Перайсці да зместу

Домбі і сын/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХХХІV. Другая маці з дачкой Раздзел ХХХV. Шчаслівая пара
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XXXVI. Святкаванне наваселля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXV

Шчаслівая пара.

Цёмная пляма на вуліцы знікла. Дом містэра Домбі калі і астаецца яшчэ прорвай сярод іншых дамоў, то толькі таму, што ў сваім харастве не можа з імі супернічаць і ганарыста іх рассоўвае.

Сёння вечарам агні мігацяць у вокнах, чырванаваты водбліск каміна цёпла і весела кладзецца на парт'еры і мяккія дываны, абед гатоў, стол прыгожа нарыхтаваны, але толькі на чатыры персоны, а буфет завален сталовым срэбрам. Упершыню пасля нядаўніх пераробак дом падрыхтавалі для сустрэчы гаспадароў, і шчаслівую пару чакаюць з хвіліны на хвіліну.

Мяркуючы па таму інтарэсу і хваляванню, якія ён узбуджае ў дамачадцаў, гэты вечар звароту дадому мала чым адрозніваецца ад вясельнай раніцы. Місіс Перч п'е чай у кухні; яна абыйшла ўвесь дом, вызначыла, паколькі плацілі за ярд шоўку і дамаску, і выкарыстала ўсе трапіўшыя і не трапіўшыя ў слоўнік выклічнікі, якія выказвалі зачараванне і здзіўленне. Падрадчык абойшчыка, пакінуўшы ў вестыбюлі пад крэслам свой капялюш, а ў ім насавую хустачку — ад іх надта патыхае лакам, — шмыгае па доме, паглядаючы ўверх на карнізы і ўніз на мяккія дываны і час ад часу ў прыпадку захаплення вымае з кішэні лінейку і раптам пачынае з неймаверным пачуццём вымяраць дарагія рэчы.

Кухарка надта вясёлая і кажа — дайце толькі ёй такіх гаспадароў, якія прымалі-б многа гасцей (а яна гатова з вамі пайсці ў заклад на шэсць пенсаў, што цяпер так і будзе); яна вызначаецца вясёлым норавам і вызначалася ім з дзяцінства і не пярэчыць супраць таго, каб усе гэта ведалі. Гэта заява клікае з грудзей місіс Перч ціхі водгук, які выказвае спачуванне і ўхвалу. Пакаёўка можа толькі спадзявацца, што яны будуць шчаслівыя, але шлюб — латарэя, і чым больш яна аб ім думае, тым мацней адчувае незалежнасць і шчасце адзінокага жыцця. Містэр Таулінсон пануры і насуплены і кажа, што такая і яго думка, і дайце яму толькі вайну, вайну з французамі! Бо гэты малады чалавек прытрымліваецца той думкі, што кожны іншакраінец — француз.

Як толькі даносіцца стук калёс, усе змаўкаюць, аб чым-бы яны не гаварылі, і прыслухоўваюцца, і не раз падымаецца беганіна і чуваць крык: «Прыехалі!» Але яны яшчэ не прыехалі, і кухарка пачынае плакаць па абеду, які ўжо два разы здымала з пліты, а падрадчык абойшчыка ўсё яшчэ шмыгае па пакоях, і нішто не парушае яго шчаслівай лятуценнасні.

Фларэнс гатова да сустрэчы бацькі і сваёй новай мамы. Бадай ці яна ведае, радасцю ці болем выклікана хваляванне, якое поўніць яе грудзі. Але трапяткое сэрца прымушае кроў прыліваць да шчок і надае бляск вачам; а ў кухні шэпчуць адзін аднаму на вуха, — гаворачы пра яе, яны заўсёды прыцішаюць голас, — аб тым, якая прыгожая сёння міс Фларэнс і якой мілай маладой лэдзі зрабілася яна, бедненькая!

