Перайсці да зместу

Домбі і сын/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХХХ. Перад вяселлем Раздзел ХХХІ. Вяселле
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХХІІ. Драўляны Мічман разбіваецца ўшчэнт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХХІ

Вяселле.

Досвітак з яго халодным бледным тварам дрыжачы падкрадаецца да царквы, пад якою спачывае прах маленькага Поля і яго маці, і заглядае ў вокны. Холадна і цёмна. Ноч яшчэ прыпадае да каменных пліт і хмурыцца, панурая і цяжкая, у кутках і закутках будынка. Гадзіннік на званіцы, які ўзвышаецца над дамамі, вынырнуўшы з безлічных хваль у патоку часу, які набягае і разбіваецца аб вечны бераг, шарэе нібы каменны маяк, які сцеражэ марскі прыліў; у пачатку досвітак можа толькі цішком зазірнуць у царкву і пераканацца, што ноч яшчэ там.

Бездапаможна поўзаючы вакол царквы і заглядаючы ў вокны, досвітак стогне і плача аб сваім кароткачасовым панаванні, і слёзы яго струменяць па шыбах, а дрэвы ля царкоўнай агарожы схіляюць галовы і, спачуваючы, ломяць безлічныя свае рукі. Ноч, бляднеючы перад ім, непрыкметна пакідае царкву, але затрымліваецца пад скляпеннем, у скляпах, апускаецца на труны. Але вось прыходзіць светлы дзень, надаючы бляск гадзінніку на званіцы, афарбоўваючы шпіц у чырвоны колер, асушаючы слёзы досвітку, аглушаючы яго скаргі; а застрашаны досвітак, ідучы за ноччу і праганяючы яе з апошняга яе сховішча, сам залазіць у скляпы і хаваецца, са спалоханым тварам, сярод мерцвякоў, пакуль не вернецца адпачыўшая ноч і не прагоніць яго адтуль.

Мышы, якія займаліся маліцвенікамі больш старанна, чым іх уладальнікі, і маленькімі зубкамі нарабілі падушкам[1] больш шкоды, чым калені людзей, хаваюць свае бліскучыя вочы ў норках і ў страху ціснуцца адна да другой, калі з гулам адчыняюцца царкоўныя дзверы. Бо ў тую раніцу бідль, чалавек, які мае ўладу, прыходзіць рана разам з панамарам, а місіс Міф, маленькая прыслужніца, якая пакутуе ад дыхавіцы, вельмі высахшая старая лэдзі, бедна апранутая, таксама знаходзіцца тут; бідля яна чакала каля поўгадзіны ля царкоўных варот, як і належыць ёй згодна яе становішча.

Кіслая фізіяномія ў місіс Міф, завяўшы чапец і ў дадатак душа, якая прагне шасціпенсавікаў і шылінгаў. Прывычка заманьваць на лаўкі выпадковых наведвальнікаў надае місіс Міф таямнічы выгляд, а ў позірку яе ёсць нейкая скрытнасць, нібы ёй вядома месцейка больш выгоднае, але яна не ўпэўнена ў атрыманні ўзнагароды. Няма такога чалавека, які называўся-б містэрам Міфам, і не было яго вось ужо дваццаць гадоў, і місіс Міф лічыць за лепшае, каб пра яго не ўспаміналі. Здаецца, ён даваў дрэнны водгук аб бясплатных месцах[2], і хоць місіс Міф спадзяецца, што ён трапіў у рай, аднак, не бярэцца гэтага сцвярджаць.

Сёння раніцою місіс Міф вельмі мітусіцца ля царкоўных дзвярэй, выбіваючы і вытрасаючы пакрыццё з алтара, дыван і падушкі; і шмат чаго можа расказаць місіс Міф аб надыходзячым вяселлі. Місіс Міф казалі, нібы новая абстаноўка і рамонт дома каштавалі не менш пяці тысяч фунтаў, і місіс Міф чула ад самых надзейных людзей, што ў лэдзі няма і шасці пенсаў пры душы.

Далей місіс Міф памятае добра, нібы гэта здарылася ўчора, пахаванне першай жонкі, і затым хрысцны, і затым зноў пахаванне; і місіс Міф заўважае, што дарэчы трэба вымыць мылам гэту таблічку да прыезду гасцей. Містэр Саундс, бідль, які, грэючыся на сонцы, сядзіць у гэты час на ступеньках царквы (і рэдка робіць ён што-небудзь іншае, хіба што, у халоднае надвор'е, падсядае да каміна), ухваляе гутаркі місіс Міф і пытаецца, ці чула місіс Міф аб тым, што лэдзі вызначаецца надзвычайнай прыгажосцю. З тае прычыны, што місіс Міф атрымала такія самыя весткі, містэр Саундс, бідль, чалавек артадаксальны і паважны, які любіць жаночую прыгажосць, саладжава заўважае: «Так, яна — хоць куды!»

