Перайсці да зместу

Домбі і сын/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХLІV. Разлука Раздзел ХLV. Давераная асоба
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XLVI. Апазнанне і размышленні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XLV

Давераная асоба.

Эдзіт выязджала ў той дзень адна і вярнулася дадому рана. Быў толькі пачатак адзінаццатай, калі яе экіпаж звярнуў на вуліцу, дзе яна жыла.

Спыніўшыся ля пад'езда, яна збіралася выйсці, калі нейкі чалавек, ціха вышмыгнуўшы з вестыбюля і стоячы з голай галавою, прапанаваў ёй руку. Слугу ён адхіліў, і ёй нічога не аставалася, як абаперціся на яе, і тады яна пазнала, чыя гэта рука.

— Як маецца ваш хворы, сэр? — запыталася яна з пагардлівай усмешкай.

— Яму лепш, — адказаў Каркер. — Ён папраўляецца. Я развітаўся з ім на ноч.

Яна нахіліла галаву і пачала падымацца па лесвіцы; ён пайшоў за ёю і сказаў, стоячы на ніжняй ступеньцы.

— Пані! Магу я прасіць аб тым, каб вы прынялі мяне на адну хвіліну?

Яна спынілася і азірнулася.

— Цяпер позна, сэр, і я стомлена. У вас тэрміновая справа?

— Надзвычай тэрміновая, — адказаў Каркер. — Калі ўжо мне пашанцавала сустрэць вас, дазвольце паўтарыць маю просьбу.

Яна паглядзела ўніз, на яго пабліскваючыя зубы, а ён паглядзеў на яе, апранутую ў прыгожае плацце, і зноў падумаў аб тым, якая яна прыгожая.

— Дзе міс Домбі? — гучна запыталася яна ў слугі.

— У будуары, пані.

— Правядзіце туды!

— Прашу прабачэння! Пані! Місіс Домбі! — усклікнуў украдчывы і жвавы Каркер, у момант апынуўшыся побач з ёю. — Дазвольце папрасіць вас аб тым, каб міс Домбі пры гэтым не прысутнічала!

Яна кінула на яго шпаркі позірк, але па-ранейшаму захоўвала спакой і стрыманасць.

— Я хацеў-бы злітавацца над міс Домбі, — ціха сказаў Каркер, — і не даводзіць да яе ведама таго, што я маю сказаць. Ва ўсякім выпадку, я хацеў-бы, каб вы, пані, самі вырашылі, павінна яна аб гэтым ведаць ці не.

Яна павольна адвяла позірк ад яго твара і, павярнуўшыся да слугі, сказала:

— Правядзіце ў які-небудзь іншы пакой!

Той павёў іх у гасціную, дзе адразу запаліў агонь і вышаў. Ні слова не было сказана, пакуль ён быў у пакоі. Эдзіт велічна села на канапу ля каміна, а містэр Каркер, трымаючы ў руцэ капялюш і не адрываючы вачэй ад каўра, стаяў перад ёю воддаль.

— Перш чым выслухаць вас, сэр, — сказала Эдзіт, калі дзверы зачыніліся, — я хачу, каб вы мяне выслухалі.

— Звернутыя да мяне словы місіс Домбі, — адказаў ён, — хоць-бы афарбаваныя незаслужаным дакорам, з'яўляюцца такім вялікім гонарам, што я з усёю гатоўнасцю падпарадкаваўся-б яе жаданню нават у тым выпадку, калі-б не быў яе слугой.

— Калі той чалавек, аб якім вы ўспаміналі, сэр, — містэр Каркер падняў вочы, нібы жадаючы выказаць здзіўленне, але яна сустрэла яго позірк і прымусіла яго маўчаць, — даў вам якое-небудзь даручэнне да мяне, то не турбуйце яго перадаваць, бо я не буду слухаць. Бадай ці патрэбна мне пытацца, ці гэта прывяло вас сюды. Я чакала вас апошнія дні.

— Маё няшчасце заключаецца ў тым, — адказаў ён, — што іменна гэта справа прывяла мяне сюды, зусім супроць майго жадання. Дазвольце вам сказаць, што я прышоў сюды яшчэ па адной справе. Аб першай ўжо гаварылася.