Місіс Ск'ютон, падрыхтаваўшыся сустрэць з распасцёртымі абдымкамі сваю ўлюбёную дачку і дарагога зяця, апранула адпавядаючае выпадку дзявоцкае сваё ўбранне з кароткімі рукавамі. Аднак, у гэту хвіліну выспеўшыя яе чароўнасці квітнеюць у цяні яе ўласных апартаментаў, адкуль яна не выходзіла з таго часу, як заўладала імі некалькі гадзін таму назад, і дзе яна хутка пачынае праяўляць прызнакі раздражэння з прычыны таго, што абед спазняецца.

Нарэшце яны такі прыехалі! Чуваць стук колаў, ён набліжаецца, і карэта спыняецца ля пад'езда. Ненавісны іншакраінец аглушальна стукае ў дзверы, папярэджваючы з'яўленне містэра Таулінсона і слуг, якія кінуліся іх адчыняць; і містэр Домбі і яго маладая жонка выходзяць з экіпажа і ідуць падручкі ў дом.

— Мая ненаглядная Эдзіт! — чуваць ўсхваляваны голас на пляцоўцы лесвіцы. — Мой дарагі Домбі! — і кароткія рукавы абвіваюцца вакол шчаслівай пары і абдымаюць яе.

Фларэнс таксама спусцілася ў вестыбюль, але не адважвалася падыйсці са сваім нясмелым віншаваннем, пакуль не аціхнуць зачараванасці гэтай больш блізкай і больш дарагой істоты. Але Эдзіт убачыла яе на парозе; злёгку пацалаваўшы ў шчаку сваю чуллівую маці і адчапіўшыся ад яе, — яна падбегла да Фларэнс і абняла яе.

— Добры дзень, Фларэнс, — сказаў містэр Домбі, працягваючы руку.

Калі Фларэнс, дрыжачы, падносіла яе да губ, яна сустрэла яго позірк. Позірк быў халодны і сухі, але ў яе забілася сэрца калі ёй здалося, што ў яго вачах адлюстравалася цікавасць да яе, якой ён ніколі яшчэ не выяўляў. У іх было нават лёгкае здзіўленне — прыемнае здзіўленне, выкліканае ёю. Больш яна не асмельвалася пазіраць на яго, але адчувала, што ён зірнуў на яе яшчэ раз і не менш прыхільна. О, які радасны трэпет апанаваў яе нават пры гэтым слабым і нічым не абгрунтаваным пацверджанні яе надзеі, што пры дапамозе новай прыгожай мамы ёй удасца нарэшце заваяваць яго сэрца!

— Я думаю, вы не доўга будзеце апранацца, місіс Домбі? — запытаўся містэр Домбі.

— Я зараз буду гатова.

— Няхай падаюць абед праз чвэртку гадзіны.

Сказаўшы гэтае містэр Домбі паважна пайшоў у свой пакой, а місіс Домбі паднялася наверх. Місіс Ск'ютон і Фларэнс накіраваліся ў гасціную, дзе гэта надзвычайная маці палічыла сваім абавязкам выпусціць некалькі слязінак, быццам-бы выкліканых у яе шчасцем дачкі, і гэтыя слязінкі яна ўсё яшчэ з вялікай асцярожнасцю асушвала ражком абшытай карункамі насавой хустачкі, калі ўвайшоў яе зяць.

— Ну, як спадабаўся вам, дарагі Домбі, гэты самы чароўнейшы з гарадоў, Парыж? — запыталася яна, стрымліваючы сваю ўсхваляванасць.

— Там было холадна, — адказаў містэр Домбі.

— Вядома, весела, як заўсёды! — сказала місіс Ск'ютон.

— Не асабліва. Горад паказаўся мне нудным, — заўважыў містэр Домбі.

— Фі, дарагі мой Домбі! Нудным! — гэта было сказана хітра.

— Такое ўражанне ён стварыў на мяне, пані, — спакойна і пачціва сказаў містэр Домбі. — Думаю, місіс Домбі ён таксама здаўся нудным. Яна напомніла аб гэтым разы са два.

— Ах, капрызніца! — усклікнула місіс Ск'ютон, жартуючы з сваёй дарагой дачкой, якая толькі што з'явілася ў дзвярах. — Якія гэта ерэтычныя рэчы гаварылі вы пра Парыж, любачка?