Гэтым часам у доме сэра Домбі — вялікае хваляванне і мітусня, галоўным чынам сярод жанчын, з якіх ніводная не задрамала ад чатырох гадзін раніцы, і ўсе былі апрануты да шасці. Містэр Таулінсон заслугоўвае больш, чым калі-небудзь, увагі пакаёўкі, а ў часе снедання кухарка кажа, што за адным вяселлем будуць яшчэ некалькі, чаму пакаёўка не хоча верыць, думаючы, што гэта няпраўда. Містэр Таулінсон не выказвае сваёй думкі па гэтаму пытанню, будучы некалькі засмучаны з'яўленнем іншакраінца з бакенбардамі (сам містэр Таулінсон не мае бакенбардаў), якога нанялі суправаджаць шчаслівую пару ў Парыж і які занят цяпер размяшчэннем рэчаў у новай карэце. Адносна гэтай асобы містэр Таулінсон кажа, што ніколі яшчэ не бачыў дабра ад іншакраінцаў, і, будучы абвінавачаны дамамі ў прадузятым поглядзе, кажа: «Паглядзіце на Банапарта, які ўсімі імі камандаваў, і ўспомніце, за што толькі ён не змагаўся!» Пасля чаго пакаёўка кажа, што гэта вялікая праўда.

Кандыцер старанна працуе ў змрочным пакоі на Брук-стрыт, а вельмі рослыя маладыя людзі пільна пазіраюць на яго. Ад аднаго з рослых маладых людзей пахне ўжо херэсам, і вочы яго схільны спыняцца і пазіраць на прадмет, не бачачы яго. Рослы малады чалавек разумее сваю слабасць і кажа таварышу, што гэта здараецца ад «практыкавання». Рослы малады чалавек хацеў сказаць — ад узрушальнасці, але словы яго туманныя.

Нецярплівасць і ўзрушальнасць пашыраюцца яшчэ далей і захапляюць больш шырокія колы. У кватэры містэра Тутса містэр Тутс прыбіраецца так, нібы ён няйначай жаніх: ён мае намер бачыць цырамонію ва ўсёй прыгажосці з зацішнага кутка галярэі і завесці туды Пеўня. Бо містэр Тутс прыняў адважнае рашэнне паказаць Пеўню Фларэнс і сказаць шчыра: «Ну, Певень, больш я не хачу вас ашукваць! Сябра, пра якога я не раз вам гаварыў, гэта я сам. Міс Домбі — прадмет маёй страсці: Якая ваша думка, Певень, пры такім становішчы спраў і што вы мне цяпер параіце?» Тым часам у кухні містэра Тутса Певень, якога чакае такі сюрпрыз, садзіць сваю дзюбу ў кубак моцнага піва і здзяўбае двухфунтовы біштэкс. У доме на пляцы Прынцэсы міс Токс устала і рыхтуецца: яна таксама, не гледзячы на свой глыбокі смутак, вырашыла сунуць шылінг у руку місіс Міф і з якога-небудзь самотнага куточка глядзець на цырамонію, у якой ёсць для яе жорсткае зачараванне. Ва ўладаннях Драўлянага Мічмана — неспакой: капітан Катль, у сваіх парадных ботах і кашулі з вялізным каўнерыкам, сядзіць у часе снедання, слухаючы, як па яго загаду Роб Тачыльшчык загадзя чытае яму шлюбную службу, каб капітан мог добра зразумець урачыстасць, на якой збіраецца прысутнічаць; з гэтай мэтай капітан час ад часу спакойна загадвае свайму капелану «змяніць курс», «адмахаць гэты параграф яшчэ раз» або «трымацца сваіх непасрэдных абавязкаў, а аманы пакінуць яму, капітану». І аман ён агалашае гучна і з прыемнасцю, як толькі Роб Тачыльшчык робіць паўзу.

Стрыечны брат Фінікс прыехаў з-за граніцы са спецыяльнай мэтай прысутнічаць пры шлюбе. Сорак год таму назад стрыечны брат Фінікс быў валацугам; але, мяркуючы па фігуры і абыходжанню, ён усё яшчэ такі малады і такі ахайны, што людзі, якія яго мала ведаюць, дзівяцца, калі бачаць здрадніцкія маршчыны на твары яго лордства і гусіныя лапкі ля вачэй і калі ўпершыню заўважаюць, што, праходзячы па пакоі, ён крыху адхіляецца ў бок ад простай лініі, якая вядзе да мэты. Але стрыечны брат Фінікс, які ўстае прыкладна а палове восьмай раніцы, зусім не падобен да Фінікса, які ўжо ўстаў і выгляд у яго сапраўды вельмі дрэнны, пакуль яго брыюць у гатэлі Лонг на Бонд-стрыт.

Містэр Домбі выходзіць са свайго прыбіральнага пакоя, выклікаючы мітусню сярод жанчын на лесвіцы; моцна шурхаючы спадніцамі, яны разбягаюцца ў розныя бакі. Містэр Домбі накіроўваецца ў гасціную чакаць вызначанай гадзіны. Надзвычай прыгожы новы сіні фрак містэра Домбі, светлакарычневыя штаны і бэзавы жылет і ў доме ходзяць чуткі, што валасы ў містэра Домбі завітыя.