— 3 ёю скончана, — сказала яна. — А калі-ж вы да яе вернецеся…

— Няўжо місіс Домбі думае, што я вярнуся да яе насуперакі яе забароне? — сказаў Каркер, падышоўшы бліжэй. — Ці можа быць, што місіс Домбі, зусім не лічачыся з цяжкім маім становішчам, вырашыла не аддзяляць мяне ад майго кіраўніка і тым самым наўмысна ставіцца да мяне ў вышэйшай ступені несправядліва?

— Сэр, — адказала Эдзіт, — чаму вы разыгрываеце гэту ролю перада мною, гаворыце мне аб каханні і пашане да майго мужа і робіце выгляд, нібы лічыце, што я шчасліва ў замустве і паважаю мужа? Як вы адважваецеся так зневажаць мяне, калі вам вядома — вядома не горш, чым мне, сэр: я гэта бачыла ў кожным вашым позірку, чула ў кожным вашым слове, — што кахання паміж намі няма, ёсць агіда і пагарда, і што я ненавіджу яго наўрад ці менш, чым самую сябе, за тое, што належу яму?

— Пані, — сказаў ён, — я ведаю, ведаў і да сёнешняга дня, што я не заслужыў вашай прыязнасці; ведаў я таксама і прычыну. Так, я ведаў прычыну. Вы так шчыра гаварылі са мною; я адчуваю такую палёгку, заслужыўшы вашага давер'я…

— Давер'я, — паўтарыла яна з пагардай.

Ён прапусціў гэта міма вушэй.

— … што не буду і спрабаваць утаіць свае думкі. Так, я бачыў з самага пачатку, што вы не кахаеце містэра Домбі. Як магло-б узнікнуць гэта пачуццё паміж двума такімі рознымі людзьмі? Пасля я ўбачыў, што пачуццё больш моцнае, чым роўнадушнасць, зарадзілася ў вашым сэрцы — ды ці і магло быць інакш, калі прыняць пад увагу ваша становішча? Але ці належала мне ўзяць на сябе смеласць адкрыць вам тое, што я ведаў?

— Ці належала вам, сэр, — адазвалася яна, — прыкідацца, быццам вы ўпэўнены ў адваротным, і дзёрзка паказваць мне на гэта з дня на дзень?

— Так, пані, належала! — з запалам запярэчыў ён. — Калі-б я гэтага не рабіў, калі-б я рабіў інакш, я не гаварыў-бы з вамі так, як гавару цяпер. А я прадбачыў — хто мог лепш прадбачыць, бо хто ведае лепш пра містэра Домбі, чым я? — што, калі толькі ваш характар не будзе такім самым падатлівым і ўступчывым, як характар яго першай пакорлівай жонкі, а гэтаму я не верыў…

Пакорлівая ўсмешка дала яму зразумець, што ён можа паўтарыць гэтыя словы.

— А гэтаму, кажу, я не верыў, — так, я прадбачыў, што, напэўна, прыдзе час, калі такая згода, да якой мы цяпер прышлі, можа аказацца карыснай.

— Карыснай каму, сэр? — абыякава запыталася яна.

— Вам.

Яна прыкусіла свае крывава-чырвоныя губы, але прадаўжала сачыць за ім тым-жа панурым, пільным позіркам.

— Пані, — сказаў містэр Каркер з надзвычайнай пашанай і ўвагай, садзячыся ў крэсла побач з ёю, — навошта мне хістацца цяпер, калі я цалкам вам адданы, і не гаварыць шчыра? Было зусім натуральна, што лэдзі, якая мае такія надзвычайныя якасці, знойдзе магчымым змяніць характар свайго мужа — змяніць яго ў лепшы бок.

— Гэта было ненатуральна для мяне, сэр, — засупярэчыла яна. — Такіх надзей і такіх намераў у мяне не было ніколі.

