Домбі і сын/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXXVI. Святкаванне наваселля Раздзел ХХХVII. Некалькі перасцярог
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХХVIII. Міс Токс аднаўляе старое знаёмства

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХХVII

Некалькі перасцярог.

У наступны дзень Фларэнс, Эдзіт і місіс Ск'ютон сядзелі разам, а ля пад'езда чакала карэта, каб везці іх на прагулку. Бо цяпер у Клеапатры зноў была свая галера, а ў часе абеду Уітэрс, ужо не змучаны, у куртцы з птушынымі грудзьмі і ў штанах ваеннага ўзору, стаяў за яе крэслам, якое было не на калёсах, і больш не калоўся. У гэтыя дні валасы Уітэрса блішчэлі ад памады, ён насіў лайкавыя пальчаткі, і ад яго пахла адэкалонам.

Яны сабраліся ў пакоі Клеапатры. Змяя старога Ніла[1] (няхай не будзе гэта знявагай) спачывала на софе, маленькімі глыткамі папіваючы свой ранішні шакалад у тры гадзіны дня, а Флауэрс, пакаёўка, прышпільвала ёй рукаўчыкі і аборачкі і ўтварала над ёй цырамонію хатняга каранавання, ускладаючы на галаву аксамітны капялюшык персікавага колеру; штучныя ружы на ёй ківаліся надзвычай эфектна, калі паралічнае дрыжэнне іх закранала, накшталт лёгкага ветрыку.

— Здаецца, я крыху ўзнервавана сёння раніцою, Флауэрс, — сказала місіс Ск'ютон. — У мяне рука дрыжыць.

— Учора вы былі душою грамады, пані, — адазвалася Флауэрс, — а сёння вам даводзіцца за гэта расплачвацца.

Эдзіт, якая падазвала Фларэнс да акна і пазірала на вуліцу, стоячы спіной да сваёй паважанай маці, якая займалася туалетам, раптам адскочыла ад акна, нібы бліснула маланка.

— Дарагое маё дзіця, — млява ўсклікнула Клеапатра, — няўжо і вы нервовая? Не кажыце мне, любая Эдзіт, што вы, такая стрыманая, робіцеся такою-ж пакутніцай, як ваша маці з яе няшчаснай натурай! Уітэрс, нехта стукае.

— Візітная картка, пані, — сказаў Уітэрс, падаючы яе місіс Домбі.

— Я паеду, — сказала тая, не глянуўшы на картку.

— Дарагая мая, — праказала місіс Ск'ютон, расцягваючы словы, — як дзіўна даваць такі адказ, нават не пазнаўшы, хто прышоў. Падайце сюды, Уітэрс. Ах, божа мой, любачка, ды гэта-ж містэр Каркер! Такі разважлівы чалавек!

— Я паеду, — паўтарыла Эдзіт такім загадным тонам, што Уітэрс, падышоўшы да дзвярэй, загадна сказаў чакаўшаму слузе: «Місіс Домбі едзе. Ідзіце!» і зачыніў перад ім дзверы.

Але праз некалькі хвілін слуга вярнуўся і шапнуў нешта Уітэрсу, які зноў, і не вельмі ахвотна, з'явіўся перад місіс Домбі.

— Прашу прабачэння, пані, містэр Каркер сведчыць сваё шанаванне і просіць, калі можна, удзяліць яму адну хвіліну — для размовы па справе, пані.

— Дапраўды, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон самым пяшчотным голасам, бо выраз твара дачкі не абяцаў дабра, — калі вы дазволіце мне выказаць маю думку, я параіла-б…

— Прасіце яго сюды, — сказала Эдзіт.

Калі Уітэрс пайшоў выконваць загад, яна дадала, кінуўшы хмурны позірк на матку:

— Калі ён прыходзіць па вашу параду, няхай зойдзе ў ваш пакой.

— Магу я… ці не пайсці мне? — хутка запыталася Фларэнс.