Падвойны стук у дзверы апавяшчае аб прыбыцці маёра, які вельмі прыгожа прыбраны, і ў пятліцы ў яго герань, а валасы завіты крута і туга, як умее гэта рабіць тубылец.

— Домбі, — кажа маёр, працягваючы абедзве рукі, — як маецеся?

— А вы як маецеся, маёр?

— Клянуся, сэр, — кажа маёр, — Джой Б. адчувае сябе сёння так, — і тут ён з сілай стукае сябе ў грудзі, — адчувае сябе сёння так, сэр, што, чорт пабяры, Домбі, ён не ад таго каб наладзіць двайное вяселле і жаніцца на матцы!

Містэр Домбі ўсміхаецца, але нават для яго гэта ўсмешка бледная, бо містэр Домбі збіраецца парадніцца з маткай, а пры такіх акалічнасцях жартаваць над ёй не варта.

— Домбі, — кажа маёр, заўважыўшы гэта, — жадаю вам шчасця! Віншую вас, Домбі! Далібог, сэр, у такі дзень вам можна пазайздросціць больш, чым каму-б там не было ў Англіі!

І зноў містэр Домбі згаджаецца стрымана, бо ён збіраецца аказаць вялікі гонар лэдзі, і, вядома, ёй можна пазайздросціць больш, чым каму-б там ні было.

— Што датычыць Эдзіт Грэйнджэр, сэр, — прадаўжае маёр, — то ва ўсёй Еўропе не знойдзецца жанчыны, якая не згадзілася-б і не пажадала — дазвольце маёру Бегстоку, сэр, дадаць — і не пажадала адрэзаць сабе вушы і з завушніцамі ў прыдачу, каб заняць месца Эдзіт Грэйнджэр.

— Вы вельмі ласкавыя, маёр, — кажа містэр Домбі.

— Домбі, — адказвае маёр, — вы гэта ведаеце! Давайце абыйдземся без фальшывай скромнасці. Вы гэта ведаеце! Ведаеце вы гэта ці не ведаеце, Домбі? — кажа маёр ледзь не са злосцю.

— О, дапраўды, маёр…

— Пракляцце, сэр, — перапыняе маёр. — Вядомы вам гэты факт ці невядомы? Домбі! Ці сябра вам стары Джо? Ці знаходзімся мы, Домбі, у тых простых, блізкіх адносінах, якія даюць магчымасць чалавеку — шчыраму, старому Джозефу Б., сэр, — гаварыць адкрыта? Ці можа я павінен адступіць, Домбі, захоўваць адлегласць і быць цырамонным?

— Дарагі маёр Бегсток, — з задаволеным выглядам кажа містэр Домбі, — вы нават разгарачыліся.

— Клянуся, сэр, — кажа маёр, — я разгарачыўся! Джозеф Б. не адмаўляе гэтага, Домбі. Ён разгарачаны! Такі дзень, як сёння, сэр, абуджае ўсе благародныя пачуцці, якія яшчэ захаваліся ў старой, агіднай, пацёртай, паношанай, слабой абалонцы Дж. Б. І вось што я вам скажу, Домбі: у такі момант чалавек павінен выказаць усё, што ў яго на душы, або няхай адзенуць яму наморднік. І Джозеф Бегсток гаворыць вам у вочы, Домбі, тое самае, што гаворыць ён за вашай спіной у сябе ў клубе: на яго не адзець намордніка, калі гутарка ідзе аб Полі Домбі. Чорт пабяры, сэр, — сказаў у заключэнне маёр з вялікай цвёрдасцю, — што-ж вы на гэта скажаце?

— Маёр, — адказвае містэр Домбі, — запэўняю вас, я вам вельмі ўдзячан. У мяне не было намеру ставіць перашкоды вашай надта старонняй прыхільнасці да мяне.

— Зусім не вельмі старонняй, сэр! — ускрыквае халерычны маёр. — Домбі, я супроць гэтага!

— У такім выпадку — вашай прыхільнасці да мяне, — прадаўжае містэр Домбі. — І ў такі момант, як гэты, я не магу забыцца, чым я яму абавязан.

— Домбі, — кажа маёр, робячы адпаведны жэст, — вось рука Джозефа Бегстока, простага, старога Джоя Б., сэр, калі вам гэта больш да густу! Домбі, няхай гэты дзень будзе найшчасліўшым у нашым жыцці! Ды благаславіць вас бог!

Уваходзіць містэр Каркер, таксама вельмі прыгожа апрануты і з усмешкай, як сапраўдны госць вяселля. Ён ледзь адважваецца выпусціць руку містэра Домбі — такія палкія яго віншаванні; і ў той-жа час ён так шчыра трасе руку маёра, што дрыжэнне яго рук перадаецца таксама і яго голасу, які выціскаецца праз зубы.

— Нават надвор'е спрыяе, — кажа містэр Каркер. — На дзіва сонечны і цёплы дзень! Спадзяюся, я ні на секунду не спазніўся?

