Перайсці да зместу

Домбі і сын/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХХХV. Шчаслівая пара Раздзел XXXVI. Святкаванне наваселля
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХХVII. Некалькі перасцярог

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXVI

Святкаванне наваселля.

Прайшло шмат дзён, падобных адзін да аднаго; розніца была толькі ў тым, што прымалі шматлікіх гасцей і аддавалі візіты, што місіс Ск'ютон наладзіла ў сваіх уласных апартаментах маленькія ранішнія прыёмы, на якіх часцяком з'яўляўся маёр Бегсток, і што Фларэнс больш не злавіла ніводнага позірку, скіраванага на яе бацькам, хоць і бачыла яго кожны дзень. І рэдка гутарыла яна са сваёй новай мамай, якая была ўладарнай і ганарлівай з усімі ў доме, апрача яе, — гэтага Фларэнс не магла не заўважыць; хоць яна заўсёды пасылала па Фларэнс або прыходзіла да яе, вярнуўшыся дадому пасля візітаў, і, як-бы не было позна, заўсёды заходзіла да яе ў пакой перад сном, але, астаючыся з ёй удваіх, часта сядзела доўга, маўклівая і задуменная.

Фларэнс, якая ўскладала гэтулькі надзей на гэты шлюб, іншы раз мімаволі параўноўвала прыгожы дом з ранейшым, пабляклым і панурым, чыё мёсца ён заняў, і пыталася ў самой сябе, калі-ж і якім чынам гэты дом зробіцца хатнім ачагом, бо ўпотайку яна ўвесь час баялася, што ніхто не адчуваў сябе тут дома, хоць усё было ўпарадкавана вельмі добра і жыццё наладжана. Гадзінамі размышляючы ўдзень і ўночы і шмат разоў аплакваючы загінуўшую надзею, Фларэнс нярэдка ўспамінала энергічнае запэўненне сваёй новай мамы, што няма на свеце нікога, хто-б менш, чым яна, быў здолен навучыць Фларэнс, як заваяваць сэрца бацькі. І неўзабаве Фларэнс пачала думаць — больш правільна было-б сказаць: вырашыла думаць, — што новая яе маці ведае, як мала надзеі змякчыць або перамагчы непрыхільнасць бацькі, і ад спачування забараніла гаварыць аб гэтым прадмеце. Пазбаўленая эгаізма — і ва ўчынках сваіх і ў думках — Фларэнс лічыла за лепшае цярпець боль ад гэтай новай раны, толькі каб заглушыць слабае прадчуванне ісціны аб бацьку, і нават мімалётныя думкі аб ім былі напоўнены пяшчотнасцю. Што-ж датычыць хатняга ачага, яна спадзявалася — усё вырашыцца добра, калі наладзіцца новае жыццё, а аб сабе яна думала мала і яшчэ менш шкадавала сябе.

Калі ніхто з членаў новай сям'і не адчуваў сябе як належыць дома ў сваім кругу, то было вырашана, што місіс Домбі павінна ў людзях адчуць сябе як дома. З мэтай адсвяткаваць нядаўняе вяселле і замацаваць сувязі ў грамадзе містэр Домбі і місіс Ск'ютон задумалі цэлы рад пагулянак; для пачатку вырашылі, што ў такі-та вечар містэр і місіс Домбі запросяць да сябе вялікую, рознастайную кампанію.

Містэр Домбі склаў спіс розных усходніх магнатаў, якіх трэба было запрасіць ад яго імя на гэты пір; да яго спісу місіс Ск'ютон, дзейнічаючы ад імя сваёй дачкі, якая праяўляла да гэтай выдумкі ганарлівую абыякавасць, дадала заходні спіс, куды быў уключан стрыечны брат Фінікс, які яшчэ не вярнуўся з Бадэн-Бадэна на вялікую страту для рухомай яго маёмасці, і рознастайныя матылькі розных відаў і ўзростаў, якія ў розны час ляталі вакол яе цудоўнай дачкі або яе самой, не пашкодзіўшы сваіх крыльцаў. Фларэнс была ўключана ў лік запрошаных на абед па загаду Эдзіт, які выклікаў хвіліннае хістанне і замяшанне місіс Ск'ютон. І Фларэнс, якая шпарка і інстынктыўна адчувала ўсё, што хоць колькі-небудзь раздражняла яе бацьку, моўчкі прымала ўдзел у святкаванні.