Эдзіт з сумуючым выглядам узняла бровы; прайшоўшы каля дзвярэй, якія былі шырока адчынены, паказваючы анфіладу пакояў, прыгожа і нанова аздобленых, яна ледзь зірнула на іх мімаходзь і села каля Фларэнс.

— Дарагі Домбі, — сказала місіс Ск'ютон, — гэтыя людзі цудоўна выканалі ўсё, аб чым мы ім гаварылі! Дапраўды-ж, яны ператварылі дом у сапраўдны палац.

— Дом прыгожы, — сказаў містэр Домбі, аглядаючыся навакол. — Я сказаў, каб з выдаткамі не лічыліся. Думаю, зроблена ўсё, што маглі зрабіць грошы.

— А чаго яны не могуць зрабіць, дарагі Домбі? — заўважыла Клеаптра.

— Яны магутныя, пані, — сказаў містэр Домбі.

Ён з уласцівай яму велічнасцю паглядзеў на жонку, але тая не сказала ні слова.

— Спадзяюся, місіс Домбі, — падкрэслена звярнуўся ён да яе пасля хвіліны маўчання, — гэтыя змены заслугоўваюць вашай увагі?

— Дом прыгожы, наколькі ён можа быць прыгожым, — адазвалася яна з ганарлівай абыякавасцю. — Вядома, такім ён павінен быць. І, думаю, такі ён і ёсць.

Зняважлівы выраз быў уласцівы гэтаму ганарліваму твару і, здавалася, ніколі яго не пакідаў; але пагарда, што адлюстроўвалася на ім, калі-б ні намякнулі аб зачараванні, пашане і павазе, якія выклікаліся багаццем містэра Домбі, якім-бы ні быў мімалётным і выпадковым намёк, — была зусім іншым і новым пачуццем, якая па напружанасці сваёй нічога агульнага не мела са звычайнай пагардай.

Невядома, ці падазраваў аб гэтым містэр Домбі, атулены сваёй веліччу, але яму здаралася ўжо нямала выпадкаў убачыць сапраўднасць; гэта магло здарыцца і ў той момант дзякуючы позірку цёмных вачэй, што паглядалі на яго, пасля таго, калі яны шпарка і пагардліва слізганулі па акружаючай абстаноўцы, якая служыла яго праслаўленню. Ён мог-бы прачытаць у гэтым адным позірку, што якая-б ні была ўлада багацця, яно не заваюе яму, нават калі павялічыцца ў дзесяць тысяч разоў, ніводнага ласкавага, удзячнага позірку гэтай непакорлівай жанчыны, якая з ім звязана, але якая ўсёй сваёй істотай паўстае супроць яго.

Але далажылі, што абед пададзен, і містэр Домбі павёў Клеапатру; Эдзіт і яго дачка ішлі за імі. Шпарка прайшоўшы міма расстаўленай на буфеце залатой і срэбнай пасуды, нібы гэта была куча смецця, і не паглядзеўшы на акружаючую раскошу, яна ўпершыню заняла сваё месца за яго сталом і сядзела, як статуя.

Містэр Домбі, які і сам вельмі падобен да статуі без усякага нездавальнення бачыў, што яго прыгожая жонка нерухомая, ганарлівая і халодная.

Неўзабаве пасля чаю місіс Ск'ютон, якая прытварылася прыгнечанай і стомленай радасным хваляваннем ад сузірання дарагой дачкі, што зышлася са сваім абраннікам, але якой — ёсць падставы гэта думаць — сямейны вечар паказаўся сумнаватым, бо яна цэлую гадзіну бесперастанку пазяхала, прыкрыўшыся веерам, — місіс Ск'ютон пайшла спаць. Эдзіт таксама вышла моўчкі і больш не з'яўлялася. І здарылася так, што Фларэнс, пабыўшы наверсе, каб паталкаваць з Дыагенам, а пасля вярнуўшыся са сваёй рабочай кашолкай у гасціную, не застала там нікога, апрача бацькі, які хадзіў узад і ўперад па панурым і цудоўным пакоі.

— Прабачце, тата. Мне пайсці? — ціха запыталася Фларэнс, і нерашуча спыняючыся ў дзвярах.