— Хвіліна ў хвіліну, сэр, — кажа маёр.

— Я ў захапленні, — кажа містэр Каркер. — Я баяўся, каб на некалькі секунд не спазніцца да прызначанай гадзіны, бо мяне затрымала вераніца павозак. І я асмеліўся заехаць на Брук-стрыт, — гэтыя словы былі звернуты да містэра Домбі, — каб пакінуць некалькі вельмі рэдкіх кветак для місіс Домбі. Чалавек у маім становішчы, які заслужыў быць запрошаным сюды, ганарыцца магчымасцю прынесці даніну паважання ў знак сваёй васальнай залежнасці. А з прычыны таго, што місіс Домбі, бясспрэчна, засыпана каштоўнымі і прыгожымі рэчамі, — тут ён кінуў дзіўны позірк на свайго апекуна, — я цешу сябе надзеяй, што маё прынашэнне будзе прынята з прыхільнасцю іменна дзякуючы таму, што яно такое скромнае.

— Я ўпэўнен, — ласкава адказвае містэр Домбі, — што будучая місіс Домбі ацэніць вашу ўвагу, Каркер.

— А калі ёй належыць зрабіцца сёння раніцой місіс Домбі, сэр, — кажа маёр, паставіўшы на стол сваю кафейную чашку і зірнуўшы на гадзіннік, — нам даўно час ехаць!

І містэр Домбі, маёр Бегсток і містэр Каркер у калясцы едуць у царкву. Містэр Саундс, бідль, даўно ўжо падняўся са ступенек і стаіць з трохвуголкай у руцэ. Місіс Міф робіць кніксен і прапануе пасядзець у рызніцы[3]. Містэр Домбі лічыць за лепшае астацца ў царкве. Калі ён кідае позірк на арган, міс Токс хаваецца за пухлую нагу херувіма, які ўпрыгожвае помнік і які надзьмуў шчокі, як юны бог ветру. Капітан Катль, наадварот, устае і махае кручком у знак прывітання і заахвочання. Містэр Тутс, прыкрываючы рукою рот, гаворыць Пеўню, што джэнтльмен, што стаіць пасярэдзіне, той, што ў светлакарычневых штанах, бацька яго дамы сэрца. Певень хрыпла шэпча містэру Тутсу, што ён ніколі яшчэ не бачыў такога накрухмаленага хлапца, але што пры дапамозе навукі і аднаго ўдару, нанесенага ў жылет, ён можа сагнуць яго ўдвая.

Містэр Саундс і місіс Міф, стоячы непадалёку, пазіраюць на містэра Домбі, калі чуваць стук пад'язджаючага экіпажа, і містэр Саундс выходзіць, а місіс Міф, сустрэўшы позірк містэра Домбі, робіць кніксен і кажа яму, што, здаецца, прыехала яго «добрая лэдзі». Затым чуваць крокі і шэпт у дзвярах, і добрая лэдзі уваходзіць ганарлівым поступам.

Пакуты мінулай ночы не пакінулі на яе твары ніякага знаку; у ёй няма нічога ад той жанчыны, якая, стаўшы на калені, апусціла гарачую галаву на падушку дзяўчыны, якая спала.

Гэтая дзяўчына, ціхманая і цудоўная, знаходзіцца тут-жа, каля яе — вельмі рэзкі кантраст з ёй самой, пагардлівай і непакорлівай, а яна стаіць тут спакойная, статная, незразумелая, ззяючая і велічная, у росквіце прыгажосці і, аднак, у пагардзе і зневазе таго зачаравання, якое яна ўнушае.

Настае паўза, калі містэр Саундс ідзе нячутна ў рызніцу па папа і клерка. Тады місіс Ск'ютон звяртаецца да містэра Домбі, гаворачы больш выразна і ўцямліва, чым ёй уласціва, і ў той-жа час падыходзячы да Эдзіт.

— Дарагі мой Домбі, — гаворыць добрая матуля, — баюся, што мне ўсё-такі давядзецца расстацца з любай Фларэнс і згадзіцца, каб яна вярнулася дадому, як яна і думала. Пасля той страты, якая сёння мяне чакае, мой дарагі Домбі, я адчуваю, што ў мяне няхопіць бадзёрасці нават для яе.

— Ці не лепш ёй астацца з вамі? — супярэчыць жаніх.

— Не думаю, дарагі Домбі. Не, не думаю. Мне лепш пабыць адной. Да таго-ж мая любая Эдзіт будзе пасля звароту яе натуральнай і пастаяннай кіраўніцай, і, бадай, лепш мне не пасягаць на яе правы. Яна можа адчуць рэўнасць. Хіба не так, любая Эдзіт?

Кажучы гэтыя словы пяшчотная матуля сціскае руку дачкі — магчыма, настойліва жадаючы прыцягнуць яе ўвагу.

— Калі гаварыць сур'ёзна, мой дарагі Домбі, — прадаўжае яна, — я хачу пусціць нашу мілую дзяўчынку і не заражаць яе сваім смуткам. Мы толькі што ўладзілі гэту справу. Яна вельмі добра разумее, дарагі Домбі. Эдзіт, дарагая мая, яна вельмі добра разумее.

