавою.
— Не звяртайце на яе ўвагі, — сказала яна. — Калі-б вы ведалі, Роб, якая яна дзіўная! А містэр Каркер…
— Ціха! — сказаў Роб, цішком паглядаючы на склад упакоўшчыка і на склад бутэлек, як быццам адтуль мог падглядаць містэр Каркер. — Не так моцна!
— Ды яго-ж тут няма! — усклікнула місіс Браун.
— Гэтага я не ведаю, — прамармытаў Роб, мелькам глянуўшы нават на званіцу, нібы і там мог хавацца містэр Каркер, надзелены звышпрыродным чуткім слухам.
— Добры гаспадар? — запыталася місіс Браун.
Роб кіўнуў і сказаў паціху:
— Бачыць наскрозь.
— Ён жыве за горадам, праўда, любенькі? — запыталася старая.
— Так, калі ён у сябе дома, — адказаў Роб. — Але цяпер ён не дома.
— А дзе? — запыталася старая.
— Наймае кватэру, недалёка ад містэра Домбі, — адазваўся Роб.
Маладая жанчына паглядзела на яго так дапытліва і так нечакана, што Роб прышоў у поўнае замяшанне і зноў прапанаваў ёй шклянку, але з такім-жа поспехам як і раней.
— Містэр Домбі… бывала, мы гаварылі пра яго, — сказаў Роб, звяртаючыся да місіс Браун. — Бывала, вы прымушалі мяне гаварыць пра яго.
Старая кіўнула галавой.
— Ну, дык вось, містэр Домбі зваліўся з каня, — неахвотна прадаўжаў Роб, — і майму гаспадару даводзіцца бываць там часцей, чым звычайна, з ім або з місіс Домбі або з кім-небудзь іншым. Вось мы і пераехалі ў горад.
— Яны ладзяць адзін з другім, галубок? — запыталася старая.
— Хто? — даведаўся Роб.
— Ён і яна.
— Гэта значыць містэр і місіс Домбі? — сказаў Роб. — Адкуль-жа мне гэта ведаць?
— Не, любенькі, не яны, а ваш гаспадар і місіс Домбі, — ласкава растлумачыла старая.
— Не ведаю, — сказаў Роб, зноў вакол азіраючыся. — Напэўна ладзяць. Якая-ж вы цікаўная, місіс Браўн! Чым менш скажаш, тым лягчэй выправіць.
— Дый ў гэтым-жа няма ніякай бяды! — усклікнула старая, засмяяўшыся і пляснула ў далоні. — Весельчак Роб зрабіўся зусім рахманым з таго часу, як яму пашанцавала! Ніякай бяды ў гэтым няма, галубок!
— Ведаю, ніякай бяды ў гэтым няма, — адазваўся Роб, зноў кінуўшы недаверлівы позірк на склад упакоўшчыка і на царкву. — Але балбатаць няма чаго, нават калі-б гутарка ішла аб тым, колькі гузікаў на сурдуце майго гаспадара. Кажу вам, з ім гэта справа не выйдзе. Лепш утапіцца. Ён сам так сказаў. Я нават-бы не назваў яго прозвішча, калі-б вы яго не ведалі. Давайце пагаворым аб чым-небудзь іншым.
— Роб, любенькі! — сказала старая, падазваўшы яго на другі канец лаўкі. — Вы заўсёды былі маім любімцам і балаўніком. Праўда-ж? Вы гэта ведаеце?
— Так, місіс Браун, — не вельмі ветліва адказаў Тачыльшчык.
— Як-жа вы маглі мяне пакінуць! — усклікнула старая, абдымаючы рукамі яго шыю. — Як-жа вы маглі, ганарлівец, пайсці, схавацца з вачэй і не прыйсці і не расказаць сваёй беднай старой прыяцельніцы, якая вам выпала ўдача! Охо-хо!
— Ох, ды гэта-ж жахліва для хлапца, чый гаспадар пільнуе дзе-небудзь паблізу! — закрычаў няшчасны Тачыльшчык. — Жахліва, калі над ім вось так завываюць!
— Вы зойдзеце наведаць мяне, Роб? — запыталася місіс Браун. — Ох, няўжо вы так і не зойдзеце наведаць мяне?
— Ды кажу-ж вам, што зайду! Зайду! — адказаў Тачыльшчык.
— Вось цяпер я пазнаю майго Роба! Майго галубочка! — сказала місіс Браун, выціраючы звільгочаны слязмі маршчыністы твар і пяшчотна абнімаючы Тачыльшчыка. — Зойдзеце да мяне, Роб, дадому?
— Так, — адказаў Тачыльшчык.
— І хутка, Роб, любенькі? — запыталася місіс Браун. — І часта будзеце заходзіць?
— Так, так, так! — сказаў Роб. — Клянуся душой і целам, прыду!
— І калі ён стрымае слова, — сказала місіс Браун, узняўшы рукі да неба і задраўшы дрыготную галаву, — я ніколі не буду падыходзіць да яго, хоць мне вядома, дзе ён жыве, і ніколі не скажу пра яго ні слаўца! Ніколі!