Свята адкрыў містэр Домбі ў незвычайна высокім і тугім каўнерыку; ён бесперастанку прахаджваўся па гасцінай, пакуль не адбіла гадзіна, прызначаная для абеду; хвіліна ў хвіліну з'явіўся і быў сустрэнуты адным толькі містэрам Домбі дырэктар Ост-Індскай кампаніі, вельмі багаты, у жылеце, які, здавалася, быў зроблены з прыгоднай для гэтай мэты сасновай дошкі простым цесляром, а ў сапраўднасці створаны майстэрствам краўца і пашыты з матэрыі, якая называецца нанкай. Наступным этапам свята з'явілася распараджэнне містэра Домбі засведчыць яго пашану місіс Домбі, дакладна сказаўшы, каторая цяпер гадзіна; а следам за гэтым дырэктар Ост-Індскай кампаніі знямогся ў якасці субяседніка, і з тае прычыны, што містэр Домбі быў не з тых, хто мог-бы яго ажывіць, госць выпучваў вочы на агонь у каміне пакуль не з'явіўся выратавальнік у асобе місіс Ск'ютон, якую дырэктар, удачна пачаўшы вечар, палічыў за місіс Домбі і віншаваў з энтузіязмам.

Другім прыбыў дырэктар банка; калі верыць чуткам, ён мог купіць што захацеў-бы — нават чалавечую прыроду, калі найшло-б яму ў галаву зрабіць уплыў у гэтых адносінах на Біржу, — але аказаўся ён чалавекам надзвычай скромным на словах, які амаль што не выхваляўся гэтым; у размове ён успомніў пра свой «домік» у Кінгстоне на Темзе і пра тое, што амаль саромеецца прапанаваць там пасцель і адбіўную катлету містэру Домбі, калі той захоча яго наведаць.

З'явілася місіс Домбі, прыгожая і гордая, якая так зняважліва і задзірыста на ўсіх пазірала, нібы шлюбны вянок на яе галаве быў гірляндай са стальных іголак, надзетай з мэтаю прымусіць яе на ўступку, на якую яна не згодзіцца, хоць-бы нават ёй пагражала смерць. З ёю была Фларэнс. Калі яны ўвайшлі разам, цень, які набег у дзень звароту, зноў засмуціў твар містэра Домбі, але застаўся не заўважаным, бо Фларэнс не адважвалася падняць на яго вочы, а роўнадушша Эдзіт было занадта велічнае, каб яна звяртала на яго ўвагу.

Хутка з'язджаліся шматлікія госці. Яшчэ дырэктары, старшыні кампаній, пажылыя людзі з грузам на галаве — парадным галаўным уборам, стрыечны брат Фінікс, маёр Бегсток, прыяцелькі місіс Ск'ютон з такім самым яркім румянцам, як у яе, і з вельмі каштоўнымі каралямі на вельмі вялых шыях. Сярод іх — маладая шасцідзесяцігадовая лэдзі, надзвычай лёгка апранутая, калі меркаваць па яе спіне і плячах, і якая гаварыла з прыемным сюсюканнем; павекі яе патрабавалі вялікіх ад яе намаганняў, каб не апускацца, а манеры вызначаліся той неапісальнай чароўнасцю, якую так часта звязваюць з лёгкадумным юнацтвам. З прычыны таго, што большасць гасцей са спісу містэра Домбі была настроена маўчаць, а большасць гасцей са спісу місіс Домбі была настроена гаварыць і ўзаемных сімпатый паміж імі не было, то госці са спісу місіс Домбі з прычыны магнетычнай згоды заключылі саюз супроць гасцей са спісу містэра Домбі, якія, панура сланяючыся па пакоях або хаваючыся па кутках, сутыкаліся з зноў прыехаўшымі, траплялі ў засаду за канапамі, а калі расчыняліся дзверы, атрымлівалі ўдары па галаве і цярпелі ўсялякія невыгоды.