Зноў добрая маці сціскае руку дачкі. Містэр Домбі ўстрымліваецца ад пярэчанняў, бо з'яўляюцца свяшчэннік і клерк, а місіс Міф і містэр Саундс, бідль, паказваюць прысутным іх месцы перад алтаром.

— Хто аддае гэту жанчыну ў жонкі гэтаму мужчыну?

Стрыечны брат Фінікс. Ён прыехаў з Бадэн-Бадэна спецыяльна для гэтай мэты.

— Я аддаю гэтую жанчыну ў жонкі гэтаму мужчыну, — кажа Фінікс.

Спачатку стрыечны брат Фінікс, які меў намер ісці па простай лініі, але звярнуў убок па віне сваіх непаслушных ног, аддае ў жонкі гэтаму мужчыну зусім не тую жанчыну, якую патрэбна, а іменна — далёкую сваячку сям'і, падружку досыць знатнага паходжання, і маладзейшую за місіс Ск'ютон на дзесяць гадоў, але місіс Міф, высунуўшы свой завяўшы чапец, спрытна паварочвае яго і падкатвае, нібы на калёсцах, проста да «добрай лэдзі», якую стрыечны брат Фінікс і аддае за жонку «гэтаму мужчыну».

— І ці абяцаюць яны перад тварам неба?..

Так, гэта яны абяцаюць: містэр Домбі кажа, што ён абяцае. А што кажа Эдзіт? Яна таксама абяцае.

Такім чынам, яны даюць клятву з гэтага моманту ў шчасці і няшчасці, у багацці і беднасці, у хваробе і здароўі любіць і пеставаць адзін аднаго, пакуль смерць іх не разлучыць. Шлюб заключаны.

Цвёрдым, выразным почыркам маладая запісвае сваё імя ў кнігу, калі яны прыходзяць у рызніцу.

— Мала хто з лэдзі піша тут сваё імя так, як напісала гэта добрая лэдзі, — кажа місіс Міф, прысядаючы; глянуць у такую хвіліну на місіс Міф — гэта зчачыць убачыць, як нырае яе завяўшы чапец. Містэр Саундс, бідль, лічыць, што подпіс надзвычайны і варты таго, хто падпісаўся, аднак, ён захоўвае гэта пры сабе.

Фларэнс таксама падпісваецца, але не выклікае пахвальбы, бо рука ў яе дрыжыць. Распісваюцца ўсе; апошнім — стрыечны брат Фінікс, які змяшчае сваё благароднае імя не туды, куды трэба, і ўносіць сябе ў спіс нарадзіўшыхся гэтай самай раніцы.

Затым маёр вельмі галантна цалуе маладую і выконвае гэтае правіла ваеннай тактыкі ў адносінах да ўсіх лэдзі, не гледзячы на тое, што місіс Ск'ютон надзвычай жорсткая для пацалунку і прарэзліва пішчыць у царкве. Па яго прыкладу пайшоў стрыечны брат Фінікс і нават містэр Домбі. Нарэшце, містэр Каркер, пабліскваючы белымі зубамі, набліжаецца да Эдзіт з такім выглядам, нібы збіраецца яе ўкусіць, а не паспытаць слодычы яе вуснаў.

Румянец на ганарлівым твары і пылаючыя вочы, магчыма, павінны былі спыніць яго, але не спынілі, таму што ён цалуе яе, як і ўсе астатнія, і жадае ёй усялякага дабра.

— Калі пажаданні, — гаворыць ён ціха, — не з'яўляюцца залішнім пры такім саюзе.

— Дзякую вам, сэр, — адказвае яна, пагардліва скрывіўшы губы і цяжка дыхаючы.

— Я ганаруся, — кажа містэр Каркер, рабалепна схіляючы галаву, у той час як яго вочы і зубы выкрываюць фальш гэтага рабалепства, — я ганаруся тым, што маё пакорнае прынашэнне заслужыла дотыку рукі місіс Домбі і ганаровага месца ў гэты радасны дзень.

Хоць яна адказвае паклонам, але пры гэтым робіць мімалётны рух, нібы хоча скамячыць кветкі, што трымае ў руцэ, і кінуць іх з пагардай. Але яна бярэ пад руку свайго мужа, які стаіць каля яе, размаўляючы з маёрам, і зноў яна ганарыстая, спакойная і маўклівая.

