Перайсці да зместу

Домбі і сын/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХХХVII. Некалькі перасцярог Раздзел ХХХVIII. Міс Токс аднаўляе старое знаёмства
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XXXIX. Далейшыя прыгоды капітана Эдуарда Катля, марака

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXVIII

Міс Токс аднаўляе старое знаёмства.

Засмучоную міс Токс, пакінутую сваім сябрам Луізай Чык і пазбаўленую шчасця пазіраць у твар містэру Домбі, — бо дзве прыгожыя вясельныя карткі, злучаныя срэбнай ніткай, не ўпрыгожвалі ні люстра над камінам на пляцы Прынцэсы, ні клавікорд, ні тых палічак з бяздзеліцамі, якімі Лукрэцыя займалася ў святы, — ахапіў смутак і яна вельмі пакутвала ад меланхоліі. На працягу некаторага часу на пляцы Прынцэсы не чуваць было Птушынага вальса, кветкі аставаліся без догляду, і пыл збіраўся на мініятурным партрэце продка міс Токс з напудранай галавой і касічкай.

Аднак, міс Токс і па ўзросту яе і па характару не ўласціва было доўга дарэмна шкадаваць. Толькі два клавішы на клавікордах анямелі ад доўгага маўчання, калі ў гасцінай зноў пачулася шчабятанне і трэль Птушынага вальса; толькі адна галінка герані пала афярай дрэннага догляду, перш чым міс Токс зноў пачала акуратна кожную раніцу займацца сваімі кветкамі ў зялёных кошычках; продак з напудранай галавой аставаўся пад пластом пылу не больш шасці тыдняў, пасля чаго міс Токс падыхала на яго добрадушны твар і працерла яго кавалкам замшы.

Тым не менш, міс Токс адчувала сябе адзінокай і збянтэжанай. Яе адданасць, як-бы смешна яна не праяўлялася, была шчырай і глыбокай; і міс Токс, як яна сама казала, была «вельмі ўражана незаслужанай знявагай, нанесенай Луізай». Але натуры міс Токс пачуццё гневу было неўласціва. Калі яна праходзіла жыццёвы шлях, гаворачы салодкія словы і не маючы ўласнай думкі, то да гэтага часу яна прынамсі не спазнала жорсткіх парыванняў. Аднойчы на вуліцы, убачыўшы толькі Луізу Чык, якая паказалася на значнай адлегласці, кволы яе арганізм перажыў такое патрасенне, што ёй давялося зараз-жа шукаць прытулку ў кафейні, і там, у смуродным маленькім заднім пакоі, дзе звычайна елі суп і дзе патыхала бычынымі хвастамі, яна аблягчыла сваю душу горкімі слязмі.

На містэра Домбі, як думала міс Токс, у яе бадай ці былі якія-небудзь падставы наракаць. Яе ўяўленне аб надзвычайнасці гэтага джэнтльмена было такое, што цяпер, калі яе аддалілі ад яго, яна адчувала, нібы адлегласць паміж імі заўсёды была бясконца вялікай і нібы ён рабіў вялікую ласку, церпячы яе прысутнасць. Па шчыраму пераконанню міс Токс, ніякая жонка не магла быць надта прыгожай або надта велічнай для яго. Здавалася натуральным, што, маючы намер жаніцца, ён шукаў сабе жонку ў вышэйшых колах. Міс Токс са слязмі прышла да такога заключэння і па дваццаць разоў на дзень прызнавала яго справядлівасць.

Але, адвергнутая няўмольнай Луізай і ўнікаючы маёра (якому яна цяпер не вельмі што давярала), міс Токс пачала сумаваць, не ведаючы абсалютна нічога аб тым, што адбывалася ў доме містэра Домбі. А з тае прычыны, што яна ўсур'ёз прывыкла лічыць Домбі і Сына той воссю, вокол якой круціўся ўвесь свет, то і вырашыла, для атрымання вестак, якія так моцна яе цікавілі, аднавіць старое знаёмства з місіс Рычардс, ведаючы, што тая, з часу свайго апошняга памятнага з'яўлення перад асобай містэра Домбі, падтрымлівала зносіны з яго слугамі.