Калі далажылі, што абед паданы, містэр Домбі прапанаваў руку старой лэдзі, падобнай да малінавай аксамітнай падушачкі для іголак, напханай банкаўскімі білетамі; стрыечны брат Фінікс прапанаваў руку місіс Домбі; маёр Бегсток прапанаваў руку місіс Ск'ютон. Калі ўсе ўжо ўселіся, з'явіўся са збянтэжанай усмешкай адзін з нясмелых гасцей, зусім бездапаможны і пакінуты без догляду, і ў суправаджэнні дварэцкага два разы абышоў вакол стала, перш чым пашанцавала знайсці яго месца, якое, урэшце, аказалася з левага боку ад місіс Домбі, пасля чаго нясмелы госць больш ужо не адважваўся падымаць галаву.

Стрыечны брат Фінікс быў у добрым настроі і выглядаў надзвычай маладжавым. Але апанаваны вясёлым настроем, ён часамі бываў лёгкадумным — памяць іншы раз не слухалася яго таксама, як і ногі, — і ў той вечар ён прымусіў кампанію ўздрыгануцца. Здарылася гэта так. Маладая лэдзі з адкрытай спіной, якая адчувала пяшчотныя пачуцці да стрыечнага брата Фінікса, злавіла ў свае сеці дырэктара Ост-Індскай кампаніі, каб заняць месца побач з ім за сталом; у падзяку за гэту добрую паслугу яна зараз-жа адвярнулася ад дырэктара, які, будучы заслонены з другога боку панурым, чорным аксамітным капялюшам, што прыкрываў галаву кастлявай і негаваркой асобы жаночага пола з веерам, аддаўся смутку і замоўк. Стрыечны брат Фінікс і маладая лэдзі былі вельмі ажыўленыя і вясёлыя, і маладая лэдзі так моцна смяялася, слухаючы расказ Фінікса, што маёр Бегсток ад імя місіс Ск'ютон (яны сядзелі візаві, бліжэй да другога канца стала) папрасіў дазволу запытацца, ці нельга зрабіць гэты расказ усеагульным здабыткам.

— Ах, клянуся жыццём, — сказаў Фінікс, — нічога асаблівага няма. Дапраўды, не варта паўтараць. Уласна кажучы, гэта толькі маленькі анекдот Джэка Эдэмса. Думаю, мой сябра Домбі… — справа ў тым, што ўвага ўсіх прысутных была сканцэнтравана на стрыечным браце Фініксе, — прыпамінае Джэка Эдэмса, Джэка Эдэмса, не Джо — Джо звалі яго брата. Джэк… маленькі Джэк… косіў і крыху заікаўся… Ён прадстаўляў нейкае бюро. Магчыма, мой сябра Домбі ведаў гэтага чалавека?

Містэр Домбі даў адмоўны адказ.

Але адзін з нясмелых гасцей раптам вызначыўся, заявіўшы, што ён яго ведаў і дадаўшы: «Заўсёды насіў гесенскія боты!»

— Правільна, — прагаварыў стрыечны брат Фінікс, нахіляючыся ўперад, каб разглядзець нясмелага госця, і пасылаючы яму на другі канец стала падбадзёрваючую ўсмешку. — А Джо насіў…

— Боты з адваротамі! — усклікнуў нясмелы госць, з кожнай секундай павышаючыся ў вачах грамады.

— Вядома, вы былі з ім знаёмы? — запытаўся стрыечны брат Фінікс.

— Я ведаў іх абодвух, — адказаў нясмелы госць, пасля чаго містэр Домбі адразу-ж з ім чокнуўся.

— Надта-ж слаўны хлапчына гэты Джэк! — сказаў стрыечны брат Фінікс, зноў нахіляючыся ўперад і ўсміхаючыся.

— Надзвычайны! — згадзіўся нясмелы госць, якога поспех рабіў адважным. — Адзін з лепшых людзей, якіх я ведаў!

— Бясспрэчна, вы ўжо чулі гэту гісторыю? — запытаўся стрыечны брат Фінікс.

— Не бяруся меркаваць, — адказаў нясмелы госць, які расхрабрыўся, — пакуль не пачую расказу вашага лордства.

Сказаўшы гэта, ён адкінуўся на спінку крэсла і з усмешкай утаропіўся вачыма ў столь, нібы ведаў напамяць гэту гісторыю і загадзя пацяшаўся.

— Уласна кажучы, ніякай гісторыі тут няма, — сказаў стрыечны брат Фінікс, усміхаючыся ўсім, хто сядзеў за сталом, і гулліва ківаючы галавой, — і не патрэбны прадмовы. Але гэта даказвае ўтончанае астраум'е Джэка. Справа ў тым, што Джэк быў запрошаны на вяселле… якое, калі не памыляюся, мела месца ў Баркшыры?