Экіпажы зноў стаяць ля дзвярэй царквы. Містэр Домбі пад руку з жонкай ідзе наперад міма дваццаці вывадкаў маленькіх дзяўчынак, якія размясціліся на ступеньках, і кожная з іх запамінае да самых малых дэталяў фасон і колер яе плацця і пасля аднаўляе яго для сваёй лялькі, якая бясконца выходзіць замуж. Клеапатра і стрыечны брат Фінікс садзяцца ў той самы экіпаж. Маёр падсаджвае ў другі экіпаж Фларэнс і падружку, якую ледзь было не аддалі памылкова ў жонкі, і пасля садзіцца сам, а пасля яго садзіцца містэр Каркер. Коні гарцуюць і рвуцца ўперад; фурманы і лакеі францяць развяваючыміся лентамі, кветкамі і новымі ліўрэямі. (Яны ад'язджаюць і з грукатам імчацца па вуліцах; і калі яны праносяцца міма, тысячы галоў паварочваюцца, каб паглядзець ім услед, і тысячы разважлівых маралістаў, сумуючы, што сёння не іх уласнае вяселле, пацяшаюцца, разважаючы, як мала думаюць гэтыя людзі аб тым, што такое шчасце не можа прадаўжацца доўга.)

Калі настае цішыня, міс Токс з'яўляецца з-за нагі херувіма і павольна спускаецца з галярэі. Вочы ў міс Токс чырвоныя, а насавая хустачка мокрая. Міс Токс паранена, але не разгневана, і яна спадзяецца, што яны будуць шчаслівыя. Яна прызнаецца сама сабе, што маладая прыгожая, а яе ўласныя чароўнасці здаюцца ў параўнанні з ёю бледнымі і завяўшымі; але статная фігура містэра Домбі ў бэзавым жылеце і светлакарычневых штанах стаіць у яе перад вачыма, і міс Токс зноў плача пад сваёй вуаллю, варочаючыся дадому на пляц Прынцэсы. Капітан Катль набожна, хрыплым голасам агалашае ўсе аманы і адказы, адчувае, што рэлігійныя практыкаванні пайшлі яму на карысць, і ў супакойлівым настроі прахаджваецца па царкве з глянцавітым капелюшом у руцэ і чытае надпіс на таблічцы маленькага Поля. Галантны містэр Тутс, у суправаджэнні Пеўня, пакідае царкву, і яго жорстка мучыць каханне. Певень усё яшчэ не можа прыдумаць плана заваёвы Фларэнс, але першапачаткавая яго ідэя авалодала ім, і ён лічыць, што правільны крок у гэтым напрамку — прымусіць містэра Домбі сагнуцца ўдвая.

Але вось экіпажы пад'язджаюць да рэзідэнцыі маладой, і музыканты, якія цешаць слых званочкамі, пачынаюць трызвоніць, і грыміць аркестр. Народ валіць гурмой, і збіраецца натоўп зявак, у той час як містэр Домбі, ведучы за руку місіс Домбі, ўрачыста ўваходзіць у палацы Фініксаў. Астатнія госці выходзяць з экіпажаў і ідуць за імі.

Зноў чуваць віншаванні з гэтым найшчасліўшым днём, і прыбываюць новыя госці, хоць іх і мала; але вось яны пакідаюць гасціную і садзяцца за стол у панурай карычневай сталовай, якой ніводзін кандыцер не можа надаць вясёлага выгляду.

Аднак, повар вельмі добра справіўся са сваёй справай і сервіраваў надзвычайнае снеданне. Містэр і місіс Чык далучыліся да кампаніі ў ліку іншых гасцей. Місіс Чык у захапленні ад таго, што Эдзіт па натуры «сапраўдная Домбі», і яна гутарыць ветліва і канфідэнцыяльна з місіс Ск'ютон, з чыёй душы зваліўся цяжар, і яна п'е шампанскае. Вельмі рослы малады чалавек, які ад раніцы пакутваў ад узрушэння, адчувае сябе лепш; але ім авалодала няўяўнае раскаянне, ён ненавідзіць другога вельмі рослага маладога чалавека, гвалтоўна вырывае ў яго талеркі і адчувае панурую асалоду, робячы непрыемнасць гасцям. Госці спакойныя і бестурботныя і не зневажаюць празмерным ажыўленнем чорныя гербы партрэтаў, якія паглядаюць на іх са сцен. Стрыечны брат Фінікс і маёр — самыя вясёлыя ў гэтай кампаніі, але ў містэра Каркера знаходзяцца ўсмешкі для ўсіх, хто сядзіць за сталом. Ён пакідае асаблівую ўсмешку для маладой, якая рэдка, вельмі рэдка яе заўважае.

Калі снеданне скончана і слугі выходзяць з пакоя, стрыечны брат Фінікс устае; вельмі-ж маладжавы ў яго выгляд, калі белыя манжэты амаль цалкам закрываюць яму кісці рук (яны досыць кастлявыя), а шчокі разрумяніліся ад шампанскага.

— Клянусь сумленнем, — кажа стрыечны брат Фінікс, — хоць гэта і не прынята ў доме сумленнага джэнтльмена, аднак, я прашу ў вас дазволу абвясціць тое, што звычайна называецца э… уласна кажучы… тостам.

Маёр вельмі хрыплым голасам выказвае сваю згоду. Містэр Каркер, перагнуўшыся цераз стол да стрыечнага брата Фінікса, усміхаецца і ківае шмат разоў.

— Э… уласна кажучы, гэта не э… — Стрыечны брат Фінікс пасля такога ўступу безнадзейна змаўкае.