Як-бы там ні было, аднойчы вечарам міс Токс накіравала свае крокі да жылля Тудляў у той час, калі містэр Тудль, чорны і пакрыты попелам, падмацоўваўся чаем у кругу сям'і.

— Полі, мая жоначка пачаў містэр Тудль, трымаючы на кожным калене па юнаму Тудлю, у той час калі другія двое гатавалі яму чай і яшчэ цэлая куча забаўлялася вакол (у містэра Тудля ніколі не было недахопаў у дзецях, і заўсёды пад рукою ён меў іх вялікі запас), — вы даўно не бачылі нашага Байлера?

— Даўно, — адказала Полі, — але ён прыдзе сёння. Гэта яго вольны вечар, ён ніколі не прапускае.

— Мне здаецца, — сказаў містэр Тудль, п'ючы свой чай, — цяпер наш Байлер трымаецца, наколькі гэта магчыма для хлопчыка. Праўда Полі?

— О, ён трымаецца надзвычайна! — адгукнулася Полі.

— Ён нічога не надумаўся ўтойваць, праўда, Полі? — запытаўся містэр Тудль.

— Нічога! — рашуча сказала Полі.

— Я рад, што ён нічога не надумаўся утойваць, Полі, — заўважыў містэр Тудль задуменна і не спяшаючыся, складным нажом запіхаючы ў рот хлеб з маслам, нібы вугаль ў топку, — таму што не варта гэта рабіць. Праўда, Полі?

— Вядома, не варта. Ёсць аб чым пытацца!

— Слухайце, мае хлопчыкі і дзяўчынкі, — сказаў містэр Тудль, аглядаючы сваю сям'ю, — калі вы робіце якую-небудзь сумленную справу, лепш за ўсё, на маю думку, рабіць яе адкрыта. Калі здарыцца вам трапіць у цясніну або тунель, ніякімі гульнямі ўпотайку не забаўляйцеся. Давайце свісткі, і няхай усе ведаюць, дзе вы знаходзіцёся.

Падрастаючыя Тудлі прарэзліва закрычалі, выказваючы намер скарыстаць бацькаўскую параду.

— Але чаму вам прышло ў галаву гаварыць пра Роба? — у непакоі запыталася жонка.

— Полі, старэнькая, — адказаў містэр Тудль, — дапраўды-ж, я не ведаю ці гаварыў я гэта пра Роба. Я накіроўваюся ў дарогу з адным Робам, дабіраюся да раз'езда, падхватваю тое, што там знаходжу, і цэлая чарада думак прычапляецца да яго, перш чым я паспею здагадацца, дзе я або адкуль яны ўзяліся. Дапраўды-ж, думкі чалавека — сапраўдны чыгуначны вузел! — сказаў містэр Тудль.

Гэта глыбокадумнае меркаванне містэр Тудль запіў кубкам чаю, у якім змяшчалася пінта, і пачаў падмацоўвацца вялізнымі порцыямі хлеба з маслам, загадваючы ў той-жа час сваім юным дочкам наліць больш кіпятку ў кацялок, бо ў яго зусім перасохла ў горле і давядзецца яму выпіць вялікае мноства кубкаў, перш чым ён заспакоіць смагу.

Здавальняючы сябе, містэр Тудль не забываўся і аб юных парастках, якія акружалі яго і ўжо павячэралі, але ўсё-такі чакалі лішніх кавалачкаў, як ласунку. Гэтыя кавалачкі ён увесь час раздаваў сабраўшымся ў кружок юным Тудлям, працягваючы вялізную лусту хлеба з маслам, ад якой павінны былі адкусваць па чарзе ўсе члены сям'і, і такім-жа чынам частуючы іх маленькімі порцыямі чаю з лыжкі. Гэта лёгкая закуска паказалася юным Тудлям такой смачнай, што яны з захапленнем пачалі танцаваць, круціліся на адной ножцы і выяўлялі сваю радасць рознастайнымі скокамі.

Містэр Тудль, будучы ў цэнтры сям'і і — што датычыцца апетыту — даючы сваім дзецям ўстрашальны прыклад, трымаў на каленях двух юных Тудляў, вёз іх кур'ерскім поездам у Бермінгем і думаў аб прыпынку ля шлагбаума з хлеба з маслам, калі з'явіўся Роб Тачыльшчык у сваёй зюйдвестцы і траурных штанах і быў атакаваны братамі і сёстрамі.