— Было натуральна, прынамсі, — прадаўжаў ён, — што вы лічылі зусім магчымым жыць з містэрам Домбі ў якасці яго жонкі, не падначальваючыся яму і ў той-жа час не даходзячы да такіх рэзкіх сутычак. Але, пані, разважаючы такім чынам, вы не ведалі містэра Домбі (у чым і пераканаліся з таго часу). Вы не ведалі, які ён патрабавальны і які ён горды або, калі дазволіце так сказаць, як ён заняволен сваёю-ж уласнай велічнасцю і ідзе, упрэжаны ў сваю ўласную трыумфальную калясніцу, нібы ўючная жывёла, думаючы толькі аб тым, што гэта калясніца знаходзіцца за яго спіной і цягнуць яе патрэбна цераз усё і праз усё.

Зубы яго асляпляльна бліснулі, калі ён злосна прадаўжаў:

— Містэр Домбі сапраўды няздолен паставіцца з сапрэўднай увагай як да вас, так і да мяне. Параўнанне надзвычай рызыкоўнае — я яго зрабіў наўмысна, — але правільнае. Містэр Домбі, карыстаючыся паўнатой улады, папрасіў мяне — я гэта пачуў ад яго самога ўчора раніцой, — каб я быў пасярэднікам паміж ім і вамі, бо яму вядома, што вы непрыязна ставіцеся да мяне, але іменна праз мяне ён хоча пакараць вас за вашу ўпартасць. Вы можаце ўявіць, як пагарджае ён мною, як ён не дапускае магчымасці, што ў мяне ёсць нейкія асабістыя мае пачуцці або думкі, калі ён проста мне гаворыць, што мне дадзена гэтае даручэнне. Вам вядома, з якой абыякавасцю ён ставіцца да вашых пачуццяў, калі пагражае прыслаць да вас такога вестуна. І вы, вядома, не забыліся, што ён ужо рабіў гэта.

Яна па-ранейшаму сачыла за ім уважліва.

— Аб усім гэтым я напамінаю вам не дзеля таго, каб, пашырыць прорву паміж вамі і містэрам Домбі, пані… божа збаў! Якая была-б мне ад гэтага карысць!.. але толькі з мэтай паказаць, як безнадзейна было-б унушаць містэру Домбі думку, што патрэбна яшчэ з некім лічыцца. Думаю, што мы, асобы, якія яго акружаюць і займаюць тое або іншае становішча, зрабілі сваю справу, умацаваўшы гэты пункт яго гледжання; але калі-б не зрабілі гэтага мы, гэта зрабілі іншыя — інакш яны не былі-б пры ім; і так было заўсёды, з самага яго нараджэння. Карацей кажучы, містэру Домбі даводзілася мець справу толькі з тымі, хто быў яму паслухмяны і залежаў ад яго, хто апускаўся на калені і схіляў перад ім галаву. Ён ніколі не ведаў, што азначае мець справу з абуранай гордасцю і вялікім гневам, якія паўсталі супроць яго.

— Але ён пазнае гэта цяпер! — здавалася, сказала яна, хоць губы яе аставаліся сціснутымі, а позірк нерухомым.

— Пані, — прадаўжаў ён, — я з гэтым скончыў. Вашы перакананні, такія глыбокія і, у гэтым я не сумняваюся, такія непахісныя, — апошнія словы ён прамовіў павольна і вельмі выразна, — што я амаль баюся зноў выклікаць ваша нездавальненне. Але я павінен сказаць, што, не гледзячы на яго недахопы і поўную маю асвядомленасць аб іх, я паступова прывык да містэра Домбі і навучыўся паважаць яго. Верце мне, я гэта гавару не для таго, каб выхваляцца пачуццём, якое такое чужое вашаму і зусім не выклікае вашай сімпатыі, — о, як гэта было красамоўна і ясна сказана — але для таго, каб запэўніць вас, якім адданым вашым слугой з'яўляюся я пры такіх сумных акалічнасцях і з якім абурэннем стаўлюся да тае ролі, якую мяне прымушаюць выконваць!

Яна як быццам баялася адарваць ад яго позірк.

— Позна ўжо, — памаўчаўшы, сказаў Каркер, — а вы стомлены, як вы казалі! Але я павінен памятаць, што ў мяне ёсць да вас яшчэ адна справа. Я вам павінен параіць, я павінен упрашваць вас — для гэтага ў мяне ёсць важныя прычыны, — настойліва ўпрашваць аб тым, каб вы былі асцярожны, праяўляючы свой удзел да міс Домбі.