— У Шропшыры, — сказаў нясмелы госць, які расхрабрыўся, бачачы, што звяртаюцца да яго.

— Вось як? Цудоўна! Уласна кажучы, яно магло мець месца ў любым шыры[1], — сказаў стрыечны брат Фінікс. — Такім чынам, мой сябра, запрошаны на гэта вяселле ў Любымшыры, — трапную астроту ён адзначыў прыемнай усмешкай, — накіроўваецца ў дарогу. Якраз таксама, як сёй-той з нас, маючы гонар быць запрошаным на вяселле маёй цудоўнай і беззаганнай сваячкі і майго сябра Домбі, не чакаў паўторнага запрашэння і быў вельмі рады прысутнічаць на такім цікавым свяце… Такім чынам, ён — Джэк — накіроўваецца ў дарогу. Але гэты шлюб быў, уласна кажучы, саюзам незвычайна прыгожай дзяўчыны з чалавекам, якога яна зусім не кахала, але за якога згадзілася выйсці замуж таму, што ён быў багаты, надта багаты. Калі Джэк вярнуўся пасля вяселля, адзін знаёмы, сустрэўшы яго ў вестыбюлі Палаты абшчын, кажа: «Ну, што, Джэк, як маецца няўдала падабраная пара?» — «Няўдала падабраная! — адказвае Джэк. — Ды не праўда! Гэта зусім сумленная і прыстойная здзелка. Яна па ўсіх правілах куплена, а ён — за гэта вы можаце паручыцца — па ўсіх правілах праданы!»

Але пакуль стрыечны брат Фінікс ад усёй душы радаваўся, дайшоўшы да кульмінацыйнага пункту свайго расказу, дрыжыкі, што прабеглі, нібы электрычная іскра, вакол стала, прымусілі яго змоўкнуць. Адзіная тэма, дзякуючы якой завязалася ў той дзень агульная гутарка, ні ў каго не выклікала ўсмешкі. Запанавала глыбокае маўчанне, і злашчасны нясмелы госць, які меў не большае ўяўленне аб гэтай гісторыі, чым дзіця, якое яшчэ не нарадзілася, з вялікім смуткам прачытаў ва ўсіх позірках, што яго лічаць вінавайцам зла.

Твар містэра Домбі быў не з тых, што змяняюцца, і, прыняўшы ў той дзень велічны выгляд, ён ніяк не адазваўся на гэты расказ і толькі прагаварыў урачыста сярод запанаваўшай цішыні: «Вельмі добра». Эдзіт кінула шпаркі позірк на Фларэнс, але ўвогуле аставалася абыякавай і роўнадушнай.

Праходзячы праз рознастайныя стадыі, адзначаныя далікатнай ежай і вінамі, золатам і срэбрам, ласымі дарамі зямлі, паветра, агню і вады, гарамі фруктаў і, гэтым залішнім на банкеце містэра Домбі пачастункам — марожаным, — абед павольна набліжаўся да заканчэння; апошнія яго стадыі суправаджаліся гучнай музыкай, выкліканай бесперастаннымі падвойнымі ўдарамі ў дзверы, якія паведамлялі аб прыбыцці гасцей, на чыю долю выпадаў толькі пах балявання. Калі місіс Домбі ўстала з-за стала, варта было паглядзець, як яе муж з нязгібнай шыяй і высока паднятай галавой прытрымліваў адчыненыя дзверы перад выходзіўшымі дамамі; і варта было паглядзець, як яна шпарка прайшла паўз яго, пад руку з яго дачкой.

Містэр Домбі меў унушальны выгляд, калі ўрачыста сядзеў перад графінамі; дырэктар Ост-Індскай кампаніі меў дрэнны выгляд, калі сядзеў у адзіноце ля апусцелага канца стала; маёр меў выгляд ваяўнічы, калі расказваў пра герцага Іоркскага нясмелым госцям (фанабэрысты нясмелы госць быў канчаткова знішчан); дырэктар банка меў вельмі скромны выгляд, калі пры дапамозе дэсертных нажоў чарціў для групы паклоннікаў план сваёй маленькай ананаснай цяпліцы, а стрыечны брат Фінікс меў выгляд задуменны, калі разгладжваў свае доўгія манжэты і ўпотайку папраўляў парык. Але ўсё гэта цягнулася нядоўга, бо неўзабаве з'явілася кофе і ўсе пакінулі сталовую.