— Як маецеся, матуля? — запытаўся Роб, пачціва цалуючы яе.

— Вось і мой хлопчык! — усклікнула Полі, абдымаючы яго і хлопаючы па спіне. — Утойвае! Бог з вамі, ужо ён та нічога не ўтойвае!

Гэта было сказана ў павучанне містэру Тудлю, але Роб Тачыльшчык, які не быў не адчувальны да ганьбы, адразу-ж падхапіў гэтыя словы.

— Як! Значыцца бацька зноў за нешта мяне лаяў! — усклікнуў нявінна зняважаны. — Ох, цяжка даводзіцца хлапцу, калі ён калісьці збіўся з дарогі, а родны бацька заўсёды яго дакарае за яго спіной! Дапраўды-ж, — прадаўжаў Роб, у роспачы хапаючыся за абшлаг сваёй курткі, — гэтага дастаткова, каб хлапец пайшоў і адпаліў якую-небудзь штуковіну са злосці!

— Бедны мой хлопчык! — закрычала Полі. — Бацька нічога такога не думаў.

— Калі бацька нічога такога не думаў, — захныкаў зняважаны Тачыльшчык, — дык навошта-ж ён штосьці гаварыў, матуля? Нікому я не здаваўся такім дрэнным, як майму роднаму бацьку. На што гэта падобна! Хацеў-бы я, каб хто-небудзь узяў дый адсёк мне галаву. Я думаю, бацька не супраць гэта зрабіць, і ўжо няхай лепш гэта зробіць ён, чым хто-небудзь іншы.

Пачуўшы такія роспачлівыя словы, усе юныя Тудлі завішчэлі, што выклікала патэтычны эфект, а Тачыльшчык яму садзейнічаў іранічна ўпрашаючы іх не аплакваць яго, бо яны павінны ненавідзець яго — павінны, калі яны добрыя хлопчыкі і дзяўчынкі! І гэта зрабіла такі ўплыў на прадапошняга Тудля, якога няцяжка было расчуліць, — зрабіла ўплыў не толькі на яго чуллівасць, але і на органы дыхання, — што ён пачырванеў, і містэр Тудль у жаху пацягнуў яго да бочкі з вадой і паднёс-бы яго пад кран, калі-б ён не ачуняў убачыўшы гэты інструмент. Пры такім становішчы спраў містэр Тудль папрасіў прабачэння, і, калі добрадзейныя пачуцці яго сына былі задаволены, яны паціснулі адзін другому рукі, і зноў запанаваў мір.

— Ці не хочаце паследаваць майму прыкладу, Байлер, мой хлопчык? — запытаўся бацька, з вялікай стараннасцю беручыся зноў за свой чай.

— Не, дзякую, бацька. Я піў ужо чай разам з гаспадаром.

— Ну, а як ён маецца, Роб? — запыталася Полі.

— Дапраўды, не ведаю, матуля. Пахваліцца няма чым. Вы разумееце, гандаль ніяк не ідзе. Ён, капітан, нічога ў гэтай справе не разумее. Якраз сёння зайшоў у краму нейкі чалавек і кажа: «Мне, — кажа, — патрэбна такая та рэч», і сказаў нейкае дзіўнае слова. «Што?» пытаецца капітан. «Такая та рэч», кажа чалавек. «Браток, — кажа капітан, — ці не хочаце добра агледзець краму?» — «Ды я-ж, — кажа чалавек, — ужо так і зрабіў». — «Вы бачыце тое, што вам патрэбна?» пытаецца капітан. «Не, не бачу», кажа чалавек. «А вы гэту рэч пазнаеце, калі яе ўбачыце?» пытаецца капітан. «Не, не пазнаю», кажа чалавек. «Ну, дык вось што я вам скажу, прыяцель, — кажа капітан; — вы-б лепш пайшлі назад і запыталіся, які ў яе выгляд, таму што і я яе не пазнаю!».

— Дык так-жа грошай не нажывеш, праўда? — сказала Полі.