— Не, — адказаў містэр Домбі, азірнуўшыся цераз плячо. — Вы можаце заходзіць сюды, калі захочаце, Фларэнс. Гэта не мой кабінет.

Фларэнс увайшла і села са сваёй работай за столік, што стаяў у баку, апынуўшыся першы раз у жыцці — першы раз на сваёй памяці, пачынаючы з дзіцячых гадоў і аж да гэтай гадзіны, — сам-на-сам з бацькам як з субяседнікам.

Яна дрыжэла, і вочы яе былі затуманены. Яго постаць як быццам рабілася вышэй і расла перад яе вачыма, калі ён хадзіў па пакоі; то яна бачыла яе туманнай і расплыўчатай, то зноў яснай і выразнай; то пачынала ёй здавацца, што ўсё гэта ўжо адбывалася якраз таксама, як цяпер, сотні год таму назад. Яна імкнулася да яго і ў той-жа час уздрыгвала, калі ён набліжаўся.

Стараючыся не засмучаць і не абражаць яго сваім горам, Фларэнс стрымлівалася і спакойна сядзела за работай. Прайшоўшыся яшчэ некалькі разоў па пакоі, ён скончыў сваю прагулку, і, усеўшыся ў крэсла, што стаяла ў цёмным кутку, укрыў твар насавой хустачкай і пачаў драмаць.

Для Фларэнс досыць было ўжо таго, што яна можа сядзець тут і сачыць за ім, час ад часу паглядаючы на яго крэсла, сочачы за ім у думках, калі твар яе нахіляўся над работай, і смутна радуючыся таму, што ён можа спаць пры ёй і яго не бянтэжыць яе прысутнасць, якой ён раней не мог цярпець.

Аб чым-бы яна пачала думаць, калі-б даведалася, што ён упарта пазірае на яе, хустачка на яго твары, выпадкова або наўмысна, пакладзена так, каб ён мог бачыць, і вочы яго ні на секунду не адрываюцца ад яе твара! А калі яна пазірала ў яго бок, у заценены, цёмны куток, яе ясныя вочы, якія гаварылі без слоў больш палка і патэтычна, чым усе прамоўцы на свеце, і ў нямым закліку кідалі яму больш сур'ёзнае абвінавачанне, сустракаліся з яго вачыма, не ведаючы пра гэта. Калі-ж яна зноў нахіляла галаву над работай, ён дыхаў больш вольна, але ўсё яшчэ пазіраў на яе з той-жа ўвагай — на яе белы лоб, спадаючыя валасы і занятыя работай рукі і, раз глянуўшы, здавалася, ужо не мог адвесці позірку.

Аб чым-жа думаў у гэты час ён? З якімі пачуццямі скіроўваў ён цішком уважлівы позірк на невядомую яму дачку? Ці чытаў ён дакор у гэтым ціхім вобліку і спакойных вачах? Ці пачаў прызнаваць яе правы, якімі ён пагарджаў, ці кранулі яны, нарэшце, яго сэрца і ці абудзілі ў ім усведамленне жорсткай яго несправядлівасці?