Натоўп у парадных пакоях наверсе павялічваўся з кожнай хвілінай; але па-ранейшаму спіс гасцей містэра Домбі выяўляў прыроджаную няздольнасць зліцца са спісам місіс Домбі, і адразу можна было бачыць, хто ў якім спісе значыўся. Адзіным выключэннем з гэтага правіла быў, бадай, містэр Каркер; усміхаючыся ўсёй грамадзе і далучыўшыся да гуртка, які сабраўся каля місіс Домбі, ён назіраў за ёю, за гуртком, за сваім начальнікам, за Клеапатрай, маёрам, Фларэнс і ўсімі прысутнымі і адчуваў сябе лёгка і свабодна з абодвума катэгорыямі гасцей, а сам па сутнасці не належаў ні да той, ні да другой.

На Фларэнс ён наводзіў страх, з прычыны чаго яго прысутнасць у пакоі была для яе кашмарам. Яна не магла забыцца аб гэтай прысутнасці, бо позірк яе час ад часу паварачваўся ў яго бок мімаволі, як быццам няпрыязнь і недавер'е былі прыцягальнай сілай, якой яна не магла супроцьстаяць.

Аднак, думкі яе былі заняты іншым: седзячы ў баку — не таму, што ёю не зачароўваліся або не шукалі яе кампаніі, але з прычыны ўласцівай ёй скромнасці, — яна адчувала, якую нязначную ролю адыгрывае яе бацька ва ўсім, што адбываецца; яна з сумам бачыла, што яму было як быццам не па сабе, і яго не заўважалі, калі ён чакаў ля дзвярэй, сустракаючы тых гасцей, якім хацеў аказаць асаблівую ўвагу, і знаёміў іх са сваёй жонкай, якая прымала іх з халоднай ганарлівасцю, але не выяўляла ніякай цікавасці або жадання спадабацца і, пасля цырамоній прадстаўлення, зусім не клапацілася аб тым, каб лічыцца з яго жаданнем і віншаваць яго гасцей, і не раскрывала губ. Тым мацней былі збянтэжанасць і пакуты Фларэнс, што Эдзіт, якая так рабіла, да яе самой ставілася ласкава і з пяшчотнай увагай, і Фларэнс гатова была дакараць сябе ў няўдзячнасці толькі таму, што заўважала ўсё, што адбывалася ў яе на вачах.

Місіс Чык з самага пачатку была абражана тым, што не атрымала запрашэння на абед. Крыху апамятаўшыся пасля такога ўдару, яна не пашкадавала грошай, маючы намер з'явіцца да місіс Домбі вечарам у асляпляльным выглядзе, які уразіў-бы пачуцці гэтай лэдзі, а місіс Ск'ютон прымусіў-бы сагнуцца пад цяжарам знявагі.

— Але мною займаюцца ніколькі не больш, чым Фларэнс, — сказала місіс Чык містэру Чыку. — Хто звяртае на мяне хоць якую-колечы ўвагу? Ніхто!

— Ніхто, дарагая мая, — згадзіўся містэр Чык, які сядзеў ля сцяны побач з місіс Чык і нават пацяшаўся тым, што паціху насвістваў.

— Хіба падобна на тое, што тут я колькі-небудзь патрэбна каму? — пабліскваючы вачыма, усклікнула місіс Чык.

— Не, дарагая мая; на маю думку, не падобна, — сказаў містэр Чык.

— Поль звар'яцеў! — сказала місіс Чык.

Містэр Чык засвістаў.

— Калі вы не страшыдла, якім я іншы раз вас лічу, — ад шчырага сэрца заявіла місіс Чык, — то вы можаце, седзячы тут, не напяваць вашых мелодый. Як можа хто-б ён ні быў, маючы хоць-бы далёкае падабенства з мужчынам, бачыць гэту выфранчаную цёшчу Поля, якая какетнічае з маёрам Бегстокам, прысутнасцю якога мы абавязаны, як і шмат якімі іншымі прыемнымі рэчамі, вашай Лукрэцыі Токс…

Маёй Лукрэцыі Токс, мая дарагая? — перапытаў здзіўлены містэр Чык.