— Слухайце, слухайце! — кажа маёр унушальвым тонам.

Містэр Каркер паціху пляскае ў далоні і, зноў перагнуўшыся цераз стол, усміхаецца і ківае яшчэ больш энергічна, чым раней, нібы яго асабліва здзівіла гэта апошняя заўвага і ён хоча выказаць, якую карысць яна дала яму.

— Гэта такая падзея, — кажа стрыечны брат Фінікс, — калі, уласна кажучы, можна, не парушаючы прыстойнасці, крыху адступіць ад звычаяў штодзённага жыцця. І хоць я ніколі не быў прамоўцам, і калі я быў у Палаце абшчын і меў гонар падтрымліваць прапанову, я, уласна кажучы, захварэў на два тыдні, засмучаны няўдачай…

Маёр і містэр Каркер у такім захапленні ад гэтага біяграфічнага штрыха, што стрыечны брат Фінікс смяецца і, звяртаючыся непасрэдна да іх, прадаўжае:

— Уласна кажучы, тады я быў вельмі хворы… усё-такі, ведаеце, я адчуваю, што на мне ляжыць абавязак. А калі на англічаніну ляжыць абавязак, ён, мне здаецца, абавязан выканаць яго як мага лепш. Такім чынам, сёння наша сям'я мела прыемнасць злучыцца ў асобе маёй цудоўнай і беззаганнай сваячкі, уласна кажучы, якая тут прысутнічае…

Пасля гэтага чуваць апладысменты.

— Якая прысутнічае, — паўтарае стрыечны брат Фінікс, адчуваючы, што гэтыя прыгожыя словы заслугоўваюць быць паўторанымі, — з тым, хто… гэта значыць з чалавекам, на якога пагарда ніколі не можа… уласна кажучы, з маім паважаным сябрам Домбі, калі ён мне дазволіць называць яго так.

Стрыечны брат Фінікс кланяецца містэру Домбі, містэр Домбі ўрачыста адказвае паклонам; усе больш або менш задаволены і расчулены гэтым незвычайным і, магчыма, бясспрыкладным абыходжаннем.

— У мяне не было магчымасці, — прадаўжае стрыечны брат Фінікс, — якой-бы я хацеў, каб бліжэй пазнаёміцца з маім сябрам Домбі і вывучыць тыя якасці, якія робяць гонар як яго розуму, так, уласна кажучы, і сэрцу, бо я меў няшчасце быць, — як мы, бывала, гаварылі ў мой час у Палаце абшчын, калі не прынята было спасылацца на Палату лордаў і калі парадак парламенцкіх паседжанняў захоўваўся, магчыма, лепш, чым захоўваецца цяпер, — меў няшчасце быць, — прадаўжае стрыечны брат Фінікс, счакаўшы з зялікай хітрасцю, каб выпаліць пасля свой жарт, — уласна кажучы, зусім у іншым месцы!

Маёра апаноўваюць сударгі ад смеху, і ён ледзве апамятваецца.

— Але я дастаткова ведаю майго сябра Домбі, — прадаўжае стрыечны брат Фінікс больш сур'ёзным тонам, нібы ён раптам зрабіўся і саліднейшым і мудрэйшым, — каб ведаць, што, уласна кажучы, ён з'яўляецца тым, каго можна выразна назваць э… купцом… брытанскім купцом… і э… і чалавекам. І хоць я на працягу некалькіх гадоў жыў за граніцай (мне-б было вельмі прыемна прыняць майго сябра Домбі і ўсіх тут прысутных у Бадэн-Бадэне і, скарыстаўшы выпадак, прадставіць іх вялікаму герцагу), тым не менш — цешу сябе надзеяй — я дастаткова ведаю маю цудоўную і беззаганную сваячку, каб ведаць, што яна мае ўсе даныя, якія забяспечваюць шчасце мужа, і што яе шлюб з маім сябрам Домбі з'яўляецца шлюбам кахання і ўзаемнай прыхільнасці.

Шматлікія ўсмешкі і кіўкі містэра Каркера.

— Таму, — кажа стрыечны брат Фінікс, — я віншую сям'ю, членам якой з'яўляюся, з такім набыццём, як мой сябра Домбі. Я віншую майго сябра Домбі са шлюбам з маёй цудоўнай і беззаганнай сваячкай, якая мае ўсе даныя, якія забяспечваюць шчасце мужа, і бяру на сябе смеласць прапанаваць усім вам, уласна кажучы, павіншаваць з прычыны такой падзеі і сябра майго Домбі і маю цудоўную і беззаганную сваячку.

Прамова Фінікса сустрэта гучнымі апладысментамі, і містэр Домбі выказвае ўдзячнасць ад імя свайго і місіс Домбі. Неўзабаве пасля гэтага Дж. Б. прапануе выпіць за здароўе місіс Ск'ютон. Затым снеданне заканчваецца неяк вяла, і Эдзіт выходзіць, каб пераапрануцца ў дарожнае плацце.