— Грошай, матуля? Ніколі не нажыць яму грошай! Такога нораву, як у яго, я ні ў каго не бачыў! Але ўсё-такі я павінен сказаць, што ён нядрэнны гаспадар. Аднак, для мяне гэта няважна, бо я не збіраюся аставацца ў яго надоўга.

— Не збіраецеся астацца на гэтым месцы, Роб! — усклікнула маці, а містэр Тудль шырока расплюшчыў вочы.

— На гэтым месцы, бадай, не збіраюся, — падміргнуўшы, адказаў Тачыльшчык. — Я не здзівіўся-б… разумееце, сувязі… але цяпер вы ніякай увагі на гэта не звяртайце, матуля, са мною ўсё добра, і канец справе.

Гэтыя намёкі і таямнічы выгляд Тачыльшчыка, што паслужыў бясспрэчным доказам таго, што ён не вінават у граху, які прыпісаў яму містэр Тудль, маглі-б нарабіць яму новыя крыўды, калі-б не з'явілася вельмі дарэчы яшчэ адна госця, якая, паказаўшыся ў дзвярах, на вялікае здзіўленне Полі, спачувальна і прыязна ўсміхнулася ўсім прысутным.

— Як маецеся, місіс Рычардс? — запыталася міс Токс. — Я прышла вас праведаць. Можна зайсці?

Вясёлы твар місіс Рычардс асвяціўся гасціннай усмешкай, і міс Токс, садзячыся на прапанаванае ёй крэсла і ідучы да яго грацыёзна кіўнуўшы містэру Тудлю, развязала істужкі капялюшыка і сказала, што перш за ўсё ёй хацелася-б, каб мілыя дзеткі, усе да аднаго, падышлі і пацалавалі яе.

Злашчасны прадапошні Тудль, які нарадзіўся, калі меркаваць па колькасці яго ліхіх прыгод у хатнім кругу, пад нешчаслівай планетай не мог удзельнічаць у гэтых усеагульных прывітаннях, бо нацягнуў сабе на галаву зюйдвестку, (з якой перад гэтым гуляў) задам наперад і не мог яе зняць, і гэта акалічнасць, якая абяцала напалоханаму яго ўяўленню страшную перспектыву правесці рэшту дзён у цемры і быць навекі адарваным ад сяброў і сям'і, прымусіла яго змагацца з вялікай энергіяй і заглушана енчыць. Калі яго вызвалілі, твар у яго быў вельмі разгарачаны, чырвоны і мокры; і міс Токс пасадзіла яго, зусім змардаванага, да сябе на калені.

— Мне здаецца, вы мяне амаль не памятаеце, сэр! — сказала міс Токс містэру Тудлю.

— Памятаю, пані, памятаю, — адказаў Тудль. — Але з таго часу, мы ўсе крыху пастарэлі.

— А як вы сябе адчуваеце, сэр? — ціхмана запыталася міс Токс.

— Вельмі добра, пані, дзякую вам, — адказаў Тудль. — Як вы сябе адчуваеце, пані? Рэўматызм вам яшчэ не вельмі дакучае, пані? Усім нам даводзіцца прывыкаць да яго з гадамі.

— Дзякую вам, — сказала міс Токс. — Мяне гэта хвароба яшчэ не наведвала.

— Вам вельмі пашчаслівілася, пані, — адказаў містэр Тудль. — У вашы гады многіх ён люта мучыць. Вось мая маці…

Але, злавіўшы позірк жонкі, містэр Тудль разумна пахаваў канец фразы ў новым кубку чаю.

— Місіс Рычардс, — усклікнула міс Токс, пазіраючы на Роба, — ды няўжо гэта ваш…

— Мой старэйшы, пані, — сказала Полі. — Так, гэта ён, той самы хлапчук, пані, які быў нявіннай прычынай такіх падзей.

— Гэта ён, — пані сказаў Тудль, — той самы, з кароткімі нагамі… а яны былі на дзіва кароткія для скураных штонікаў, — сказаў містэр Тудль з ноткай лятуцення ў голасе, — калі містэр Домбі зрабіў з яго Тачыльшчыка.