Бываюць хвіліны пакорлівасці ў жыцці самых суровых і чорствых людзей, хоць такія людзі большай часткай добра захоўваюць сваю тайну. Выгляд дачкі ў росквіце прыгажосці, якая без яго ведама зрабілася амаль жанчынай, мог выклікаць на хвіліну такія развагі нават у яго жыцці, поўным ганарлівасці. Мімалётная думка аб тым, што шчаслівы дамашні ачаг быў тут, у яго пад рукою… геній, які ахоўвае сямейнае шчасце, схіляўся да яго ног… а ён, поўны сваёй упартай, панурай пагарды, не заўважыў яго, пайшоў і загубіў сябе… магчыма, нарадзіла такую хвіліну. Простыя красамоўныя словы, якія гучэлі выразна, — хоць ён не разумеў, што гэтыя словы перадае яму яе нямы позірк: «У імя паміраючых, якіх я даглядала, у імя пакутлівага дзяцінства, у імя нашай сустрэчы ў гэтым панурым доме а поўначы, у імя крыку, які вырваўся з майго змучанага сэрца, о, бацька, павярніцеся да мяне і знайдзіце прытулак у маёй любові, пакуль яшчэ не позна!» — словы гэтыя маглі выклікаць такую хвіліну. Гэта думка магла быць звязана з думкамі больш нізкімі, як, напрыклад, думка аб тым, што яго памёршы хлопчык вызваліў месца для новай прывязанасці, і цяпер ён можа дараваць той, хто адабрала ў яго гэту любоў. Нават адной думкі аб тым, што яна можа быць упрыгожаннем сярод усіх упрыгожанняў і раскошы, што яго акружаюць, бадай, было-б дастаткова. Але чым больш ён пазіраў на яе, тым больш змякчаўся. У той час як ён пазіраў, яна злівалася з вобразам дзіцяці, якое ён любіў, і ён ужо не мог аддзяліць іх адно ад другога. Ён глядзеў і на секунду ўбачыў яе ў больш яркім і ясным святле, не суперніцай, што схілялася над падушкай дзіцяці — страшэнная думка! — але добрым геніем яго дома, ахоўваючым яго самога таксама, як у той момант, калі, апусціўшы галаву на руку, ён сядзеў у нагах ложачка. Ён адчуваў жаданне загаварыць з ёю і падазваць яе. Словы: «Фларэнс, падыйдзіце да мяне», гатовы былі сарвацца з яго вуснаў — павольна і цяжка, такімі былі яму чужымі яны, — але іх стрымалі і заглушылі крокі на лесвіцы.

Гэта была яго жонка. Яна замяніла вячэрні туалет шырокім пен'юарам і распусціла валасы, што спадалі ёй на плечы. Але не гэта перамена ў ёй здзівіла яго.

— Фларэнс, дарагая, — сказала яна, — я вас усюды шукала.

Усеўшыся побач з Фларэнс, яна нахілілася і пацалавала яе руку. Ён ледзьве мог пазнаць сваю жонку — так яна змянілася. Справа была не толькі ў тым, што яе ўсмешка была яму незнаёмай, — хоць і яе ён ніколі не бачыў, — але яе манеры, тон, пабліскваючыя вочы, мяккасць і даверлівасць і прывабнае жаданне спадабацца, якое выяўлялася ва ўсім… Гэта была не Эдзіт.

— Ціха, дарагая мама. Тата спіць.

А вось цяпер гэта была Эдзіт. Яна паглядзела ў той бок, дзе ён сядзеў, і ён вельмі добра пазнаў гэты твар і позірк.

— Я і не думала, што вы можаце быць тут, Фларэнс.

Зноў на дзіва змянілася і надзіва змякчылася ў адну секунду!

— Я наўмысна пайшла адсюль рана, — прадаўжала Эдзіт, — каб пасядзець і пагутарыць з вамі, дарагая Фларэнс, наверсе. Але, увайшоўшы ў ваш пакой, я ўбачыла, што мая птушачка паляцела, і з таго часу я ўвесь час чакала яе звароту.

Калі-б Фларэнс і сапраўды была птушкай, Эдзіт не магла-б больш пяшчотна і больш ласкава прытуліць яе да грудзей.

— Пойдзем, дарагая.

— Калі тата прачнецца, ці не пакажацца яму дзіўным, што я пайшла? — нерашуча сказала Фларэнс.

— А як вы думаеце, Фларэнс? — запыталася Эдзіт, пазіраючы ёй у вочы.

Фларэнс апусціла галаву, устала і ўзяла сваю рабочую кашолку. Эдзіт узяла яе пад руку, і яны вышлі з пакоя, як сёстры. Нават хада яе была іншай і незнаёмай яму, падумаў містэр Домбі, правёўшы яе позіркам да дзвярэй.

У той вечар ён так доўга сядзеў у сваім цёмным кутку, што царкоўны гадзіннік, адзначаючы час, біў тры разы, перш чым павярнуўся Домбі. Позірк яго ўпарта не адрываўся ад таго месца, дзе сядзела Фларэнс. У пакоі рабілася цямней па меры таго, як дагаралі і тухлі свечкі, але цень, што засмучаў яго твар, быў цямнейшым за ўсе начныя цені; так ён і аставаўся на яго твары.