— Так! — вельмі сурова адказвала місіс Чык. — Вашай Лукрэцыі Токс! Такім чынам, я пытаюся, як можна бачыць гэту цёшчу Поля, і гэту ганарыстую жонку Поля, і гэтых непрыстойных старых пудзіл, з аголенымі спінамі і плячамі, і наогул гэты вячэрні прыём — бачыць і ў той-жа час свістаць! — Апошняе слова місіс Чык пагардліва падкрэсліла, што прымусіла містэра Чыка ўздрыгануцца. — Гэта астаецца для мяне, дзякуй богу, таямніцай!

Містэр Чык падабраў губы так, што ўжо не было магчымасці ні напяваць, ні свістаць, і набраўся глыбокадумнага выгляду.

— Але, спадзяюся, мне вядома, чаго я маю права чакаць, — прадаўжала місіс Чык, задыхаючыся ад абурэння, — хоць Поль і забыўся аб маіх правах. Я, як член сям'і, не маю намеру сядзець тут, каб на мяне не звярталі ўвагі. Я — пакуль яшчэ не пыл пад нагамі місіс Домбі, пакуль яшчэ не! — сказала місіс Чык такім тонам, нібы чакала, што гэта здарыцца прыкладна паслязаўтра. — Я, я паеду! Я не скажу (як-бы я там ні думала), што гэта рабілася з адзінай мэтай зняславіць мяне і зняважыць. Я проста паеду! Мая адсутнасць астанецца незаўважанай!

Пры гэтых словах місіс Чык велічна ўстала і ўзяла пад руку містэра Чыка, які вышаў з ёй з пакоя пасля поўгадзіннага прабывання на заднім плане. І трэба аддаць належнае празорлівасці місіс Чык — яе адсутнасць асталася зусім незаўважанай.

Нарэшце, разышліся ўсе госці, а таксама і слугі з факеламі, і вуліца, якая так доўга была застаўлена экіпажамі, зрабілася бязлюднай; а пры дагараючых свечках нікога не было відаць у пакоях, апрача містэра Домбі і містэра Каркера, якія паводдаль гутарылі, і місіс Домбі і яе маці; першая сядзела на канапе, другая ляжала ў позе Клеапатры, чакаючы калі прыдзе яе пакаёўка. Калі містэр Домбі скончыў размову з Каркерам, апошні наблізіўся з ліслівым выглядам, каб развітацца.

— Спадзяюся, — сказаў ён, — стомленасць, выкліканая гэтым чароўным вечарам, не адаб'ецца заўтра на місіс Домбі.

— Місіс Домбі, — падышоўшы, сказаў містэр Домбі, — у дастатковай меры старалася ўнікнуць стомленасці, каб пазбавіць вас ад усялякага нёспакойства наконт гэтага. На жаль, я павінен сказаць, місіс Домбі, мне хацелася-б, каб у такі дзень, як сёння, вы менш старанна асцерагаліся стомленасці.

Яна ганарліва на яго паглядзела і, лічачы ніжэй сваёй годнасці пазіраць на яго, моўчкі адвярнулася.

— Мне шкада, пані, — прадаўжаў містэр Домбі, — што вы не палічылі сваім абавязкам…

Яна зноў паглядзела на яго.

— … Сваім абавязкам, пані, — прадаўжаў містэр Домбі, — удзяліць маім сябрам больш увагі. Сёй-той з тых, кім вам захацелася, місіс Домбі, так яўна пагарджаць сёння, запэўняю вас, робіць вам гонар сваім наведваннем.

— Вам вядома, што мы тут не адны? — адазвалася яна, пільна на яго паглядаючы.

— Не! Каркер! Прашу вас, астаньцеся. Я настайваю, каб вы асталіся! — усклікнуў містэр Домбі, перашкодзіўшы гэтаму джэнтльмену спакойна пайсці. — Як вы ведаеце, пані, містэр Каркер карыстаецца маім давер'ем. Прадмет, аб якім я гавару, вядомы яму не горш, чым мне. Дазвольце давесці да вашага ведама, місіс Домбі, што, на маю думку, гэтыя багатыя ўплывовыя асобы аказваюць гонар мне! — І містэр Домбі выпрастаўся, нібы аддаў ім цяпер найвялікшае ўшанаванне.