Гэты ўсклік як быццам даў крышачку ўцехі злашчаснаму Тачыльшчыку, які адразу паціснуў руку місіс Браун і са слязмі на вачах упрашваў яе не чапаць хлапца і не губіць яго надзей на будычыню. Місіс Браун, яшчэ раз пяшчотна яго абняўшы, выказала згоду, але, перш чым пайсці за дачкой, азірнулася, цішком паклікала яго пальцам і хрыплым шэптам папрасілаа ў яго грошай.
— Дайце мне шылінг, любенькі, — сказала яна, і хцівасць адлюстравалася на яе твары, — або шэсць пенсаў! Дзеля старога знаёмства. Я такая бедная. А мая красуня-дачка, — яна азірнулася ў яе бок, — гэта-ж мая дачка, Роб, — трымае мяне ўпрогаладзь.
Але калі Тачыльшчык неахвотна сунуў ёй у руку грошы, дачка паціхеньку вярнулася і, схапіўшы матку за руку, вырвала манету.
— Як? — усклікнула яна. — Зноў грошы! Вечна грошы і грошы! Дрэнна-ж вы памятаеце аб тым, што я вам надоечы гаварыла! Вось! Вазьміце!
Старая застагнала, калі грошы былі вернуты іх уласніку, але не пратэстуючы, пачыкільгала разам за дачкою ў завулак, які межаваўся з дваром.
Тачыльшчык, сумуючы аб сваіх праступках толькі пастолькі, паколькі яны цягнулі за сабой такія непрыемныя вынікі, супакоіў свае ўстрывожаныя пачуцці і набраўся спакойнага выгляду, падумаўшы аб тым, як лоўка ён пазбавіўся ад капітана Катля (гэты ўспамін амаль заўсёды прыводзіў яго ў надзвычай добры настрой), і накіраваўся ў кантору Домбі, каб атрымаць загады ад свайго гаспадара.
Там яго гаспадар, такі праніклівы і зыркі, што Роб затрапятаў перад ім, сур'ёзна баючыся, каб яго не аблаялі за спатканне з місіс Браун, аддаў яму як звычайна папку з раняшняй поштай для містэра Домбі і запіску да місіс Домбі, і толькі кіўнуў галавой, загадваючы яму быць асцярожным і растаропным.
Астаўшыся адзін у сваім кабінеце, містэр Каркер узяўся за работу і працаваў увесь дзень. Але калі паперы з яго стала зніклі адна за другой, ён зноў пачаў разважаць.
Ён стаяў на звычайным сваім месцы і ў звычайнай сваёй позе, утаропіўшыся ў падлогу, калі ўвайшоў яго брат і прынёс назад пісьмы, узятыя адсюль на працягу дня. Ён паціхеньку паклаў іх на стол і хацеў адразу-ж пайсці назад, калі містэр Каркер-загадчык сказаў:
— Ну-с, Джон Каркер, што прывяло вас сюды?
Яго брат паказаў на пісьмы і зноў памаленьку пайшоў да дзвярэй.
— Дзіўна, — сказаў загадчык, — што вы прыходзіце сюды і адыходзіце, нават не запытаўшыся пра здароўе нашага гаспадара.
— Нам сказалі сёння раніцой у канторы, што містэр Домбі папраўляецца, — адказаў брат.
— Вы — такі пакорны чалавек, — з усмешкай сказаў загадчык, — між іншым, такім вы сталі на працягу гэтых год, — што, гатоў паклясціся, вы-б засмуціліся, калі-б з ім здарылася бяда.
— Я быў-бы шчыра засмучаны, Джэймз, — адказаў той.
— Ён быў-бы засмучаны! — сказаў загадчык, паказваючы на яго пальцам, нібы заклікаючы да кагосьці прысутнага пры размове. — Ён быў-бы шчыра засмучаны? Вось гэты мой брат! Гэты маленькі клерк, гэты нікому не патрэбны чарвяк, павернуты тварам да сцяны, нібы паганая карціна! Ён, які прасядзеў так бог ведае колькі год! Ён поўны ўдзячнасці, пашаны, адданасці і думае, што я гэтаму паверу!
— Я ні ў чым не хачу вас запэўніць, Джэймз, — запярэчыў брат. Будзьце справядлівы да мяне таксама, як да любога са сваіх падначаленых. Вы ў мяне запыталіся, і я вам адказаў.
— У вас, зразумела, ёсць падставы быць удзячным яму! — пагардліва сказаў загадчык. — Ды няўжо вам невядома, што вас тут трымаюць як танны прыклад і знамянальны доказ літасці Домбі і Сына, дзеля таго, каб расла слаўная рэпутацыя гэтай вялікай фірмы.