Эдзіт сцвярджальна кіўнула ёй галавой але, накіроўваючыся да дзвярэй, Фларэнс сустрэла ўваходзячага госця. З тою-ж непрыемнай фамільярнасцю і спагадлівасцю, з якой ён заўсёды звяртаўся да яе, загаварыўшы самым ліслівым тонам, ён выказаў надзею, што яна здарова… аб гэтым няварта было пытацца, досыць паглядзець на яе твар, каб атрымаць адказ… ён ледзьве меў гонар пазнаць яе ўчора вечарам, так яна змянілася… Ён прытрымліваў дзверы адчыненымі, калі яна выходзіла, і ўпотайку ўсведамляў уладу над ёю, якая спалохана адхіснулася ад яго, і гэта ўсведамленне ён не мог да канца захаваць, не гледзячы на ўсю сваю пачцівасць і ветлівасць.

Пасля ён схіліўся на секунду над прыязна працягненай рукой місіс Ск'ютон і, нарэшце, пакланіўся Эдзіт. Холадна, не пазіраючы на яго, яна адказала на яго прывітанне і, не садзячыся сама і не запрашаючы яго сесці, чакала, каб ён загаварыў.

— Я дазволіў сабе дамагацца гонару ўбачыць вас, — пачаў, містэр Каркер, — і я адважыўся сказаць, што прышоў па справе, таму што…

— Магчыма, містэр Домбі даручыў вам перадаць мне якое-небудзь ганьбаванне? — запыталася Эдзіт. — Містэр Домбі аказвае вам такое незвычайнае давер'е, сэр, што бадай ці здзівіце вы мяне, калі іменна ў гэтым і заключаецца ваша справа.

— У мяне няма ніякага даручэння к лэдзі, якая надае свой бляск яго імю, — сказаў містэр Каркер. — Але я, у сваіх уласных інтарэсах, прашу гэту лэдзі быць справядлівай да пакорнага слугі, які просіць яе аб справядлівасці… да простага падначаленага містэра Домбі… да чалавека, які займае скромнае становішча… і падумаць аб тым, што ўчара ўвечары я быў зусім бездапаможным і не мог ухіліцца, калі мяне прымусілі быць сведкам вельмі пакутлівых тлумачэнняў.

— Дарагая мая Эдзіт, — ціхім голасам сказала Клеапатра, апускаючы ларнет, — дапраўды-ж, гэта вельмі чароўна з боку містэра… як яго там завуць. І ў гэтым столькі шчырасці!

— Бо я адважваюся, — прадаўжаў містэр Каркер, з пачцівай удзячнасцю звяртаючыся да місіс Ск'ютон, — я адважваюся назваць гэта пакутлівымі тлумачэннямі, хоць такімі яны былі толькі для мяне, які меў няшчасце пры гэтым прысутнічаць. Такое нязначнае разыходжанне паміж апекунамі — паміж тымі, хто бескарысліва любіць адзін аднаго і хто заўсёды гатоў прынесці сябе ў афяру, — гэта нішто. Як сказала ўчора вечарам вельмі правільна і з такім пачуццем сама місіс Ск'ютон, — гэта нішто!

Эдзіт не магла пазіраць на яго, але праз некалькі секунд яна зыпаталася:

— А ваша справа, сэр…

— Эдзіт, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон, — містэр Каркер увесь час стаіць. Дарагі містэр Каркер, прашу вас, прысядзьце.

Ён нічога не адказаў матцы, але не спускаў вачэй з ганарыстай дачкі, нібы ад яе адной чакаў запрашэння і рашыў яго дамагчыся. Эдзіт, насуперакі свайму жаданню, села і лёгкім рухам рукі прапанавала яму сесці. Гэтага было дастаткова. Містэр Каркер сеў.

— Ці дазволіце вы мне, пані, — пачаў Каркер, асляпляючы місіс Ск'ютон сваімі белымі зубамі, — ці дазволіце вы, якая ўладае такім глыбокім разуменнем і такою чуллівасцю, паведаміць сёе-тое місіс Домбі і даць ёй права перадаць гэта вам, яе лепшаму і самому шчыраму сябру… пасля містэра Домбі.