Карэта ля дзвярэй; маладая спускаецца ў вестыбюль, дзе яе чакае містэр Домбі. Фларэнс, таксама гатовая да ад'езду, стаіць на лесвіцы, а міс Ніпер, якая займала прамежны пост паміж гасцінай і кухняй, збіраецца суправаджаць яе. Як толькі з'яўляецца Эдзіт, Фларэнс спяшаецца ёй насустрач, каб развітацца.

Няўжо Эдзіт холадна, і таму яна дрыжыць? Няўжо ў дакрананні Фларэнс ёсць штосьці дзіўнае або хваравітае, і таму гэта прыгожая жанчына адступаецца і курчыцца, нібы не можа вытрымаць гэтага дакранання? Няўжо патрэбна так спяшацца з ад'ездам, і таму Эдзіт, махнуўшы рукою, прабягае міма і ад'язджае?

Калі замірае стук колаў, місіс Ск'ютон, прыгнечаная мацярынскімі пачуццямі, апускаецца ў позе Клеапатры[4] на сваю софу і пралівае слёзы. Маёр, устаўшы з-за стала разам з астатнімі гасцямі, стараецца яе ўсцешыць, але яна і слухаць не хоча пра ўсцяшэнне, і маёр развітваецца і выходзіць. Развітваецца і выходзіць стрыечны брат Фінікс, і развітваецца містэр Каркер. Усе госці раз'язджаюцца. Астаўшыся адна, Клеапатра адчувае лёгкае галавакружэнне, выкліканае вялікім хваляваннем, і засынае.

Надыходзіць ноч. Фларэнс, паблукаўшы па пакоях вельмі добрага дома, ідзе ў сваю спальню, дзе, дзякуючы клопатам Эдзіт, яе акружаюць раскоша і ўтульнасць; зняўшы святочнае плацце, яна апранае простае траурнае, у памяць дарагога Поля, і садзіцца за кнігу, а каля яе Дыаген, расцягнуўшыся на падлозе, жмурыцца і міргае. Але сёння Фларэнс не можа чытаць. Дом здаецца дзіўным і новым, і ў ім гучна разлягаецца водгулле. На душы ў яе сумна: яна не ведае прычыны, але ёй цяжка. Фларэнс закрывае кнігу, а няўклюжы Дыаген, палічыўшы гэта за сігнал, кладзе лапы ёй на калені і трэцца вушамі аб яе рукі, якія гладзяць яго.

Маёр, які цэлы дзень задыхаўся і драмаў, позна паабедаў у сваім клубе, а цяпер сядзіць за пінтай віна і даводзіць ледзь не да вар'яцтва скромнага маладога чалавека з румяным тварам, які сядзіць за суседнім столікам (ён з радасцю заплаціў-бы вялікія грошы, каб толькі ўстаць і пайсці, але не можа гэтага зрабіць), — даводзіць ледзь не да шаленства расказамі пра Бегстока на вяселлі Домбі і пра вельмі арыстакратычнага сябра старога Джо, лорда Фінікса. У гэты час лорд Фінікс, якому трэба было быць у гатэлі Лонг і ляжаць у пасцелі, сядзіць за картачным сталом, куды яго прывялі, магчыма, насуперак яго жаданню, непаслухмяныя ногі.

Ноч, нібы велікан, займае ўсю царкву ад каменных пліт па самы дах і пануе тут у гадзіны маўчання. Бледны досвітак зноў заглядае цішком у вокны і, саступаючы месца дню, бачыць, як ноч ідзе ў скляпы, і ідзе за ёю, выганяе яе адтуль і хаваецца сярод мерцвякоў. Баязлівыя мышы зноў ціснуцца адна да другой, калі з грукатам адчыняюцца вялікія дзверы, і ўваходзяць містэр Саундс і місіс Міф, ідучы па кругу свайго штодзённага жыцця, непарушным, як шлюбны пярсцёнак. Зноў трохвуголка і завяўшы чапец відаць на заднім плане ў часе шлюбу; і зноў мужчына бярэ за жонку жанчыну, і жанчына бярэ за мужа мужчыну, даючы ўрачыстае абяцанне:

«Захоўваць і шанаваць ад гэтага часу, у шчасці і няшчасці, у багацці і беднасці, у хваробе і здароўі, любіць і песціць, пакуль смерць іх не разлучыць».

Гэтыя самыя словы паўтарае містэр Каркер, уязджаючы конна ў горад, і рот у яго расцягнены да вушэй, калі ён выбірае чысцейшую дарогу.

  1. Падушкі (у царкве) — іх падкладаюць пад калені, каб мякчэй было стаяць.
  2. Бясплатныя месцы — у англійскіх царквах (таксама, як у каталіцкіх і лютэранскіх) набажэнства слухаюць, седзячы на лаўках; лепшыя месцы — платныя; для бедных пакінуты бясплатныя месцы, значна горшыя.
  3. Рызніца — пакой у царкве, дзе захоўваюцца царкоўныя рэчы і адзенне папоў.
  4. У позе Клеапатры — г. зн. напоўлежачы; так звычайна малявалі гэту егіпецкую царыцу.