— Асцярожная! Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Старайцеся не праяўляць вельмі вялікай прывязанасці да гэтай маладой лэдзі.

— Вельмі вялікай прывязанасці, сэр! — усклікнула Эдзіт, нахмурыўшы свой шырокі лоб і падняўшыся з месца. — Хто можа меркаваць аб маёй прывязанасці або вымяраць яе? Вы?

— Не я гэта раблю. — Ён быў збянтэжаны або прытварыўся збянтэжаным.

— А хто-ж?

— Няўжо вы не можаце адгадаць, хто?

— Я не хачу адгадваць, — адказала яна.

— Пані, — сказаў ён пасля нядоўгага вагання; яны ўсё яшчэ пазіралі адзін на аднаго таксама, як і раней, — я знаходжуся у цяжкім становішчы. Вы мне сказалі, што не жадаеце атрымліваць цераз мяне ніякіх паведамленняў, і вы рашуча забаранілі мне варочацца да гэтага прадмета; але гэтыя два прадметы, як я ўбачыў, вельмі цесна звязаны, і калі вас не задаволіць такая няясная перасцярога, якая зыходзіць ад таго, хто цяпер мае гонар карыстацца вашым давер'ем, хоць яму давялося папярэдне заслужыць сабе вашу няласку, то я павінен парушыць накладзеную вамі забарону.

— Вам вядома, што вы можаце гэта зрабіць, сэр, — сказала Эдзіт. — Можаце парушыць яе.

Якая бледная, якая трапяткая, якая ўсхваляваная! Так, значыцца, ён не памыліўся, разлічваючы на эфект!

— Яго распараджэнні, — сказаў ён, — ускладалі на мяне абавязак паведаміць вам, што вашы паводзіны ў адносінах да міс Домбі яму не спадабаюцца. Што яны цягнуць за сабою параўнанні, не спрыяючыя для яго. Што ён жадае гэта змяніць; калі вы паставіцеся да гэтага сур'ёзна, ён упэўнен, што так і будзе; бо, заўсёды праяўляючы сваю прывязанасць да яе, вы не зробіце ёй дабра.

— Гэта пагроза? — запыталася яна.

— Гэта пагроза, — адказаў ён нячутна, а голасна прамовіў. — Але яна накіравана не супроць вас.

Ганарлівая, статная, велічная, такой яна стаяла перад ім, пазірала на яго шырока раскрытымі бліскучымі вачыма, усміхалася з пагардай і горыччу — і раптам панікла, як быццам зямля пад нагамі ў яе правалілася, і ўпала-б на падлогу, калі-б ён не падтрымаў яе. Яна адштурхнула яго, як толькі ён дакрануўся да яе, і, адступіўшыся назад, зноў стаяла перад ім з выцягненай рукой.

— Калі ласка, пакіньце мяне! Не гаварыце больш нічога сёння.

— Я буду заходзіць сюды заўсёды — наведваць яго, а таксама і па справах. Дазвольце мне пабачыцца з вамі яшчэ раз, параіцца, што рабіць, і даведацца пра вашы жаданні.

Яна паказала яму на дзверы.

— Я нават не магу вырашыць, ці сказаць яму, што я ўжо гаварыў з вамі, ці няхай ён лічыць, што я адклаў гэту размову з прычыны нязручнага выпадку, або па іншай прычыне. Неабходна, каб вы хутчэй далі мне магчымасць параіцца з вамі. — Калі захочаце, толькі не цяпер, — адказала яна.

— Вы зразумееце, калі я захачу ўбачыць вас, што міс Домбі не павінна пры гэтым прысутнічаць і што я прашу аб спатканні як чалавек, які мае шчасце карыстацца вашым давер'ем і прыходзіць, каб аказаць вам пасільную дапамогу і, магчыма, не раз адхіліць бяду ад яе.

Па-ранейшаму пазіраючы на яго, нібы яўна баючыся хоць-бы на секунду адвесці пільны погляд, яна адказала згодліва і зноў папрасіла яго выйсці.