Гэты напамінак ледзь не зламаў сілы міс Токс. Ён меў непасрэдныя дачыненні да прадмета, які яе цікавіў. Яна прапанавала Робу паціснуць ёй руку і расхваліла яго матцы адкрыты, сумленны твар сына. Роб, падслухаўшы гэтыя словы, пастараўся выклікаць на сваёй фізіяноміі выраз, які апраўдваў пахвальбу, але бадай ці ўдалося яму гэта.

— А цяпер, місіс Рычардс, — сказала міс Токс, — а таксама вы, сэр, — звярнулася яна да Тудля, — я вам скажу проста і адкрыта, чаму я сюды прышла. Магчыма, вам вядома, місіс Рычардс, — і, магчыма, вядома таксама і вам, сэр, — што некаторая халоднасць мела месца паміж мною і сім-тым з маіх сяброў і што там, дзе я мела звычай бываць часта, цяпер я не бываю.

Полі, якая з жаночым тактам зразумела адразу, выказала гэта адным позіркам. Містэр Тудль, які абсалютна не разумеў, аб чым гаворыць міс Токс, таксама выказаў гэта неўразуменным позіркам.

— Вядома, — прадаўжала міс Токс, — пытанне аб тым, як узнікла гэта маленькае разыходжанне, не мае ніякага значэння, і абгаварваць яго няварта. Дастаткова будзе, калі я скажу, што вельмі паважаю і цікаўлюся містэрам Домбі, — голас міс Токс задрыжэў, — і ўсім, што яго датычыць.

Містэр Тудль, сёе-тое зразумеўшы, паківаў галавой і сказаў, быццам ён чуў ад людзей і сам лічыць, што з містэрам Домбі цяжка мець справу.

— Прашу вас, будзьце ласкавы, не гаварыце гэтага, сэр, — запярэчыла міс Токс. — Упрашаю вас, не гаварыце гэтага, сэр! Ні цяпер, ні калі-б там ні было! Падобныя заўвагі надзвычай цяжка адбіваюцца на мне і зусім не могуць быць прыемнымі джэнтльмену з такім розумам, які я з упэўненасцю прыпісваю вам.

Містэр Тудль, які ніколькі не сумняваўся ў тым, што сказаная ім фраза будзе ўхвалена, вельмі збянтэжыўся.

— Я толькі хачу сказаць, місіс Рычардс, — прадаўжала міс Токс, — я звяртаюся таксама і да вас, сэр, — хачу сказаць, што любыя весткі аб спосабе жыцця гэтай сям'і, аб добрабыце сям'і, аб здароўі сям'і, якія дойдуць да вас, будуць мне заўсёды ў вышэйшай ступені прыемны. Я заўсёды рада буду паразмаўляць з місіс Рычардс аб гэтай сям'і і аб ранейшых часінах. А з тае прычыны, што ў мяне з місіс Рычардс ніколі не было ніякіх нават самых малых непаразуменняў (хоць мне цяпер шкада, што мы з ёю не пазнаёміліся бліжэй, але ў гэтым вінавата я адна), я спадзяюся, яна згодзіцца, каб надалей мы былі найлепшымі сябрамі і каб я прыходзіла сюды і адыходзіла, калі мне захочацца, як свой чалавек. Дапраўды-ж, я спадзяюся, місіс Рычардс, — з вялікай сур'ёзнасцю сказала міс Токс, — што вы зразумееце гэта так, як мне-б хацелася, таму што вы заўсёды былі вельмі добрым стварэннем.

Полі пахвальба спадабалася і яна не захоўвала гэтага. Містэр Тудль не ведаў, успадобу яму гэта ці не, і захоўваў бестурботны спакой.

— Вы разумееце, місіс Рычардс, — сказала міс Токс, — спадзяюся, і вы разумееце, сэр, — што я магу быць вам карыснай у тысячы дробязей, калі вы не будзеце мяне цурацца, і гэта мне дасць найвялікшае здавальненне. Так, напрыклад, я магу навучаць чаму-небудзь вашых дзяцей. Калі вы дазволіце, я прынясу некалькі кніг і рукадзелле, — іншы раз, па вечарах, яны могуць вучыцца… ах, божа мой, я ўпэўнена, што яны шмат чаму навучацца і зробяць гонар сваёй настаўніцы.

Містэр Тудль, які надта паважаў навуку, ухвальна кіўнуў жонцы і, смакуючы ў будучым поўнае здавальненне, пацёр сабе рукі.