Фларэнс і Эдзіт, седзячы ля каміна ў адзінотным пакоі, дзе памёр маленькі Поль, доўга гутарылі. Дыаген, які таксама быў тут, спачатку супярэчыў прысутнасці Эдзіт і, неахвотна падначальваючыся жаданню сваёй гаспадыні, пагаджаўся супярэчлівым бурчаннем. Але, выпаўзшы паціху з пярэдняй, куды ў гневе выбег, ён хутка нібы зразумеў, што з найлепшымі намерамі зрабіў адну з тых памылак, якіх не могуць іншы раз унікнуць самыя прыкладныя сабакі. Нібы просячы прабачэння, ён усеўся паміж імі перад самым камінам і сядзеў з выстаўленым языком і самай няўцямнай мордай, прыслухоўваючыся да размовы.

Размова спачатку была пра кнігі і любімыя заняткі Фларэнс і пра тое, як яна праводзіла час са дня вяселля. Гэта апошняя тэма навяла яе на размову аб тым, што было вельмі блізка яе сэрцу, і яна сказала са слязамі на вачах:

— О, мама, за гэты час мяне пасягнула вялікае няшчасце!

— Вас — вялікае няшчасце, Фларэнс?

— Так. Небарака Уолтэр утапіўся.

Фларэнс закрыла твар рукамі і горка заплакала. Многа слёз, пралітых употайку, каштаваў ей лёс Уолтэра, і ўсё-такі яна пачынала плакаць кожны раз, калі думала або гаварыла аб ім.

— Але растлумачце мне, дарагая, — ласкава сказала Эдзіт, супакойваючы яе, — хто такі Уолтэр? Кім ён быў дая вас?

— Ён быў маім братам, мама. Калі памёр мілы Поль, мы абяцалі адзін аднаму быць братам і сястрой. Я ведала яго даўно — з ранняга дзяцінства. Ён ведаў Поля, быў вельмі да яго прывязан; Поль сказаў амаль што за хвіліну да смерці: «Паклапаціцеся аб Уолтэры, любы тата! Я яго любіў!» Уолтэра прывялі пабачыцца з ім, і ён быў тады тут — у гэтым пакоі.

— І ён паклапаціўся аб Уолтэры? — суровым тонам запыталася Эдзіт.

— Тата? Ён паслаў яго за акіян. Па дарозе туды ён затануў у часе караблекрушэння, — усхліпваючы, сказала Фларэнс.

— Ён ведае, што Уолтэр памёр? — ціха запыталася Эдзіт.

— Не ведаю, мама. Не магу даведацца. Мілая мама! — усклікнула Фларэнс, тулячыся да яе нібы з просьбай аб дапамозе і схаваўшы твар у яе на грудзях. — Я ведаю, вы заўважылі…

— Ціха! Маўчыце, Фларэнс! — Эдзіт так моцна пабляднела і гаварыла з такім запалам, што не навошта было ёй закрываць Фларэнс рот рукою, каб тая змоўкла. — Спачатку раскажыце мне ўсё пра Уолтэра, я хачу ведаць гэту гісторыю з пачатку да канца.

Фларэнс расказала і гэту гісторыю, і ўсё, звязанае з ёй, аж да сяброўства з містэрам Тутсам, гаворачы пра якога, яна, не зважаючы на сваё гора, мімаволі ўсміхалася праз слёзы, хоць была яму вельмі ўдзячна. Калі яна скончыла свой расказ, выслуханы Эдзіт з напружанай увагай, і калі настала маўчанне, Эдзіт запыталася:

— Вы пачалі гаварыць пра тое, што я штосьці заўважыла, Фларэнс?