Місіс Ск'ютон хацела пайсці, але Эдзіт спыніла яе. Эдзіт спыніла-б і яго і з абурэннем загадала-б яму гаварыць адкрыта або змоўкнуць, калі-б ён не сказаў, прыцішыўшы голас: «Міс Фларэнс… маладая лэдзі, якая толькі што вышла з пакоя…»

Эдзіт дазволіла яму прадаўжаць. Цяпер яна пазірала на яго. Калі ён нахіляўся з найвялікшай далікатнасцю і пашанай, набліжаючыся да яе, і з ціхамірнай усмешкай паказваў свае зубы, якія выстраіліся ў баявым парадку, ёй хацелася забіць яго на месцы.

— Становішча міс Фларэнс, — зноў пачаў ён, — было сумным. Мне цяжка гаварыць аб гэтым з вамі, бо ваша прывязанасць да яе бацькі натуральна прымушае вас чула і рэўніва прыслухоўвацца да кожнага слова, якое мае да яго адносіны. — Яго гаворка заўсёды была ліслівай, але немагчыма апісаць тую ліслівасць, з якой ён праказаў гэтыя словы і гаварыў іншыя, падобныя да іх па сэнсу. — Але ці магу я, як чалавек, які таксама, хоць і па-іншаму адданы містэру Домбі і заўсёды зачароўваўся характарам містэра Домбі, ці магу я сказаць, не зневажаючы вашай далікатнасці, як жонкі, што на міс Фларэнс, на няшчасце, не звяртаў увагі… яе бацька? Ці магу я сказаць — яе бацька.

Эдзіт адказала:

— Мне гэта вядома.

— Вам гэта вядома, — паўтарыў містэр Каркер, як відаць, з глыбокай палёгкай. — Гэта здымае ў мяне цяжар з сэрца. Ці магу я спадзявацца, што вам вядома крыніца гэтай няўвагі, якая тлумачыцца гордасцю містэра Домбі, больш правільна — яго характарам?

— Вы можаце не спыняцца на гэтым, сэр, — заўважыла яна. — І хутчэй перайсці да таго, што вы маеце сказаць.

— Вядома, пані, я разумею, — адказаў містэр Каркер, — верце мне, я вельмі добра разумею, што містэру Домбі не патрэбны ў вашых вачах ніякія апраўданні. Але прашу вас меркаваць аб маім сэрцы па вашаму сэрцу, і вы мне прабачце маю цікавасць да яго, нават калі гэтая празмерная цікавасць часамі заводзіць мяне занадта далёка.

Якой пакутай для яе гордага сэрца было сядзець тут з ім, тварам у твар, калі ён зноў і зноў падаваў ёй фальшывую яе клятву перад алтаром і навязваў яе, нібы чашу з недапітым рвотным напіткам, а яна не магла прызнацца, што гэты напітак унушае ёй агіду, і не магла адмовіцца ад яго! Як мучылі яе сорам, раскаянне і гнеў, калі, будучы перад ім ва ўсёй сваёй прыгажосці, яна ведала, што па сутнасці ляжыць ля яго ног!

— Міс Фларэнс, — прадаўжаў Каркер, — пакінутая на апеку — калі можна гэта назваць апекай — слуг і наёмных людзей, якія ва ўсіх адносінах стаяць ніжэй яе, натуральна, мела патрэбу з дзіцячых год у навучаннях і ўказаннях і, не маючы гэтага, у сваіх учынках была неасцярожнай і да вядомай ступені забылася пра сваё становішча. Захапілася яна была нейкім Уолтэрам, простым хлапцом, які, на шчасце, цяпер памёр. І шкадуючы павінен сказаць, што яна падтрымлівала вельмі непажаданыя зносіны з нейкімі маракамі кабатажнага плавання, якія зусім не карыстаюцца добрай рэпутацыяй, і са старым уцёкшым банкротам.

— Я пра ўсё гэта чула, сэр, — сказала Эдзіт, кінуўшы на яго пагардлівы позірк, — і мне вядома, што вы гэтыя факты скажаеце. Вы можаце гэтага не ведаць. Спадзяюся, што так.