— Невядома, — ціхамірна запярэчыў яго брат. — Я ўжо даўно паверыў у тое, што мяне тут трымаюць па іншых падставах, больш бескарыслівых. Памылкова был-б думаць, што толькі вы адзін, узвышаны над усімі іншымі, які заслужыў давер'е і ўзнагароду (узвышаны з самага пачатку, я гэта ведаю, дзякуючы вашым выключным здольнасцям і прыстойнасці) і які падтрымлівае з містэрам Домбі больш блізкія адносіны, чым хто-б там ні было, стаіць, калі можна так сказаць, на роўня з ім і асыпаны яго ласкамі і шчодрасцямі, — памылкова, кажу я, было-б думаць, што толькі вы адзін клапоціцеся аб яго шчасці і рэпутацыі. Я шчыра веру, што няма ў гэтай канторы ні аднаго, пачынаючы з вас і канчаючы самым ніжэйшым служачым, хто-б не падзяляў гэтага пачуцця.
— Вы хлусіце! — усклікнуў загадчык, раптам пачырванеўшы ад злосці. — Вы — двурушнік, Джон Каркер, і вы хлусіце!
— Джэймз! — закрычаў той, успыхнуўшы ў сваю чаргу. — Што вы хочаце сказаць, гаворачы гэтыя зняважлівыя словы? Чаму вы гнусна кідаеце іх мне ў твар без ўсякай прычыны з майго боку?
— Я вам кажу, — прамовіў загадчык, — што вашу двурушнасць і пакорлівасць і двурушнасць і пакорлівасць ўсіх служачых я ненавіджу, — ён зняважліва пстрыкнуў пальцамі. — Я бачу вас наскрозь! Вы для мяне празрысты, як паветра! Няма нікога са служачых, якія займаюць месца паміж мною і самым апошнім ў гэтай канторы (да яго вы ставіцеся спагадліва, і не без падстаў, бо вас раздзяляе невялікая адлегласць), хто-б цішком не парадаваўся прыніжэнню свайго гаспадара, хто-б у глыбіні душы не адчуваў да яго нянавісці, хто-б не жадаў яму зла і хто-б не паўстаў, каб была ў яго храбрасць і сіла! Чым больш карыстаемся яго ласкамі, тым больш зносім ад яго крыўд; чым бліжэй да яго, тым далей ад яго! Вось якое перакананне ўсіх служачых!
— Не ведаю, — адазваўся брат, чыё абурэнне хутка саступіла месца здзіўленню, — не ведаю, хто вам нагаварыў такіх рэчаў і чаму вам захацелася выпрабоўваць мяне, а не каго-небудзь іншага. А вы мяне выпрабоўвалі і абдурвалі — у гэтым я цяпер упэўнены. Вы трымаецеся і гаворыце так, як ніколі яшчэ не было. Паўтараю яшчэ раз — вас ашукваюць.
— Ведаю, што ашукваюць, — сказаў загадчык, — я вам гэта ўжо казаў.
— Не я, — запярэчыў яго брат. — Ваш даносчык, калі ёсць ён у вас. А калі няма, то вашы ўласныя думкі і падазрэнні.
— У мяне няма ніякіх падазрэнняў, — сказаў загадчык. — У мяне ёсць упэўненасць. Усе вы — маладушныя, подлыя, ліслівыя сабакі! Усе вы прыкідваецеся, усе двурушнічаеце, ўсе сцвярджаеце адны і тыя-ж жаласлівыя словы, усе захоўваеце адну і тую-ж тайну, якую лёгка разгадаць.
Калі ён замаўчаў, яго брат, не кажучы ні слова, пайшоў і зачыніў за сабой дзверы. Містэр Каркер-загадчык прысунуў да каміна крэсла і пачаў памаленьку разбіваць вугаллі качаргой.
— Труслівыя, гнусныя стварэнні! — прамармытаў ён, агаляючы два рады бліскучых зубоў. — Няма сярод іх нікога, хто-б не прытварыўся ўзрушаным і абураным… Ба! Каб у кожнага з іх была ўлада і каб яны мелі розум і смеласць, каб скарыстаць гэту ўладу, усе яны зняважылі-б гордасць містэра Домбі і знішчылі-б яе таксама бязлітасна, як я разбіваю гэтыя вугаллі! Яго апанавала яшчэ больш глыбокае раздум'е і ён сядзеў, разважаючы над чарнеючым попелам, пасля падняўся з выглядам чалавека, які адарваўся ад кнігі, і, азірнуўшыся вакол, узяў капялюш і пальчаткі і накіраваўся туды, дзе чакаў яго конь, сеў на яго і паехаў па асветленых вуліцах; быў вечар.
Ён наблізіўся да дома містэра Домбі, затрымаў каня і, праязджаючы ступою, паглядзеў угору, на вокны. Спачатку яго ўвагу прыцягнула тое акно, у якім ён бачыў некалі Фларэнс з яе сабакам, хоць цяпер у ім не было святла.
Ён усміхнуўся, акінуўшы позіркам велічны фасад дома, і, здавалася, ганарліва адвярнуўся ад гэтага цёмнага акна.
— Быў час, — сказаў ён, — калі цяжка было сачыць нават за вашай маленькай узыходзячай зоркай і ведаць, дзе збіраюцца воблакі, каб у выпадку неабходнасці засланіць вас. Але цяпер узышла планета і зацямніла вас сваім ззяннем.