— Тады, не будучы чужым чалавекам, я нікому не буду перашкаджаць, — сказала міс Токс, — і ўсё будзе ісці так, як быццам мяне тут няма. Місіс Рычардс будзе займацца папраўкай, гладзіць або няньчыцца з дзецьмі, што-б там ні спатрэбілася, не звяртаючы на мяне ўвагі. А вы, сэр, калі захочаце, закурыце сваю люльку, праўда?

— Дзякую вам, пані, — сказаў містэр Тудль. — Так, я пабалуюся тутуном.

— З вашага боку гэта вельмі ласкава, сэр, — адазвалася міс Токс, — і дапраўды, я вас шчыра запэўняю, што для мяне гэта будзе вялікім уцяшэннем, і калі мне пашчаслівіць даць карысць вашым дзецям, вы мне адплаціце за гэта з верхам, калі заключыце наш маленькі дагавор ціха, мірна і без лішніх слоў.

Дагавор быў тут-жа замацованы, і міс Токс да такой ступені адчула сябе зусім дома, што неўзабаве пачала праводзіць папярэдні допыт усіх дзяцей, чым прывяла ў зачараванне містэра Тудля, — і адзначыла на кавалачку паперы іх узрост, імёны і веды. Гэта цырамонія і балбатня, якая адбывалася разам з ёю, прадаўжаліся аж да той гадзіны, калі сям'я клалася спаць, і затрымала міс Токс ля ачага Тудляў, так што было ўжо надта позна ёй варочацца дадому адной. Аднак, галантны Тачыльшчык, які яшчэ не пайшоў, пачціва прапанаваў праводзіць яе дадому, а з тае прычыны, што для міс Токс мела некаторае значэнне ісці дадому з юнаком, якога містэр Домбі першы апрануў у тыя прыналежнасці мужчынскага туалету, якія не прынята называць, яна вельмі ахвотна прыняла яго прапанову.

Такім чынам, паціснуўшы руку містэру Тудлю і Полі і перацалаваўшы ўсіх дзяцей, міс Токс, заваяваўшая ўсеагульную любоў, пакінула гэты дом.

Роб Тачыльшчык, па скромнасці сваёй, хацеў ісці ззаду, але міс Токс, маючы намер пагутарыць, захацела ісці побач з ім і, як паведаміла яна матцы яго, «выцягнуць з яго што-небудзь па дарозе».

Ён даўся з сябе выцягваць так храбра і з такой гатоўнасцю, што міс Токс была ім зачарована. Чым больш міс Токс з яго выцягвала, тым танчэйшым ён рабіўся — нібы дрот. Не было на свеце лепшага або больш шматабяцаючага юнака — больш любячага, разважлівага, спакойнага, сумленнага, смірнага, шчырага маладога чалавека — чым Роб, з якога ў той вечар нешта выцягвалі.

— Дапраўды-ж, я вельмі рада, — сказала міс Токс, падышоўшы да дзвярэй свайго дома, — што пазнаёмілася з вамі. Спадзяюся, вы будзеце лічыць мяне сваім сябрам і наведваць мяне, калі вам захочацца. У вас ёсць капілка?

— Так, пані, — адказаў Роб. — Я збіраю грошы, каб з часам пакласці іх у банк, пані.

— Вельмі пахвальна, — сказала міс Токс. — Рада гэта чуць. Будзьце ласкавы, пакладзіце ў капілку гэту поўкрону.

— О, дзякую вам, пані, — адазваўся Роб, — але, дапраўды-ж, я не магу пазбаўляць вас гэтых грошай. — Мне падабаецца ваш незалежны дух, — сказала міс Токс, — але запэўняю вас, я не адчуваю ніякага пазбаўлення. Я буду пакрыўджана, калі вы іх не возьміце, як знак маёй прыязнасці да вас. Спакойнай ночы, Робін.

— Спакойнай ночы, пані, — сказаў Роб, — дзякую вам!

І, хіхікаючы, пабег разьменьваць манету і прагуляў грошы пірожніку. Але сумленнасць не выкладалася ў школе Тачыльшчыкаў, дзе пануючая сістэма надзвычай спрыяла зараджэнню двурушнасці.