— Прабачце, — сказаў містэр Каркер, — думаю, што ніхто не ведае іх лепш, чым я. Вашу велікадушную і палкую натуру пані, — тую натуру, якая так благародна і настойліва апраўдвае вашага любімага і паважанага мужа і якая яго ашчаслівіла, як ён таго заслугоўвае, — я павінен шанаваць, павінен паважаць яе і скарацца перад ёю. Але што датычыць фактаў, — а дзеля іх та я і адважыўся дамагацца вашай увагі, — то ў мяне не можа быць ніякіх сумненняў, бо, выконваючы свой абавязак у якасці даверанага містэра Домбі — маю права сказаць, як яго сябра, — я безумоўна ўстанавіў іх. У выкананне гэтага абавязку, вельмі заклапочаны, як вы можаце гэта зразумець, усім, што мае да яго адносіны, узахвочаны, калі хочаце (бо баюся, што я ў вас у няласцы), больш нізкімі матывамі — жаданнем даказаць сваю стараннасць і заслужыць большую ласку, я доўга расследваў гэтыя факты і сам і з дапамогай асоб, якія заслугоўваюць давер'я, маю шматлікія і бясспрэчныя доказы.

Яна зірнула толькі на яго рот, але ў кожным зубе ўбачыла прыладу зла.

— Прабачце, пані, — прадаўжаў ён, — калі ў сваім замяшанні я адважваюся прасіць у вас парады і прыняць пад увагу ваша жаданне. Калі не памыляюся, я заўважыў, што вы вельмі цікавіцеся міс Фларэнс?

Ці было ў ёй хоць што-небудзь чаго-б ён не заўважыў і не ведаў? Зняважаная і ў той-жа час абураная гэтай думкай, яна прыкусіла дрыжачую губу, каб стрымацца, і холадна кіўнула галавой.

— Гэта цікавасць, пані, якая так чулліва даводзіць, што вам дорага ўсё, што датычыць містэра Домбі, прымушае мяне вагацца, перш чым я пазнаёмлю яго з гэтымі фактамі, якіх ён яшчэ не ведае. Калі дазволіце мне зрабіць прызнанне, мая вернасць яму настолькі пахіснулася, што вам дастаткова толькі зрабіць намёк аб сваім жаданні, каб я замоўкнуў аб іх.

Эдзіт шпарка падняла галаву і, адхіснуўшыся, накіравала на яго пануры позірк. Ён адказаў самай нясмелай і пачцівай усмешкай і прадаўжаў:

— Вы кажаце, што я падаю іх у скажоным выглядзе. Думаю, што не! Думаю, што не. Але скажам, што гэта так. Непакой, які я ў апошні час перажываю, выклікан наступным: нават тая акалічнасць, што міс Фларэнс з усёю нявіннасцю і даверлівасцю бывала ў падобным грамадстве, будзе мець рашаючае значэнне для містэра Домбі, ужо настроенага супроць яе, і прымусіць яго прыняць захады (ведаю, што ён ужо думаў аб гэтым) да таго, каб расстацца з ёю і выгнаць яе са свайго дома. Пані, будзьце да мяне ласкавы і ўспомніце, што я ледзь не з дзяцінства меў справу з містэрам Домбі, ведаў яго і паважаў, будзьце да мяне ласкавы, калі я гавару, што калі ёсць у яго які-небудзь недахоп, то гэты недахоп — ганарыстая ўпартасць, якая ўкаранілася ў той благароднай гордасці і ўсведамленні ўласнай улады, якія яму ўласцівы і перад якімі мы ўсе павінны скарацца. Упартасць непакорлівая, у адрозненне ад упартасці іншых людзей, і ўзрастаючая з дня на дзень і з года ў год!

Яна ўсё яшчэ не спускала з яго вачэй; але якім-бы ні быў рашучым яе позірк, ноздры яе раздзімаліся, дыханне зрабілася глыбейшым і губы злёгку скрывіліся, калі ён абрысоўваў тыя якасці свайго апекуна, перад якім, як ён казаў, яны ўсе павінны схіліцца. Ён гэта бачыў, і хоць выраз яго твара не змяніўся, яна ведала, што ён гэта бачыў.