— Вы заўважылі, што я, — прамовіла Фларэнс з тою-ж нямой просьбай і таксама, як і раней, хутка схаваўшы твар у яе на грудзях, — што я — не любімая дачка, мама! Я ніколі ёю не была. Я ніколі не ведала, як ёю зрабіцца. Я не знайшла шляху, і не было каму мне яго паказаць. О, дазвольце мне павучыцца ў вас, як мне зрабіцца тату блізкай! Навучыце мяне вы, якая так добра гэта ведае! — І, прытуліўшыся да яе, шэпчучы перарывістыя гарачыя словы падзякі і любові, Фларэнс пасля адкрыцця сваёй сумнай тайны плакала доўга, але не так тужліва, як раней, у абдымках новай маці.

Бледная, з пабялеўшымі губамі, з тварам, спачатку пакарэжаным, а пасля, дзякуючы намаганням волі, застыглым у ганарлівай сваёй прыгажосці, як мёртвая маска, Эдзіт пазірала на дзяўчыну, якая плакала, і адзін раз пацалавала яе. Паціху вызваліўшыся з абдымкаў Фаларэнс і адхіліўшы яе, велічная і нерухомая, як мрамарная статуя, яна сказала, і голас яе гучэў усё цішэй, толькі гэтым і выдаючы яе хваляванне:

— Фларэнс, вы мяне не ведаеце! Не дай божа вучыцца вам чаму-небудзь у мяне!

— Не вучыццаў вас? — са здзіўленнем прагаварыла Фларэнс.

— Няхай бог крые, каб я пачала вучыць вас, як патрэбна любіць або быць любімай! — сказала Эдзіт. — Лепш, калі-б вы маглі мяне навучыць, але цяпер вельмі позна. Вы для мяне дорагі, Фларэнс. Я не думала, што хто-небудзь можа зрабіцца для мяне такім дарагім, як зрабіліся вы за такі кароткі час.

Заўважыўшы, што Фларэнс хоча нешта сказаць, яна яе спыніла жэстам і прадаўжала:

— Я заўсёды буду вашым верным сябрам. Я буду выхоўваць вас калі і не так добра, то з большай любоўю, чым хто-б там ні быў на свеце. Вы можаце даверыцца мне — я гэта ведаю, дарагая, і я гэта кажу — можаце даверыцца мне з ўсёй адднасцю вашага чыстага сэрца. Ёсць шмат жанчын, на якіх ён мог-бы ажаніцца, — жанчын лепшых за мяне, Фларэнс. Але з тых, хто мог-бы ўвайсці ў гэты дом у якасці яго жонкі, няма ніводнай, чыё сэрца было-б напоўнена больш шчырай любоўю да вас.

— Я гэта ведаю, дарагая мама! — усклікнула Фларэнс. — З першага-ж дня, з таго шчаслівага дня я гэта ведала!

— Шчаслівага дня! — Эдзіт, здавалася, мімаволі паўтарыла гэтыя словы і прадаўжала: — Хоць няма заслугі з майго боку, бо я мала аб вас думала да таго часу, пакуль вас не ўбачыла, але няхай ваша давер'е і любоў будуць незаслужанай узнагародай мне. У першую ноч майго прабывання ў гэтым доме мне захацелася — і гэта вельмі добра — сказаць вам аб гэтым першы і апошні раз.

Фларэнс, сама не ведаючы чаму, ледзь не са страхам чакала, што будзе пасля гэтага, але не зводзіла вачэй з цудоўнага твара, павернутага да яе.

— Ніколі не спрабуйце знайсці ва мне тое, чаго тут няма, — сказала Эдзіт, прыціскаючы руку да сэрца. — Ніколі, калі гэта ў вашых сілах, Фларэнс, не выракайцеся мяне з-за таго, што гэтага няма. Паступова вы спазнаеце мяне лепш, і прыдзе час, калі вы будзеце ведаць мяне таксама, як я сябе ведаю. І тады будзьце па меры сілы спагадлівы да мяне і не атручвайце горыччу адзіны светлы ўспамін, які астаецца мне.