— Я ў вас пытаюся, — паўтарыла яна, не спускаючы з яго пагардлівага позірку, — ці вядома вам, што мы тут не адны, сэр? — Я павінен прасіць выступіўшы наперад, сказаў містэр Каркер, — я павінен упрашаць і настайваць, каб мяне пусцілі. Якім-бы ні было нязначным і малаважным гэтае разыходжанне...

Тут місіс Ск’ютон, якая не спускала вачэй з твара дачкі, перапыніла яго.

— Любая мая Эдзіт, — сказала яна, — і дарагі мой Домбі! Наш цудоўны сябра містэр Каркер, бо я, дапраўды, павінна назваць яго так...

Містэр Каркер прашаптаў:

— Занадта многа гонару.

— Скарыстаў тыя самыя словы, якія гатовы былі сарвацца ў мяне з языка, і я бог ведае колькі часу як не памірала ад жадання сказаць іх. Нязначнае і малаважнае! Любая мая Эдзіт і дарагі мой Домбі, няўжо мы не ведаем, што ўсялякае разыходжанне паміж вамі... Не, Флауэрс, не цяпер.

Флауэрс, пакаёўка, убачыўшы джэнтльменаў хуценька пайшла.

— ...Што ўсялякае разыходжанне паміж вамі, — прадаўжала місіс Ск'ютон, — якія жывуць душа ў душу і звязаны цудоўнейшымі сувязямі пачуцця, павінна быць нязначным і малаважным? Якія словы могуць выказаць гэта лепш? Ніякія! Таму, я з радасцю карыстаюся гэтым такім нязначным выпадкам, ў якім так выявілася Прырода і вашы індывідуальныя якасці і ўсё такое, што выклікае слёзы ў маці, — карыстаюся для таго, каб сказаць, што я не надаю ніякага значэння і бачу ў гэтым толькі развіццё ніжэйшых элементаў Душы! І ў адрозненне ад большасці цёшчаў (якое агіднае слова, дарагі Домбі!), якія, як я чула, існуюць на гэтым, думаю, надта штучным свеце, я ў такіх выпадках не адважуся ўмешвацца ў вашы справы і, нарэшце, не магу асабліва засмучацца з-за такіх маленькіх успышак факела гэтага... як яго там называюць... не купідон, а іншае чароўнае стварэнне.

Гаворачы гэта, добрая маці пазірала на абодвух сваіх дзяцей зыркім позіркам, які, магчыма, выказваў цвёрды і добра абдуманы намер, што захоўваўся за няскладнымі словамі. Намер гэты быў у тым, каб прадбачліва адыйсці ў бок, не чуць у будучым бразгання іх ланцуга і схавацца за прытворнай і наіўнай верай у іх узаемнае каханне і адданасць адно аднаму.

— Я паказаў місіс Домбі, — велічна сказаў містэр Домбі, — што іменна ў яе паводзінах у самым пачатку нашага супольнага жыцця выклікае маё нездавальненне і што, настойваю я, павінна быць выпраўлена. Каркер, — ён кіўнуў галавою, пускаючы яго, — спакойнай ночы!

Містэр Каркер пакланіўся ганарлівай маладой жонцы, чые ззяючыя вочы былі скіраваны на мужа, і, накіроўваючыся да дзвярэй, затрымаўся ля ложа Клеапатры і са спакойнай і зачараванай пашанай пацалаваў руку, якую яна ласкава яму працягнула. Калі-б яго прыгожая жонка напоўнілася дакорамі, змянілася ў твары або хоць-бы адным словам парушыла сваё ўпартае маўчанне цяпер, калі яны асталіся ўдваіх (бо Клеапатра пайшла як магла паспешна), містэр Домбі мог-бы выступіць у абарону сваіх правоў. Але перад гэтай напружанай, знішчаючай пагардай, з якой яна, паглядзеўшы на яго, апусціла вочы, нібы лічыла яго вельмі нявартым і нікчэмным, каб яму супярэчыць, перад бязмежнай пагардай і ганарлівасцю, з якой яна сядзела вось цяпер, перад халоднай, няўмольнай рашучасцю, з якою яна нібы душыла яго і адкідала, — ён быў бездапаможны. І ён пакінуў яе ва ўсёй велічнасці яе прыгажосці, якая дыхала пагардай да яго.

  1. Shire — у мінулым так называлася графства.