— Нават такое нязначнае разыходжанне, якое адбылося ўчора ўвечары, — сказаў ён, — калі мне будзе дазволена вярнуцца да яго, растлумачыць сэнс маіх слоў лепш, чым разыходжанне больш сур'ёзнае. Домбі і Сын не прызнаюць ні часу, ні месца, ні пары года, але падначальваюць іх сабе. Але я радуюся гэтай падзеі, бо яна дае мне магчымасць закрануць сёння з місіс Домбі гэту тэму, нават калі я часова наклічу на сябе яе нездавальненне. Пані, у самы разгар майго неспакою і апасак з гэтай прычыны я быў выкліканы містэрам Домбі ў Лімінгтон. Там я ўбачыў вас. Там я не мог не зразумець, якое становішча вы зоймеце ў бліжэйшы час — становішча, якое абяцае шчасце на доўгі час як яму, так і вам. Там я вырашыў чакаць, пакуль вы перабярэцеся да сябе, у свой дом, а пасля дзейнічаць так, як дзейнічаю я цяпер. У глыбіні душы я не баюся здрадзіць свайму абавязку ў адносінах да містэра Домбі, калі даверу вашаму сэрцу тое, што мне вядома, бо калі ў дваіх адно сэрца і адна душа, як у гэтым саюзе, то адзін з двух можа замяніць сабою другога. Такім чынам, ці даверу я такое пытанне вам ці яму, сумленне маё будзе амаль што аднолькава спакойна. Па прычынах, мною спамянутых, я хацеў-бы выбраць вас. Ці магу я спадзявацца на такі гонар, што давяральнае маё паведамленне прынята і што я вольны ад усякай адказнасці?

Ён доўга памятаў той позірк, які яна кінула на яго — хто мог-бы бачыць яго і не запамятаць? — і барацьбу яе душы. Нарэшце, яна сказала:

— Я прымаю гэта, сэр. Лічыце пытанне вычарпаным, і няхай з гэтым будзе скончана.

Ён нізка пакланіўся і ўстаў. Яна таксама ўстала, і ён з найвялікшай пакорлівасцю развітаўся з ёю. Але Уітэрс, сустрэўшы яго на лесвіцы, спыніўся, здзіўлены надзвычайнымі яго зубамі і асляпляючай яго ўсмешкай, а калі ён ехаў на сваім беланогім кані, прахожыя лічылі яго дантыстам — так блішчэлі яго зубы. І прахожыя лічылі яе, калі яна неўзабаве накіравалася на прагулку ў сваім экіпажы, знатнай лэдзі, не менш шчаслівай, чым багатай і прыгожай. Але яны яе не бачылі, калі некалькі хвілін назад яна была адна ў сваім пакоі, і не чулі, як яна сказала тры словы: «О, Фларэнс, Фларэнс!»

Місіс Ск'ютон, спачываючы на софе і маленькімі глыточкамі п'ючы шакалад, не чула нічога, апрача праказанага шэптам слова «справы», да якога яна ставілася з вялікай агідай, так што даўно ўжо выкінула яго са свайго слоўніка і ў выніку самым чароўным чынам і ад усяго сэрца (не будзем казаць — ад душы) амаль давяла да жабрацтва мадыстак і іншых асоб. Таму місіс Ск'ютон не задавала ніякіх пытанняў і не праяўляла ні малейшай цікавасці. Па праўдзе сказаць, аксамітны персікавага колеру капялюшык у дастатковай меры займаў яе ўвагу па-за домам, бо дзень быў ветраны, а капялюшык, пасаджаны на патыліцу, рабіў шалёныя намаганні, каб шмыгануць ад місіс Ск'ютон, і, не гледзячы на ўпрашанні, не згаджаўся ні на якія ўступкі. Калі дзверцы карэты зачыніліся і доступ ветру быў перагароджан, паралічнае дрыжэнне зноў пачало забаўляцца са штучнымі ружамі, нібы гулялі ў багадзельні састарэлыя зефіры, і наогул у місіс Ск'ютон досыць было клопатаў і спраўлялася яна з імі няважна.

Пад вечар ёй не стала лепш, бо, калі місіс Домбі апранулася і поўгадзіны чакала яе ў сваім пакоі, а містэр Домбі, прагульваючыся па гасцінай, апынуўся ў стане ганарыстага раздражненяя (яны ўтраіх павінны былі ехаць на запрошаны абед) Флауэрс, пакаёўка, з'явілася з бледным тварам перад місіс Домбі і сказала:

— Пані, прашу прабачэння, але я нічога не магу зрабіць з місіс!