Слёзы, што выступілі на вачах, скіраваных на Фларэнс, даказвалі, што спакойны твар быў толькі вельмі добрай маскай; але яна захавала гэту маску і прадаўжала:

— Я заўважыла тое, аб чым вы гаварылі, і ведаю, што вы не памыляецеся. Але верце мне — калі не цяпер, то хутка вы гэтаму паверыце — няма на свеце нікога, хто быў-бы менш, чым я, здолен гэта ўладзіць або дапамагчы вам, Фларэнс. Ніколі не пытайцеся ў мяне, чаму гэта так, і больш ніколі не гаварыце са мною аб гэтым і аб маім мужы. Тут паміж намі павінна быць прорва. Будзем захоўваць мёртвае маўчанне.

Некаторы час яна сядзела моўчкі; Фларэнс ледзь адважвалася дыхаць, а смутныя і няясныя пробліскі ісціны з усімі выцякаючымі адсюль вынікамі паўставалі перад яе спалоханым ўяўленнем. Як толькі Эдзіт змоўкла, яе напружаны, нерухомы твар зрабіўся спакайнейшым і мякчэйшым, якім ён быў звычайна, калі яна аставалася адна з Фларэнс. Эдзіт закрыла твар рукамі; пасля яна ўстала, з пяшчотным пацалункам пажадала Фларэнс спакойнай ночы і вышла з пакоя хутка і не аглядаючыся.

Але калі Фларэнс ляжала ў пасцелі, а пакой асвятляўся толькі водбліскам, што падаў ад каміна, Эдзіт вярнулася і, сказаўшы, што не можа спаць, і ў сваім пакоі адчувае сябе адзінокай, прысунула крэсла да каміна і пачала пазіраць на тлеючае вугалле. Фларэнс таксама паглядала на іх з ложка, пакуль і яны, і благародны твар, ахінуты распушчанымі валасамі, і задумлівыя вочы, у якіх адлюстроўваўся дагараючы агонь, не зрабіліся туманнымі і расплыўчатымі і, нарэшце, зніклі.

Але і ў сне Фларэнс захавала смутнае ўяўленне аб тым, што здарылася так нядаўна. Гэта паслужыла канвой яе сноў і праследвала яе, выклікаючы страх. Ёй снілася, што яна шукае бацьку ў пустэльных месцах і ідзе па яго слядах, падымаючыся на страшэнныя кручы і спускаючыся ў глыбокія падзямеллі і пячоры; даручана нешта такое, што павінна вызваліць яго ад вялікіх пакут — яна не ведае, што іменна і чаму, — але ёй ніяк не ўдаецца дасягнуць мэты і вызваліць яго. Пасля яна ўбачыла яго мёртвым на гэтым самым ложку, у гэтым самым пакоі, даведалася, што ён ніколі, да апошняй хвіліны не любіў яе, і, горка плачучы, кінулася на яго халодныя грудзі. Пасля адкрыліся далі, тут-жа працякала рака, жаласлівы знаёмы голас ўсклікнуў: «Яна цячэ, Флой! Яна ніколі не спыняецца! Яна цягне за сабой!» І яна ўбачыла яго ўдалечыні, калі ён працягваў да яе рукі, а побач з ім стаяў нехта падобны да Уолтэра, надзвычай спакойны і нерухомы. У кожным сне Эдзіт з'яўлялася і знікала, несучы ёй то радасць, то смутак, і, нарэшце, яны асталіся ўдваіх ля краю цёмнай магілы; Эдзіт паказвала ўніз, а яна паглядзела і ўбачыла — каго? — другую Эдзіт, якая ляжала на дне.

У жаху ад гэтага сну яна закрычала і, як ёй здалося, прачнулася. Пяшчотны голас нібы шапнуў ёй на вуха: «Фларэнс, любая Фларэнс, гэта толькі сон!» і, працягнуўшы рукі, яна адказала на ласку сваёй новай мамы, якая вышла пасля з пакоя пры святле шэрай раніцы. Фларэнс зараз-жа села ў пасцелі, не разумеючы, здарылася гэта ў сапраўднасці ці не, але ўпэўнена яна была толькі ў тым, што прышла шэрая раніца, што пачарнелы попел ляжыць на каміннай рашотцы і што яна адна ў пакоі.

Так прайшла ноч пасля звароту шчаслівай пары.