— Што гэта азначае? — запыталася Эдзіт.

— Пані, — адказала спалоханая пакаёўка, — я нічога не разумею. У яе твар як быццам скрывіўся.

Эдзіт разам з ёю пабегла ў пакой маці. Клеапатра была ў поўным убёры — брыльянты, кароткія рукавы, румяны, завіткі, зубы і іншыя дзявоцкія чароўнасці былі ў наяўнасці, але параліч нельга было ўвесці ў заблуджэнне, — ён пазнаў у ёй тую, за кім быў пасланы, і паразіў яе перад люстрам, дзе яна і ляжала, як агідная лялька, скінутая на падлогу.

Без сораму яе разабралі на часткі, і тое нямногае, што было ў ёй сапраўдным, паклалі ў пасцель. Паслалі па дактароў, і тыя хутка з'явіліся. Ужылі моцна дзеючыя сродкі, вынеслі прыгавор, што ад гэтага ўдару яна паправіцца, але другога не перажыве; і на працягу многіх дзён яна ляжала нямая, пазіраючы ў столь, часамі нечленараздзельна мармытала ў адказ на пытанні, ці пазнае яна тых, хто тут знаходзіцца; часамі не давала адказу ні знакам, ні жэстам, ні выразам немігаючых вачэй.

Нарэшце, яна пачала патроху ачуньваць і ў нейкай ступені набыла здольнасць варушыцца, але гаварыць яшчэ не магла. Аднойчы яна адчула, што зноў уладае правай рукой, і, паказаўшы на гэта пакаёўцы, якая яе даглядала, і выяўляючы вялікае хваляванне, яна рабіла знакі, каб ёй далі аловак і паперу. Пакаёўка адразу-ж гэта падала, думаючы, што яна хоча напісаць завяшчанне або выказаць апошняе сваё жаданне; місіс Домбі не было дома, і пакаёўка з пачцівасцю чакала вынікаў.

Пасля цяжкіх намаганняў, якія выявіліся ў пісанні, сціранні, напісанні няўмесных літар, якія, здавалася, зрываліся самі з алоўка, старая працягнула такі дакумент:

«Ружовыя фіранкі».

З тае прычыны, што пакаёўка была зусім збянтэжана — і не без падстаў, — Клеапатра прыпісала яшчэ два словы, і цяпер на паперы было:

«Ружовыя фіранкі для дактароў».

Цяпер пакаёўка пачала смутна здагадвацца, што фіранкі ёй патрэбны для таго, каб у прысутнасці дактароў колер твара ў яе быў лепшы; а з прычыны таго, што тыя з дамачадцаў, хто добра яе ведаў, не сумняваліся ў правільнасці гэтага заключэння, якое яна неўзабаве і сама магла пацвердзіць, да яе ложка былі прывешаны ружовыя фіранкі, і з гэтай гадзіны яна пачала папраўляцца з надзвычайнай хуткасцю. Неўзабаве яна магла ўжо сядзець у завітках, карункавым чапцы і капоце і ўпрыгожыць глыбокія ўпадзіны на шчоках лёгкім штучным румянцам.

— Дзе місіс Домбі? — пыталася яна ў сваёй пакаёўкі.

— Яе няма дома, пані.

— Няма дома! Яна выходзіць з дому, каб шмыгануць ад сваёй мамы, Флауэрс?

— Бог з вамі, пані! Місіс Домбі паехала з міс Фларэнс пракатацца.

— Міс Фларэнс! Хто такая міс Фларэнс? Не гаварыце мне пра міс Фларэнс. Што для яе міс Фларэнс у параўнанні са мной?

У час вынятыя брыльянты, аксамітны персікавага колеру капялюшык (бо для прыёму наведвальнікаў яна надзявала капялюшык, хоць выязджаць з дому пачала толькі праз некалькі тыадняў) або якія-небудзь святочныя анучы звычайна спынялі паток слёз, ужо гатовых хлынуць, і яна была ў добрадушчым настроі аж да прыходу Эдзіт; а тады, зірнуўшы на горды твар, яе зноў ахапляў смутак.

— Ну, ведаеце, Эдзіт! — усклікала яна, трасучы галавой.

— Што здарылася, матуля?

— Што здарылася! Дапраўды, я не ведаю, што здарылася. Свет робіцца такім штучным і няўдзячным, што мне пачынае здавацца, нібы зусім няма на свеце Сэрца або чаго-небудзь падобнага да гэтага. Хутчэй Уітэрс роднае маё дзіця, чым вы! Ён даглядае мяне значна больш, чым дачка. Дапраўды-ж, мне хочацца, каб я не была такой маладжавай. Магчыма, мне аказвалі-б тады больш пашаны.

— Чаго-б вы хацелі, мама?

— О, шмат чаго, Эдзіт! — Яна адказвала надзвычай нецярпліва.

— Хіба ў вас няма таго, чаго-б вам хацелася? Вы самі вінаваты, калі гэта так.

— Сама вінавата! — Яна пачала хныкаць. — Якой маткай я была для вас, Эдзіт! Я не расставалася з вамі з самай вашай калыскі! А вы не толькі пагарджаеце мяне і прывязанасць ваша да мяне не большая, чым да чужога чалавека, — вы не ўдзяляеце мне і дваццатай долі той любві, якую маеце да Фларэнс! Калі ласка, я ваша маці і магу яе сапсаваць! І вы яшчэ дакараеце мяне ў тым, што я сама вінавата!

— Матуля! Я вас ні ў чым не дакараю. Чаму вы заўсёды гаворыце пра гэта?

— Хіба не натуральна, што я пра гэтае спамінаю, калі я — увасобленая любоў і адчувальнасць, а кожны ваш позірк жорстка мяне раніць?

— Я не хачу вас раніць, матуля. Хіба вы забыліся, аб чым мы з вамі гаварылі? Пакінем мінулае ў спакоі.

— У спакоі! І ўдзячнасць да мяне пакінем у спакоі, і любоў да мяне пакінем у спакоі, і мяне пакінем у спакоі, пакуль я ляжу адна ў пакоі, пазбаўленая грамады і догляду, у той час як вы знаходзіце новых сваякоў, якіх даглядаеце, хоць яны зусім ніякіх правоў на вас не маюць! Ах, божа мой, Эдзіт, ці вядома вам, у якім надзвычайным доме вы — гаспадыня?

— Вядома. Ціха!

А гэты благародны чалавек, Домбі… ці ведаеце вы, што ён — ваш муж, Эдзіт, і што ў вас ёсць маёмасць, становішча, карэта і ці мала яшчэ чаго?

— Вядома, я гэта ведаю, матуля. Вельмі добра ведаю.

— А вы-б мелі ўсё гэта з добрым хлапцом… як яго звалі?.. з Грэйнджэрам, калі-б ён не памёр? Каму вы павінны дзякаваць за ўсё, Эдзіт?

— Вам, матуля, вам.

— У такім выпадку абдыміце мяне і пацалуйце. І давядзіце мне, Эдзіт, што вы добра ведаеце: не было на свеце лепшай маці, чым я. І паклапаціцеся аб тым, каб я, пакутваючы і мучаючыся з-за вашай няўдзячнасці, не ператварылася ў сапраўдную пачвару, інакш мяне ніхто не пазнае, калі я зноў з'яўлюся ў грамадстве, — не пазнае нават гэта ненавісная жывёліна, маёр!

Але іншы раз, калі Эдзіт падыходзіла да яе і, нахіліўшы сваю ганарлівую галаву, прыціскалася халоднай шчакой да яе шчакі, маці адкідалася назад, нібы баялася яе, і пачынала дрыжаць у прыпадку і крычаць, што ў яе думкі блытаюцца. А іншы раз яна спакойна прасіла яе пасядзець на крэсле, на ложку і пазірала на яе (калі тая сядзела ў глыбокай задуменнасці), і нават ружовыя фіранкі не маглі змяніць бяссэнснага і страшнага твара.

  1. Змяя старога Ніла — г. зн. Клеапатра, егіпецкая нарыца.